арнаментальная ці сюжэтная кампазіцыя, выкананая спосабам маст. апрацоўкі (пераважна дрэва) для дэкору будынкаў і збудаванняў, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Упрыгожвае фасады і інтэр’еры будынкаў, надае ім маст. каштоўнасць, узбагачае пластыку фасадаў вытанчанай святлоценявой мадэліроўкай, узмацняе іх рытмічную будову, кантрастна вылучае найб. значныя элементы кампазіцыі, падкрэслівае архітэктоніку будынкаў і збудаванняў.
Вядома з даўніх часоў (Стараж. Егіпет і Грэцыя, Індыя); у Расіі — з 12 ст. (Ноўгарад), асабліва пашырана з 19 ст.: у Расіі — Архангельская, Кастрамская, Маскоўская, Томская, Уладзімірская вобл., у краінах Еўропы — (Венгрыя, Славакія, Фінляндыя, Польшча, Швецыя, Нарвегія, Данія) і інш.
На Беларусі Р.а. пашырана з 12 ст. ў драўляным дойлідстве (Полацк, Віцебск, Мінск, Пінск і інш.). У 17 ст.бел. майстры, якія пераехалі ў Маскоўскую дзяржаву, прынеслі з сабой майстэрства аб’ёмна-ажурнай разьбы, што развівалася на Беларусі з 16 ст. (гл.Беларуская рэзь). У 16 — пач. 20 ст. Р.а. выкарыстоўвалася пераважна ў афармленні фасадаў і інтэр’ераў культавых збудаванняў (Пінскі касцёл францысканцаў), палацаў, сядзібных дамоў, з 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. шырока ўжывалася для знадворнага дэкарыравання гар. і сельскага нар. жылля. Найб. росквіту ў арх. дэкоры дасягнулі веткаўская разьба, разьба ў Магілёве, Гомелі, Шклове, Віцебску, Чачэрску і інш. На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.а.: гранёна-выемчатая (геам. ўзор заглыблены ў гладкі фон), скразная (плоска-ажурная і аб’ёмна-ажурная кампазіцыя без фону), рэльефная (над заглыбленым фонам узнята выява), камбінаваная (спалучае некалькі відаў Р.а. або розныя матэрыялы і спосабы апрацоўкі). У нар. жыллі найб. пашыраны стылізаваныя салярныя (Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Пінскі, Слонімскі, Шклоўскі р-ны), зааморфныя (Капыльскі, Клецкі, Дзятлаўскі, Івацэвіцкі, Нясвіжскі р-ны), расл. (паўд. раёны Беларусі), геам. і інш.дэкар. матывы. У творчасці разьбяроў Гомельшчыны сустракаюцца тэмы «Свет Божы», «Рай нябесны», «Рай зямны» і інш. У нар. дойлідстве найб. старадаўнімі элементамі дэкору былі вільчакі. Скразной або краявой разьбой упрыгожвалі падзоры. Р.а. аздаблялі франтоны. Найчасцей дэкор франтонаў — простая (верт., гарыз.), фігурная («квадратам», «ромбам», «у елачку», салярныя матывы) і камбінаваныя шалёўкі, накладкі з разным прафіляваным геам. арнаментам і расфарбоўка (Слуцкі і Любанскі р-ны, Цэнтр. і Зах. Палессе). Асн. дэкор сцен — фігурная шалёўка з элементамі разьбы (найб. пашыраны ў 1950—80-я г. ва ўсх. і цэнтр. р-нах Беларусі). У дэкор уваходзіць таксама ўпрыгожванне Р.а. вуглоў (пашыраны ў 1950—60-я г.; асабліва апрацоўка плоскімі нашчыльнікамі, аздобленымі накладкамі з геам., расл., радзей зааморфнай арнаментыкай). Адзін з гал. элементаў разнога дэкору знадворнай ч. жылля і грамадскіх будынкаў — упрыгожаныя разьбой аконныя ліштвы. Р.а. упрыгожваюць франтончыкі, карнізы, слупы і інш. элементы веранды, ганка, падчэняў. Іх дэкар. выгляд ствараецца маст. шаляваннем у выглядзе выявы сонца з прамянямі, рэльефнымі разеткамі, ажурнай разьбой закрылін па краях стрэшкі, фігурнай апрацоўкай слупоў у выглядзе калон з разнымі капітэлямі, адмысловым малюнкам фігурных аконных пераплётаў у спалучэнні з паліхромнай расфарбоўкай у выглядзе ромбаў, квадратаў, авальных круглых і расл. форм. Для дэкору дзвярэй характэрна маст. разьба з салярнымі выявамі, разеткамі. расл. арнаментам, геральдычнымі і зааморфнымі матывамі. У афармленні малых арх. форм (вароты, калодзежы, альтанкі і інш.) выкарыстоўваюць такія самыя прыёмы Р.а., як і для аддзелкі жылля. На Беларусі вылучаюць некалькі асн.арх.-дэкар. ансамбляў традыц. аздаблення нар. жылля, у т. л. навагрудска-мядзельскі. турава-пінскі, слуцка-любанскі, барысаўска-асіповіцкі, мазырска-хойніцкі, полацка-віцебскі, шклоўска-магілёўскі, веткаўска-гомельскі.
Літ.:
Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;
Хіцько І.П. Мастацтва разьбы па дрэве. Мн., 1998.
І.П.Хіцько.
Да арт.Разьба архітэктурная. Дэталь фасада 19-й пячоры Аджанты. Індыя. 5—7 ст.Да арт.Разьба архітэктурная. Галоўны алтар Пінскага касцёла францысканцаў. Каля 1730.Да арт.Разьба архітэктурная. Ліштвы жылога дома ў г. Ветка Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСЬ,
назва этнапаліт. супольнасці ва Усх. Еўропе ў сярэдневякоўі. Вядома з 839, калі група варагаў (шведаў) назвала сябе пры двары герм. імператара пасламі «кагана Русі». Звесткі «Баварскага этнографа» сярэдзіны 9 ст. дазваляюць лакалізаваць Р. у Падняпроўі. Большасць звестак 9—10 ст. атаясамлівае Р. з нарманамі, меншая — са славянамі. У 10 ст. Р. заключыла шэраг дагавораў з Візантыяй (911, 944, 971). У 1-м з іх сярод «рускіх» гарадоў названы Полацк. Растоў і інш., імёны амаль усіх «рускіх» паслоў у дагаворах германскія. У 11 ст. з’яўляюцца ўласныя пісьмовыя крыніцы Р. — стараж.-рус. летапісы. «Аповесць мінулых гадоў» паведамляе, што «Руская зямля» называецца так з часоўвізант. імператара Міхаіла Ісаўра (з 942), назва паходзіць ад запрошаных княжыць у Ноўгарад варагаў (гл.Рурыкавічы, Рурык-Сінявус-Трувор). Там жа пералічаны слав. плямёны ў складзе Р., што акрэслівае межы Кіеўскай Русі 10—11 ст. Са шматлікіх версій паходжання назвы Р. найб. верагоднай лічыцца гіпотэза пра запазычанне славянамі фін. слова «ruotsi» («весляры»), якім жыхары Усх. Прыбалтыкі называлі швед.гандл.-рабаўнічыя атрады. Гэтым словам пазней названа змешаная слав.-сканд. праслойка, якая кантралявала гандаль рабамі і інш. таварамі з Хазарыяй, Араб. халіфатам і Візантыяй, а потым падпарадкавала плем. княствы і ўзначаліла ўтварэнне Кіеўскай дзяржавы. Вял. ролю ў культ. кансалідацыі Р. адыграла прыняцце ў 988 хрысціянства з Візантыі. Да пач. 11 ст.сканд. кампанент Р. славянізаваўся, Р. набыла характар правасл.слав. дзяржавы (Кіеўская Русь), у межах якой пачаўся працэс зліцця стараж. плямён у агульны ўсх.-слав. («рускі» ў тагачасным сэнсе) этнас. Аднак да 13 ст. гэты працэс не быў скончаны, захоўваліся выразныя мясц. асаблівасці, што дало магчымасць у далейшым утварыцца на тэр. Р. некалькім этнасам. У царк. крыніцах і летапісах 12—13 ст. шмат прыкладаў выкарыстання назвы Р., у т. л. адносна тэр. Беларусі. Напр., Кірыла Тураўскі адзначаў, што ён «рожден и воспитан града та Турова в Руской стране», а ў полацкай грамаце 1264 падкрэсліваецца, што «Руськая земля слывет Полочьская». Такі ж сэнс тэрміна пераважае ў замежных крыніцах. Разам з тым у летапісах з сярэдзіны 12 ст. сустракаецца паняцце «Р.» у вузкім сэнсе, якое тычылася толькі рэгіёна Кіева-Чарнігава-Пераяслава (у 10 — пач. 11 ст. асабістае ўладанне кіеўскага князя). Тэрмін «Р.» захаваў значэнне ў дачыненні да б. зямель Кіеўскай Русі і пасля таго, як яны ў 13—14 ст. увайшлі ў склад розных дзяржаў (ВКЛ, Польшчы, Венгрыі, Маскоўскага вял. княства і інш.), усх.-слав. насельніцтва якіх працягвала называцца Р., рускімі або русінамі, але набыў характар метаэтноніма — агульнай назвы некалькіх этнасаў, якія пачалі фарміравацца (продкі сучасных украінцаў, беларусаў, рускіх). У складзе ВКЛ пад Р. у шырокім сэнсе разумелі ўсю тэр.ўсх.-слав. насельніцтва, за выключэннем Верхняга Панямоння (з 13 ст.наз. Літва). Разам з тым у 16 ст. фіксуецца і больш вузкае значэнне назвы Р., якое тычылася толькі ўсх.ч. сучаснай Беларусі (з 17 ст. назва Белая Русь). Жыхары ВКЛ у межах пасля 1569, называючы сябе «рускімі», «русінамі», часам ужо выразна адрознівалі сябе ад жыхароў Расіі («маскоўцаў») і казацкай Украіны («чаркасаў»). Вял. княства Маскоўскае з 2-й пал. 16 ст. атрымала афіц. назву «Рускае царства». З таго часу паліт. і культ. эліта гэтай дзяржавы пачала атаясамліваць паняцце «Р.» і «Расія», што стварыла пэўныя цяжкасці ў завяршэнні этнагенезу інш. нашчадкаў стараж. Р. — беларусаў і ўкраінцаў, бо правіцелі Расіі, карыстаючыся стараж. саманазвай гэтых народаў («рускія») адмаўлялі ім у праве на нац. самавызначэнне і прэтэндавалі на іх землі, г. зн. на ўсю былую Р.
Літ.:
Насонов А.Н. «Русская земля» и образование территории древнерусского государства. М., 1951;
Насевіч В, Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў: Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫТА́НІЯ, Ісламская Рэспубліка Маўрытанія (Аль-Джумхурыя аль-Ісламія аль-Мурытанія),
дзяржава на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Зах. Сахарай і Алжырам, на У з Малі, на Пд з Малі і Сенегалам. На З абмываецца Атлантычным ак.Пл. 1030,7 тыс.км². Нас. 2,5 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — арабская; выкарыстоўваюцца таксама французская і мясц. мовы. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Нуакшот. Падзяляецца на 12 абласцей і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 ліст.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны парламент: ніжняя палата — Нац. сход (выбіраецца прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў), верхняя палата — Сенат (выбіраецца непрамым галасаваннем кіраўнікамі мясц. органаў на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.
Прырода. У рэльефе пераважаюць раўніны і плато. Пустыня Сахара на Пн займае 2/3 краіны. Амаль усюды масівы дзюн і барханаў. Трапляюцца рэдкія аазісы. У цэнтр.ч. вапнякова-пясчаністае плато Адрар (выш. да 732 м). Найб.выш. на ПнЗ — 915 м. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць вял. запасы жал. руды. Ёсць медныя, уранавыя, нікелевыя, алавяныя і тытанавыя руды, фасфарыты, каменная соль і інш. Клімат трапічны пустынны, вельмі сухі. Сярэднія т-ры студз. 16—20 °C, ліп. 30—32 °C. Ападкаў ад 25—50 мм за год на Пн да 200—300 мм на крайнім Пд. Адзначаюцца засушлівыя гады і шматгадовыя перыяды, калі ападкаў амаль не выпадае. Рэк з пастаянным сцёкам, за выключэннем р. Сенегал, няма. Рэчышчы часовых водных патокаў запаўняюцца на кароткі тэрмін пасля дажджоў. Расліннае покрыва вельмі разрэджанае, пераважае эфемерная травяністая расліннасць. На крайнім Пд паўпустыні з ксерафітнымі хмызнякамі і акацыямі. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету — шакалы, ліс фенек, змеі і яшчаркі. Нац. парк Бан-д’Арген уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Арабы і берберы (агульная назва маўры) складаюць каля 65% насельніцтва, жывуць у асн. на Пн і ў сярэдняй ч. краіны. Негроідныя народы (тукулер, фульбе, сараколе і інш.) жывуць на Пд, пераважна ў даліне р. Сенегал. Існуе падзел на плямёны. Усе вернікі — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост больш за 2,5%. Сярэдняя шчыльн. 2,5 чал. на 1 км². 80% насельніцтва жыве ў паўд.ч. краіны, у т. л. каля 20% у даліне р. Сенегал, дзе шчыльн. дасягае 15—20 чал. на 1 км². Больш за 25% насельніцтва качэўнікі. У гарадах жыве 51%. У г. Нуакшот 735 тыс.ж., у г. Нуадыбу каля 50 тыс.ж. (1995); астатнія гарады па 10—20 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята каля 70% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 14%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Са стараж.часоў на тэр. М. пражывалі негроідныя плямёны. У 1-м тыс.н.э. іх падпарадкавалі сабе берберы-санханджа. На тэр. паўночнай М. ўзніклі дзярж. ўтварэнні, якія доўгі час кантралявалі гандл. шляхі паміж Паўн. Афрыкай і каралеўствам Гана. Паўд. М. ў 8 — сярэдзіне 11 ст. ўваходзіла ў склад дзяржаў Гана, Тэкрур і інш. У 11—12 ст. М. заваявана Альмаравідамі. У 13—14 ст.паўд. М. ўваходзіла ў склад дзяржавы Малі. У 14—15 ст. М. заваявана арабамі, нашчадкі якіх сталі вышэйшым саслоўем маўрытанскага грамадства, а араб. мова паступова выцесніла берберскія дыялекты. З 15 ст. М. наведвалі еўрапейцы. У 2-й пал. 19 ст. каланізацыю тэр. М. пачала Францыя, якая абвясціла ў 1903 М. сваім пратэктаратам (з 1922 — калонія). З 1946 «заморская тэрыторыя», з 1958 аўт. рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці.
28.11.1960 абвешчана незалежная Ісламская Рэспубліка М. Дзяржаву і ўрад М. ўзначаліў прэзідэнт М. ульд Дада (з 1961), які перавыбіраўся ў 1966, 1971 і 1976. Паводле канстытуцыі 1965 адзінай легальнай партыяй засталася створаная ў 1961 Партыя маўрытанскага народа. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. М. пацярпела ад моцнай засухі. У 1976 М. і Марока падзялілі паміж сабой Зах. Сахару, якая знаходзілася пад уладай Іспаніі. Вайна з зах.-сахарскімі паўстанцамі з фронту ПОЛІСАРЫО прычыніла вял. страты маўрытанскай эканоміцы. У ліп. 1978 ульд Дада скінуты ваеннымі, і ўлада перайшла да Ваен.к-танац. адраджэння (з крас. 1979 — Ваен.к-тнац. выратавання, ВКНВ) на чале з М. ульд Салехам. У жн. 1979 М. вывела свае войскі з Зах. Сахары. Пасля шэрагу ваен. пераваротаў у снеж. 1984 да ўлады прыйшоў палк. М. ульд Сід Ахмед Тая. У 1989 абвастрыліся адносіны паміж М. і Сенегалам, што прывяло да прымусовай высылкі дзесяткаў тыс.чал. з адной краіны ў другую. У 1991 пачалася дэмакратызацыя паліт. жыцця: прынята новая канстытуцыя, уведзена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, якія адбыліся ў студз. 1992, прэзідэнтам выбраны ульд Сід Ахмед Тая, яго Рэсп.с.-д. партыя атрымала большасць месцаў у парламенце. У крас. 1992 ВКНВ распушчаны. М. — член ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Лігі араб. дзяржаў (з 1973). Дзейнічаюць Рэсп.с.-д. партыя, Рух за рэформу і Саюз за дэмакратыю і прагрэс.
Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. — 520 долараў. Сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць 30% даходаў, прам-сць — 19,2%, абслуговыя галіны — каля 50%. Аграрны сектар характарызуецца крайняй адсталасцю і залежнасцю ад прыродна-кліматычных умоў. Апрацоўваецца каля 1 млн.га, з іх 95% у даліне р. Сенегал. Збор збожжавых (сорга, проса, рыс, кукуруза) у 1997 склаў каля 150 тыс.т (30% патрэб краіны). Вырошчваюць таксама батат, арахіс, бабовыя культуры, агародніну, у аазісах — фінікавую пальму (800 тыс. дрэў). Нізкапрадукцыйная жывёлагадоўля мае экстэнсіўны характар. Пад пашай каля 25 млн.га, пераважна на Пд. Пагалоўе (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 1,3, вярблюдаў — больш за 1, авечак і коз — 8,5. Штогод з некат. відаў акацый збіраюць 5—6 тыс.т гуміарабіку — каля 10% сусв. вытв-сці. Развіта марское рыбалоўства (550 тыс.т, пераважна сардзіны і тунца, 1997). З морапрадуктаў найб. значэнне маюць лангусты і крэветкі. Гал. рыбалоўны порт Нуадыбу. Сярод галін прам-сці вылучаецца горназдабыўная. Штогод здабываецца больш за 10 млн.тжал. руды. Асн. радовішча Іджыль на Пн краіны. Амаль уся руда экспартуецца праз рудаэкспартны порт Кансада (каля Нуадыбу), куды яна паступае па спецыяльна пабудаванай чыгунцы (даўж. 670 км). Вядзецца здабыча меднай руды (каля Акжужта), золата (каля 1,3 т штогод), гіпсу. Са стараж.часоў традыцыйная здабыча каменнай солі ў Сахары. Асн. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці ў гарадах Нуакшот (суднаверф, цукрова-рафінадны з-д, ф-ка па абагачэнні меднай руды, з-д па апрасненні марской вады, ЦЭС, асобныя прадпрыемствы харч., дрэваапр., металаапр. прам-сці), Нуадыбу (нафтаперапр., сталеплавільны, цэментны з-ды, прадпрыемствы суднарамонту і рыбаперапрацоўкі, ЦЭС), Каэды (мясакамбінат і з-д па апрацоўцы скур). Энергетыка заснавана на імпартнай нафце. Гадавая выпрацоўка электраэнергіі каля 150 млн.кВт∙гадз. Развіты саматужныя промыслы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку, адзення, упрыгожанняў, апрацоўка скуры, дыванаткацтва. Транспарт пераважна аўтамабільны і марскі. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 1800 км. Гал. марскія парты — Нуакшот (пераважна імпарт) і Нуадыбу разам з Кансада (экспарт жал. руды). Там жа міжнар. аэрапорты. Суднаходства па р. Сенегал. У 1995 экспарт склаў 483 млн.дол., імпарт — 365 млн. долараў. Вывозяцца жал. руда (каля 30% кошту), рыба, жывёла і скуры, золата, гіпс. Увозяцца разнастайныя прамысл. тавары, нафтапрадукты, харч. прадукты і інш.Асн.гандл. партнёры — Францыя, Германія, Японія, Італія, Іспанія. Развіваецца замежны турызм (да 50 тыс.чал. штогод). Знешні доўг — 2,3 млрд. долараў. Краіна штогод атрымлівае фін. і харч. дапамогу пераважна ад Францыі і ЗША. Грашовая адзінка — угія.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
насі́ць, нашу, носіш, носіць; незак., каго-што.
1. Тое, што і несці 1 (у 1 знач.), але абазначае дзеянне, якое пастаянна паўтараецца, адбываецца ў розных напрамках і ў розны час. Насіць ваду з рэчкі. Насіць дзіця на руках. □ Конь спачатку не хацеў насіць чалавека на сваёй спіне, іржаў, брыкаўся.Бядуля.// Трымаць нейкім чынам, у нейкім становішчы. Насіць руку на павязцы. □ [Старшыня] быў невысокага росту і можа таму заўсёды высока насіў галаву з чорным жорсткім вожыкам.Гаўрылкін.// Адносіць, дастаўляць куды‑н., каму‑н. Бацька вярнуўся ад солтыса, якому насіў падатак.Брыль.Жанчыны пайшлі раніцой .. здаваць малако, якое насілі яны .. штодня.Лынькоў.// Збіраць на кветках і дастаўляць у вулей (пра пчол). Жывуць сабе пчолкі і мядок носяць, і размнажаюцца...Кулакоўскі.// Трымаць доўгі час у чым‑н., дзе‑н. Насіць ліст у сумачцы. □ У хустачцы быў пачак новых трохрублёвак, крыху змятых ад таго, што іх насілі ў кішэні ці за пазухай.Чорны.
2.(звычайнаўспалучэннісасловамі «пад сэрцам»). Быць цяжарнай. Насіць дзіця пад сэрцам.
3. Перамяшчаць з месца на месца сілай свайго руху (пра вецер, ваду і пад.). Вецер насіў па вуліцах абрыўкі газет і папер, сыпаў пяском у вочы.Навуменка.//перан. Перадаваць, распаўсюджваць. Носяць .. [весткі] з сяла да сяла маладыя хлопцы і дзяўчаты — ганцы падполля.Пестрак.
4. Адзявацца пэўным чынам, надзяваць на сябе, а таксама мець на сабе. Насіць ваенную форму. Насіць акуляры. □ З свайго тавару былі боты, з свайго лыка і лапці: хто што мог насіць.Чорны.Шапку насіў [Коля] пераважна вайсковую і казырок насоўваў на вочы.Кулакоўскі.//(1і2ас.неўжыв.). Аб прынятай модзе. Зараз носяць туфлі на шпільках. □ Неяк маці прыслала мне ў Вільню вышытую кашулю, якую насілі ў нас на вёсцы.Карпюк.// Аб прынятых правілах, форме нашэння. Ордэн Леніна носяць на левым баку грудзей.// Мець, захоўваць. Насіць косы. □ Бараду, кажуць, .. [старшыня] носіць з часоў партызанскай дзейнасці.Шамякін.// Трымаць, мець заўсёды пры сабе. Насіць пасведчанне ў кішэні. □ Сякера ў .. [Карпа] была свая, з ёй ён не разлучаўся ніколі — заўсёды насіў за поясам.Шамякін.// Мець як адзнаку прыналежнасці да якой‑н. арганізацыі. Я з твайго неспакойнага племені, Партыя, Хоць ля сэрца білет твой яшчэ не нашу.Бураўкін.
5. Мець якое‑н. імя, прозвішча, званне, тытул і пад. Насіць прозвішча мужа. □ Добрая справа здабыць сабе права Званне «мінчанін» горда насіць!Панчанка.Дзед Міцяй .. і ўся дзедава сям’я насілі вулічную мянушку Жыліны.Васілевіч.// Мець якую‑н. назву, называцца. Імя Леніна з гонарам носіць камсамол. □ Сюды [на Лісіныя горы] мы хадзілі ў арэхі. Назву такую насіла гэта месца з даўніх часоў.Грамовіч.
6.(часцейзаўсёўспалучэннізназоўнікам «характар»). Мець адзнакі чаго‑н., характарызавацца чым‑н. Навучанне носіць актыўны характар. □ Выдавецкая дзейнасць. Францішка Скарыны, насіла ў першую чаргу асветніцкі характар.С. Александровіч.// Мець сляды ад чаго‑н. А ў самой вёсцы Кармянцы яшчэ не паўміралі тыя, што носяць на целе пісагі ад .. плётак [стражніка].Крапіва.//перан. Мець адзнакі чаго‑н. Будынак носіць сляды ўсходняй архітэктуры.
7.перан. Утрымліваць у сабе; адчуваць, што‑н., думаць што‑н. Я надзею нашу І ніколі не трачу, Што пабачу ізноў дарагія куткі..Броўка.Наўрад ці ведае хто, якую вялікую крыўду насіла ў сваім сэрцы Ева.Колас.// Выражаць нейкае пачуццё. Памяты і нервовы твар .. [Зынгі] носіць на сабе ў гэтыя хвіліны адбітак нейкай прыніжанасці і просьбы.Чорны.Абрам на сваім бледным твары заўсёды насіў выраз ні то сарказму, ні то весялосці.Пестрак.
8.(1і2ас.неўжыв.), частабезас.Разм. Аб тым, што прымушае хадзіць, ездзіць дзе‑н., знаходзіцца далёка ад дому (часцей у пытальных і клічных сказах). Дзе цябе носіць?! □ Мама... Мама... Заўжды ёй хочацца, Каб пры доме былі ўсе дзеці. Іх жа носіць па белым свеце.Тармола.
9.(1і2ас.неўжыв.), частабезас.Разм. Быць вельмі ўзбуджаным. — Ой, дзядзька, цётка! — ён галосіць, І нейкі рух яго аж носіць.Колас.
•••
Дзе цябе (вас) бог носіць?гл. бог.
За плячамі не насіць — аб чым‑н. такім, што не абцяжарвае.
Ледзь ногі носяцьгл. нага.
Насіць ваду ў рэшаце — займацца чым‑н. бескарысным, рабіць што‑н. заведама ўпустую.
Насіць камень за пазухай — мець злосць на каго‑н.; быць гатовым адпомсціць, зрабіць што‑н. дрэннае каму‑н.
Насіць маску — тое, што і надзяваць маску (гл. надзяваць).
Насіць на руках — надта песціць каго‑н., удзяляць многа ўвагі каму‑н.; балаваць.
Пакуль ногі носяцьгл. нага.
Чэрці носяцьгл. чорт.
Як (толькі) зямля носіць; каб зямля не насілагл. зямля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГАНЧА́РСТВА,
выраб рэчаў гаспадарчага і дэкаратыўна-прыкладнога характару з гліны. Вядома многім народам свету як адно з найстараж. рамёстваў. На тэр. Беларусі пач. форма ганчарства з ручной фармоўкай вырабаў і абпалам на вогнішчы вядома з часоў неаліту. З пашырэннем ганчарнага круга (10 ст.) і ганчарнага горна вылучылася ў спецыялізаванае рамяство, якое дасягнула росквіту ў 16—18 ст. У многіх бел. гарадах (Мінск, Брэст, Гродна, Полацк, Віцебск, Слуцк, Капыль, Камянец, Клецк, Стрэшын, Мір, Шклоў, Дзісна) дзейнічалі самаст. ці аб’яднаныя з іншымі ганчарныя цэхі, якія выраблялі посуд, кафлю, дробную пластыку. Вырабы цэхавага рамяства, у якіх нярэдка адчуваўся ўплыў зах.-еўрап.маст. стыляў, аздабляліся штампаваным, прадрапаным ці ляпным дэкорам, ангобнай размалёўкай, у большасці выпадкаў глазураваліся. У 19 ст. цэхавая вытв-сць заняпала, ганчарства становіцца пераважна сельскім рамяством. У канцы 19—1-й пал. 20 ст. на Беларусі вядома больш за 200 асяродкаў ганчарства.
Асн. прылада для фармавання ганчарных вырабаў — ганчарны круг, падсушаныя вырабы абпальвалі ў горне. Асартымент вырабаў вызначаўся гасп. патрэбамі. Выраблялі посуд для гатавання ежы (гаршкі, макотры, латушкі, пражэльнікі, рынкі, формы), для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў (карчагі, слаі, гарлачы, глякі, спарышы), сталовы посуд (збаны, талеркі, міскі, кубкі, маслёнкі), рэчы штодзённага ўжытку (рукамыйнікі, паілкі), утылітарна-дэкар. посуд (вазоны, вазы, букетнікі, фігурны посуд), ляпілі таксама дробную пластыку і цацкі. Самастойным рамяством, пераважна гарадскім, была вытв-сцькафлі. У цэлым узоры бел.нар. ганчарства вызначаюцца простымі выразнымі формамі, у аснове — шар, цыліндр, конус. Дэкор абмяжоўваўся звычайна сціплымі хвалістымі і прамымі паяскамі (стараж. сімвал вады), выціснутымі завостранай палачкай на плечуках посуду ў час яго фармоўкі на крузе ці нанесенымі вадка разведзенай глінай іншага колеру (ангобам). Ганчарны посуд Падняпроўя вызначаецца стройнасцю і вытанчанасцю формаў, плаўнымі S-падобнымі абрысамі (гл.Бабінавіцкая кераміка, Благаўская кераміка, Дубровенская кераміка). На Пн Беларусі формы посуду масіўныя, устойлівыя, гарлавіны яго нібы раздаюцца ў бакі (гл.Дзісенская кераміка), нярэдка вырабы дзеля трываласці абгортвалі стужкамі бяросты, што надавала ім дадатковы дэкар.-маст. эфект. Ганчары паўд.-зах. Беларусі аддавалі перавагу прысадзістым шарападобным формам, на якія нібы насаджаны цыліндрычныя гарлавіны (гл.Гараднянская кераміка, Пружанская кераміка). Дэкар. якасці вырабаў залежалі таксама ад спосабаў хіміка-тэрмічнай апрацоўкі. Чорна-карычневымі плямамі на светлай тэракотавай паверхні вызначалася гартаваная кераміка, характэрная для архаічных вясковых асяродкаў ганчарства пераважна паўн.-зах. Беларусі. Гарманічнасць формаў і дэкору ў выглядзе палосак, сеткі, елачкі характэрна для чорнаглянцаваных вырабаў паўд.-зах. Беларусі (Пружаны, Ружаны Пружанскага р-на, Поразава Свіслацкага р-на, Мір Карэліцкага р-на). Кантрастам маляўнічых падцёкаў палівы карычневага, зялёнага, жоўтага колераў на светлым тэракотавым фоне чарапка вылучаліся глазураваныя вырабы. Ангобны дэкор, характэрны для вырабаў некат. асяродкаў ганчарства (Бабінавічы Лёзненскага р-на, Ракаў, Івянец Валожынскага р-на), быў сціплы і рэдка пераходзіў у стадыю ручной адвольнай размалёўкі (гл.Ракаўская кераміка).
У 1920—50-я г. ў многіх асяродках ганчарства былі створаны ганчарныя арцелі. У 1960-я г. адны з іх спынілі сваю дзейнасць, іншыя былі пераўтвораны ў дзярж. прадпрыемствы (гл. ў арт.Івянецкая кераміка). З сярэдзіны 20 ст. з насычэннем рынку прамысл. прадукцыяй традыц. ганчарства стала інтэнсіўна скарачацца. У наш час большасць ганчарных вырабаў страціла утылітарнае прызначэнне і выконвае пераважна дэкар.-маст. функцыі. Традыц. посуд нешырокага асартыменту (гаршкі, збанкі, вазоны) вырабляюць у некат. асяродках ганчарства, у ганчарных цэхах паасобных камбінатаў буд. матэрыялаў. На вытв-сці ганчарных вырабаў утылітарна-дэкар. і маст. прызначэння спецыялізуецца аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка» з прадпрыемствамі ў Івянцы, Радашковічах і Мазыры. З мэтай адраджэння традыц. ганчарства праведзены абласныя святы «Ганчарны круг — 95» у Обалі Шумілінскага р-на, «Ганчарны звон» у Любані (1996), рэспубліканскае свята «Ганчарны круг—96» у Бачэйкаве Бешанковіцкага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭ́ХНІКА (ад гідра... + тэхніка),
галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца вывучэннем водных рэсурсаў, іх выкарыстаннем у нар. гаспадарцы, барацьбой са шкодным уздзеяннем вод, буд-вам і эксплуатацыяй гідратэхнічных збудаванняў (ГТЗ). Цесна звязана з гідраўлікай, гідрамеханікай, гідралогіяй, геалогіяй, гідрагеалогіяй, будаўнічай механікай, механікай грунтоў і інш.
Гідратэхніка вывучае ўплыў вадзяных патокаў на ГТЗ і рэчышчы, распрацоўвае тэорыю ўстойлівасці ГТЗ і іх асноў, метады рэгулявання рачнога сцёку. Даследуе фільтрацыю вады праз грунты, стварае метады разліку і канструявання ГТЗ і іх асноў, спосабы іх буд-ва і эксплуатацыі (гл.Гідратэхнічнае будаўніцтва). Асн. кірункі практычнай гідратэхнікі: выкарыстанне воднай энергіі (гл.Гідраэнергетыка); абвадненне, арашэнне і асушэнне с.-г. зямель (гл.Меліярацыя, Меліярацыйная навука); водазабеспячэнне населеных пунктаў і прамысл. прадпрыемстваў, ачыстка сцёкавых вод і іх адвядзенне (гл.Каналізацыя); забеспячэнне суднаходства і лесасплаву па водных шляхах, неабходных умоў для рыбнай гаспадаркі; ахова населеных пунктаў, прамысл. прадпрыемстваў, ліній электраперадачы і сувязі, трансп. збудаванняў, с.-г. угоддзяў ад шкоднага ўздзеяння воднай стыхіі (наваднення, паводкі, апаўзання берагоў, утварэння яроў і інш.); ахова водных рэсурсаў ад забруджвання і вычарпання (гл.Ахова вод).
Гідратэхніка — адна з найб. старажытных галін навукі і тэхнікі. Яшчэ за 4400 г. да н.э. ў Стараж. Егіпце ствараліся каналы для арашэння зямель у даліне р. Ніл, будаваліся земляныя плаціны. У Вавілоне за 4—3 тыс.г. да н.э. ў гарадах працавалі водаправоды і артэзіянскія калодзежы. У перыяд росквіту Стараж. Грэцыі і Рыма пабудаваны водаправод у Карфагене, каналізацыя ў Рыме, пачалося асушэнне Пантыйскіх балот. За 2 тыс.г. да н.э. на тэр. сучасных Нідэрландаў будаваліся дамбы для аховы прыбярэжных тэрыторый ад затаплення. За 500—400 г. да н.э. створаны першыя суднаходныя збудаванні (канал ад Ніла да Чырвонага мора). У сярэднія вякі пашырыліся вадзяныя млыны (прыводзіліся ў дзеянне вадзянымі коламі), будаваліся сістэмы водазабеспячэння гарадоў і замкаў, суднаходныя шлюзы і порты, вяліся работы па асушэнні і арашэнні зямель. У 17—18 ст. з развіццём мануфактур звязана буд-ва плацін і гідрасілавых установак. У 2-й пал. 19 ст. развіццё гідратэхнікі звязана з вынаходствам гідраўлічных турбін і буд-вам гідраэлектрычных станцый, стварэннем водных шляхоў, асушальных і арашальных сістэм і г.д. У Расіі гідратэхніка пачала развівацца з канца 16 ст. У СССР развіццё гідратэхнікі звязана з асваеннем рэк Сібіры, Сярэдняй Азіі і Д.Усходу, буд-вам буйных арашальных і асушальных сістэм, каскадаў ГЭС на Волзе і Каме, працяглых каналаў, з рэканструкцыяй і збудаваннем глыбакаводных шляхоў і інш. Значны ўклад у развіццё гідратэхнікі зрабілі М.Я.Жукоўскі, М.С.Ляляўскі, М.М.Паўлоўскі, Ф.Р.Зброжак, М.А.Веліканаў, П.Г.Аляксандраў, Б.Я.Ведзянееў, Б.Р.Галёркін, М.М.Герсяванаў, С.Я.Жук і інш.
На Беларусі развіццё гідратэхнікі звязана з выкарыстаннем млыноў вадзяных (вядомыя з часоў Кіеўскай Русі, пашырыліся ў 16—18 ст.), з буд-вам у 18—19 ст. Агінскага, Аўгустоўскага, Бярэзінскага, Дняпроўска-Бугскага каналаў (гл. адпаведныя арт.), з дзейнасцю Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. У 1940—50-я г. пабудаваны міжкалгасныя і калгасныя ГЭС (179), з 1960-х г. вяліся буйнамаштабныя работы па стварэнні асушальна-ўвільгатняльных сістэм, сажалкавых рыбаводных гаспадарак, водазабеспячэнні населеных пунктаў, прамысл. прадпрыемстваў і г.д. У 1976 уведзена Вілейска-Мінская водная сістэма, у 1988 — Сляпянская водная сістэма. Даследаванні ў галіне гідратэхнікі вядуцца ў Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел.дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац.буд-ва, БПА, Брэсцкім політэхн. ін-це, БСГА і інш. Падрыхтоўка спецыялістаў-гідратэхнікаў вядзецца на ф-це энергет.буд-ваБПА, у Пінскім і Лепельскім гідрамеліярац. тэхнікумах.
Літ.:
Правдивец Ю.П., Симаков Г.В. Введение в гидротехнику. М., 1995;
Субботин А.С. Основы гидротехники. Л., 1983;
Чугаев Р.Р. Гидротехнические сооружения. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1985;
Сельскохозяйственные гидротехнические мелиорации. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЕ САМО́А (самаанскае Samoa i Sisifo, англ. Western Samoa),
Незалежная Дзяржава Заходняе Самоа (самаанскае Malo Sa’oloto Tuto’atasi o Samoa i Sisifo, англ. Independent State of Western Samoa), дзяржава ў зах.ч. архіпелага Самоа ў Ціхім ак. (усх.ч. архіпелага займае ўладанне ЗША — Усходняе Самоа). Уключае а-вы Савайі (1,7 тыс.км²), Уполу (1,1 тыс.км²) і 7 дробных. Падзяляецца на 11 акруг. Пл. 2831 км². Нас. 167 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Апія. Дзярж. мовы — самаанская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. З.С. — канстытуцыйная манархія. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Пажыццёвы кіраўнік дзяржавы — кароль. Паводле канстытуцыі пасля смерці караля манархія ў краіне будзе ліквідавана і Асамблея выбера кіраўніка дзяржавы тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. орган — Заканад. Асамблея з 47 членаў, выбраных насельніцтвам на 3 гады (45 ад карэннага, 2 ад некарэннага насельніцтва). Асамблея выбірае прэм’ер-міністра, якія фарміруе кабінет міністраў з членаў Асамблеі.
Прырода. Астравы вулканічнага паходжання, гарыстыя (выш. да 1885 м, в-аў Савайі). Шмат патухлых вулканаў, на в-ве Савайі дзеючы вулкан Матавану. Берагі ў многіх месцах акаймаваны каралавымі рыфамі. Клімат субэкватарыяльны і трапічны пасатны, вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 25—27 °C. Ападкаў 2000—3000 мм, на вяршынях гор да 7000 мм; частыя ўраганы. Шмат горных рэчак і ручаёў. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць 47% тэрыторыі. Мора багатае рыбай. Нац. парк Оле-Пупу-Пуэ на в-ве Уполу.
Насельніцтва. Самаанцы, народ палінезійскага паходжання, складаюць 90%. Жывуць таксама еўрапейска-самаанскія метысы (каля 9%), невял. групы кітайцаў і еўрапейцаў. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (71%) і католікі (22%). Сярэдняя шчыльн.нас. 59 чал. на 1 км², найб. населены ўзбярэжжы. 72% нас. жыве на в-ве Уполу. Гарадскога нас. 59% (1993). Моцная эміграцыя пераважна ў Новую Зеландыю. За мяжой жыве каля 90 тыс. самаанцаў.
Гісторыя. Астравы Самоа са стараж.часоў былі заселены палінезійцамі (на мяжы 2-га і 1-га тысячагоддзяў да н.э.). Адкрыты ў 1722 галандскім мараплаўцам Я.Рогевенам. Іх даследавалі франц. экспедыцыі Л.Бугенвіля (1768) і Ж.Лаперуза (1787). У 1830 англ. місіянеры заснавалі тут евангелічную місію. У 1889 ЗША, Германія і Вялікабрытанія ўстанавілі трохбаковы пратэктарат пад Самоа, а ў 1899 ажыццявілі іх падзел, зах. частку атрымала Германія, усх. — ЗША; Вялікабрытанія адмовілася ад сваёй часткі на карысць Германіі за яе нейтралітэт у бурскай вайне. У 1914 акупіравана Новай Зеландыяй, якая ў 1920 атрымала ад Лігі нацый мандат на кіраванне З.С. З 1946 падапечная тэр.ААН пад кіраваннем Новай Зеландыі. З 1962 незалежная дзяржава.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (занята больш за 70% працаздольнага насельніцтва). Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае 700—900 дол. ЗША за год. Апрацаваныя землі займаюць 42% пл. краіны. Гал. таварныя культуры: какосавая пальма (штогадовая вытв-сць копры 20—30 тыс.т), бананы (каля 25 тыс.т), какава (каля 2 тыс.т). Меншае значэнне маюць мускатны арэх, чорны перац, кава. На свае патрэбы вырошчваюць тара, ямс, батат, кукурузу, рыс, плады хлебнага дрэва, агародніну, апельсіны, ананасы, папайю, манга. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 30 тыс. галоў), свіней (каля 70 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Рыбалоўства і марскія промыслы. Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па перапрацоўцы прадукцыі сельскай гаспадаркі, вытв-сці адзення, абутку, харч. прадуктаў, сувеніраў, тытунёвых вырабаў, запалак і інш. Ёсць мылаварны і піваварны з-ды, швейная, мэблевая, тытунёвая, какосавага алею, кандытарская, марожанага, кока-колы ф-кі. Лесапрамысл. комплекс на в-ве Савайі. Народныя маст. промыслы і выраб сувеніраў. Штогод краіну наведвае каля 30—50 тыс. турыстаў пераважна з Новай Зеландыі і Аўстраліі. Агульная працягласць аўтадарог 1800 км, з іх 260 км з цвёрдым пакрыццём. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца ў асноўным марскім транспартам. Гал. порт — Апія. Гал. экспартныя тавары — какосавыя крэм і алей, копра, какава, кава, бананы, тара, піва, сокі, цыгарэты, драўніна. У імпарце пераважаюць прадукты харчавання, прамысл. і хім. тавары, паліва. Асн.гандл. партнёры: Аўстралія, Новая Зеландыя, Германія, Японія. Вял. ролю адыгрываюць замежная дапамога і грашовыя пераводы эмігрантаў. Грашовая адзінка — тала (заходнесамаанскі долар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬТАВЫЯ ЗБУДАВА́ННІ Прызначаны для адпраўлення абрадаў рэлігійных. Тыпалогія і гісторыя развіцця К.з. абумоўлена прыналежнасцю да пэўнага веравызнання
(канфесіі),
а таксама ходам развіцця архітэктуры і буд. тэхнікі. Асн. тыпы К.з.: царква, сабор (праваслаўе), касцёл, сабор (каталіцызм), мячэць (іслам), кірха, збор (пратэстантызм), сінагога (іудаізм), пагада, ступа, дацан (будызм), малельны дом у старавераў, а таксама капішчы, званіцы, капліцы, мінарэты, капэлы, кляштары, лаўры, медрэсэ, некат. мемар. збудаванні (піраміды, мастабы, грабніцы) і інш.
Найб. раннія К.з. — мегалітычныя збудаванні позняга неаліту і часоў бронзы. Менгіры, дальмены, кромлехі, катакомбы вядомы ў многіх частках свету (Англія, Скандынавія, Італія, Францыя, Індыя, Кітай, Каўказ). У рабаўладальніцкім грамадстве будавалі грабніцы з пірамідамі ў гонар фараонаў (піраміда Джасера ў Егіпце, 2800 да н.э.), храмы-зікураты (зікурат Этэменанкі ў Вавілоне, т.зв. Вавілонская вежа, сярэдзіна 7 ст. да н.э.). У часы Новага царства (16—11 ст. да н.э.) у Егіпце з’явіліся храмы, прысвечаныя багам (храм Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). У Стараж. Грэцыі і Рыме са з’яўленнем сістэмы ордэраў К.з. становяцца самымі багатымі і манум. будынкамі гарадоў (храм Парфенон у Афінах, 447—438 да н.э.; Пантэон у Рыме, 118—128 н.э.). Найб. пашыраны тып К.з. у Рым. імперыі — базіліка. Разнастайнасцю тыпаў вызначаецца архітэктура К.з. Візантыі (найб. грандыёзнае збудаванне — Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). У раманскі і гатычны перыяды колькасць тыпаў К.з. рэзка зменшылася. Культавая архітэктура Адраджэння вярнулася да ант. ордэра (сабор св. Пятра ў Рыме, 1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж. дэла Порта, Дж.Віньёла, К.Мадэрна і інш.). У перыяды барока (палац Сан-Сусі ў г. Патсдам, Германія, 1745—47, арх. Г. фон Кнобельсдорф) і класіцызму (Казанскі сабор у С.-Пецярбургу) ажыццяўляецца перапрацоўка ордэрнай сістэмы. К.з. 20 ст. адметныя выкарыстаннем новых канстр. і пластычных вырашэнняў, маст. выразнасцю (царква Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане, Францыя, 1950—54, арх. Ш.Э. Ле Карбюзье).
На Беларусі найб. пашыраны правасл. і уніяцкія цэрквы, каталіцкія касцёлы і капліцы, кальвінскія зборы, кляштары, трапляюцца сінагогі, мячэці. Мураваныя цэрквы вядомы з 11 ст.Асн. іх тып — крыжова-купальны храм. У 13—16 ст. К.з. звычайна з’яўляліся храмамі-крэпасцямі, у іх архітэктуры былі элементы готыкі і рэнесансу. На мяжы 16—17 ст. яны мелі бязвежавыя або 1-, 2- і 3-вежавыя гал. фасады (Мірскі Мікалаеўскі касцёл, Камайскі касцёл). У 17—18 ст.асн.маст. кірункам у архітэктуры быў стыль барока (касцёл у в. Адэльск Гродзенскага р-на, сярэдзіна 18 ст.). У гэты час пашырыліся 1- і 3-нефавыя базілікі без трансепта, крыжовыя і крыжова-купальныя, спачатку з бязвежавым ці 1-вежавым, потым, як правіла, 2-вежавым фасадам (Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай, Жыровіцкі Успенскі манастыр, Нясвіжскі касцёл езуітаў). Часта К.з. ставілі ў ансамблі з манастырамі і кляштарамі (Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, манастыр базыльян у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). У 1-й пал. 19 ст. архітэктура К.з. набыла рысы класіцызму (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор), з сярэдзіны 19 ст. — эклектычныя формы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарус. і псеўдавізант. (Мінская царква Аляксандра Неўскага), мадэрн. Са старажытнасці пашыраны таксама драўляныя К.з.: зрубныя (царква ў в. Здзітава Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., 1502) і пабудаваныя «ў стоўп» (Успенская царква Пінскага Лешчанскага манастыра). У перыяд барока пераважалі збудаванні 2-зрубнай базілікальнай структуры з бязвежавым, пазней 2-вежавым гал. фасадам (царква ў в. Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., 1737), 3-зрубныя з рытмічным спалучэннем аб’ёмаў і самаст. крыццём кожнага зруба (Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква). У 17—1-й пал. 19 ст. пашыраны манум. 4- і 5-зрубныя крыжова-купальныя К.з. з планам у выглядзе грэч. або лац. крыжа (Ільінская царква ў Віцебску). Драўляныя К.з. канца 19 — пач. 20 ст., як і мураваныя, маюць эклектычныя формы (касцёл у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл., 1899).
С.А.Сергачоў, Т.В.Габрусь.
Да арт.Культавыя збудаванні. Касцёл у вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай. Пач. 17 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Саборная мячэць у г. Керман (Іран).Да арт.Культавыя збудаванні. Ступа Бадхнатх у Катманду (Непал). 1 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПАЛЕО́НАЎСКІЯ ВО́ЙНЫ,
войны Францыі ў перыяд праўлення Напалеона I [1799—1814, 1815]. На момант усталявання ў ліст. 1799 ваен. дыктатуры Напалеона I Францыя ваявала з 2-й антыфранц. кааліцыяй (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя, Неапалітанскае каралеўства). Няўдалая Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801, Італьянскі паход Суворава 1799 пазбавілі Францыю б.ч. заваяванняў часоўФранцузскай рэвалюцыі 1789—99. У чэрв. 1800 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстр. войскі ў Італіі пры Марэнга. Другая франц. армія на чале з ген. Ж.Маро разбіла 3.12.1800 аўстрыйцаў у Германіі пад Гогенліндэнам. У 1801 падпісаны мірныя дагаворы з Аўстрыяй, Турцыяй і Расіяй; Ам’енскі мірны дагавор 1802 з Вялікабрытаніяй. Але ў маі 1803 вайна аднавілася. Паражэнне аб’яднанага франка-ісп. флота ў Трафальгарскай бітве 1805 сарвала планы Напалеона I уварвацца ў Англію. У жн.—вер. 1805 створана 3-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Аўстрыя і Швецыя). У кастр. 1805 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстрыйцаў пры Ульме, а 2.12.1805 — руска-аўстр. войскі ў Аўстэрліцкай бітве. 26.12.1805 Аўстрыя падпісала Прэсбургскі мірны дагавор, паводле якога прызнавала ўсе франц. захопы ў Італіі, у зах. і паўд. Германіі. У вер. 1806 склалася 4-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Прусія, Швецыя). У Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806франц. армія разграміла прускае войска. 14.6.1807 рус. войскі пацярпелі паражэнне пры Фрыдландзе, што прымусіла рас. імператара Аляксандра I падпісаць Тыльзіцкі мір 1807, паводле якога Расія далучалася да кантынентальнай блакады Вялікабрытаніі і пагаджалася на стварэнне Варшаўскага герцагства. У 1807—11 была акупіравана Партугалія. Вясной 1808 Напалеон I акупіраваў Іспанію, арыштаваў ісп. караля Карла IV і яго сына Фердынанда і пасадзіў на ісп. прастол свайго брата Жазефа, што прывяло да нар. паўстання ў Іспаніі. Напалеон I ажыццявіў паход у Іспанію, але не здолеў задушыць паўстанне. У крас. 1809 Аўстрыя і Вялікабрытанія стварылі 5-ю антыфранц. кааліцыю. 5—6.7.1809 у бітве пры Ваграме аўстрыйцы былі разбіты і падпісалі ў кастр. 1809 Шонбрунскі мірны дагавор, які замацоўваў залежнасць Аўстрыі ад Францыі і пазбаўляў яе многіх уладанняў. У выніку Н.в. склалася вялізная імперыя Напалеона I; шэраг краін знаходзіўся ў васальнай залежнасці ад Францыі. Але яму прыйшлося сутыкнуцца з моцным супраціўленнем у падуладных краінах, у т. л. з партыз. вайной (герылья) у Іспаніі, якую падтрымлівалі брыт. войскі. У выніку абвастрэння рус.-франц. супярэчнасцей 24.6.1812 Напалеон I з «Вялікай арміяй» уварваўся ў Расію. У ходзе вайны 1812 Напалеон I стварыў на акупіраванай тэр. Літвы і Беларусі Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага і сфарміраваў шэраг ваен. часцей (гл.Літоўскія войскі 1812). Паражэнне «Вялікай арміі» ў Расіі, у т. л. ў шэрагу аперацый на тэр. Беларусі (гл., напр., Бярэзінская аперацыя 1812), прывяло да ўздыму антыфранц. руху ў Еўропе. Да створанай у ліп. 1812 6-й антыфранц. кааліцыі (Расія, Вялікабрытанія, Швецыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій) у 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Пасля перамогі саюзнікаў у Лейпцыгскай бітве 1813франц. войскі адступілі на тэр. Францыі. 31.3.1814 саюзнікі занялі Парыж. Пасля адрачэння 6.4.1814 Напалеона I саюзнікі і Францыя падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1814, паводле якога Францыя пазбаўлялася ўсіх заваяванняў пасля 1792, а на франц. троне адноўлена дынастыя Бурбонаў. У вер. 1814 пачаў працу Венскі кангрэс 1814—15, каб вырашыць усе пытанні мірнага ўрэгулявання ў Еўропе. Але ў сак. 1815 Напалеон I аднавіў сваю ўладу ў Францыі (гл.«Сто дзён»), Удзельнікі Венскага кангрэса стварылі 7-ю антыфранц. кааліцыю. Франц. войскі былі разбіты 18.6.1815 пры Ватэрлоо. 22.6.1815 Напалеон I зноў адрокся ад трона. У ліп. 1815 войскі саюзнікаў уступілі ў Парыж і аднавілі на франц. троне Людовіка XVIII, з якім падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1815, чым і завершаны Н.в.
Літ.:
Зак Л.А. Англия и германская проблема: (Из дипломат. истории наполеоновских войн). М., 1963;
Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965;
Вандаль А. [Сочинения]: Пер. с фр.Т. 1—4. Ростов н/Д, 1995;
Исдейл Ч.Дж. Наполеоновские войны: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧНЫ́ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту для перавозак пасажыраў і грузаў па ўнутр. водных шляхах (рэках, азёрах, вадасховішчах, каналах). Судны Р.т. паводле прызначэння падзяляюцца на транспартныя, тэхнічныя і дапаможныя. Да транспартных суднаў належаць пасажырскія, сухагрузныя, наліўныя судны, штурхачы і буксірныя судны. Тэхнічны флот складаецца з суднаў для правядзення пуцявых работ, службова-дапаможныя судны — ледаколы, паромы, плывучыя краны, таксама парты, прыстані, брандвахты, рамонтныя майстэрні, рамонтна-эксплуатац. базы і інш. Рачныя судны бываюць самаходныя (параходы, цеплаходы, электраходы і інш.) і несамаходныя (баржы, баркасы, ліхтэры і інш.). Вылучаюцца магістральныя рачныя шляхі, у т. л. міжнародныя, якія абслугоўваюць знешнегандл. перавозкі некалькіх дзяржаў (напр., рэкі Дунай, Одэр, Рэйн, Амур, Парагвай, Нігер), міжраённыя, што абслугоўваюць перавозкі паміж буйнымі раёнамі ўнутры краіны (напр., рэкі Волга, Янцзы, Місісіпі), і мясцовыя, якія абслугоўваюць унутрыраённыя сувязі. Р.т. у многіх краінах мае шэраг пераваг у параўнанні з інш. відамі транспарту — меншыя затраты на суднаходства і ніжэйшы сабекошт перавозак.
Узнік за тысячы гадоў да н.э. ў Месапатаміі, Стараж Егіпце, Кітаі 1 інш. Напачатку выкарыстоўваліся грабныя і ветразевыя судны. У 12—14 ст. з ростам гарадоў, размешчаных на рэках, і развіццём гандлю павялічваліся перавозкі грузаў па вадзе Буд-ва шлюзаваных рачных шляхоў (16 ст.) значна палепшыла суднаходства. У развіцці Р.т., падзешаўленні рачных перавозак вял. ролю адыграла выкарыстанне на суднах паравога рухавіка (19 ст.). У Расіі першыя штучныя водныя сістэмы пабудаваны ў 18 — пач. 19 ст., паравое рачное суднаходства пачало развівацца з 1815, на Украіне — з 1823. У 1857 арганізавана «Рускае таварыства параходства і гандлю».
Р.т. развіты ў многіх краінах свету. У ЗША нафта і нафтапрадукты, вугаль, мінер.-буд. і інш. грузы перавозяцца па рэках бас. Місісіпі, якія злучаны каналамі з Вялікімі азёрамі, маюць выхад праз р. Гудзон да ўзбярэжжа Атлантычнага ак. У Канадзе грузаперавозкі ажыццяўляюцца па Вялікіх азёрах і р.Св. Лаўрэнція. У Зах. Еўропе Р.т. найб. развіты ў Германіі (Рэйн. Эльба, Одэр і сістэмы каналаў, якія злучаюць іх), Францыі і Нідэрландах. Для сувязей паміж краінамі Паўд.-Усх. Еўропы вялікае значэнне мае Дунай. На Украіне Р.т. развіты на Дняпры. Р.т. мае вял. значэнне для Кітая (Янцзы, Хуанхэ, Вялікі канал), Індыі і Бангладэш (Ганг і Брахмапутра, шматлікія пратокі іх агульнай дэльты), Пакістана (Інд), краін Паўд.-Усх. Азіі (Іравадзі, Меконг і інш.), Бразіліі (Амазонка з прытокамі), Аргенціны (Ла-Плата з прытокамі), краін Афрыкі (Конга, Нігер, Ніл) і інш.
На Беларусі воднымі шляхамі карысталіся са стараж.часоў для абмену таварамі з жыхарамі Прыбалтыкі, Прычарнамор’я, Прыкаспія. Па рэках Дняпро і Зах. Дзвіна праходзіў шлях «з варагаў у грэкі». Па рэках Прыпяць і Зах. Буг ажыццяўляліся гандл. сувязі з Польшчай і Чэхіяй. Для асваення лясных масіваў і вывазу драўніны пабудаваны Бярэзінская водная сістэма, Агінскі, Аўгустоўскі і Дняпроўска-Бугскі каналы. Паравое суднаходства на Дняпры і Прыпяці вядзецца з 1850, калі пасажырскі параход «Вісла» пачаў рэгулярныя рэйсы паміж Пінскам і Краменчугом. У 1905 даўжыня суднаходных шляхоў складала 4403 км, для лесасплаву выкарыстоўвалася 9890 км рэк і каналаў. У 1920—30-я г. Р.т. ператварыўся ў развітую галіну нар. гаспадаркі. У 1940 даўжыня суднаходных шляхоў склала 3,7 тыс.км, працавалі 103 самаходныя і 229 несамаходных адзінак. У Вял.Айч. вайну амаль увесь рачны флот затоплены ці спалены, парты, суднарамонтныя прадпрыемствы, гідратэхн. збудаванні разбураны. У 1946—50 Р.т. адноўлены. Пачаліся рэканструкцыя і буд-ва новых гідратэхн. збудаванняў, партоў, прыстаней, развіццё суднабудавання. У 1978 пабудаваны суднаходны канал ад р. Прыпяць да камбіната нярудных матэрыялаў «Мікашэвічы» (Лунінецкі р-н Брэсцкай вобл.). Рачныя зносіны ажыццяўляюцца па рэках Дняпро, Гарынь, Прыпяць, Сож, Бярэзіна (прыток р. Дняпро), Нёман, Зах. Дзвіна. Агульная працягласць эксплуатуемых водных шляхоў у канцы 20 ст. склала каля 2500 км. Рачныя парты: Гомельскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Магілёўскі, Пінскі, Мазырскі, Мікашэвіцкі, Рэчыцкі. Грузавы флот Р.т. прадстаўлены буксірнымі і несамаходнымі суднамі, рэйдавы і буксірны флот — буксірамі-штурхачамі. Пасажырскі флот мае скарасныя судны на падводных крылах тыпу «Ракета», «Палессе», глісіраваныя «Зара» і інш. У экскурсійна-прагулачных мэтах выкарыстоўваюцца спецыялізаваныя судны «Масква». У 1998 перавезена 141 тыс. пасажыраў.