СІМФО́НІЯ (грэч. symphōnia сугучнасць ад syn разам + phōnē гук),
музычны твор для сімфанічнага аркестра, напісаны ў санатна-цыклічнай форме. Звычайна складаецца з 4 кантрастных па характары частак. Часам С. пішуць для нетыповага складу выканаўцаў (камернага, стр., духавога аркестраў, аркестра нар. інструментаў або з далучэннем да аркестра хору, салістаў і інш.). С. ўласцівы значнасць зместу, які раскрываецца праз развіццё муз. вобразаў, іх суадносін і кантрастнасць тэматычнага матэрыялу частак, мае шырокія магчымасці ўвасаблення значных ідэй, складаных драматург. канцэпцый.
Тэрмін «С.» існаваў задоўга да ўзнікнення жанру. У Стараж. Грэцыі ён азначаў сугучнасць і сумесныя спевы ва унісон, у Стараж. Рыме — інстр. ансамбль, у эпоху Адраджэння — інстр. ўступы і эпізоды ў вял. вак. творах, пазней — асобныя вак. і інстр. кампазіцыі, у 17—18 ст. — уступную частку старадаўняй сюіты і аркестравы ўступ (уверцюру) да італьян. оперы. Трохчасткавая італьян. оперная С. (крайнія часткі хуткія, сярэдняя павольная) у 18 ст. адасобілася ад оперы і стала развівацца як самаст. канцэртны жанр, зазнаўшы ўплыў інш. арк. жанраў. Значная роля ў фарміраванні С. належыць кампазітарам мангеймскай школы і перадкласічнай венскай шкалы, а таксама Дж.Б.Самарціні (Італія), Ф.Гасеку (Францыя). Класічны тып С. і сімфанізм як прынцып муз. мыслення выкрышталізаваліся ў творчасці І.Гайдна і В.А.Моцарта, развіты Л.Бетховенам. У перыяд рамантызму ўзнікла і дасягнула росквіту праграмная С. (Г.Берліёз, Ф Мендэльсон, Ф.Ліст). Сярод яе найб. значных зах.-еўрап. майстроў Ф.Шуберт, Р.Шуман, І.Брамс, А.Брукнер, Г.Малер, С.Франк, А.Дворжак, Я.Сібеліус, А.Анегер, П.Хіндэміт і інш. Рускі сімфанізм сфарміраваўся на нац. глебе і даў у розных жанравых адгалінаваннях С. (эпічная, жанравая, лірыка-драм.) яскравыя творы з шырокім эстэт. абагульненнем з’яў рэчаіснасці (П.Чайкоўскі, А.Барадзін, А.Глазуноў, С.Танееў, С.Рахманінаў, А.Скрабін, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч і інш).
Першая бел. сімфонія належыць Я.Цікоцкаму (1927). Жанру С. аддавалі ўвагу амаль усе бел. кампазітары 20 ст. Найб. ўклад зрабілі Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, Я.Глебаў, У.Дарохін, В.Кузняцоў, А.Мдывані, Р.Пукст, Ф.Пыталеў, Дз.Смольскі, Цікоцкі і інш. Развіваючы класічныя традыцыі і жанравыя тыпы, бел. кампазітары ўзбагацілі нац. муз. культуру змястоўнымі, высокамаст. С. Разнастайнасць яе тыпаў абумоўлена глыбінёй і абгрунтаванасцю драматург. канцэпцый, своеасаблівасцю стылістыкі, сувязей з фальклорам і інш. Значнае месца ў бел. музыцы займаюць праграмныя С. Аладава (5-я «Лірычная» сімфонія-балада «У суровыя дні»), В.Войціка («Каложа»), Глебава («Партызанская», «Да міру», «Альпійская сімфонія-балада»), Мдывані («Песні для аркестра», «Сімфонія ў стылі барока», «Памяць зямлі», «Полацкія пісьмёны», «Паўночныя кветкі»), Падкавырава («Юнацтва», «Мая Радзіма»), Ф.Пыталева («Памяць маці», «Чорная быль»), Дз.Смольскага (8-я С. з вершамі І.Бродскага), К.Цесакова («Памяці Веры Харужай»), Цікоцкага (5-я С. з часткамі «Стварэнне», «Чалавечнасць», «Жыццесцвярджэнне»), Аснова фарміравання характэрных нац. асаблівасцей бел. С. — фальклор у разнастайных аспектах яго творчага асэнсавання і ўвасаблення. У ёй прадстаўлены таксама асн. плыні сучаснай музыкі, што адбілася на вобразна-тэматычным ладзе, структурных і стыліст. асаблівасцях твораў. У структурных адносінах пераважаюць С. класічнай санатна-цыклічнай будовы, аднак намячаюцца тэндэнцыі да памяншэння колькасці частак цыкла, павелічэння і свабоднай кампазіцыі. Сярод С. у бел. музыцы: для камернага арк. (2-я Вагнера, 2-я У.Дарохіна, 1-я Залётнева, 3-я Цесакова, 2-я А.Клеванца і інш.), стр. арк. (4-я Глебава, 2-я А.Елісеенкава і інш), арк. нар. інструментаў і хору (5-я С. «Памяць зямлі» Мдывані), твораў з хорам, інстр. ансамблем (2-я сімфонія Дарохіна), фп. і інш. інструментамі (3-я сімфонія Глебава, 1-я, 2-я, 3-я Залётнева, 9-я Смольскага і інш.), а таксама С. ў старадаўніх стылях («Сімфонія ў стылі барока» Мдывані). Найб. значныя С. ўвасабляюць глыбокія філас. канцэпцыі, з’яўляюцца спробай асэнсавання падзей мінулага і сучаснасці, выяўляюць істотныя рысы нац. культуры.
Літ.:
Асафьев Б.В. Симфония // Очерки советского музыкального творчества. М ;
Л., 1947. Т. 1;
Соллертинский И.И. Музыкально-исторические этюды. Л., 1956;
Арановский М.Г. Симфонические искания. Л., 1979;
Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера: Пер. с нем. Л., 1926;
Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Щербакова Т. О белорусской симфонической музыке // Музыкальная культура БССР. М., 1977;
Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974.
Т.А.Дубкова.
т. 14, с. 391