ІРА́Н, Ісламская Рэспубліка Іран (Джамхурые Эсламіе Іран),

дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі. Да 1935 афіц. назва Персія. Мяжуе на Пн з Арменіяй, Азербайджанам, Туркменістанам, на У з Афганістанам і Пакістанам, на З з Іракам і Турцыяй. На Пн абмываецца водамі Каспійскага м., на Пд — Персідскага і Аманскага заліваў. Пл. 1648 тыс. км². Нас. 67 540 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — персідская (фарсі). Сталіца — г. Тэгеран. У складзе І. 25 астанаў (правінцый). Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (11 лют.).

Дзяржаўны лад. І. — ісламская рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1979 (са зменамі 1989), паводле якой вышэйшы аўтарытэт і ўладу ў краіне мае рэліг.-паліт. лідэр мусульм. абшчыны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (ён жа ўзначальвае выканаўчую ўладу), які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Мусульм. кансультатыўнаму сходу — меджлісу (270 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Функцыі кантролю за адпаведнасцю рашэнняў меджліса палажэнням ісламу і канстытуцыі і нагляд за правядзеннем рэферэндумаў, выбараў прэзідэнта і дэпутатаў меджліса ажыццяўляе Савет стражнікаў ісламскай рэвалюцыі з 12 членаў, з іх 6 назначае кіраўнік І. і 6 мусульм. правазнаўцаў выбірае меджліс на тэрмін 6 гадоў. Мясц. ўлада ў астанах належыць губернатарам, якіх назначае нац. ўрад, і саветам, што выбіраюцца насельніцтвам пэўнага астана.

Прырода. І. — краіна гор і высокіх нагор’яў (​4/5 тэрыторыі). Большую ч. займае Іранскае нагор’е, акаймаванае горнымі сістэмамі. На Пн — Туркмена-Харасанскія горы і Эльбурс (з найвыш. пунктам І. г. Дэмавенд, 5604 м), на З і Пд Курдыстанскія горы, Загрос і Мекран, на ПдУ і У — Усх.-Іранскія горы, на ПнЗ — Армянскае нагор’е. Унутр. ч. Іранскага нагор’я занята хр. Кухруд і замкнёнымі бяссцёкавымі ўпадзінамі (пустыні Дэштэ-Кевір, Дэштэ-Лут). Уздоўж Каспійскага м. паласой у 2—6 км распасціраецца Прыкаспійская нізіна. На ПдЗ — ч. Месапатамскай нізіны, на ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў — пустыня Гермсір, у бас. р. Атрэк — Гарганская раўніна. Часта бываюць землетрасенні. Нетры І. багатыя нафтай, прыродным газам, каменным вугалем. Ёсць жалезныя, марганцавыя, медныя, свінцова-цынкавыя, храмітавыя, нікелевыя і кобальтавыя руды, руды высакародных металаў. З няруднай сыравіны: сера, калійная, кухонная і глаўберава солі, азбест, карунд, графіт, тальк, слюда, барыты, каштоўныя камяні. Разнастайныя буд. матэрыялы: граніты, даламіты, вапнякі, мармур, туфы. Радовішчы нафты і газу пашыраны ў межах Персідскага заліва нафтагазаноснага басейна, асобныя радовішчы ў Цэнтральнаіранскім і Паўд.-Каспійскім басейнах. Разведаныя запасы нафты 12,8 млрд. т, найб. радовішчы: Агаджары, Гечсаран, Марун, Бібі-Хекіме, Ахваз. Запасы прыроднага газу каля 20 трыльёнаў м³ (2—е месца ў свеце пасля Расіі), найб. радовішчы Кенган, Пазенан, Парс, Керманскі і Эльбурскі каменнавугальныя басейны. Клімат на большай частцы тэр. І. субтрапічны, сухі, на ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў трапічны, гарачы. Сярэдняя т-ра студз. ад -2 °C на Пн да 19 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 °C і 32 °C. Ападкаў ад 30 мм да 500 мм за год (пераважна зімой і вясной), на паўн. схілах Эльбурса да 2000 мм. Рэкі малаводныя, большасць іх адносіцца да ўнутр. басейнаў, многія летам перасыхаюць. Гал. рэкі: Аракс, Кызылузен, Шат-эль-Араб з прытокам Карун, Атрэк, Гарган. Шмат азёр, пераважна бяссцёкавых і салёных — Урмія, Дэр’ячэе-Немек, Хамун і інш. Агульная асаблівасць глеб — камяністасць і павышаная засоленасць. Ва ўнутр. раёнах і катлавінах шэразёмы і саланчакі, на схілах Эльбурса жаўтазёмы і чырваназёмы, па рачных далінах алювіяльныя глебы. Расліннасць разнастайная, больш за 600 відаў, пераважае пустынная, паўпустынная і сухастэпавая. Пад лесам каля 7% тэрыторыі, у асноўным на схілах Эльбурса (дуб, бук, граб, самшыт, грэцкі арэх). На ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў расліннасць трапічная (мімозы, аравійская акацыя, какосавая пальма, у аазісах — фінікавая пальма). Багаты жывёльны свет. З капытных — архар, антылопа-джэйран, казуля, газель, з драпежнікаў — тыгр, гепард, леапард, гіена, воўк. Шмат грызуноў, паўзуноў. Нац. паркі: Кевір, Гулістан, Урмія, Цэнтральнаэльбурскі і інш.; буйны заказнік Туран.

Насельніцтва. 50% насельніцтва складаюць персы; каля 20% азербайджанцаў, 10% лураў, 8% курдаў, па 2% арабаў і туркменаў; ёсць белуджы, армяне, яўрэі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-шыіты (90%); ёсць мусульмане-суніты (8,4%), хрысціяне (0,6%), іудзеі (0,2%) і інш. Сярэднегадавы прырост каля 3,3%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 41 чал. на 1 км². Каля 2/3 размешчана на ПнЗ і Пн, дзе найб. спрыяльныя кліматычныя ўмовы для сельскай гаспадаркі. Гар. насельніцтва 60%. Найб. гарады (тыс. ж.): Тэгеран — 6836, Мешхед — 2016, Ісфахан — 1924 (1997), Тэбрыз — 1089, Шыраз — 965,1, Ахваз — 724,7, Бахтаран — 624,1 (1991). У прам-сці заняты 21%, у сельскай гаспадарцы — 33% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя Паводле археал. звестак, тэр. І. заселена чалавекам з канца ніжняга палеаліту. У 3-м тыс. да н.э. тут існавала стараж. дзяржава Элам, якая ў 13—12 ст. да н.э. дасягнула найб. росквіту і распасціралася ад р. Еўфрат да Цэнтр. І. У 9—8 ст. да н.э. асобныя раёны І. далучаны да Асірыі. Каля 673—672 да н.э. ў выніку антыасірыйскага паўстання на Іранскім нагор’і ўзнікла дзяржава Мідыя, якая ў 616—605 да н.э. ў кааліцыі з Вавілоніяй разграміла Асірыйскую дзяржаву. Пасля вайны 553—550 да н.э. Мідыі з падпарадкаваным ёй царствам Персіда ўлада ў краіне перайшла да дынастыі Ахеменідаў. Назву Персіда (Перса, Парс, сучасны Фарс) стараж. грэкі, а пазней і інш. еўрап. народы перанеслі на ўсю краіну і сталі называць яе Персіяй. Заснавальнік дынастыі Ахеменідаў Кір II заваяваў М. Азію, Вавілонію, Сірыю і Палесціну, пазней — Егіпет. Пры Дарыю I [522—486 да н.э.] перс. дзяржава рэарганізавана (удасканалены адм.-тэр. падзел, распрацаваны заканад. кодэкс, вялося буд-ва дарог, чаканілася залатая манета), пашыраны яе межы. Барацьба за панаванне на гандл. шляхах паміж Захадам і Усходам уцягнула Ахеменідаў у працяглыя войны з Грэцыяй (гл. Грэка-персідскія войны). У 330 да н.э. гэтую дзяржаву заваяваў Аляксандр Македонскі. Пасля 312 да н.э. тэр. І. ўвайшла ў склад эліністычнай дзяржавы Селеўка I (гл. Селеўкіды), у сярэдзіне 2 ст. да н.э. — Парфянскага царства. У 224 н.э. правіцель залежнай ад Парфіі Персіды Ардашыр I разбіў войскі апошняга парфянскага цара Артабана V і стварыў Сасанідскую дзяржаву (гл. Сасаніды). Пры Сасанідах праведзены адм., падатковая і ваен. рэформы, будаваліся гарады, развіваўся гандаль; імкнучыся да ідэалаг. еднасці, яны апіраліся на дзярж. рэлігію зараастрызм. Узмоцненая Сасанідская дзяржава заваявала Паўд. Аравію, Сірыю, Палесціну і Егіпет, пагражала існаванню Візантыі. Працяглыя войны і феад. міжусобіцы аслабілі краіну. У 7 ст. яе заваявалі арабы (гл. Арабскія заваяванні) і ўключылі ў склад Араб. халіфата. Да канца 10 ст. іслам стаў рэлігіяй б. ч. насельніцтва І., араб. мова надоўга стала дзярж. і літ. мовай. Нар. рух супраць араб. панавання (у форме рэліг. рухаў пераважна шыіцкай арыентацыі, гл. Шыізм), узмацненне працэсу феадалізацыі і сепаратызм мясц. феадалаў аслабілі ўладу арабаў. Гэта прывяло да стварэння на тэр. І. ў 9—10 ст. спадчынных намесніцтваў (эміратаў), якія толькі намінальна залежалі ад Араб. халіфата: Тахірыдаў дзяржава ў Харасане (821—873), Сафарыдаў у Сістане (з 861), потым у Харасане (873—900) і інш. У 900 Харасан і ўсх. І. увайшлі ў склад дзяржавы Саманідаў (да 999); у зах. І. і Іраку склалася Буідаў дзяржава (935—1055). Пасля распаду дзяржавы Саманідаў усх. І. разам з ч. Сярэдняй Азіі і тэр. сучаснага Афганістана ўвайшоў у склад дзяржавы Газневідаў. З 11 ст. пачаліся ўварванні на тэр. І. цюркаў-агузаў, якія заваявалі ўвесь І., сумежныя з ім краіны і стварылі Сельджукскую дзяржаву. У пач. 12 ст. яна распалася на шэраг султанатаў, унутры іх склаліся княствы моцных васалаў. Барацьба паміж асобнымі дынастыямі прывяла да заняпаду гандлю, рамяства і земляробства. Аслабленая краіна ў 13 ст. заваявана манголамі, паміж 1380—93 — войскамі Цімура. Нашчадкі Цімура вялі паміж сабой няспынныя войны. У канцы 14 — пач. 15 ст. рост буйнога землеўладання разам з аслабленнем эканам. сувязей паміж асобнымі правінцыямі паглыбілі феад. раздробленасць краіны. Новы ўздым І. звязаны з панаваннем дынастыі Сефевідаў (1502—1736), калі ўмацавалася цэнтр. ўлада, наладжаны дыпламат. кантакты з еўрап. краінамі. Найб. магутнасці дзяржава дасягнула пры шаху Абасе I (1587—1629], які стварыў рэгулярную армію, знізіў падаткі, наладзіў гандл. адносіны з інш. краінамі; дзякуючы буд-ву дарог і каналаў развівалася яе эканоміка. З прычыны абвастрэння барацьбы за ўладу паміж феад. групоўкамі, духавенствам і свецкімі феадаламі ў 2-й пал. 17 ст. пачаўся паліт. і эканам. спад. Пад націскам афганцаў-гільзаяў (1722) дзяржава Сефевідаў распалася. У 1723 у паўн.-зах. і цэнтр. раёны краіны ўварваліся туркі. Антыафг. барацьбу (1726—30) і выгнанне туркаў (1730—36) узначаліў Надзір-хан Афшар (гл. Надзір-шах). У выніку шматлікіх ваен. паходаў ён стварыў велізарную феад. імперыю, якая распалася пасля яго забойства (1747). Анархія і феад. ўсобіцы зноў прывялі краіну да паліт. і эканам. заняпаду. У канцы 18 ст. да ўлады прыйшла Каджарская дынастыя (1796—1925). З гэтага часу І. — аб’ект эканам. экспансіі еўрап. краін, пераважна Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. У выніку англ. і франц. калан. палітыкі, Руска-іранскіх войнаў 19 ст. былі падпісаны нераўнапраўныя дагаворы, якія ператварылі І. у рынак збыту прамысл. тавараў еўрап. краін. Абвастрэнне сац. супярэчнасцей, рост незадаволенасці нар. мас выліліся ў Бабідскія паўстанні 1848—52, а пазней у антыфеад. і антыкалан. Іранскую рэвалюцыю 1905—11, у ходзе якой абвешчана канстытуцыя, скліканы меджліс (парламент), праведзены інш. дэмакр. пераўтварэнні. Баючыся росту рэв. настрояў, Вялікабрытанія і Расія заключылі пагадненне (1907) і падзялілі І. на брыт. і рас. сферы ўплываў. У канцы 1911 рэвалюцыя задушана аб’яднанымі англа-рас. войскамі і кансерватыўнымі ўнутр. сіламі. У 1-ю сусв. вайну тэр. І., нягледзячы на абвешчаны ёй нейтралітэт, ператварылася ў арэну ваен. дзеянняў паміж ваюючымі дзяржавамі: паўн. раёны занялі рас. войскі, паўд. — англійскія. У 1919 прабрытанскі ўрад Васуг эд-Доўле заключыў пагадненне з Вялікабрытаніяй, якое фактычна ператварыла І. у брыт. пратэктарат. У 1919—22 антыбрыт. настроі і нац.-вызв. рух узмацніліся, асабліва ў паўн. і паўн.-ўсх. правінцыях (Іранскі Азербайджан, Харасан), дзе пад кіраўніцтвам камуністаў (у 1920 засн. Іранская камуніст. партыя) пачаліся ўзбр. паўстанні; у Гіляне абвешчана сав. рэспубліка. У лют. 1921 адбыўся дзярж. пераварот. Новы ўрад ануляваў англа-іранскае пагадненне 1919 і заключыў дагавор з Сав. Расіяй (сав. ўрад адмовіўся ад усіх прывілеяў, атрыманых царскім урадам, і ануляваў іранскія даўгі, але захаваў права ўвесці свае войскі на тэр. І. пры пэўных абставінах). У кастр. 1925 меджліс абвясціў, што Каджарская дынастыя скінута. Шахам І. пад імем Рэза-шах стаў заснавальнік дынастыі Пехлеві Рэза-хан. Ён ажыццявіў шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю дзяржавы, узмацненне цэнтр. улады і кансалідацыю грамадства. Адначасова жорстка падаўляліся вызв. рух і сепаратысцкія імкненні нац. меншасцей, праводзіліся тэрор і рэпрэсіі ў дачыненні да дэмакр. апазіцыі. У знешняй палітыцы Рэза-шах займаў антысав. пазіцыі, адначасова імкнуўся да вызвалення І. з-пад брыт. ўплыву. З гэтай мэтай было наладжана паліт. і эканам. супрацоўніцтва з фаш. Германіяй, чые пазіцыі ў І. ў 2-й пал. 1930-х г. значна ўзмацніліся. З пач. 2-й сусв. вайны ў краіне пашырылася дзейнасць ням. агентуры. Пасля нападу фаш. Германіі на СССР сав. ўрад, спасылаючыся на дагавор 1921, увёў у паўн. правінцыі І. свае войскі, адначасова на падставе дэкларацыі ўрадаў СССР і Вялікабрытаніі ў паўд. правінцыі ўведзены брыт. (з 1942 і амер.) войскі. Тут была таксама Андэрса армія. У вер. 1941 Рэза-шах адрокся ад прастола на карысць свайго сына Махамеда Рэза Пехлеві. У вер. 1943 І. аб’явіў вайну фаш. Германіі. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 у дэкларацыі, прынятай кіраўнікамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, даваліся гарантыі цэласнасці, незалежнасці і суверэннасці І., а таксама эканам. дапамогі. У гады вайны ў краіне павялічылася актыўнасць левых сіл, асабліва на тэр., занятай сав. войскамі (у 1941 засн. Нар. партыя І.), у 1945—46 у Іранскім Азербайджане і Курдыстане ўтвораны аўт. рэспублікі, ліквідаваныя пасля вываду адтуль сав. войск.

Ў 1949—51 у І. разгарнуўся масавы рух за нацыяналізацыю прадпрыемстваў англа-іранскай нафтавай кампаніі, які ўзначаліў Нац. фронт на чале з М.Масадыкам. У сак. 1951 меджліс прыняў закон аб нацыяналізацыі нафтавай прам-сці, быў сфарміраваны ўрад на чале з Масадыкам. Ў выніку дзярж. перавароту Масадык зняволены, у жн. 1953 прэм’ер-міністрам стаў ген. Ф.​Захедзі. У І. значна ўзмацніўся ўплыў ЗША. У 1954 І. падпісаў пагадненне з Міжнар. нафтавым кансорцыумам аб перадачы яму ў эксплуатацыю паўд.-іранскай нафты, у 1955 І. уступіў у Багдадскі пакт (гл. Арганізацыя цэнтральнага дагавора). У выніку антыўрадавых выступленняў у пач. 1960-х г. у І. ажыццёўлены шэраг сац.-эканам. рэформ (т. зв. «белая рэвалюцыя»), якія мелі на мэце паскарэнне развіцця краіны на зах. ўзор, створана Партыя Новага І., што падтрымлівала праграму рэформ. Палепшыліся адносіны з СССР: у 1963 і 1966 падпісаны сав.-іранскія пагадненні аб эканам. і тэхн., у жн. 1966 і культ. супрацоўніцтве. У час ізраільска-араб. вайны 1967 І. падтрымаў араб. краіны. Нягледзячы на фармальны ўдзел у ваен. блоку СЕНТО і ваен. пагадненне 1959 з ЗША, І. імкнуўся праводзіць незалежную ўнутр. (закон 1973 аб поўнай нацыяналізацыі нафтавай прам-сці) і знешнюю (супрацоўніцтва з сацыяліст. краінамі) палітыку. У 1970-я г. ў грамадстве ўзмацнілася незадаволенасць палітыкай шаха, яго метадамі кіравання і ажыццяўлення рэформ. У апазіцыю ўключыліся і кансерватыўнае мусульм. духавенства (лічыла рэформы ў грамадстве занадта радыкальнымі), і прадстаўнікі левадэмакр. руху (выступалі супраць дэспатычнага праўлення). У 1975 у І. забаронена дзейнасць усіх паліт. партый, створана адзіная Партыя нац. адраджэння І.; узмацніліся рэпрэсіі супраць апазіцыі (дзейнасць тайнай паліцыі САВАК). У 1976—78 актыўнасць апазіцыі пабольшала, у барацьбу ўключыліся прадстаўнікі практычна ўсіх слаёў грамадства, а ў выніку Іранскай рэвалюцыі 1987—79 Іранскай рэвалюцыі 1978—79 шахскі рэжым скінуты. 1.4.1979 абвешчана Ісламская Рэспубліка І., у снеж. 1979 прынята новая канстытуцыя, паводле якой паліт. і духоўным кіраўніком краіны стаў лідэр мусульм. апазіцыі аятала Р.​Хамейні. У студз. 1980 абраны першы ў гісторыі І. прэзідэнт — А.​Бані-Садр, адбыліся выбары ў меджліс. Значныя эканам. і чалавечыя страты краіне нанесла ірана-іракская вайна 1980—88. У чэрв. 1981 меджліс пазбавіў Бані-Садра ўлады, на пасаду прэзідэнта выбраны мусульм. тэолаг С.​А.​Хаменеі, што засведчыла рэліг.-паліт. адзінства судовай, заканадаўчай і выканаўчай улады. Пасля смерці аяталы Хамейні (1989) Хаменеі выбраны рэліг.-паліт. кіраўніком краіны. У 1990 падпісаны мірны дагавор і ўстаноўлены дыпламат. адносіны з Іракам. Урад І. асудзіў уварванне Ірака ў Кувейт, але пратэставаў супраць ваен. інтэрвенцыі зах. дзяржаў і блакады Ірака. У час вайны ў Персідскім зал. 1990—91 І. захаваў нейтралітэт. Пасля капітуляцыі Ірака ён прыняў тысячы бежанцаў — курдаў і іракскіх шыітаў. Паступова І. выходзіць з паліт. ізаляцыі, наладжвае кантакты з краінамі Захаду і ЗША, а таксама араб. краінамі. На выбарах 1997 прэзідэнтам краіны выбраны М.​Хатамі. І. — чл. ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў сак. 1993.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Паводле канстытуцыі і закону 1981 дзейнасць паліт. партый і неісламскіх арг-цый забаронена. У краіне дзейнічаюць Нац. дэмакр. фронт, праварадыкальная Паніранская партыя, Дэмакр. партыя Іранскага Курдыстана; камуніст. Нар. партыя І. на нелегальным становішчы і дзейнічае пераважна ў эміграцыі. З 1989 пачаўся працэс легалізацыі паліт. партый. Прафсаюзы распушчаны ў 1963.

Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. краіна. З пераходам краіны на рыначны шлях развіцця адноўлены разбураныя вайною з Іракам (у 1980-я г.) раёны, буйныя інвестыцыі ўкладзены ў электраэнергетыку, нафтавую і газавую прам-сць, створана сучасная інфраструктура (дарогі, парты, сродкі сувязі). Аб’ём валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у 1996 склаў 356,7 млрд. дол. ЗША. Доля прам-сці ў ВУП 36%, сельскай гаспадаркі 20%. Вядучая галіна прамысловасці — здабыўная, якая дае асн. прыбытак ад экспарту (87% нафтавая) і забяспечвае нац. гаспадарку сыравінай. Здабыча нафты ў 1995 склала 188 млн. т (4-е месца ў свеце). Перапрацоўка на буйных з-дах у Тэгеране, Ісфахане, Шыразе, Тэбрызе, Абадане. Здабыча спадарожнага і прыроднага газу 25 млрд. м³ (1994). Здабываюць вугаль, храміты, свінцова-цынкавыя, медныя, марганцавыя і жал. руды. На базе нафты развіваецца нафтахім. прам-сць. Вытв-сць аміяку, азотнай к-ты, мачавіны ў Шыразе, Абадане, на в-ве Харк. Магутнасць электрастанцый каля 19 млн. кВт (1996), пераважаюць ЦЭС. Вытв-сць электраэнергіі 79 млрд. кВт. гадз. Пры дапамозе Расіі ў раёне г. Бушыр будуецца АЭС, пры садзейнічанні фірм Японіі і ЗША — гідратэхн. комплекс на р. Карун. З галін цяжкай прам-сці вылучаюцца чорная і каляровая металургія. Вытв-сць сталі ў 1994—4,9 млн. т (Ісфахан, Ахваз), вогнетрывалых матэрыялаў (Эмінабад), медзі (Серчэшме), свінцу і цынку (Зенджан), свінцу (Бафк), алюмінію (Эрак). Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены зборачнымі і ваен. з-дамі (Керэдж, Тэбрыз, Тэгеран). Развіваецца эл.-тэхн. прам-сць (вытв-сць радыёпрыёмнікаў, тэлевізараў, калькулятараў). Прадпрыемствы па вытв-сці цэменту (17,6 млн. т, 1995) у Шыразе, Мешхедзе, Тэгеране, Дарудзе. Развіта тэкст. (баваўняная, суконная, джутавая), абутковая і трыкат. прам-сць, пераважна ў Тэгеранскім, Ісфаханскім і Мазендэранскім астанах. Харч. прам-сць прадстаўлена цукр. (1 млн. т, 1994), алейнай, мукамольнай, рысаачышчальнай, кансервавай, чайнай, тытунёвай галінамі. Ёсць прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці па вытв-сці паперы, кардону, мэблі. Развіта саматужная вытв-сць дываноў, метызаў. Менш развіта сельская гаспадарка. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 10% тэр. краіны. Вядучая галіна — раслінаводства, развіццё якой стрымлівае недахоп арашальных зямель (пл. 4,2 млн. га). Аснова раслінаводства — збожжавыя культуры, пл. пасеваў 9,5 млн. га (1995). Збор (млн. т, 1995) пшаніцы — 11,2, ячменю — 3,1, рысу — 2,3. Значныя пасевы бабовых (фасоля, гарох, сачавіца). Вырошчваюць і тэхн. культуры (пл. каля 500 тыс. га): цукр. буракі, сою, бавоўнік, кенаф, тытунь, чай, кунжут, клешчавіну, опіумны мак. Збор (тыс. т., 1995): цукр. буракоў — 5900, соі — 934, бавоўны — 198, чаю — 56. Развіта агародніцтва. Спецыялізуецца І. на вырошчванні яблыкаў (4% сусв. вытв-сці, 1995), груш (1,6%), сліў (1,9%), вінаграду (3,6%), цытрусавых, персікаў, абрыкосаў, інжыру, фісташак, гранатаў, хурмы. Бахчаводства. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, пашавая. Гадуюць (млн. галоў, 1996) авечак — 51,5, коз — 25,8, буйн. раг. жывёлу — 8,5, коней — 0,3, свіней, аслоў, вярблюдаў, птушку. Развіта шаўкаводства і рыбалоўства (388,3 тыс. т, 1995). Вытв-сць зярністай і паюснай ікры. Транспарт. Даўж. аўтадарог каля 140 тыс. км, у т. л. асфальтаваных 42,7 тыс. км (1996). Аўтамаб. транспартам перавозіцца каля 80% грузаў унутры краіны. Аўтапарк каля 1,6 млн. машын (1996). Даўж. чыгунак 6,4 тыс. км. Марскі транспарт перавозіць каля 50% імпарту краіны. Танаж марскога флоту каля 9 млн. т дэдвейт. Гал. парты ў Персідскім зал. — Харк і Бендэр-Махшэхр (вываз нафты), Абадан, Харэмшэхр, Бендэр-Хамейні, Бушыр (каля 90% знешнегандл. грузаў), у Каспійскім м. — Энзелі і Наўшэхр. Суднаходства па воз. Урмія і р. Карун. У краіне 3,9 тыс. км прадуктаправодаў, 5,9 тыс. км нафтаправодаў, 4,55 тыс. км газаправодаў. 26 аэрапортаў. Экспарт (1997, 22 млрд. дол. ЗША): нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, дываны, бавоўна, тканіны, сухафрукты, руды каляровых металаў, ікра. Імпарт (1997, 15 млрд. дол. ЗША): машыны і абсталяванне, хім. прадукцыя, медыкаменты, харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры: Германія, Японія, Італія, Аб’яднаныя Араб. Эміраты, Паўд. Карэя і інш. Гандл. абарот Рэспублікі Беларусь з І. у 1996 склаў 17,5 млн. дол. ЗША. Грашовая адзінка — рыял.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС), ваенізаваныя фарміраванні — корпус «стражнікаў ісламскай рэвалюцыі» (КСІР) і жандармерыю. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 518 тыс., жандармерыі 50 тыс. чал. Камплектуюцца па прызыве. У сухап. войсках больш за 300 тыс. чал., на ўзбраенні 1470 танкаў, 1995 гармат, каля 6,5 тыс. мінамётаў, больш за 800 процітанк. і 2 тыс, зенітных сродкаў, больш за 300 верталётаў і 77 самалётаў армейскай авіяцыі, інш. зброя і тэхніка. У ВПС 30 тыс. чал. асабовага складу (у т. л. 12 тыс. у ППА), 297 баявых самалётаў. У ВМС 18 тыс. чал., 3 падводныя лодкі, 21 баявы карабель, 20 ракетных і 26 патрульных катэраў, 9 баявых верталётаў марской авіяцыі. У сухап. войсках КСІР больш за 350 тыс. чал., каля 1 тыс. танкаў, больш за 600 гармат палявой артылерыі, больш за 2 тыс. мінамётаў і інш.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 66,5, жанчын 69,2 года. Смяротнасць 6 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 650 чал., урачамі — 1 на 1600 чал. Узровень нараджальнасці 33 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 2,6%. Дзіцячая смяротнасць 51 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—5 гадоў, 12-гадовую агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. Агульнаадук. школа мае 3 ступені (пач, няпоўная і поўная сярэднія). Пач. школа з 6—10-гадовага ўзросту. Пасля 5 гадоў навучання вучні здаюць экзамен і могуць прадоўжыць навучанне ў 3-гадовай няпоўнай -сярэдняй (арыентацыйнай) школе. Поўная сярэдняя школа (макс. ўзрост для паступлення 24 гады) уключае 9—12 кл., апошні — падрыхтоўчы ў ВНУ. Навучанне ў ёй вядзецца на 2 аддзяленнях (гуманіт. і прыродазнаўчанавуковым). Перс. мова і л-ра, замежная мова, рэлігія — агульныя прадметы на абодвух аддзяленнях. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 1-2-гадовыя пач. прафес. школы (на базе агульнаадук. пач. школы), 2- і 4-гадовыя прафес.-тэхн. і спец. вучылішчы (на базе няпоўнай сярэдняй школы). У 1996/97 навуч. г. ў краіне 79 ун-таў і каледжаў (каля 300 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ВНУ: Тэгеранскі ун-т (з 1934), Тэхнал. і інж. ун-т (з 1928), Іранскі нац. ун-т (з 1959) у Тэгеране, Ісфаханскі ун-т (з 1950), Тэхнал. ін-т (з 1939) у Абадане і інш. Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1935) у Тэгеране, Б-ка мячэці імама Разы ў Мешхедзе, б-кі ун-таў. Музеі: Галестанскі палац (з 1894), Археал. (з 1936) і Этнагр. (з 1938) музеі ў Тэгеране, музей «Парс» (з 1938) у Шыразе. Навук. даследаванні праводзяць спец. цэнтры (Доследны цэнтр іранскай культуры, Нац. цэнтр гісторыі мастацтва і археалогіі і інш.), а таксама цэнтры галіновых мін-ваў, Іранскай нац. нафтавай кампаніі, ун-ты і ін-ты. Вядучае месца сярод н.-д. устаноў І. займаюць цэнтры і ін-ты Тэгеранскага ун-та. Каардынуе н.-д. работу Навукова-даследчы к-т (з 1967; уваходзіць у склад мін-ва навукі і вышэйшай адукацыі).

Друк, радыё, тэлебачанне. Прэса пераважна кантралюецца дзяржавай. Сярод буйных выданняў газ. «Абрар» (на перс. мове) і «Tehran Times» («Тэгеранскі час», з 1979, на англ. мове). Найб. тыраж маюць штодзённыя тэгеранскія вячэрнія газ. «Этэлаат» («Паведамленні», з 1925, на перс. мове) і «Кейхан» («Сусвет», з 1942, на перс. мове, з 1980 і на араб., з 1984 і на тур. мовах). Інфарм. агенцтва Ісламік Рыпаблік Ньюс Эйджэнсі (засн. ў 1936 у Тэгеране як ПАРС, з 1982 ІРНА). Радыё і тэлебачанне падпарадкаваны ўрадавай структуры Ісламік Рыпаблік оф Іран бродкастынг. Радыё па 1, 2 і 3-й (перадачы на Еўропу, Азію, Афрыку і частку ЗША) агульнанац. праграмах. Перадачы для замежжа трансліруюцца на англ., франц., тур., ням., ісп., араб., урду, пушту, арм., рус., курдскай мовах. 2 агульнанац. тэлепраграмы, 28 мясц. тэлевізійных станцый.

Літаратура. Найб. стараж. помнікі пісьменнасці І. — клінапісныя надпісы (6 ст. да н.э.) на стараж.-перс. мове (пехлеві). Стараж. л-ра І. прадстаўлена адзіным помнікам — свяшчэннай кн. «Авеста». Рэліг.-навучальныя, рэліг.гіст. творы і паэзія на пехлеві развіваліся ў 2—7 ст. н.э. Пасля заваявання арабамі (7 ст.) літ. творы ў І. ствараліся пераважна на араб. мове. Л-ра ранняга сярэдневякоўя шматмоўная і шматжанравая. Арабамоўныя паэты 6—9 ст. аль-Хураймі, Башар ібн Бурд, Абу Нувас (іранцы па паходжанні) у паэт. формах рубаі, газелі, касыда, маснаві развівалі тэмы любові да радзімы, гуманіст. ідэі. На тэр. пражывання ўсх. іранцаў і таджыкаў зарадзілася л-ра на мове фарсі (перс.-тадж. л-ра), якая расквітнела ў 10 ст. (паэты А.​А.​Дж.Рудакі, А.Фірдаўсі). З 2-й пал. 10 ст. мова фарсі стала мовай л-ры і на Захадзе [ібн Сіна (Авіцэна), А.​Ш.​Балхі і інш.]. Як рэакцыя на ўціск дзярж. улады пачала развівацца містычна-філас. л-ра (Г.Умар Хаям і А.​М.​Насір Хасроў). Панегірычнай паэзіі процістаяў рамантычны эпас Нізамі Ганджэві. У 13—15 ст. развівалася філас.-містычная, т. зв. суфійская паэзія (Дж.​Румі), аформілася гуманіст. плынь (сатырык У.​Закані, паэты Саадзі і Хафіз), творчасць апошняга класіка паэта-містыка А.​Джамі. 16 — сярэдзіна 18 ст. — перыяд заняпаду перс. л-ры, працэс адасаблення тадж. л-ры; цюркамоўныя народы пачалі ствараць л-ру на роднай мове. У гэты час найб. шырока бытавалі жанры, якія апіраліся на фалькл. традыцыі (дастан), з’явіліся першыя запісы трагічных містэрый — тазіе з рэліг. сюжэтам. У 18 ст. створана літ. аб’яднанне «Вяртанне» (паэты Шуле, І.​Маштаг і інш.), члены якога імкнуліся адрадзіць стыль ранніх перс. класікаў (паэты Х.​Каані, Вісаль, М.​А.​Саруш Ісфахані). У 19 ст. сярод паэтаў найб. вядомыя аўтар сатыры «Сардар-намэ» М.​А.​Ягма Джандагі, М.​Саба; з’явіўся жанр мемуараў і падарожных нататкаў, нарадзіўся новы кірунак — асветніцтва (п’есы Мальком-хана, маст. творы Зейн-оль-Абедзіна Мерагеі і інш.). У творчасці паэтэсы Жале загучаў голас пратэсту супраць прыгнёту жанчыны на Усходзе. Падзеі пач. 20 ст. (рэвалюцыя 1905—11, нац.-вызв. рух 1918—21) адлюстраваліся ў паэзіі А.​Казвіні, М.​Т.​Бехара, прозе Ф.​Іездзі, гіст. аповесцях С.​Кермані, М.​Б.​Хасраві. Дамінуючы раней гіст. раман (Дж.​Фазел, А.​Халілі) у сярэдзіне 20 ст. саступіў месца традыц. раману (С.​Хедаят, Дж. аль-Ахмат і інш.) і навеле (С.М.​А.​Джамалзадэ). У паэзіі вылучыліся 2 плыні: паэзія класічных форм (Парвін Этэсамі) і новая, т. зв. бунтарская паэзія, якая адвяргала формы і сутнасць класічнай паэзіі (Німа Юшыдж, што ўвёў новыя тэмы і формы, М.​Х.​Шахрыяр, Сае). Сярод сучасных празаікаў найб. вядомыя аль-Ахмат, М.​Даўлатбадзі, А.​М.​Афгані, Дж.​Мір Садэкі, драматургаў — Хедаят, С.​Чубек, Г.​Саэдзі. Развіваецца публіцыстыка.

Архітэктура. Найб. стараж. помнікі на тэр. І. адносяцца да эпохі неаліту: рэшткі земляробчых паселішчаў з глінабітнымі і сырцовымі жытламі (5—4-е тыс. да н.э.; Тэпе-Сіялк). Ад часоў Элама захаваліся зікураты, ад 10—6 ст. да н.э. — скальныя пахавальні з двухстаўповай фасаднай нішай. Пры Ахеменідах у гарадах Пасаргады, Персепаль, Сузы будавалі манум. палацы з шматстаўповымі заламі (ападанамі), высокія калоны якіх увенчваліся складанымі капітэлямі. Палацы аздаблялі каменнымі рэльефамі. У 3—7 ст. інтэнсіўна будавалі ўмацаваныя гарады з рэгулярнай планіроўкай (Нішапур). Скляпеністыя залы (айваны) дапаўняліся купальнымі (Фірузабад, Сервестан), квадратныя ў плане свяцілішчы агню накрывалі купаламі. З араб. заваяваннем (7 ст.) і пашырэннем ісламу ў І. з’явіліся мячэці з шматкалоннымі скляпеністымі галерэямі вакол двара. У 11—14 ст. будавалі вежавыя маўзалеі (Гамбедэ-Кабус, 1006), мінарэты (Бестам, 1120), медрэсе і інш. Цагляную муроўку пакрывалі палівай. Да 12 ст. склаўся тып іранскай мячэці: прамавугольны двор, абкружаны галерэямі з 4 айванамі па восях і купальнай залай за адным з айванаў (Саборная мячэць у Ісфахане). Пасля манг. заваявання (1220-я г.) і ў часы праўлення ільханаў Хулагуідаў у архітэктуры ўзнікла імкненне да вытанчаных, моцна выцягнутых прапорцый і дэкору, насычанага разнастайнымі формамі і шматколернымі ўзорамі (8-гранны маўзалей Альджэйту-Хадабендэ ў Салыаніе, 1305—13, азерб. дойлід Алі-Шах). У перыяд Сефевідаў (16—17 ст.) пашырыліся буд-ва на караванных шляхах (караван-сараі, масты) і горадабудаўніцтва (Казвін); ствараліся грандыёзныя гар. ансамблі (Ісфахан), развівалася садова-паркавая архітэктура. У архітэктуры 20 ст. новыя тыпы пабудоў з жалезабетонных канструкцый, шкла і металу суіснуюць са стараж. і сярэдневяковымі традыцыямі. У 1930-я г. будавалі на ўзор палацаў Персепаля, ахеменідскіх ападанаў (будынак Археал. музея ў Тэгеране, 1938). Іх уплыў відавочны і ў пабудовах 1950—80-х г.: нац. с.-г. банк (1958, арх. М.​Фараўгі, А.​Садэгі, Зафар), будынак Сената (1959, арх. Фараўгі, Х.​Гіяі), гар. сад Баге-Мелі са штучным возерам, дзіцячым паркам і павільёнамі (арх. Х.​Сейхун) — усе ў Тэгеране.

Выяўленчае мастацтва. Маст. культура І. развівалася ва ўзаемадзеянні з маст. культурамі народаў Б. Усходу, Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. У 3—2-м тыс. да н.э. на ПдЗ І. развівалася мастацтва дзяржавы Элам. Серыя арыгінальных твораў тарэўтыкі (рэльефная апрацоўка вырабаў з металу), выяўленая на ўзгорку Хасанлу каля воз. Урмія, сведчыць пра існаванне тут буйной маст. школы ў 1300—1000 да н.э. Кераміка гэтага перыяду адметная формамі (збаны са злівам у выглядзе трылісніка) і высокім узроўнем тэхналогіі (чорныя з глянцаваннем танкасценныя фігурныя і зааморфныя пасудзіны). У зах. І. выяўлена «лурыстанская бронза» 12—7 ст. да н.э.: літыя рытуальныя сякеры, кінжалы, дэталі конскай вупражы, аздобленыя выявамі фантаст. істот. У 7—1-й пал. 6 ст. да н.э. цэнтрам маст. культуры была дзяржава Мідыя. У мастацтве перыяду Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.) найб. значнай была манум. скульптура: каменныя (Персепаль) і шматколерныя паліваныя (Сузы) рэльефы з выявамі ўрачыстых працэсій і інш. Захаваліся сярэбраныя і залатыя пасудзіны з чаканкай і гравіроўкай, пячаткі, манеты, тканіны, аздобленыя сцэнамі барацьбы «цара-героя» з пачварай, ваен. трыумфаў, палявання, геральдычнымі і расліннымі матывамі. У канцы 4—2 ст. да н.э. ў І. ствараліся помнікі ўсх. эліністычнага мастацтва. У мастацтве дзяржавы Сасанідаў (3—7 ст.) асн. роля належала манум. скульптуры (статуя Шапура I, высечаная ў гіганцкім сталактыце ў гроце каля Бішапура; каменныя рэльефы ў Накшы-Рустэме, Таге-Бастане); росквіту дасягнула мастацтва тарэўтыкі і гліптыкі. Араб. заваяванне (7 ст.) і пашырэнне ісламу ў І. суправаджалася зменамі эстэт. уяўленняў, развіццём арнаменту, каліграфіі і дэкар. пачатку ў выяўл. мастацтве. Ад 8—13 ст. захаваліся фрагменты насценных размалёвак і стукавыя пано са сцэнамі палявання, прыдворнага жыцця (з палацаў Рэя, Саве, Нішапура). Пра існаванне мініяцюры сведчыць ілюстраваная «Кніга адлюстраванняў пастаянных сузор’яў» Абдарахмана ас-Суфі (1009—10, мастак аль-Хусейн). У 11—12 ст. пашыраны бронз. вырабы з меднай і сярэбранай інкрустацыяй, пасудзіны з каляровага шкла, шыкоўна арнаментаваныя тканіны. 9—13 ст. — росквіт мастацтва керамікі з размалёўкай люстрам, ажурна-праразным і гравіраваным (сграфіта) арнаментам і інш. (Нішапур, Рэй, Кашан, Саве). Пасля манг. заваявання (1220-я г.) у мініяцюру, аздабленне керамікі і тканіны праніклі далёкаўсх. выяўл. і дэкар. матывы (драконы, феніксы, лотасы). Іншаземны ўплыў быў перапрацаваны ва ўласна іранскі стыль у шыразскай школе мініяцюры і ў размаляванай кераміцы Кашана 1-й пал. 14 ст. У развіцці мініяцюры 15 — пач. 16 ст. важную ролю адыгралі жывапіс герацкай школы мініяцюры і творчасць Х.​Бехзада. Эпоха Сефевідаў (16—17 ст.) вылучалася росквітам мастацтва рукапіснай кнігі і мініяцюры (школы: тэбрызская, мешхедская, казвінская, ісфаханская школа). У Тэбрызе, Кашане, Ісхафане выраблялі шоўк, аксаміт, парчу, атлас, тканіны з тканымі сюжэтнымі выявамі, ваўняныя і шаўковыя дываны, размаляваны фаянс і інш. У 18—19 ст. нац. маст. традыцыі працягваліся ў нар. мастацтве. Пад уплывамі еўрап. мастацтва ў 2-й пал. 17 ст. ўзніклі алейны жывапіс і акварэль (А.​Сані-оль-Мольк, Махмуд Малек-ош-Шаара). З пач. 20 ст. развіваецца сучаснае выяўл. мастацтва. У 1920 мастак Кемаль оль-Мольк засн. Школу жывапісу і скульптуры ў Тэгеране. Побач з рэаліст. кірункам (жывапісцы Х.​А.​Вазіры, М.​Макадам, А.​Амеры, скульпт. А.​Садэгі) развіваліся традыц. (мініяцюрысты Бехзад, А.​Імамі) і мадэрнісцкія плыні. З’явілася цікавасць да нар. жывапісу, лубка. У 1959 у Тэгеране засн. Вышэйшая школа дэкар. мастацтваў, мастакі якой імкнуцца да засваення традыцый мініяцюры, каліграфіі, керамікі, дыванаробства, стварэння самабытных твораў мастацтва. У сучасным І. найб. папулярныя інкрустацыя дрэвам, перламутрам і косцю, чаканка па метале (Ісфахан, Шыраз).

Музыка І. складвалася ў працэсе гіст. сінтэзу і ўзаемадзеяння найстараж. культур, якія існавалі на тэр. сучаснага І., і муз. традыцый Сярэдняй, Цэнтр., Паўд. Азіі і Закаўказзя. Традыц. музыка ўключае лакальныя муз. і муз.-танц. формы. Сярод муз. інструментаў найб. пашыраны: струнна-шчыпковыя — бэрбэт, танбур, уд, тар (тыпу лютні), струнна-смычковы рэбаб, сантур (тыпу цымбалаў), духавыя най (флейта), зурна (тыпу габоя), медны духавы карнай, ударныя дэф (бубен), накхар (парны барабан) і інш. Сярод жанраў ісламскай (шыіцкай) традыцыі: азан (заклік да малітвы), тазіе (містэрыя-драма), марсіе (жалобныя плачы), маснаві (суфійскія містычныя паэмы). Асновы іран. класічнай музыкі закладваліся ў часы Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.), Сасанідаў (3—7 ст. н.э.), пазней Абасідаў. Яе інстр. і вак.-паэт. жанры засн. на прынцыпе ладамеладычнага разгортвання і кампазіцыйнай будовы дастгаху. Вял. ўклад у музыку сярэдневякоўя зрабілі вучоны і спявак, аўтар сямі «каралеўскіх ладоў» Барбад, заснавальнік шэрагу паэт. і муз. норм класічнай іран. музыкі А.Фірдаўсі і інш. Класічная муз. тэорыя распрацавана ў трактатах Кіндзі (9 ст.), Фарабі (10 ст.). Традыцыі прафес. музыкі І. падтрымлівалі спадчынныя групы паэтаў і музыкантаў — ашугі і мутрэбы. У традыц. музыцы склаліся характэрныя тыпы ансамбляў — даст-эматрэб, сазандэ, навазандэ з 3—5 выканаўцаў. З канца 19 ст. ў музыку І. пранікаюць еўрап. ўплывы (традыцыі ваен. аркестраў, некат. формы папулярнай музыкі). Муз. цэнтрам стаў Тэгеран. Адкрыты кансерваторыя еўрап. тыпу (1918), т-р оперы і балета (1967), створаны аркестры нац. інструментаў, сімф. аркестр (1946), філарманічнае т-ва (1940), Цэнтр па захаванні і пашырэнні традыц. музыкі, Вышэйшае муз. вучылішча (1908), Нац. кансерваторыя (1949). Пасля абвяшчэння Ісламскай рэспублікі (1979) тут дазволены толькі афіц. песні і рэліг. формы муз. мастацтва.

Тэатр. У даісламскі перыяд (да 7 ст.) тэатр элементы прысутнічалі ў рытуалах зараастрыйскіх магаў, у нар. звычаях. Захаваліся звесткі пра стараж. т-р перс. скамарохаў «базігер»; ладзіліся прадстаўленні масак, было развіта мастацтва пантамімы, т-раў ценяў і лялек (Пахлаван-Качаль — т-р пятрушак, хеймешаб-базі — т-р марыянетак). Самая стараж. тэатр. форма мусульманскага І. — нар. містэрыя тазіе («суцяшэнне», «аплакванне»). У 17—18 ст. на матэрыяле першапачатковых спісаў з’явіліся запісы містэрый у форме вершаў. Выконваліся яны нараспеў акцёрскім ансамблем з гараджан-мужчын з фіксаваным размеркаваннем роляў. Да 1930-х г. існавалі вандроўныя акцёры масхарэбаз, якія выконвалі імправізацыйныя быт. сцэнкі камічнага характару. Першы дзярж. т-р створаны ў 1890 пры Політэхн. вучылішчы Дар-оль-фанун для палацавай знаці. Ён пачаў сваю дзейнасць з пераробак п’ес еўрап. аўтараў. На пач. 20 ст. створана тэатр. акцыянернае т-ва «Фарханг», у 1911—12 — Нац. т-р, у 1917 — т-р «Іранская камедыя», пры ім існавала акцёрская школа, што падрыхтавала першых іранскіх актрыс. Цэнтрам тэатр. мастацтва 1.1930—40-х г. стаў Тэатр-студыя ў Тэгеране (засн. ў 1932 першым тэатр. мастаком С.​Керманшахі). Значную ролю ў іранскім тэатр. мастацтве адыграў акцёр, рэж., драматург А.​Нушын, які ў 1942 стварыў т-р «Фарханг» (з 1945 «Фірдаўсі», потым «Саадзі»). У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся таксама т-ры «Камедые ахван» («Камедыя братоў»), «Ханар», «Гаўхар», «Тэатрэ кешвар» і інш. ў Тэгеране, правінцыяльныя сцэны ў Рэшце, Мешхедзе, Ісфахане і інш. З канца 1940-х г. т-р І. перажыў крызіс (адсутнасць фінансавання, тэатр. памяшканняў, прафес. акцёраў). З 1960-х г. назіраецца ўздым т-ра: з’яўляюцца пастаянныя трупы («Тэатр сёння», Нац. трупа і інш.), працуюць т-ры ў Тэгеране («25-га шахрывара», «Касра», «Наср», «Джамеэе Барбад»), Мешхедзе (Нац. т-р), Ісфахане («Сепахан»), Хамадане («Буалі») і інш.

Кіно. Першыя фільмы ў І. зняты ў 1930—40-я г. (нямы фільм «Абі Рабі» Эханіяна, 1930, гукавы — «Дачка Лора» А.​Х.​Сепенгы, 1934). У 1945 рэж. І.​Кушан стварыў у Тэгеране першую кінастудыю «Мітрафільм» (пазней «Парсфільм»). Стужкі Кушана і інш. рэжысёраў былі пераважна камерцыйныя (касцюмныя драмы і меладрамы, на гіст. сюжэты). Рэгулярная кінавытворчасць пачалася ў 1950-я г. Вехай нац. кіно стаў фільм рэж. А.​Шыразі «Партовы злодзей» (1954) пра побыт і адносіны людзей ніжэйшых сац. колаў. У 1960-я г. ў Тэгеране ўзніклі недзярж. кінастудыі: «Іран-фільм», «Афа Талаі», «Караван-фільм» і інш., якія здымалі пераважна фільмы «лёгкіх» жанраў — меладрамы, камедыі, дэтэктывы, мюзіклы і фільмы на матэрыяле мінулага («Зуб дракона», «Любоўная пастка» Кушана, «Адзін крок да смерці» Ж.​Вазіяна, «Сельская мелодыя» М.​Махсені і інш.). Некаторыя фільмы адлюстроўвалі нар. жыццё («Ластаўкі вяртаюцца ў свае гнёзды», «Цэгла і люстэрка» І.​Галестана, «Але цяжкасці застаюцца» Х.​Дар’юша і інш.). Важную ролю ў гісторыі іранскага кіно адыграла творчасць рэж. Д.​Мехрджуі («Карова», 1970, «Дзівак», 1971, «Паштальён», 1973), Ш.​Салеса, М.​Набілі, М.​Кім’яі, Б.​Фарманара. З абвяшчэннем Ісламскай Рэспублікі ў фільматворчасці 1980-х г. адбыліся значныя змены. На гэты перыяд прыпадае росквіт кінаталентаў, што дэбютавалі ў 1970-я г.: рэж. Б.​Бейзаі («Балада пра Тару», «Смерць Яэдгерда», «Чужы Башу», «Магчыма, у другі раз» і інш., сучасныя сюжэты якіх афарбаваны містыкай); А.​Кіярастамі («Першакласнікі», «Дзе дом сябра?», «Дамашняе заданне», пра паэтычны свет маленства); Н.​Таўгаі (тэлефільм «Светласць у прысутнасці іншых», «Капітан Харшыд»). У 1980-х г. творчую дзейнасць пачалі рэж. М.​Махмалбаф, Э.​Хатамікія, М.​Сабазадэ, Х.​Кавуш, Н.​Нікнежад, М.​Давідэлі, В.​Карым-Масіхі, К.​Айры, І.​Фарузеш і інш. Для кіно гэтага перыяду характэрны тэматычная і стылявая разнастайнасць, увасабленне паліт. і сац. з’яў. У стужках 1990-х г. знайшлі адлюстраванне падзеі ірана-іракскай вайны («Ад Кархе да Рэйна» Хатамікіі), быт. тэмы, т. зв. сямейныя «разборкі» ў рэтра-стылі («Апошні акт» В.​Карым-Масіхі), свету кіно («Аднойчы ў кіно», «Салам, сінема» Махмалбафа), «анталогія прытворства» («Акцёр» Махмалбафа), дабрыня, кволасць дзіцячага свету («А жыццё працягваецца», «У засені аліў», «Смак чарэшні» Кіярастамі). Развіта дакумент. кіно (рэж. Махмалбаф). У 1990-я г. стваралася да 50 фільмаў за год.

Літ.:

История Ирана. М., 1977;

Арабаджян З.А. Иран;

власть, реформы, революции (XIX—XX вв.). М., 1991;

Morgan D. Medieval Persia 1040—1797. London;

NewYork, 1988;

Брагинский И.С. Из истории персидской и таджикской литературы. М., 1972;

Комиссаров Д.С. Пути развития новой и новейшей персидской литературы: Очерки М., 1982;

Дандамаев М.А., Луконин В.Г. Культура и экономика Древнего Ирана. М., 1980;

Виноградов В.С. Классические традиции иранской музыки. М., 1982.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), В.​М.​Навумчык (асвета, навук. ўстановы), Г.​М.​Бутырчык (літаратура), А.​М.​Гарахавік (музыка), А.​М.​Міхеева (тэатр), А.​П.​Бабкова (кіно).

Герб і сцяг Ірана.
Да арт. Іран: 1 — рысавыя палі на Прыкаспійскай нізіне; 2 — Тэгеран. Паўночная частка горада.
Да арт. Іран. Іранскае нагор’е.
Да арт. Іран. Старажытнаіранскія воіны эпохі Ахеменідаў. Фрагмент рэльефу з Персепаля.
Да арт. Іран. Горад Персепаль. 5—4 ст. да н.э.
Да арт. Іран. Саборная мячэць у Ісфахане.
Да арт. Іран. Керамічны збан з г. Кашан.
Да арт. Іран. Талерка, аздобленая люстрам, з г. Кашан. 1210.
Да арт. Іран. Адам і Ева. Ілюстрацыя да рукапісу Манафі аль-Хаяван. 1294—99.
Да арт. Іран. Мініяцюра «Прыезд Шырын да Фархада» да рукапісу «Хамсе» Нізамі. Шыразская школа. 1491.
Да арт. Іран. Парчовая тканіна з выявай куста шыпшыны і птушкі. Сярэдзіна 17 ст.
Да арт. Іран. Дыван з г. Казвін. 2-я пал. 16 ст.

т. 7, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБШЧЫ́НА,

устойлівая форма сацыяльнай арганізацыі, якая характарызуецца пэўнай ступенню калектыўнай уласнасці на сродкі вытворчасці, асаблівасцямі працэсу вытворчасці і сацыяльна-грамадскага жыцця. Узнікла як арг-цыя крэўных родзічаў (радавая, сямейная абшчына) у першабытнаабшчынную эпоху, калі прымітыўны ўзровень развіцця прадукц. сіл і вытв. адносін не дазваляў людзям паасобку здабываць неабходныя для існавання сродкі. Першабытнай абшчыне ўласцівыя калект. ўласнасць на сродкі вытв-сці, калект. размеркаванне прадуктаў працы, роўнасць усіх членаў. Базісам радавой абшчыны была зямля як уласнасць усяго калектыву. З узнікненнем прыватнай уласнасці радавая абшчына паступова трансфармавалася ў суседскую (тэрытарыяльную). У ходзе яе развіцця адбывалася вылучэнне ў якасці сямейна-індывід. уласнасці асобных надзелаў зямлі, жывёлы, прылад працы, жылля. Але абшчына заставалася вярх. уласнікам усёй тэрыторыі вёскі, лясоў, пашаў і інш. зямель агульнага карыстання. Члены суседскай абшчыны некаторыя работы выконвалі сумесна, але кожная сям’я вяла асобную гаспадарку. Абшчына існавала як адносна самастойны адм.-прававы інстытут, якому належалі значныя судовыя, павіннасныя, гасп. і інш. паўнамоцтвы т.зв. звычаёвага права. Ва ўсх. славян станаўленне суседскай абшчыны («вервь», «мір») адбывалася ў 1-й пал. 1-га тысячагоддзя. У 9—12 ст. абшчына была адносна самаст. арг-цыяй сельскага насельніцтва, яе члены лічыліся свабоднымі людзьмі. З паступовым падпарадкаваннем абшчыны княжацкай уладзе з’явілася праслойка людзей, якія абаранялі інтарэсы гэтай улады (цівун, агнішчанін і інш.). На землях Беларусі ў перыяд яе знаходжання ў Вялікім княстве Літоўскім абшчына (называлася грамада) выконвала значную ролю ў арганізацыі сял. землекарыстання, самакіравання і выплаты феад. рэнты. На чале грамады стаяў старац, яму дапамагалі дзесяцкія. Поруч са старцамі ў гаспадарскіх валасцях прызначаліся велікакняжацкія намеснікі. Грамада перашкаджала феадалам павялічваць павіннасці, рэгулявала парадак карыстання абшчыннымі ўгоддзямі і выплаты падаткаў, чыніла конны суд. У ходзе агр. рэформы сярэдзіны 16 ст. роля грамады паменшала, асабліва ў зах. і цэнтр. Беларусі, дзе была праведзена валочная памера, якая ўводзіла падворнае землекарыстанне. Але яе роля павялічвалася ў часы войнаў, эпідэмій, ва ўмовах гасп. разрухі. У 18 ст. грамада яшчэ карысталася пэўнай самастойнасцю, аднак яна ўсё больш ператваралася ў залежны ад феадала орган. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (1772—95) «Палажэннем аб валасным і сельскім кіраванні» (1797) у дзярж. уладаннях уводзілася сістэма сельскага абшчыннага кіравання, аналагічная расійскай. Правы сял. абшчыны ў дзярж. маёнтках не ахоўваліся законам. У выніку сялянскай рэформы 1861 абшчына і яе выбарныя органы сталі ніжэйшым звяном адм. кіравання ў вёсцы на землях сялян усіх катэгорый. Функцыі абшчыны, абавязкі і правы валаснога і сельскага сходаў, выбраных імі валаснога старшыны і сельскага старасты, а таксама сял. валаснога суда вызначаны «Агульным палажэннем аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці». На Беларусі ўтварэнне пав. устаноў па сял. справах (канец 1870-х г.) і ўвядзенне інстытута земскіх участковых начальнікаў (пач. 20 ст.) павялічвалі адм.-паліцэйскі кантроль над органамі абшчыннага самакіравання. З сярэдзіны 19 ст. пытанне аб сутнасці абшчыны займала прыкметнае месца ў гістарыяграфіі (гл. Абшчынная тэорыя), у ідэйным і грамадска-паліт. жыцці. Вялікае значэнне абшчыне надавалі народнікі, якія лічылі яе зародкам сацыяліст. адносін у вёсцы (гл. Народніцтва). Развіццё таварна-грашовых адносін, разлажэнне сялянства як класа (на сялян, буржуазію і сельскі пралетарыят) вялі да распаду абшчыну, што найбольш яскрава праяўлялася ў пазбаўленні збяднелых сялян зямлі. У Рас. імперыі, у т. л. ва Усх. Беларусі, абшчыннае землеўладанне моцна падарвала сталыпінская аграрная рэформа пач. 20 ст. У многіх месцах Беларусі абшчыннае землекарыстанне існавала да канца 1920-х г. Абшчына як суседскае аб’яднанне сялян-аднаасобнікаў ліквідавана ў выніку суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі.

Абшчына мела месца ў гісторыі многіх народаў (задруга ў паўд. славян, марка ў Германіі і інш.). Яна існавала да пранікнення ў земляробства капіталіст. адносін.

Літ.:

Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы // Маркс К., Энгельс Ф. Выбр. тв. Мн., 1952. Т. 2 (Соч. 2 изд. Т. 21);

Ковалевский М. Общинное землевладение, причины, ход и последствия его разложения. Ч. 1. М., 1879;

Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв. Т. 3 (Полн. собр. соч. Т. 3);

Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 1992;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990.

В.​Ф.​Голубеў, В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ГАЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна паліўна-энергетычнага комплексу па здабычы, абагачэнні і перапрацоўцы ў брыкеты вуглёў выкапнёвых. Уключае шахты, разрэзы, абагачальныя і брыкетныя ф-кі. Вугаль (каменны, антрацыт, буры) здабываецца ў 60 краінах свету падземным і адкрытым спосабам. Асн. від вугалю, які здабываецца, — каменны, спосаб здабычы — падземны. Сусв. рэсурсы вугалю ацэньваюцца амаль у 15 трлн. т (паводле некат. звестак, у 30 трлн. т), разведаныя запасы — у 1,7 трлн. т. Найб. рэсурсы маюць (трлн. т): Расія — 5 (разведаныя запасы 201 млрд. т), ЗША — 3,6 (445 млрд. т) і Кітай — 1,5 (272 млрд. т). Асн. сферы выкарыстання вугалю ў свеце (1990): вытв-сць электраэнергіі (61%), прам-сць (26%), вытв-сць доменнага і ліцейнага коксу (11%). З вугалю атрымліваюць таксама хім. сыравіну (300 найменняў), у нязначнай колькасці ажыццяўляецца яго газіфікацыя (гл. Газіфікацыя паліва).

Прымітыўная здабыча вугалю на паліва вядомая ў стараж. Грэцыі і Італіі з 4 ст. да н.э., Кітаі з 2 ст. да н.э. У Зах. Еўропе вугаль выкарыстоўваўся як хатняе паліва з 9—12 ст., а з 16 ст. ў Англіі, напр., увесь здабыты вугаль ішоў на выплаўку чыгуну. У Расіі здабываць вугаль пачалі з 18 ст. пры Пятру I. Вугальная прамысловасць як самастойная галіна аформілася ў 2-й пал. 18 ст., калі для выплаўкі чыгуну ў доменных печах сталі выкарыстоўваць вугальны кокс.

У свеце вядома каля 3000 вугальных радовішчаў і басейнаў. Буйнейшыя ў краінах СНД басейны (больш за 5 млрд. т паводле разведаных запасаў на 1988, у млрд. т): у Расіі Канска-Ачынскі (83), Кузнецкі (63), Пячорскі (8,2), Іркуцкі (7,5), Мінусінскі (5); на Украіне (часткова ў Расіі) Данецкі (50); у Казахстане Экібастузскі (8,7), Карагандзінскі (8,2), Тургайскі (6) (пра кожны гл. асобны артыкул). Вугаль здабываюць таксама ва Узбекістане, Кыргызстане, Грузіі, Таджыкістане. Найбольшыя басейны, якія распрацоўваюцца і маюць перспектыву ў інш. краінах: Апалачскі вугальны басейн у ЗША, Альберта ў Канадзе, Цэнтр. і Паўд. групы басейна ў Вялікабрытаніі, Ніжнярэйнска-Вестфальскі вугальны, Ніжнярэйнскі буравугальны басейн і Саарска-Латарынгскі каменнавугальны басейн у Германіі, Астурыйскі каменнавугальны басейн у Іспаніі, Вітбанк у ПАР, Сіднейскі вугальны басейн, Боўэн, Латроб-Валі ў Аўстраліі, Ісікары ў Японіі і інш. Сярод бліжэйшых суседзяў Беларусі ў Еўропе значныя запасы вугалю маюць Польшча (Верхнесілезскі каменнавугальны басейн і інш.), Украіна (Данецкі і Львоўска-Валынскі басейны) і Чэхія (Паўн.-Чэшскі буравугальны, Астраўска-Карвінскі каменнавугальны, гл. Верхнесілезскі—Астраўска-Карвінскі каменнавугальны басейн) і інш.

Аб’ёмы сусветнай здабычы вугалю пастаянна растуць (млн. т): 1810 у 1950, 3740 у 1980, 4500 у 1993 (толькі таварны вугаль). На каменныя вуглі і антрацыт прыпадае каля 75% здабычы, на бурыя вуглі — 25%. Вугаль здабываюць больш за 60 краін свету (гл. табл.). <TABLE>

Аб’ёмы сусветнага гандлю вугалем таксама растуць (млн. т): 100 у 1975, 270 у 1980, 399 у 1990. Больш як палавіну іх складае энергетычны вугаль (1990). Асн. краіны-экспарцёры вугалю (1990, млн. т): Аўстралія — 106, ЗША — 90, ПАР — 49; краіны-імпарцёры: Японія — 107, Паўд. Карэя — 25, Італія — 20, Тайвань — 19.

Беларусь сваю патрэбу ў вугалі пакрывае за кошт імпарту (1994, тыс. т): з Расіі — 504, Украіны — 294, Казахстана — 102. У нетрах Беларусі выяўлены радовішчы і праяўленні бурага вугалю міяцэнавага і алігацэнавага ўзросту. Разведаны Жыткавіцкае (агульныя запасы 71,9 млн. т), Брынёўскае (запасы 38,5 млн. т) і Тонежскае (44 млн. т) радовішчы (пра кожнае гл. асобны артыкул). Для адкрытай распрацоўкі даступнае Жыткавіцкае радовішча, поўнасцю падрыхтаваны да прамысл. асваення Паўночны і Кольненскі паклады (прамысл. запасы 46,7 млн. т). Агульныя запасы вугалю на ўсіх радовішчах 152 млн. т.

В.​М.​Сасноўскі.

Буйнейшыя вытворцы вугалю (таварнага), 1994
Краіна Усяго, млн. т На душу насельніцтва, кг Краіна Усяго, млн. т На душу насельніцтва, кг
Кітай 1291 1059 Канада 74 2500
ЗША 933 3548 Чэхія 72 6963
Індыя 280 243 КНДР 72​x) 4216
Расія 263 1773 Турцыя 58 928
Германія 251 3073 Грэцыя 54 5138
Аўстралія 244 13536 Вялікабрытанія 50 861
Польшча 200 5126 Румынія 38 1653
ПАР 195 4730 Інданезія 33 169
Украіна 84 1623 Іспанія 30​x) 752
Казахстан 83 5010 Балгарыя 28 2790

​x) 1994.

Да арт. Вугальная прамысловасць. Здабыча бурага вугалю адкрытым спосабам на разрэзе Белхатаў у Польшчы.

т. 4, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЕ́ЛЬНЫЯ ПЕ́СНІ,

найбольш разгорнуты цыкл сямейна-абрадавага фальклору; муз.-паэт. кампанент цэласнай сістэмы абраду вяселля. Вядомыя многім народам свету.

Гістарычна склаліся як форма сімвалічнага выражэння сац.-прававых, маёмасных і сямейных узаемадачыненняў, вераванняў, маральна-этычных і эстэт. поглядаў і каштоўнасцей. Разам з абрадавымі дзеяннямі рытуалізуюць адзін з асн. этапаў жыццёвага шляху чалавека — пераход у іншую сям’ю (род), іншую сац. групу. Як элемент абрадавай сістэмы часта выяўляюць сваю семантыку толькі ў этнагр. кантэксце. Разам з тым муз. і паэт. бакі вясельных песень утвараюць аўтаномныя падсістэмы, кожная з якіх мае спецыфічныя заканамернасці. У паэт. сферы яны раскрываюцца пры класіфікацыі тэкстаў па функцыян.-тэматычным і жанравым прынцыпах.

У бел. вясельных песнях на функцыянальна-тэматычным узроўні выяўляюцца групы песень, якія адпавядаюць пэўным этапам вяселля; на жанравым узроўні вясельныя песні падзяляюцца на апавядальна-каменціруючыя, імператыўныя (заклінанні, распараджэнні, патрабаванні, парады), велічальныя і дакаральныя, лірычныя (з вял. цыклам сірочых песень), прыпевы і меладызаваныя прыгаворы. Паводле геагр. аспекту асн. сюжэты бел. вясельных песень падзяляюць на 3 групы: сюжэты, якія бытуюць на ўсёй тэр. Беларусі; сюжэты, якія пры захаванні асн. сюжэтных характарыстык набываюць рэгіянальныя адметнасці пераважна ў выніку вар’іравання зачынаў, часцей канцовак тэкстаў, і сюжэты, характэрныя толькі для пэўных рэгіёнаў ці мясц. традыцый.

Напевы вясельных песень тыповыя, палітэкставыя, маюць разнастайны характар гучання, утвараючы ў абрадзе 3 вобразна-эмац. сферы: рытуальна-святочную, жартоўную (паводле нар. вызначэння, «вясёлыя») і лірыка-драматычную («абідлівыя»). У розных этнагр. рэгіёнах яны суадносяцца па-рознаму ў залежнасці ад дамінуючага там комплексу вясельнага абраду і асаблівасцей мясц. песеннай сістэмы. На У Беларусі, дзе ў песеннай сістэме пануе карагодна-гульнявы комплекс, а ў вясельным рытуале стаўбавы абрад (паўн. зона), напевы вясельных песень маюць яскравы эмац.-ўзнёслы, воклічны характар, маторны тып рытмікі, тэмбравую звонкасць; асаблівай кантрастнасцю вызначаецца песенны рытуал паўн. зоны, дзе святочнаму гучанню квінтавых вясельных песень процістаяць галашэнні маладой і яе маці, напевы якіх ідэнтычныя пахавальным. У зах. рэгіёне пануе лірычны гукавы вобраз, што звязана з элегічным характарам пашыранага тут абраду зборнай суботы і перавагай у песеннай сістэме пазаабрадавых лірычных песень позняга гіст. пласта, якія часта выступаюць у функцыі вясельных. Вясельным песням Паазер’я ўласціва сказава-апавядальная, напаўрэчытатыўная манера інтанавання, пераважаюць квартавыя напевы з пластычнай меладычнай лініяй. Мясц. галашэнні маюць песенны характар (стабільную складавую муз.-рытмічную форму, адносна спакойную манеру выканання) і складаюць з песнямі адзіны тыпалагічны рад. У гэтых трох рэгіёнах вясельныя песні выконваюцца пераважна аднагалосна, з нярэдкім «адхіленнем» у двухгалоссе: гетэрафоннага тыпу на Паазер’і, квартава-квінтавага ва ўсх. і тэрцава-квінтавага ў зах. рэгіёнах. Асаблівасці вясельных песень Палесся найперш вызначаюцца разгорнутай дэталізацыяй каравайнага абраду, ствараюць атмасферу абшчыннай урачыстасці і весялосці з палкім, часам нават разгульным характарам. Песні выконваюцца ва унісонна-гетэрафонным або дыяфонным на бурдоннай аснове стылі. Іх яркае, сакавітае, часам «вострае» з доўгімі выгукамі і глісанда гучанне абумоўлена і распаўсюджанай на Палессі традыцыяй галаснога спеву. У цэнтр. рэгіёне адбываецца змяшэнне песенных традыцый усходу, захаду, поўначы і поўдня. Пры гэтым у зонах іх перакрыжавання ўтвараюцца версіі тыповых напеваў, спецыфічных для мясц. традыцый.

Заканамернасці муз. кампанента вясельных песень раскрываюцца і на ўзроўні сістэматызацыі напеваў па функцыянальна-тыпалагічным прынцыпе (тыпізуючым выступае структурна-рытмічны комплекс), што дазваляе вылучыць 8 асн. тыпаў вясельных напеваў, пашыраных на ўсёй Беларусі, і некалькі лакальных груп. Асн. тыпы, захоўваючы ўстойлівасць структурна-рытмічных комплексаў, у розных рэгіёнах мяняюць інтанацыйна-меладычны комплекс і набываюць своеасаблівы характар гучання.

Літ.:

Янчук Н.А. По Минской губернии: (Заметки из поездки в 1886 г.). М., 1889;

Беларускія народныя песні. Т. 4. Мн., 1976;

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977;

Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956;

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;

Вяселле: Песні. Кн. 1—6. Мн., 1980—88;

Варфоломеева Т.Б. Северобелорусская свадьба. Мн., 1988;

Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990.

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 4, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НДАЛЬ,

галіна нар. гаспадаркі, якая забяспечвае абарачэнне тавараў, іх рух са сферы вытворчасці ў сферу спажывання. Гандаль у межах асобнай краіны наз. ўнутраным. Ён выконвае грамадска неабходную функцыю — давядзенне тавараў да спажыўца. Падзяляецца на рознічны і аптовы гандаль. Гандаль адной краіны з інш. краінамі, які складаецца з імпарту і экспарту тавараў, — знешні гандаль. Гандаль розных краін паміж сабой у сваёй сукупнасці — міжнар. гандаль. Характар і роля гандлю вызначаюцца пануючым спосабам вытв-сці.

Гандаль узнік з паяўленнем грамадскага падзелу працы і таварна-грашовых адносін. У рабаўладальніцкіх і феад. грамадствах, дзе панавала натуральная гаспадарка, пераважаў знешні гандаль, які ахопліваў нязначную частку прадуктаў вытв-сці і абслугоўваў пераважна асабістае спажыванне пануючых слаёў насельніцтва. Вырашальную ролю ў міжнар. гандлі адыгрывалі купцы буйных гандл. гарадоў. У перыяд распаду феадалізму рост знешняга гандлю і зараджэнне сусв. рынку спрыялі росту таварнай вытворчасці. Штуршком да развіцця міжнар. гандлю паслужыла адкрыццё Амерыкі і марскога шляху ў Індыю. У 16—17 ст. Унутр. і знешні гандаль у краінах Еўропы быў сканцэнтраваны пераважна ў руках купецтва. Большая ч. рознічнага гандлю на ўнутр. рынку ажыццяўлялася непасрэдна таваравытворцамі — сялянамі і рамеснікамі.

Прамысл. пераварот у краінах Зах. Еўропы прывёў да з’яўлення на рынку тавараў фабрычнай вытв-сці, выцяснення і разарэння дробных таваравытворцаў. Рост гарадоў і паляпшэнне трансп. сродкаў садзейнічалі павелічэнню колькасці рознічных крам і іх тавараабароту. У 1-й пал. 19 ст. ва ўнутр. гандлі краін Зах. Еўропы і ЗША набылі пашырэнне рознічныя крамы, якія спецыялізаваліся на пэўнай групе тавараў (бакалейныя, маскатэльныя, мануфактурныя). На мяжы 19—20 ст. рост выпуску стандартных тавараў масавага ўжытку абумовіў стварэнне новых тыпаў гандл. прадпрыемстваў і метадаў гандлю (гл. Гандлёвы цэнтр).

На Русі гандаль паявіўся ў 9 ст. Яго цэнтрамі былі гарадскія рынкі («торг», «торжище»). У Кіеўскай Русі развіццё гандлю паскорылася з узнікненнем таварна-грашовых адносін (9—10 ст.). Унутр. гандаль найчасцей вялі самі вытворцы, без пасрэднікаў, знешні — купцы. У перыяд феад. раздробленасці (12—14 ст.) гандаль абмяжоўваўся маштабамі асобных княстваў, хоць і паміж імі існавалі гандл. сувязі на аснове прыродна-геагр. падзелу працы. Буйным гандл. цэнтрам быў Ноўгарад, які вёў гандаль з Зах. Еўропай. З 14 ст. гандл. цэнтрам стала Масква. Развіццю гандлю садзейнічалі рэформы Пятра I у пач. 18 ст. Мытная рэформа 1753—57, якая адмяніла ўнутр. пошліны, садзейнічала росту ўнутр. ўсерас. рынку. У 2-й пал 18 ст. ў Маскве ўзніклі першыя крамы пры купецкіх дамах. У 1797 дазволена мець крамы і пры жылых дамах.

Развіццю гандлю на Беларусі спрыяла выгаднае геагр. становішча. Праз яе тэрыторыю ў 9—11 ст. праходзіў шлях «з варагаў у грэкі», пазней існавалі гандл. сувязі з Ноўгарадам, Псковам, Масквой, украінскімі, прыбалтыйскімі і польскімі землямі, ганзейскімі гарадамі Зах. Еўропы. Гандаль вёўся пераважна на гар. рынках і ў час кірмашоў. Далучэнне Беларусі да Расіі паўплывала на ўмацаванне сувязей з агульнарас. рынкам. Буд-ва чыгунак у 2-й пал. 19 ст. стымулявала развіццё прам-сці, ажыўленне ўнутр. і знешніх гандл. сувязей, аптовага і рознічнага гандлю. У пач. 20 ст. на Беларусі ўзмацніўся ўплыў буйных агульнарас. і замежных манапал. аб’яднанняў, якія кантралявалі асн. галіны аптовага Г. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 прыватны гандаль у БССР быў заменены сав. кааперацыяй ці выцеснены сацыяліст. сектарам сав. гандлю. На сучасным этапе пераходу да рыначнай эканомікі існуюць дзярж., кааператыўны, калгасны і прыватны гандаль. Дзярж. гандаль абслугоўвае пераважна насельніцтва гарадоў. Яго ўдзельная вага ў агульным тавараабароце краіны ў 1995 складала 38%. Каап. гандаль абслугоўвае пераважна сельскіх пакупнікоў. Калгасны гандаль ажыццяўляюць калгасы і калгаснікі, якія прадаюць насельніцтву лішкі сваёй прадукцыі. Прыватны гандаль ажыццяўляецца сіламі і сродкамі прыватных прадпрымальнікаў. Недзяржаўныя формы гандлю ў 1995 склалі 62% ад агульнага тавараабароту, у т. л. прыватны гандаль — 19%.

Літ.:

Дарбинян М.М. Торговля и производство: хозяйственные связи. М., 1984;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Микроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

А.​А.​Плашчынскі.

т. 5, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЭ́ХНІКА (ад гідра... + тэхніка),

галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца вывучэннем водных рэсурсаў, іх выкарыстаннем у нар. гаспадарцы, барацьбой са шкодным уздзеяннем вод, буд-вам і эксплуатацыяй гідратэхнічных збудаванняў (ГТЗ). Цесна звязана з гідраўлікай, гідрамеханікай, гідралогіяй, геалогіяй, гідрагеалогіяй, будаўнічай механікай, механікай грунтоў і інш.

Гідратэхніка вывучае ўплыў вадзяных патокаў на ГТЗ і рэчышчы, распрацоўвае тэорыю ўстойлівасці ГТЗ і іх асноў, метады рэгулявання рачнога сцёку. Даследуе фільтрацыю вады праз грунты, стварае метады разліку і канструявання ГТЗ і іх асноў, спосабы іх буд-ва і эксплуатацыі (гл. Гідратэхнічнае будаўніцтва). Асн. кірункі практычнай гідратэхнікі: выкарыстанне воднай энергіі (гл. Гідраэнергетыка); абвадненне, арашэнне і асушэнне с.-г. зямель (гл. Меліярацыя, Меліярацыйная навука); водазабеспячэнне населеных пунктаў і прамысл. прадпрыемстваў, ачыстка сцёкавых вод і іх адвядзенне (гл. Каналізацыя); забеспячэнне суднаходства і лесасплаву па водных шляхах, неабходных умоў для рыбнай гаспадаркі; ахова населеных пунктаў, прамысл. прадпрыемстваў, ліній электраперадачы і сувязі, трансп. збудаванняў, с.-г. угоддзяў ад шкоднага ўздзеяння воднай стыхіі (наваднення, паводкі, апаўзання берагоў, утварэння яроў і інш.); ахова водных рэсурсаў ад забруджвання і вычарпання (гл. Ахова вод).

Гідратэхніка — адна з найб. старажытных галін навукі і тэхнікі. Яшчэ за 4400 г. да н.э. ў Стараж. Егіпце ствараліся каналы для арашэння зямель у даліне р. Ніл, будаваліся земляныя плаціны. У Вавілоне за 4—3 тыс. г. да н.э. ў гарадах працавалі водаправоды і артэзіянскія калодзежы. У перыяд росквіту Стараж. Грэцыі і Рыма пабудаваны водаправод у Карфагене, каналізацыя ў Рыме, пачалося асушэнне Пантыйскіх балот. За 2 тыс. г. да н.э. на тэр. сучасных Нідэрландаў будаваліся дамбы для аховы прыбярэжных тэрыторый ад затаплення. За 500—400 г. да н.э. створаны першыя суднаходныя збудаванні (канал ад Ніла да Чырвонага мора). У сярэднія вякі пашырыліся вадзяныя млыны (прыводзіліся ў дзеянне вадзянымі коламі), будаваліся сістэмы водазабеспячэння гарадоў і замкаў, суднаходныя шлюзы і порты, вяліся работы па асушэнні і арашэнні зямель. У 17—18 ст. з развіццём мануфактур звязана буд-ва плацін і гідрасілавых установак. У 2-й пал. 19 ст. развіццё гідратэхнікі звязана з вынаходствам гідраўлічных турбін і буд-вам гідраэлектрычных станцый, стварэннем водных шляхоў, асушальных і арашальных сістэм і г.д. У Расіі гідратэхніка пачала развівацца з канца 16 ст. У СССР развіццё гідратэхнікі звязана з асваеннем рэк Сібіры, Сярэдняй Азіі і Д.​Усходу, буд-вам буйных арашальных і асушальных сістэм, каскадаў ГЭС на Волзе і Каме, працяглых каналаў, з рэканструкцыяй і збудаваннем глыбакаводных шляхоў і інш. Значны ўклад у развіццё гідратэхнікі зрабілі М.​Я.​Жукоўскі, М.​С.​Ляляўскі, М.​М.​Паўлоўскі, Ф.​Р.​Зброжак, М.​А.​Веліканаў, П.​Г.​Аляксандраў, Б.​Я.​Ведзянееў, Б.​Р.​Галёркін, М.​М.​Герсяванаў, С.​Я.​Жук і інш.

На Беларусі развіццё гідратэхнікі звязана з выкарыстаннем млыноў вадзяных (вядомыя з часоў Кіеўскай Русі, пашырыліся ў 16—18 ст.), з буд-вам у 18—19 ст. Агінскага, Аўгустоўскага, Бярэзінскага, Дняпроўска-Бугскага каналаў (гл. адпаведныя арт.), з дзейнасцю Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. У 1940—50-я г. пабудаваны міжкалгасныя і калгасныя ГЭС (179), з 1960-х г. вяліся буйнамаштабныя работы па стварэнні асушальна-ўвільгатняльных сістэм, сажалкавых рыбаводных гаспадарак, водазабеспячэнні населеных пунктаў, прамысл. прадпрыемстваў і г.д. У 1976 уведзена Вілейска-Мінская водная сістэма, у 1988 — Сляпянская водная сістэма. Даследаванні ў галіне гідратэхнікі вядуцца ў Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел. дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац. буд-ва, БПА, Брэсцкім політэхн. ін-це, БСГА і інш. Падрыхтоўка спецыялістаў-гідратэхнікаў вядзецца на ф-це энергет. буд-ва БПА, у Пінскім і Лепельскім гідрамеліярац. тэхнікумах.

Літ.:

Правдивец Ю.П., Симаков Г.В. Введение в гидротехнику. М., 1995;

Субботин А.С. Основы гидротехники. Л., 1983;

Чугаев Р.Р. Гидротехнические сооружения. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1985;

Сельскохозяйственные гидротехнические мелиорации. М., 1981.

Г.​Г.​Круглоў.

т. 5, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Існуе ў Гомелі з ліст. 1954. Адкрыўся спектаклем «Гады вандраванняў» А.​Арбузава. Напачатку ставіліся пераважна п’есы сав. драматургаў: «Гісторыя аднаго кахання» К.​Сіманава, «Крылы» А.​Карнейчука, «У добры час!» В.​Розава, «Каханне Ані Бярозкі» У.​Пісталенкі і інш. З 1956 у рэпертуары пачалі з’яўляцца бел. творы: «Глыбокая плынь» паводле І.​Шамякіна, «Непрымірымасць» і «У бітве вялікай» А.​Маўзона. Зрэдку ставіліся класічныя п’есы: «Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вегі, «Дон Сезар дэ Базан» А.​Дэнеры і Ф.​Дзюмануара, «Васа Жалязнова» М.​Горкага. Канец 1950 — пач. 1960-х г. у творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Л.Эльстона і Ю.Арынянскага. Сярод значных пастановак: «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка, «Сэрца на далоні» І.​Шамякіна, «Выклік багам» А.​Дзялендзіка, «Угрум-рака» паводле В.​Шышкова, «Інтэрвенцыя» Л.​Славіна, «Перад вячэрай» Розава, «104 старонкі пра каханне» Э.​Радзінскага, «Зімовая казка» У.​Шэкспіра. Асабліва плённай была дзейнасць т-ра ў 2-й пал. 1960 — 1-й пал. 1970-х г. (маст. кіраўнік І.Папоў), калі стабілізаваўся акцёрскі калектыў, вырасла выканаўчае майстэрства. Спектаклі вызначаліся творчым пошукам, глыбінёй спасціжэння драматургіі, псіхалагізмам, тонкай распрацоўкай характараў, сцэн. культурай, ансамблевасцю. Сярод лепшых пастановак: «Любоў Яравая» К.​Транёва, «Разлом» Б.​Лаўранёва, «Пасля пакарання смерцю прашу...» В.​Долгага, «Маё сэрца з табою» Ю.​Чупрына, «Не трывожся, мама!...» Н.​Думбадзе, «Беспасажніца» і «Даходнае месца» А.​Астроўскага, «Тры сястры» А.​Чэхава, «Атэла» Шэкспіра. Цікавае сцэн. ўвасабленне набылі «Легенда пра песню няспетую» М.​Пало і Папова, «Рудабельская рэспубліка» паводле С.​Грахоўскага, «Таблетку пад язык» Макаёнка, «Грэшнае каханне» і «Амазонкі» Дзялендзіка. Спектаклі «Жыццё ўсяго адно» А.​Маўзона, «Залатая карэта» Л.​Лявонава і «Першы грэх» А.​Каламійца (рэж. усіх Папоў) у 1972 адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі. У 2-й пал. 1970-х г. т-р перажыў перыяд творчай нестабільнасці, істотныя змены адбыліся ў трупе. Канец 1970 — 1-я пал. 1980-х г. звязана з дзейнасцю рэж. В.​Кручкова, які асаблівую ўвагу надаваў знешняй культуры, дынамізму, пластыцы, музыкальнасці пастановак. Сярод іх: «Жывы партрэт» А.​Марэта, «Як вярнуць мужа?» («Ілгуха») Л.​Эніка і А.​Дадэ. Значнымі былі пастаноўкі бел. твораў: «Подых навальніцы» паводле І.​Мележа, «Ладдзя роспачы» паводле У.​Караткевіча, «Гора і слава» А.​Петрашкевіча, «Узлёт» А.​Дударава. У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. т-р зноў апынуўся ў крызісным становішчы. Спектаклі не вызначаліся навізной, маст. вартасцю. З 1993 маст. кіраўнік т-ра У.Караткевіч. Сярод пастановак апошніх гадоў: «Паўлінка» Я.​Купалы, «Звар’яцелы Альберт» С.​Кавалёва паводле Я.​Баршчэўскага, «Купала» А.​Дударава, «Цудоўная казка — прыгожая песня» А.​Міхайловіча паводле бел. нар. казак «Лёгкі хлеб» і «Музыкі», «Прыгажун-мужчына» А.​Астроўскага, «Тайна адной споведзі» Б.​Васільева, «Гульня і не больш» Д.​Фо. У розныя гады ў т-ры працавалі акцёры: М.​Цурбакоў, Л.​Гамуліна, Л.​Гарбунова, Т.​Скарута, С.​Давыдаў, А.Г. і А.​С.​Каменскія, М.​Маліноўскі, У.​Слаўкоў, М.​Кукліна, Р.​Сувораў, Л.​Усанава, Я.​Дашкоў, Л.​Сторажава, П.​Філіпаў; рэжысёры: С.​Гурыч, Я.​Батурын, Б.​Насоўскі, В.​Шутаў, В.​Яснагародскі, Г.​Вагаў, В.​Бартосік; мастакі: А.​Ясафава, А.​Свішчоў, М.​Гафт, А.​Белазёраў, А.​Кляўзер, Дз.​Мохаў. У складзе трупы (1997): нар. арт. Беларусі Н.​Карнеева, засл. арт. Беларусі Ф.​Іваноў, Л.​Лаўрыновіч, М.​Пало, В.​Чэпелеў, Ю.​Шэфер і інш.

Будынак т-ра ўзведзены ў 1956 (праект 1941, арх. А.​Тарасенка). Прамавугольны ў плане аб’ём мае сіметрычную прасторавую кампазіцыю. Па гал. восі размешчаны цэнтр. ўваход, вестыбюльная група памяшканняў, глядзельная зала партэрна-яруснага тыпу на 800 месцаў, развітая сцэн. каробка. Гал. фасад уяўляе сабой 6-калонны порцік з франтонам, багата дэкарыраваны скульптурай. Калонам карынфскага ордэра адпавядаюць пілястры па перыметры будынка. Інтэр’еры асн. памяшканняў аздоблены лепкай.

А.​В.​Сабалеўскі, А.​А.​Воінаў (архітэктура).

Будынак Гомельскага абласнога драматычнага тэатра.
Гомельскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Гора і слава» А.​Петрашкевіча.
Гомельскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Подых навальніцы» паводле І.​Мележа.

т. 5, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ, цывільнае грамадства,

сукупнасць грамадзян, добраахвотных грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, якія будуюць сваю дзейнасць на аснове прызнання прыярытэту грамадства і неабходнасці служэння яму дзяржавы. Гістарычна ідэя грамадзянскай супольнасці бярэ пачатак у Стараж. Грэцыі і ант. Рыме, калі склаліся ўяўленні аб грамадстве і грамадзянах, надзеленых правамі і абавязкамі (Цыцэрон, Платон, Эпікур, Лукрэцый і інш.). Паводле Арыстоцеля, грамадзянская супольнасць — сукупнасць свабодных і раўнапраўных грамадзян, звязаных паміж сабой пэўнай формай паліт. арг-цыі (дзяржава-поліс). Т.​Гобс у працах «Аб грамадзяніне» (1642) і «Левіяфан» (1651) вызначыў грамадзянскую супольнасць як «саюз індывідуальнасцей», калектыў, у якім яго члены на ўзаемнай аснове адмаўляюцца ад замаху на жыццё, свабоду і ўласнасць адзін аднаго. Канцэпцыі грамадзянскай супольнасці з усімі яе праблемамі (свабоды, права, уласнасці, раздзялення ўлад і інш.) распрацоўвалі Дж.​Лок, Г.​Гегель, Ж.​Ж.​Русо, І.​Кант, Ш.​Л.​Мантэск’ё, Т.​Пейн і інш. Яны знаходзілі адлюстраванне ў творчасці бел. мысліцеляў Ф.​Скарыны, С.​Буднага, А.​Волана, І.​Страйноўскага, Ф.​Багушэвіча і інш. Паводле К.​Маркса, чалавек у развітой дзяржаве вядзе жыццё ў паліт. супольнасці, у якой ён прызнае сябе грамадскай істотай, і жыццё ў грамадзянскай супольнасці, у якой ён дзейнічае як прыватная асоба.

Грамадзянская супольнасць ахоплівае сукупнасць эканам., сац., рэліг., нац. і інш. адносін. Яе эканам. аснову складае разнастайнасць і роўнасць формаў уласнасці і, перш за ўсё, індывід. прыватная ўласнасць, на базе якой узнікаюць розныя формы недзярж. грамадскай уласнасці (напр., уласнасць сямейная, партнёрская, кааператыўная, калектыўна-долевая, акцыянерная і інш.). Сац. структура грамадзянскай супольнасці прадстаўлена рознымі групамі, утворанымі па класавых, прафес., дэмагр., этнічных, сацыякульт., канфесіянальных прыкметах, па ўзроўні адукацыі, тыпу месцажыхарства, ладу жыцця і г.д. Паліт. асновай грамадзянскай супольнасці з’яўляецца легітымнасць дзярж. улады, шматпартыйнасць, наяўнасць легальнай апазіцыі, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі, масавых дэмакр. рухаў, грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый, якія створаны без удзелу, фінансавання і кантролю з боку дзяржавы і будуюць сваю дзейнасць на прынцыпах самакіравання. Духоўныя асновы грамадзянскай супольнасці — высокі ўзровень грамадскай свядомасці, грамадзянскасці і культуры людзей. Асн. прынцыпы функцыянавання любой грамадзянскай супольнасці — індывідуалізацыя, канкурэнцыя, салідарнасць, сац. абарона і супрацоўніцтва.

Ідэя грамадзянскай супольнасці знаходзіла практычнае ўвасабленне ў працэсе пераходу ад дэспатыі да дэмакратыі, ад абсалютызму да рэспублікі або канстытуцыйнай манархіі (Англія, Швецыя, Данія і інш.), ад феад. грамадства да бурж., індустрыяльнай цывілізацыі і капіталіст. грамадскіх адносін. Такія грамадствы фарміраваліся ў краінах Зах. Еўропы, ЗША на мяжы 19—20 ст. У канкрэтных гіст. умовах таго часу ў Расіі складваліся толькі асобныя элементы грамадзянскай супольнасці, а пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 дзяржава ўзяла на сябе не толькі свае ўласныя функцыі, але і функцыі кантролю і рэгулявання самадзейнай творчасці грамадзян, дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый. У 2-й пал. 20 ст. развіццё грамадзянскай супольнасці стала адной з формаў ажыццяўлення найноўшых навук. ідэй грамадскага прагрэсу (стадый эканам. росту, мадэрнізацыі, адкрытага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, інфармацыйнага грамадства і інш.), пераходу ад аўтарытарна-дыктатарскіх рэжымаў да дэмакратычных (Германія, Італія, Іспанія, Грэцыя, Чылі і інш.), лібералізацыі эканам. адносін, сац.-паліт. ін-таў, нац.-культ. адраджэння і самавызначэння ў шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы, інш. рэгіёнаў свету.

Нац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь закладвае прававыя механізмы ўзмацнення ўплыву грамадства на яго паліт. арг-цыю, гарантыі неўмяшання дзяржавы ў прыватнае і асацыятыўнае жыццё грамадзян, а таксама дзярж. абавязацельствы па захаванні і абароне правоў і законных інтарэсаў членаў грамадзянскай супольнасці. Важнымі структурнымі элементамі такой супольнасці могуць стаць шматлікія няўрадавыя арг-цыі, грамадскія аб’яднанні і рухі, творчыя саюзы і асацыяцыі, дабрачынныя фонды і інш. добраахвотныя арг-цыі, якія садзейнічаюць сцвярджэнню дэмакр. прынцыпаў грамадскага жыцця, стварэнню ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы.

Літ.:

Локк Д. Два трактата о правлении. Кн. 2 // Соч. М., 1988. Т. 3;

Гегель Г.В.Ф. Философия права: Пер. с нем. М., 1990;

Гражданское общество и правовое государство: предпосылки формирования. М., 1991;

Гражданское общество: (Сб. ст.). Вып. 1—2. Мн., 1995—96.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 5, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЯРО́БСТВА,

1) адна з асноўных галін сельскай гаспадаркі; вырошчванне культурных раслін для забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі, жывёлагадоўлі — кармамі, лёгкай і харч. прам-сці — сыравінай. Уключае паляводства (збожжавая гаспадарка, ільнаводства, буракаводства, бульбаводства, насенняводства, вырошчванне кармавых культур), агародніцтва, пладаводства, кветкаводства.

У 20 ст. распрацаваны і выкарыстоўваюцца навукова абгрунтаваныя сістэмы З., якія ўключаюць развітую агратэхніку, палепшаную апрацоўку глебы, удасканаленае насенняводства, навук. селекцыю высокаўраджайных сартоў с.-г. культур, у адпаведнасці з канкрэтнымі ўмовамі прыродна-эканам. раёнаў уводзяцца севазвароты, ажыццяўляецца меліярацыя, на аснове хімізацыі шырока ўжываюцца мінер. ўгнаенні, развіваецца эфектыўная сістэма аховы раслін. Існуе экстэнсіўнае З. (рост вытв-сці за кошт расшырэння плошчаў) і інтэнсіўнае (рост вытв-сці за кошт дадатковых укладанняў працы і сродкаў). Вылучаюць: арашальнае З, (са штучным арашэннем), багарнае (у раёнах арашальнага З., але магчымае без паліву); сухадольнае або сухое (з дэфіцытам атм. ўвільгатнення і няўстойлівасцю прыродных умоў); устойлівае (у абласцях дастатковага ўвільгатнення); круглагадовае (у вільготных субтропіках і тропіках, з вырошчваннем 2—3 ураджаяў за год), а таксама горнае (пераважна на схілавых тэрасах), палярнае (з выкарыстаннем парнікоў) і інш. Аснова З. — паляводства, а яго гал. галіна — збожжавая гаспадарка. У 1994 сусв. вытв-сць збожжа склала 1940,1 млн. т, яго вядучыя вытворцы — Кітай (больш за 20% сусв. збору збожжа), ЗША (17%), Індыя (11%). Са збожжавых культур найважнейшае значэнне маюць пшаніца, рыс і кукуруза. У 1994 у свеце было сабрана 534,3 млн. т пшаніцы; вядучыя вытворцы — Кітай (19% сусв. вытв-сці), ЗША (12%), Індыя (11%). Прыкладна столькі ж збіраюць рысу — 531,3 млн. т (1994). Асн. рысасеючыя краіны — Кітай (больш за 30% сусв. збору) і Індыя (больш за 20%). Кукуруза — гал. зернефуражная культура. У 1994 яе вытв-сць склала 551,2 млн. т. Гал. вытворцы — ЗША (42%) і Кітай (19%). Тэхн. культуры забяспечваюць сыравінай розныя галіны прам-сці. Найб. значэнне маюць алейныя (сланечнік, соя, рапс і інш.), цукраносныя (цукр. буракі, цукр. трыснёг), валакністыя (бавоўна, лён-даўгунец, каноплі, джут і інш.). Бульбаводства — галіна З. па вырошчванні бульбы на харч., тэхн. і кармавыя мэты. Яго сусв. вытв-сць склала 283,3 млн. т (1994). Буйнейшыя вытворцы — Расія, Кітай і Польшча (удз. в. кожнай краіны складае больш за 10% сусв. валавога збору).

Аснову с.-г. вытв-сці Беларусі складае збожжавая гаспадарка. Збожжавыя культуры займаюць амаль палову ўсёй яе пасяўной плошчы (у 1996—43,2%) і выкарыстоўваюцца на харч. і фуражныя мэты. Гал. збожжавыя культуры — жыта і ячмень (гл. табл.). Вырошчваюць таксама азімую і яравую пшаніцу, авёс, грэчку; з зернебабовых — кармавы лубін, гарох, віку, фасолю. Тэхн. культуры маюць невял. ўдз. в. ў структуры пасяўных плошчаў — 2,6% (1996), але іх роля ў эканоміцы вельмі значная. Гал. тэхн. культуры — лён-даўгунец і цукр. буракі, у апошнія гады пашыраюцца пасевы рапсу. Ільнаводства сканцэнтравана пераважна ў Віцебскай, на Пн Мінскай, Гродзенскай і Магілёўскай абл., дзе найб. спрыяльныя ўмовы для вырошчвання лёну-даўгунцу. Цукр. буракі вырошчваюць у зах. і паўд.-зах. частках Беларусі. Пасевы гэтай культуры ўтвараюць сыравінныя зоны 4 цукр. заводаў. Бульбу на Беларусі вырошчваюць усюды, на яе прыпадае 11,6% пасяўной плошчы. Краіна дае каля 4% сусв. вытв-сці бульбы, займае 8—9-е месца ў свеце. Найб. пл. пасеваў гэтай культуры ў цэнтр. і паўд. раёнах. У апошнія гады скарачаюцца плошчы пад бульбай у гаспадарках грамадскага сектара. Гародніцтва і пладаводства сканцэнтраваны на параўнальна невял. плошчах вакол буйных гарадоў і прамысл. цэнтраў. Значную частку прадукцыі атрымліваюць у спецыялізаваных гаспадарках. У апошняе дзесяцігоддзе адбыліся змены ў З. на ПдУ Беларусі, што абумоўлена вынікамі аварыі 1986 на Чарнобыльскай АЭС: скарочана або цалкам спынена вырошчванне лёну, грэчкі, гароднінных і бабовых культур.

2) Навука, якая распрацоўвае спосабы рацыянальнага с.-г. выкарыстання зямлі і павышэння ўрадлівасці глебы для атрымання высокіх ураджаяў; раздзел аграноміі.

Т.​Л.​Казакова.

Валавы збор асноўных сельскагаспадарчых культур на Беларусі (тыс. т) у гаспадарках усіх катэгорый
1980 1990 1996
Збожжавыя і зернебабовыя 4108 7035 5786
Ільновалакно 61 52 49
Цукровыя буракі 1122 1479 1011
Бульба 9333 8590 10 881
Агародніна 733 749 1204
Плады і ягады 414 373 439

т. 7, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАТА (эканам.),

каштоўны высакародны метал; першы метал, які чалавек стаў выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Ёсць звесткі пра здабычу З. і выраб з яго прадметаў у Егіпце (4100—3900 да н.э.), Індыі, Індакітаі (2000—1500 да н.э.) і інш. Як адзін з найб. каштоўных металаў З. выконвае функцыі ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавар — грошы, бо ў параўнанні з інш. таварамі яно валодае шэрагам пераваг: трываласцю, якаснай аднароднасцю, падзельнасцю, партатыўнасцю (высокай вартасцю пры невял. аб’ёме і вазе), зручнасцю ў захоўванні, адноснай рэдкасцю ў прыродзе. З. ў форме зліткаў захоўваецца ў якасці залатога запасу цэнтр. банкаў, шырока выкарыстоўваецца для вырабу манет, у радыёэлектроніцы, касм. тэхніцы, прыладабудаванні, ювелірнай справе, медыцыне.

У якасці грошай З. выкарыстоўвалася яшчэ за 1500 гадоў да н.э. ў Кітаі, Індыі, Егіпце, дзяржавах Месапатаміі, у 8—7 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі. У 7 ст. да н.э. ў Лідыі пачалася чаканка першых у гісторыі манет. У Кіеўскай Русі чаканка манет з З. і серабра пачалася ў 10 ст. У час мангола-татарскага нашэсця ў рас. княствах мела хаджэнне манг. «ценьга», ад якой і паходзіць рус. назва грошай (деньги). У старажытнасці і ў сярэдневякоўі разам з З. функцыі грошай выконвалі медзь і серабро. У Расіі ў пач. 19 ст. была пачата распрацоўка радовішчаў З. на Урале і ў Сібіры. У сярэдзіне 19 ст. багатыя радовішчы З. адкрыты ў ЗША (Каліфорнія), Аўстраліі, у 1880 — у Паўд. Афрыцы. Рост сусв. здабычы З. паскорыў выцясненне абясцэненага серабра і стварыў умовы для пераходу большасці краін да залатога монаметалізму ў яго класічнай форме золатаманетнага стандарту, які ўпершыню быў уведзены ў Вялікабрытаніі ў 1821 (гл. Залаты стандарт). Традыцыйна ў якасці сусв. грошай З. выступала як усеагульны эквівалент для разлікаў спачатку асобных рынкаў, а потым і краін. У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 усе краіны адышлі ад залатога стандарту, усталявалася сістэма неразменных на З. крэдытных грошай (банкнот). Але З. застаецца грашовым металам і працягвае выконваць функцыі страхавога фонду, грашовага абарачэння і рэгулятара велічыні цыркулюючай грашовай масы.

У адпаведнасці з рашэннямі Брэтан-Вудскай канферэнцыі (1944) рэзервовай валютай для разліку краін — членаў створанага на гэтай канферэнцыі Міжнар. валютнага фонду (МВФ) разам з З. прызнаны долар ЗША. З’явілася своеасаблівая біметалічная сістэма (гл. Біметалізм), якая ў канчатковым выніку вядзе да выцяснення З. і замены адных грошай другімі. Нягледзячы на фіксаваную афіц. цану ў 35 дол. за тройскую унцыю З., рыначная цана З. ў 1972 склала 58 дол., а ў 1974—159,3 дол. за унцыю. Ямайская канферэнцыя 1975 абвясціла канчатковае зняцце З. з міжнар. абарачэння. Асн. валютай становяцца крэдытныя грошы, т.зв. спец. правы запазычвання (Special Drawing Rights), у якасці рэзервовых валют побач з доларам ЗША аб’яўлены ням. марка, франц. франк, англ. фунт стэрлінгаў. МВФ распрадаў свой залаты запас, а ўсе яго члены атрымалі эквівалентную долю СДР. У 1975 З. яшчэ захоўвала свае пазіцыі як маштаб цэн, як мера вартасці. СДР прыраўноўвалася да З. і як сродак утварэння скарбаў з прычыны таго, што краіны, якія выкупілі З. ў МВФ, папоўнілі ім свае валютныя рэзервы. Такім чынам, цяпер функцыі сусв. грошай адыгрываюць крэдытныя грошы, а ў краінах ЕС — агульнаеўрапейскія грашовыя адзінкі ЭКЮ, у якасці рэзервовых валют выступаюць банкноты ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Японіі. У СССР да сярэдзіны 1980-х г. рубель прыраўноўваўся да пэўнай колькасці З., вагавае ўтрыманне рубля складала 0,86 г З. Цяпер рубель (рас. і бел.) прыраўноўваецца да долара па курсавой суадносіне, якая ўстанаўліваецца курсавых суадносінах, якія ўстанаўліваюцца з улікам попыту і прапановы на грашовым рынку. Асн. пастаўшчыкі З.: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Расія, Канада, ЗША, Гана, Бразілія, Аўстралія, Японія. Рынкі З. ў Лондане, Цюрыху, Парыжы, Бейруце, Токіо, Сінгапуры, Нью-Йорку і інш.

Літ.:

Марфунин А.С. История золота. М., 1987;

Самуэльсон П. Экономика: Пер. с англ. Т. 2. М., 1993;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)