СКІ́ДЗЕЛЬСКІ ЦУКРО́ВЫ КАМБІНА́Т.

Засн. ў 1947 у г. Скідзель Гродзенскага р-на як Бел. цукровы камбінат на базе Скідзельскага буракасаўгаса, Гродзенскай буракабазы і Бел. цукровага з-да (будаваўся ў 1946—51). Прадукцыю выпускае з 1951. У 1961 уведзены ў дзеянне цэх па вытв-сці лімоннай кіслаты з патакі. У 1993 здадзены ў эксплуатацыю тэхналагічны корпус з вытворчай магутнасцю 3 тыс. т цукру за суткі. З 1997 — адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (2001): цукар-пясок, лімонная кіслата, вапна таварная, патака.

т. 14, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гарнаста́й ’гарнастай’ (БРС, Бяльк.). Рус. горноста́й, горнаста́ль, горноста́рь, укр. горноста́й, польск. gronostaj, чэш. hranostaj, дыял. hramostýl, славен. gránoselj і г. д. (агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 48). Прасл. форма дакладна невядома, можна зыходзіць з *gornostalь, *gornostajь. Агляд версій гл. у Фасмера, 1, 442–443; Слаўскага, 1, 351–352; Трубачова, там жа. Здаецца, што гэта ўсё ж запазычанне са ст.-н.-ням. (ст.-саксон.). Гл. меркаванні Слаўскага (там жа, з ацэнкай версій) і Трубачова (апошні вельмі станоўча выказваецца за запазычанне).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кастру́ля ’каструля’ (ТСБМ, БРС, Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. кастрю́ля (дыял. кастру́ля), укр. кастру́ля (у Фасмера, 2, 208: укр. костру́ля). Запазычанне з еўрапейскіх моў. Паводле Фасмера, там жа, відавочна, узята з ням. мовы (Kastrol, Kasserolle). Першакрыніцай з’яўляецца франц. casserolle ’каструля’ (Фасмер сумняваецца, што першакрыніцай можа быць гал. kastrol або н.-ням. kastroll). Шанскі (2, К, 88) усё ж мяркуе, што хутчэй за ўсё крыніцай рус. слова з’яўляецца гал. мова (у Пятроўскую эпоху гэта слова было ў марской лексіцы); ням. крыніца здаецца менш верагоднай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Блех ’луг ля рэчкі, дзе беляць палотны’ (Нас.); ’адбельваючы парашок’ (Влад.); ’хлорка’ (Інстр. I), блехаваць ’хларыраваць’ (Інстр. I); укр. бліх, бліхува́ти (ст.-укр. бле́хи, XVII ст.). Запазычанне з польск. мовы: польск. blech, blich ’месца, дзе беляць воск або палатно; бяленне’ (< ням. Bleiche, bleichen; параўн. bleich ’бледны, белы, светлы’; Варш. сл., 1, 164; Брукнер, 28); Рыхардт, Poln., 35; Кюнэ, Poln., 45; Шалудзька, Нім., 22. Рудніцкі, 148 (услед за Р. Смаль–Стоцкім), прымае непасрэднае запазычанне з ням. мовы. Сюды таксама блех ’роўнае месца’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́раз ’цяпер’, дыял. за́ра, за́рэ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. за́ра́з, укр. за́раз, польск. zaraz ’тс’, н.-луж. zaraz ’сабля, кінжал, нож’, в.-луж. zaraz ’удар’, чэш. zaráz, славац. zaraz ’цяпер’, чэш., славац. záraz ’удар; уражанне’. Ст.-рус. заразъ ’адразу’ (Курбскі). Націск указвае на магчымасць запазычання з польск., паколькі ў асноўным слова пашырана ў зах.-слав. мовах, дзе ўтворана з прыназоўніка za і назоўніка raz (гл. раз). Зыходнае значэнне ’за адзін удар, узмах’ (Брукнер, 645). Параўн. яшчэ і польск. teraz ’зараз’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Распасце́рціся ’раздацца, раздзьмуцца, раскрыцца, заняць сабой шырокі абшар, шырока сесці або легчы’, ’натапырыцца’ (ТСБМ; шчуч., Сл. ПЗБ; Бяльк.), распасцірацца ’гаварыць многа’ (Растарг.), фіксуецца ў XVI ст. ст.-бел. розъпостри (Карскі, 1, 95). Параўн. польск. rozpostrzeć, rospościerać ’сцяліць’, славен. razprostirati, razprostreti ’тс’, ’распасціраць’. Паводле Брукнера (522), каранёвая частка ў славянскіх мовах часцей за ўсё ў спалучэнні з прыстаўкай *pro‑, параўн. прастора, прасцерці (гл.), з чаргаваннем галосных асновы (< *stre‑, *ster‑, *stor‑, *stъr‑ і інш.), сюды ж распастыры́ць ’распасцерці’ (Сцяц.), распастры́ць ’разаслаць, разгладзіць’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Снара́д ‘гарматны боепрыпас’ (ТСБМ), ‘ступка з таўкачом’ (Сцяшк. Сл.), знара́д ‘гарматны набой’ (Некр. і Байк.). Ст.-рус. снарядъ сустракаецца ў перадачы слоў гетмана Хадкевіча ў 1615 г.: велѣлъ ис снаряду палит, што можа сведчыць пра наяўнасць слова ў спецыфічным значэнні ‘гармата’ ў старабеларускі перыяд, у той час, як у рускіх помніках шырока ўжывалася нарядъ ‘артылерыя’ (Адзінцоў, Этимология–1981, 89–90). У сучаснай літаратурнай мове, хутчэй за ўсё, запазычана з рус. снаряд. Гл. Трубачоў, Дополн., 3, 697; ЕСУМ, 5, 333. Гл. нарад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туля́ка ‘бадзяга, валацуга’ (Нас., Некр. і Байк., Янк. 3.), ‘палахлівец’ (Ф. Янкоўскі), ст.-бел. тулакъ ‘бадзяга’ (ГСБМ). Параўн. польск. tułák ‘тс’ (з чэш., Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401), дыял. tulak ‘балван, дурань’, в.-луж. tulak ‘праныра’, чэш. tulak ‘бадзяга, валацуга’. Відаць, незалежныя ўтварэнні ад *tulati sę, гл. туляга, туляцца, акрамя старабеларускага, якое, хутчэй за ўсё, праз польскую мову з чэшскай. Варыянтнасць канца слова адлюстроўвае сінанімію суфіксаў у беларускай мове, што датычыць назоўнікаў агульнага роду на ‑яка і ‑яга, гл. Сцяцко, Афікс, наз., 176–179.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АСІГНА́ЦЫІ (польск. asygnacja ад лац. assignatio прызначэнне),

расійскія папяровыя грошы, заменнікі медных і сярэбраных манет. Упершыню выпушчаны ў 1769 пры Кацярыне II на суму 1 млн. руб. Эмісію ажыццяўлялі спец. банкі ў Пецярбургу і Маскве (у 1786 яны аб’яднаны ў адзіны банк). Білеты асігнацыі свабодна абменьваліся на медныя і сярэбраныя манеты. Аднак з-за празмернага выпуску асігнацый для пакрыцця ваенных расходаў (войны з Турцыяй, Францыяй, Крымская) яны абясцэніліся і з усталяваннем сярэбранага монаметалізму пасля грашовай рэформы з 1.1.1849 ануляваны.

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЗМІН (Іван Арцёмавіч) (? — каля 1696),

рускі жывапісец. Вучыўся ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля (1662—67), з 1685 узначальваў яе жывапісную майстэрню. Ствараў жывапіс «па тафтах» (абразы, адзенне на якіх выканана аплікацыяй з шоўку), размалёўваў пячную кафлю, браціны, падсвечнікі, сцягі-харугвы, вялікі ліхтар Успенскага сабора (1672). Аўтар абразоў: «Страшны суд» (1682—83), «Распяцкая царква Маскоўскага Крамля», «Зняцце з крыжа» і «Уваскрэсенне» (разам з Б.​Салтанавым), парсуны «Патрыярха Нікана» (каля 1683). Як узнагароду за мастацтва атрымаў дваранскі тытул (1679).

т. 2, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)