МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ ЭВМ,

сукупнасць алгарытмаў, выліч. метадаў, а таксама праграмных комплексаў, апісанняў і інструкцый па выкарыстанні розных кампанентаў электронных вылічальных машын. Характарызуе матэм. і логікавыя магчымасці ЭВМ. Рэалізуецца апаратнымі, мікрапраграмнымі і праграмнымі сродкамі. Адрозніваюць М.з. агульнае (пастаўляецца разам з машынай) і спецыяльнае (распрацоўваецца карыстальнікам машыны). Агульнае М.з. грунтуецца на аперацыйнай сістэме і комплексах абслугоўвання праграм, спецыяльнае — на праграм пакетах. Гл. таксама Праграмнае забеспячэнне.

т. 10, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГАБІЯЦЭНО́З (ад мега... + біяцэноз),

сукупнасць папуляцый біял. відаў і біягенных рэчываў, якія ствараюць пэўную экасістэму. Уключае прадуцэнтаў, кансументаў і рэдуцэнтаў у межах біягеацэнозу, сучаснае жывое рэчыва і рэчыва папярэдніх эпох, якія разам з біягенамі пастаянна або перыядычна (выпадкова) прымалі ўдзел у стварэнні, развіцці і функцыянаванні пэўнай экасістэмы (біяцэнозу); цяпер не існуюць, але ў пераўтвораным стане працягваюць уплываць на яе існаванне.

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОРФАГЕНЕ́З (ад морфа + ...генез),

формаўтварэнне, узнікненне і развіццё структур арганізма ў індывідуальным (антагенез) і эвалюцыйным (філагенез) развіцці. Індывідуальны М. — сукупнасць працэсаў развіцця аплодненай яйцаклеткі, што прыводзіць да ўтварэння складанага шматклетачнага арганізма. У філагенет. М. пры атрыманых у спадчыну зменах генома відазмяняюцца морфагенет. карэляцыі арганізма. Працэсы, што спрыяюць выжыванню віду, замацоўваюцца натуральным адборам, у выніку паяўляюцца патомкі з новай структурай.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЗЛО́ТНЫ РЭЛЬЕ́Ф, крыягенны рэльеф, крыягенная морфаскульптура,

сукупнасць форм рэльефу, паходжанне і развіццё якіх звязана з працэсамі прамярзання і адтайвання грунтоў. Характэрны пераважна для палярных абласцей, дзе пашыраны шматгадовамёрзлыя грунты, трапляецца таксама ў высакагор’ях. Уключае бугры пучэння, курумы, саліфлюкцыйныя тэрасы, паліганальныя ўтварэнні і інш. На тэр. Беларусі М.р. развіваўся ў часы зледзяненняў (захаваліся яго сляды, напр., тэрмакарставыя азёры і сподкі, бугры пучэння).

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНАЯ СІГНАЛІЗА́ЦЫЯ,

сукупнасць тэхн. сродкаў для выяўлення пажару, паведамлення аб месцы яго ўзнікнення, а таксама кіравання тэхн. сродкамі проціпажарнай аховы ці інш. абсталяваннем. Мае сетку пажарных апавяшчальнікаў для выяўлення небяспечных фактараў пажару (напр., дыму, выпрамянення, полымя, прадуктаў няпоўнага згарання) і пераўтварэння іх у эл. сігнал з мэтай далейшай перадачы, прыёмна-кантрольнае абсталяванне для апрацоўкі інфармацыі, крыніцы электрасілкавання, кампаненты кіравання інш. сістэмамі.

т. 11, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ДЫ (ад грэч. plastides якія ўтвараюць ад plastos вылеплены),

цытаплазматычныя структуры (арганоіды) расліннай клеткі. Кожная пластыда абмежавана дзвюма мембранамі. Разнастайныя па форме, памерах, будове, функцыі. Па афарбоўцы адрозніваюць П. зялёныя — хларапласты, жоўта-аранжавыя і чырв. храмапласты і бясколерныя — лейкапласты. Магчымы ўзаемныя пераўтварэнні. Звязаны паміж сабой адзіным паходжаннем. Звычайна ў клетцы знаходзіцца адзін з вызначаных трох тыпаў. Сукупнасць усіх П. клеткі наз. пластыдома.

т. 12, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЛЯ (франц. rôle),

1) літаратурны персанаж у драме (кінасцэнарыі) і адпаведны сцэн. (кінематаграфічны) вобраз, увасоблены акцёрам у спектаклі (фільме, радыёп’есе). Р. бываюць камед., трагедыйныя, драм., трагікамічныя і г.д. Вылучаюцца таксама першыя (гал.) і другія (другасныя), выхадныя (без слоў або з мінім. колькасцю тэксту), эпізадычныя. Р. таксама наз. сукупнасць тэксту дзеючай асобы ў п’есе (фільме).

2) У муз. т-ры — тое, што партыя.

т. 13, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пляба́н ’рымска-каталіцкі пробашч’, пляба́нія, пляба́ня ’парафія, пасада плябана’, ’дом, які належыць парафіі і ў якім жыве ксёндз’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Янк. БП, Нас.; Сцяшк. МГ). Ст.-бел. плебань ’каталіцкі прыхадскі свяшчэннік’ (з 1489 г.), плебания, плебанея ’прыход ксяндза’ (1528 г.) са ст.-польск. pleban, plebanija ’тс’, якія з с.-лац. plēbānus, plēbānia < plēbs ’парафія, крыніца даходаў, сукупнасць парафіян, якія плацілі дзесяціну за імшу, хрост, шлюб і да т. п.’

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плятня́1 ’лазіва, прыстасаванне для лазання на дрэва з мэтай выдзёўбвання борці і паднімання калоды’ (Нікан.), ’сплецены з лазы гуж для звязвання плытоў’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Параўн. польск. płatnica ’ліна, вяроўка, перавясла, сплеценыя з канапель і саломы’; рус. плеть ’лазіва ў бортніка’. Да плесці (гл.).

Плятня́2 ’маток зблытапых нітак’ (маст., Сл. ПЗБ), ’калонія, сукупнасць (грыбоў)’ (даўг., Сл. ПЗБ). Да сплятацца, плесці (гл.).

Плятня́3 ’хлусня, плёткі’ (Нас., ТС). Гл. плятаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нумара́цыя, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. нумараваць. Нумарацыя старонак.

2. Лічбавае абазначэнне прадметаў, якія змяшчаюцца ў паслядоўным парадку. [Валя] хвалявалася, паднімаючыся на крутых ўсходах і прыглядаючыся да нумарацыі кватэр. Чорны.

3. Сукупнасць прыёмаў называння і абазначэння лікаў; сістэма злічэння. Дзесятковая нумарацыя.

[Лац. numeratio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)