раннялетні сорт яблыні народнай селекцыі. Пашыраны на Беларусі; на паўн. усходзе часта падмярзае.
Дрэва сярэднярослае з круглявай кронай. Пладаносіць пасля пасадкі на 4—5 на клонавых прышчэпах — на 2—3 год. Зімаўстойлівы. Плады сярэдняй велічыні, на маладых дрэвах буйныя, круглавата-канічныя, часам маюць шво (вострая падоўжная складка скуркі плода). Афарбоўка белавата-жоўтая з шэра-зялёнымі кропкамі. Скурка ўкрыта васковым налётам, гладкая, тонкая. Мякаць белая, рыхлая, далікатная, сакавітая, буйназярністая, кісла-салодкая, пры пераспяванні мучністая. Захоўваецца не болей як 2 тыдні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛА́ЎСКАЯ (Кацярына Георгіеўна) (н. 4.9.1953, Мінск),
бел. мастачка. Дачка Г.Г.Паплаўскага і Н.М.Паплаўскай. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). Працуе ў галінах жывапісу, графікі, маст. керамікі. Творы вызначаюцца канструктыўнасцю, выразнасцю кампазіцыі, лаканізмам выяўл. мовы. Аўтар серый: графічных «Браслаўскія азёры», «Інтэр’еры» (абедзве 1980), «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (1973—87), «Новы Мінск» (1983—88), жывапісных «Замкі Францыі» (1997—98), «Стары Мінск» (1999—2000) і інш.; сервізаў, ваз, дэкар. пластыкі (1992—96), а таксама серый, якія ўключаюць жывапісныя і графічныя працы: «Па Швейцарыі» (1995), «Па Германіі» (1995—97).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Васіль Сцяпанавіч) (8.1.1894, г.п. Кіквідзе Валгаградскай вобл., Расія — 2.7.1967),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген.-палк. (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваен. акадэмію РСЧА (1922). У арміі з 1916. Удзельнік грамадз. 1918—20, сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял.Айч. вайну з 1942 камандуючы 10-й арміяй Зах. фронту, потым нам. камандуючага 1-м Бел. фронтам, з мая 1944 камандуючы 70-й арміяй, якая ўдзельнічала ў Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944, вызваленні Брэста. Да 1960 у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—50.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДО́ЎСКІ (Аляксандр) (псеўд.А с трога; 1836, Люблінскае ваяв., Польшча, паводле інш. звестак Беларусь або Галіцыя —7.2.1890),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Служыў у рус. арміі, паручнік кавалерыі. У 1863 узначаліў паўстанцкі атрад у Ашмянскім пав., пасля гібелі Л.Т.Нарбута паўстанцкі ваен. начальнік Лідскага пав. З рэшткамі атрада Нарбута перайшоў у Гродзенскую пушчу, злучыўся з атрадам А.А.Лянкевіча і потым дзейнічаў у Аўгустоўскім ваяв. Мяркуюць, што ў атрадзе П. ваяваў Ф.Багушэвіч. У канцы 1863 распусціў атрад і эмігрыраваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАСО́НІК (Lepiota),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. шампіньёнавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў зонах з трапічным і субтрапічным кліматам. На Беларусі 7 відаў. Найб. вядомыя П.: востралускаваты (L. acutesquamosa), грабеньчаты (L. cristata), дробнашчытападобны (L. clypeolaria). Трапляюцца ў лясах, парках, сярод травы з чэрв. па кастрычнік.
Пладовае цела — шапка на ножцы дыям. 2—13 см, яйцападобная або званочкавая, потым распасцёртая, са шматлікімі лускавінкамі. Пласцінкі свабодныя, белыя. Ножка цыліндрычная, з нерухомым кольцам, выш. да 12 см. Споры бясколерныя, гладкія. Ядавітыя, ёсць ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРУБО́ЦКАЯ ГРАМАДА́ (ад укр. парубок — хлопец, халасцяк),
аб’яднанне, саюз нежанатай моладзі на ПдЗБеларусі і на Украіне; перажытак старадаўніх мужчынскіх саюзаў, у якім зберагліся сляды першабытнага калектывізму. Існавала да пач. 20 ст. У П.г. прымалі хлопцаў з 17—18-гадовага ўзросту. Унутры саюза існавалі звычаі і няпісаныя правілы паводзін у адносінах да сваіх сяброў і дзяўчат-аднавясковак. За ўступленне ў П.г. браўся невялікі грашовы ўзнос. Мела агульную касу, выбарнага атамана, месца зборышчаў (на вуліцы, ігрышчах, вячорках). Адыгрывала пэўную ролю ў грамадскім жыцці вёскі, карысталася прызнаннем бацькоў, сельскай грамады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТЭРЭЛЁЗ,
гемарагічная септыцэмія, інфекцыйная хвароба птушак, свойскіх жывёл і чалавека, якую выклікаюць бактэрыі пастэрэлы. Пашыраны ўсюды, у т. л. на Беларусі. Хварэюць куры, гусі, качкі (халера птушак), буйн. раг. жывёла, авечкі, свінні. Крыніца інфекцыі — хворыя і перахварэлыя жывёлы. Узбуджальнік выдзяляецца з насавымі выцяканнямі, выдыхаемым паветрам і інш. Пераносчыкі — грызуны, кляшчы. Заражэнне адбываецца аэрагенным і аліментарным шляхамі, таксама праз пашкоджаную скуру. Пры вострай форме П. — з’явы септыцэміі з утварэннем на серозных і слізістых абалонках шматлікіх кровазліццяў. У жывёл высокая смяротнасць. Чалавеку П. перадаецца праз свойскіх жывёл, птушак. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎТАНКАРУ́ННЫЯ АВЕ́ЧКІ,
пароды авечак з аднароднай паўтонкай воўнай, якая складаецца з грубых пуховых, тонкіх пераходных валокнаў, ці з іх сумесі. Асн. кірункі паўтанкаруннай авечкагадоўлі: мяса-воўнавы (гемпшырская парода, латвійская цёмнагаловая парода, куйбышаўская, літоўская, паўночнакаўказская парода, оксфардшыр, ромнімарш і інш.), воўна-мясны (грузінская і цыгайская пароды). Пароды П.а. значна адрозніваюцца паміж сабой паказчыкамі прадукцыйнасці і знешнім выглядам. Воўна П.а. выкарыстоўваецца для вытв-сці высакаякасных тканін, трыкатажу; аўчына — для вырабу футра пад выдру, нутрыю, марскога коціка і інш. На Беларусі гадуюць латвійскую цёмнагаловую пароду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЕ́ЕЎ (Мікалай Паўлавіч) (16.5.1919, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 27.9.1972),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Камышынскае танк. вучылішча (1943), Вышэйшую афіцэрскую школу самаходнай артылерыі (1951). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Сталінградскім, Бранскім, 1-м Прыбалт., 3-м Бел. франтах. Удзельнік баёў на тэр.Беларусі, Літвы, Латвіі, Усх. Прусіі. Танк. рота на чале з лейт. П. вызначылася 18—21.9.1944 у раёне г. Елгава і Добеле (Латвія) пры адбіцці наступлення праціўніка. Пасля вайны ў нар. гаспадарцы, у 1949—70 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦІ́Р (грэч. potēr чаша, кубак),
літургічная пасудзіна для прычашчэння (еўхарыстыі) ў выглядзе чашы на высокай складанапрафіляванай ножцы (стаян) з падножжам (паддон). Вырабляюць пераважна з каштоўных металаў і вырабных камянёў, упрыгожваюць каштоўнымі камянямі, перагародчатай эмаллю, чаканкай, гравіроўкай і інш. На П. змяшчаюць сімвалічныя выявы вінаграднай лазы, «Дрэва жыцця» (вобразы «Нябеснага царства», Хрыста, Усяленскай царквы і раю), Дэісус (вобразы святых заступнікаў). Форма і характар дэкору вызначаліся пануючым маст. стылем. Вядомы з 2 ст. На Беларусі выраб П. пашыраны ў канцы 15—19 ст.