МА́ГНІЕВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць метал. магній або яго злучэнні ў колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Да М.р. адносяць больш за 100 мінералаў, у т. л. брусіт (41,7% магнію), магнезіт (28,8%), даламіт (18,2%), кізерыт (17,6%), бішафіт (12%), лангбейніт (11,7%), эпсаміт (9,9%), каініт (9,8%), карналіт (8,8%), расолы (2% MgO) і марскую ваду (0,13%). Асн. прамысл. радовішчы — асадкавыя, другасныя — метамарфічныя і гіпергенныя. Радовішчы ў Расіі, Бразіліі, Індыі, Аўстраліі, ЗША і інш. На Беларусі ў якасці М.р. выкарыстоўваюцца карналіт і дэвонскія расолы ў Прыпяцкім саляносным басейне.
т. 9, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖАРО́ЎСКІ (Валянцін Васілевіч) (н. 4.4.1948, в. Пяшчаніца Жытомірскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне прыкладной механікі. Д-р тэхн. н. (1993), праф. (1994). Скончыў Львоўскі ун-т (1971). З 1971 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі, з 1993 у Гомельскім ун-це імя Ф.Скарыны. Навук. працы па механіцы дэфармаванага цвёрдага цела, метадах разліку напружана-дэфармаванага стану канструкцый з кампазіцыйных матэрыялаў, рашэння кантактных краявых задач пры ўзаемадзеянні дэфармаваных цвёрдых цел.
Тв.:
Прикладная механика слоистых тел из композитов: Плоские контактные задачи. Мн., 1988 (разам з В.Я.Старжынскім).
т. 9, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙСЯЁНАК (Андрэй Георгіевіч) (н. 1.6.1943, г. Глыбокае Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н., праф. (1997). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1965). З 1981 заг. лабараторыі Ін-та біяхіміі Нац. АН Беларусі (з 1991 нам., у 1996—98 в.а. дырэктара). Навук. працы па абмене вітамінаў і каферментаў, механізмах каферментнай рэгуляцыі метабалізму, вітаміназмяшчальных прафілакт. і лек. сродках, гісторыі медыцыны.
Тв.:
Производные пантотеновой кислоты: Разработка новых витамин. и фармакотерапевт. средств. Мн., 1989 (у сааўт.);
Водорастворимые витамины в инфекционной патологии. Мн., 1991 (разам з В.І.Комарам, У.С.Васільевым).
т. 9, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАКАНТАРЫ́НХІ (ад макра... + грэч. akantha калючка + rhynhos хабаток),
род гельмінтаў сям. алігакантарынхід кл. скрэбняў. 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі найб. вядомы скрэбень-гігант (M. hirudinaceus), які паразітуе ў тонкім кішэчніку дзікіх і свойскіх свіней (асн. гаспадары). Узбуджальнік макракантарынхозу.
Даўж. самцоў скрэбня-гіганта да 15 см, самак да 70 см. Цела верацёнападобнае або пляскатае з бакоў. Хабаток яйцападобны або круглаваты са спіральнымі радамі кручкоў. Раздзельнаполыя. Яйцы авальныя з трохслаёвай абалонкай. Развіваецца з удзелам пра межкавых гаспадароў — бронзавак, жукоў-насарогаў, майскіх хрушчоў і інш.
т. 9, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРЫ́ЦЫ (Oniscoidea),
падатрад раўнаногіх ракападобных. Каля 1000 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. у стэпавай зоне. Большасць відаў жыве на сушы, пераважна ў месцах з павышанай вільготнасцю (адсюль назва), некат. — на марскіх берагах, у ручаях, крыніцах. Актыўныя ўначы. На Беларусі найб. пашыраны М. звычайная (Porcellio scaber), М. сценавая (Oniscus asellus).
Даўж. да 5 см. Цела пляскатае, канечнасцей 12 пар. Некат. дыхаюць з дапамогай шчэлепных лісткоў, у інш. ёсць прыстасаванні для дыхання атм. паветрам (трахеі). Амаль усе расліннаедныя. Раздзельнаполыя, развіццё без метамарфозу. Глебаўтваральнікі; некат. шкодзяць с.-г. культурам.
т. 9, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕ́ВІЧ (Ігар Аляксандравіч) (н. 13.11.1941, Мінск),
бел. фізік. Д-р фіз-матэм. н. (1984), праф. (1987). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1966). З 1970 у БДУ. З 1996 на дыпламатычнай рабоце. Навук. працы па статыстычнай оптыцы і радыёфізіцы, квантавай электроніцы, лазернай тэхніцы. Распрацаваў лазерную стат. хранаскапію. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.
Тв.:
Методы и электронные системы анализа оптических процессов. Мн., 1981;
Многофункционалъные лидарные системы. Мн., 1986 (разам з У.І.Івановым, А.П.Чайкоўскім);
Синтез образцовых многозначных мер времени. Мн., 1994 (разам з Дз.А.Яфрэменкам, Э.І.Табачнікам).
П.М.Бараноўскі.
т. 10, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́НІН (Мікалай Іванавіч) (20.3.1893, пас. Сафіеўка Бранскай вобл., Расія — 26.2.1977),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З 1921 на сав. і парт. рабоце ў Нароўлі, Рэчыцы, Гомелі. У 1941 сакратар Палескага абкома КП(б)Б, з ліст. 1941 на парт. рабоце ў Алтайскім краі. Са жн. 1943 да лют. 1944 у тыле ворага, сакратар Палескага падп. абкома КП(б)Б. У 1944—60 на парт. рабоце. Чл. ЦК КПБ у 1949—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1951—63.
т. 10, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЫШАЎ (Пётр Фёдаравіч) (28.8.1898, в. Селязнёва Яраслаўскай вобл., Расія — 10.12.1972),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.лейт. (1943). Скончыў курсы «Выстрал» (1923, 1930), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1935). У Вял. Айч. вайну на Зах., Бранскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалт. франтах. Са жн. 1943 камандуючы 4-й ударнай арміяй, якая ўдзельнічала ў Гарадоцкай, Віцебска-Аршанскай, Полацкай і Мінскай аперацыях. Войскі пад яго камандаваннем вызначыліся пры вызваленні Гарадка, Полацка і інш. нас. пунктаў. Да 1959 на камандных пасадах у Сав. Арміі, у т. л. ў БВА.
т. 10, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я НАРО́ДНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ двухгадовыя пач. навуч. ўстановы ў Рас. імперыі ў 1786—1803. Засн. паводле Статута 1786 пераважна ў пав. гарадах (доследныя ствараліся ў Пецярбургу з 1782). Прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў, акрамя прыгонных сялян. Выкладаліся пісьмо, чытанне кнігі «Аб пасадах чалавека і грамадзяніна», катэхізіс, арыфметыка, граматыка, чыстапісанне, маляванне. Утрымліваліся на мясц. сродкі. Навучанне бясплатнае. У канцы 18 ст. існавала каля 300 М.н.в. (17 тыс. навучэнцаў). На Беларусі ў пач. 19 ст. такія вучылішчы існавалі ў Полацку, Оршы, Мсціславе, Чэрыкаве, Чавусах і Копысі. У 1803 яны рэарганізаваны ў прыходскія і пав. вучылішчы.
т. 10, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЬЦАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (14.10. 1921, г. Цвер, Расія — 21.4.1964),
рускі гісторык. Канд. гіст. н. (1949). Скончыў Маскоўскі ун-т (1944). З 1946 выкладчык у ВНУ Масквы, у т. л. ў Маскоўскім ун-це. У манаграфіі «Расія і Беларусь у сярэдзіне XVII ст.» (1974), прысвечанай вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, даследаваў ход ваен. дзеянняў, палітыку рус. улад адносна шляхты, духавенства, мяшчанства, сялянства, узаемаадносіны рус. ўрада і ўкр. казакоў у дачыненні да Беларусі. Апублікаваў Баркулабаўскі летапіс («Археаграфічны штогоднік за 1960 г.», 1962).
В.С.Пазднякоў.
т. 10, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)