хімічнае злучэнне крэмнію з кіслародам, SiO2. У крышт. форме бясколернае цвёрдае рэчыва, існуе ў некалькіх паліморфных мадыфікацыях (у прыродзе сустракаюцца ў выглядзе мінералаў): кварц (tпл 1610 °C), трыдыміт (tпл 1680 °C), крыстабаліт (tпл 1723 °C); пры высокім ціску ўтвараюцца кітыт, каэсіт і сцішавіт (шчыльн. 4350 кг/м³, β-кварц мае шчыльн. 2530 кг/м³). Акрамя крышталічнага характэрныя і інш. формы існавання прыроднага крэменязёму: скрытакрышт. (халцэдон), аморфная (апал), тонкадысперсная (трэпел). Расплаўлены SiO2 пры астыванні пераходзіць у шклопадобны стан (гл.Кварцавае шкло).
К.д. не раствараецца ў вадзе, к-тах (акрамя плавікавай), арган. растваральніках. Хімічна ўстойлівы: узаемадзейнічае з фторам і фторыстым вадародам пры награванні (250—400 °C), са шчолачамі і многімі аксідамі пры сплаўленні ўтварае сілікаты. Прыродны К.д. выкарыстоўваюць у вытв-сці сілікатнага шкла, керамікі, абразіваў, бетону, для атрымання крэмнію; сінт. (т. зв. «белая сажа») — як напаўняльнік для гумы; монакрышталі кварца — у радыётэхніцы, акустаоптыцы і акустаэлектроніцы, ювелірнай справе (паўкаштоўныя камяні). Працяглае ўдыханне крэменязёмнага пылу выклікае сілікоз лёгкіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУБА́НЬ,
рака ў Стаўрапольскім і Краснадарскім краях Расіі. Даўж. 870 км, пл.бас. 57,9 тыс.км². Пачынаецца 2 вытокамі (Улукам і Учкулан) на схілах Эльбруса, каля ледавіка Улукам. Упадае ў Тэмрукскі зал. Азоўскага м., утварае дэльту (пл. 4,3 тыс.км²). Ад сутокаў да г. Нявіннамыск цячэ пераважна ў глыбокай і вузкай цясніне, ніжэй выходзіць на раўніну, пойма шырокая, у рэчышчы шмат меляў, перакатаў, астравоў. У ніжнім цячэнні (ад упадзення р. Лаба) даліна расшыраецца, у пойме плаўні. Асн. прытокі: Тэберда, Малы і Вял. Зелянчук, Уруп, Лаба, Белая, Пшыш (злева). Жыўленне мяшанае. Летнія паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Краснадар 393 м³/с. У дэльце прамысл. рыбы (судак, тарань, асятровыя і інш.). Выкарыстоўваецца для арашэння. Частка вады К. па Нявіннамыскім арашальным канале паступае ў р. Егарлык (прыток р. Дон). Краснадарскае вадасховішча. Суднаходная ад вусця р. Лаба, у вярхоўі сплаўная. Гал. гарады: Карачаеўск, Чэркеск, Нявіннамыск, Армавір, Крапоткін, Усць-Лабінск, Краснадар; у дэльце — марскі порт Тэмрук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙСКІ ХРУШЧ, майскі жук (Melolontha),
род жукоў сям. пласцініставусых. 36 відаў, пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 2 віды: М.х. заходні (M. melolontha) і М.х. усходні (M. hippocastani). Жывуць пераважна ў лясной зоне.
Даўж. М.х. заходняга да 32 мм, М.х. усходні драбнейшы. Вонкавым выглядам і спосабам жыцця падобныя. Марфалагічна адрозніваюцца тым, што канец брушка ў М.х. заходняга звужаецца паступова і пераходзіць у доўгі вузкі адростак, а ў М.х. ўсходняга канец брушка звужаецца рэзка і канчаецца тонкім адросткам, патоўшчаным на канцы. Цела пукатае, падоўжана-авальнае, чорнае або чырвона-бурае. Надкрылы чырвона- або жоўта-бурыя. Вусікі 10-членікавыя; у самца вял. выгнутая булава з 7 пласцінак, у самкі — маленькая з 6 пласцінак. Жукі кормяцца лісцем, лічынкі — каранямі раслін, чым шкодзяць дрэвам, кустам, с.-г. культурам. Лічынка даўж. да 60 мм, жаўтавата-белая з тоўстым выгнутым целам.
С.Л.Максімава.
Майскія хрушчы: 1 — усходні (самец); 2 — заходні (самец); 3 — лічынка (падобная ў абодвух відаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАНО́ВІЧ (Пётра) (21.9.1902, в. Стрэмкі, Латвія — 20.12.1990),
бел. мастак. Вучыўся ў Даўгаўпілскай бел. гімназіі. Скончыў Латвійскую АМ (1937). У 1945—47 вучыўся ў АМ у Вене. З 1944 жыў у Аўстрыі, з 1950 — у ЗША. Займаўся асветніцтвам і развіццём бел. школы ў Латвіі. У ранніх творах адлюстраваны побыт латгальскай вёскі 1920—40-х г.: «У сялянскай хаце», «Жняя», «Вываз гною», «Бура ў жніво» і інш. Пазней ствараў партрэты вядомых бел. дзеячаў розных часоў: С.Сахарава, П.Крачэўскага (1966), Н.Арсенневай, Я.Купалы, Ф.Скарыны (усе 1967), Л.Сапегі (1970), К.Каліноўскага (1971) і інш. Прыгажосць краявідаў Падзвіння перадаў у працах «Гонкі на Дзвіне», «Над Дзвімою», «Другое возера», «Белая царква ў Друі» (1970-я г.), «Сплаў лесу» (1970), «Капліца ў Прыдруйску» (1971) і інш. Сярод інш. твораў «Беларускія эмігранты», «Парк у Брукліне», «У Альпах», «Касцёл св. Карлы ў Вене» (абодва 1945—46), «Хата на Лонг Айлендзе» (1970) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХА́ТАЎ (Велі) (Велімухамед; н. 5.5.1916, аул Багір, Туркменістан),
туркменскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў туркм.прафес. музыкі. Нар.арт.СССР (1965). Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1951). У 1954—59 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Туркменістана. З 1972 выкладаў у Туркм.пед. ін-це (з 1982 праф.). Аўтар музыкі Дзярж. гімна Туркменіі (1946). Значны яго ўклад у развіццё нац. опернага і сімф. жанраў. Сярод твораў: оперы «Паэт і суддзя» (паст. 1947), «Захрэ і Тахір» (паст. 1953, абедзве з А.Шапашнікавым), «Канец крывавага водападзелу» (паст. 1967), балет «Белая бавоўна» (паст. 1945; з А.Зноска-Бароўскім), араторыя «Мой Ашхабад» (1981); вак.-сімф. паэма (1970), кантаты, оды для салістаў, хору і арк. (1979, 1982, 1985); 3 сімфоніі (1974—85), «Туркменская сюіта» (1950), сімф. паэма «Мая Радзіма» (1951); 3 паэмы для арк.нар. інструментаў (1965—82), хары, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1952. Дзярж. прэмія Туркменістана імя Махтумкулі 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІКАРПО́ВІЧ (Канстанцін Міхайлавіч) (18.3.1889, в.Белая Дуброва Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 20.2.1963),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1951). Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю (1909). Настаўнічаў у школах Чэрыкаўскага пав. У 1925—26 чл. гісторыка-археал. камісіі Інбелкульта. З 1929 у Ін-це гісторыі АН Беларусі (навук. супрацоўнік, заг. сектара; у 1941—42 у Казахстане). На Беларусі і ў Бранскай вобл. адкрыў і вывучаў палеалітычныя (Бердыж, Елісеевічы, Падлужжа, Юдзінава, Юравічы) і мезалітычныя (Журавель, Крыжы) стаянкі, помнікі неаліту і бронзы (Крывіна, Страліца). Вёў разведвальныя работы з мэтай выяўлення новых археал. помнікаў на Беседзі, Дняпры, Іпуці, Сажы, Случы і інш. Першы выказаў думку пра засяленне тэр. Беларусі першабытным чалавекам у стараж.-каменным веку, што першабытны чалавек рабіў аснову жытлаў з чарапоў і інш.вял. касцей мамантаў, а рэбры выкарыстоўваў як землекапалкі. Вывучаў касцярэзнае мастацтва першабытных людзей.
Тв.:
К вопросу о мустьерской культуре в Верхнем Поднепровье // Материалы по археологии БССР. Мн., 1957. T. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЗАКТАНІЁЗ,
хвароба раслін, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду рызактонія. Пашыраны ва ўсіх зонах бульбаводства. Пашкоджвае пераважна клубні, парасткі, сталоны і сцёблы, выклікае загніванне і заўчасную гібель раслін. На Р. хварэюць буракі, морква, агуркі, капуста, дыні, гарбузы, бавоўнік. На Беларусі найб. шкодны Р. бульбы.
Асн. крыніца інфекцыі — заражаныя клубні, на якіх утвараецца мноства дробных цёмна-бурых ці чорных нарасцей (склероцыі грыба). Пасля пасадкі са склероцыяў развіваецца грыбніца ўзбуджальніка, якая пашкоджвае парасткі: на іх паяўляюцца цёмна-бурыя плямы і язвы; парасткі надломліваюцца і гінуць. На прыкаранёвай ч. сцёблаў паяўляецца белы лямцавы налёт — споранашэнне грыба («белая ножка»). Верхавіннае лісце скручваецца, каля паверхні глебы ўтвараюцца пачварныя клубні, на сцёблах у пазухах лісця — дробныя «сядзячыя» клубні. Сярэднеўстойлівыя да Р. сарты бульбы — Рытм, Тэмп, Агеньчык, Лошыцкі.
Л.М.Прыступук.
Рызактаніёз бульбы: 1 — ніжняя частка расліны з белым лямцавым налётам; 2 — пашкоджаная верхавінка расліны; 3 — клубень са склероцыямі грыба; 4 — клубень з хворымі парасткамі; 5 — «сядзячыя» дробныя клубні; 6 — пачварны клубень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́ЎСКІ (Несцер Фёдаравіч) (9.11.1902, в. Вешкі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.11.1950),
бел. кампазітар, хормайстар, фалькларыст. Скончыў Мінскі муз. тэхнікум (1931, кл. М.Аладава), вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1932—35). З 1926 акцёр і хормайстар БДТ-3, з 1931 кіраўнік самадз. хораў. У 1937—41 адзін з арганізатараў і хормайстар Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі. З 1943 маст. кіраўнік Палескага абл. ансамбля песні і танца, з 1944 нач. аддзела маст. самадзейнасці Упраўлення па справах мастацтваў пры СНКБССР, з 1946 ст. рэдактар рэдакцыі муз. л-ры Белдзяржвыдавецтва. Аўтар музыкі Дзярж. гімна БССР (верш М.Клімковіча), многіх хароў, песень на вершы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, А.Русака, М.Чарота і інш., інстр. мініяцюр, вак. сюіт на тэмы бел.нар. песень. Запісаў і апрацаваў больш за 500 бел.нар. песень (у т. л. «Ой ты, белая бярозанька», «Падушачка», «Чабарок», «Чаму зязюля не кукавала») і найгрышаў.
Літ.:
Нісневіч І.Г. Кампазітар Нестар Сакалоўскі. Мн., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІДАРУ́К (Ігар Хведаравіч) (н. 23.7.1964, г. Кобрын Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1986). З 1988 карэспандэнт перыяд. выданняў. З 1993 заг.літ.-драм. часткі Брэсцкага абл.т-ра лялек. Друкуецца з 1986. Выдаў кн. паэзіі «Чарнабел» (1991), «Саната Арганата» (1993), «Моўкнасць» (1997), кн. прозы «Квадратная варона» (2000), кн. для дзяцей «Павучальныя гісторыі дзядзечкі Сіда Рука» (1994). Аўтар п’ес «Люстрынка, або Ваша несусветнае зладзейства!» (паст. 1992), «Галава» (паст. 1992, апубл. 1997), «Меч анёла» (паст. 1993), «Пра дзедку Міхедку, пра бабку Агапку ды пра Катка — Залатога лабка», «Янка зух і нячысты дух» (абедзве паст. 1994), «Збавіцель», «Штукары» (абедзве паст. 1995), «Плач, саксафон!» (паст. 1995, Нац.т-р імя Я.Коласа 1996), «Дрэва багоў» (паст. 1996), «Кірмашовы балаган» (паст. 1998), «Залатая табакерка» (паст. 2001, Гран-пры на Міжнар.тэатр. фестывалі «Белая вежа», Брэст) і інш.Апубл. п’есы «Кветкі пад ліўнем», «Прагнасць — не ў радасць» (абедзве 1992), «Торба» (1993), «Крывая імша», «Крык» (абедзве 1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Quid ipse sis, non quid habearis, interest
Важна, які ты на самай справе, а не за каго цябе прымаюць.
Важно, какой ты на самом деле, а не за кого тебя принимают.
бел. Чорны мак, ды смачны, белая рэдзька, ды горкая. Як цябе бачаць, так цябе пішуць. Не той харош, хто тварам прыгож, а той харош, хто на справу гож. Твар белы, а душа чорная. На ліцо ‒ яйцо, а ў сярэдзіне ‒ баўтун.
рус. Мыло серо, да моет бело. Криво дерево, да яблоки сладки. Мала метёлка, да чисто метёт. Корова черна, а молоко у неё бело. Красна ягодка, да на вкус горька. Не всяк умён, кто в красно наряжён. Чёрен мак, да вкусен, бела редька, да горька.
фр. Bois tortu fait le feu droit (Кривое дерево, да горит ровно).
англ. Clothes do not make the man (Одежда не делает человека).
нем. Ein gut Gemüt ist besser als ein gut Geblüt (Хороший нрав лучше, чем хорошее происхождение).
Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)