КІ́РХА, кірка (ад ням. Kirche царква),

назва лютэранскага храма ў германамоўным асяроддзі. З 16 ст. ў архітэктуры К. развівалася цэнтрычная схема як аснова зальнай прасторы царквы-аўдыторыі, якая спалучалася з традыцыямі готыкі, пазней — з рэнесансава-барочнымі формамі (Фраўэнкірхе ў Дрэздэне, 1722—38; Іоганіскірхе ў Мюнхене, 1733—50). Інтэр’ерам большасці К. характэрны сціпласць і аскетызм. Сучасная К. (асабліва там, дзе лютэране складаюць меншасць насельніцтва) выкарыстоўваецца не толькі як храм, a і як рэліг. прапагандысцка-культ. цэнтр. На Беларусі вядомы Гродзенская кірха. Мінская кірха, Полацкая кірха.

С.​А.​Сергачоў.

т. 8, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛІ́ЦА (Oxalis),

род кветкавых раслін сям. кіслічных. Больш за 800 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. На Беларусі К. звычайная (O. acetosella), нар. назвы квасок, заечая капуста, баршчоўка. Трапляецца ў хвойных і шыракалістых лясах.

Шматгадовыя, радзей аднагадовыя травы, часам паўкусты. Лісце трайчастае ці пальчатаскладанае, прыгоднае ў ежу, але ядавітае для жывёлы. Кветкі рознага колеру, адзіночныя ці ў парасонавых або гронкавых суквеццях. Плод — каробачка. Некат. амер. і афр. віды культывуюць дзеля ядомых клубняў або як лек. і дэкар. расліны.

Кісліца звычайная.

т. 8, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЁЎ (Пётр Андрэевіч) (н. 2.1.1948, в. Латыгава Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяарган. хіміі. Д-р хім. н. (1990). Скончыў ун-т імя М.​Лютэра (г.Гале, Германія, 1972). З 1972 у Ін-це біяарган. хіміі Нац. АН Беларусі, адначасова з 1994 у Міжнар. ін-це радыеэкалогіі імя А.​Дз.​Сахарава. Навук. працы па вывучэнні прынцыпаў рэгуляцыі функцыянальнай актыўнасці мембраназвязаных і растваральных гемзмяшчальных бялкоў і ферментаў. Даследаваў новую разнавіднасць фосфаліпідаў з высокай стымулюючай актыўнасцю ў адносінах да монаоксігеназных ферментных сістэм, уласцівасці ізаэнзімаў цытахрому Р-450 чалавека.

т. 8, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТА́ЙСКІЯ ГУ́СІ,

парода свойскіх птушак. Выведзена ў Кітаі. Паходзіць ад дзікай гусі суханоса (Cignopsis cignoides), пашыранай у Маньчжурыі, Паўн. Кітаі, Сібіры. Парода пашырана ў многіх краінах, у т. л. на Беларусі.

Маса гусакоў да 5 кг, гусак да 4 кг. Галава доўгая і вял., дзюба сярэдніх памераў, на лбе пры яе аснове вял. гузак, шыя доўгая. Тулава яйцападобнае, хвост злёгку прыўзняты. Ногі сярэдняй даўжыні, аранжавага ці цёмнага колеру. Афарбоўка апярэння белая, шэрая або бурая. Вынослівыя, добра выкарыстоўваюць пашу. Мясныя якасці невысокія.

М.​Ц.​Гарачка.

Кітайскія гусі.

т. 8, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАВІЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі з канца 18 ст. да канца 1923. Утвораны пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Магілёўскай губ. У 1796 скасаваны, у 1802 адноўлены. Цэнтр — г. Клімавічы. Пл. 3711,4 кв. вярсты, нас. 143 287 чал. (1897). Падзяляўся на 13 валасцей, меў 543 нас. пункты, у т. л. 12 мястэчак, 36 сёл, 340 вёсак, 139 хутароў, 82 фальваркі (1908). З 1919 у складзе Гомельскай губ. РСФСР. У снеж. 1923 аб’яднаны з Чэрыкаўскім пав. у Калінінскі павет з цэнтрам у Клімавічах.

У.​Г.​Філякоў.

т. 8, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАЎ (Барыс Канстанцінавіч) (22.8.1889, г. Казань, Расія — 13.1.1953),

расійскі хімік-арганік. Чл.-кар. АН Беларусі (1936), д-р хім. н., праф. (1935). Скончыў Тэхнал. ін-т у Пецярбургу (1913). З 1918 дырэктар доследнага з-да ваен.-хім. камбіната, з 1930 у Ленінградскім філіяле Ін-та торфу АН СССР, у 1935—50 у Ін-це гаручых выкапняў АН СССР. Навук. працы па хім. тэхналогіі цвёрдага паліва, у т. л. па хіміі і тэрмічным раскладанні бел. тарфоў.

Тв.:

Новые методы термической переработки торфа. Л.;

М., 1939.

Б.К.Клімаў.

т. 8, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІНЦЭ́ВІЧ (Віктар Юльянавіч) (н. 27.6.1931, в. Чаркесы Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1990). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1957), з 1973 працуе ў ім (з 1989 заг. кафедры). Навук. працы па дыягностыцы і лячэнні хвароб падстраўнікавай залозы, страўнікава-кішачнага тракту, распрацоўцы тэорыі кішачнага шва. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Острый панкреатит: Патогенез, диагностика и лечение. Мн., 1981 (у сааўт.);

Кишечный шов. Мн., 1983 (разам з А.​У.​Шотам, А.​А.​Запарожцам);

Основы теории и практики кишечного шва. Мн., 1994 (у сааўт.).

т. 8, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МПАСНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, лісце якіх размешчана ў напрамку ПнПд. Лісце К.р. у поўдзень паварочваецца рабром да сонечнага святла. Інтэнсіўнасць фотасінтэзу пры гэтым не зніжаецца, але расліны пазбягаюць празмернага выпарэння вады і перагравання. Звычайна трапляюцца ў стэпах, паўпустынях і інш. месцах з моцнай інсаляцыяй. Напр., у Аўстраліі — эўкаліпты, у Паўн. Амерыцы — сільфіум. На Беларусі ў агародах, на пустках і ў садах расце салата компасная (Lactuca serriola) — двухгадовая расліна сям. складанакветных выш. 60—120 см з бледна-жоўтымі кветкавымі кошыкамі і лісцем, павернутым рабром да сонца.

т. 8, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ННЫ ЗАВО́Д,

гаспадарка, якая займаецца ўзнаўленнем і гадоўляй высакакласных коней на племя. Забяспечвае жарабцамі-вытворнікамі племянныя конегадоўчыя фермы с.-г. прадпрыемстваў. Мае спецыялізаваныя збудаванні: стайні, манежы, вет. лазарэт з ізалятарам, лабараторыю для штучнага асемянення, склады фуражу, конскага інвентару і інш. На Беларусі племянная і селекцыйная работа па конегадоўлі вядзецца на 6 К.з. Найбуйнейшыя з іх — Гомельскі, Мсціслаўскі, Мінскі імя Даватара, «Зарэчча» (г. Жодзіна Мінскай вобл.). Асн. метад — чыстапароднае развядзенне па лініях. Гадуюць беларускіх запражных коней, рускую цяжкавозную пароду, рускую рысістую пароду, тракененскую пароду і інш.

т. 8, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НСКІ КАШТА́Н, горкі каштан (Aesculus),

род кветкавых раслін сям. конскакаштанавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Радзіма — Балканскі п-аў. У Еўропе ў культуры з 16 ст. На Беларусі інтрадукаваны 4 віды: К.к. звычайны (A. hippocastanum), гібрыдны (A. hybrida), мяса-чырв. (A. carnea), васьмітычынкавы (A. octandra).

Лістападныя дрэвы, радзей кусты, з пірамідальнай кронай, выш. 25—30 м. Лісце супраціўнае, пальчата-складанае. Кветкі няправільныя ў прамастойных мяцёлкападобных суквеццях. Плод — шыпаватая каробачка з адным буйным семем. Лек і дэкар. расліны.

Конскі каштан: галінка з кветкамі і плод.

т. 8, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)