АКВАРЭ́ЛЬ

(франц. aguarelle ад лац. agua вада),

фарбы, разведзеныя на вадзе (звычайна з раслінным клеем) і прызначаныя для жывапісу, а таксама від жывапісу, твор, выкананы ў тэхніцы акварэлі гэтымі фарбамі. Асн. якасці акварэлі — празрыстасць, чысціня і яснасць колеру. Акварэль спалучае асаблівасці жывапісу і графікі. Спецыфічныя прыёмы — размывы і зацёкі, якія ствараюць эфект рухомасці і трапятлівасці.

Акварэль (з дамешкам бяліл, гл. Гуаш) была вядомая ў Стараж. Егіпце, Кітаі, Японіі. У 15—17 ст. служыла пераважна для расфарбоўкі гравюр, чарцяжоў, эскізаў карцін і фрэсак, выкарыстоўвалася і самастойна (пейзажы А.Дзюрэра, галандскіх і фламандскіх мастакоў). З 18 ст. пашырылася ў пейзажным жывапісе. З’явіліся прафес. мастакі-акварэлісты. У 19 ст. распаўсюдзілася ў Англіі (У.Тэрнер, Р.Бонінгтан), Францыі (Э.Дэлакруа, А.Дам’е), Расіі (К.Брулоў, А.Іваноў, У.Бяхцееў, А.Астравумава-Лебедзева, А.Фанвізін, М.Урубель).

На Беларусі выкарыстоўвалася ў 15 ст. ў мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу, у 17—18 ст. — для расфарбоўкі гравюр. У 19 — пач. 20 ст. жанравыя карціны і пейзажы ў тэхніцы акварэлі стваралі Л.Альпяровіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, Я.Дамель, К.Кастравіцкі, М.Кулеша, Н.Орда, І.Пешка, Ф.Рушчыц; у 1920—30-я г. — А.Астаповіч, В.Волкаў, У.Кудрэвіч, М.Лебедзева, М.Філіповіч. Пазней традыцыйная акварэль атрымала развіццё ў творчасці Л.Лейтмана, А.Волкава, В.Цвіркі, І.Сталярова. Новы этап развіцця акаварэлі азначыўся на пач. 1960-х г. Арганізуюцца ўсесаюзныя (1965) і рэсп. (1966) выстаўкі, ствараюцца групы мастакоў акварэлі, фарміруюцца школы акварэлі (гл. Віцебская школа акварэлі). Пашырэнне выяўл. сродкаў, тэхн. прыёмаў, мастацкіх манер прывяло да вызначэння спецыфікі акварэльнага вобраза. Акварэль зацвердзілася як самастойны від жывапісу. Шырокую вядомасць атрымалі творы А.Паслядовіч, У.Стальмашонка, З.Літвінавай, П.Драчова, Г.Шутава, Ф.Гумена, І.Пратасені, Г.Паплаўскага, Ф.Кісялёва, В.Паўлаўца, Л.Марчанкі.

Літ.:

Беспалый А. Беларуская акварэль. Мн., 1989.

У.І.Рынкевіч.

т. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)