ха́та, ‑ы, ДМ хаце, ж.

1. Жылая сялянская пабудова, зрубленая з бярвення. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі. — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі. Купала. Прасторная хата-пяцісценка, хляўчук, пуня. Верхавінне гонкіх сосен гойдаецца над гонтавым дахам. Хадкевіч.

2. Унутраная частка такой жыллёвай пабудовы; жылое памяшканне. На гэты дзень і сама хата Была прыбрана зухавата: Памыты лавы, стол, падлога. Колас. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. У печы патрэсквалі і стралялі на хату чырвонымі вугельчыкамі дровы. Адамчык. // Падлога (з дошак або глінабітная). А месяцы праз два так хата зарасла, Што і зайсці ў яе агідна стала. Корбан. Не хітруе і лісіца, Ёй таксама не ляжыцца: Як мятлой, хвастом пушыстым Падмятае хату чыста. Муравейка. Дзе багата гаспадыняў, там хата не мецена. Прыказка. // Птушынае гняздо. Ластаўка ўецца віхураю — Над хатаю новай клапоча. Чарот. Натрудзіць дзяцел сваю дзюбу, збудуе сабе хату, і не паспеў яшчэ ў ёй асталявацца, як, глядзіш, ужо і кватарант з’явіўся: рыжая белка ці сама.. драпежніца-сава. Якімовіч.

3. Асобны сялянскі двор, гаспадарка; асобная сям’я. Вёска на пяцьдзесят хат. □ Тады, у тую восень, і нарабілі зямлянкі пад Курачовымі Цянямі. Збіраліся хатамі — і рабілі. Пташнікаў.

4. У назвах некаторых сельскіх устаноў. Хата-чытальня. Хата-лабараторыя.

•••

Адбіцца ад хаты — не быць дома, не глядзець гаспадаркі.

Выносіць смецце з хаты гл. выносіць.

Мая хата з краю — мяне гэта не датычыцца; гэта не мая справа.

На ўсю хату — а) вельмі моцна плакаць, гаварыць, крычаць. [Агапа] моцна заплакала на ўсю хату. Мурашка; б) займаць многа месца.

Чужую хату пільнаваць гл. пільнаваць.

Чым хата багата — форма ветлівага запрашэння.

Як у сваёй хаце — тое, што і як дома (гл. дома).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́тні, ‑яя, ‑яе.

1. Які мае адносіны да хаты. Хатняе акно. □ Скрозь хатнія дзверы далятае з холаду, з сенцаў, размова. Гарэцкі. // Прызначаны для хаты, для бытавых патрэб. Хатні тэлефон. Хатнія туфлі. □ Ложкі, крэслы — усе хатнія рэчы Зачахліў, каб сынам зберагчы. Калачынскі. Але асабліва любіў.. [настаўнік] займацца хатняй гаспадаркай: рэзаў і калоў дровы, насіў ваду, майстраваў.. полкі і полачкі, табурэткі і лаўкі. Якімовіч. // Звязаны з доглядам хаты, з сямейнымі клопатамі. І я люблю прытулак хатні — Парадак поўны, прыгажосць. Агняцвет. Пазней мы даведаліся, што Люба выконвае дома амаль усю хатнюю работу. Бяганская. / у вобразным ужыв. Вершы, як хатняе цяпло ці добрае віно, пачалі размякчаць.. [Вользіну] застылую душу. Шамякін. // Прыгатаваны ў хаце, у хатніх умовах. П’е з конаўкі жанчына Халодны хатні квас. Куляшоў.

2. Прыватны, сямейны. Хатняе выхаванне. □ Каб зарабіць на пражыццё, Змітрок Бядуля становіцца хатнім настаўнікам, вучыць местачковых дзяцей пісаць і чытаць. Каваленка.

3. Просты, свойскі. Марына не бачыла ў .. [Собіча] такога твару і не думала, што можа быць вось такі — не начальніцкі, не дзелавы, а самы звычайны, нейкі хатні, просты. Скрыган. — Калі ласка. І мне цікава, — з вельмі хатняй інтанацыяй сказаў паэт. Караткевіч.

4. Які расце, гадуецца пры хаце, у хаце. Хатнія жывёлы. □ Заўсёды шмат мела.. [доктарыха] садовых і хатніх кветак. Чорны. // Які водзіцца ў хаце. Цяжкія раны наносіць драўляным пабудовам хатні грыб. Гавеман.

5. у знач. наз. ха́тнія, ‑іх. Члены сям’і. Калі.. [Андрэй] быў настаўнікам, дык часта пасылаў сваім хатнім грошы. Колас. Ігнась пачаў заўважаць, што між Лявонам і Довідам існуе нейкая непрыкметная сувязь, якую яны абодва ўтойваюць ад хатніх. Чарнышэвіч.

•••

Хатні скарб — каштоўнасці, пажыткі, маёмасць.

Хатняе заданне — заданне вучням, якое неабходна выканаць дома.

Хатняя гаспадыня гл. гаспадыня.

Хатняя работніца гл. работніца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Калыхацца, ківацца з боку ў бок. [Зыбін] слухаў лагодны, супакойлівы шум зялёных вершалін соснаў, што плаўна хісталіся над ім. Мележ. А .. [збожжа] рознымі колерамі гарыць, да пояса кланяецца — хістаецца ў бакі... Каваль. // Дрыжаць, мігаць (пра агонь, святло і пад.). Белае полымя дрыгацела, хісталася, падымалася і ападала, і вось-вось, здавалася, пагасне. Колас. Туман дыміўся вечаровы, Між дрэў Хістаўся маладзік. Скурко.

2. Ківацца пры хадзьбе з боку ў бок. Як макаўка ад ветру на градзе, Хістаецца дзіцё ва ўсе бакі: Памкнецца крок ступіць — і тут жа ўпадзе, Які ж для ўсіх ты, першы крок, цяжкі! Непачаловіч. Знябыўся, пахудзеў [Пятрусь], рана яго разгнаілася, без сну і яды хістаецца, а не кінуў яе [Ганны] палякам. Нікановіч. // Калыхацца, калывацца ў бакі ў час руху. Воз хістаўся і рыпеў па выбоістай дарозе. Лупсякоў. Вагон гушкаўся, уздрыгваў, хістаўся ў бакі. Васілёнак.

3. Ківацца ў выніку нетрывалага, ненадзейнага прымацавання да чаго‑н., умацавання ў што‑н. або ў выніку трухлявасці і пад. Пад акном ад падлогі чарнелі два вянцы, гнілі; сям-там высыпаў грыбок.. Гніль лезла і вышэй, падтачыла падаконнік, — ён хістаўся пад локцямі ў Аркадзя. Пташнікаў. А зубы ў хлопцаў ад сцюжы ды без вітамінаў хістаюцца, крывавяць і баляць. Грахоўскі. // перан. Траціць ранейшае значэнне, сілу, устойлівасць. Польскі трон хістаўся пад напорам знаці, А яе не турак, дык швед калашмаціў. Бажко.

4. перан. Быць у нерашучасці; вагацца. Нейкі момант.. [Васіль] хістаўся: гаварыць Януку ўсё, як ёсць, ці не гаварыць? Кулакоўскі. Так, пакуль прыедзе бацька, усё будзе ўжо зроблена, і яму не будзе магчымасці ні думаць, ні сумнявацца, ні хістацца. Краўчанка.

5. Быць няўстойлівым, непастаянным; мяняцца. Цэны хістаюцца. Тэмпература паветра хістаецца ад 13 да 18°.

6. Зал. да хістаць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хі́тры, ‑ая, ‑ае.

1. Вынаходлівы, умелы, дасціпны. — Ну і хітры ж мужык ты, Васіль Захаравіч. На тры аршыны пад сабою бачыш, — сказаў Розаў. Грахоўскі. Бульбу, хоць і скараспелку, капаць яшчэ ранавата было. Таму яе хітрыя гаспадыні нейкі час не капаюць, а «падкопваюць», гэта значыць выбіраюць пад карчамі большую, а малую пакідаюць, прысыпаючы зямлёю. Якімовіч. // Які дзейнічае скрытна, не яўна. Аленка бачыла Сцёпку. Стаяла ў хаце каля акна і бачыла, як Сцёпка прайшоў па вуліцы. Падумайце, якая хітрая! Стаілася каля акна і за Сцёпкам цікуе, а сама не паказваецца. Колас. / Пра жывёл, птушак. Часам я можа б і сам адважыўся пакінуць Паўла і павесці сваю кабылу ў гурт, але гэтаму перашкаджала тое, што мая стракатая была жывёлінай натурыстай і вельмі хітрай. Кулакоўскі. // Які выражае хітрасць. [Маці:] Па вачах пазнаю, вачэй не пераменіш. Вунь якія яны.. Калючыя ды хітрыя. Крапіва. [Камендант:] — А гаспадарыць хто? — Мы, — адказала настаўніца з хітрай усмешкай. Маўр. Голас [Сарокі] быў ліслівы, прытоена хітры. Мележ.

2. Разм. Які для дасягнення чаго‑н. ідзе не прамым, падманным шляхам. Хітры бандзюга, ён [Смілга] не хацеў ні паміраць, ні здавацца.. Ён не быў нават паранены, але ляжаў як нежывы. Ён думаў, што цяпер на яго ніхто не будзе звяртаць увагі, і пакуль ішла перастрэлка, яму ўдалося дакаціцца да ўсходцаў. Чарнышэвіч.

3. Разм. Зроблены з вялікім умельствам, выдумкай, сакрэтам. Выбірае замок для дзвярэй чалавек, Выбірае замок, ды такі, каб — навек! Самы моцны з усіх, самы хітры замок, Каб ключы падабраць аніхто ўжо не змог! Гілевіч. Пад хітрай цацкаю нахмурыў бровы, Каб здагадацца: што там за нутро? Гаўрусёў. А летам гасцінцы дзед носіць з лесу — то шапку суніц, то хітры кошык з бяросты. Лынькоў. // Які патрабуе асаблівай праніклівасці, кемлівасці. Не хітрая, урэшце, справа Адолець атам урана. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

церабі́ць, цераблю, цярэбіш, цярэбіць; незак., каго-што.

1. Прасякаць, прачышчаць лес. [Дзед Бадыль:].. ельнік такі густы, што і барсук не пралезе. Церабіць трэба. Крапіва. // Абсякаць галіны, сучча з паваленых дрэў. Лес валілі і церабілі незнаёмыя людзі. Дуброўскі. // Пракладаць, расчышчаць (дарогу, шлях), высякаючы кусты, дрэвы. Як ісці ды ісці — зайшлі [браты] ў такі цёмны лес, што і выбрацца з яго не могуць. Давай браты дарогу сабе церабіць: стукне Вячорнік булавою — асіны падаюць; стукне Паўночнік — елкі валяцца, а як стукне Світаннік — дубы з карэннямі выварочваюцца. Якімовіч. / у перан. ужыв. Будуем мартэны і домны, Будуем гіганты-заводы. Будуем, няволі не знаем, Цярэбім да шчасця дарогі. Купала. Ваяўнічая паэзія [П. Панчанкі] ідзе ў авангардзе часу, яна смела цярэбіць шлях наперад. Бялевіч. // Абчышчаць гародніну ад бацвіння, карэньчыкаў і пад. Церабіць буракі. □ Юстына церабіла цыбулю. Баранавых.

2. Чысціць дзюбай пер’е (пра птушак). Самотна бусел даўганогі Крыло цярэбіць на гняздзе. Калачынскі. // Вытрасаць, вылузваць, выкалупваць што‑н. з сярэдзіны чаго‑н. Нават вавёрка, што зусім блізка церабіла яловую шышку, і тая, відаць, не заўважала пагранічніка. Шыловіч. Мясцовы гаспадар крумкач хваёвых шышак церабіць не дазваляе. Корбан. // Разм. Хапаючы, прагна есці. Госці церабілі кілбасу з капустаю. Колас. [Мікуць] доўга глядзеў, як завадская свіння цярэбіць зялёную канюшыну. Чорны. / у перан. ужыв. Асабліва моцна воўчае племя церабіла авечыя чароды... Мележ.

3. Тузаць, торгаць, перабіраць пальцамі што‑н. [Аўсянік] нервова цярэбіць махры на шаліку, якім абвязана шыя, нібы яму займае дыханне. Навуменка. Дзяўчына церабіла канцы цёплай хусткі. Карпюк. // перан. Разм. Надакучаць пытаннямі, просьбамі, справамі. — А паштоўку цяжка было напісаць? Мы б ведалі. А то з камітэта мяне цярэбяць: дзе Шукан ваша? А што я магла адказаць? Савіцкі.

4. Вырываючы з коранем, убіраць машынай з поля (лён). Церабіць лён.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́хі, ‑ая, ‑ае.

1. Ледзь чутны; нягучны. Ціхі посвіст, лёгкі шорах, — Цемра ночы ажыла... Крапіва. Ляснуў кароткі ціхі стрэл. Шамякін. // Які характарызуецца наяўнасцю невялікага шуму ці адсутнасцю яго; бясшумны. Ціхі горад. □ Брод перайшоў [Андрэй]. Вось цёмны ціхі млын Паўстаў прад ім. А далей — сад і круча. З. Астапенка.

2. Агорнуты цішынёй; маўклівы. Ціхая ноч. □ У парку ля ціхіх лагчын Запыленай шыбай віднеюцца лужы, Ільдзінка на сонцы блішчыць. Ляпёшкін.

3. Без адзнак вялікага руху, мітусні, беганіны. А там, за ціхаю дарогай, Шуміць бярэзнік малады. Колас. Станцыя, на якой вылазіць Дзмітрый Іванавіч, у познюю асеннюю пару заўсёды ціхая. Навуменка. // Бязветраны; зацішны. Ціхая пагода. □ Нават у самыя ціхія дні, калі і на адкрытых лугах не зварухнецца ні адна травінка, лісце асінніка няспынна дрыжыць і калоціцца. Паслядовіч. / Пра дождж і пад. Мы пад вечар прыселі пад цёплай капай. Ціхі дожджык пра нешта шаптаў нам, як друг. Кірэенка. // Бестурботны; мірны. Ціхае жыццё. □ Росным травам, Што зарой наліты. Пошум іх прысніцца ў ціхім сне. Калачынскі. // Нямоцны, слабы; кволы. Ціхі вецер развяваў непакрытыя валасы Аксінні. Лынькоў. // Слаба выражаны, ледзь прыкметны. — Жывая!.. Пад пальцамі азвалася ціхае-ціхае тахканне пульсу. Брыль.

4. Лагодны, рахманы; паслухмяны, пакорлівы. Усе яго [Івана Аляксеевіча] ведалі, як чалавека ціхага і сумленнага. Якімовіч. — Ціхі ён у нас, пане, — уступілася за сына маці. Пальчэўскі.

5. Які праходзіць спакойна, без буйных праяў. Адным словам, разам з дзяўчынай у лагеры пасялілася ціхая радасць. Ваданосаў.

6. Які не адрозніваецца хуткасцю, павольны, марудны. Ехаць ціхай рыссю. □ Без агнёў і ціхім ходам яны [Крамарэвіч і машыніст] адводзілі цягнік у тыл. Чорны.

•••

Ціхае вар’яцтва — шаленства без прыступаў буянства.

Ціхая гадзіна — тое, што і мёртвая гадзіна (гл. гадзіна).

Ціхай сапай гл. сапа.

Ціхая завадзь гл. завадзь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цярпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.

1. што і без дап. Мужна, стойка пераносіць фізічныя і маральныя пакуты. [Нявіднага] мучыла прага, але ён цярпеў. Колас. Досыць рыбакі цярпелі, Галадалі рыбакі! Танк. Купала сваёй паэзіяй узнімаў настрой у людзей, што цярпелі нягоды ваеннага часу. Рамановіч.

2. што. Перажываць, зносіць, адчуваць (боль, пакуты і пад.). Цярпець здзекі. □ Свой абавязак маткі ціха Выконвае жанчына-парадзіха, Хоць і цярпіць вялізарныя мукі. Крапіва. Кабеты не стрымаліся, заплакалі ды ўслед за Ганнай уголас: — А божачка, ён [Сымон] сапраўды невінаваты, за што ж яму пакуту цярпець? Лынькоў. // ад чаго. Несці страты; атрымліваць пашкоджанні ад чаго‑н.; псавацца. Культурныя расліны нярэдка цярпяць ад недахопу вады. □ Аднак не ўсе пароды аднолькава паддаюцца шкоднаму ўплыву газаў. Ясень, ліпа і елка вельмі моцна цярпяць ад іх, а дуб, таполя або клён больш устойлівыя. Гавеман.

3. каго-што. Мірыцца з наяўнасцю, існаваннем каго‑, чаго‑н.; пагаджацца з кім‑, чым‑н. Мо другім разам, каб на канцэрце былі адны студэнты, дык яго б зусім сагналі са сцэны, але з ветлівасці, з павагі да гасцей .. цярпелі і Блізнюка. Сабаленка. — Далей цярпець такое становішча нельга, — сказаў .. [Анатоль Хацятоўскі]. «ЛіМ». // (звычайна з адмоўем «не»). Не любіць, не выносіць каго‑, чаго‑н. Віка, якая ўвесь час не цярпела інтэнданта за яго страх,.. цяпер свядома кінула яму свой выклік. Вітка. Міхаська страшэнна не цярпеў шчыкоткі. Якімовіч. // (звычайна з адмоўем «не»). Не дапускаць наяўнасці чаго‑н. (пра неадушаўлёныя прадметы). Паэзія не цярпіць празмерна адцягненага ўяўлення аб рэчах. Бярозкін.

4. што. Зносіць, перажываць якія‑н. непрыемнасці, непажаданыя з’явы. Цярпець няўдачу. Цярпець крах. // Зазнаваць змены. Цярпець змены.

•••

Цярпець страту — траціць, губляць што‑н., мець выдаткі, страты.

Цярпець холад і голад — цярпець нястачы, жыць у беднасці і галечы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарада́, ы́, ДМ ‑дзе́; мн. чаро́ды (з ліч. 2, 3, 4 чарады́), чаро́д; ж.

1. Рад аднародных прадметаў ці жывых істот, якія размяшчаюцца або рухаюцца адно за адным. У канцы бетаніраванай шашы стаяла чарада аўтобусаў. Хадкевіч. Чыгунку пераразала дарога, і па ёй, здавалася, бясконцай чарадой цягнуліся калёсы, пешаходы, прывязаныя да вазоў каровы. Мікуліч. Чароды навальнічных хмар Паўзлі наўпрост ад акіяна. Зарыцкі. / у перан. ужыв. Думак бясследна плыве чарада. Танк. І дзяцінства чарадой гадоў Праляцела воблакам стракатым. Аўрамчык.

2. Статак, гурт свойскай або дзікай жывёлы. Па вуліцы ў хмары рудога пылу ішла з пашы чарада кароў. Грахоўскі. Немцы прыгналі.. у мястэчка статак кароў, дзве чарады свіней і авечак. Навуменка. А то часам, утоптваючы снег, пройдзе цёмнай лютаўскай ноччу чарада галодных ваўкоў. Ігнаценка. // Група жывёл, птушак, рыб аднаго віду, якія трымаюцца разам. Людзі пачалі махаць птушкам рукамі, падняўся крык, што аж з асін зляцела чарада спалоханых галак. Карпюк. Ад чарады кнігавак зноў адлучыліся дзве, залёталі над імі, закружылі. Місько. Такія мясціны [водмелі] чароды акунёў часта наведваюць у пошуках корму. Матрунёнак. // Разм. Натоўп, гурт (людзей). У хату ўваходзіць Батура з гармонікам, за ім чарада хлапцоў і дзяўчат. Крапіва. Цэлая чарада дзяцей сустрэла.. [Хвядзька] на дарозе яшчэ далёка за Некрашамі. Лобан.

3. Чарга. На мех кабета села, Чакае чарады [у млын]. Калачынскі. Доўгія чароды жанчын стаялі ля донарскіх пунктаў. «Звязда».

4. у знач. прысл. чарадой (‑ою). Адзін за другім; бесперапынна. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары. Колас. Плывуць па Дзвіне чарадою плыты, Мінаючы ўзгоркі, лясы, балаты. А. Александровіч. Дні міналіся за днямі, Адплывалі чарадой. Броўка.

•••

Сваёй чарадой — незалежна ад каго‑, чаго‑н., як звычайна (ісці, разгортвацца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмат 1, прысл.

1. У вялікай колькасці, у значнай ступені; не мала, многа. Дом вялікі. На двары Шмат гуляе дзетвары, — Весела заўсёды. А. Александровіч. Ён [дзядзька] шмат пражыў І шмат спазнаў, Да дна Прамераўшы жыцця крутыя тоні. Калачынскі. Цяпер, вясною, працоўны дзень доўгі, але ж і зрабіць на працягу яго трэба шмат. «Звязда». // у знач. ліч. Няпэўна вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Шмат сцяжынак і глухіх дарог разыходзіцца адсюль у лес у розных кірунках. Колас. Будзем разам, сябры, Будаваць у бары, Будзем разам, сябры, — Нас так шмат, гэтак шмат. Бядуля. Ніхто спрачацца з тым не будзе, што ўсюды шмат мясцін прыгожых. Дубоўка. Што нашы сцежкі развяло, — Цяпер гадаць не шмат карысці. Гілевіч. / у знач. вык. А працы сёння шмат. Тры гады таму назад на гэтай [рагачоўскай] зямлі адшумела вайна. Брыль. Выпадкаў, калі гадзюка кусала чалавека, шмат. Бяспалы.

2. У спалучэнні з прыметнікамі і прыслоўямі вышэйшай ступені азначае: значна, намнога. Сходы барадатых прадстаўнікоў [вёскі] пачынаюцца шмат пазней. Крапіва. Сталіца! Ты шмат маладзейшаю стала, цябе не кране сівізна! А. Вольскі.

3. (часта з часціцай «ці»). У пытальных сказах азначае: колькі? Ці шмат людзей сабралася? Ці шмат год прайшло? Ці шмат войска ў ворага?

4. У спалучэннях з адноснымі займеннікамі абазначае: многія, многае. Цяпер свае прыпеўкі Я кіну да пары. Бо шмат каму, напэўна, Яны не па нутры. Купала. [Міхал] надумаўся прайсці сюды [на хутар] паглядзець, ён тут шмат з чым зжыўся. Чорны. Шмат якія пароды дзікіх жывёл звяліся. В. Вольскі.

шмат 2, ‑а, М шмаце, м.

Разм. Абрывак, адарваны кавалак чаго‑н. Помню я плямы крыві на снягу, На шматы скрамсанае цела, Мяса крывавае ў чорным кругу — На баль вараннё прыляцела. Крапіва. Пад нізкай столлю шпалеры віселі закуранымі шматамі. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шту́ка, ‑і, ДМ штуцы, ж.

1. чаго. Цэлы, некрануты, непачаты яшчэ прадмет, выраб (звычайна пра рулон тканіны). [Гунава:] — А калі ты [Сімон] мне штуку сукна прынясеш? Самуйлёнак.

2. Асобная рэч, прадмет, экземпляр з шэрага аднародных, які (звычайна ў спалучэнні з колькаснымі словамі) прымаецца за адзінку адліку. Юрка і Вано пісалі вершы ўзапар па некалькі штук штодня. Бядуля.

3. Разм. Наогул якая‑н. рэч, з’ява, акалічнасць, якасць і пад. Тут [у малюнках Дзеда Мароза] пляцёнкі-завітушкі, Стрэлы гонкія, шчыт, лук, Тут і пер’е райскай птушкі, І ўсялякіх многа штук. Колас. — Гарматы і ракі — розныя, браце, штукі... — уздыхаў, апраўдваючыся, дзед. Лынькоў. «А памятаеш, якога дзядзька Якуб язюка вывалак? От бо штука была, дык штука!» — «Браце, хто ж таго не памятае!..» Кірэенка. — Цудоўная штука — жыццё... — летуценна кажа Мялешка і закурвае папяросу. Васілевіч. // Які‑н. выпадак, здарэнне. І атрымалася недарэчная штука: лепшы машыніст дэпо фармальна астаўся па-за конкурсам. Шынклер. // Пра тое, што мае істотнае значэнне, асаблівасць. [Паўлюк:] — Вопыт, ведама, харошая штука. Што казаць. Каваленка. — Вось дык штука, — сказаў.. [салдат] і часта заміргаў белымі доўгімі вейкамі. — З мамай едзеш? Хомчанка. // Што‑н. нечаканае, складанае, незвычайнае і пад. [Масладуда:] — Зрабіць якую рэч з жалеза — не хітрая штука. Жалеза само па сабе моцнае. Лынькоў. Не штука растраціць, а штука назбіраць. З нар.

4. Разм. Незвычайны ўчынак, выхадка, выбрык. Хлапчукі... — перадражніў яе дзед, здагадаўшыся аб .. каварных штуках [Палаткі]. Лынькоў. // Фокус, мудрагелісты рух. Вучоны да ўсякіх штук, кот падскочыў, ударыўся аб клямку і расчыніў дзверы. Гарэцкі. [Цёця Каця:] А ў тым інстытуце.. дык сабак поўна. Там з імі ўсялякія штукі вырабляюць, практыку здымаюць. Крапіва.

•••

Адпаліць (упаліць, устроіць, урэзаць) штуку гл. адпаліць.

Вялікая штука — бясспрэчна, вядома, не выклікае здзіўлення.

Не вялікая штука — не дзіўна, не дзіва, нічога дзіўнага.

[Ад ням. Stück.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)