КУЗЬМІ́Н (Мікалай Васілевіч) (18.12.1890, г. Сярдобск Пензенскай вобл., Расія — 1987),

расійскі графік Нар. маст. Расіі (1972). Чл.-кар. АМ СССР (1967). Скончыў Рысавальную школу ў Пецярбургу (1914), вучыўся ў Петраградскай АМ (1922—24). Супрацоўнічаў з час. «Весы» (1909), «Аполлон» (1910), «Сатирикон» (1912—14). Свабодныя па манеры малюнкі, часам падфарбаваныя акварэллю, тонка перадаюць эмацыянальны лад літ. твораў: «Яўген Анегін» А.​Пушкіна (1933), «Тэатр» А.​Мюсэ (1934), «Маскарад» М.​Лермантава (1949), «Ляўша» М.​Ляскова (1955, 1961), «Думкі і афарызмы» Казьмы Пруткова (1962), «Малалетні Вітушышнікаў» Ю.​Тынянава (1966) і інш.

М.Кузьмін. Ілюстрацыя да рамана А.​Пушкіна «Яўген Анегін». 1933.

т. 8, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛА́ГІН (Мікалай Міхайлавіч) (19.1.1860, с. Шылавічы Духаўшчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 1.3.1940),

бел. і расійскі заолаг і энтамолаг. Акад. АН Беларусі (1934), УАСГНІЛ (1936). Чл.-кар. Рас. АН (1913), АН СССР (1925). Скончыў Маскоўскі ун-т (1884), працаваў у ім (з 1919 праф.), адначасова ў 1934—36 дырэктар Ін-та біял. навук АН Беларусі. Навук. працы па пчалярстве, барацьбе са шкоднікамі с.-г. культур, размнажэнні, спадчыннасці і эвалюцыі жывёл, старэнні і смерці арганізма.

Тв.:

Вредные насекомые и меры борьбы с ними. Т. 1—2. 4 изд. М.; Л., 1927—30;

Зоология. 2 изд. М., 1938.

М.М.Кулагін.

т. 8, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСЯНКО́Ў (Мікола) (Мікалай Сяргеевіч; н. 11.2.1935, в. Перарост Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1971), БДУ (1982). У 1956—69 у Гомельскай лесаўпарадчай экспедыцыі. З 1971 працаваў у газетах і часопісах, на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1985 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1955. Піша пра родны край, асабіста перажытае. Аўтар зб-каў вершаў «Жывіца» (1966), «Без прывалу» (1969), «Дуброва» (1990, Літ. прэмія імя А.​Куляшова, 1991), апавяданняў «Завязь» (1987); раманаў «Явар з калінаю» (1994), «Арляк і зязюля» (1997). У творах — трывога за лёс роднай зямлі, яе людзей і прыроды.

М.Кусянкоў.

т. 9, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЙКІН (Мікалай Аляксандравіч) (19.12. 1841, С.-Пецярбург — 19.1.1906),

рускі пісьменнік-гумарыст, журналіст. Вучыўся ў Пецярбургскім рэфарматарскім вучылішчы (1853—58). Друкаваўся з 1860. Асн. тэма шматлікіх апавяданняў, нарысаў, сцэнак, п’ес, аповесцей, раманаў — норавы пецярбургскага купецтва і чыноўніцтва, асн. жанр — сцэнкі. Нават яго раманы («Стукін і Хрустальнікаў. Банкавая эпапея», 1886; «Сатыр і німфа», 1888, і інш.) уяўляюць сабой шэраг сцэн, звязаных агульнасцю герояў і фабулы. У 1881—1905 — рэдактар-выдавец гумарыстычнага час. «Осколки», у які прыцягнуў многіх б. супрацоўнікаў час. «Искра» і А.​Чэхава.

Тв.:

Повести, рассказы и драматические сочинения. Т. 1—2. СПб., 1871.

т. 9, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГО́ЎСКІ (Мікалай Пятровіч) (14.12. 1911, в. Равуча Талачынскага р-на Віцебскай вобл. —25.6.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Камандзір стралк. батальёна капітан Л. вызначыўся ў 1944 пры вызваленні Віцебскай вобл.: 23 чэрв. батальён на чале з ім прарваў абарону ворага, заняў в. Гуркі і Ермакі, выйшаў у тыл праціўніка, адбіў 9 контратак, вызваліў в. Крупчына і Засіннікі. 24 чэрв. фарсіраваў Зах. Дзвіну, захапіў плацдарм, выйшаў на шашу Віцебск—Бешанковічы, дзе злучыўся з падраздзяленнямі войск 3-га Бел. фронту. Л. загінуў у баі.

М.П.Лугоўскі.

т. 9, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУПСЯКО́Ў (Мікола) (Мікалай Радзівонавіч; 4.3.1919, Масква — 12.2.1972),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1941). Друкаваўся з 1935. У апавяданнях і аповесцях (кн. «Першая атака», 1946; «Мост», 1947; «Дружба», 1952; «Чырвоны бераг», 1954; «Паядынак», 1957; «У вераб’іную ноч», 1958; «Ля пераправы», 1959; «Прырэчча», 1961; «На берагах Дняпра», 1966) любоў да людзей працы, роднай прыроды. У нізцы «Вясковыя паданні» (1958) паказаў псіхалагічна глыбокія чалавечыя характары, яскравыя малюнкі складанага жыцця. Аўтар кніг апавяданняў для дзяцей «Разведчыкі» (1949), «На вірах» (1974), аповесці «Я помню...» (1964).

Тв.:

Выбр. тв. Мн., 1968;

Міхалаў дуб. Мн., 1974;

Дняпроўская чайка: Апавяданні. Мн., 1988.

М.Лупсякоў.

т. 9, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЮШЫ́ЦКІ (Мікалай Кірылавіч) (26.1.1872, г.п. Бялынічы Магілёўскай вобл. — 28.8.1929),

бел. вучоны ў галіне аграхіміі і раслінаводства. Акад. АН Беларусі (1928). Скончыў Маскоўскі с.-г. ін-т (1900). З 1900 у Кіеўскім політэхн. ін-це, з 1920 праф. Кіеўскага с.-г. ін-та (з 1921 заг. кафедры). Навук. працы па аграхіміі, прыкладной батаніцы, селекцыі і агратэхніцы с.-г. раслін. Вывучаў глебавае жыўленне раслін, уплыў асматычнага ціску глебавага раствору на рост, развіццё і ўраджай збожжавых культур, цукр. буракоў і бульбы.

Тв.:

К вопросу о значении эвапорометрических показанпй для запросов сельскохозяйственной практики // Изв. Моск. с.-х. ин-та. 1900. Кн. 3.

т. 10, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСАЛІ́ЦІНАЎ (Мікалай Восіпавіч) (24.2.1880, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 22.3.1961),

расійскі і балгарскі акцёр, рэжысёр. Брат В.В.Масаліцінавай. Нар. арт. Балгарыі (1948). Скончыў драм. школу пры Малым т-ры ў Маскве (1907). У 1907—19 акцёр МХТ. Сярод роляў: Скалазуб («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Салёны («Тры сястры» А.​Чэхава). З 1925 у Балгарыі, да 1944 гал. рэжысёр, рэжысёр Нар. т-ра ў Сафіі. Паставіў спектаклі «Беспасажніца» А.​Астроўскага, «Квадратура круга» В.​Катаева, «Платон Крэчат» А.​Карнейчука, «Царская міласць» К.​Зідарава і інш. З роляў: Тарцюф («Тарцюф» Мальера), Матыяс Клаўзен («Перад захадам сонца» Г.​Гаўптмана). Дзімітраўская прэмія 1950.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛАЎ (Мікалай Фёдаравіч) (12.12. 1912, с. Малая Валчанка Круціхінскага р-на Алтайскага краю, Расія — 5.2.1992),

бел. харавы дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1939, клас П.​Часнакова). У 1940—41 працаваў з хорам Бел. радыёкамітэта, з 1944 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, у 1947—67 кіраваў дзіцячым хорам Сярэдняй спец. муз. школы пры Бел. кансерваторыі. Адначасова выкладаў у Бел. кансерваторыі (1940—76, з 1963 дацэнт), Мінскім муз. вучылішчы (1945—49), Мінскім ін-це культуры (1977—87). Сярод яго вучняў В.​Варатнікоў, К.Паплаўскі, А.​Чопчыц, Я.Яравой і інш.

Т.​Г.​Слабодчыкава.

т. 10, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІГУ́ЛА (Мікалай Паўлавіч) (н. 7.11.1936, Мінск),

бел. спартсмен і трэнер (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1968). Засл. трэнер Беларусі (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1959). У 1954—86 спартсмен-інструктар ЦСКА, выкладчык Вышэйшага інж.-зенітнага ракетнага вучылішча (Мінск); у 1986—91 трэнер нац. каманды Беларусі па спарт. гімнастыцы. У 1977—80 старшыня Федэрацыі гімнастыкі Беларусі. Сярэбраны прызёр XVII Алімп. гульняў (1960, Рым) у камандным першынстве. Чэмпіён СССР (1960) у практыкаваннях на брусах. Шматразовы чэмпіён Беларусі (1955—67). Сярод выхаванцаў — Н.Кім, А.​Малееў (сярэбраны прызёр XX Алімп. гульняў, 1972). З 1991 у ЗША, трэнер па гімнастыцы.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)