ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ, цывільнае грамадства,
сукупнасць грамадзян, добраахвотных грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, якія будуюць сваю дзейнасць на аснове прызнання прыярытэту грамадства і неабходнасці служэння яму дзяржавы. Гістарычна ідэя грамадзянскай супольнасці бярэ пачатак у Стараж. Грэцыі і ант. Рыме, калі склаліся ўяўленні аб грамадстве і грамадзянах, надзеленых правамі і абавязкамі (Цыцэрон, Платон, Эпікур, Лукрэцый і інш.). Паводле Арыстоцеля, грамадзянская супольнасць — сукупнасць свабодных і раўнапраўных грамадзян, звязаных паміж сабой пэўнай формай паліт. арг-цыі (дзяржава-поліс). Т.Гобс у працах «Аб грамадзяніне» (1642) і «Левіяфан» (1651) вызначыў грамадзянскую супольнасць як «саюз індывідуальнасцей», калектыў, у якім яго члены на ўзаемнай аснове адмаўляюцца ад замаху на жыццё, свабоду і ўласнасць адзін аднаго. Канцэпцыі грамадзянскай супольнасці з усімі яе праблемамі (свабоды, права, уласнасці, раздзялення ўлад і інш.) распрацоўвалі Дж.Лок, Г.Гегель, Ж.Ж.Русо, І.Кант, Ш.Л.Мантэск’ё, Т.Пейн і інш. Яны знаходзілі адлюстраванне ў творчасці бел. мысліцеляў Ф.Скарыны, С.Буднага, А.Волана, І.Страйноўскага, Ф.Багушэвіча і інш. Паводле К.Маркса, чалавек у развітой дзяржаве вядзе жыццё ў паліт. супольнасці, у якой ён прызнае сябе грамадскай істотай, і жыццё ў грамадзянскай супольнасці, у якой ён дзейнічае як прыватная асоба.
Грамадзянская супольнасць ахоплівае сукупнасць эканам., сац., рэліг., нац. і інш. адносін. Яе эканам. аснову складае разнастайнасць і роўнасць формаў уласнасці і, перш за ўсё, індывід. прыватная ўласнасць, на базе якой узнікаюць розныя формы недзярж. грамадскай уласнасці (напр., уласнасць сямейная, партнёрская, кааператыўная, калектыўна-долевая, акцыянерная і інш.). Сац. структура грамадзянскай супольнасці прадстаўлена рознымі групамі, утворанымі па класавых, прафес., дэмагр., этнічных, сацыякульт., канфесіянальных прыкметах, па ўзроўні адукацыі, тыпу месцажыхарства, ладу жыцця і г.д.Паліт. асновай грамадзянскай супольнасці з’яўляецца легітымнасць дзярж. улады, шматпартыйнасць, наяўнасць легальнай апазіцыі, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі, масавых дэмакр. рухаў, грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый, якія створаны без удзелу, фінансавання і кантролю з боку дзяржавы і будуюць сваю дзейнасць на прынцыпах самакіравання. Духоўныя асновы грамадзянскай супольнасці — высокі ўзровень грамадскай свядомасці, грамадзянскасці і культуры людзей. Асн. прынцыпы функцыянавання любой грамадзянскай супольнасці — індывідуалізацыя, канкурэнцыя, салідарнасць, сац. абарона і супрацоўніцтва.
Ідэя грамадзянскай супольнасці знаходзіла практычнае ўвасабленне ў працэсе пераходу ад дэспатыі да дэмакратыі, ад абсалютызму да рэспублікі або канстытуцыйнай манархіі (Англія, Швецыя, Данія і інш.), ад феад. грамадства да бурж., індустрыяльнай цывілізацыі і капіталіст. грамадскіх адносін. Такія грамадствы фарміраваліся ў краінах Зах. Еўропы, ЗША на мяжы 19—20 ст. У канкрэтных гіст. умовах таго часу ў Расіі складваліся толькі асобныя элементы грамадзянскай супольнасці, а пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 дзяржава ўзяла на сябе не толькі свае ўласныя функцыі, але і функцыі кантролю і рэгулявання самадзейнай творчасці грамадзян, дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый. У 2-й пал. 20 ст. развіццё грамадзянскай супольнасці стала адной з формаў ажыццяўлення найноўшых навук. ідэй грамадскага прагрэсу (стадый эканам. росту, мадэрнізацыі, адкрытага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, інфармацыйнага грамадства і інш.), пераходу ад аўтарытарна-дыктатарскіх рэжымаў да дэмакратычных (Германія, Італія, Іспанія, Грэцыя, Чылі і інш.), лібералізацыі эканам. адносін, сац.-паліт. ін-таў, нац.-культ. адраджэння і самавызначэння ў шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы, інш. рэгіёнаў свету.
Нац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь закладвае прававыя механізмы ўзмацнення ўплыву грамадства на яго паліт. арг-цыю, гарантыі неўмяшання дзяржавы ў прыватнае і асацыятыўнае жыццё грамадзян, а таксама дзярж. абавязацельствы па захаванні і абароне правоў і законных інтарэсаў членаў грамадзянскай супольнасці. Важнымі структурнымі элементамі такой супольнасці могуць стаць шматлікія няўрадавыя арг-цыі, грамадскія аб’яднанні і рухі, творчыя саюзы і асацыяцыі, дабрачынныя фонды і інш. добраахвотныя арг-цыі, якія садзейнічаюць сцвярджэнню дэмакр. прынцыпаў грамадскага жыцця, стварэнню ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы.
Літ.:
Локк Д. Два трактата о правлении. Кн. 2 // Соч.М., 1988. Т. 3;
Гегель Г.В.Ф. Философия права: Пер. с нем. М., 1990;
Гражданское общество и правовое государство: предпосылки формирования. М., 1991;
Гражданское общество: (Сб. ст.). Вып. 1—2. Мн., 1995—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫРЫЖЫ́РАВАННЕ (ад франц. diriger напраўляць, кіраваць),
кіраванне калектывам музыкантаў (аркестрам, хорам, ансамблем, опернай ці балетнай трупай і інш.) у працэсе падрыхтоўкі і ў час публічнага выканання ім муз. твора; адзін з відаў музычна-выканальніцкага мастацтва. Здзяйсняецца дырыжорам, які імкнецца перадаць калектыву сваю інтэрпрэтацыю задумы кампазітара, забяспечвае ансамблевую стройнасць і тэхн. дасканаласць выканання пры ўзнаўленні тэксту партытуры. Мастацтва Д. заснавана на спец. сістэме жэстаў рук; вял. ролю ў ім адыгрываюць таксама твар дырыжора, яго позірк, міміка. Значнае месца займае ў Д. тактаванне — абазначэнне (пераважна правай рукой) метрарытмічнай структуры музыкі; левай рукой звычайна даюцца ўказанні ў сферы дынамікі, фразіроўкі (у практыцы, аднак, пашырана свабоднае ўзаемапранікненне функцый абедзвюх рук). Д. патрабуе ад дырыжора шырокай адукаванасці, грунтоўнай муз.-тэарэт. падрыхтоўкі, тонкага слыху, добрай муз. памяці, актыўнай мэтанакіраванай волі.
Д. вядома з глыбокай старажытнасці. Напачатку ў нар.-хар. практыцы функцыі дырыжора выконваў адзін са спевакоў — запявала. У старажытнасці ў Егіпце, Грэцыі, пазней у краінах сярэдневяковай Еўропы хорам кіравалі з дапамогай хейраноміі — умоўных рухаў рук і пальцаў. З 15 ст. для адбівання такта выкарыстоўвалі палачку-батуту. У капэлах звычайна капельмайстры спалучалі Д. з выкананнем партыі генерал-баса (на клавесіне ці аргане) ці 1-й скрыпкі. З 2-й пал. 18 ст, па меры адмірання генерал-баса, скрыпач-канцэртмайстар становіцца адзіным кіраўніком ансамбля (у 20 ст. — пры выкананні музыкі 17—18 ст). Як самаст. від мастацтва Д. склалася ў 2-й чвэрці 19 ст. Сярод першых дырыжораў, што карысталіся дырыжорскай палачкай, І.Мозель, К.М.Вебер, Л.Шпор. Адзін з заснавальнікаў сучаснага Д. (побач з Л.Бетховенам, Г.Берліёзам, Ф.Лістам, Ф.Мендэльсонам) — Р.Вагнер. Паступова склаўся тып дырыжора-выканаўцы, які не з’яўляецца адначасова і кампазітарам (першы — Г.Бюлаў). Сярод буйнейшых замежных дырыжораў 19—20 ст. Г.Рыхтэр, Г.Малер, Г. фон Караян (Аўстрыя), А.Нікіш, Я.Ферэнчык (Венгрыя), Ф.Мотль, Ф.Вейнгартнер, К.Мук, Р.Штраус, Б.Вальтэр, В.Фуртвенглер, О.Клемперэр, Г.Абендрот, К.Мазур, К.Зандэрлінг (Германія), А.Тасканіні, К.Абада (Італія), П.Манцё, Ш.Мюнш, А.Клюітэнс, І.Маркевіч (Францыя), Т.Бічэм, А.Боўлт, А.Коўтс (Вялікабрытанія), В.Бярдзяеў, Г.Фітэльберг (Польшча), В.Менгельберг (Нідэрланды), Л.Стакоўскі, Дж.Сел, Л.Бернстайн (ЗША), Э.Ансермэ (Швейцарыя), Д.Мітропулас (Грэцыя), В.Таліх (Чэхія, Славакія), Л.Матачыч (Югаславія), Дж.Джарджэску (Румынія). У Расіі найб. вядомыя дырыжоры 18—2-й пал. 19 ст. — В.Пашкевіч, І.Хандошкін, М.Балакіраў, Э.Напраўнік, А. і М.Рубінштэйны, 20 ст. — М.Галаванаў, С.Кусявіцкі, А.Пазоўскі, С.Рахманінаў, С.Самасуд, В.Сафонаў, В.Сук, пазней А.Гаўк, В.Гергіеў, В.Дударава, І.Зак, К.Іваноў, К.Кандрашын, Д.Кахідзе, Дз.Кітаенка, М.Малько, А.Мелік-Пашаеў, Я.Мравінскі, І.Мусін, Н.Ніязі, Г.Раждзественскі, Н.Рахлін, Я.Свягланаў, Ю.Сіманаў, К.Сімяонаў, У.Співакоў, Ю.Фаер, У.Федасееў, Б.Хайкін, Ю.Цемірканаў, А.Янсанс і інш. На Беларусі ў 19 ст. вылучыліся І.Дабравольскі, Ю.Дашчынскі, браты В. і Д.Стафановічы, у 20 ст. — хар. дырыжоры М.Дрынеўскі, А.Кагадзееў, Н.Ламановіч, І.Мацюхоў, Г.Пятроў, В.Роўда, Г.Цітовіч, Р.Шырма, Л.Яфімава, нар. аркестра — І.Жыновіч, Дз.Захар, М.Казінец, оперна-сімф. — І.Абраміс, А.Анісімаў, Б.Афанасьеў, Я.Вашчак, І.Гітгарц, Н.Грубін, В.Дуброўскі, Т.Каламійцава, М.Калядка, Л.Любімаў, Л.Лях, У.Машэнскі, Г.Праватораў, Ю.Цырук, А.Энгельбрэхт, Ю.Яфімаў, эстр. аркестра — Ю.Бяльзацкі, Б.Райскі, Э.Рознер, М.Фінберг і інш. Харавых і оперна-сімф. дырыжораў рыхтуе Бел. акадэмія музыкі, Бел.ун-т культуры.
Літ.:
Вагнер Р. О дирижировании: Пер. с нем. СПб., 1900;
Ольхов К.А. Теоретические основы дирижерской техники. 2 изд. Л., 1984;
Хайкин Б. Беседы о дирижерском ремесле. М., 1984;
Когадеев А.П. Техника хорового дирижирования. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1931—39,
антыманархічная і агульнадэмакр. рэвалюцыя, у ходзе якой у Іспаніі існаваў рэсп. лад. Выклікана абвастрэннем сац.-эканам. праблем ісп. грамадства ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33. Пачалася 12.4.1931 масавымі нар. дэманстрацыямі з патрабаваннямі ўстанаўлення рэспублікі пасля перамогі апазіц. партый на муніцыпальных выбарах. 14 крас. кароль Альфонс XIII пакінуў краіну, Іспанія абвешчана рэспублікай. На 1-м этапе рэвалюцыі (14.4.1931 — ліст. 1933) дзейнічалі ўрады блока левых рэспубліканцаў і сацыялістаў. У краіне зацвердзіліся дэмакр. свабоды, прынята канстытуцыя 9.12.1931, уведзены 8-гадзінны прац. дзень, устаноўлены мінімум зарплаты, царква аддзелена ад дзяржавы. У вер. 1932 абвешчана агр. рэформа (канфіскацыя за выкуп часткі зямлі ў буйных латыфундыстаў і перадача яе сялянам і с.-г. рабочым) і зацверджаны закон аб аўтаноміі Каталоніі. Аднак гэтыя мерапрыемствы не спынілі сац.эканам. крызісу. Ва ўмовах росту незадаволенасці рабочых у вер. 1933 з урада выйшлі прадстаўнікі Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі, што прывяло да распаду ўрадавага блока. На 2-м этапе (ліст. 1933 — люты 1936, т. зв. «чорнае двухгоддзе»), калі існаваў урад правых рэспубліканцаў, актывізавалася дзейнасць кансерватыўных і прафаш. сіл, у т. л.Іспанскай фалангі. Гэта выклікала ў кастр. 1934 узбр. паўстанні рабочых пад кіраўніцтвам левых сацыялістаў і камуністаў (найб. масавыя ў Каталоніі і Астурыі), задушаныя войскамі. Паражэнне левых сіл падштурхнула іх да кансалідацыі і ўтварэння Нар. фронту (студз. 1936), які 16.2.1936 перамог на выбарах у картэсы. На 3-м этапе рэвалюцыі (1936—39) 19.3.1936 утвораны ўрад Нар. фронту (складаўся пераважна з левых рэспубліканцаў), у маі — ліп. 1936 узмацніўся рабочы і камуніст. рух. Адначасова актывізаваліся кансерватыўныя сілы, што вылілася ў ваен. мяцеж супраць рэспублікі пад кіраўніцтвам ген. Ф.Франка Баамондэ (пачаўся 17 ліп. ў Ісп. Марока, 18 ліп. пашырыўся на Іспанію). Гэта прывяло да грамадз. вайны паміж паслядоўнікамі Франка (франкістамі) і прыхільнікамі Ісп. рэспублікі (рэспубліканцамі). На 1-м этапе вайны (ліп. 1936 — май 1937) франкісты, якім аказвалі дапамогу Германія, Італія, Партугалія (у т. л. ў баях удзельнічалі 50 тыс.ням. і 200 тыс.італьян. вайскоўцаў), намагаліся захапіць Мадрыд. Спачатку пад уладай рэспубліканцаў, якіх з кастр. 1936 падтрымлівалі СССР (каля 3 тыс. добраахвотнікаў, у т. л. беларусы С.А.Грыцавец, В.П.Дрозд і інш.) і інтэрнацыянальныя брыгады, было каля 70% тэрыторыі і 3/4 насельніцтва Іспаніі, але ў жн. 1936 страчаны стратэгічна важныя тэрыторыі. Урады Нар. фронту на чале з Ф.Ларга Кабальера (4.9.1936—17.5.1937) і Х.Негрынам (17.5.1937 — сак. 19.39) стварылі рэгулярныя ўзбр. сілы, прынялі дэкрэты аб нацыяналізацыі зямельных уладанняў удзельнікаў мяцяжу і перадачы іх сялянам, аб нацыяналізацыі прадпрыемстваў, якія належалі мяцежнікам, прадаставілі аўтаномію Краіне Баскаў. На 2-м этапе вайны (май 1937 — вер. 1938) франкісты захапілі Краіну Баскаў і Астурыю (кастр. 1937), прарвалі фронт у Арагоне і выйшлі да ўзбярэжжа Міжземнага м., адрэзаўшы ад цэнтр. раёна рэспублікі Каталонію (крас. 1938). На 3-м этапе (вер. 1938 — сак. 1939) 350-тысячная армія франкістаў (ёй процістаяла толькі 140-тысячная рэсп. армія) 26.1.1939 захапіла г. Барселона, дзе з ліп. 1937 размяшчаўся рэсп. ўрад, і ўсю Каталонію (9 лют.). Брыт. і франц. ўрады 27.2.1939 афіцыйна прызналі ўрад Франка. Унутр. барацьба ў лагеры рэспубліканцаў, частка якіх выступала за капітуляцыю перад Франка, прывяла да падзення рэспублікі (28 сак. — 1 крас.). У Іспаніі ўстанавілася ваен. дыктатура — т.зв. іберыйскі варыянт фашызму (да 1975).
Літ.:
Пожарская С.П. От 18 июля 1936 — долгий путь. М., 1977.
Да арт.Іспанская рэвалюцыя. 1931—39. I. Абмундзіраванне франкістаў: 1 — легіянер 1-га класа ў летняй палявой форме; 2 — афіцэр кавалерыі, каід мараканскіх часцей; 3 — маёр у паўсядзённай форме і кавалерыйскіх брыджах; 4 — каід у палявой форме; 5 — лейтэнант, камандзір роты міліцыі «Іспанскай фалангі» ў параднай форме; 6 — капрал міліцыі андалусійскіх «рэкетэ» ў палявой форме і армейскай амуніцыі. II. Адзенне рэспубліканцаў: 1 — падпалкоўнік у службовай форме; 2 — генерал, камандзір дывізіі ў паўсядзённай форме; 3 — андалусійскі міліцыянер; 4 — амерыканскі добраахвотнік з батальёна імя Лінкальна; 5 — савецкі добраахвотнік-танкіст; 6 — капрал Пятага палка ў камбінезоне-мона; 7 — анархіст у скуранцы і салдацкіх брыджах; 8 — камісар у пілотцы і ў камбінезоне-мона; 9 — баец рабочай міліцыі ў армейскай касцы і салдацкай амуніцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬТАВЫЯ ЗБУДАВА́ННІ Прызначаны для адпраўлення абрадаў рэлігійных. Тыпалогія і гісторыя развіцця К.з. абумоўлена прыналежнасцю да пэўнага веравызнання
(канфесіі),
а таксама ходам развіцця архітэктуры і буд. тэхнікі. Асн. тыпы К.з.: царква, сабор (праваслаўе), касцёл, сабор (каталіцызм), мячэць (іслам), кірха, збор (пратэстантызм), сінагога (іудаізм), пагада, ступа, дацан (будызм), малельны дом у старавераў, а таксама капішчы, званіцы, капліцы, мінарэты, капэлы, кляштары, лаўры, медрэсэ, некат. мемар. збудаванні (піраміды, мастабы, грабніцы) і інш.
Найб. раннія К.з. — мегалітычныя збудаванні позняга неаліту і часоў бронзы. Менгіры, дальмены, кромлехі, катакомбы вядомы ў многіх частках свету (Англія, Скандынавія, Італія, Францыя, Індыя, Кітай, Каўказ). У рабаўладальніцкім грамадстве будавалі грабніцы з пірамідамі ў гонар фараонаў (піраміда Джасера ў Егіпце, 2800 да н.э.), храмы-зікураты (зікурат Этэменанкі ў Вавілоне, т.зв. Вавілонская вежа, сярэдзіна 7 ст. да н.э.). У часы Новага царства (16—11 ст. да н.э.) у Егіпце з’явіліся храмы, прысвечаныя багам (храм Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). У Стараж. Грэцыі і Рыме са з’яўленнем сістэмы ордэраў К.з. становяцца самымі багатымі і манум. будынкамі гарадоў (храм Парфенон у Афінах, 447—438 да н.э.; Пантэон у Рыме, 118—128 н.э.). Найб. пашыраны тып К.з. у Рым. імперыі — базіліка. Разнастайнасцю тыпаў вызначаецца архітэктура К.з. Візантыі (найб. грандыёзнае збудаванне — Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). У раманскі і гатычны перыяды колькасць тыпаў К.з. рэзка зменшылася. Культавая архітэктура Адраджэння вярнулася да ант. ордэра (сабор св. Пятра ў Рыме, 1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж. дэла Порта, Дж.Віньёла, К.Мадэрна і інш.). У перыяды барока (палац Сан-Сусі ў г. Патсдам, Германія, 1745—47, арх. Г. фон Кнобельсдорф) і класіцызму (Казанскі сабор у С.-Пецярбургу) ажыццяўляецца перапрацоўка ордэрнай сістэмы. К.з. 20 ст. адметныя выкарыстаннем новых канстр. і пластычных вырашэнняў, маст. выразнасцю (царква Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане, Францыя, 1950—54, арх. Ш.Э. Ле Карбюзье).
На Беларусі найб. пашыраны правасл. і уніяцкія цэрквы, каталіцкія касцёлы і капліцы, кальвінскія зборы, кляштары, трапляюцца сінагогі, мячэці. Мураваныя цэрквы вядомы з 11 ст.Асн. іх тып — крыжова-купальны храм. У 13—16 ст. К.з. звычайна з’яўляліся храмамі-крэпасцямі, у іх архітэктуры былі элементы готыкі і рэнесансу. На мяжы 16—17 ст. яны мелі бязвежавыя або 1-, 2- і 3-вежавыя гал. фасады (Мірскі Мікалаеўскі касцёл, Камайскі касцёл). У 17—18 ст.асн.маст. кірункам у архітэктуры быў стыль барока (касцёл у в. Адэльск Гродзенскага р-на, сярэдзіна 18 ст.). У гэты час пашырыліся 1- і 3-нефавыя базілікі без трансепта, крыжовыя і крыжова-купальныя, спачатку з бязвежавым ці 1-вежавым, потым, як правіла, 2-вежавым фасадам (Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай, Жыровіцкі Успенскі манастыр, Нясвіжскі касцёл езуітаў). Часта К.з. ставілі ў ансамблі з манастырамі і кляштарамі (Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, манастыр базыльян у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). У 1-й пал. 19 ст. архітэктура К.з. набыла рысы класіцызму (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор), з сярэдзіны 19 ст. — эклектычныя формы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарус. і псеўдавізант. (Мінская царква Аляксандра Неўскага), мадэрн. Са старажытнасці пашыраны таксама драўляныя К.з.: зрубныя (царква ў в. Здзітава Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., 1502) і пабудаваныя «ў стоўп» (Успенская царква Пінскага Лешчанскага манастыра). У перыяд барока пераважалі збудаванні 2-зрубнай базілікальнай структуры з бязвежавым, пазней 2-вежавым гал. фасадам (царква ў в. Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., 1737), 3-зрубныя з рытмічным спалучэннем аб’ёмаў і самаст. крыццём кожнага зруба (Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква). У 17—1-й пал. 19 ст. пашыраны манум. 4- і 5-зрубныя крыжова-купальныя К.з. з планам у выглядзе грэч. або лац. крыжа (Ільінская царква ў Віцебску). Драўляныя К.з. канца 19 — пач. 20 ст., як і мураваныя, маюць эклектычныя формы (касцёл у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл., 1899).
С.А.Сергачоў, Т.В.Габрусь.
Да арт.Культавыя збудаванні. Касцёл у вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай. Пач. 17 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Саборная мячэць у г. Керман (Іран).Да арт.Культавыя збудаванні. Ступа Бадхнатх у Катманду (Непал). 1 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНА́РДА ДА ВІ́НЧЫ (Leonardo da Vinci; 15.4.1452, г. Вінчы, Італія — 2.5.1519),
італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, тэарэтык мастацтва, вучоны, інжынер. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Высокага Адраджэння.
Імкнуўся да спалучэння навук. і маст. мыслення, разглядаў жывапіс як універсальную мову, якая пры дапамозе прапорцый і перспектывы ўвасабляе ўсю разнастайнасць праяўлення разумнага пачатку ў прыродзе. У творчасці спалучаў натуралістычнасць выявы з ідэалістычнасцю задумы, увасобіў новы эстэт. ідэал, стварыў вобраз гарманічнага, духоўнага і фізічна дасканалага чалавека.
Вучыўся жывапісу ў майстэрні А.Верок’ё (1467—72). Яе метады працы, у якіх маст. практыка спалучалася з тэхн. эксперыментамі, збліжэнне з астраномам П.Тасканелі, паўплывалі на развіццё яго навук. інтарэсаў. У ранні фларэнційскі перыяд (1452—81) развіваў традыцыі кватрачэнта. Творам уласціва плаўная аб’ёмнасць форм, падкрэсленая мяккай святлаценню мяккім святлаценем («Мадонна Роскін», анёл у карціне Верок’ё «Хрышчэнне Хрыста», пасля 1470; «Дабравешчанне», каля 1474; т.зв. «Мадонна Бенуа», каля 1478). Карціна «Пакланенне вешчуноў» (1481—82, не скончана) вызначаецца пошукамі драм. экспрэсіі, заснаванай на міміцы і руху. У 1482—1500 працаваў у Мілане пры двары герцага Л.Сфорцы, празванага Мора, які даручыў Леанарда заснаваць Акадэмію мастацтва. Для выкладання ў ёй склаў трактаты пра жывапіс, святло, цень, рух, прапорцыі цела чалавека і інш. Быў ваен. інжынерам, гідратэхнікам, арганізатарам прыдворных феерый. Як архітэктар распрацаваў варыянты «ідэальнага» горада, канструкцыі цэнтральна-купальнага храма. У 1490—1500 працаваў над вял. (7,2 м) конным манументам Ф.Сфорцы (мадэль яго ў натуральны памер была зруйнавана французамі пры ўзяцці Мілана). У 1490—91 выканаў жывапісны твор «Мадонна з дзіцем» («Мадонна Літа»). У карціне «Мадонна ў скалах» (1483—94; 2-і варыянт каля 1497—1511) найб. дасканала распрацаваў уласцівую большасці яго твораў кампазіцыю, пабудаваную на дакладных разліках. Яна ўяўляла сабой замкнёную ідэальную прастору, т.зв. прасторавую піраміду (трохвугольнік), у якую ўпісваюцца фігуры; найтанчэйшая святлацень (сфумата) мае ролю духоўна-сувязнага пачатку. У трапезнай кляштара Санта-Марыя дэле Грацые стварыў размалёўку «Тайная вячэра» (1495—97), якая стала адной з вяршынь усяго еўрап. мастацтва. У гэтым творы Леанарда адкрыў для жывапісу новую галіну — псіхал. канфлікт. Высокі этычны змест перададзены праз строгія матэм. заканамернасці кампазіцыі, што падпарадкоўвае сабе рэальную арх. прастору, праз ясную расстаноўку персанажаў, сістэму іх жэстаў і мімікі. Пасля 1500 працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Мілане, Рыме; у 1516 па запрашэнні караля Францыска I прыехаў у Францыю. У Фларэнцыі працаваў над размалёўкай у Палацца Век’ё («Бітва пры Анг’яры», 1503—06, не скончана, вядома па копіях з кардону), якая стаіць ля вытокаў батальнага жанру. У партрэце Моны Лізы (т. зв. «Джаконда», каля 1503) увасобіў узнёслы ідэал жаноцкасці і прыгажосці. У позніх творах развіваў пошукі ў галіне святлопаветранай перспектывы і гарманічнай пірамідальнай кампазіцыі («Св. Ганна з Марыяй і немаўляткам Хрыстом», каля 1500—07). Эксперыменты з маст. матэрыяламі, разнастайнасць інтарэсаў абумовілі невял. колькасць завершаных яго маст. і навук. работ, іх дрэнную захаванасць. Як вучоны ўзбагаціў амаль усе галіны ведаў свайго часу. У галіне механікі вывучаў пытанні трэння, раўнавагі, супраціўлення матэрыялаў і інш. Распрацоўваў канструкцыі машын і механізмаў, шмат з якіх значна апярэдзілі свой час (праекты металургічных печаў і пракатных станаў, ткацкіх станкоў, друкарскіх, дрэваапрацоўчых, землекапальных і інш. машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў і парашута), праекты фартыфікацыйных і гідратэхн. збудаванняў. Шмат эксперыментаваў у галіне оптыкі, выказваў правільныя здагадкі аб прыродзе бінакулярнага зроку. Блізка стаяў да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы светабудовы. Займаўся анатамічнымі даследаваннямі, імкнуўся ўвесці ў біялогію эксперым. метад. Упершыню стаў разглядаць батаніку як самаст.біял. дысцыпліну. Яго анат. малюнкі сталі асновай сучаснай навук. ілюстрацыі. Да нашага часу захавалася каля 7 тыс. аркушаў яго рукапісаў і запісных кніжак, частка з якіх увайшла ў «Трактат пра жывапіс», што склаў пасля смерці мастака яго вучань Ф.Мельцы. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне.
Тв.:
Рус.пер. — Книга о живописи. М., 1934;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1935;
Избр. естественнонаучные произв. М., 1955;
Анатомия Записки и рисунки. М., 1965.
Літ.:
Дживелегов АК. Леонардо да Винчи. М., 1974;
Нардини Б. Жизнь Леонардо: Пер. с итал. М., 1978;
Гастев А. Леонардо да Винчи. М., 1982.
Л.Ф.Салавей.
Леанарда да Вінчы. Мадонна з дзіцем (Мадонна Літа). Каля 1490—91.Леанарда да Вінчы. Аўтапартрэт. Каля 1510—13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗЕ́МНАЕ МО́РА,
міжмацерыковае мора Атлантычнага ак., паміж Еўропай, Азіяй і Афрыкай. На З Гібралтарскім пралівам злучана з Атлантычным ак., на ПнУ пралівам Дарданелы, Мармуровым м. і пралівам Басфор — з Чорным м., на У Суэцкім каналам — з Чырвоным м. У М.м. вылучаюць моры: Альбаран, Балеарскае, Лігурыйскае, Тырэнскае, Адрыятычнае, Іанічнае, Эгейскае. М.м. абмывае берагі 21 краіны: Іспаніі, Францыі, Манака, Італіі, Мальты, Славеніі, Харватыі, Югаславіі, Босніі і Герцагавіны, Албаніі, Грэцыі, Турцыі, Кіпра, Сірыі, Лівана, Ізраіля, Егіпта, Лівіі, Туніса, Алжыра, Марока. Пл. 2505 тыс.км². Сярэдняя глыб. 1541 м, найб.глыб. 5121 м. М.м. канчаткова ўтварылася ў эпоху альпійскага арагенезу ў выніку апускання часткі альпійскіх структур Паўд. Еўропы, Пярэдняй Азіі і платформенных утварэнняў Паўн. Афрыкі. Паўн. берагі гарыстыя, берагавая лінія складаная, паўд.афр. бераг мала парэзаны. Шэльф М.м. вузкі, за выключэннем Адрыятычнага і Эгейскага мораў, берагоў Туніса, Лівіі, Егіпта. Прыбярэжная зона глыбокая, меляў і рыфаў мала. Рэльеф дна складаецца з Алжыра-Праванскай, Тырэнскай, Цэнтр. і Левантыйскай катлавін. Найб. залівы: Валенсійскі, Ліёнскі, Генуэзскі, Таранта, Сідра, Габес. Найб. паўастравы: Пірэнейскі, Апенінскі, Балканскі, М.Азія; астравы: Балеарскія, Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, Крыт, Кіпр. Частыя землетрасенні, вывяржэнні вулканаў (в-аў Стромбалі). У М.м. ўпадаюць буйныя рэкі: Эбра, Рона, Тыбр, По, Ніл. Адна з асн. рыс воднага балансу М.м. — выпарэнне (3130 км³/год) — перавышае над ападкамі (1000 км³/год) і рачным сцёкам (430 км³/год). Водны дэфіцыт кампенсуецца паступленнем вады з Атлантычнага ак. (40 тыс.км³/год) і Чорнага м. (170 км³/год) у паверхневыя слаі. Існуе адток з прыдонных слаёў больш салёнай і шчыльнай вады М.м. ў Атлантычны ак. (38,5 тыс.км³/год) і Чорнае м. (170 км³/год). М.м. размешчана ў субтрапічных шыротах у зоне міжземнаморскага клімату з кароткай цёплай і дажджлівай зімой (т-растудз. 5—10 °C, ападкаў да 600 мм) і працяглым сухім гарачым летам (т-раліп. каля 28 °C, сума ападкаў за чэрв.—жнівень каля 50 мм). Зімой дзьмуць моцныя паўн. вятры — містраль (у раёне Ліёнскага зал.) і бара (на У Адрыятычнага м.). Летам частыя сухія вятры з Афрыкі — сірока. Сярэдняя т-ра вады ў М.м. на паверхні вады ў лютым ад 10—12 °C на Пн да 15—16 °C на Пд, жн. ад 21—23 °C да 27—28 °C адпаведна. Салёнасць вады (ад 36%° да 39,5%°) павялічваецца з 3 на У і дасягае макс. ў Левантыйскім басейне. Прылівы паўсутачныя да 1 м, найб. да 4 м. Цячэнні ў М.м. ў паўд. паласе з 3 на У, у паўн. — з У на 3, з цыкланальнымі кругаваротамі ў морах паўн. часткі, з антыцыкланальнымі ў залівах Габес і Сідра. Біял. і рыбапрамысл. прадукцыйнасць М.м. невялікая, што звязана са слабым развіццём фіта- і зоапланктону. Аднак адзначаецца вял. відавая разнастайнасць арганізмаў. Водзіцца 540 відаў рыб паўд.-барэальнага і трапічнага комплексаў (анчоўс, сардзіна, скумбрыя, стаўрыда, тунец). Каля 70 відаў рыб — эндэмікі, у т. л. скаты, віды хамсы, бычкоў, губана, марскіх сабачак. Ёсць марскія чарапахі, дэльфіны. Шмат розных беспазваночных (галаваногія малюскі, ракападобныя, губкі, чырвоны карал). Улоў рыбы штогод каля 600 тыс.т. Каля Туніса здабываюць губкі і каралы. Штучнае развядзенне ў рыбніках вустрыц і мідый. На шэльфе здабываюць нафту і газ, магнійртутныя руды, солі. На берагах М.м. сканцэнтравана каля 1/3 часткі ўсіх населеных пунктаў прыбярэжных краін, у т. л. больш за 300 партоў. Па М.м. ажыццяўляецца каля 20% сусв. знешнегандл. перавозак. Буйныя парты: Барселона (Іспанія), Марсель (Францыя), Генуя, Неапаль, Венецыя, Трыест (Італія), Бейрут (Ліван), Александрыя, Порт-Саід (Егіпет), Пірэй (Грэцыя), Ізмір (Турцыя), Хайфа (Ізраіль), Бенгазі, Трыпалі (Лівія), Туніс, Бізерта (Туніс) і інш. Міжземнамор’е — буйны раён адпачынку і турызму. Курорты: Лазурнага берага (Рыўера) у Францыі, Італіі і Манака, Левантыйскага ўзбярэжжа, Балеарскіх а-воў у Іспаніі. Буйной праблемай М.м. з’яўляецца забруджванне вод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТРЭ́Ту літаратуры — 1) апісанне знешняга выгляду чалавека
(рыс твару, фігуры, мімікі, жэстаў, манеры паводзін); адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза, характарыстыкі героя, які спрыяе перадачы сац. і псіхал. тыпажу персанажа, выяўленню аўтарскіх адносін да яго. У стараж. л-ры П. не надавалася вял. значэння: герой не меў выразных індывід. рыс, яго знешні выгляд быў стэрэатыпны і абазначаў толькі прыналежнасць да пэўнага асяроддзя. Ў рамант. л-ры П. заняў важнае месца, дапамагаючы ўзвышаць ці эстэтычна зніжаць героя (напр., Бандароўна і пан Патоцкі ў паэме Я.Купалы «Бандароўна»). У рэаліст. л-ры П. найперш сродак псіхал. абмалёўкі характару (у творах Я.Коласа, К.Чорнага, І.Мележа, В.Быкава). Таксама сустракаецца эмац.-ацэначны П. (партрэтныя апісанні выяўляюць або пачуцці аўтарскай прыхільнасці да герояў, або іранічна-здзеклівыя адносіны да іх). Партрэтная характарыстыка можа быць прамая (аўтарская) і ўскосная (даецца адным персанажам другому). Яна псіхалагічна дзейсная і ў паказе душэўнага стану героя ў пэўны момант, у раскрыцці эвалюцыі яго характару. Таму П. часта даецца ў творы ў дынаміцы, фрагментамі, якія адлюстроўваюць гэту эвалюцыю.
2) Біягр. нарыс пра пісьменніка, мастака, грамадскага дзеяча, у якім аўтар узнаўляе цэласнае аблічча чалавека, абапіраючыся на суб’ектыўныя ўражанні пры захаванні дакумент. дакладнасці ў перадачы фактаў. Літ. П. паэтаў Зах. Беларусі (М.Васілька, М.Засіма, А.Салагуба),
сучасных бел. пісьменнікаў (У.Караткевіча, Н.Гілевіча) стварыў У.Калеснік.
У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў (і асобны твор) жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны адлюстраванню канкрэтнага чалавека або групы людзей. Аснова жанру — перадача індывідуальнага аблічча персанажа незалежна ад узроўню ўмоўнасці вобраза і дакладнасці яго знешняга падабенства. Глыбіня вобраза залежыць ад ступені раскрыцця ўнутр. свету персанажа, выяўлення сутнасці яго характару. Неад’емная частка агульнага зместу П. — узаемаадносіны мастака і мадэлі. У адлюстраванні характэрных для эпохі абставін, касцюма, тыпажа і інш. раскрываецца гістарызм П. Звычайна П. ствараюць з натуры; могуць быць выкананы з маскі, знятай з партрэтаванага, фотаздымка, з прыжыццёвага П., напр., па ўспамінах або ўяўленні мастака; спецыфічны від П. — аўтапартрэт. Паводле характару выканання, прызначэння, спецыфікі форм вылучаюць П.: станковыя (жывапісныя, графічныя, скульптурныя), манументальныя (манум. скульптура і жывапіс; гл. таксама Надмагілле), малых форм (мініяцюры, П. на медалях і манетах, гемы); інтымны, парадны, псіхалагічны, камерны, лірычны, гераічны, гіст., бытавы, сатыр., гумарыстычны (карыкатура, шарж) і інш.; у рост, па калені, па пояс, пагрудны (гл.Бюст), галава; анфас, профіль і інш. Могуць быць індывід., парныя, групавыя. У маст. практыцы П. часта спалучаецца з інш. жанрамі. Вылучаюць П.-карціну (партрэтаваны паказаны ў сюжэтнай ці сэнсавай узаемасувязі з прадметным, прыродным або арх. асяроддзем, інш. людзьмі), П.-тып (збіральны вобраз, структурна блізкі да П.) і інш.
Узнікненне П. звязана з імкненнем увекавечыць вобраз чалавека, што абумовіла, асабліва на ранніх стадыях, дамінаванне мемарыяльнага пачатку. Першыя яго ўзоры трапляюцца ў мастацтве стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма, краін Усходу і вызначаюцца спалучэннем рытуальнасці характару выявы, абагаўлення ці ідэалізацыі вобразаў з цікавасцю да індывід. асаблівасцей чалавека (гл.Партрэт пахавальны, Фаюмскі партрэт). У сярэднявеччы ў еўрап. мастацтве вобраз падпарадкоўваўся рэліг. канонам, часта з’яўляўся часткай арх.-маст. ансамбля храма, вылучаўся імперсанальнасцю (выявы ўладароў, іх прыбліжаных і інш.; гл. таксама Партрэт данатарскі). Часам рысы канкрэтных асоб надаваліся выявам святых, індывідуалізацыяй вызначаліся надмагільныя П. У Кітаі П. вызначаўся разнастайнымі тыпамі (данатарскі, культава-пахавальны, афіцыйны, свецкі і інш.), творы спалучалі дакладнасць індывід. рыс з увасабленнем ідэі вышэйшай гармоніі і велічы сусвету. Высокім маст. узроўнем вызначалася партрэтная мініяцюра краін Зах. Еўропы, Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана, Індыі, Афганістана і інш. У эпоху Адраджэння мастакі прадстаўлялі мадэль ва ўсёй шматграннасці вобраза, вылучалі індывід. своеасаблівасць моцнай і яркай асобы, ідэалізацыя якой вынікае з сутнасці самога арыгінала (С.Батычэлі, Данатэла, Джарджоне, Караваджа, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, А. дэль Сарта, Тыцыян у Італіі, А.Дзюрэр, Л.Кранах Старэйшы, Г.Гольбейн Малодшы ў Германіі, Рагір ван дэр Вейдэн, Я.Госарт, Р.Кампен, Я. ван Эйк у Нідэрландах і інш.). У 17 ст. партрэтны жывапіс імкнуўся да дэмакратызацыі вобразаў, глыбокага пранікнення ў духоўнае жыццё чалавека, большай адэкватнасці вобраза арыгіналу, перадачы шырокага спектра і крытычнага трактавання яго індывід. рыс (Рэмбрант, Ф.Халс у Нідэрландах, Д.Веласкес, Ф.Гоя, Ф.Сурбаран у Іспаніі, А. ван Дэйк, Я.Іорданс, П.П.Рубенс у Фландрыі і інш.). У 18 ст. пад уплывам гуманіст. ідэй Асветніцтва ўзмацнілася рэалістычнасць П. (А.Вато, Ж.Гудон, К. дэ Латур, Ж.Б.Перано, Ж.А.Фраганар, Ж.Б.С.Шардэн у Францыі, У.Хогарт у Вялікабрытаніі, П.Батоні ў Італіі і інш.). У 2-й пал. 18—19 ст. узрасла ўвага да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, перадачы псіхалагізму (Т.Гейнсбара, А.Стывенс, Дж.Рэйналдс у Вялікабрытаніі, Г.Сцюарт у ЗША, Ж.Л.Давід, Э.Дэлакруа, Г.Курбэ, Т.Жэрыко, Ж А.Энгр у Францыі, В.Лейбль, А.Менцэль у Германіі, А.Каўфман у Швейцарыі, Я.Матэйка ў Польшчы, А.Антропаў, І.Аргуноў, У.Баравікоўскі, К.Брулоў, І.Вішнякоў, М.Ге, І.Крамской, А.Кіпрэнскі, Дз.Лявіцкі, В.Пяроў, Ф.Рокатаў, І.Рэпін, Ф.Шубін у Расіі і інш.).
На развіццё П. канца 19 — пач. 20 ст. істотна паўплывалі адкрыцці майстроў імпрэсіянізму і блізкіх да іх мастакоў (Э.Дэга, Э.Манэ, А.Радэн, А.Рэнуар у Францыі і інш.). Прыкметны ўплыў на развіццё сусв. П. зрабіла і творчасць мастакоў мадэрнісцкіх кірункаў (жывапісцы В. ван Гог, О.Какошка, А.Мадыльяні, П.Пікасо, П.Сезан і інш., скульптары — А.Бурдэль, А.Маёль і інш.). Псіхал. выразнасць, духоўная глыбіня вобразаў вылучае П. рус. мастакоў Ю.Аненкава, А.Галавіна, В.Сярова, М.Урубеля, Б.Кустодзіева, М.Ларыёнава, П.Малявіна, К.Сомава, З.Серабраковай і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. развіваўся ў рэчышчы разнастайных кірункаў і плыняў у творчасці Р.Гутуза (Італія), Л.Ласанскага, Э.Уорхала (ЗША), І.Глазунова, П.Канчалоўскага, П.Корына, М.Несцерава, К.Пятрова-Водкіна (Расія), скульптараў К.Дунікоўскага (Польшча), Дж.Манцу (Італія), Ф.Крэмера (Германія), В.Мухінай (Расія) і інш.
На Беларусі першыя партрэтныя выявы вядомы з глыбокай старажытнасці (драўляная фігурка чалавека са стаянкі Асавец; канец 3-га — 1-я пал. 2-га тыс. да н.э.; багушэвіцкая статуэтка, 2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Адметныя рысы П. праяўляюцца ў манум. жывапісе і скульптуры 12—14 ст. (фрэскі Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку, размалёўкі, выкананыя бел. майстрамі ў Польшчы). З літ. крыніц вядомы станковы П. 14 ст. У 16 ст. развіваецца ў графіцы (гравюрны П. Ф.Скарыны ў выдадзенай ім «Бібліі», 1517—19), мемарыяльнай скульптуры, медальерным мастацтве. У канцы 16—18 ст. пашырыліся рэпрэзентатыўны парадны (гл.Партрэт сармацкі), пахавальны, данатарскі, рыцарскі і інш. тыпы П. Сярод партрэтыстаў жывапісец І.Шрэтэр, графікі Г.Ляйбовіч, А. і Л. Тарасевічы. У 18 — пач. 19 ст. на развіццё П. ўплывалі класіцызм, рамантызм (жывапісцы І.Аляшкевіч, Ц.Бычкоўскі, А.Главацкі, Я.Дамель, С.Заранка, К.Карсалін, Ф.Смуглевіч, І.Хруцкі, А.Шэмеш, графікі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, К.Бахматовіч, Т.Кіслінг, Я.Клямбоўскі, К.Кукевіч, Ю.Пешка, скульптары Я.Астроўскі, К.Ельскі, Р.Слізень і інш.). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. П. адметны дэмакратызацыяй вобразаў, паглыбленнем сац. і псіхал. характарыстык (Л.Альпяровіч, Я.Кругер, Ю.Пэн, А.Ромер, Б. і К. Русецкія, Н.Сілівановіч і інш.). У 1-й пал. 20 ст. ў жанры П. працавалі І.Ахрэмчык, А.Бразер, Г.Віер, В.Волкаў, А.Грубэ, К.Змігродскі, М.Станюта, М.Філіповіч, у 2-й пал. 20 ст. — З.Азгур, А.Анікейчык, Л.Асядоўскі, А.Бембель, М.Будавей, С.Вакар, Г.Вашчанка, М.Данцыг, Л.Дударэнка, Я.Зайцаў, М.Кірэеў, П.Крахалёў, А.Кішчанка, А.Малішэўскі, А.Марачкін, В.Маркавец, І.Міско, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, У.Пасюкевіч, Ю.Піскун, В.Пратасеня, І.Пратасеня, А.Пушкін, М.Савіцкі, В.Сахненка, У.Стальмашонак, І.Стасевіч, І.Фяцісаў, Я.Харытоненка, Г. і Я. Ціхановічы, В.Шаранговіч, А.Шыбнёў, Л.Шчамялёў і інш.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Яго ж. Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982;
Беларуская станковая графіка / Склад. В.Ф.Шматаў. Мн., 1978;
Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.
А.М.Пяткевіч (літаратура), М.Л.Цыбульскі.
К.Брулоў. Партрэт графіні Ю.Самойлавай з выхаванкай. 1839—40.А.Дзюрэр. Партрэт маладога чалавека. 1521.Да арт.Партрэт. П.Пікасо. Амбруаз Валар. 1909—10.І.Хруцкі. Партрэт невядомай. 1830-я г.Да арт.Партрэт. З.Азгур. Рабіндранат Тагор. 1956.У.Стальмашонак. Партрэт Якуба Коласа. 1966—67.Да арт.Партрэт. М.Філіповіч. Жанчына ў намітцы. 1930-я г.Да арт.Партрэт. М.Будавей. А.Макаёнак. 1985.Да арт.Партрэт. Ю.Піскун. Старасвецкая мелодыя. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РКІ (Максім) (сапр.Пешкаў Аляксей Максімавіч; 28.3.1868, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 18.6.1936),
рускі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Ганаровы акадэмік АНБССР (1932). З 1878 працаваў служкай, грузчыкам, пекарам, дворнікам і інш. З 1884 жыў у Казані, удзельнічаў у нелегальных народніцкіх гуртках. У 1888—89 і 1891—92 вандраваў па Расіі. За ўдзел у арганізацыі падп. друкарні ў 1901 высланы з Ніжняга Ноўгарада. Удзельнічаў у Снежаньскім узбр. паўстанні 1905. У 1906 выехаў у Амерыку, потым — у Італію, жыў на в-ве Капры (1906—13). У 1913 вярнуўся ў Расію. Узначальваў выд-ва «Всемирная литература» (1918—24). У 1924—31 жыў у Сарэнта (Італія). З 1931 у СССР. Засн. шэраг часопісаў, кніжных серый, у т. л. «Жыццё выдатных людзей», «Бібліятэка паэта» і інш. Ініцыятар 1-га з’езда (1934) і 1-ы старшыня Саюза сав. пісьменнікаў. Зрабіў вял. ўплыў на фарміраванне ідэйна-эстэт. прынцыпаў сав. л-ры.
У друку ўпершыню выступіў з апавяданнем «Макар Чудра» (1892). У яго ранняй творчасці спалучаліся рамантызм і рэалізм. У алегарычных творах («Песня пра Сокала», 1895, «Песня пра буравесніка», 1901) адлюстраваліся погляды Горкага на рэвалюцыю. Шырокі рэзананс меў зб. «Нарысы і апавяданні» (т. 1—3, 1898—99). У рэаліст. творах (раманы «Фама Гардзееў», 1899; «Трое», 1900—01, і інш.) паказаў Расію напярэдадні 20 ст. У драме «Мяшчане» (паст. 1902), п’есах «На дне» (1902), «Дачнікі» (1904), «Дзеці сонца» (1905), «Варвары» і «Ворагі» (1906) адлюстраваў перадрэвалюцыйныя працэсы ў рас. грамадстве. У рамане «Маці» (1907) спачувальна паказаў нарастанне рэв. руху ў Расіі. Аповесці «Лета» і «Гарадок Акураў» (1909), «Жыццё Мацвея Кажамякіна» (1910—11) пра рус. сялянства і мяшчанства. Патрыятычнымі настроямі прасякнуты «Казкі пра Італію» (1911—13), цыкл апавяданняў «Па Русі» (1912—17). У публіцыстычнай кн. «Несвоечасовыя думкі» (асобнае выд. 1918) крытыкаваў узяты У.І.Леніным курс на рэвалюцыю, сцвярджаў пра яе дачаснасць і разбуральныя вынікі. Напісаў аўтабіягр. трылогію («Дзяцінства», 1913—14; «У людзях», 1916; «Мае універсітэты», 1923), раман «Справа Артамонавых» (1925), п’есы «Ягор Булычоў і іншыя» (паст. 1932), «Дасцігаеў і іншыя» (1933), «Васа Жалязнова» (1936, 1-я рэд. 1910), у якіх зноў звярнуўся да паказу жыцця Расіі да 1917. Аўтар літ. партрэтаў «Леў Талстой» (1919), «У.Г.Караленка» (1923), «Сяргей Ясенін» (1927) і інш. Апошні твор — няскончаны раман-эпапея «Жыццё Кліма Самгіна» (ч. 1—3, 1927—31, ч. 4, 1937) у надзвычай згушчанай, насычанай форме адлюстраваў падзеі перадрэвалюцыйных дзесяцігоддзяў.
Горкі першы з рус. пісьменнікаў звярнуў увагу на бел. л-ру, даў высокую ацэнку творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. Пераклаў на рус. мову верш Я.Купалы «А хто там ідзе», які назваў нацыянальным гімнам беларусаў. Цікавіўся бел. фальклорам. З 1896 у сваяцкіх адносінах з сям’ёй А.Я.Багдановіча. У 1929 у час вяртання на радзіму на ст. Негарэлае яго сустракалі Я.Купала, Ц.Гартны, А.Александровіч, у 1931 — К.Крапіва, П.Галавач і інш. На бел. мову творы Горкага перакладалі Т.Гардзялкоўская, К.Чорны, М.Гарэцкі, Э.Самуйлёнак, П.Глебка, К.Крапіва, М.Лынькоў, А.Куляшоў, Я.Брыль, Э.Агняцвет, З.Астапенка, С.Баранавых, В.Вітка, Ю.Гаўрук, А.Зарыцкі, М.Лобан, М.Машара, Я.Скрыган, Т.Хадкевіч, У.Хадыка, А.Якімовіч. П’есы Горкага неаднаразова ставіліся і на сцэнах бел. т-раў.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—25. М., 1968 — 76;
Архив А.М.Горького. Т. 1—14. М., 1939—76;
Бел.пер. — Зб. твораў. Т. 5—13, 16—20, 23—24. Мн., 1935—38 (т. 1—4, 14—15, 21—22 не выд.);
Архіп і Лявонка. Вільня, 1910;
Зброднік. Канавалаў, Чалкаш. Мн., 1930;
Справа Артамонавых. Мн., 1941;
Маці. Мн., 1941;
Дзяцінства. Мн., 1949;
У людзях. Мн., 1952;
Мае універсітэты. Мн., 1953;
Казкі. Мн., 1968.
Літ.:
Летопись жизни и творчества А.М.Горького. Вып. 1—4. М., 1958—60;
Десницкий М.В. А.М.Горький: Очерки жизни и творчества. М., 1959;
Михайловский Б., Тагер Е. Творчество М.Горького. 3 изд. М., 1969;
Богданович А. Страницы из жизни Максима Горького... Мн., 1965;
Ивашин В.В. М.Горький и белорусская литература начала XX в. Мн., 1956;
Ларчанка М. Славянская супольнасць. Мн., 1963;
Максім Горкі і Беларусь: Зб.арт. і ўспамінаў. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМФО́НІЯ (грэч. symphōnia сугучнасць ад syn разам + phōnē гук),
музычны твор для сімфанічнага аркестра, напісаны ў санатна-цыклічнай форме. Звычайна складаецца з 4 кантрастных па характары частак. Часам С. пішуць для нетыповага складу выканаўцаў (камернага, стр., духавога аркестраў, аркестра нар. інструментаў або з далучэннем да аркестра хору, салістаў і інш.). С. ўласцівы значнасць зместу, які раскрываецца праз развіццё муз. вобразаў, іх суадносін і кантрастнасць тэматычнага матэрыялу частак, мае шырокія магчымасці ўвасаблення значных ідэй, складаных драматург. канцэпцый.
Тэрмін «С.» існаваў задоўга да ўзнікнення жанру. У Стараж. Грэцыі ён азначаў сугучнасць і сумесныя спевы ва унісон, у Стараж. Рыме — інстр. ансамбль, у эпоху Адраджэння — інстр. ўступы і эпізоды ў вял.вак. творах, пазней — асобныя вак. і інстр. кампазіцыі, у 17—18 ст. — уступную частку старадаўняй сюіты і аркестравы ўступ (уверцюру) да італьян. оперы. Трохчасткавая італьян. оперная С. (крайнія часткі хуткія, сярэдняя павольная) у 18 ст. адасобілася ад оперы і стала развівацца як самаст. канцэртны жанр, зазнаўшы ўплыў інш.арк. жанраў. Значная роля ў фарміраванні С. належыць кампазітарам мангеймскай школы і перадкласічнай венскай шкалы, а таксама Дж.Б.Самарціні (Італія), Ф.Гасеку (Францыя). Класічны тып С. і сімфанізм як прынцып муз. мыслення выкрышталізаваліся ў творчасці І.Гайдна і В.А.Моцарта, развіты Л.Бетховенам. У перыяд рамантызму ўзнікла і дасягнула росквіту праграмная С. (Г.Берліёз, Ф Мендэльсон, Ф.Ліст). Сярод яе найб. значных зах.-еўрап. майстроў Ф.Шуберт, Р.Шуман, І.Брамс, А.Брукнер, Г.Малер, С.Франк, А.Дворжак, Я.Сібеліус, А.Анегер, П.Хіндэміт і інш. Рускі сімфанізм сфарміраваўся на нац. глебе і даў у розных жанравых адгалінаваннях С. (эпічная, жанравая, лірыка-драм.) яскравыя творы з шырокім эстэт. абагульненнем з’яў рэчаіснасці (П.Чайкоўскі, А.Барадзін, А.Глазуноў, С.Танееў, С.Рахманінаў, А.Скрабін, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч і інш).
Першая бел. сімфонія належыць Я.Цікоцкаму (1927). Жанру С. аддавалі ўвагу амаль усе бел. кампазітары 20 ст.Найб. ўклад зрабілі Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, Я.Глебаў, У.Дарохін, В.Кузняцоў, А.Мдывані, Р.Пукст, Ф.Пыталеў, Дз.Смольскі, Цікоцкі і інш. Развіваючы класічныя традыцыі і жанравыя тыпы, бел. кампазітары ўзбагацілі нац.муз. культуру змястоўнымі, высокамаст. С. Разнастайнасць яе тыпаў абумоўлена глыбінёй і абгрунтаванасцю драматург. канцэпцый, своеасаблівасцю стылістыкі, сувязей з фальклорам і інш. Значнае месца ў бел. музыцы займаюць праграмныя С. Аладава (5-я «Лірычная» сімфонія-балада «У суровыя дні»), В.Войціка («Каложа»), Глебава («Партызанская», «Да міру», «Альпійская сімфонія-балада»), Мдывані («Песні для аркестра», «Сімфонія ў стылі барока», «Памяць зямлі», «Полацкія пісьмёны», «Паўночныя кветкі»), Падкавырава («Юнацтва», «Мая Радзіма»), Ф.Пыталева («Памяць маці», «Чорная быль»), Дз.Смольскага (8-я С. з вершамі І.Бродскага), К.Цесакова («Памяці Веры Харужай»), Цікоцкага (5-я С. з часткамі «Стварэнне», «Чалавечнасць», «Жыццесцвярджэнне»), Аснова фарміравання характэрных нац. асаблівасцей бел. С. — фальклор у разнастайных аспектах яго творчага асэнсавання і ўвасаблення. У ёй прадстаўлены таксама асн. плыні сучаснай музыкі, што адбілася на вобразна-тэматычным ладзе, структурных і стыліст. асаблівасцях твораў. У структурных адносінах пераважаюць С. класічнай санатна-цыклічнай будовы, аднак намячаюцца тэндэнцыі да памяншэння колькасці частак цыкла, павелічэння і свабоднай кампазіцыі. Сярод С. у бел. музыцы: для камернага арк. (2-я Вагнера, 2-я У.Дарохіна, 1-я Залётнева, 3-я Цесакова, 2-я А.Клеванца і інш.), стр.арк. (4-я Глебава, 2-я А.Елісеенкава і інш), арк.нар. інструментаў і хору (5-я С. «Памяць зямлі» Мдывані), твораў з хорам, інстр. ансамблем (2-я сімфонія Дарохіна), фп. і інш. інструментамі (3-я сімфонія Глебава, 1-я, 2-я, 3-я Залётнева, 9-я Смольскага і інш.), а таксама С. ў старадаўніх стылях («Сімфонія ў стылі барока» Мдывані). Найб. значныя С. ўвасабляюць глыбокія філас. канцэпцыі, з’яўляюцца спробай асэнсавання падзей мінулага і сучаснасці, выяўляюць істотныя рысы нац. культуры.
Літ.:
Асафьев Б.В. Симфония // Очерки советского музыкального творчества. М ;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНК (ад італьян. banco крама мянялы),
фінансавая ўстанова, спецыялізаваная на акумуляцыі грашовых сродкаў і зберажэнняў (укладаў), крэдытаванні, пасрэдніцтве ў грашовых разліках і інш.банкаўскіх аперацыях у адпаведнасці з заканадаўствам. Мае статутны і рэзервовы фонды. Паводле формаў уласнасці банкі бываюць: акцыянерныя, партнёрскія, індывідуальныя, кааператыўныя (узаемныя), муніцыпальныя (камунальныя), дзяржаўныя (нац.), змешаныя (з удзелам дзяржавы), сумесныя (з удзелам замежнага капіталу), замежныя, міждзяржаўныя; паводле функцый і характару аперацый — камерцыйныя банкі, ашчадныя банкі, інвестыцыйныя, іпатэчныя, знешнегандлёвыя банкі і інш., якія на чале з цэнтр. банкам утвараюць банкаўскую сістэму краіны; цэнтр. банк у большасці краін належыць дзяржаве і валодае манапольным правам эмісіі грошай. Пры ажыццяўленні знешнеэканам. аперацый адрозніваюць банкі-рэзідэнты (зарэгістраваныя на нац. тэрыторыі) і банкі-нерэзідэнты (замежныя). Банкі, якія выпускаюць уласныя каштоўныя паперы, наз. банкамі-эмітэнтамі.
Вытокі банкаўскай справы адносяцца да практыкі захоўвання каштоўных металаў у карпарацыях жрацоў і мяняльнай справы ў рабаўладальніцкім грамадстве. Як самаст. ўстановы банкі ўзніклі ў сярэднявеччы, крэдытавалі пераважна каралёў і буйных феадалаў. У 16 ст. ў буйных гандл. цэнтрах (Амстэрдам, Гамбург) з’явіліся банкі новага тыпу — т.зв. жырабанкі, якія ажыццяўлялі безнаяўныя разлікі паміж сваімі кліентамі. Сучасныя прынцыпы банкаўскай справы найперш сфарміраваліся ў Англіі. У Расіі пачалі стварацца з 1750-х г.
Першы на Беларусі Мінскі камерцыйны банк заснавалі ў 1873 буйныя памешчыкі і купцы, меў філіялы ў Гомелі, Літве, на Украіне. У 1881—84 у Мінску, Віцебску, Магілёве, Гродне адкрыты аддзяленні Дзярж. банка Расіі (іх баланс на 1.1.1914 — 32,5 млн.руб.). У канцы 19 — пач. 20 ст. адкрыты філіялы рас. акцыянерных камерц. Банкаў. Да 1-й сусв. вайны на Беларусі дзейнічалі аддзяленні банкаў Рас. імперыі: Злучанага (баланс на 1.1.1914 — 5,6 млн.руб.), Руска-Азіяцкага (13,1 млн.), Віленскага прыватнага (11,5 млн.), Азоўска-Данскога (7,3 млн.), Маскоўскага (1,4 млн.), Руска-Французскага (2,8 млн.). Праз гэтыя аддзяленні банкаў на Беларусь ішоў прыток кароткатэрміновых пазыковых капіталаў з інш. рэгіёнаў Расіі (агульны аб’ём крэдытных укладанняў на 1.1.1914 склаў 38,6 млн.руб.). Дзейнічалі таксама т-вы ўзаемнага крэдыту, крэдытныя кааператывы, гар. грамадскія банкі. Але яны не задавальнялі патрэбы бел. прам-сці і гандлю ў крэдыце, што спрыяла ўзнікненню банкірскіх дамоў і кантор, развіццю ліхвярскага крэдыту, пранікненню замежнага капіталу. Былі адкрыты аддзяленні іпатэчных банкаў: акцыянерных зямельных Віленскага, Маскоўскага, С.-Пецярбургска-Тульскага, дзярж. Сялянскага пазямельнага (аперацыі з 1883) і Дваранскага зямельнага (з 1885). Сав. банкаўская сістэма пачала фарміравацца ў 1922 з адкрыццём Бел. канторы Дзяржбанка РСФСР (потым СССР). Пазней адкрыты Прамбанк, Усекабанк, Белкамунбанк, Белсельбанк і інш. Пасля 1959 засталіся Бел. канторы Дзяржбанка СССР і Будбанка СССР.
З прыняццем законаў «Аб Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (снежань, 1990) пачалося фарміраванне нац. банкаўскай сістэмы. Яна складаецца з Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і камерцыйных банкаў, якіх на 1.1.1996 было 42, з іх найбольшыя (паводле памеру фактычнага статутнага фонду; млн.руб. і тыс. ЭКЮ): акцыянерны ашчадны Беларусьбанк (184970,1 і 12555,1), акцыянерны камерцыйны «Прыёрбанк» (117742,9 і 7992), акцыянерны камерцыйны «Пошук» (69347,4 і 4707,1), Белпрамбудбанк (49942,5 і 3389,9), Знешэканомбанк (47823,2 і 2960,7), акцыянернае т-ва «Інвестбанк» (40776 і 2467,7), Белбізнесбанк (40334,2 і 2737,7), Белаграпрамбанк (36000 і 2443,6), «Садружнасць» (35291,3 і 2395,4), Белсувязьбанк (31681,6 і 2150,4), «Мінск-транзіт банк» (31483,3 і 2137), акцыянерны рэгіянальны камерцыйны банк «Комплекс» (31192 і 2117,2), Масбізнесбанк (30791,7 і 2090), Бел. біржавы банк (30589 і 2076,3), спецыялізаваны камерцыйны Тэхнабанк (30518,2 і 2071,5), Б.н.банк (29794 і 2022,3), Брэсткамбанк (29614,8 і 2010,1).
На сучасным этапе дзейнічаюць банкаўскія сістэмы: нацыянальная (адной краіны, як правіла, на чале з цэнтр. банкам, з адной грашовай адзінкай, ажыццяўляе сувязь з інш.нац. сістэмамі), рэгіянальная (забяспечвае інтарэсы некалькіх краін і ва ўзаемных разліках звязана асобнымі эканам. адносінамі) і міжнар. (для разлікаў у міжнар. маштабе). Сярод нац. банкаўскіх сістэм асабліва вядомыя швейцарская, банкі якой дзякуючы працягламу нейтралітэту гэтай краіны строга захоўваюць тайну банкаўскіх укладаў, маюць вял. залатыя рэзервы і таму прыцягальныя для кліентаў усяго свету. Да рэгіянальных банкаўскіх сістэм адносяцца еўрап., ціхаакіянская і інш.; некаторыя з іх (Еўрап. Валютная Сістэма) па ўзроўні інтэграцыі набліжаюцца да нац. банкаўскіх сістэм. Аснову міжнар. банкаўскай сістэмы складаюць Міжнародны валютны фонд, Міжнарод. банк рэканструкцыі і развіцця, Банк міжнародных разлікаў. Найбольшыя банкі краін свету: «Сумітома банк», «Фудзі банк» (Японія), «Сіці карпарэйшэн», «Чэйз Манхатан банк», «Банкамерыка карпарэйшэн» (ЗША), «Барклейс банк», «Нэшанал Вестмінстэр банк», «Мідленд банк» (Вялікабрытанія), «Амстэрдам-Ротэрдам банк» (Нідэрланды), «Інстытута банкарыо сан паўла ды Тарына» (Італія), «Роял банк оф Канада» (Канада), «Рэдзі агрыколь», «Банк насьёналь дэ Пары», «Сасьетэ жэнераль» (Францыя), «Дойчэ банк», «Дрэзднер банк», «Комерцбанк» (Германія), «Юньён банк швітцэрланд», «Сюіс банк карпарэйшэн» (Швейцарыя). У дзесятку найбуйнейшых банкаў свету ўваходзіць найбольш японскіх, сярод якіх самы буйны «Сумітома банк». Сучасная банкаўская справа мае высокі ўзровень тэхн. аснашчанасці: у сусв. маштабе выкарыстоўваюцца электронная сістэма разлікаў тыпу SVIFT, безнаяўныя разлікі з дапамогай пластыкавых картак і інш.