ВІБРА́ЦЫЯ (ад лац. vibratio ваганне, дрыжанне),

механічныя ваганні пругкіх цел, механізмаў і збудаванняў. Характарызуецца частатой (звычайна вібрацыяй лічаць ваганні частатой больш за 1 Гц) і амплітудай. Падзяляецца на карысную і шкодную. Выяўляецца і запісваецца вібрашчупамі, частатамерамі, вібрографамі, сейсмографамі, асцылографамі ў выглядзе графіка — вібраграмы.

Карысная вібрацыя ўзбуджаецца вібратарамі. Выкарыстоўваецца ў многіх тэхнал. аперацыях (гл. Вібрацыйная тэхніка), медыцыне (гл. Вібратэрапія) і інш. Шкодная вібрацыя ўзнікае пры руху транспарту, рабоце машын, механізмаў і інструментаў. Яна асабліва небяспечная пры рэзанансе (калі па частаце супадае з уласнымі ваганнямі канструкцыі, напр. флатэр у самалёта). Шкодная вібрацыя паскарае знос машын, зніжае трываласць матэрыялаў. Яна памяншаецца вібраізаляцыяй і дэмпфіраваннем (правільнай падвескай або ўстаноўкай прылад і машын, выкарыстаннем амартызатараў з пругкіх матэрыялаў, спружынных і дынамічных гасільнікаў, іншых паглынальнікаў энергіі вібрацыі). Згубна дзейнічае на здароўе чалавека (гл. Вібрацыйная хвароба).

Літ.:

Вибрации в технике: Справ. Т. 4. М., 1981;

Быховский И.И. Основы теории вибрационной техники. М., 1969.

У.​М.​Сацута.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬНЮСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 3-га Бел. фронту (ген. арміі І.​Д.​Чарняхоўскі) 5—20 ліпеня; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 5-я, 11-я гв., 31, 33, 39, 5-я гв. танк., 1-я паветр. арміі, у складзе апошняй франц. знішчальны авіяполк «Нармандыя», 3-і гв. механіз., 3-і гв. кав. карпусы. Задача аперацыі — без аператыўнай паўзы наступаць у агульным напрамку на Вільнюс, Каўнас, вызваліць Вільнюс і Ліду, фарсіраваць Нёман і захапіць плацдармы на яго беразе. У ходзе аперацыі пры ўзаемадзеянні з бел. і літ. партызанамі вызвалены Валожын, Маладзечна (5 ліп.), Івянец (6 ліп.), Гальшаны, Ашмяны, Юрацішкі (7 ліп.), Іўе (8 ліп.), Ліда (9 ліп.), Вільнюс (13 ліп.), правабярэжная частка Гродна (16 ліп.), створаны спрыяльныя ўмовы для выхаду войск 3-га Бел. фронту да граніц з Усх. Прусіяй. 20 часцям і злучэнням фронту нададзена ганаровае найменне «Віленскіх», 13 — «Маладзечанскіх», 4 — «Лідскіх».

т. 4, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТКЕ́ВІЧ (Ян Праспер) (Іван Віктаравіч; 6.7.1808, мяст. Пашаўша, цяпер у Кельмескім р-не, Літва — 20.5.1839),

падарожнік, дыпламат. У 1823 за стварэнне тайнага т-ва «Чорныя браты» ў мяст. Крожы (цяпер Кражай, Літва) у падтрымку зняволеных філаматаў выключаны з гімназіі і сасланы салдатам на Арэнбургскую лінію. У 1832 атрымаў чын афіцэра. Сябраваў са ссыльнымі кіраўнікамі руху філаматаў Т.Занам і А.​Сузіным. У 1835—36 зрабіў экспедыцыйную паездку праз Казахстан у Бухару, яе навук. апісанне прадыктаваў У.​І.​Далю. У 1837—38 па заданні Мікалая I на чале рас. дыпламат. місіі наведаў Афганістан. Абяцаў кабульскаму эміру Дост-Мухамеду ваен. падтрымку Расіі напярэдадні 1-й англа-афганскай вайны (гл. ў арт. Англа-афганскія войны), аднак царскі ўрад пабаяўся псаваць адносіны з Вялікабрытаніяй. Місія была спынена, Віткевіч адкліканы ў Пецярбург. Скончыў самагубствам.

Літ.:

Грицкевич В.П. От Нёмана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 111—112, 116—122, 128.

В.​П.​Грыцкевіч.

т. 4, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЯЛАНЧЭ́ЛЬ (італьян. violoncello памяншальнае ад violone кантрабас),

смычковы музычны інструмент скрыпічнай сям’і баса-тэнаровага рэгістра. Канструкцыя, як у скрыпкі, але віяланчэль большая па памерах. Даўж. корпуса 750—768 мм. Мае 4 струны. Настройка па квінтах: C, G, d, a. Дыяпазон C—a​2 і вышэй (у віртуозных творах). Прыёмы ігры тыя ж, што і на скрыпцы, але тэхніка больш абмежаваная. Натуецца ў басовым, тэнаровым і скрыпічным ключах. З’явілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. Класічныя ўзоры віяланчэлі створаны ў 17—18 ст. італьян. (А. і Н.​Амаці, Дж.​Гварнеры, А.​Страдывары, К.​Бергонцы), пазней франц. (Ж.Б.Вільём), рас. (І.Батаў, Я.Вітачак, Ц.​Падгорны, Л.​Гаршкоў) і інш. майстрамі. На Беларусі шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. ў прыдворных капэлах Нясвіжа, Слоніма, Гродна. У наш час віяланчэль — сольны, ансамблевы і арк. інструмент.

Літ.:

Гинзбург Л. История виолончельного искусства. Кн. 1—4. М.; Л., 1950—78;

Лазько А. Виолончель. М., 1965.

І.​Дз.​Назіна.

т. 4, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РВУЛЕЎ (Мікалай Дзмітрыевіч) (22.1.1917, г. Паўлаўск, Расія — 29.8.1967),

бел. і ўкраінскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1956). Скончыў Бел. кансерваторыю (1954, клас Я.Віцінга). У 1939 саліст Ансамбля песні і танца БВА. З 1946 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1957 саліст Кіеўскага т-ра оперы і балета. Меў голас рэдкай прыгажосці, акцёрскую інтуіцыю, валодаў высокім вак. майстэрствам. Стварыў вобразы ў операх бел. кампазітараў: Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.​Багатырова), Апанас («Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Кастусь Каліноўскі (аднайм. опера Дз.​Лукаса). Найб. дасягненні ў партыях класічнага рэпертуару: Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Анегін, Раберт, Томскі («Яўген Анегін», «Іаланта», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Аманасра, Жэрмон, Рыгалета («Аіда», «Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Збігнеў («Страшны двор» С.​Манюшкі).

Літ.:

Маралёў А. М.​Дз.​Ворвулеў // Мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1955;

Смольскі Б. Мікалай Ворвулеў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.

Б.​С.​Смольскі.

М.Ворвулеў.
М.Ворвулеў у ролі Апанаса.
М.Ворвулеў у ролі Аманасра.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЎК-ЛЕВАНО́ВІЧ (Іосіф Васілевіч) (6.11.1891, хутар Лявонаўка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 19.8.1943),

бел. мовазнавец. Скончыў Петраградскі ун-т (1923). Працаваў у БДУ (1923—30), адначасова з 1927 у Інбелкульце (сакратар Камісіі па ўкладанні гіст. слоўніка бел. мовы). У 1930 быў вымушаны пераехаць у Саратаў. Працаваў у Саратаўскім ун-це (1930—31), пед. ін-це (1931—34), Арэнбургскім пед. ін-це (1934—37). 17.9.1937 беспадстаўна арыштаваны і засуджаны, памёр у адным з лагераў на Поўначы. Даследаваў гісторыю бел. мовы, бел. дыялекталогію і рус. мову. Аўтар «Лекцый па гісторыі беларускай мовы. Уступ і фанетыка» (1927, факс. выд. 1994), арт. «Гістарычнае вывучэнне беларускай мовы ў славянскай філалогіі» (1925), «Мова выданняў Францішка Скарыны» (1926), «Важнейшыя рысы гаворкі вёскі Татаркавічы і гаворак ваколічных вёсак» (1928), «Аб прынцыпах і метадах укладання гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (1929), «Яшчэ да пытання аб «ляшскіх» рысах у беларускай фанетыцы» (1930) і інш.

Літ.:

Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1985. С. 115—126.

І.​К.​Германовіч.

т. 4, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧЫ АДДЗЕ́Л ЛІТВЫ́, Літоўска-Беларускі чырвоны жонд,

цэнтр па кіраўніцтве паўстаннем 1863—64 у Літве і Беларусі. Створаны ў Вільні 26.6.1863 паводле дэкрэта варшаўскага Нац. ўрада ад 10.5.1863 на базе Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Спачатку старшынёй быў Я.Гейштар, пасля яго арышту 12.8.1863 кіраўніком стаў К.Каліноўскі. Фармальна залежаў ад варшаўскага паўстанцкага ўрада, але фактычна вырашаў важнейшыя пытанні паўстання незалежна. Уваходзілі У.Малахоўскі, Ю.Каліноўскі, Ф.Зянковіч, Ц.Далеўскі, І.Здановіч, І.Ямант. Аддзел намагаўся ўмацаваць рэв. арг-цыю, наладзіць сувязі з рус. рэвалюцыянерамі, далучыць да паўстання шырокія нар. масы. Прадстаўнікамі выканаўчага аддзела Літвы за мяжою былі Д.Банольдзі, Б.​Длускі, Малахоўскі. У Кёнігсбергу ў 1864 было наладжана выданне падп. газ. «Glos z Litwy» («Голас з Літвы»). Пасля арышту К.​Каліноўскага 10.2.1864 у Вільні дзейнічалі рэшткі паўстанцкай адміністрацыі.

Літ.:

Смирнов А.Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. М., 1963;

Кісялёў Г.В. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;

Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Шалькевич В.Ф. Кастусь Калиновский: Страницы биогр. Мн., 1988.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ ЛІ́ТАРА, загалоўная літара,

літара, якая на пісьме ўжываецца для абазначэння пачатку сказа, уласных імён, загалоўкаў і інш. Адрозніваецца ад радковай літары большымі памерамі, часам абрысамі. Ужываецца паводле арфаграфіі пэўнай мовы. У слав. рукапісных кнігах заўсёды арнаментальна вылучаліся ініцыялы. У бел. пісьменстве ўпершыню вялікая літара з’явілася ў друкаваных выданнях Ф.​Скарыны (1517—19), хоць бел. першадрукар яшчэ не прытрымліваўся пэўных правіл іх ужывання (напр., «Еремиа Пророкъ господень плачетъ Гледя на Ерусалимъ; И лежи кружками Львовѣ, И Воловѣ, И Херувимовѣ»). У друкаваных кнігах канца 16—17 ст. вялікія літары сталі выкарыстоўваць у пачатку абзацаў і пры напісанні ўласных імён. У сучаснай бел. арфаграфіі вялікія літары ўжываюцца ў пачатку сказаў, пры выдзяленні ў тэксце ўласных імён (Іван Дамінікавіч Луцэвіч), геагр. і астр. назваў (Беларусь, Марс), назваў дзярж. устаноў, арг-цый (Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Акадэмія навук Беларусі), літ. твораў, назваў газет, часопісаў («Людзі на балоце», «Чырвоная змена», «Полымя») і інш. Могуць выконваць стылістычную функцыю (Радзіма, Айчына, Чалавек).

А.​М.​Булыка.

т. 4, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЁЛЫ (Касьян) (сапр. Аўдзей Вікенцій Іосіфавіч; 1886, паводле інш. звестак 1891, в. Губы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — канец 1916),

бел. пісьменнік. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1905), Віленскі настаўніцкі ін-т (1910). Працаваў у гар. вучылішчах Вільні і Вілейкі. Загінуў у час 1-й сусв. вайны. Друкавацца пачаў, калі быў студэнтам настаўніцкага ін-та. У час. «Крестьянин» змяшчаў вершы, апавяданні, допісы. У 1909 надрук. апавяданне «Пустэльнік у свеце», вытрыманае ў духу рэліг. павучання і сац.-бытавую драму «Не розумам сцяміў, а сэрцам», прасякнутую матывамі грамадскай справядлівасці, спагадай да бедных. П’еса была папулярная і часта ставілася самадз. т-рамі ў Зах. Беларусі.

Тв.:

Не розумам сцяміў, а сэрцам. Вільня, 1927;

Тое ж // Беларуская дакастрычніцкая драматургія. Мн., 1978.

Літ.:

Семяновіч А. Беларуская драматургія (Дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961. С. 115—120;

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 395—397;

Каханоўскі Г.А. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГА́РЫН (Юрый Аляксеевіч) (9.3.1934, с. Клушына Гжацкага, цяпер Гагарынскага р-на Смаленскай вобл. — 27.3.1968),

савецкі касманаўт, які ўпершыню ў гісторыі чалавецтва здзейсніў палёт у космас. Герой Сав. Саюза (1961), палкоўнік, лётчык-касманаўт СССР (1961). Скончыў авіяц. вучылішча ў Арэнбургу (1957), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1968). Служыў лётчыкам-знішчальнікам ВПС. З 1960 у атрадзе сав. касманаўтаў, у 1961—64 яго камандзір, з 1964 нам. нач. Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў. 12.4.1961 ажыццявіў палёт вакол Зямлі на караблі «Усход» працягласцю 108 мін. Загінуў у авіяц. катастрофе. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР, Вялікі залаты медаль Міжнар. авіяц. федэрацыі. Яго імя прысвоена Ваенна-паветранай акадэміі. Яго імем названы горад Гжацк Смаленскай вобл., кратэр на Месяцы і інш.

Тв.:

Дорога в космос. М., 1981;

Психология и космос. 4 изд. М., 1981 (разам з У.​І.​Лебедзевым).

Літ.:

Дихтярь А. Жизнь — прекрасное мгновенне. М., 1975;

Гагарин В.А. Мой брат Юрий. Мн., 1988;

Обухова Л.А. Любимец века: Гагарин. М., 1979.

Ю.А.Гагарын.

т. 4, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)