узды́біцца, ‑біцца; зак.

1. Стаць, узняцца на дыбкі. [Стась] выцяў варанога пад бакі. Жарабец уздыбіўся і памчаў. Грамовіч. Выскаліўшы пеністыя храпы, уздыбіліся коні. Лынькоў. // перан. Развар’явацца. — Я Алесю пра наша каханне расказаў, дык ён аж уздыбіўся, — каб змяніць гутарку, схлусіў Кастусь. Ваданосаў.

2. Падняцца ўгору, падняцца дыбам. Лёд на рацэ ўздыбіўся і пачарнеў, падточаны маладымі водамі з палёў і лугоў. Краўчанка. Вагоны з лязгатам уздыбіліся і паляцелі адзін за адным пад адхон. Няхай. Зрэдку пасівелыя валасы пана Даўнаровіча крыху ўздыбіліся, твар раптам нейк схуднеў. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хварту́х, ‑а, м.

Абл.

1. Рабочае адзенне ў выглядзе куска тканіны, скуры, брызенту пэўнага фасону і памеру, якое падвязваюць спераду, каб засцерагчы ад забруджвання сукенку, спадніцу, касцюм. Нявестка сабрала ў хвартух відэльцы, лыжкі, чаркі і выйшла. Кавалёў. Мама і стол заслала настольнікам, і хату разы два перамяла, і хвартух новы падвязала. Брыль. Сам Міхал ужо не працуе — працуюць яго чатыры сыны, якія стаяць пры горнах, — кожны ў скураным хвартуху... Пестрак.

2. Скураная, брызентавая, палатняная покрыўка, запона, што засцерагаюць машыны, механізмы і пад. ад пылу, бруду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цу́кар, ‑кру, м.

1. Пажыўны харчовы прадукт, белае крышталічнае рэчыва, салодкае на смак, якое вырабляецца з цукровых буракоў або цукровага трыснягу. Людзі вараць і спажываюць варэнне, п’юць чай. Усяму аснова — цукар. Пестрак. [Зыгмусь] рэжа і кладзе на сподак лімон і пасыпае цукрам. Чорны.

2. мн. цукры́, о́ў. Спец. Назва рада арганічных злучэнняў, пераважна з групы вугляводаў.

3. перан. Разм. Пра што‑н. прыемнае на смак, смачнае. // Пра таго, хто прыносіць асалоду. [Хлор:] — Цукар — не дзяўчына, .. ружачка пахучая... Гартны.

•••

Посны цукар — сорт цукерак з цукру з фруктовымі сокамі.

[Ад ням. Zucker.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шушу́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Гаварыць пра каго‑, што‑н. шэптам па сакрэту, нашэптваць. Шушукалі, хіхікалі Падсуседзі дасужыя, Назад вярнуцца клікалі — З натугі, бач, нядужае. Купала. І вось ён, Аляксандр Іванавіч Сідарчук, храбры камандзір партызанскага атрада, сядзіць цяпер у рэстаранчыку, дзе працуе яго жонка Ніна, пра якую шушукаюць яе сяброўкі па працы, што яна хоча пакінуць свайго Сашу, бо Саша не можа перастаць піць. Пестрак.

2. перан. Тое, што і шушукацца (у 2 знач.). Над страшнай працягла сасонка Шушукала з ветрам начным. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гадава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., каго-што.

1. Даглядаючы, выхоўваючы, забяспечваць рост, развіццё каго‑н. Гадаваць дзяцей. // Разводзіць, вырошчваць (жывёлу, расліны). Гадаваць цяля. Гадаваць сад. // перан. Быць асновай развіцця, існавання чаго‑н. Цвітуць палі ў адзенні новым, Гадуюць новыя сады. Колас. З сонцам гадуе зямля вінаграды. Купала.

2. Адрошчваць (валасы, ногці і інш.). Гадаваць бараду.

3. перан. Абдумваць у дэталях, выношваць (думку, план і пад.). У кожнага мара свая залатая, Якую мы песцім, гадуем і любім. Панчанка. [Кляновіч] кожны дзень гадаваў у душы нешта такое, што ў плыні афіцыяльнай работы лічыў самым галоўным. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

га́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. гас, ‑ла і ‑нуў, ‑нула; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пераставаць гарэць, свяціць; тухнуць. Гаслі зоркі. □ Гаслі і астывалі патрошкі і вугельчыкі, пакрываючыся лёгкім белым попелам. Колас. Промень гаснуў, і наваколле ахіналі мяккія змрокі. Карпаў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Памяншацца, знікаць (пра пачуцці, веру, жаданні і пад.). Гасне туга, адыходзіць самота. Панчанка. Кляновіч адчувае ў гутарцы з сябрамі, што крыўда паволі гасне ў яго грудзях. Пестрак.

3. перан. Слабець, траціць сілы; чахнуць. Барташэвіч гас і згараў увачавідкі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ако́ліца, ‑ы, ж.

1. Тое, што і ваколіца (у 2 знач.). А стаў Андрэйка першым старшынёй Найпершага ў аколіцы калгаса. З. Астапенка. Аколіцу абляцела вестка, што заўтра ля каменя будзе вялікі фэст. Пестрак. Чуў ты гоман мінскіх аколіц заводскіх? Таўбін.

2. Уст. Плот з варотамі ў канцы вёскі. Доўга стаіць, прыслухоўваецца [Яўтух] да шорахаў у садку, да рокату трактара ў полі, да вясёлых песень дзяўчат за аколіцай. Бялевіч. Гэй, пайду ж я па вуліцы У тое поле за аколіцу. Багдановіч. За аколіцай ходзяць дзяўчаты, і гукаюць красуню-вясну. Кляшторны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клапаці́цца, ‑пачуся, ‑поцішся, ‑поціцца; незак.

1. Старанна і дзейна займацца чым‑н., працаваць над чым‑н. Маці была ў задуме, а бацька рухава клапаціўся па справах ад’езду. Пестрак. Ля печы клапоціцца маці, І сала пячэ, і бліны. Астрэйка.

2. Турбавацца, непакоіцца з выпадку чаго‑н. [Назараў] падвёў іх да гардэроба і сам стаў клапаціцца, як лепш і прасцей кожнага апрануць. Гамолка.

3. Праяўляць клопат аб кім‑, чым‑н. Клапаціцца аб грамадскіх справах. □ [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня, ён даглядаў яго лепш, як сябе, клапаціўся пра яго больш, чым пра сваю хату і сям’ю. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крамя́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Пругкі, цвёрды, сакавіты. Мерна, роўна шархала [піла], уядалася ў крамяную белую моц дрэва. Мележ. У разоры ўзвышаецца.. горка крамяных агуркоў, выбраных учора з град калгасніцамі. Пестрак. // Поўны здароўя, сілы (пра чалавека). Ляжала Ганна на ложку, песцячы ў мяккай цёплай пасцелі сваё маладое крамянае цела. Нікановіч.

2. перан. Свежы, ядраны. І здаровае, крамянае надвор’е, і яркія цёплыя фарбы маглі б толькі радаваць і бадзёрыць нашых хадакоў. Якімовіч. // Грубаваты. Гэта быў ужо не той задзірысты франтавік Бесо Коркія, які мог сказаць сустрэчнай шыкарнай даме крамянае слоўца. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кудла́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З доўгімі скалмачанымі валасамі; лахматы. Мельнік задумліва глядзіць на касцёр, ківае кудлатай галавой. Асіпенка. // Ускалмачаны, разлахмачаны (пра валасы). Зараз жа прыйшоў і Антоніо, ладны хлопец з кудлатымі чорнымі валасамі. Маўр. // перан. Разм. З доўгімі і густымі галінамі (пра дрэвы). Толькі гайданецца часам галіна і пасыпецца з кудлатае хвоі срэбны пух. Лынькоў. // перан. Разм. Які распаўзаецца ў розныя бакі клубамі (пра дым, хмары і пад.). Толькі вецер гнаў услед кудлатыя хмары і свістаў ля вушэй. Пестрак.

2. З доўгай густой поўсцю; касматы. Кудлаты сабака.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)