осо́бый

1. (особенный) асаблі́вы; (специальный) адмысло́вы; спецыя́льны;

2. (отдельный, независимый от других) асо́бны; асо́бы; (непохожий на других) адме́нны;

осо́бый отря́д асо́бы атра́д;

осо́бый ука́з асо́бы ўка́з;

осо́бый пара́граф асо́бы пара́граф;

◊

осо́бое мне́ние асо́бная ду́мка.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

гідракара́лы

(н.-лац. hydrocorallia)

атрад марскіх кішачнаполасцевых жывёл падкласа гідроідных, утвараюць вапняковыя калоніі жоўтага, ружовага, чырвонага або фіялетавага колеру, якія трывала прырастаюць да скал або камянёў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

вампірамо́рфы

(н.-лац. vampyromorpha)

атрад галаваногіх малюскаў, спалучаюць прыметы будовы, уласцівыя кальмарам і прымітыўным васьміногам; пашыраны ў трапічных і субтрапічных морах на глыбіні 700—1500 м.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тартары́ды

(н.-лац. tartarides)

атрад арахнідаў членістаногія жывёлы з падоўжаным целам даўжынёй 2—7 мм і верацёнападобным брушкам, пашыраныя ў тропіках; жывуць у глебе, пад камянямі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

форамініфе́ры

(н.-лац. foraminifera, ад лац. foramen, -minis = дзірка, адтуліна + fero = нясу)

атрад прасцейшых жывёл падкласа караняножак; уключае каля 20 тысяч марскіх сучасных і выкапнёвых відаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БУРАВЕСНІКАПАДО́БНЫЯ, трубканосыя (Procellariiformes або Tubinares),

атрад марскіх птушак. 4 сям.: альбатросы, буравеснікавыя (Procellariidae), качуркавыя (Hydrobatidae), ныраючыя буравеснікі (Pelecanoididae). 23 роды, каля 100 відаў. Пашыраны на ўсіх акіянах і вял. морах. Ёсць у Арктыцы (напр., глупыш і інш.) і Антарктыцы, шмат відаў трапляецца ў паўд. ч. Ціхага акіяна, у т. л. буравеснік стракататворы.

Даўж. 14—150 см, маса 0,04—12 кг, размах крылаў 0,3—3,5 м. Апярэнне чорна-белае або бура-белае. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба выцягнутая, на канцы кручкападобная, зверху ноздры ў асобных трубачках. Пярэднія пальцы ног злучаны перапонкай. Добра лятаюць, трымаюцца адкрытага мора, на сушы толькі размнажаюцца. Гняздуюцца калоніямі. Яйцы кладуць на зямлю або ў шчыліны паміж камянёў. Кормяцца марскімі беспазваночнымі, рыбай, адкідамі.

Буравеснікападобныя: 1 — буравеснік стракататвары; 2 — глупыш (светлая і цёмная фазы).

т. 3, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЬМІНО́ГІ (Octopoda),

атрад галаваногіх малюскаў. Васьміногаў і зрэдку ўсіх буйных галаваногіх малюскаў наз. спрутамі. 11 сям., каля 40 родаў, 200 відаў. Пашыраны ў марскіх водах да глыб. 8000 м ад Арктыкі да Антарктыкі. Донныя, прыдонна-планктонныя і планктонныя жывёлы. Найб. вядомыя васьміног звычайны (Octopus vulgaris, васьміног глыбакаводны блінападобны (Opistoteuthis depressa), васьміног глыбакаводны бязвокі (Cirrothauma murrayi) і інш.

Даўж. тулава 1—60 см, са шчупальцамі («рукамі») — да 3—6 м (зрэдку да 9,6 м), маса да 50—100 кг (зрэдку да 270 кг). Цела авальнае, мяшэчкападобнае, галава слаба адасоблена ад тулава. 8 «рук» часта аб’яднаны паміж сабой тонкай перапонкай з прысоскамі. У мелкаводных васьміногаў ёсць залоза, з якой пры абароне выпускаюць чарнільную вадкасць. Васьміногі глыбакаводныя маюць органы свячэння. Актыўныя драпежнікі. Аб’ект промыслу.

Васьміногі: 1 — звычайны; 2 — глыбакаводны бязвокі; 3 — глыбакаводны блінападобны.

т. 4, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЯВЕ́ЦКІ (Дзмітрый Іванавіч) (? — 1563),

князь, чаркаскі староста (з 1551), адзін з кіраўнікоў барацьбы запарожскіх казакоў супраць крымскіх татар, туркаў і малдаўскіх гаспадароў. Бараніў граніцы ВКЛ на Пд, на дняпроўскім в-ве М. Хорціца пабудаваў крэпасць. У знак пратэсту супраць загаду вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста спыніць напады на Крым і Турцыю ў 1557 перайшоў на службу да рус. цара Івана IV Грознага. Двойчы ўдзельнічаў у паходах рус. войска ў Крым. У час Лівонскай вайны 1558—83 уцёк з Масквы (1563), заручыўшыся дазволам вял. князя ВКЛ на вяртанне. У 1563 малд. баяры, незадаволеныя сваім гаспадаром Стафанам IX, запрасілі Вішнявецкага на малд. трон, але яго атрад быў разбіты войскамі Стафана IX. Вішнявецкі трапіў у палон да туркаў, пакараны смерцю ў Стамбуле. Пад імем Байда стаў прататыпам героя нар. песень.

т. 4, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭНГА́МСКІ БОЙ 1720,

баявыя дзеянні ў Балтыйскім м. каля в-ва Грэнгам (паўд. група Аландскіх а-воў) паміж атрадамі рас. і швед. ВМФ 7.8.1720 у Паўночную вайну 1700—21. 6 жн. атрад рас. вёславых суднаў (52 галеры і 14 лодак з 11 тыс. чал. дэсанта; усяго 52 гарматы) пад камандаваннем ген. М.​М.​Галіцына паводле загаду Пятра I прыбыў да Аландскіх а-воў, каб знішчыць швед. эскадру віцэ-адм. К.​Шэблата (лінейны карабель, 4 фрэгаты, 9 малых суднаў, 156 гармат). У ходзе бою рас. маракі ўзялі на абардаж 4 фрэгаты, астатнія швед. караблі адступілі; шведы страцілі 103 чал. забітымі і 407 палоннымі, расіяне — каля 300 забітымі і параненымі. У выніку перамогі ў Грэнгамскім баі рас. войскі замацаваліся ў раёне Аландскага архіпелага, што паскорыла заключэнне Ніштацкага мірнага дагавора 1721.

т. 5, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАГЕО́РГІЙ (Karađorđe),

Георгій Чорны (сапр. Георгій Петравіч; 14.11.1768, с. Вішавац, Сербія — 25.7.1817), дзеяч сербскага нац.-вызв. руху, заснавальнік дынастыі Карагеоргіевічаў. Удзельнік антытур. паўстання 1787, пасля паражэння якога ўцёк у аўстр. ўладанні; за адмову пайсці з ім забіў бацьку (паводле інш. звестак, айчыма, адсюль мянушка «чорны»). У аўстра-тур. вайну 1788—90 узначальваў сербскі добраахвотніцкі атрад, які ваяваў на баку Аўстрыі. На чале атрада гайдукоў далучыўся да Першага сербскага паўстання 1804—13, выбраны яго кіраўніком. У 1808 прызнаны ўрадавым саветам, а ў 1811 і ўсімі паўстанцамі «вярх. сербскім правадыром» (фактычна князем). Імкнуўся да цэнтралізацыі дзярж. улады, у знешняй палітыцы арыентаваўся на Расію. Пасля разгрому паўстання ў 1813 уцёк у Аўстрыю, у 1814 — у Бесарабію. У 1817 тайна вярнуўся ў Сербію, дзе забіты паводле загаду Мілаша Абрэнавіча.

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)