Тырпуга́, тэрпуха́ ‘мянташка’ (Сл. Брэс., Касп.), трапуга́ ‘тс’ (ДАБМ), тэрпу́ха, тэрпу́га, трыпу́га ‘тс’ (зах.-палес., ЛП); сюды ж тырпу́жыты ‘мянціць касу’ (там жа). Няясна; параўноўваюць з укр. карп. терпу́г, терпу́га ‘піла’, торпу́жити ‘церці, шліфаваць’, рус. терпу́г ‘напільнік, рашпіль’, дапускаюць запазычанне з цюркскіх моў, параўн. тур. törpü, азерб. төрпу, ст.-цюрк. törpüg ‘піла’, ‘напільнік, рашпіль’, törpi ‘абстругваць’ (Фасмер, 4, 49; ЕСУМ, 5, 558). Аднак абмежаваны арэал ужывання на захадзе ўсходнеславянскай тэрыторыі і пераважна аддзеяслоўнае паходжанне назваў рэаліі ставіць пад сумненне прынятую этымалогію, ва ўсякім разе, дапускае мажлівасць збліжэння з трапаць (гл.), польск. дыял. tyrpać ‘торгаць, біць, штурхаць’, укр. те́рти ‘церці’, параўн. терпу́га ‘апілкі’ (ЕСУМ, 5, 558), што вяртае да вядомай этымалогіі Міклашыча (353).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Глады́ш ’крынка, збанок без ручкі’ (БРС, Касп., Шат., Сл. паўн.-зах.), «обгладившийся, замасленный горшок, особенно употребляемый для молока» (Нас.), ’збан’ (Сцяшк. МГ), таксама гладышка (Сл. паўн.-зах.). Рус. гладыш ’тс’ (паводле СРНГ, 6, 182, зах. і паўн.-зах.), гладышка ’тс’ (паўд., Даль), укр. глади́шка ’тс’ (таксама гладу́ш, гладу́щик). Гэтыя словы фармальна звязаны са слав. *glad‑ кладкі’ (+ суф. *‑yšь, ‑yšь‑ka). Такое паходжанне названых лексем можна абгрунтаваць і семантычна. Але Трубачоў (Рамесл. терм., 219–220) мяркуе, што формы з глад‑ не спрадвечныя, а другасныя. Зыходным ён лічыць рэканструяваную прасл. аснову *latū̆‑, *latĭ‑, сувязі якой за межамі слав. моў няясныя. Мяркуем, што няма падстаў адмаўляцца ад простай і зразумелай этымалогіі: глады́ш < *glad‑yšь (да *gladъ‑kъ ’гладкі’). Адсюль і гладышыкі, ’жоўтыя гарлачыкі’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нале́цце ’будучы год’ (Нас., Гарэц., Яруш., Др., Юрч., Сл. ПЗБ), нале́цьця ’тс’ (Бяльк.; бялын., Янк. Мат.; чавус., Нар. сл.; Яўс.; віл., Жыв. сл.), нале́цце ’лета (наступнае)’ (Мат. Гом.). Сюды ж нале́та ’ў будучым годзе’ (Янк. Мат.; Сл. ПЗБ), на‑ле́то ’на будучы год’ (Мядзв.), якія тлумачаць паходжанне слова. Цікавую паралель уяўляюць в.-луж. nalěćo, н.-луж. nalěto ’вясна’, якія Шустар-Шэўц (13, 985) выводзіць *na lěto, *na letьje ’час, калі паварочвае на лета’. Ва ўсіх гэтых выпадках пад летам разумеецца ’спрыяльная пара для палявых работ’, пра што сведчыць наступны тэкст у слоўніку Насовіча: Загадаю загадку; закину за грядку; нехай моя загадка лежыць до налецця, г. зн. сяўба жыта на зіму. Слова вядома таксама паўднёварускім гаворкам: нале́тье, нале́тие ’будучы год; будучае лета’ (СРНГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апрэ́ль, апры́ль ’красавік’. Ст.-слав., ст.-рус. априль з ст.-грэч. ἀπρίλιος < лац. aprilis (Фасмер, 1, 82), ст.-бел. априль (Александрыя, 123) працягвае гэту форму грэчаскага паходжання (Гіст. лекс., 122), а не з’яўляецца лацінізмам, як лічыць Вясноў (Бел. лекс., 36), польск. apryl(is) рэдка (двойчы) зафіксавана ў XVI ст. (Sł. XVI), наўрад ці ст.-бел. адсюль. Апрэль у Дуніна–Марцінкевіча — русізм (Шакун, Гісторыя, 215), магчыма, з рускай і апрэль у «Нашай ніве» 1909 (Гіст. мовы, 2, 139). Рускае е замест и з 1405 (Шанскі, 1, А, 132) Сабалеўскі тлумачыць як вынік спачатку графічнага абазначэння ѣ замест и, а потым прачытання яго (Лекции, 85). Такое ж паходжанне, улічваючы цесныя ўкраінска-беларускія пісьмова-моўныя сувязі, мае і ст.-бел. апрель (Гіст. лекс., 122), апрелевый (Булахаў, Працы IM, 7, 147).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ацо́ўкнуць ’пачаць кіснуць, быць нясвежым (пра малако)’ (Сцяц.), ацоўкнуць, сцоўкнуць (слонім., Арх. Бяльк.), ацоўклае ’якое пачало кіснуць, але яшчэ не скісла (малако)’ (Сцяц., Арх. Бяльк.), цоўклое і цаўклое (малако) (КСТ). Хутчэй за ўсё рэгіянальны наватвор ад соўкнуць ’сунуць, стукнуць, піхнуць’ (семантыка, звязаная з ’біць, стукаць, піхаць, сунуцца’, тыповая для назваў пракіслага малака, параўн. осовуватэ ’абрызглае (пра малако)’ (драг., Вешт., дыс., магчыма, ад соваць); да фанетыкі параўн. цок сок’, цыроп ’сіроп’ (Сцяшк.). Менш верагодна ад цоўт (цовт) ’від печыва’ (Сцеп., 169); адпаведныя яму словы ў іншых славянскіх мовах могуць мець значэнне ’грудка, камяк’, параўн. укр. цовта ’груда’, чэш. calta masla (на сценках посуду); пра іх паходжанне гл. Махэк₂, 80; Брукнер, 55, і асабліва Хінцэ, ZfSl, 8, 733; тады ацоўклае < ацоўтлае ’малако, якое зрабілася камянямі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́ядзі ’мыт’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. наўг. заеди ’астаткі ежы ў кутках рота’, ’мыт’, іван. за́едень, самар., урал. за́едни, урал., краснаяр. за́еды, наўг. за́еды ’мыт’, наўг., алан., чаляб. за́едь ’камень на зубах у каня’, укр. заїди ’мыт’. Магчыма ўзвесці ўсх.-слав. слова (*за‑ѣд‑ з рознымі фармантамі: ‑а, ‑ь, ‑ьнь) да дзеяслова заѣд‑ати (з коранем ѣд‑, гл. есці) паводле ўяўлення пра паходжанне ’мыта’ ад ’заядання’. Параўн. блізкае структурна славен. zajȇd(a) ’заліў, грот’ на базе пераносу значэння дзеяслова. Параўн. яшчэ літ. *žaizdà ’рана’ < *žaidda (Буга, Rinkt., 1, 292; Фрэнкель, 1285; Покарны, I, 425, усе без слав. паралелей), што, аднак, няпэўна, бо пры суадноснасці з і.-е. *gʼhei‑ чакалася б *zajьd‑ ці *zěd‑, а не za(j)ěd. Да семантыкі гл. яшчэ Аткупшчыкоў. Зб. памяці Ларына, 206.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пятно́ ’пляма на адзенні’ (ЛА, 3; баран., Сл. ПЗБ), ’радзімка, знак на целе, сіняк’ (віл., воран., Сл. ПЗБ), сюды ж пе́тня (piétnia) ’чырвоная плямка на скуры’ (Варл.), пяцьмо́ ’пляма на адзенні’ (Ян.), пятня́к ’тс’ (лях., Сл. ПЗБ), пя́тнашка ’сіняк’ (шчуч., Сл. ПЗБ), пятло́ ’ружовае месца на шчацэ’ (ЛА, 3); укр. пʼятно́, петьмо́ ’пляма, знак’, рус. пятно́ ’тс’, польск. piętno, piątno ’таўро, пячатка, кляймо’, балг. петно́, пьекно́ ’пляма; карычневая плямка на скуры ад старасці’. Прасл. *pętьno ’след, знак’ (спачатку ў мове паляўнічых), што ад *pęta (гл. пята́) (Фасмер, 3, 425; БЕР, 5, 203). Паводле Банькоўскага (2, 543–544), толькі ўсходнеславянскае, у іншых мовах — запазычанне з усходнеславянскіх, пра спецыфічнае паходжанне слова, на яго думку, сведчыць рус. гнаться по пятам ’ісці па следу’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тата́рнік ’аер, Acorus calamus L.’ (лельч., Жыв. сл.; Бейл., ТС, ПСл; стол., лельч., ельск., ЛА, 1), ’расліна Onopordon L.’ (Кіс.). Укр. тата́р ’аер звычайны, Acorus calamus L.’, дыял. татара́к, тата́рка ’тс’, польск. tatarak, tatarnik ’тс’, дыял. tatar ’тс’, чэш. tatarak ’тс’. Ад этноніма тата́рын, тата́ры, гл. Найбольш распаўсюджанае меркаванне пра паходжанне слова: расліна аер завезена татарамі (ЕСУМ, 5, 527; Жаримбеков, РР, 1975, 3, 107–111; Пастусяк, Pogranicze, 317), што не зусім адпавядае рэальнасці, паколькі расліна calamus у тым жа значэнні згадваецца яшчэ ў Плінія і Катона (234–149 г. да н. э.), гл. Ванякова, Studia Etym. Brun. 6, 404. Хутчэй прывязка да этноніма ў пераносным значэнні ’не свой, чужы’ тлумачыцца рэзкім пахам расліны, параўн. укр. жидівські лепехи ’аер’ аналагічна да тата́рське зі́лля, польск. tatarskie ziele ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тула́ч ‘бягляк, уцякач, які хаваецца’ (Нас.), ‘выгнаннік, бадзяга’ (смарг., Сл. рэг. лекс.), ст.-бел. тулачъ ‘туляга, бадзяга’ (ГСБМ). З польск. tułacz ‘тс’, сінанімічнага да tułakчэш., Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401), якое з tułać się ‘бадзяцца, блукаць; вандраваць’, што да старой асновы tuł‑ ‘усоўваць, улазіць’ (Брукнер, 584). Паводле Махэка₂ (648), названы дзеяслоў разам з чэш. toulati se, славац. túlať sa ўзнік шляхам метатэзы пачатковых складоў з lutati ‘тс’, якое захавалася ў харв. lútati, серб. лу́тати, макед. лута, балг. лу́там се ‘тс’ < прасл. *lou‑tā‑ti > *lutati; першасны дзеяслоў можна звязаць са ст.-грэч. άλύω (з α‑пратэтычным) ‘бадзяюся’ (у Гамера), што наогул цяжка давесці. Лічыцца, што асновы на цвёрды і мяккі зычны маюць адно паходжанне (Борысь, 653). Параўн. туляч, туляць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АКІЯНАЛО́ГІЯ (ад акіян + ...логія),

акіянаграфія, сукупнасць навуковых дысцыплін аб фізічных, хімічных, геалагічных і біялагічных працэсах у Сусветным акіяне. Гал. задачы акіяналогіі: высвятленне агульных заканамернасцяў прыроды акіяна, вывучэнне трансфармацыі і абмену рэчываў і энергіі ў акіянскіх водах і ахова іх ад забруджвання, выкарыстанне харчовых, хім. і энергет. рэсурсаў акіяна, распрацоўка доўгатэрміновых прагнозаў надвор’я на Зямлі, папярэджанне катастрафічных з’яў, звязаных з акіянамі, забеспячэнне эфектыўнасці і бяспекі надводнага і падводнага мараплавання.

Першымі даследчыкамі акіянаў былі стараж. мараплаўцы. Стараж.-грэч. вучоныя Герадот, Арыстоцель, Гіпарх і інш. выказвалі меркаванні аб адзінстве Атлантычнага і Індыйскага акіянаў, кругавароце вады ў прыродзе, прылівах і інш. з’явах. Перыяд інтэнсіўнага вывучэння звязаны з эпохай Вял. геагр. адкрыццяў (сярэдзіна 15—18 ст.; Х.​Калумб, Ф.​Магелан, Дж.​Кук і інш.). Важныя вынікі атрыманы рус. Антарктычнай экспедыцыяй Ф.​Белінсгаўзена і М.​Лазарава на суднах «Усход» і «Мірны» (1820) і першай комплекснай акіянаграфічнай экспедыцыяй на карвеце «Чэленджэр» (1872—76; Дж.​Мерэй склаў першую карту акіянскіх глеяў). Даследаванні розных ч. Сусветнага ак. праводзілі С.​Макараў на «Віцязі» (1886—89) і ледаколе «Ярмак» (1899, 1901), Ф.​Нансен на «Фраме» (1891—96), ням. экспедыцыя на «Метэоры» (1925—27), Антарктычная англ. экспедыцыя на «Дысковеры 11» (1929—39) і інш. Пасля 2-й сусв. вайны акіяналогія становіцца адной з важных навук у сувязі з пачаткам выкарыстання рэсурсаў Сусветнага акіяна. Даследаванні акваторыі акіяна, складанне схемы рэльефу дна праводзяць н.-д. экспедыцыі розных краін (амер. з 1956 «Віма», з 1957 «Атлантык»; рус. з 1957 «Віцязь», з 1967 «Акадэмік Кніповіч», з 1974 «Дзмітрый Мендзялееў» і інш.). Грунтуецца акіяналогія на фактычных даных вымярэнняў, атрыманых з суднаў надвор’я, дрэйфуючых аўтам. гідраметэаралагічных станцый і акіянаграфічных платформаў, штучных спадарожнікаў Зямлі і падводных лабараторый. У сучаснай акіяналогіі пашыраны матэм мадэліраванне фіз., хім. і біял. працэсаў, даследаванне зменлівасці іх на падставе тэорыі імавернасці і матэм. статыстыкі.

Фізіка акіяна даследуе фіз. працэсы ў акіянскіх і марскіх водах, заканамернасці ўзаемадзеяння акіяна і атмасферы; хімія акіяна вывучае хім. ўласцівасці, састаў, фіз. і хім. працэсы водаў; геалогія акіянапаходжанне ложа акіяна, яго эвалюцыю і будову, рэльеф дна, заканамернасці ўтварэння карысных выкапняў; біялогія акіяна — жывёльны і раслінны свет акіянаў і мораў, фарміраванне біял. прадукцыйнасці акіянскіх і марскіх водаў. Вылучаюць акіяналогію рэгіянальную, якая займаецца фізіка-геагр. і эканоміка-геагр. даследаваннем акіянаў і мораў; прамысловую, звязаную з акіяналагічным забеспячэннем марскіх промыслаў; спадарожнікавую (касмічную), якая атрымлівае вымярэнні разнастайных параметраў акіяна са штучных спадарожнікаў. Акіянскія даследаванні каардынуюцца Навук. к-там па акіянскіх даследаваннях, Міждзярж. акіянаграфічнай камісіяй пры ЮНЕСКА, нац. гідраметэацэнтрамі і н.-д. ін-тамі.

А.​М.​Вітчанка.

т. 1, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)