калектыў інструменталістаў, прызначаны для сумеснага выканання твораў сімфанічнай музыкі, вышэйшы тып аркестра.
Развіццё С.а. абумоўлена эвалюцыяй арк. інструментаў, новымі прыёмамі ігры, размяшчэннем музыкантаў на эстрадзе ці ў арк. яме, кіраваннем калектывам, зменай арк. мыслення кампазітараў. Класічны (т. зв. малы) С.а. склаўся ў канцы 18 ст. Звычайна ў яго ўваходзілі квінтэт стр. смыкавых (І-я і 2-я скрыпкі, альты, віяланчэлі, кантрабасы), парны склад духавых (2 флейты, 2 габоі, 2 кларнеты, 2 фаготы, 2 валторны, пазней 2 трубы) і літаўры. У 19 ст. сфарміраваўся вялікі С.а., які ўключаў стр., парны склад драўляных з малой флейтай і контрафаготам, 4 валторны, 2 трубы, 3 трамбоны, тубу, літаўры, вугольнік, талеркі, вял. барабан. Творчасць рамантыкаў (К.М.Вебер, Ф.Шуберт, Ф.Мендэльсон, Г.Берліёз) стымулявала развіццё каларыстычных і драм. бакоў гучання, увод у С.а. інструментаў з асаблівым тэмбрам (малая, альтовая і басовая флейты, англ. ражок, габой д’амур, гекельфон, малы кларнет, басетгорн, бас-кларнет, саксафон, контрафагот, арфа, чэлеста, розныя ўдарныя інструменты). Творчасць Р.Вагнера абумовіла ўзнікненне трайнога, а да канца 19 ст. і чацвярнога (медная група ўзмоцнена квартэтам валторнавых, ці «вагнераўскіх», туб) складу С.а. Творчасць кампазітараў пач. 20 ст. (Р.Штраус, Г.Малер, А.Скрабін, І.Стравінскі) абумовіла з’яўленне звышаркестраў з пяцярной групай духавых, павялічанай колькасцю стр., ударных і інш. інструментаў; колькасць выканаўцаў дасягала 100 і больш чалавек. У 20 ст. наглядалася тэндэнцыя да памяншэння арк. складаў. Сучасная практыка ўлічвае розныя арк. склады. Найб. пашыраны трайны, камерны (малы), С.а. з павялічанай групай ударных (Стравінскі. А.Шонберг, Б.Бартак, А.Месіян) без акрэсленай вышыні гучання. Адраджаюцца інстр. склады перыяду барока, вядзецца работа па стварэнні стэрэафанічнага гучання ў выніку індывідуалізаваных тыпаў рассаджвання музыкантаў або іх пераходу ў час выканання. З 1950-х г. пашырана «амерыканская рассадка»: злева ад дырыжора 1-я і 2-я скрыпкі, справа — альты і віяланчэлі, у глыбіні — драўляныя і медныя духавыя, кантрабасы, злева — ударныя інструменты. Сярод найб. вядомых С.а.: Гевандхаўз (1743), Венскі філарманічны аркестр, Нью-Йорскі філарманічны аркестр (абодва з 1842), Бостанскі сімфанічны аркестр (1881), Берлінскі філарманічны аркестр (1882), Лонданскі філарманічны аркестр (1932), Дзяржаўны акадэмічны вялікі сімфанічны аркестр імя П.І.Чайкоўскага (1930), Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр (1943).
На Беларусі ў 18—1-й пал. 19 ст. дзейнічалі прыватна-ўладальніцкія муз. выканальніцкія калектывы пры дварах і т-рах магнатаў (Шклоў, Гродна, Слуцк, Нясвіж, Слонім; гл.Прыгонныя аркестры і капэлы). У 1803—1917 (з перапынкамі) працаваў Мінскі гарадскі аркестр; у канцы 19 ст. невял. прафес. С.а. існаваў у Віцебску, у пачатку 20 ст. дзейнічалі аматарскія С.а. ў Гродне (пры мужчынскай гімназіі), у Магілёве, С.а. у Брэсце (пры муз.-літ.-драм. гуртку). У 1910-я г. на базе нар. кансерваторый, муз. школ, драм. т-раў створаны С.а. ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве. На Беларусі (2001) працуюць Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё, Вял.сімф. аркестр творчага аб’яднання «Нац.акад.Вял.т-р оперы і балета Рэспублікі Беларусь», С.а. Дзярж.муз.т-ра Беларусі, Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, С.а. Гомельскай абл. філармоніі, С.а. ў Брэсце, Маладзечне і інш., вучэбныя С.а. сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, у т. л. «Маладая Беларусь» Бел. акадэміі музыкі і «Маладзёжны сімфанічны аркестр» Бел. ун-та культуры.
Літ.:
Рогаль-Левицкий Д.Р. Беседы об оркестре. М., 1961;
Благодатов Г.И. История симфонического оркестра. Л., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ,
комплекс драўляна-земляных умацаванняў г.Слуцк у 11—18 ст. Самыя раннія ўмацаванні адносяцца да часу заснавання горада, які ўзнік у 11 ст. на гарадзішчы ранняга жал. веку ў сутоках рэк Бычок і Случ. Уяўлялі сабой глініста-пясчаны вал вышынёй каля 6 м, шырынёй 20—22 м у аснове. Па версе насыпу ішоў вастракол вышынёй 4—6 м з дубовых бярвён таўшчынёй 14—16 см, верхні край якога быў завостраны на гранёны конус. Вал ахопліваў усю пляцоўку дзядзінца летапіснага Случаска. За валам каля падэшвы гарадзішча быў выкапаны роў глыбінёй каля 2 м, шырынёй 25 м, які запаўняўся вадой з р. Бычок. Верагодна, у 12—13 ст. існавалі драўляна-земляныя ўмацаванні абапал вакольнага горада, што размяшчаўся на ПнУ ад дзядзінца (іх рэшткі зруйнаваны ў 1960-я г. ў час будаўніцтва).
У 1409 на месцы дзядзінца і вакольнага горада ўзніклі Верхні і Ніжні замкі (гл. ў арт.Слуцкія замкі). Відаць, да 16 ст. Слуцк меў драўляна-земляныя ўмацаванні, знешні выгляд якіх сфарміраваўся яшчэ ў стараж.-рус. час і якія надзейна ахоўвалі яго ад нападаў крымскіх татар у 1502, 1503, 1505, 1506 і войск Міхаіла Глінскага ў 1508 у час вайны Маск. дзяржавы з ВКЛ 1507—08. Паводле пісьмовых крыніц, у 1509 пачалося буд-ва ўмацаванняў вакол усяго гар. паселішча, што прымыкала да замкаў. Паводле Хронікі Быхаўца, у пач. 16 ст. гэтыя ўмацаванні ахоплівалі Стары горад з замкамі на правым беразе р. Случ і Новы горад (Зарэчча), які размясціўся на яе левым беразе. Як сведчыў маск. дзяк Трыфан Карабейнікаў, які ў 1539 з дыпламат. місіяй наведаў ВКЛ, Слуцк меў драўляна-земляныя ўмацаванні і тым не менш быў «... горада Менска больши и лутчи...». На рубяжы 16—17 ст., калі на бел. землях пачалі пашырацца земляныя ўмацаванні старагаландскага тыпу, Слуцк быў абведзены магутным валам і вадзяным ровам. Непрыступнасць С.г.у. выявілася ў 1655 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, калі 20-тысячнае войска рус.кн. А.М.Трубяцкога 2—6 вер. беспаспяхова вяло аблогу горада. З 27 да 30 вер. войска Трубяцкога, да якога далучылася яшчэ 5 тыс. казакоў І.Залатарэнкі, паўтарыла аблогу і зноў няўдала. Увесь Слуцк, за выключэннем Астроўскага і Трайчанскага прадмесцяў, быў абнесены ўмацаваннямі. Абарончая лінія Старога горада мела выгляд магутнага землянога вала, які дугой апяразваў старую частку горада з У, Пн, З і ўпіраўся сваімі канцамі ў р. Случ. Тут было 12 бастыёнаў рознай канфігурацыі і памераў. Перад земляным валам знаходзіўся роў. Трапіць у Слуцк можна было праз 3 брамы — Астроўскую, Ільінскую (пазней Віленскую) і Капыльскую. Паводле гіст. крыніц, гар. вал дасягаў шырыні не менш як 26,6 м і вышыні каля 8 м. Капыльская і Ільінская брамы мелі аднолькавыя памеры ў аснове — 25,6 × 36,6 м, Астроўская —9,15 × 15,25 м. Цераз вадзяны роў былі перакінуты пад’ёмныя масты. Кварталы Новага места абкружалі вал і роў, якія сваімі канцамі сыходзіліся да р. Случ. Тут мелася 7 бастыёнаў і ўязная драўляная брама — Навамеская. Агульная даўжыня С.г.у. у канцы 18 ст. дасягала амаль 3840 м. На працягу 18 ст. Слуцк заставаўся магутным умацаваннем. У 1780 рас. афіцэры, якія складалі тапагр. апісанне горада, адзначалі непашкоджаны стан яго ўмацаванняў, у т. л. 4 брам. Канчаткова рэшткі С.г.у. бастыённага тыпу знішчаны ў выніку будаўнічых работ у жн. 1986.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;
Калядзінскі Л.У. Умацаванні і ўзбраенне дзядзінца летапіснага Случаска (XII—XIII стст.) // Гіст.-археал.зб.: Памяці Міхася Ткачова. Мн., 1993. Ч. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«УЗВЫ́ШША», Беларускае літаратурна-мастацкае згуртаванне «Узвышша», аб’яднанне бел. пісьменнікаў у 1926—31. Створана 26.5.1926 (статут прыняты 20.8.1926, зацверджаны 2.12.1926) па ініцыятыве А.Бабарэкі, З.Бядулі, У.Дубоўкі, К.Крапівы, Я.Пушчы, К.Чорнага. У згуртаванне ўваходзілі: К.Чорны, К.Крапіва (нам. старшыні і скарбнік), Бабарэка (сакратар), А.Адамовіч, З.Бядуля, П.Глебка, С.Дарожны, Дубоўка, У.Жылка, Л.Калюга, Т.Кляшторны, Ф.Купцэвіч, М.Лужанін, А.Мрый (А.Шашалевіч), Я.Пушча, В.Шашалевіч і інш. Выдавала час.«Узвышша», літ.зб-кі. На ідэйна-маст. платформу «У.» станоўча паўплывала літ. група «Перавал» (існавала ў Маскве, выступала за высокую эстэт. культуру творчасці). На 1-м этапе (май 1926 — снеж. 1929) аформілася ідэйна-эстэт. аблічча «У.». Ідэя-праект абгрунтавана Бабарэкам на пасяджэнні Цэнтр. бюро «Маладняка» (26.5.1926), дзе разглядалася заява пра выхад са складу гэтага аб’яднання. Заснавальнікі «У.» не пагаджаліся з пралеткультаўскімі тэндэнцыямі (гл.Пралеткульт), якія выявіліся ў недаацэнцы маст. спадчыны, тэорыі «калектыўнай творчасці», што вяла да збяднення літ. майстэрства і прафесійнай падрыхтоўкі. Ідэйна-эстэт. платформа «У.» абвешчана ў праграмнай заяве (тэзісах) «Ад беларускага літаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша» (1927), якая ўключала крытычны аналіз становішча тагачаснай бел. л-ры (спадчына яе заснавальнікаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і інш., творчасць маладых пісьменнікаў, якія недаацэньвалі або зусім не прызнавалі літ. традыцыю і не ўзнялі л-ру на новую маст. ступень), крытыку «маладнякізму» як літ.-асв. кірунку. На думку членаў «У.», дасягнуць вышынінац. л-ры магчыма было шляхам вучобы і выхавання талентаў, пераадолення эпігонскіх тэндэнцый і стварэння арыгінальнай школы літ. мастацтва праз развіццё высокай культуры мовы, апору на аўтэнтычны фальклор і класічную л-ру, арганічнае спалучэнне рэаліст. тэндэнцый са смелым наватарствам, шырокае выкарыстанне маст. сімволікі, канцэнтраваную вобразнасць, нац.-спецыфічную тэматыку, цэласнасць і канцэптуальнасць творча-маст.мыслення, разнастайнасць форм і стыляў. Заснавальнікі «У.» абгрунтавалі маст. кірунак нац. л-ры аквітызм (ад лац. aqua vita жывая вада) — развіццё традыцый нац. адраджэння і творчае выкарыстанне навацый сусв.маст. культуры. На 2-м этапе (студз.—кастр. 1930) у выніку рэпрэсій супраць ідэйных лідэраў «У.», нападак вульгарна-сацыялагічнай крытыкі прынята «Пастанова беларускага літаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша» пра палітычныя памылкі ў літаратурна-публіцыстычнай творчасці» (1930). У ёй адзначаюцца недакладныя фармулёўкі ў асобных артыкулах Дубоўкі, Купцэвіча, К.Чорнага і інш., перабольшанне нац. моманту. У арт. «Пралетарскім шляхам» кіраўнікі «У.» вымушаны былі адмовіцца ад «нашаніўскіх традыцый старэйшага пакалення пісьменнікаў», абяцалі разгарнуць самакрытыку, глыбей засвоіць асн. палажэнні марксізму-ленінізму, пераадолець у сваёй свядомасці «дробнабуржуазную сялянскую хісткую псіхалогію», уключыцца ў барацьбу за калектывізацыю вёскі і ўзгадняць літ. дзейнасць з працай грамадскіх арг-цый. Адначасова адзначалася, што «У.» дало «шэраг выдатных мастацкіх твораў, блізкіх пралетарыяту». На 3-м этапе (1931) пасля арышту і ссылкі Бабарэкі, Дубоўкі, Пушчы, Жылкі і інш. агульны сход аб’яднання прыняў рашэнне аб ліквідацыі «У.». Вульгарна-сацыялагічная крытыка 1930 — пач. 1950-х г. поўнасцю адмаўляла значэнне «У.» ў станаўленні бел.сав. л-ры, адносіла аб’яднанне да варожых сацыялізму арг-цый. Толькі ў 2-й пал. 1960-х—1990-я г.навук.літ.-знаўства аб’ектыўна ацаніла ўклад «У.» ў развіццё л-ры, маст. культуры і эстэт. думкі Беларусі.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975;
Скарыніч: Літ.-навук. гадавік. Мн., 1999. Вып. 4. С. 5—190;
Илькевич Н.Н. Адам Бабарека: Арест—лагерь—смерть. Смоленск, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
хва́ля, ‑і, ж.
1. Вадзяны вал, які ўтвараецца гайданнем паверхні вады. Марскія хвалі. □ Каля нізкага берага.. ледзь чутна, раскошліва пахлёбвае хваля.Брыль.Дробныя хвалі, як жывыя, пераліваліся і блішчэлі на месяцы.Колас.//перан. Пра тое, што сваім рухам, формай нагадвае хвалі. Акно расчынілася, хваля свежага паветра з ліпавым водарам абдала Зосю.Хомчанка.Дыхне ветрык і бягуць прыбоем жытнёвыя хвалі ў неабсяжную даль.Машара.//перан. Прыліў або праяўленне якога‑н. пачуцця, адчування. Сэрца захліснула цёплая пяшчотная хваля.Місько.З кожным новым пытаннем у душы чалавека падымаецца хваля ярасці.«Полымя».
2.Спец. Форма распаўсюджвання ваганняў у пругкім асяроддзі. Электрамагнітныя хвалі. Гукавая хваля.
3.перан.; чаго. Пра масу, плынь чаго‑н., што рухаецца адно за адным з пэўнымі інтэрваламі, перапынкамі. Раніцай.. наляцелі самалёты з чорна-жоўтымі крыжамі на фюзеляжах. Першая хваля, дзесятка паўтара, прайшла на вялікай вышыні, пабліскваючы чырванню ад набрынялай, гатовай выпусціць сонца на небакрай, зары.Хадкевіч.
4.перан.; чаго. Узмоцнены рух, праяўленне чаго‑н. Хваля пратэсту. Хваля арыштаў. □ У 1912–1913 гг. у краіне намячаецца новая хваля рэвалюцыйнага ўздыму.Навуменка.
•••
Доўгія хвалі — радыёхвалі даўжынёй ад 1 да 10 км.
Кароткія хвалі — радыёхвалі даўжынёй ад 10 да 100 м.
Сярэднія хвалі — радыёхвалі даўжынёй ад 100 да 1000 м.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на ПдУ Беларусі, каля граніц з Украінай і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс.км². Нас. 1594,2 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі (гл. адпаведныя артыкулы), 17 гарадоў, у т. л. 8 абл. падпарадкавання — Гомель, Добруш, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, 18 гар. пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці раўнінная. Большая ч. вобласці размешчана на Палескай нізіне, паўд.-ўсх. і ўсх. — на Прыдняпроўскай нізіне. У межах вобласці вылучаюцца 3 фізіка-геагр. раёны падправінцыі Беларускага Палесся: Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомельскае Палессе. На правым беразе Прыпяці — Мазырская града з вышэйшым пунктам вобласці — 221 м, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці — Хойніцка-Брагінскія вышыні (да 157 м). Пераважае нізінны рэльеф (вышыні 135—150 м над узр. м.), які займае ¾ тэр. вобласці. Ніжэйшы пункт у пойме Дняпра пры выхадзе яго на тэр. Украіны — 103,4 м над узр. м. Карысныя выкапні: нафта (60 радовішчаў пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім р-нах), калійныя і каменныя солі (Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей, Давыдаўскае і Мазырскае радовішча каменнай солі), буры вугаль (Брынёўскае і Жыткавіцкае радовішчы), гаручыя сланцы (Тураўскае радовішча), торф, будаўнічы і абліцовачны камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, цагельныя гліны і суглінкі, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,3 °C на ПдЗ да -8,2 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,5 °C на З да 19,7 °C на У. Вегетац. перыяд 188—199 сутак. Гадавая колькасць ападкаў 510—670 мм. Каля 70% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Рэкі належаць да басейна Дняпра, што працякае па тэр. вобласці з Пн на Пд на працягу амаль 400 км. Найб. яго прытокі ў межах вобласці суднаходныя — Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (злева), Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (справа), Сажа — Беседзь і Іпуць (злева). Самае вял. па плошчы воз. Чырвонае, у поймах рэк невял. азёры-старыцы. Густая сетка меліярац. каналаў. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (31,6%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,7%), тарфяна-балотныя (19,2%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (31,2%) і пясчаныя (30,8%), менш тарфяных (19,2%) і сугліністых (18,8%). Асушаныя землі займаюць каля 30% сельгасугоддзяў, найб. у Акцябрскім р-не — 50%, у Калінкавіцкім, Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Хойніцкім р-нах каля 40%. Пад лесам каля 44% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 65%, бярозавыя — 14, чорнаальховыя — 9,5, дубовыя — 8%. Найб. лясістасць на З і Пд вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,2%, каля 2/3 з іх нізінныя. Балоты, пераважна нізінныя, займаюць каля 13% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік (з 1997 нац. парк), 11 біялагічных, 1 ландшафтны і інш. заказнікі, 35 помнікаў прыроды. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 69,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзію-137 больш як 5 Кі/км² займае 27,5% тэр. вобласці. У найб. забруджанай (шчыльнасць па цэзію-137 больш за 40 Кі/км²) паўд.ч. вобласці створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,4%), жывуць таксама рускія (9%), украінцы (3%), яўрэі (2,8%) і інш. Гарадскога насельніцтва 68,2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гомель (514), Мазыр (107), Светлагорск (76), Рэчыца (73), Жлобін (67), Калінкавічы (42), Рагачоў (37), Добруш (20). Пасля 1985 нараджальнасць і натуральны прырост зніжаюцца, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Нараўлянскім, Брагінскім і Хойніцкім р-нах (найб. пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася больш як на 50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гаспадарчым комплексе. У ёй занята 30% усіх працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. У 1991—95 для прам-сці вобласці характэрна зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці і рост беспрацоўя. Вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты, кухоннай солі, вытв-сці сталі і пракату, асобных галінах машынабудавання, хім., лясной, лёгкай і харч. прам-сці. У вобласці вырабляюць (у % да рэсп. вытв-сці): нафты і кухоннай солі (здабыча) — 100%, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 50, сталі — 81,5, сернай кіслаты — 49,3, фосфарных угнаенняў — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, падшыпнікаў качэння — 34, металарэзных станкоў — 20, аконнага шкла — 100, паперы — 29, кардону — 44, шпалераў — 58, драўняна-стружкавых пліт — 34, кандытарскіх вырабаў — 29, кансерваў — 21, туалетнага мыла — 100, гасп. мыла — 91%. Самыя вял. прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Жлобіне, Рэчыцы, дзе сканцэнтравана каля 80% прамысл. патэнцыялу вобласці. У Рагачове малочнакансервавы камбінат і прадпрыемствы машынабудавання, у Рэчыцкім р-не асн. здабыча нафты краіны, у Добрушы папяровая ф-ка «Герой працы», фарфоравы з-д. На тэр. вобласці больш за 10 буйных прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці. У раённых цэнтрах і гар. пасёлках працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (агародніны, мяса, малака), лясной, дрэваапр., лёгкай прам-сці, па вытв-сці будматэрыялаў. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, у прыгарадных гаспадарках таксама на птушкагадоўлі, вырошчванні агародніны і пладаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 17,5% усіх працуючых. Галіна перажывае негатыўныя вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: паменшылася плошча сельгасугоддзяў (асабліва ворыва), змянілася структура пасеваў, скарацілася пагалоўе жывёлы і інш. У цэлым роля вобласці ў с.-г. вытв-сці рэспублікі пасля Чарнобыльскай катастрофы паменшылася. Сельгасугоддзі займаюць 36,3% тэр. вобласці, у т. л. лугі і паша — каля 13%, ворыва — 21,5%. Найб. асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Добрушскі р-ны, дзе пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэр. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры (гл.табл. 1).
Сярод збожжавых найб. плошчы пад жытам і ячменем. У 1995 пры долі пасяўных плошчаў 14,3% (ад пасяўных плошчаў па рэспубліцы) атрымана 14,3% збожжа, 15,5% бульбы, 16,6% агародніны ад вытв-сці па рэспубліцы. На 433 фермерскія гаспадаркі (1996) прыпадае 8,3 тыс.га сельгасугоддзяў (у т. л. 6,7 тыс.га ворыва), што складае 0,6% ад усіх сельгасугоддзяў вобласці і 0,7% ворыва. Павышаецца доля фермерскіх і асабістых дапаможных гаспадарак у валавых зборах бульбы (83,6% у 1995), агародніны (80,9%), пладоў і ягад (96,4%). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, развіты свінагадоўля і птушкагадоўля. Дынаміка пагалоўя на 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2).
У апошнія гады павышаецца доля асабістых дапаможных гаспадарак у вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага р-наў, малака — Акцябрскага, Гомельскага, Калінкавіцкага, яец — Гомельскага р-на.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 903 км. Праходзяць важныя міжнар. магістралі: С.-Пецярбург—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Корасцень—Кіеў, Брэст—Гомель. Удзельная вага чыг. транспарту ў агульным грузаабароце вобласці складае больш за 90%, у пасажыраабароце — 50% (1995). Буйныя чыг. вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Аўтамаб. транспарт займае 2-е месца пасля чыгуначнага па груза- і пасажыраабароце. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,9 тыс.км (1994). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Пінск—Брэст. Суднаходства па Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы. Па тэр. вобласці праходзіць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды Гомель—Мінск, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». У Гомелі аэрапорт.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
880,5
855,2
Збожжавыя і зернебабовыя
379,7
407,8
Бульба
112,1
101,8
Лён
6,0
5,0
Агародніна
6,8
12,0
Плады і ягады
25,2
24,1
Кармавыя культуры
367,1
321,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1981
1991
1996
Буйная рагатая жывёла
1221
1160,3
776,2
у т. л. каровы
504
368,4
324,7
Свінні
652
686,3
556,4
Авечкі і козы
88
13,6
19,0
Птушка
7132
8274,5
5122,0
Да арт.Гомельская вобласць. Балота ў Рэчыцкім раёне (уверсе). На рацэ Сож у Гомелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Рог1 ’цвёрды выраст з касцявога рэчыва на галаве ў некаторых жывёл’, ’востры, загнуты канец чаго-небудзь’, ’зуб у вілах’, ’музычны або сігнальны інструмент’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Сцяшк., Ян., Сл. ПЗБ, ТС, Выг.), ’пастухова труба’ (ТС), укр.ріг, рус.рог, польск.róg, н.-луж.rog, в.-луж.roh, палаб.rüg, чэш., славац.roh, славен.rọ̑g, rûg, rûəx, серб.ро̑г і харв.rȏg, макед.рог, балг.рог, ро́гът, рогъ́т, ст.-слав.рогъ. Прасл.*rogъ. Роднаснымі з’яўляюцца літ.rãgas ’рог’, ’мыс’, ’шышка’, лат.rags ’рог’, raguolis ’ручка плуга’, ст.-прус.ragis ’рог’, ragìngis ’алень’ (Міклашыч, 280) ’рог’, rãgės, rãgos, rãgutės, лат.ragavas, ragus, raguteles ’простыя сані’ (Буга, Rinkt., 2, 533; Траўтман, 235; Мюленбах-Эндзелін, 3, 465). Далей не зусім ясна. Міклашыч (RHSJ, 14, 122) выводзіць яго з *krogъ. Сной (Бязлай, 3, 191) услед за Фрэнкелем (684), Праабражэнскім, 2, 207, Махэкам₂ (515) мяркуе, што першасным было *rógo‑ ’вытыркацца’, параўн. літ.regė́ti, лат.redzêt ’спаглядаць з вышыні’, літ.ragáuti, rãginti, r(i)ogsóti ’узвышацца’, rógas, ruogùs ’куча, груда зямлі, тарпа сена, жыта’. Сумніўнае сцвярджэнне Младэнава (562) пра паходжанне *rogъ з і.-е.*rogh‑ (Фасмер, 3, 489). Гл. таксама БЕР, 6, 288; ESJSt, 13, 775. Сюды ж: рожкі ’матавіла’ (калінк., Мат. Гом.), ’відэлец’ (Мат. Гом.), ’матыка з зубцамі’, ’мач, прылада, якою скідаюць гной з воза’ (ст.-дар., ЛА, 2), ’прылада ля касы для збірання падрэзаных сцяблоў’ (ПСл), і, магчыма, рожкі ’спарыння’ (каліну Сл. ПЗБ), ро̂жкі́, ражкі ’тс’ (стол., в.-дз., ЛА, 5).
Рог2 ’месца, дзе сутыкаюцца два знешнія бакі аднаго прадмета’, ’вугал’, ’вугал дома знадворку’, ’месца, дзе збягаюцца перпендыкулярныя вуліцы’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Шат., ТС, Растарг.), ’вугал воза’ (чэрв., лід., Сл. ПЗБ), ’вугал у страсе, стозе’ (ТС), ’клінападобная частка балота, клін поля, лесу, лугу, вёскі; лука, паварот ракі’ (Яшк., ТС, Выг.), ’кут’ (Бяльк.), ’кут, край’ (Ян.), ’канец сяла’, ’куток у садзе’ (Жд. 1), ро́гі ’перасячэнне схілаў страхі з бакоў’ (палес., Нар. сл.), ’канец у хустцы’ (Ян.), ро́жкі ’канцы хусткі на галаве ў жанчыны’ (Растарг.) — у выніку пераносу значэння паводле падабенства з рог1 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВЕ́ЖА,
1) збудаванне са значнай перавагай вышыні над стараной ці дыяметрам асновы. Бываюць квадратныя, прамавугольныя, шматгранныя, круглыя і інш., пастаяннага або пераменнага сячэння, ярусныя.
Вядомыя ў архітэктуры Асірыі, Фінікіі, Стараж. Грэцыі і Рыма, у сярэднія вякі — у краінах паўн.-ўсх. і Сярэдняй Азіі, Арабскага Усходу, Каўказа. У сярэдневяковай Зах. і Паўн. Еўропе вежа стала неад’емным элементам кампазіцыі гарадскіх умацаванняў, замкаў, храмаў раманскай і гатычнай архітэктуры, палацаў (вежа Палацца Век’ё ў Фларэнцыі), ратушаў і інш. Сярод найб. яскравых прыкладаў — кампаніла ў Пізе (т.зв. падаючая Пізанская вежа, Італія, 1174—1372). Вежы былі характэрным элементам рус. і ўкр. абарончай (Маскоўскі, Смаленскі, Каломенскі, Яраслаўскі крамлі і інш.), грамадз. і культавай архітэктуры (званіцы Івана Вялікага ў Маскве, 1508—1600, у Кірылаўскім манастыры ў Кіеве, 18 ст.). У Прыбалтыцы вежы выкарыстоўваліся пры буд-ве замкаў і гарадскіх грамадз. і культавых збудаванняў (парахавая вежа ў Рызе, 17 ст., вежа «Доўгі Герман» у Таліне, канец 15 ст., вежа Гедзіміна ў Вільні 14 ст. і інш.). Сярод выдатных твораў рус. архітэктуры, у кампазіцыі якіх дамінуе вежа, Петрапаўлаўскі сабор (1712—33), Адміралцейства (1806—23) у С.-Пецярбургу.
На Беларусі абарончыя драўляныя вежы будаваліся на гарадзішчах ранняга жал. веку (в. Валадарск Рэчыцкага р-на). У стараж. гарадах Беларусі вежы ўваходзілі ў сістэму абарончых умацаванняў, часам выконвалі функцыю брамы. У 2-й пал. 13 ст. пабудаваны першыя мураваныя вежы — данжоны (Берасцейская вежа, Камянецкая вежа). З 14 ст. мураваныя 4-гранныя вежы, злучаныя з абарончымі сценамі, сталі адметнай асаблівасцю замкаў (Лідскі замак, Крэўскі замак), уключалі жылыя, гасп., культавыя (капліцы) памяшканні. Мураваныя замкавыя вежы ў архітэктуры стыляў готыкі і рэнесансу аздабляліся сістэмай нішаў, паяскоў, парэбрыкаў і інш. элементаў дэкору (Нясвіжская замкавая вежа). Заглыбленыя часткі сцен бялілі вапнай, выступы мелі натуральны колер чырвонай цаглянай муроўкі, што стварала 2-колернае вырашэнне фасадаў (Мірскі замкава-паркавы комплекс). Невысокія квадратныя і прамавугольныя ў плане вежы, прыстаўленыя да знешняга боку абарончых сцен і накрытыя 2-схільным дахам, наз. «бычкамі», высокія 8-гранныя — круглікамі. Існавалі шмат’ярусныя вежы, у якіх звычайна над ніжнімі чацверыковымі ярусамі будавалі васьмерыкі. Некаторыя драўляныя вежы завяршаліся ізбіцамі. Сцены абарончых вежаў прарэзваліся байніцамі, амбразурамі, машыкулямі. У 18 — пач. 20 ст. асобна пастаўленыя вежы выкарыстоўвалі ў палацава-паркавых кампазіцыях (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль), у манастырах і кляштарах. У 16 — пач. 20 ст. ў культавым дойлідстве былі найб. пашыраны вежы-званіцы (Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл). Вежы з’яўляліся адным з гал. элементаў кампазіцыі ратуш (гл.Магілёўская ратуша, Віцебская ратуша). Круглыя або гранёныя вежы фланкіравалі па вуглах аб’ёмы культавых гатычных і рэнесансавых храмаў (Мураванкаўская царква-крэпасць) або ўтваралі на гал. фасадзе высокія званіцы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). У барочных культавых будынках з 2-й пал. 17 ст.найб. пашыраны 2-вежавыя гал. фасады. У сучаснай бел. архітэктуры вежападобныя кампазіцыі выкарыстоўваюць пры вырашэнні буйных горадабудаўнічых задач (вежы-прапілеі ў ансамблі Прывакзальнай пл. ў Мінску). У жылой забудове верт. дамінанты — дамы вежавага тыпу.
2) Інж. збудаванні са сталі, жалезабетону, каменю, дрэва (тэлевізійныя вежы, воданапорныя вежы, радыёвежы, сіласныя і інш.). Канструкцыя вежы — звычайна прасторавая стрыжнёвая сістэма або жалезабетонная абалонка. Успрымаюць ветравыя, тэмпературныя і інш. нагрузкі. Разлічваюцца на трываласць, устойлівасць, дэфармавальнасць.
3) Засцерагальная (часта паваротная) канструкцыя з брані на баявых караблях, танках, бронеаўтамабілях, іншых баявых збудаваннях для ўстаноўкі зброі і прылад.
4) Вежы абслугоўвання ў касманаўтыцы — метал. канструкцыя, што забяспечвае доступ людзей і падачу прылад да касм. лятальных апаратаў. Перад стартам адводзіцца на бяспечную адлегласць ад пускавой сістэмы. Вышыня больш за 100 м. Некаторыя вежы аўтаномныя, маюць уласную электрастанцыю, ацяпленне, іншае інж. абсталяванне.
Ю.А.Якімовіч (архітэктура).
Пізанская вежа. 1174.Вежа Палацца Век’ё ў Фларэнцыі. 14 ст.Замкавая вежа ў Нясвіжы. 2-я пал. 16 ст.Вежа царквы-крэпасці ў в. Мураванка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. 16 ст.Вуглавая вежа замка ў г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл. 16 ст.Вежа-званіца Троіцкага касцёла ў в. Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна. Канец 16 ст.Тэлевізійная вежа вышынёй 550 м у г. Таронта (Канада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
стро́й, ‑ю, М страі́ і стро́і; мн. страі́, ‑ёў і стро́і, ‑яў; м.
1.Мстраі́; мн.страі́, ‑ёў. Рад, шарэнга салдат; воіны, пастроеныя радамі. Дайшоўшы да размяшчэння часці, Ягораў загадаў выстраіць батальён, маўкліва прайшоў паўз строй.Краўчанка.І апошні разочак на хвіліну ці паўтары я ўбачыў свайго бацьку ў страі — іх рота пайшла на вячэрнія заняткі...Мехаў.Дарога, па якой рухаліся эскадроны, вузкая, лясная, і строй адразу парушыўся.Навуменка./ Пра шарэнгу або выступленне радамі атрада фізкультурнікаў, піянераў і пад. Агляды піянерскага строю і песні, злёты выдатнікаў вучобы, форумы правафланговых атрадаў, урачыстыя лінейкі і зборы — у кожным раёне горада, у кожнай дружыне юныя адзначаюць свой піянерскі юбілей.«Звязда».Прабыў тут Дзёмка да той пары, калі піянеры строем і з песняй рушылі ў калгас.Сіняўскі.//Спец. Парадак размяшчэння ваеннаслужачых, падраздзяленняў, воінскіх часцей і баявых машын для сумесных дзеянняў. Самкнуты строй.//Спец. Састаў дзеючай арміі, воінскія часці, прызначаныя для непасрэднага вядзення баявых аперацый. Пасля доўгага лячэння ў шпіталі Адам Гусакоўскі зноў у страі.«Маладосць»./упаэт.ужыв.Восем ран зажыло, я вярнуўся да строю, Толькі раны адной не магу загаіць.Броўка.
2.Мстраі́; мн.страі́, ‑ёў. Аб’яднанне людзей з агульнымі ідэямі, задачамі, мэтамі. Іх строй [выпускнікоў] сягоння незлічоны. І вучняў вучні падраслі І шлюць настаўніку паклоны з усіх, з усіх канцоў зямлі.Гілевіч.
3.Мстраі́; мн.страі́, ‑ёў. Рад прадметаў, размешчаных у адну лінію. Прад вачыма стаялі ў журбе Строй бярозак, кусты на палянцы.Прыходзька.Толькі Васілінка ўсё роўна любіць сваю Машку, выстаўляе побач з ёю цэлы строй бутэлечак, шклянак і бляшаначак, у якіх летам пірагі з пяску пякла.Ус.// Правільнае інтанаванне харавымі партыямі ўсіх гукаў, якія ўваходзяць у акорд.
4.Мстро́і; мн.стро́і, ‑яў. Суадносіны па вышыні ступеней гукавой сістэмы. // Пэўная сістэма гучання (музычнага інструмента), якая ўтвараецца суадносінамі тонаў па вышыні. Труба ў строі сі бемоль.//перан. Зладжанасць, гармонія. //перан. Пра душэўны стан чалавека, яго настрой. [Марынчук:] — І ў яе [Кацярыны Змітраўны], бачу, не той ужо строй: пра што ні піша, дык неяк бегла, паспешліва, тое не дагаворыць, тое на паўслове абарве.Ракітны.
5.Мстро́і; мн.стро́і, ‑яў. У паэзіі — пабудова паэтычнага твора, яго эмацыянальная афарбоўка. Асаблівасці творчага почырку паэта выявіліся .. ў строі яго песень.«Полымя».// Сукупнасць адметных рыс паэтычнага твора або чыёй‑н. творчасці. Беларуская народная паэтычная стыхія, якая з такім майстэрствам асвойваецца паэтам [А. Куляшовым], арганічна сінтэзуецца ў яго творчасці з вобразным строем школы Маякоўскага.Клімковіч.
•••
Рассыпны строй — баявы строй пяхоты, у якім стралкі размяшчаюцца ланцугом на значнай адлегласці адзін ад другога.
Выбыць са строюгл. выбыць.
Вывесці са строюгл. вывесці.
Выйсці са строюгл. выйсці.
Стаць у стройгл. стаць.
Увайсці (уступіць) у стройгл. увайсці.
Увесці ў стройгл. увесці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПААЗЕ́Р’Е,
фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Уключае частку правінцыі Усх. Прыбалтыка. Займае Віцебскую і невял. часткі ПнУ Гродзенскай і Пн Мінскай абласцей. Мяжуе на Пд з акругай Беларуская града. Працягнулася з З на У на 300 км, з Пн на Пд на 150—200 км; пл. 44,6 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Браслаўскія грады, Латгальскае ўзвышша, Нешчардаўскае ўзвышша, Полацкая нізіна, Свянцянскія грады, Ушацка-Лепельскае ўзвышша, Чашніцкая раўніна, Гарадоцкае ўзвышша, Віцебскае ўзвышша, Суражская нізіна, Лучоская нізіна, Верхнебярэзінская нізіна, Нарачана-Вілейская нізіна (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -300 да -500 м (на паўн. схіле Бел. антэклізы, на Латвійскай седлавіне) да -1500 м (у Аршанскай упадзіне). У платформавым чахле найб. пашыраны палеазойскія адклады (дэвон, на ПдЗ ардовік, сілур), усюды іх перакрываюць кайназойскія пароды, пераважна антрапагенавай сістэмы (магутнасць 40—270 м), у якіх вылучаюцца ўтварэнні ўсіх зледзяненняў і міжледавікоўяў плейстацэну і адклады галацэну. Формы рэльефу ўтварыліся ў час дэградацыі паазерскага зледзянення, складзены з марэнных суглінкаў, водна-ледавіковых пяскоў і пяскоў са жвірам, азёрна-ледавіковых глін і суглінкаў. Рэльеф фарміраваўся ў час некалькіх стадыялаў, з якіх найб. выразныя аршанскі стадыял і браслаўскі стадыял.
Рэльеф Беларускага Паазер’я самы малады на тэр. Беларусі (узнік 14—18 тыс. гадоў назад). Паверхня мае катлавінападобную форму (у цэнтры абс. адзнакі 120—160 м), павышаныя ўскраіны створаны краявымі ўзвышшамі і градамі, якія маюць значныя абс.вышыні: Віцебскае да 296 м, Гарадоцкае да 259 м, Свянцянскія грады ў межах Беларусі 229 м. Канцова-марэнны рэльеф (градавы, дробна-, сярэдне- і буйнаўзгорыста-азёрны) узвышаецца над суседнімі нізінамі да 80—100 м, на ім развіты камы, озы і друмліны, шматлікія глыбокія (да 40—70 м) азёрныя катлавіны, тэрмакарставыя западзіны, ледавіковыя лагчыны і лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў. Марэнныя раўніны маюць плоскі і спадзістахвалісты рэльеф (з адноснымі перавышэннямі 5—7 м), азёрныя катлавіны, шматлікія тэрмакарставыя западзіны, камы і озы, на водна- і азёрна-ледавіковых нізінах рэльеф плоскі і плоскахвалісты, з азёрамі, якія зарастаюць. Рачныя даліны на б.ч.тэр. Беларускага Паазер’я слаба выпрацаваныя, а на ўзвышшах урэзаныя на 30—40 м, маюць надпоймавыя тэрасы, скразныя ўчасткі, у рэчышчах трапляюцца парогі. Карысныя выкапні: даламіты, легкаплаўкія гліны, пясок, жвір, торф, сапрапель. Пра клімат гл. ў арт.Беларуска-Валдайская правінцыя.
Рэкі належаць да бас. Балтыйскага мора — Зах. Дзвіна з прытокамі Обаль, Палата, Дрыса (справа), Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), на З Вілія, на ПнУ Ловаць — і да бас. Чорнага мора — Бярэзіна з прытокамі. У Беларускім Паазер’і каля 4 тыс. азёраў (наз. азёрным краем). Многія азёры злучаны пратокамі і рэкамі і ўтвараюць групы (Нарачанская група азёраў, Браслаўская група азёраў, Ушацкая група азёраў і інш.). У асобных раёнах азёры займаюць да 10% тэрыторыі. Тут самае вялікае ў Беларусі воз. Нарач (пл. 79,6 км²) і самае глыбокае воз. Доўгае (глыб. 53,7 м). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на ўзвышшах і раўнінах сугліністыя і супескавыя, часткова завалуненыя і змытыя, на нізінах пясчаныя. Да нізін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя залішне ўвільготненыя і глеяватыя глебы, у стараж. азёрных катлавінах, у паніжэннях рэльефу і рачных далінах — дзярнова-балотныя і тарфяныя глебы, на поймах — алювіяльныя. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў 45—60 балаў. Лясы займаюць на нізінах 50%, на ўзвышшах менш за 30% тэрыторыі, належаць да Заходнядзвінскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Нізіны занятыя лясамі з хвоі, узвышшы — яловымі і шыракаліста-яловымі лясамі; пашыраны драбналістыя лясы. Балоты на 8% тэрыторыі, пераважна вярховыя (найб.Жураўлёўскае балота, Габы, Ельня, Сэрвач і інш.). Пад ворывам каля 30% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк «Браслаўскія азёры», Бярэзінскі біясферны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Сялява, Сіньша, гідралагічныя Белае, Вял. Мох, Вял. Астравіта, Глыбокае Чарбамысла, Доўгае, Крывое, Ельня, Карыценскі Мох, Сосна, Верхневілейскі, Сэрвач, Швакшты, Галубіцкая пушча, Сарачанскія азёры, біялагічныя Вял. Балота, Забалоцце, Запольскі, Лонна, Мошна, Фаміно, Чысцік, Юхавіцкі і інш. Сярод помнікаў прыроды рэсп. значэння — самы вял. ў Беларусі валун «Вялікі камень». Курорты Нарач, Ушачы, Лётцы, Верхнядзвінскі.
Літ.:
Якушко О.Ф. Белорусское Поозерье: История развития и современное состояние озер Северной Белоруссии. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКА́Н (ад лац. vulcanus агонь, полымя),
геалагічнае ўтварэнне над каналамі і трэшчынамі ў зямной кары, якое ўзнікае ў выніку вывяржэння з глыбінных магматычных ачагоў на паверхню Зямлі лаў і вулканакластычнага матэрыялу. На Зямлі вядома больш за 13 тыс. вулканаў, з іх каля 950 дзеючых. Дзеючыя вулканы тыя, што вывяргаліся або выдзялялі гарачыя газы і ваду праз сальфатары за апошнія 3,5 тыс. гадоў; да заснулых (патэнцыяльна дзеючых) адносяць тыя, што вывяргаліся 3,5—13 тыс. гадоў назад. Умоўна патухлымі лічаць вулканы, якія не праяўлялі актыўнасці на працягу апошніх 13—100 тыс. гадоў, але захавалі вонкавыя формы (напр., вулкан Макензі на найб. вулканічным масіве Кіліманджара ў Афрыцы). Вывучае вулканы вулканалогія.
Вывяржэнне вулкана адбываецца, верагодна, пад уздзеяннем гідрастатычных сіл пры пад’ёме магмы праз астэнасферу і літасферу і бурнага выдзялення газаў пры дасягненні магматычнымі расплавамі верхніх гарызонтаў зямной кары.
Прадукты вывяржэння вулкана — вулканічныя газы, вулканічны попел, вулканічныя бомбы, лава, шлакі і інш., з якіх утвараюцца вулканічныя горныя пароды, у залежнасці ад сілы ўзрыву ўзнімаюцца на выш. 1000—5000 м, зрэдку да 45 000 м і разносяцца на дзесяткі тысяч кіламетраў, лававыя патокі распасціраюцца па схілах і каля падножжа вулкана да 1000—5000 м, рэдка болей. Вулканы пашыраны на кантынентах і ў акіянах, яны выносяць на паверхню Зямлі за год каля 3—6 млрд.т вулканічнага матэрыялу (80% падводныя, 20% наземныя). Найб. інтэнсіўны вынас уздоўж рыфтаў сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў. Каля 75% усіх актыўных вулканаў знаходзіцца ў пераходных зонах ад кантынентаў да акіянаў (у межах астраўных дуг). У размеркаванні вулканаў на Зямлі існуе прамая залежнасць іх колькасці ад тэктанічнай актыўнасці рэгіёнаў. Найб.вышыні дасягаюць вулканы ў акіяне — 9000 м, на астраўных дугах — 6000 м, у гарах — 3000 м. Большасць наземных вулканаў — асобныя конусападобныя горы (вулканічныя конусы) з кратэрам на вяршыні. Самыя вялікія кантынентальныя вулканы вядомы ў Афрыцы, у зоне Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмы. Паводле формы падводнага канала вулканы падзяляюцца на цэнтральныя (з трубчастым жаралом) і трэшчынныя. У залежнасці ад глыбіні мантыйнага ачага адрозніваюць вулканы мантыйнага (30—70 км і глыбей, вывяргаюць базальтавыя лавы), коравага (5—45 км, пераважна андэзітавыя, дацытавыя і ліпарытавыя лавы) і змешанага (лавы ўсіх тыпаў) жыўлення. У акіянах вядомы вулканы толькі мантыйнага жыўлення (Кілаўэа і інш.), на астраўных дугах і кантынентальных платформах — усіх тыпаў жыўлення (Ключаўская Сопка, Везувій і інш.), у горных сістэмах — толькі коравага (Эльбрус, Ласен-Пік у Паўн. Амерыцы і інш.).
Вывяржэнні вулканаў бываюць працяглымі (ад некалькіх гадоў да стагоддзяў) і кароткачасовымі (некалькі гадзін). Ім папярэднічаюць вулканічныя землетрасенні, акустычныя з’явы, змяненні магнітнага поля Зямлі і саставу фумарольных газаў (гл.Фумаролы), па якіх магчымы прагноз пачатку вывяржэння. Вывяржэнне вулкана — грозная з’ява прыроды, якая можа прыводзіць да гібелі паселішчаў пад слоем попелу і лавы (Пампеі і інш. гарады пры вывяржэнні Везувія ў 79 г.н.э.) або цэлых культур (мяркуюць, што пры вывяржэнні вулкана Сантарын у 1400 г. да н.э. загінула мінойская культура). Падводныя вывяржэнні мала вывучаны. У наземных вулканах вылучаюць 4 гал. тыпы. Гавайскі тып вывяржэння (ад вулкана Кілаўэа ў Гавайскім архіпелагу) характарызуецца адносна спакойным выліваннем вадкай (базальтавай) лавы і ўтварэннем шчытападобных вулканаў. Стромбаліянскі тып (ад вулкана Стромбалі на Ліпарскіх а-вах у Міжземным м.) звычайна стварае стратавулканы, дзе пераважаюць невялікія выбухі з выкідамі кавалкаў шлаку і вулканічных бомбаў і выліваецца шмат вадкіх (базальтавых і андэзітабазальтавых) лаў. Купальнаму тыпу ўласціва выцісканне і выштурхоўванне вязкай (андэзітавай, дацытавай або рыялітавай) лавы і ўтварэнне купалоў (напр., Цэнтр. Сямячык на Камчатцы), крыптакупалоў (напр., Сёва-Сіндзан у Японіі) і абеліскаў (Шывелуч на Камчатцы). Вульканскі тып вывяржэння (ад вулкана Вулькана на Ліпарскіх а-вах) вылучаецца вял. вывяржэннем газаў, што выклікае выбухі і выкіды вялізных хмар, перапоўненых абломкамі горных парод, лаў і вулканічным попелам; вязкія лавы (андэзітавыя, дацытавыя або рыялітавыя) ствараюць конусападобныя вулканы. Пры моцных выбухах разбураецца вулканічны конус або яго частка, утвараецца кальдэра.
На тэр. Беларусі вывяржэнні вулканаў адбываліся ў вендзе (600—650 млн. гадоў назад) у Падляска-Брэсцкай упадзіне і ў дэвоне (330—350 млн. гадоў назад) у Прыпяцкім прагіне. У вендзе пераважалі трэшчынныя вывяржэнні ў кантынентальных умовах, утварыліся вялізныя вулканічныя покрывы (трапавыя плато) з базальтаў, туфаў і інш. парод. Дэвонскі вулканізм адбываўся ў падводных умовах, пераважалі вулканы цэнтральнага тыпу, вывяргаліся лавы шчолачнага саставу (трахіты, нефелініты і іх туфы).
Літ.:
Апродов В.А. Вулканы. М., 1982.
Г.У.Зінавенка.
Да арт.Вулкан. Выкіды вулканічнага попелу пры вывяржэнні.Да арт.Вулкан. Развіццё вулкана Сантарын: 1 — 1500 да н.э.; 2 — пасля выбуху ў час вывяржэння ў 1400 да н.э.; 3 — 1939.