ПАГО́ДЗІН Міхаіл Пятровіч (23.11.1800, Масква — 20.12.1875),
расійскі гісторык, публіцыст і пісьменнік. Акад. Пецярбургскай АН (1841). Скончыў Маскоўскі ун-т (1821), у 1826—44 праф. у ім. Выдаваў час. «Московский вестник» (1827—30), «Москвитянин» (1841—56). Даследаваў стараж. і слав. гісторыю з пазіцый нарманскай тэорыі і адначасовага прызнання самабытнасці рас. гісторыі. Прыхільнік афіц. кірунку, прапаведаваў «праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць», з 1860-х г. — панславізм. Высветліў крыніцы «Аповесці мінулых гадоў». Асн. творы: «Даследаванні, заўвагі і лекцыі аб рускай гісторыі» (т. 1—7, 1846—57), «Даследаванне Нестаравага летапісу» (1836), «Пасольская метрыка княства Літоўскага» (1843), «Польскае пытанне» (1867). Прыхільнік бел. гісторыка З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, часткова апублікаваў складзены ім атлас стараж. гарадзішчаў Беларусі. Сабраў вял. б-ку рукапісаў і старадрукаваных кніг, у т. л. кнігі Ф.Скарыны. У л-ры ліберальна-дваранскі пісьменнік. Аўтар быт. «Аповесцей» (ч. 1—3, 1832), гіст. драмы «Марфа Пасадніца» (1830) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЕ́ЦКІ УНІВЕРСА́Л,
заканадаўчы акт, падпісаны Т.Касцюшкам 7.5.1794 у лагеры каля мяст. Паланец пад Сандамірам у час паўстання 1794. Складзены пры ўдзеле Г.Калантая. Быў 1-й спробай усебаковага рэфармавання становішча сялян у Рэчы Паспалітай, меў на мэце прыцягнуць іх да ўдзелу ў паўстанні. Абвясціў аб прадастаўленні сялянам асабістай свабоды пры ўмове іх разліку з землеўладальнікам, скарачэнні паншчыны на 33—50% у часе паўстання і яе адмене для сялян, якія далучыліся да паўстання, прызнаў права сялян на зямлю, якую яны апрацоўвалі, і забараніў іх згон. У якасці кампенсацыі землеўласнікам за змяншэнне паншчыны П.у. прадугледжваў заключэнне з сялянамі дагавораў аб наёмнай працы (фактычна прымусовай). Быў устаноўлены ін-т дазорцаў, якія павінны былі разглядаць спрэчкі паміж сялянамі і землеўласнікамі. Рэалізацыя універсала сустрэла процідзеянне шляхты. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) рэформы, прадугледжаныя П.у., скасаваны новымі дзярж. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,
тып тлумачальнага слоўніка, які змяшчае аднакарэнныя словы, што маюць марфемнае і гукавое падабенства, але выражаюць розныя сэнсавыя паняцці (паронімы; гл.Паранімія). Напр., «Слоўнік паронімаў сучаснай рускай мовы» Ю.А.Бельчыкава і М.С.Панюшавай (1994). Паранімічны рад звычайна складаецца з 2 слоў, часам у яго ўваходзяць і 3—4 словы («давераны—даверлівы—даверны», «дублет—дуплет—дублікат—дубальт»). У бел. лексікаграфіі першая спроба стварэння П.с. — слоўнік «Цяжкія выпадкі ўжывання блізкіх па гучанні слоў; (Слоўнік паронімаў беларускай мовы)» С.М.Грабчыкава (1977; уключае больш за 1600 слоў). На аснове гэтага слоўніка ім жа складзены «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» (1994; уключае больш за 3300 слоў). Міжмоўнае ўзаемапранікненне ў галіне аманіміі, параніміі і полісеміі адлюстравана ў слоўніку «Міжмоўныя амонімы і паронімы» Грабчыкава (1980; 550 рус.-бел. аманімічных і паранімічных пар).
Літ.:
Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАМЯНІ́СТЫЯ», Таварыства сяброў карыснай забавы,
легальная патрыятычная арг-цыя студэнтаў Віленскага ун-та ў крас.—чэрв. 1820. Засн. Т.Занам (Архіпрамяністы, Архі). Аб’ядноўвала моладзь Беларусі, Літвы і Польшчы. Кіраўніцтва ажыццяўлялі філаматы. Структура арг-цыі распрацавана А.Петрашкевічам. Статут «Пятнаццаць правіл паводзін для моладзі, якая належаць Таварыству сяброў карыснай забавы» складзены Ю.Яжоўскім і зацверджаны 3.6.1820 рэктарам ун-та Ш.Малеўскім. Паводле статута мэтай П. было далучэнне моладзі да навукі, добрыя паводзіны, падтрымка роднай мовы, л-ры, гісторыі і г.д. Колькасць П. дасягала 200—300 чал. (каля 33% віленскіх студэнтаў). Хуткі рост колькасці П. выклікаў у кансерватыўных колах рэакц. часткі прафесуры ун-та і святароў нараканні, якія прывялі да забароны т-ва. Пасля першага следства па справе П. у 1822 быў вынесены вердыкт, што гэта не тайнае т-ва, а дазволенае рэктарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СКА́РБНІЦА ГРА́МАТ»,
«Скарбніца грамат папскіх, імператарскіх, каралеўскіх, княжацкіх, нацыянальных ухвал, пастаноў розных улад і ўрадаў, якія служаць крытычнаму высвятленню гісторыі Літвы, Літоўскай Русі і суседніх краін» («Skarbiec dyplomatów...»), зборнік гіст. крыніц па гісторыі Літвы і ВКЛ са стараж. часоў да Люблінскай уніі 1569. Складзены І.М.Даніловічам на польскай мове, выдадзены пасмяротна Я.Сідаровічам пры ўдзеле М.Круповіча ў 2 тамах у Вільні ў 1860—62. У ёй змешчаны 2383 дакументы з 824 г. да 1569 у асноўным у выглядзе рэгестаў (кароткі пераказ зместу), сярод іх лісты і граматы рымскіх пап, імператараў «Свяшчэннай Рымскай імперыі», каралёў, вял. князёў ВКЛ, магістраў, комтураў і інш. службовых асоб Нямецкага і Інфлянцкага ордэнаў. Пераважаюць дакументы паліт. характару, дыпламат. перапіска, ёсць даравальныя граматы, граматы гарадам на магдэбургскае права, агульназемскія прывілеі, мірныя дагаворы, акты дзярж. уній ВКЛ і Польшчы, асобныя паведамленні з летапісаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНАВЫ́ ХРЫБЕ́Т,
сістэма горных хрыбтоў ва Усх. Сібіры і на Д. Усходзе Расіі, пераважна ў Якуціі (Саха) і Амурскай вобл.; водападзел паміж басейнамі рэк Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў. Працягваецца ад сярэдняга цячэння р. Алёкма да вытокаў р. Учур (бас.р. Алдан). Даўж. каля 700 км, шыр. 100—180 км. Пераважаюць выш. 1500—2000 м, найб. 2412 м. 2 паралельныя хрыбты падзелены падоўжнымі далінамі. Складзены з дакембрыйскіх і ніжнепалеазойскіх адкладаў, у шматлікіх мясцінах перарваных інтрузіямі гранітаў. Шматгадовая мерзлата. Радовішчы золата, рэдкіх металаў, кам. і бурага вугалю, жал. руды, слюды. Клімат суровы, кантынентальны. Зіма халодная і працяглая, маразы да -30, -40 °C. Ападкаў каля 500 мм за год (да 80% выпадае летам). Рэкі бас. Лены і Амура. Схілы да 1300 м укрыты лістоўнічнымі і яловымі лясамі, вышэй зараснікі кедравага сланіку і горная тундра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ТРЫ (Tatry),
горны масіў у Польшчы і Славакіі, самы высокі ў Карпатах. Даўж. 65 км, выш. да 2655 м (г. Герлахаўскі-Шціт, найвышэйшы пункт Карпат). Далінамі рэк Ваг і Горнад падзелены на Высокія і Нізкія Татры. Высокія Татры складзены з гранітаў, гнейсаў, маюць зубчаты грэбень, альпійскія формы рэльефу (трогі, цыркі, каравыя азёры). У Нізкіх Татрах трапляюцца таксама вапнякі з карставымі формамі рэльефу. Т. моцна ўвільготнены атл. цыклонамі на працягу года (800—1200 мм за год). Снегавое покрыва 6—8 месяцаў. Вясной і восенню характэрны вятры фены. У раслінным покрыве — дубова-букавыя лясы да выш. 700 м, букава-піхтавыя лясы да выш. 1200 м, субальпійскае хваёвае крывалессе з зараснікамі рададэндрану і чарнічніку да 1800 м, вышэй альпійскія лугі і камяністыя россыпы. Татранскі нацыянальны парк. Цэнтры зімовага спорту (Закапанэ і інш.). Курорты. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕСТ (грэч. Phaistos),
старажытны горад на Пд в-ва Крыт, буйны цэнтр крыта-мікенскай культуры. У эпоху неаліту і ранняй бронзы Ф. — невял. паселішча. Каля 2200 да н. э. тут узведзены манументальны царскі палац, які мае шмат агульнага з палацам Кноса; адметны 3 брукаванымі дварамі, свяцілішчамі і т.зв. тэатральнай пляцоўкай з прыступкамі-лавамі для 500 гледачоў. Пасля землетрасення (сярэдзіна 18 ст. да н.э.) палац цалкам перабудаваны і пашыраны. Новы палац вызначаўся высокім узроўнем буд. майстэрства: сцены шматлікіх памяшканняў і доўгіх калідораў складзены з чэсаных пліт, выкарыстана фрэскавая размалёўка, меў шмат гасп. памяшканняў і разгалінаваны водаправод. Быў абкружаны калонамі, меў перыстыльны двор. Вакол палацавага ўзгорка размяшчаўся горад. Каля 1470 да н.э. Ф. разбураны землетрасеннем, пасля якога тут знаходзілася невял. паселішча. У 1900—66 даследаваны італьян. археолагамі.