ВІ́ТГЕНШТЭЙНЫ, Сайн-Вітгенштэйны (Sain-Wittgenstein),

старажытны род імперскіх графаў у Германіі. Меў шмат адгалінаванняў. У 1761 у час Сямігадовай вайны 1756—63 Хрысціян Людвіг Казімір Вітгенштэйн з людвігсбург-карлсбургскай галіны роду трапіў у палон і перайшоў на службу Расіі. З яго нашчадкаў найб. вядомы П.Х.Вітгенштэйн — военачальнік у час вайны 1812. Яго сын князь Людвіг Леан (Леў Пятровіч; 1799—1866) у 1828 ажаніўся са Стафаніяй Радзівіл (1809—32), дачкой Дамініка і адзінай законнай наследніцай згаслай нясвіжскай галіны Радзівілаў. З гэтым шлюбам да Вітгенштэйна перайшла значная частка вялізных радзівілаўскіх маёнткаў: б. Слуцкае і Капыльскае княствы, мяст. Глыбокае, Мір, Карэлічы, Смалявічы і інш. (каля 1,2—1,3 млн. дзесяцін зямлі, 40—120 тыс. душ). Людвіг Леан пакінуў сына Пятра, які ў 1887 памёр без нашчадкаў, і дачку Марыю, што выйшла замуж за герм. князя Хлодвіга Карла Віктара Гогенлоэ (1819—1901), будучага імперскага канцлера Германіі. Апошняму перайшлі бел. ўладанні Вітгенштэйна, якія потым былі распрададзены. Прадстаўнікі роду працягвалі служыць Рас. імперыі да 1917.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РЫВА,

асноўны прыём мех. апрацоўкі глебы адвальнымі плугамі. Падтрымлівае рыхласць ворнага слоя, садзейнічае рэгуляванню паветранага, воднага, цеплавога і пажыўнага рэжымаў глебы, знішчэнню шкоднікаў культурных раслін, узбуджальнікаў хвароб і пустазелля. Пры ворыве адбываецца падразанне пласта, яго пераварочванне, крышэнне, рыхленне, перамешванне, зараўноўванне, паскарэнне мінералізацыі раслінных рэшткаў, арган. і мінер. угнаенняў, меліярантаў.

Ворыва робяць плугамі рознага тыпу суцэльным (гладкім) або загонным спосабам. Від і глыбіня ворыва залежаць ад глебава-кліматычных умоў, тыпу глебы і яе грануламетрычнага складу, магутнасці перагнойнага гарызонта, эрадзіраванасці глебы, біял. асаблівасцей с.-г. культур, апрацоўкі глебы для папярэдніка, фітасанітарнага стану і інш. Рэкамендуюцца таксама безадвальная апрацоўка глебы і глыбокае падворыўнае рыхленне — спосабы, якія садзейнічаюць прыродаахоўным і энергазберагальным тэхналогіям. Адрозніваюць віды ворыва: культурнае — плугам з перадплужнікам або камбінаванымі адваламі; адваротам пласта — абгортванне на 180°; плантажнае — на глыб. больш за 40 см; яруснае (паслойнае) — па гарызонтах (слаях) на глыб. 0—15, 15—30 см і болей з вынясеннем або без вынясення ніжніх падворыўных слаёў. Ва ўмовах Беларусі час ворыва ў сістэме зяблевай апрацоўкі — восень.

Л.В.Круглоў.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРБЛЮ́ДЫ (Camelus),

род млекакормячых сям. вярблюдавых атр. парнакапытных. 5 відаў, у т. л. 2 сучасныя: вярблюд аднагорбы, або драмедар (Camelus dramedarius), і вярблюд двухгорбы, або бактрыян (Camelus bactrianus). Пашыраны ў пустынях і сухіх стэпах Усх. Еўропы, Азіі, Афрыцы.

Даўж. цела да 3,6 м, выш. ў плячах да 2,5 м, маса да 800 кг. Поўсць вярблюда аднагорбага чырванавата-шэрая, двухгорбага — цёмна-бурая. Шыя доўгая, дугападобная. На запясцях, локцях, грудзях і каленях мазалі, таму вярблюды здольны ляжаць на гарачым (да 70 °C) грунце. Лапы шырокія, мяккія, лёгка ідуць па сыпучых пясках. У гарбах назапашваецца тлушч (да 120 кг), які расходуецца пры нястачы корму. Доўгі час (да 10 сут) могуць абыходзіцца без піцця (трацяць да 25% масы) і піць саленаватую ваду. Кормяцца раслінамі, у т. л. калючымі. Раз у 2 гады нараджаюць 1 дзіцяня. Прыручаны чалавекам больш за 5 тыс. гадоў назад. Выкарыстоўваюцца як запражныя, уючныя і верхавыя жывёлы. Ад вярблюдаў атрымліваюць малако, мяса, шэрсць, тлушч. Гл. Вярблюдагадоўля.

т. 4, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІНЦЭ́ВІЧЫ, Адынцэвічы,

старажытны княжацкі род герба «Адынец» у ВКЛ. Верагодна, з нашчадкаў Рурыкавічаў, хоць іх уласны радавод у Супрасльскім рукапісе прыпісвае родапачынальніку Івану Адынцу паходжанне «ад немцаў». У 15—16 ст. Адзінцэвічы валодалі часткай Друцкага княства з маёнткамі Багрынава, Гольцава, Рэпухава, Шыйкі, а таксама Нястанавічамі ў Менскім пав. Вызнавалі праваслаўе. Значнай ролі ў паліт. жыцці не адыгрывалі.

У 1432 упамінаецца Фёдар Андрэевіч як прыхільнік Свідрыгайлы. Ад трох яго сыноў пайшлі асобныя лініі Адзінцэвічаў: гольцаўская (згасла ў пач. 16 ст.), багрынаўская (верагодна, згасла ў пач. 17 ст.) і дзярэчынская (найб. значная). Прадстаўнік апошняй Сямён Багданавіч (? — 1542), староста любашанскі (1536), праз шлюб з княжной Н.М.Сангушкаўнай набыў частку Дзярэчына ў Слонімскім пав. Яго сын Андрэй (? — 1566), ротмістр каралеўскі (1555), маршалак і староста аршанскі (1559), памёр без нашчадкаў.

На працягу 17—19 ст. вядомы шляхецкія роды з прозвішчамі Адзінцэвіч і Адынец. Яны, найб. верагодна, не маюць дачынення да княжацкага роду Адзінцэвічаў.

В.Л.Насевіч.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЭ́ЗКІ,

у Рас. імперыі землі, адрэзаныя ад сял. надзелаў на карысць памешчыкаў у ходзе сялянскай рэформы 1861. Памяншэнне сял. надзелаў адбывалася, калі надзел быў большы за вышэйшую норму або калі ў памешчыцкім маёнтку заставалася менш за трэць (у стэпавай паласе менш за палову) прыдатных зямель. Адрэзкі рабіліся і пры атрыманні сялянамі т.зв. даравальнага надзелу. Адрэзаныя землі былі жыццёва неабходныя сялянам (ворыва, паша, лугі і інш.). Гэта давала магчымасць памешчыкам здаваць сялянам адрэзкі ў арэнду на кабальных умовах.

На Беларусі, паводле ўстаўных грамат, на б.ч. тэр. Магілёўскай губ. адрэзкі склалі 12,7%, у Гродзенскай губ. — 9,8%, у Мінскай (без Навагрудскага і Пінскага пав., паводле заніжаных звестак) — 2% надзельных зямель. У склад надзелаў не ўключаліся т.зв. прыёмныя землі, што знаходзіліся ў часовым карыстанні сялян, іх пазбавілі і сервітутаў. У час паўстання 1863—64 царызм пайшоў на некат. ўступкі (вернуты частка адрэзаных зямель і права часова карыстацца сервітутнымі ўгоддзямі, на 20% паменшаны выкупныя плацяжы і інш.), але гэта не змяніла грабежніцкага характару рэформы.

В.П.Панюціч.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕС ((Heβ) Рудольф) (26.4.1894, г. Александрыя, Егіпет — 17.8.1987),

адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі. У 1-ю сусв. вайну разам з А.Гітлерам ваяваў на Зах. фронце. Вучыўся ў Мюнхенскім ун-це, дзе пад уплывам лекцый па геапалітыцы К.Гаўсгофера сфарміраваўся як нацыст. З 1920 чл. нацыянал-сацыялісцкай партыі. За ўдзел у путчы Гітлера і Э.Людэндорфа ў Мюнхене (ліст. 1923) асуджаны. У 1925—32 асабісты сакратар Гітлера, з крас. 1933 яго нам. па партыі. З чэрв. 1933 рэйхсміністр без партфеля. Гес адыграў гал. ролю ва ўстанаўленні культу Гітлера, адзін з арганізатараў задушэння герм. дэмакр. сіл і ўкаранення сістэмы «татальнага шпіянажу». У 2-ю сусв. вайну 10.5.1941 здзейсніў адзіночны пералёт у Шатландыю (т.зв. місія Геса), ад імя Гітлера прапанаваў брыт. ўраду заключыць мір і прыняць удзел у вайне супраць СССР; інтэрніраваны. У 1946 на Нюрнбергскім працэсе прыгавораны як адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў да пажыццёвага зняволення, якое адбываў у турме Шпандаў (Зах. Берлін). Скончыў самагубствам.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНОЙ,

1) у сельскай гаспадарцы арганічнае ўгнаенне з цвёрдых і вадкіх выдзяленняў жывёл з подсцілам або без яго. Мае азот, фосфар, калій, мікраэлементы, якія павышаюць біял. актыўнасць глебы. Выкарыстоўваюць гной цвёрды (на саламяным і тарфяным подсціле), паўвадкі і вадкі. Асабліва эфектыўны на дзярнова-падзолістых пясчаных і супясчаных глебах, дзе з’яўляецца крыніцай пажыўных рэчываў і меліяравальным сродкам, паляпшае аграхім. і фіз. ўласцівасці глеб на некалькі гадоў.

Хім. састаў і ўласцівасці гною залежаць ад віду жывёл, якасці кармоў і подсцілу, спосабаў яго прыгатавання і захоўвання. У сярэднім ад спажываных кармоў у гной пераходзяць каля 40% арган. рэчыва, 50—70% азоту, 80% фосфару, да 90% калію. Конскі і авечы гной мае больш пажыўных рэчываў, чым свіны і буйн. раг. жывёлы. Гной зберагаюць у гнаясховішчах. Выкарыстоўваюць ў чыстым выглядзе, як тарфагнойныя кампосты разам з мінер. ўгнаеннямі.

2) У медыцыне адзін з відаў запаленчага выпату (эксудату), непрыемная на пах густая вадкасць жоўтага або шэрага колеру, якая ўтвараецца ў тканках арганізма пры іх запаленні.

т. 5, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФІ́Т (ням. Graphit ад грэч. graphō пішу),

мінерал класа самародных элементаў; найб. пашыраная і ўстойлівая ў зямной кары паліморфная мадыфікацыя вугляроду. Мае прымесі газаў, вады, бітумаў, мікраэлементаў. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Структура слаістая. Звычайна цёмна-шэрыя да чорных ліставатыя, лускаватыя агрэгаты, канкрэцыі, суцэльныя масы. Бляск металічны. Цв. 1—2. Шчыльн. 2,2 г/см³. Тлусты навобмацак. Вогнетрывалы, не плавіцца пры нармальным ціску, т-ра сублімацыі вышэй за 4000 К. Электраправодны, хімічна ўстойлівы. Трапляецца ў магматычных і метамарфічных пародах. Разнавіднасці: графітыт — скрытакрышт. рознасць, шунгітаморфная рознасць. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці плавільных тыгляў, ліцейнай справе, у атамнай прам-сці, пры вытв-сці электродаў, алоўкаў, шчолачных акумулятараў, сухіх элементаў, кантактных шчотак. Радовішчы графіту ў Расіі, на Украіне, у ЗША і інш. На Беларусі вядомы рудапраяўленні графіту ў крышт. фундаменце. Графіт атрымліваюць таксама штучным шляхам — награваннем антрацыту без доступу паветра. Блокі з чыстага штучнага графіту выкарыстоўваюць у ядзернай тэхніцы, як пакрыцці для соплаў ракетных рухавікоў і інш.

У.Я.Бардон.

т. 5, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ТКА́ЦТВА,

народнае мастацкае ўзорыстае ткацтва на Гродзеншчыне. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 17 ст. Ткачыхі выраблялі высокамастацкія рэчы — посцілкі, ручнікі, абрусы, дываны, падвойныя дываны і інш., у розных тэхніках: перабору, закладання, шматнітовага ткацтва. Посцілкі і дываны звычайна ткалі ў палосы без танальных адценняў і з адценнямі («вясёлка»), часам у клетачку. У апошні час пашырыліся кампазіцыі з каляровых палос, якія чаргуюцца з раслінным арнаментам, найб. тыповыя — зблянскія посцілкі з насычанай колеравай гамай (зялёны, малінавы, жоўты, чырвоны, фіялетавы). Ручнікам і абрусам уласціва серабрыста-белая гама. На аснове развітога нар. ткацтва ў 18—19 ст. былі засн. Гродзенскія каралеўскія мануфактуры, дзе выраблялі шпалеры (гл. Гродзенскія дываны), паясы (гл. Гродзенскія паясы) і інш. У 1920-я г. на Гродзеншчыне былі створаны прамысл. арцелі, а пасля Айч. вайны нар. майстры працавалі ў сістэме ф-к маст. вырабаў Гродна, Слоніма, дзе вырабляліся як унікальныя рэчы, так і прадметы шырокага ўжытку ў традыц. формах. У наш час ткацтва паступова перастала быць промыслам і стала заняткам асобных майстрых.

Дз.С.Трызна.

т. 5, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́НАЕ ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ пры СНК СССР

(АДПУ),

орган па ахове дзярж. бяспекі ў СССР у 1923—34. Створана 2.11.1923 у выніку рэарганізацыі Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення РСФСР і ДПУ саюзных рэспублік у сувязі з утварэннем СССР. Паводле Палажэння аб АДПУ ад 15.11.1923 яно стваралася «з мэтай аб’яднання рэв. намаганняў рэспублікі па барацьбе з паліт. і эканам. контррэвалюцыяй, шпіянажам і бандытызмам». Узначальвалі АДПУ Ф.Э.Дзяржынскі, з 1926 В.Р.Мянжынскі. АДПУ кіравала ДПУ саюзных рэспублік і асобымі аддзеламі, а таксама трансп. органамі, аховай граніц СССР, аператыўнай работай у агульнасаюзным маштабе, мела ў распараджэнні асобыя войскі. У 1923 паводле пастановы ЦВК СССР пры АДПУ створана Калегія, або асобая нарада, якая без суда разглядала справы і выносіла рашэнні аб накіраванні ў канцлагеры або расстрэле асоб, прызнаных вінаватымі. Загадам старшыні АДПУ ад 2.2.1930 пры паўнамоцных прадстаўніцтвах АДПУ у рэспубліках і абласцях былі сфарміраваны «тройкі» з такімі ж паўнамоцтвамі. АДПУ скасавана ў выніку рэарганізацыі дзярж. апарату СССР. Замест яго ў сістэме НКУС створана Гал. ўпраўленне дзяржбяспекі.

І.М.Кузняцоў.

т. 1, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)