СВА́ТАННЕ, сватаўство, сваты,
даўні звычай наладжвання шлюбу ў многіх народаў свету, калі жаніх пасылае сваіх прадстаўнікоў (сватоў) да бацькоў нявесты прасіць яе сабе за жонку; адзін з этапаў падрыхтоўчага перыяду вяселля, у час якога бацькі і нявеста даюць згоду на шлюб. На Беларусі — рэгіянальная назва дружкі (Пружаншчына, Слонімшчына). У С. найчасцей ехалі бацька жаніха, яго старэйшы брат, дзядзька або хто-небудзь з блізкіх сваякоў, абавязкова жанатыя і не ўдаўцы. На ПдЗ Беларусі ў С. магла ўдзельнічаць і замужняя жанчына. Самога жаніха звычайна не бралі. Нярэдка за гал. свата запрашалі каго-небудзь са старонніх, хто добра ведаў рытуалы С. Звычайна сватаць ехалі ў аўторак, чацвер, суботу або напярэдадні якога-небудзь свята ўначы без папярэдняй дамоўленасці або пасля яе. У першым выпадку сваты частавання і падарункаў не бралі, у другім — бралі. Часта сваты прыходзілі нечакана ў будны дзень, каб паглядзець парадак у хаце, як выглядае і апранута нявеста ў час працы.
Перад ад’ездам у С. сватоў частавалі, благаслаўлялі, жадалі поспеху. Сваты не павінны былі адразу заходзіць у хату, а стукалі ў акно і прасілі пусціць іх нанач, выдаючы сябе за падарожных, паляўнічых, купцоў і г.д. Увайшоўшы ў хату, сваты не адразу гаварылі пра мэту прыходу, спыняліся перад першай бэлькай, не віталіся за руку, не ішлі адразу да стала, а калі іх запрашалі, садзіліся на лаву каля сцяны ад двара (паводле нар. прыкмет, садзіцца на лаву каля сцяны ад вуліцы азначала, што адзін з маладых аўдавее). У час С. гаварыліся спец. прымаўкі, прыказкі, намёкі, прыгаворы, іншасказанні, умоўныя формулы. У большасці формул захаваліся рэшткі паляўнічага, жывёлагадоўчага, земляробчага спосабаў жыцця продкаў, водгукі стараж звычаю куплі-продажу нявесты. У С. ездзілі нярэдка да трох разоў. Другі раз прыязджалі з жаніхом. Калі сваты заходзілі ў хату, нявеста хавалася. А калі яе запрашалі выйсці да сватоў, усяляк аднеквалася. Часам яна не хавалася, а дэманстравала перад сватамі сваю працавітасць. Сватоў частавалі (абавязкова былі сыр і яешня), потым сват і бацька нявесты паціскалі адзін аднаму рукі, папярэдне накрыўшы іх крысом.
У час С. бакі гаварылі пра падрыхтоўку да вяселля і тэрмін запоін. Пра пасаг дамаўляліся папярэдне. Перад ад’ездам сватоў маці нявесты давала ім загорнуты ў ручнік свой рытуальны хлеб, які, як і хлеб жаніха, называўся мінельнікам, і бутэльку з-пад гарэлкі, у якую насыпала жыта і абвязвала яе каляровым поясам. У выпадку адмовы ад шлюбу аднаго з бакоў апошні адсылаў мінельнік назад, а нявесце, акрамя таго, вярталі з бутэлькай жыта. У выпадку адмовы сяброўкі нявесты імкнуліся ўваткнуць у сані або воз сватоў дзяркач («галень»), Нярэдка з воза сватоў сяброўкі нявесты выбіралі сена і салому і пасыпалі імі сцежкі да сваіх хат, што павінна было азначаць хуткі прыезд да іх сватоў. Калі нявеста абвязвала сватоў ручнікамі, гэта з’яўлялася знакам згоды на шлюб. Пасля С. спраўлялі заручыны.
Літ.:
Вяселле: Абрад. Мн., 1978.
Л.А.Малаш.
т. 14, с. 247