КАРСТ (ням. Karst ад назвы плато Карст, або Крас, у Славеніі), карставыя з’явы,

з’явы і працэсы, якія ўзнікаюць пад уплывам прыродных паверхневых і падземных вод у растваральных горных пародах (гл. таксама Карставыя воды). Развіваецца ў карбанатных (вапняк, даламіт, мел, мергель, мармур) і галагенных (гіпс, ангідрыт, каменная соль) пародах, чаму спрыяюць высокая трэшчынаватасць і порыстасць парод, інтэнсіўная цыркуляцыя вод, прысутнасць у іх свабоднай вуглекіслаты і раствораных солей. Характарызуецца комплексам падземных (пячоры, поласці, хады, каверны, галерэі) і паверхневых (варонкі, кары, польі, паноры, жалабы, катлавіны і інш.) форм рэльефу, мінер. нацёчнымі ўтварэннямі (сталактыты, сталагміты), своеасаблівым рэжымам і цыркуляцыяй падземных вод, рачной сеткі, якая знікае ў падземных поласцях, і азёр. У залежнасці ад ступені пакрыцця растваральных парод глебай або скальнымі пародамі вылучаюць К. задзернаваны, накрыты, браніраваны і пахаваны. На карставыя з’явы знешне падобны псеўдакарст, тэрмакарст і суфозія. Развіты ў Зах. Еўропе, Расіі, Кітаі, ЗША, Цэнтр. Амерыцы. На тэр. Беларусі К. прымеркаваны да карбанатных парод дэвонскага і мелавога ўзросту, асабліва ў далінах рэк Дняпро і Зах. Дзвіна. Ускладняе будаўніцтва, месцамі здабычу карысных выкапняў. Карставыя пячоры вывучае спелеалогія; яны выкарыстоўваюцца для лячэння некаторых хвароб і як аб’екты турызму.

Да арт. Карст. Карставыя ўтварэнні ў горным масіве (схема): 1 — кары; 2 — прыродныя шахты; 3 — сталактыты; 4 — пячорная галерэя; 5 — гарызантальная пячора; 6 — сталагнат; 7 — сталагміты; 8 — падземныя рэкі і ручаі; 9 — вертыкальныя пячоры; 10 — падземны вадаспад.

т. 8, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КУЛЬТУ́РНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ» ў Кітаі,

«Вялікая пралетарская культурная рэвалюцыя», палітычная кампанія 1966—76, якая праводзілася пад кіраўніцтвам старшыні ЦК Камуністычнай партыі Кітая (КПК) Мао Цзэдуна для ўмацавання сваёй асабістай улады ў партыі і краіне. У 1964—65 Мао абвінаваціў парт. кіраўніцтва ў карупцыі і бурж. перараджэнні і заклікаў да «рэвалюцыянізацыі» кіт. грамадства. У пач. 1966 ім створана «Група па справах культурнай рэвалюцыі» на чале з Чэнь Бада і Цзянь Цын (жонкай Мао Цзэдуна). Пад шыльдай рэформы сістэмы адукацыі былі зачынены школы і ВНУ. З моладзі былі створаны групы хунвэйбінаў («чырвоных ахоўнікаў») і цзыафаней («бунтаўшчыкоў»), якія з вясны 1966 пад заклікам «скінуць аўтарытэты» разгарнулі кампанію тэрору і пагроз супраць інтэлігенцыі і парт. кіраўніцтва. 11-ы пленум ЦК КПК (жн. 1966) абвясціў К.р. «новым, яшчэ больш шырокім этапам развіцця сацыялістычнай рэвалюцыі». Парт. і дзярж. органы былі падменены рэўкомамі. Рэпрэсіям падвергліся мільёны кітайцаў, у т. л. большасць парт. і дзярж. дзеячаў (Дэн Сяапін, Лю Шаоцы, Пэн Дэхуай і інш.). Адносіны паміж Кітаем і СССР у час К.р. пагоршыліся (гл. Савецка-кітайскі канфлікт 1968—69 Савецка-кітайскі канфлікт 1969). 9-ы з’езд КПК (крас. 1969) зацвердзіў вынікі К.р. і абвясціў «ідэі Мао Цзэдуна» асновай дзейнасці партыі. У 1977 11-ы з’езд КПК абвясціў К.р. завершанай, але фактычна яна скончылася са смерцю Мао Цзэдуна ў вер. 1976. У 1981 12-ы з’езд КПК прызнаў правядзенне К.р. памылкай.

т. 9, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКІЯ ДЫВІ́ЗІІ,

вайсковыя злучэнні Войска Польскага ў 1919—20. Першая Л.-б. д. фарміравалася на тэр. Гродзенскай, Ломжынскай і Сувалкаўскай губ. з добраахвотнікаў палякаў і беларусаў-католікаў, ураджэнцаў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. Складалася з 3 стралк. брыгад і палка ўланаў. Дывізія і палкі мелі толькі свае геагр. назвы без агульнай нумарацыі. Дзейнічала на бел.-літ. фронце польскіх войск. У лютым 1919 заняла Беласток, у крас. правяла наступальную аперацыю ў раёне Баранавіч і Навагрудка, у ліп.—жн. дзейнічала супраць войск 16-й арміі Зах. фронту, наступала на Мір і Стоўбцы, удзельнічала ў наступленні на Бабруйск. Вясной 1920 ёй нададзены № 1, а з Лідскага, Ковенскага, Слуцкага і Беластоцкага палкоў сфарміравана 2-я Л.-б. д., якая дыслацыравалася ў раёне Вільні. У ліп. 1920 у час наступлення Чырв. Арміі дывізіі са стратамі адышлі да Варшавы, удзельнічалі ў яе абароне. У канцы вер. 1920 пасля адступлення Чырв. Арміі камандзірам 1-й Л.-б. д. прызначаны ген. Л.​Жалігоўскі, яе ўзмацнілі Лідскім і Ковенскім палкамі з 2-й Л.-б. д. 8.10.1920 паводле загаду Ю.Пілсудскага Жалігоўскі ў знак нязгоды перадачы Вільні і Віленскага краю Літве ўзняў т.зв. «бунт» 1-й Л.-б. д. 9.10.1920 заняў Вільню, 12.10.1920 абвясціў пра стварэнне Сярэдняй Літвы. Дывізіі атрымалі агульную нумарацыю: 1-я Л.-б. д. стала 19-й, 2-я — 20-й дывізіяй Войска Польскага.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 9, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ШКА Рыгор Данілавіч (16.2.1902, в. Бязверхавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — крас. 1944),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1917—18). Скончыў інструктарскія курсы пры Наркамаце ўнутр. спраў Беларусі (1920). У 1921—24 на сав. і парт. рабоце. З 1926 адказны сакратар час. «Бальшавік Беларусі», у 1930—33 у Дзярж. выд-ве БССР. У Вял.

Айч. вайну ўдзельнік Мінскага падполля, з восені 1943 у партызанах. Загінуў у час прарыву ням.-фаш. блакады партызан на Лагойшчыне. Друкаваўся з 1924. Асн. тэматыка першага зб. апавяданняў «Стрэл начны ў лесе» (1926) — падзеі грамадз. вайны. Аўтар зб-каў апавяданняў «Прыгранічны манастыр» (1930), «Званкі» (1931), «Рузікі» (1932), «Мюдаўская ноч» (1934), напісаных на матэрыяле жыцця бел. вёскі, аповесці «У іхным доме» (1929). Раман «Сын» (1929, 3-е выд. 1957) пра жыццё бел. народа ў рэвалюцыю 1905—07, раман «Салаўі святога Палікара» (1940, асобнае выд. 1967) пра калектывізацыю, бел. вёску 1930-х г. Раман «Таварышы» (1942, пад псеўд. Максім Загорскі) пра драм. лёс мастака з рабочага асяроддзя, жыццё даваен. Мінска. Думкамі аб гіст. праве бел. народа на самаст. жыццё прасякнуты раман «Насуперак лёсу» (1942, пад псеўд. Мікалай Дуброўскі) пра сацыяліста-рэвалюцыянера А.​Савіцкага.

Літ.:

Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы 3 выд. Мн., 1977;

Строева Т. Рыгор Мурашка // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг. Мн., 1985;

Мурашка А. Захоўваю памяць // Полымя, 1993. № 6.

Л.​С.​Савік.

Р.Д.Мурашка.

т. 11, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОБ,

рака ў Зах. Сібіры, у Расіі, адна з найб. рэк свету. Даўж. 3650 км (ад вытоку р. Катунь 4338 км, ад вытоку р. Іртыш 5410 км), пл. басейна 2990 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў рэк Бія і Катунь на Алтаі. Цячэ па Зах.-Сібірскай раўніне ў шырокай даліне, якая паступова расшыраецца ад 5—10 км каля г. Барнаул да 50—60 км ніжэй упадзення р. Іртыш. Пойма О. парэзана рукавамі, пратокамі і азёрамі. Упадае ў Обскую губу Карскага м., утварае дэльту (пл. больш за 4 тыс. км²), дзе вылучаюцца рукавы: Хаманельская О. (левы) і Надымская О. (правы). Гал. прытокі: Том, Чулым, Кець, Тым, Вах (справа), Васюган, Вял. Юган, Іртыш, Паўн. Сосьва (злева). Веснавое разводдзе, летне-асеннія паводкі, зімовая межань. Ледастаў у вярхоўях ад ліст. да крас., у ніжнім цячэнні ад кастр. да мая—чэрвеня. Сярэдні расход вады каля г. Салехард 12,5 тыс. м³/с, макс. — 42,8 тыс. мус, мінім. — 1,65 тыс. м³/с. Цвёрды сцёк 16 млн. т. Рыбны промысел пераважна ў ніжнім цячэнні. Новасібірская ГЭС і Новасібірскае вадасховішча. Суднаходная. У бас. О. здабыча нафты і газу (Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), каменнага вугалю (Кузнецкі вугальны басейн), торфу і інш. На О. гарады Барнаул, Камень-на-Обі, Новасібірск, Калпашава, Стражавой, Ніжнявартаўск, Сургут, Нефцеюганск, Лабытнангі, Салехард. На левым беразе, у сярэднім цячэнні ракі — Юганскі запаведнік.

Літ.:

По обе стороны Оби. М., 1989.

Рака Об.

т. 11, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГУ́ЛЯ Васіль Цімафеевіч (28.7.1879, в. Ачукевічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.6.1955),

бел. грамадска-паліт. дзеяч; у Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням. акупантамі. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1900). З 1914 у арміі на Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 увайшоў у Рас. дэмакр. партыю, па спісе якой балаціраваўся дэпутатам ва Устаноўчы сход па Мінскай губ. Стаяў на пазіцыях «адзінай і непадзельнай» Рас. дзяржавы з прадстаўленнем Беларусі абл. земскага самакіравання і «права на нацыянальна-культурнае развіццё». Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. У 1919—20 уваходзіў у Рас. аб’яднаную радыкальна-дэмакр. групу. З лета 1920 у Чырв. Арміі, адкуль у крас. 1921 дэзерціраваў у Зах. Беларусь. У 1922 абраны дэпутатам (паслом) польскага сейма, уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб. Стаяў на антыбальшавіцкіх пазіцыях, адмаўляў ідэю «расійска-беларускай федэрацыі», перайшоў на пазіцыі незалежнасці Беларусі. Адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнікоў Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У 1928 абраны сенатарам польскага сейма, але неўзабаве арыштаваны і зняволены на 2 гады ў турму. З вер. 1939 настаўнічаў у сярэдняй школе ў роднай вёсцы. У чэрв. 1941 арыштаваны органамі НКУС, але з пачаткам Вял. Айч. вайны ўцёк з-пад арышту. У перыяд акупацыі быў прызначаны бургамістрам Дзятлаўскага р-на. З ліп. 1944 у Зах. Германіі, з 1950 у ЗША.

Тв.:

Успаміны. Мн., 1993.

У.​В.​Ляхоўскі, У.​М.​Міхнюк.

т. 13, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЁННЫЯ І АБ’ЯДНА́НЫЯ ГАЗЕ́ТЫ,

друкаваныя перыядычныя выданні, якія выдаюцца раённымі і гар. выканаўчымі к-тамі і раённымі і гар. Саветамі дэпутатаў Рэспублікі Беларусь; адзін з асн. сродкаў масавай інфармацыі. Адрозніваюцца аператыўнасцю, перыядычнасцю (2—4 разы на тыдзень), фарматам. Асвятляюць пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця раёна і горада. Змяшчаюць афіц. і паліт. дакументы, карэспандэнцыі і каментарыі, хранікальныя паведамленні і маст. творы.

Раённыя газеты ўзніклі ў пач. 1930-х г. Ствараліся на базе б. акр., калг.-саўгасных і некат. фабр.-зав. газет як масава-паліт. орган раённых к-таў КП(б)Б і райвыканкомаў. Найб. развіццё атрымалі пасля пастановы ЦК ВКП(б) ад 18.1.1931 «Аб сельскім раённым і нізавым друку». У Вял. Айч. вайну на акупіраванай фаш. захопнікамі тэр. Беларусі выходзілі падп. раённыя і міжраённыя газеты (гл. Друк падпольны ў Вял. Айч. вайну). Пасля вайны выпуск раённых газет адноўлены ва ўсіх раёнах Беларусі. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя газеты (раённыя і гар.). З крас. 1962 у сувязі са стварэннем тэр. калг.-саўгасных упраўленняў замест раённых выдаваліся міжраённыя (абласныя) газеты. У 1965 раённыя газеты зноў адноўлены.

На 1.1.2001 на Беларусі зарэгістравана 118 газет, у т. л. 105 раённых і 13 аб’яднаных. Найбуйнейшыя з іх: «Полесская правда» (г. Пінск), «Маяк» (г. Бяроза), «Навіны Палесся» (г. Столін), «Наш край» (г. Баранавічы), «Дняпровец» (г. Рэчына), «Маладзечанская газета» (г. Маладзечна), «Адзінства» (г. Барысаў).

В.​І.​Дубовік.

т. 13, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЗІН Сцяпан Цімафеевіч (каля 1630, б. станіца Зімавейская на Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 16.6.1671),

кіраўнік Сялянскай вайны 1670—71 у Расіі, данскі казак. Вызначаўся розумам, энергіяй, ваен. і дыпламат. здольнасцямі, валодаў 8 мовамі. У 1661—62 удзельнічаў у перагаворах дэлегацыі Войска Данскога і афіц. маскоўскага пасольства з калмыкамі пра сумесныя дзеянні супраць нагайскіх татар. У 1662—63 камандзір атрада данскіх казакоў у паходах супраць крымскіх татар. Удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1667 узначаліў грабежніцкі паход казацкай беднаты на рэкі Волгу і Яік (Урал), у 1668—69 — паход казацкай флатыліі па Каспійскім м.: разрабаваны прыбярэжныя гарады і правінцыі Ірана, вызвалены рас. нявольнікі. Новы яго паход на Волгу вясной 1670 перарос у сял. вайну. Выступаючы нібыта ў абарону правоў царэвіча Аляксея Аляксеевіча і б. патрыярха Нікана, Р. абяцаў простаму народу «свабоду і збаўленне» ад «дрэнных» баяр, у занятых гарадах усталёўваў кіраванне на казацкі ўзор, распраўляўся з прадстаўнікамі царскай адміністрацыі. Пасля паражэння пад Сімбірскам (кастр. 1670) паранены вярнуўся на Дон, дзе ў крас. 1671 схоплены казацкай старшынай і выдадзены царскім уладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) у Маскве. Р. — герой нар. паданняў і песень, яму прысвечаны творы л-ры і мастацтва.

Літ.:

Сахаров А.Н. Степан Разин. 2 изд. М., 1987;

Чистякова Е.В., Соловьев В.М. Степан Разин и его соратники. М., 1988.

М.​Г.​Нікіцін.

С.Ц.Разін.

т. 13, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВІНКАЎ Барыс Віктаравіч (7.19.1879, г. Харкаў, Украіна —7.5.1925),

расійскі паліт. дзеяч, літаратар. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (выключаны за ўдзел у студэнцкіх выступленнях). З 1898 у с.-д. групе «Рабочы сцяг». У 1901 сасланы ў Волагду, адкуль уцёк за мяжу. У 1903 уступіў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), нам. кіраўніка іх баявой арганізацыі. Удзельнічаў у забойствах міністра ўнутр. спраў В.​К.​Плеве (1904) і вял. князя Сяргея Аляксандравіча (1905). У 1906 арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання, але ўцёк за мяжу. Пад псеўданімам В.​Ропшын выпусціў аповесць «Конь бледны» (1909) і раман «Тое, чаго не было» (1914), у якіх узняў маральна-этычныя праблемы, звязаныя з тэрорам. З крас. 1917 у Расіі, камісар Часовага ўрада. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 удзельнічаў у падрыхтоўцы контррэв. змоў. Разам з С.​Н.​Булак-Балаховічам у пач. 1920-х г. арганізаваў рэйды ваен. атрадаў у Сав. Беларусь з тэр. Польшчы. Свае ўражанні пра Беларусь адлюстраваў у аповесці «Конь вараны» (1923). У жн. 1924 нелегальна перабраўся ў СССР. Арыштаваны ў Мінску. Прыгавораны да пакарання смерцю, замененага 10 гадамі турэмнага зняволення. У пісьмах з турмы заклікаў сваіх паплечнікаў адмовіцца ад барацьбы супраць сав. улады. Паводле афіц. версіі, скончыў самагубствам.

Тв.:

Воспоминания террориста;

Конь бледный;

Конь вороной. М., 1990.

Літ.:

История терроризма в России в документах, биографиях, исследованиях. 2 изд. Ростов н/Д, 1996.

У.​Я.​Казлякоў.

т. 14, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЛІДА́РНАСЦЬ»

(Solidarność),

прафсаюзнае аб’яднанне ў Польшчы, якое сваёй грамадска-паліт. актыўнасцю моцна паўплывала на сістэмную трансфармацыю дзярж. ладу Польшчы ў 1980—90-я г. Узнікла 17.9.1980 у г. Гданьск на хвалі забастовачнага руху як Незалежны самакіравальны прафес. саюз «С.» (старшыня Л.​Валенса); афіц. зарэгістравана 10.11.1980. У канцы 1980 каля 10 млн. чл. Хутка палітызавалася, ператварылася ў масавы дэмакр. рух рабочых і інтэлігенцыі, скіраваны на процідзеянне камандна-адм. сістэме ў краіне (маральная падтрымка з боку польскай каталіцкай царквы, матэрыяльная — польскіх эмігранцкіх арг-цый, зах. прафсаюзаў і дабрачынных фондаў). У час ваен. становішча 1981—83 афіцыйна забаронена (8.10.1982), шэраг дзеячаў «С.» інтэрніраваны. Удзельнік «круглага стала» (люты — крас. 1989) паміж урадам і апазіцыяй. 17.4.1989 зноў легалізавана. Пасля перамогі на выбарах у сейм і сенат (4 і 18.6.1989), прызначэння Т.​Мазавецкага прэм’ер-міністрам (24.8.1989) і выбрання Валенсы прэзідэнтам Польшчы (9.12.1990) стала кіруючай паліт. сілай краіны. У лют. 1991 старшынёй «С.» выбраны М.​Кшаклеўскі (у 1995 перавыбраны). У 1996 каля 30 малых партый заснавалі Выбарчую акцыю «С.», што перамагла на парламенцкіх выбарах 21.9.1997, але на выбарах 25.9.2001 не здолела правесці ў сейм ніводнага дэпутата. Кіруючы орган — Усяпольская камісія. Уваходзіць у Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў.

Літ.:

Лойко Л.В. Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;

Часноўскі М.Э. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Мн., 2000.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)