мел, ‑у, м.

Мяккі белы вапняк, які ўжываецца для пабелкі, чысткі, пісання і інш.; крэйда. У святочныя дні дзед важна чысціў свае боты, потым яшчэ важней цёр мелам свае медалі і, навесіўшы іх на грудзі, урачыста ішоў на станцыю. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзе-не́будзь, прысл.

У якім-небудзь месцы. — Чакай жа, — сказаў Цімох, — заварочвай статак, пагонім у Чартавіцу, дзе-небудзь напаткаем іх, паганцаў! Колас. Калі надыходзіла ноч і якая калона спынялася на начлег, дзе-небудзь з боку, неўзаметку, прыстройваўся і экіпаж эмкі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касабо́кі, ‑ая, ‑ае.

З крывым, касым бокам. Касабокі чалавек. Касабокі ўзгорак. □ Зуб’е атрымлівалася трохі касабокае, рознай формы, не аднолькавае таўшчыні. Рылько. // Які пакасіўся набок. Адкрываючы касабокую фортку на вуліцу, .. [Сімон] азірнуўся. Самуйлёнак. [Штрайх] пасалавелымі вачамі пазіраў на двор, на касабокі хлевушок. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нараста́ць, ‑ае; незак.

1. Незак. да нарасці.

2. Павялічвацца ў памерах. Ад наносаў пяску нарастае бераг рэчкі.

3. Павялічвацца па сіле, узрастаць. Шум цягніка набліжаўся, нарастаў, ён пераходзіў у грукат. Лынькоў. Сцяпан адчуў, як у яго зноў нарастае гнеў. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

несусве́ціца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Што‑н. недарэчнае, бязглуздае, незразумелае. Ліберман спяшаецца апраўдацца, нагаварыць на свайго супастата ўсялякай несусвеціцы, хвалюецца. Кандрусевіч.

2. Нешта вельмі моцнае, незвычайнае ў сваім выяўленні; немаведама што. На шашы рабілася несусвеціца. Усю дарогу зацягнула дымам. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пако́лькі, злучн.

Ужываецца пры даданых прычынных сказах у значэнні: «так як»; «таму што». Стрэлкі, якая раней вяла на ветку [чыгункі], не было, відаць, яе проста знялі, паколькі ветка не дзейнічала. Лынькоў. — Паколькі мы знайшлі цябе ў лесе, тваё прозвішча будзе — Лясны... Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паме́ншыцца, ‑шыцца; зак.

Стаць меншым па велічыні, аб’ёму, колькасці. Злыя вочы.. [Бары] паменшыліся, пачырванелі, павекі прыпухлі. Дуброўскі. Паменшыўся лік шаўцоў і краўцоў у мястэчку. Лынькоў. // Стаць меншым па ступені праяўлення; аслабець. Хваляванне паменшылася. □ Кашаль .. [дзяўчынкі] паменшыўся, а неўзабаве і зусім сціх. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагудзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; ‑дзім, ‑дзіце; зак.

Разм. Тое, што і прагусці. Дзесьці далёка-далёка ледзь чутна прагудзеў паравоз. Лынькоў. Коней прывязалі да плота, і Хоміч, падзюбаўшы двума тоўстымі пальцамі ў шыбу, прагудзеў магічнае ў той час: — Эй, гаспадар, адчыні! Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прама́слены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прамасліць.

2. у знач. прым. Насычаны маслам; запэцканы маслам, мазутай і пад. [Наташа] дастала з-пад страхі загорнуты ў прамасленую анучку пісталет. Шамякін. Змазчык, заламаўшы на патыліцу прамасленую кепку, .. прайшоў ля інжынера. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасёлкавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і прасёлачны. Частку лёгкага абозу заварочвалі назад, каб пусціць дзе-небудзь з шашы на прасёлкавыя дарогі. Лынькоў. Пясчаны шлях, насыпаны ўзбоч чыгункі, вядзе ў лес і ў мястэчка, прасёлкавая дарога — у мястэчка і ў поле. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)