ЛЕЦЫЦІ́НЫ (ад грэч. lekithos яечны жаўток),
халінфасфатыды, складаныя эфіры амінаспірту халіну і дыгліцэрыдфосфарных кіслот; найважн. прадстаўнікі фосфаліпідаў. Малекулы складаюцца з рэшткаў гліцэрыну, тлушчавых к-т, фосфарнай к-ты і халіну.
Гіграскапічныя воскападобныя рэчывы, добра раствараюцца ў спіртах. У арганізме чалавека многа Л. у печані, сардэчнай мышцы, нерв. тканцы. Шмат Л. у яечным жаўтку, ікры рыбы, насенні coi і сланечніку. Асн. функцыя ў арганізме — удзел у будаўніцтве біял. мембран. Шэраг Л. атрыманы сінтэтычна. У медыцыне пры хваробах нерв. сістэмы, анеміях ужываюць цэрабралецыцін, які атрымліваюць экстракцыяй з мозга буйн. раг. жывёлы. Выкарыстоўваецца ў харч., тэкстыльнай і касметычнай прам-сці.
т. 9, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМАТЫЦЫ́ДЫ [ад нематоды + ...цыд(ы)],
хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для знішчэння круглых чарвей — паразітаў раслін; клас пестыцыдаў. Н. сістэмнага дзеяння (паглынаюцца раслінай і пашыраюцца па яе тканках) трапляюць у арганізм чарвей з кормам, Н. кантактнага дзеяння (выкарыстоўваюцца звычайна супраць сцябловых і лісцевых нематод пры апырскванні раслін) і Н.-фуміганты (супраць каранёвых нематод пры ўнясенні ў глебу, папярэдняй апрацоўцы пасяўнога ці каранёў пасадачнага матэрыялу — праз покрывы цела чарвяка. Некат. Н. (напр., гетэрафос, карбафуран) дзейнічаюць і як пестыцыды інш. класаў. На Беларусі дазволены для выкарыстання прэпараты Н. (1998): базаміт-гранулят (дазамет), відат (аксаміл), гетэрафос, каўнтэр (тэрбуфос), фурадан (карбафуран). Гл. таксама Антыгельмінтыкі.
т. 11, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУКЛЕАПРАТЭІ́ДЫ,
складаныя комплексы нуклеінавых кіслот з бялкамі. Адрозніваюць Н. ў комплексе з ДНК і РНК. Дэзоксірыбануклеапратэіды знаходзяцца ў ядрах клетак (рэчывы храмасом), мітахондрыях і галоўках сперматазоідаў. Іх бялкі з’яўляюцца гістонамі і пратамінамі (нізкамалекулярныя бялкі), размяшчаюцца ў жалабках двайной спіралі ДНК, стабілізуюць яе структуру і рэгулююць матрычную актыўнасць; звязаны з нуклеінавай к-той электрастат. узаемадзеяннем. Рыбануклеапратэіды ўваходзяць у склад рыбасом, вірусаў, інфармасом. Кожная з гэтых структур мае адну або некалькі малекул РНК і дзесяткі розных бялкоў. Вылучаныя і ачышчаныя кампаненты рыбасом і вірусаў здольныя да самазборкі і ўтварэння біялагічна актыўных сістэм (напр., інфекц. вірусаў).
С.С.Ермакова.
т. 11, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЬ,
салодкія густыя выдзяленні насякомых, што жывяцца расл. сокамі: даўганосікаў, лістаблошак, тлей, чарвяцоў і інш. Паяўляецца звычайна на лісці дрэў, кустоў, пры багатым выдзяленні (найб. ў гарачае надвор’е) падае дробнымі кропелькамі (адсюль назва).
Свежавыдзеленая П. празрыстая, на паветры хутка цямнее і загусае. Мае 5—18% сухога рэчыва. 90—95% якога складаюць вугляводы: менш, чым у нектары, монацукрыдаў (глюкоза, фруктоза), больш алігацукрыдаў (цукроза, мелецытоза) і дэкстрынаў, астатняе — спірты (маніт, дульцыт), ферменты, амінакіслоты, аміды, арган. к-ты, мінер. рэчывы і інш. Як і мядовая раса, збіраецца пчоламі (пры недахопе меданосаў і інш.) і перапрацоўваецца імі ў падзевы мёд.
т. 11, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХА́НІКА СЫ́ПКІХ АСЯРО́ДДЗЯЎ,
раздзел механікі суцэльных асяроддзяў, дзе вывучаюцца раўнавага і рух сыпкіх асяроддзяў (напр., пясчаных грунтоў, здробненага вугалю, зерня). Найб. развіты раздзел М.с.а. — механіка грунтоў.
Займае прамежкавае становішча паміж механікай суцэльных асяроддзяў і механікай сістэм матэрыяльных пунктаў, што абумоўлівае фенаменалагічны і статыстычны спосабы апісання руху асяроддзяў (напр., вызначэнне ціску асяроддзя на апорныя сценкі, магчымых форм паверхні асыпання адхонаў). Пры фенаменалагічным апісанні грануляваныя асяроддзі разглядаюцца як рэчывы з уласцівасцямі, прамежкавымі паміж уласцівасцямі цвёрдага цела і вадкасці. Пры статыстычным апісанні з дапамогай розных працэдур асярэднення мікраўласцівасцей часцінак атрымліваюць ураўненні, якія апісваюць макраўласцівасці грануляванага асяроддзя.
А.У.Чыгараў.
т. 10, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КРЫЎНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
с.-г. культуры, пад якія падсяваюць насенне інш. раслін (падсяўных культур). Сумеснае іх вырошчванне дазваляе атрымаць 2 ураджаі кармавых раслін за год, рацыянальна выкарыстоўваць сонечную энергію, вільгаць, пажыўныя рэчывы глебы.
П.к. павінны мець кароткі вегетац. перыяд, рана вызваляць пашу, не зацяняць падсяўную культуру. Як П.к. выкарыстоўваюць азімыя (жыта, пшаніца) і яравыя (ячмень, пшаніца, авёс) збожжавыя, лён і інш. Усходы падсяўных культур павінны добра пераносіць зацяненне, запаволена расці ў першую палову вегетац. перыяду, не пагаршаць умовы росту П.к. Часцей гэта травы — шматгадовыя (канюшына, цімафееўка, люцэрна, эспарцэт) або аднагадовыя (сырадэля, лубін, баркун, морква, турнэпс).
т. 12, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВО́ДНЫЯ ТКА́НКІ раслін,
тканкі, якія служаць для перамяшчэння па расліне пажыўных рэчываў. Па ксілеме ад каранёў да лісця з глебы паступае вада з мінер. рэчывамі, па лубе (флаэме) ад лісця да інш. органаў (каранёў, пупышак, кветак, пладоў) — рэчывы, што сінтэзуюцца ў лісці, пераважна прадукты фотасінтэзу. Ксілема і луб размяшчаюцца звычайна побач і ўтвараюць цяжы, ці праводныя пучкі, што фарміруюць у целе расліны бесперапынную разгалінаваную сістэму, якая злучае ўсе органы. У склад П.т. уваходзяць праводныя, мех., назапашвальныя і выдзяляльныя элементы. Высокаспецыялізаваныя П.т. з сасудамі развіліся ў працэсе эвалюцыі толькі ў вышэйшых, т.зв. сасудзістых раслін.
т. 12, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТРА́ВЫ,
хімічныя прэпараты для апрацоўкі (пратручвання) насення, клубняў, цыбулін і інш. пасяўнога і пасадачнага матэрыялу. Асн. кампанент большасці П. — фунгіцыд.
Паводле прызначэння бываюць аднамэтавыя (засцерагаюць расліны ад хвароб) і камбінаваныя. Камбінаваныя П. акрамя фунгіцыдаў маюць інсектыцыды, мікраэлементы і розныя дапаможныя рэчывы, дадаткова ахоўваюць насенне і ўсходы ад глебавай мікрафлоры і насякомых, што жывуць у глебе, засцерагаюць насенныя клубні і караняплоды пры захоўванні, насенне — ад здзёўбвання птушкамі, паляпшаюць развіццё раслін і павышаюць іх устойлівасць да неспрыяльных умоў надвор’я, а часам і да ўздзеяння гербіцыдаў. Пратручванне праводзяць пераважна ў спец. машынах — пратручвальніках.
Літ.:
Химическая защита растений. 3 изд. М., 1987.
т. 13, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
карбацыклі́чны
(ад карба- + гр. kyklos = кольца);
к-ыя злучэнні — арганічныя рэчывы, малекулы якіх маюць цыклы (кольцы), пабудаваныя з атамаў вугляроду.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
лейкатро́пы
(ад гр. leukos = белы + -тропы)
рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для атрымання вытраўных малюнкаў (белых або жоўтых узораў) на пафарбаванай тканіне.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)