КО́НХА (ад грэч. konchē ракавіна),

паўкупал, які перакрывае паўцыліндрычныя часткі збудаванняў (апсіды, нішы).

Узнікла ва ўсх.-эліністычнай архітэктуры, шырока выкарыстоўвалася ў рым. і візант. дойлідстве, у сярэдневяковых хрысц. храмах. У К. звычайна змяшчаліся мазаікі, размалёўкі з выявамі Хрыста, святых і інш. (Сафійскі сабор у Кіеве).

На Беларусі вядома з 11—12 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, храмы Барысаглебскага манастыра ў б. прадмесці Полацка Бельчыцы, Барысаглебская царква ў Гродне), пашырылася ў архітэктуры 16—19 ст. Нярэдка спалучалася з распалубкамі і нервюрамі.

Конха.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РУШКА еўрапейская

(Osmerus eperlanus),

касцістая рыба, тыповы прадстаўнік сямейства корушкавых, атр. ласосепадобных. У сям. 6 родаў, 10 відаў. Пашыраны ў водах Паўн. паўшар’я. Марскія, прахадныя і прэснаводныя чародныя рыбы. На Беларусі ў азёрах бас. Зах. Дзвіны трапляецца карлікавая форма К. еўрапейскай — К. азёрная (О.е. morpha spirinchus), або сняток, нар. назвы — стынка, устынка.

Даўж. да 35 см, маса да 350 г (у К. азёрнай даўж. 6—10, зрэдку да 15 см). Плаўнікі бясколерныя, спінны — кароткі, размешчаны над брушнымі плаўнікамі. Кормяцца ракападобнымі, дробнай рыбай. Аб’ект промыслу.

Корушка еўрапейская.

т. 8, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ХАНАЎ (Піліп Лаўрэнцьевіч) (н. 9.10.1911, в. Мілаславічы Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1936). З 1935 у апараце Наркамфіна БССР: інспектар, нам. начальніка, нач. бюджэтнага ўпраўлення. З 1946 нам. міністра, у 1951—65 міністр фінансаў БССР. У 1965—78 старшыня Дзяржплана БССР і нам. старшыні СМ БССР. Чл. ЦК КПБ у 1952—81. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1951—67, Вярх. Савета СССР у 1966—79, нам. старшыні планава-бюджэтнай камісіі Савета Нацыянальнасцей Вярх. Савета СССР у 1970—79.

т. 8, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ШАЛЬ (Антаніна Уладзіміраўна) (н. 20.11.1954, г. Смалявічы Мінскай вобл.),

бел. спартсменка (спарт. гімнастыка). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1973). Засл. майстар спорту СССР (1990). Засл. трэнер Беларусі (1978). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1977). Чэмпіёнка XX Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія). Чэмпіёнка VI летняй Спартакіяды народаў СССР у камандным першынстве (1975), бронз. прызёр V летняй Спартакіяды народаў СССР у шматбор’і (асабісты залік; 1971). З 1978 на трэнерскай рабоце. З 1992 дзярж. трэнер па спарт. гімнастыцы, з 1997 чл. выканкома Нац. алімп. к-та Рэспублікі Беларусь.

т. 8, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСІ́ЛЬНІКАЎ (Аляксей Пятровіч) (19.2.1918, в. Макачава, Карэлія — 21.7.1998),

бел. вучоны-мікрабіёлаг. Д-р мед. н., праф. (1967). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953), дзе і працаваў (у 1962—89 заг. кафедры). Навук. працы па мікрабіялогіі, імуналогіі, эпідэміялогіі і прафілактыцы лептаспірозаў, склеромы і сіб. язвы. Распрацаваў антрапозную тэорыю эпідэміялогіі склеромы, удасканаліў метады бактэрыял. і сералагічнай дыягностыкі клебсіялёзаў, вывучаў крыніцы лептаспірозаў на Беларусі.

Тв.:

Склерома. Мн., 1971 (разам з Н.​А.​Ізраіцель);

Озена: Этиология, иммунология, патогенез. Мн., 1974 (разам з М.​В.​Мякіннікавай, І.​А.​Крыловым).

т. 8, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСКО́ЎСКІ (Георгій Васілевіч) (н. 16.4.1934, Мінск),

бел. вучоны-анкагенетык. Д-р мед. н. (1973), праф. (1980). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1958). З 1963 у Ін-це генетыкі і цыталогіі, з 1996 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па генетыцы і імуналогіі рака, пратэкцыі і рэпарацыі індуцыраваных генет. і анкагенных пашкоджанняў.

Тв.:

Раковая анергия: Иммуногенетич. механизмы // Проблемы генетики. Мн., 1994;

Изучение протекции и репарации индуцированных уретаном и γ-облучением онкогенных и генетических повреждений (у сааўт.) // Дскл. Нац. АН Беларуси. 1998. Т. 42, № 2.

т. 8, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСО́ЎСКІ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 14.9.1935, в. Сіні Калодзеж Навазыбкаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі металапалімерных матэрыялаў. Д-р тэхн. н. (1984), праф. (1990). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1958). З 1963 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні фізіка-хім. працэсаў плёнкаўтварэння ў вакууме пры ўздзеянні на палімеры і металаарган. злучэнні плазмы эл. разраду, лазернага і электроннага выпрамяненняў.

Тв.:

Получение тонких пленок распылением полимеров в вакууме. Мн., 1989 (разам з Я.​М.​Таўстапятавым).

т. 8, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦЭ́ВІЧ (Алесь Канстанцінавіч) (н. 13.9.1958, в. Лупачы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1988). Скончыў БДУ (1981). З 1985 супрацоўнік Ін-та гісторыі АН Беларусі, з 1987 нач. сектара археал. даследаванняў Бел. рэстаўрацыйна-праектнага ін-та, з 1990 вядучы археолаг арх.-рэстаўрацыйнага кааператыва пры Мін-ве культуры БССР, з 1994 у Гродзенскім ун-це. Асн. тэматыка даследаванняў — матэрыяльная культура гарадоў, мястэчак і замкаў Бел. Панямоння 14—17 ст.

Тв.:

Майстар — наш продак. Мн., 1990;

Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV—XVIII стст. Мн., 1991.

т. 8, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЧЭ́НЯ (Мікалай Антонавіч) (н. 7.8.1938, в. Козікі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне арганічнай хіміі. Канд. біял. н. (1974), праф. (1993). Скончыў Львоўскі політэхнічны ін-т (1965). З 1979 у Гродзенскім мед. ін-це (з 1986 заг. кафедры). Навук. працы па N-ацыліраванні гетэрыламінаў і амідаў у олеуме і па сінтэзе біялагічна актыўных злучэнняў.

Тв.:

Синтез и изучение противомикробной активности М-(5-нитротиазол-2-ил) = N -гетерил- или бензолсульфонилглутарилдиамидов (разам з Т.​М.​Сакаловай) // Весці АН Беларусі. Сер. хім. навук. 1993. №4.

т. 8, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГЛО́Ў (Сяргей Ільіч) (н. 8.5.1951, Масква),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1996). Брат У.І.Круглова. Скончыў БДУ (1973). З 1976 у АН Беларусі, з 1986 у Бел. агр. тэхн. ун-це. Навук. працы па квантавай тэорыі поля і фізіцы элементарных часціц. Прапанаваў мадэль электраслабых узаемадзеянняў з састаўнымі базонамі Хігса, даследаваў непертурбатыўныя эфекты ў моцных узаемадзеяннях элементарных часціц.

Тв.:

Электромагнитные характеристики нуклонов в модели КХД—струн // Ковариантные методы в теоретической физике: Физика элементарных частиц и теория относительности. Мн., 1997. Вып. 4.

Л.​В.​Бароўка.

т. 8, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)