ПАДЗЕ́МНЫЯ ВО́ДЫ,

воды ў тоўшчы горных парод верхняй часткі зямной кары ў вадкім, цвёрдым і парападобным стане; частка водных рэсурсаў, карысныя выкапні. Фарміруюцца пры інфільтрацыі з зямной паверхні дажджавых, расталых, рачных, азёрных і марскіх вод, кандэнсацыі вадзяной пары ў порах або шчылінах парод, пры асадкаўтварэнні або крышталізацыі магмы. П.в., якія перамяшчаюцца пад уплывам сілы цяжару, наз. гравітацыйнымі або свабоднымі, у адрозненне ад звязаных вод, што ўтрымліваюцца малекулярнымі і інш. сіламі на часцінках горных парод. Слаі горных парод, насычаныя гравітацыйнымі водамі, утвараюць ваданосныя гарызонты. У першым ад паверхні зямлі безнапорным ваданосным гарызонце залягаюць грунтавыя воды. Непасрэдна над іх свабоднай паверхняй знаходзяцца капілярныя воды. Зона ад паверхні зямлі да люстэрка грунтавых вод, дзе адбываецца прасочванне вады з паверхні, наз. зонай аэрацыі. У зоне аэрацыі над нявытрыманымі слабапранікальнымі праслойкамі ўтвараецца верхаводка. Ніжэй за грунтавыя воды паміж слабапранікальнымі пародамі залягаюць пластавыя воды, якія знаходзяцца пад гідрастатычным ціскам (гл. Артэзіянскія воды), радзей, на асобных участках безнапорныя. Паводле ступені мінералізацыі П.в. падзяляюцца на прэсныя (да 1 г/л), саланаватыя (ад 1 да 10 г/л), салёныя (ад 10 да 35 г/л) і расолы (больш за 35 г/л). У вертыкальным разрэзе прэсныя гідракарбанатна-кальцыевыя воды змяняюцца мінералізаванымі сульфатна-натрыевымі або сульфатна-кальцыевымі, у глыбокіх гарызонтах — высокамінералізаванымі хларыдна-натрыевымі і хларыдна-кальцыевымі, а на вял. глыбіні са значнай колькасцю брому, ёду і інш. мікраэлементаў. П.в. з павышанай канцэнтрацыяй біялагічна актыўных кампанентаў (часам арган. рэчываў) і спецыфічнымі фіз.-хім. ўласцівасцямі (хім. састаў, т-ра, радыеактыўнасць і інш.) наз. мінеральнымі водамі. П.в. шырока выкарыстоўваюцца для розных мэт, з’яўляюцца крыніцай якаснай пітной вады. Агульныя запасы П.в. сушы складаюць 60 млн. км³, але пашыраны яны нераўнамерна. Парадак карыстання П.в. і іх ахова рэгулююцца водным заканадаўствам. Даследуе П.в. гідрагеалогія.

На тэр. Беларусі прэсныя П.в. прымеркаваны да верхняй ч. літасферы (да глыб. 150—450 м). Натуральныя рэсурсы П.в. складаюць 43,5 млн. м³, эксплуатацыйныя каля 50 млн. м³/сут, у т. л. зацверджаныя 6,4 млн. м³/сут (1997). Хім, састаў іх на большай ч. тэр. блізкі да фонавага. Вызначанае пагаршэнне якасці П.в. звязана з гасп. дзейнасцю. Гал. крыніцы забруджвання: населеныя пункты, жывёлагадоўчыя фермы, неэфектыўныя ачышчальныя збудаванні і інш. Назіранні за рэжымам П.в. вядуцца на 216 пастах, іх вынікі аналізуюцца і сістэматызуюцца ў водным кадастры.

Літ.:

Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 1996 г.). Мн., 1997;

Альтшуль А.Х., Усенко В.С., Чабан М.О. Регулирование запасов подземных вод. М., 1977;

Кудельский А.В., Пашкевич В.И., Ясовеев М.Г. Подземные воды Беларуси. Мн., 1998;

Калинин М.Ю. Подземные воды и устойчивое развитие. Мн., 1998.

В.​С.​Усенка.

т. 11, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАДНЁНЫЯ ГАРАДЫ́,

гарады-пабрацімы, гарады розных краін, якія маюць пагадненні аб пабрацімстве і супрацоўніцтве ў эканам., культ., гуманітарнай сферах, праводзяць сярод насельніцтва дзейнасць па ўмацаванні даверу, узаемаразумення, па абмене вопытам гар. самакіравання, камунальнага гаспадарання і інш. Пачатак руху П.г. пакладзены ў гады 2-й сусв. вайны: у 1942 два гарады, якія асабліва пацярпелі ад яе наступстваў, — Ковентры (Вялікабрытанія) і Сталінград (СССР) — прынялі рашэнне ўстанавіць дружалюбныя адносіны з мэтай развіцця супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту сваіх грамадзян. У канцы 1950-х г. рух параднення гарадоў атрымаў міжнар. прызнанне і афіц. статус. У крас. 1957 у франц. г. Экс-ле-Бен на ўстаноўчым кангрэсе заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў (СФПГ). У адпаведнасці са Статутам Федэрацыі асн. мэта руху — развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і паліт. сістэмы. Вышэйшы орган СФПГ — Ген. асамблея, раз у 3 гады склікаюцца кангрэсы, бягучую работу каардынуе Выканаўчы савет. У складзе СФПГ дзейнічаюць спецыялізаваныя грамадскія арг-цыі: Сусветны сакратарыят моладзі гарадоў-пабрацімаў, «Добраахвотнікі супрацоўніцтва» і інш. Па ініцыятыве СФПГ з 1963 апошняя нядзеля красавіка адзначаецца як Сусв. дзень П.г. З 1967 калект. членам СФПГ стала Асацыяцыя па сувязях сав. і замежных гарадоў, створаная ў СССР у 1964. Пры садзейнічанні Асацыяцыі 289 гарадоў б. СССР сталі пабрацімамі 530 гарадоў у 71 краіне свету. У пач. 1990-х г., калі былыя сав. рэспублікі сталі незалежнымі дзяржавамі, Асацыяцыя П.г. СССР набыла новы статус і перайменавана ў Міжнар. асацыяцыю «Параднёныя гарады». У Рэспубліцы Беларусь парадненне гарадоў пачалося ў 1950-я г. У 2000 31 бел. горад падтрымліваў сувязі са 119 гарадамі 24 краін свету, у т. л. 16 маюць пабрацімаў у ФРГ, 8 — у Польшчы, 8 — у Францыі, 18 — у Балгарыі. 35 бел. гарадоў устанавілі пабрацімскія сувязі з рас. гарадамі (сак. 2000). У 1990-я г. найб. эфектыўныя сувязі мелі: Мінск з Нотынгемам (Вялікабрытанія, з 1957), Бангалорам і Сендаем (Індыя, Японія, з 1973), Ліёнам і Луандай (Францыя, Ангола, з 1976); Жодзіна з Венісьё (Францыя, з 1967); Магілёў з Віёрбанам (Францыя, з 1973); Орша з Воз-ан-Вленам (Францыя, з 1973); Салігорск з Ла-Луўерам (Бельгія, з 1975); Віцебск з Франкфуртам-на-Одэры і Зялёнай Гурай (Германія, Польшча, з 1969); Гомель з Клермон-Феранам (Францыя, з 1976) і Абердзінам (Вялікабрытанія, з 1990); Гродна з Беластокам (Польшча, з 1960) і Ліможам (Францыя, з 1976); Баранавічы з Хейнала (Фінляндыя, з 1977); Полацк з Фрыдрыхсгафенам (Германія, з 1994) і інш. Для каардынацыі работы ў 1993 створана Бел. асацыяцыя П.г.

В.​В.​Брыгадзіна, Н.​С.​Іванова.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСАНАЛІ́ЗМ (ад лац. persona асоба),

філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога прызнаюць асобу першаснай творчай рэальнасцю і найвыш. духоўнай каштоўнасцю, а ўвесь свет — праяўленнем творчай актыўнасці вярх. асобы — Бога. Узнік у канцы 19 ст. ў ЗША (Б.​Боўн, Дж.​Ройс і іх паслядоўнікі — Э.​Брайтмен, Э.​Кент, Р.​Т.​Флюэлінг і інш.), у пач. 20 ст. ў Расіі (М.​А.​Бярдзяеў, М.​А.​Лоскі, Л.​І.​Шастоў) і Францыі (Э.​Мунье, Ж.​Лакруа, П.​Рыкёр, М.​Недансель). Упершыню тэрмін «П.» у гісторыі філасофіі ўжыў Ф.​Шлеермахер у «Прамове аб рэлігіі да адукаваных людзей, якія ёю пагарджаюць» (1789). Вытокі П. як асаблівай пазіцыі распрацоўваліся пачынаючы з перыяду хрысціянства, хаця немалаважнае значэнне мелі ант. канцэпцыі асобы, абгрунтаваныя Платонам, Сакратам, Эпікурам, неаплатонікамі. Непасрэднай тэарэт. асновай П. з’яўляецца манадалогія Г.​Лейбніца як вучэнне аб духоўных субстанцыях, якія валодаюць энергіяй і існуюць у гармоніі паміж сабой і Богам. Спецыфічнымі сродкамі выражэння персаналісцкіх поглядаў і ідэй сталі філас. вучэнні С.​К’еркегора, І.​Фіхтэ, М.​Шэлера і інш.

Паводле канцэпцыі П., прырода ўяўляе сабой сукупнасць духаў — «асоб», а чалавек — вобраз і падабенства вярх. асобы — Бога (мае ў сабе боскі элемент). Асоба чалавека ёсць непаўторная, унікальная суб’ектыўнасць, адзіная рэальнасць і праяўленне быцця; яе вытокі — у адзіным пачатку, царстве духа — у Богу, а яе прадвызначэнне — пошук, пазнанне духу ісціны і любоў да яе. Для асобы характэрны 3 вектары існавання: экстэрыярызацыя (знешняе самаажыццяўленне), інтэрыярызацыя (унутр. засяроджанасць, духоўны свет), трансцэндэнцыя (самавызначэнне, арыентацыя на вышэйшыя, боскія каштоўнасці). У адпаведнасці з прынцыпамі тэізму ўсю гісторыю чалавецтва персаналісты разглядаюць як гісторыю развіцця персанальнага духу, а ўнутр. свет асобы як сапраўдную арэну быцця, прычыну ўсіх магчымых канфліктаў. З гэтага пункту погляду культ.-сац. сітуацыя 20 ст. з’яўляецца сітуацыяй разарванасці, непаўнаты чалавечага існавання, яго падпарадкаванасці знешнім фактарам (рэлігіі, навуцы, маралі, вытв-сці, спажыванню); адбываецца разрыў асобаснага і сацыяльнага, які з’яўляецца выражэннем больш глыбокага метафіз. канфлікту чалавечага і касмічнага. У рамках П. быў сфармуляваны гуманіст. тэзіс аб свабодзе асобы як крытэрыі дэмакратычнасці грамадства; яе правы і свабоды — найвышэйшая каштоўнасць і сутнасць дэмакратыі. Персаналісты акцэнтуюць увагу на выхаваўчай ролі асобаснай філасофіі, бачаць у ёй педагогіку, нацэленую на абуджэнне асобаснага пачатку ў чалавеку. Ідэалам знешняга самаажыццяўлення чалавека-асобы прызнаецца маст. творчасць, якая абавязкова накіравана на вышэйшыя каштоўнасці і з’яўляецца спецыфічным відам дзейнасці, што ажыццяўляе сувязь чалавечага з боскім. Розныя аспекты праблематыкі П. распрацоўваюцца ў фенаменалогіі, экзістэнцыялізме, філасофскай антрапалогіі, герменеўтыцы і інш.

Літ.:

Вдовина И.С. Эстетика французского персонализма. М., 1981;

Проблема человека в западной философии. М., 1988;

Lacroix J. Marxisme, existentialisme, personnalisme. 6 éd Paris, 1966;

Яго ж. Personnalisme comme anti-idéologie. Paris, 1972.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НСКІ СТЫЛЬ,

стыль сярэдневяковага мастацтва. Склаўся ў 10—13 ст. пад уплывам традыцый стараж.-рым. і візант. мастацтва. Вызначальныя рысы архітэктуры Р.с.: урачыстая суровасць і крапасны характар (замкі-крэпасці з данжонамі, кляштарныя комплексы, храмы, гар. дамы); тэктанічная сістэма, якой уласцівы сукупнасць набліжаных адзін да аднаго аб’ёмаў рознай вышыні, канструкцыйна аб’яднаных узаемазвязанасцю апор, перакрыццяў і ўраўнаважаных вежай-ліхтаром ці купалам над сяродкрыжжам. У ранні перыяд у будынках рабілі плоскія драўляныя перакрыцці, пазней цыліндрычныя і асабліва характэрныя Р.с. — крыжовыя. Раманскі храм — базіліка (пераважна 3-нефавая), крыжападобная ў плане ў Зах. Еўропе, круглая ў плане (ратонда) у Цэнтр. Еўропе. Для іх характэрны масіўнасць сцен і вежаў, магутныя апоры, што ўспрымаюць цяжар скляпенняў, паўкруглыя аркі і завяршэнні парталаў, перавага гарызанталей. Адметная ўсх. ч. базілікі — хор, размешчаны паміж апсідай і трансептам, які выдаецца з аб’ёму будынка, што надае яму план лац. крыжа. Пры роўнай вышыні і шырыні цэнтр. нефа і трансепта месца іх перасячэння (сяродкрыжжа) мае форму квадрата і становіцца модулем плана: у цэнтры сяродкрыжжа размяшчаецца алтар, пад ім — крыпта з рэліквіямі. На высокіх арках, што абмяжоўвалі сяродкрыжжа, на ветразях і тромпах узводзілі купал, над якім звонку ўзвышалася вежа. Цэнтр. неф быў шырэйшы і вышэйшы за бакавыя. На Пд і ПдЗ Францыі будавалі купальныя базілікі. У арх. дэкоры пераважаў скульпт.-арнаментальны рэльеф, у фрэсках — лапідарнасць малюнка, статычны арнаментальна-плоскасны характар кампазіцыі, умоўная трактоўка фігур. Манум. жывапіс і скульптура непарыўна звязаны з архітэктурай Р.с., падначалены яе формам і рытмам, ажыўляюць яе магутнасцю пластыкі і гучнай колеравай гамай (размалёўкі, рэльефы, вітражы). Р.с. ярка выявіўся ў мастацтве мініяцюры, у ліцці, чаканцы, эмалі, дыванаткацтве, разьбе па дрэве і косці.

Яркія ўзоры Р.с. створаны ў Германіі (саборы ў Шпаеры, 11 — пач 13 ст., Вормсе, 12—13 ст.), Францыі (касцёл Нотр-Дам у Пуацье, 12 ст.), Італіі (касцёл Сан-Мікеле ў Павіі, 12 ст.) і інш. Раманскія манум. будынкі складалі адзіны ансамбль з прыродай, часта размяшчаліся на ўзвышшах, берагах рэк, панавалі ў наваколлі як падабенства «горада божага», увасабленне магутнасці каталіцкага ордэна ці феадала.

На Беларусі Р.с. праявіўся ў архітэктуры раннехрысц. храмаў, быў абумоўлены некат. падабенствам ідэйна-маст. задач (Віцебская Благавешчанская царква, Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра). Рысы Р.с. паявіліся ў замкавым дойлідстве 13—14 ст. (Камянецкая вежа, Крэўскі замак, Лідскі замак, Навагрудскія замкі).

Літ.:

Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.;

М., 1966;

Swiechowski Z. Sztuka romańska w Polsce. Warszawa, 1990.

А.​М.​Кулагін.

Да арт. Раманскі стыль. Інтэр’ер сабора ў г. Шпаер. Германія. 11 — пач. 13 ст.
Да арт. Раманскі стыль. Сабор у г. Вормс. Германія. 12—13 ст.

т. 13, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАССЕ́ЯННЕ СВЯТЛА́,

змена характарыстык святла (напрамку распаўсюджвання, інтэнсіўнасці, частотнага спектра, палярызацыі) пры яго ўзаемадзеянні з рэчывам, што ўспрымаецца як няўласнае свячэнне рэчыва. Паслядоўнае апісанне Р.с. магчыма ў рамках квантавай тэорыі ўзаемадзеяння выпрамянення з рэчывам, аднак у многіх выпадках выкарыстоўваюць хвалевую тэорыю выпрамянення, паводле якой падаючая хваля ўзбуджае ў асяроддзі вымушаныя ваганні эл. зарадаў, якія становяцца крыніцамі другасных эл.магн. хваль.

Р.с. пругкае, калі яно адбываецца без пераўтварэння частаты (гл. Рэлея закон), і няпругкае, калі частата мяняецца; кагерэнтнае, калі фаза рассеянай хвалі адназначна вызначаецца фазай падаючай хвалі, у інш. выпадках — некагерэнтнае. У залежнасці ад саставу і стану рассейвальнага асяроддзя Р.с. адбываецца на розных кампанентах. Р.с. свабодным электронам з’яўляецца пругкім, інтэнсіўнасць рассеяння ўперад і назад удвая большая, чым у перпендыкулярным напрамку, і не залежыць ад даўжыні хвалі святла. Р.с. асобным атамам вельмі залежыць ад частаты падаючага святла ω : пры ω, параўнальным з частатой уласных ваганняў электронаў атама ω0, інтэнсіўнасць рассеяння прапарцыянальная ω​4 (закон Рэлея); пры рэзанансе (ω = ω0) Р.с. ўзрастае. Пры рассеянні малекуламі акрамя пругкага (аналагічнага атамнаму) можа ўзнікаць і няпругкае рассеянне са зрухам па частаце, інтэнсіўнасць якога на некалькі парадкаў меншая за рэлееўскае (гл. Камбінацыйнае рассеянне святла). Р.с. буйнымі ўтварэннямі абумоўлена флуктуацыямі аптычнай шчыльнасці асяроддзя па прасторы, якія могуць узнікаць з-за наяўнасці ў асяроддзі іншародных цел (кроплі вады, пылінкі ў паветры, суспензіі, украпіны ў крышталях і інш.) ці з прычыны цеплавых флуктуацый шчыльнасці аднароднага рэчыва (малекулярнае Р.с.). Рух абласцей неаднароднасці асяроддзя прыводзіць да ўзнікнення ў Р.с. зрушаных па частаце ліній, напр. пры гіпергуку. Пры вял. колькасці цэнтраў рассеяння акрамя элементарнага акта рассеяння ўзнікае шматразовае рассеянне паміж імі. Са з’яўленнем высокамонахраматычных магутных крыніц святла — лазераў, якія ствараюць у асяроддзі вял. шчыльнасці эл.-магн. выпрамянення, стала магчымым назіраць новыя віды Р.с. Розныя тыпы вымушанага Р.с. даюць магчымасць атрымліваць пасля ўзаемадзеяння з асяроддзем шмат дадатковых высокаінтэнсіўных ліній, што выкарыстоўваецца ў лазернай тэхніцы. Р.с. шырока выкарыстоўваецца пры даследаваннях розных фіз., хім., біял. працэсаў і з’яў. Спектры Р.с. даюць магчымасць вызначаць малекулярныя і атамныя характарыстыкі рэчыва. На Р.с. заснаваны многія метады вызначэння памераў, формы часціц, іх канцэнтрацыі і скорасці руху ў асяроддзі.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р.с. праводзяцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі і Ін-це прыкладной оптыкі Нац. АН Беларусі, БПА.

Літ.:

Хюлст Г. Рассеяние света малыми частицами: Пер. с англ. М., 1961;

Фабелинский И.Л. Молекулярное рассеяние света. М., 1965;

Иванов АП. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;

Зеге Э.П., Иванов А.П., Кацев И.Л. Перенос изображения в рассеивающей среде. Мн., 1985.

А.​П.​Іваноў.

т. 13, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-АНГЛІ́ЙСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ.

Гандлёвае пагадненне 1921, падпісана 16 сак. ў Лондане. Мела гандлёвы і паліт. характар. Азначала фактычнае прызнанне Сав. Расіі. Дзяржавы заявілі пра аднаўленне гандл. зносін і пра тое, што будуць ухіляцца ад варожых дзеянняў і прапаганды адна супраць адной. Было першым пагадненнем, якое Сав. Расія заключыла з вял. капіталіст. дзяржавай, прарвала дыпламат. і эканам. блакаду Сав. Расіі. Мела сілу да разрыву сав.-англ. адносін 27.5.1927. Пагадненне 1937 (марское), падпісана 17 ліп. ў Лондане на 5 гадоў. Устанавіла асн. якасныя ліміты (водазмяшчэнне, узбраенне і інш.) для розных катэгорый ваен.-марскіх суднаў, якія адпавядалі лімітам, устаноўленым англа-франка-амер. дагаворам ад 25.3.1936 аб марскіх узбраеннях. У вер. 1939 урад Вялікабрытаніі прыпыніў дзеянне гэтага пагаднення. Пагадненне 1941 пра сумесныя дзеянні ўрадаў СССР і Вялікабрытаніі ў вайне супраць Германіі, падпісана 12 ліп. ў Маскве. Абавязвала сав. і брыт. ўрады памагаць і падтрымліваць адзін аднаго ў вайне супраць фаш. Германіі. Дало пачатак афармленню антыгітлераўскай кааліцыі, у 1942 заменена дагаворам. Дагавор 1942 аб саюзе і вайне супраць гітлераўскай Германіі і яе саўдзельнікаў у Еўропе, аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе пасля вайны, падпісаны 26 мая ў Лондане. Ч. 1 дагавора тоесная пагадненню 1941 і заставалася ў сіле да канца вайны. У ч. 2 вызначаны асн. прынцыпы пасляваеннага супрацоўніцтва СССР і Вялікабрытаніі: не ўмешвацца ва ўнутр. справы інш. дзяржаў, аказваць эканам. дапамогу, на заключаць ніякіх саюзаў і не ўдзельнічаць ні ў якіх кааліцыях, накіраваных супраць другога боку. Заключаўся на 20 гадоў. У сувязі з утварэннем блока НАТО і ваенным супрацоўніцтвам Вялікабрытаніі з Зах. Германіяй 7.5.1955 дагавор ануляваны СССР. Пагадненне 1968 аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве, падпісана 19 студз. ў Лондане. Паводле яго бакі абавязаліся садзейнічаць развіццю навук.-тэхн. супрацоўніцтва паміж 2 краінамі на аснове раўнапраўя і ўзаемнай выгады. Доўгатэрміновае гандлёвае пагадненне 1969, падпісана 3 чэрв. ў Маскве. Бакі абавязаліся падтрымліваць і садзейнічаць заключэнню на камерцыйнай аснове пагадненняў, у т. л. доўгатэрміновых, з мэтай супрацоўніцтва і развіцця вытв. магутнасцей краін. Пагадненне 1974 пра развіццё эканам., навук.-тэхн. і прамысл. супрацоўніцтва, падпісана 6 мая ў Лондане. Бакі абавязаліся працягваць намаганні па развіцці і ўмацаванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Пратакол аб кансультацыях 1975, падпісаны 17 лют. ў Маскве. З мэтай умацавання ўзаемнага даверу і ўзаемаразумення, садзейнічання паглыбленню працэсу разрадкі міжнар. напружанасці і надання ёй незваротнага характару бакі дамовіліся расшыраць і паглыбляць паліт. кансультацыі па важных міжнар. праблемах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, а таксама па пытаннях двухбаковых адносін. Пагадненне 1977 аб прадухіленні выпадковага ўзнікнення ядз. вайны, падпісана 10 кастр. ў Маскве. Кожны з бакоў абавязаўся ажыццяўляць і ўдасканальваць існуючыя арганізац. і тэхн. меры з мэтай прадухілення выпадковага або несанкцыяніраванага выкарыстання ядз. зброі, якая знаходзіцца пад яго кантролем.

т. 14, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДА ВО́ЛІ,

філасофска-этычнае паняцце, якое азначае самавызначальнасць чалавека ў сваіх дзеяннях. У філасофіі цесна звязана з праблемамі дэтэрмінізму і індэтэрмінізму волі чалавека, у этыцы — з пытаннямі аб адказнасці чалавека за свае дзеянні, аб суадносінах С.в. і маралі; у хрысц. філасофіі і этыцы разглядаецца ў кантэксце праблемы Божага прадвызначэння і свабоды выбару асобы. Праблеме С.в. належыць адно з цэнтр. месцаў у гісторыі філас. і этычнай думкі. Сакрат падкрэсліваў вызначальную ролю пазнання ў ажыццяўленні С.в. Платон звязваў С.в. з арыентацыяй на ўсеагульны ідэал дабра, Арыстоцель — з праблемай маральнага выбару. Для сярэдневяковай філасофіі характэрны ідэі прадвызначэння і прэваліравання Божай усемагутнасці над асабістай С.в. чалавека (Аўгусцін, І.​Дунс Скот, Фама Аквінскі) або прызнання С.в. асобы як магчымасці выбару паміж дабром і злом (Пелагій). У антрапацэнтрычнай філасофіі Адраджэння С.в. разглядалася як аснова чалавечай дабрадзейнасці, поўнага прыроднага і культ. самаразвіцця асобы (Л.​Вала, К.​Салютаці, Дж.​Манеці). Бел. філасофія Адраджэння прасякнута ідэямі С.в., якая набліжае чалавека да вобраза Бога (С.​Будны, Л.​Зізаній), з’яўляецца асновай самаўдасканалення асобы шляхам падпарадкавання эмоцый і памкненняў розуму (Б.​Будны, А.​Алізароўскі), творчага самавыяўлення (М.​К.​Сарбеўскі). З 17 ст. ў вырашэнні праблемы С.в. вызначыліся 2 супрацьлеглыя пазіцыі: дэтэрмінізм, які сцвярджае, што воля абумоўлена знешнімі прычынамі і адмаўляе існаванне С.в. (Т.​Гобс, Б.​Спіноза), і індэтэрмінізм, які адстойвае ідэю самаабумоўленасці волі і абсалютнай С.в. (І.​Фіхтэ). І.​Кант аб’яднаў дэтэрмінізм і індэтэрмінізм, сцвярджаючы, што чалавек абсалютна несвабодны ў прыродным асяроддзі і валодае С.в. толькі ў інтэлігібельным (розумаспасцігальным) свеце. Г.​Гегель лічыў С.в. атрыбутам сусв. духу, А.​Шапенгаўэр разглядаў С.в. чалавека як выяўленне сусв. С.в. і крыніцу адвечных пакут, звязаных з бясконцасцю чалавечых жаданняў. Рацыяналістычную трактоўку С.в. прапанавалі К.​Маркс і Ф.​Энгельс, якія лічылі, што пазнанне і засваенне навакольнага асяроддзя спрыяюць ажыццяўленню С.в. Ірацыянальнай трактоўкі С.в. прытрымліваліся С.​К’еркегор, Г.​Маркузе, К.​Ясперс, якія сцвярджалі, што веды і рацыяналізм звужаюць магчымасці для выяўлення С.в. Э.​Фром вызначыў парадаксальную адметнасць чалавека 20 ст. — «уцёкі» ад С.в. як форму самаабароны ад непакою, звязанага з адзінотай, адказнасцю за выбар і нявызначанасцю будучыні. У экзістэнцыялізме і фенаменалогіі С.в. разглядаецца як неад’емны атрыбут асобы, які выводзіць яе па-за межы матэрыяльнага свету (М.​Хайдэгер, Ж.​П.​Сартр). Гл. таксама Воля, Свабода, Свабода і неабходнасць.

Літ.:

Ноговицин О.М. Ступени свободы: Логико-ист. анализ категории свободы. Л., 1990;

Максимов А.М. Измерения свободы. Екатеринбург, 1994;

Калмыков Р.Б. Анатомия свободы. Иваново, 1995;

Валла Л. Об истинном и ложном благе;

О свободе воли: Пер. с лат. М., 1989;

Шопенгауэр А. Свобода воли и нравственность: Пер. с нем. М., 1992;

Виндельбанд В. О свободе воли: Пер. с нем. Мн.;

М., 2000;

Левин Г.Д. Свобода воли: Современ. взгляд // Вопр. философии. 2000. № 6.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 14, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁМЫ З’ЕЗД КП(б)Б [XII канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся 20—26.3.1923 у Мінску. Прысутнічалі 154 дэлегаты з рашаючым і 115 з дарадчым голасам ад 3850 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦБ КП(б)Б

(В.​А.​Багуцкі),

Рэвіз. камісіі КП(б)Б (Л.​М.​Бунін), Кантрольнай камісіі (А.​Х.​Гетнер), ЦК КСМБ (М.​Б.​Кузенец); арганізацыя дзярж. прам-сці (А.​С.​Карпешын), нац. момант у дзярж. і парт. буд-ве (А.​Р.​Чарвякоў), падатковая палітыка ў вёсцы (В.​А.​Нодэль), аб кааперацыі (А.​С.​Славінскі), аб арганізац.-выхаваўчай рабоце (І.​А.​Вайнер); выбары кіруючых органаў і дэлегатаў на XII з’езд РКП(б). У ходзе з’езда ў парадак яго работы дадаткова ўключаны даклад ЦК РКП(б) (П.​М.​Кержанцаў).

З’езд ухваліў дзейнасць КП(б)Б ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі (нэпа), адзначыў, што асновай пралетарскай дыктатуры з’яўляецца дзярж. прамысловасць, таму асн. ўвага павінна аддавацца развіццю цяжкай індустрыі, а лёгкая — павінна дапамагаць яе развіццю. Важнае месца адводзілася пашырэнню розных форм кааперацыі. З’езд выказаў задавальненне стварэннем СССР. Адзначалася, што хутка адрадзіць Беларусь можна толькі шляхам яе ўзбуйнення і перагляду існуючага адм. падзелу БССР, Віцебскай і Гомельскай губ., што неабходна прывесці яго ў адпаведнасць з натуральна-гіст., эканам., вытв. і нац.-культ. асаблівасцямі і далучыць да БССР тэрыторыі з большасцю бел. насельніцтва. Такую пазіцыю камуністаў Беларусі падтрымліваў І.​В.​Сталін і інш. члены ЦК РКП(б), супраць выступалі М.​І.​Калінін і шэраг партработнікаў Віцебскай і Гомельскай губ. З’езд звярнуў увагу на неабходнасць узмацнення класавага прынцыпу ў падаткаабкладанні. Былі акрэслены канкрэтныя мерапрыемствы па далейшым росце і ўмацаванні парт. і камсам. ячэек на прадпрыемствах, рэгуляванні сац. складу КП(б)Б, паляпшэнні ідэйна-выхаваўчай работы сярод камуністаў. Падкрэслівалася, што сакратары буйных ячэек на прадпрыемствах, у абласцях, саўгасах павінны быць вызвалены ад інш. работы. У дакументах з’езда праглядаюцца тэндэнцыі па стварэнні парт. бюракратыі, супярэчнасці паміж тэарэт. палажэннямі аб нэпе, якія распрацоўвалі У.​І.​Ленін і яго паплечнікі, і той палітыкай, што праводзілася камуністамі ў жыццё. З’езд выбраў ЦБ КП(б)Б з 13 чл. і 6 канд., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 3 чл. і 3 канд., Кантрольную камісію з 5 чл. і 3 канд., 5 дэлегатаў на XII з’езд РКП(б).

Літ.:

Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. Мн., 1983;

Платонаў Р. Як пачалася беларусізацыя: Дыскусія на XII Усебел. парт. канф. // Роднае слова. 2000. №4.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 14, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНТАІ́ЗМ (ад яп. сінта літар. — шлях багоў),

нацыянальная рэлігія Японіі, якая склалася на аснове стараж. політэістычных вераванняў жыхароў яп. астравоў не менш як 2000 г. назад. Тэрмін «С.» выкарыстоўваецца з канца 6 — пач. 7 ст. н.э., каб адрозніваць уласна яп. рэліг. традыцыю ад распаўсюджаных у Японіі будызму і канфуцыянства. У С. няма заснавальніка, свяшчэнных кананічных тэкстаў, распрацаванага веравучэння. У яго аснове — вера ў існаванне шматлікіх нябачных божастваў (камі), абагаўленне прыроды, культ. продкаў. Лічыцца, што божастваў-камі існуе каля 8 млн. і яны нябачна жывуць паўсюдна побач з людзьмі. Да іх адносяцца духі рэк, азёр, гор, далін, дрэў, камянёў, боскія продкі яп. народа, божаствы-ахоўнікі асобных мясцовасцей і рамёстваў, душы памерлых імператараў, знакамітых военачальнікаў, пісьменнікаў, вучоных і інш. Сінтаісцкі пантэон узначальвае багіня Сонца, родапачынальніца імператарскага роду Аматэрасу — дачка першай боскай пары Ідзанакі і Ідзанамі (Нябесны Бацька і Зямная Маці), якія стварылі Яп. астравы і ўсіх багоў. Гал. сінтаісцкае свяцілішча — храм Аматэрасу ў г. Ісе. Вернікі не павінны штодзённа наведваць храмы і маліцца багам; дастаткова ўдзельнічаць у гал. святах і рабіць прынашэнні на выкананне некат. рэліг. абрадаў і рытуалаў. Важную ролю ў абраднасці С. адыгрывае рытуал ачышчэння чалавека, які найчасцей зводзіцца да сімвалічнага ачышчэння вадой твару і рук перад уступленнем чалавека ў храм. Перад уваходам у храм знаходзяцца вароты (торыі), якія сімвалізуюць пераход чалавека з паўсядзённай прасторы ў сакральную (свяшчэнную) зону. Людзі ўносяць у храм грашовыя ахвяраванні, ускладаюць для камі ахвярапрынашэнні (звычайна ў выглядзе страў, напіткаў) і ўзносяць да камі маўклівую малітву; набываюць там разнастайныя амулеты і талісманы. Асн. змест малітваў у С. — просьба да камі пра дапамогу, абарону ці выяўленне ўдзячнасці. Звычайна абрады, звязаныя з нараджэннем і шлюбам, праводзяцца ў адпаведнасці з сінтаісцкім рытуалам, а пахавальныя — з будысцкім. Важную ролю ў С. адыгрываюць святы ўраджаю, сустрэчы Новага года, святкаванні, прысвечаныя камі-ахоўнікам пэўных родаў і тэрыторый; ушаноўваюцца таксама імператар і яго боскія продкі. Часам японцы робяць паломніцтва да свяшчэнных гор, вадаспадаў і там выконваюць адпаведныя рэліг. рытуалы. У Японіі больш за 80 тыс. сінтаісцкіх свяцілішчаў. Памаліцца божаствам і прынесці ім сімвалічныя ахвяры можна і перад хатнім алтаром (камідана). Свяшчэннаслужыцелямі могуць быць і мужчыны, і жанчыны. У студз. 1946 выдадзены імператарскі эдыкт, паводле якога імператар адракаўся ад свайго боскага паходжання і абвяшчаў, што адносіны паміж тронам і народам трымаюцца выключна на ўзаемных даверы і любові. Існуе таксама сектанцкі С. (больш за 10 сектаў).

Літ.:

Светлов Г.Е. Путь богов: (синто в истории Японии). М., 1985;

Синтоизм и конфуцианство. М., 1994;

Религиозные традиции мира: Пер. с англ. М., 1996. Т. 2. С. 491—610;

Народы и религии мира: Энцикл. М., 1999;

Накорчевский А.А. Синто. СПб., 2000;

Japan: Profile of a Nation. Tokyo etc., 1994.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 14, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гаво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Дзелавая або сардэчная размова; абмен думкамі. Гаворка за сталом не ладзілася, як ні стараўся Раман Дзянісавіч ажывіць яе. Хадкевіч. Пісьменнік [Максім Багдановіч] быў бескампрамісны, калі гаворка ішла аб навуковым разуменні не толькі грамадскіх працаваў, але і з’яў прыроды. Майхровіч. // Словы, паведамленне, выказванне аднаго з субяседнікаў. Карней і не даслухаў яшчэ Юзікавай гаворкі, а рынуўся адразу ў клуб. Баранавых. — А як авёс наш урадзіўся? Схадзіць бы ў Ліпава пабачыць! Ужо знаюць дзеці, Што то значыць Гаворка дзядзькава такая. Колас.

2. Гукі размовы, якія даносяцца адкуль‑н. З кухні чутна была ажыўленая гаворка. Хадкевіч. Ліпачка ўслухалася ў гаворку і пачула прыглушаны гарачы шэпт начнога госця. Сабаленка. // перан. Перарывісты гул, шум (пра шчабятанне птушак, журчанне вады і пад.). Колькі шуму ў нашым збожжы, Спеву і гаворкі. Колас. Пад бясконцую гаворку — Песню рэек і калёс, Па раўніне, між узгоркаў Пралятае паравоз... Лойка.

3. Чуткі, пагалоска, размова. Пайшла па людзях гаворка пра.. бяду, якая называецца.. страшным словам — блакада. Брыль.

4. Разнавіднасць мясцовага дыялекту, якая ахоплівае адносна невялікую тэрыторыю (вёску, раён). Чэрвеньская гаворка. Гаворкі Случчыны. // Сукупнасць мясцовых дыялектаў якой‑н. мовы, якія маюць агульныя дыялектныя рысы. Паўднёва-заходнія гаворкі беларускай мовы.

5. Мова як сродак зносін паміж людзьмі (звычайна пра вусную гутарковую мову). Турысты разумелі рускую гаворку.

6. Асаблівасці мовы, манера гаварыць, вымаўляць асобныя словы, гукі. Пявучая гаворка. □ Крокі ў Сцяпана Захаравіча шырокія, цвёрдыя, гаворка разважлівая. Гурскі. Па.. гаворцы [Тоні] Заслонаў адразу пазнаў у ёй украінку. Шчарбатаў.

•••

Не можа быць (і) гаворкі гл. магчы.

Пустая гаворка — непатрэбная, бескарысная размова; балбатня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)