навука, якая вывучае вонкавую будову, паходжанне, гісторыю развіцця рэльефу зямной паверхні, а таксама рэльеф паверхні Месяца і планет Сонечнай сістэмы. Падзяляецца на агульную (разглядае агульныя заканамернасці геамарфалагічных працэсаў), рэгіянальную (вывучае рэльеф асобных участкаў), планетарную (даследуе рэльеф Зямлі ў цэлым ці найб.вял. яго формы, а таксама паверхні планет зямной групы), прыкладную (кірункі выкарыстання геамарфалагічных даных у розных галінах гасп. дзейнасці). У агульных раздзелах геамарфалогіі вылучаюць больш вузкія яе кірункі: геамарфалогія сушы і марскую (знешні выгляд рэльефу сушы і марскога дна), структурную (асаблівасці ў рэльефе структуры зямной кары і формаў рэльефу, што ўтвораны тэктанічнымі рухамі), кліматычную (даследуе рэльеф, які ўтварыўся ў выніку дзейнасці экзагенных фактараў); палеагеамарфалогію (вывучае будову зямной паверхні ў асобныя этапы геал. мінулага); марфалогію і марфаметрыю, гляцыянальную, дэнудацыйную, антрапагенную (тэхнагенную), інжынерную і інш. Выкарыстоўвае геамарфалагічныя, геал., геагр., геафіз., біял. і матэм. метады даследавання, матэрыялы дыстанцыйных здымак.
Геамарфалогія як навука ўзнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. Яе асновы заклалі У. М.Дэйвіс (ЗША), Ф.Рыхтгофен, А.Пенк, В.Пенк (Германія), П.А.Крапоткін, І.В.Мушкетаў (Расія).
На Беларусі навук. даследаванні пачаліся ў 1-й пал. 19 ст. Агульнагеагр. і геал. даследаванні, апісанне асобных раёнаў, характарыстыку рачных далін зрабілі В.М.Севяргін, Е.П.Зяблоўскі, Р.П.Гельмерсен і інш. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. новыя даныя па генезісе і эвалюцыі рэльефу атрымалі Я.У.Апокаў, А.Э.Гедройц, В.В.Дакучаеў і інш. Значны ўклад у пазнанне асаблівасцей будовы зямной паверхні зрабілі работы па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Новы этап пачаўся з утварэннем Геал. ін-та ў складзе Ін-та бел. культуры, пазней — у АН. У пасляваенны час на базе геал.-здымачных работ складаліся геамарфалагічныя карты, абгрунтаваны шэраг стратыграфічных схем антрапагену і дэталізаваны палеагеамарфалагічныя тэр. Беларусі (Ф.Ю.Велічкевіч, Л.М.Вазнячук, Г.І.Гарэцкі, Б.М.Гурскі, Э.А.Ляўкоў, А.В.Мацвееў, Н.Л.Махнач, М.М.Цапенка і інш.), створаны новы кірунак — вучэнне аб стараж. рачных далінах і ледавіковых лагчынах (палеапатамалогія; Гарэцкі), удакладнены генезіс і гісторыя развіцця многіх тыпаў рэльефу (В.К.Лукашоў, В.П.Якушка і інш). Шырокае развіццё атрымалі структурна-геамарфалагічныя даследаванні і вывучэнне колькасных характарыстык рэльефу (З.А.Гарэлік, В.М.Губін, Ляўкоў і інш.), створана новая генетычная класіфікацыя рэльефу і схемы геамарфалагічнага раянавання (В.А.Дзяменцьеў, Вазнячук, Мацвееў і інш.), складзены і выдадзены серыі геамарфалагічных картаў. Даследаванні рэльефу Беларусі з 1979 каардынуе Геамарфалагічная камісія АН Беларусі.
Літ.:
Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990;
Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАЛО́ГІЯ, індыяністыка,
комплекс дысцыплін, звязаных з вывучэннем народаў Індастана, іх філас. і культ. спадчыны, л-ры, мастацтва, мовы, а ў найноўшы час — таксама эканам., сац. і паліт. праблем Індыі. Цікавасць еўрап. народаў да Індыі вядома з антычнасці (Мегасфен, Арыян і інш.). Адкрыццё марскога шляху ў Індыю і пачатак еўрап. каланізацыі прывялі ў краіну ў 16—18 ст. шмат хрысц. місіянераў і купцоў, якія вывучалі мясц. мовы і звычкі. Як навука І. сфарміравалася ў Еўропе ў пач. 19 ст. Да пач. 20 ст. ў ёй склаліся 2 кірункі: акадэмічны, што канцэнтраваў увагу на вывучэнні помнікаў пісьменства, і прыкладны, звязаны з практычнымі задачамі. У.Джонс, Г.Колбрук (Вялікабрытанія) і інш. пазнаёмілі Еўропу з санскрытам. Ф.Шлегель і Ф.Боп займаліся параўнаннем індаеўрап. моў. У многіх ун-тах Еўропы (у т. л. Расіі) і ЗША даследавалі граматычны лад санскрыту, стваралі слоўнікі (найб. з іх — т. зв. «Пецярбургскі» О.Бётлінгка і Р.Рота, т. 1—7, 1855—75). Даследавалі таксама будызм, інд. філасофію, л-ру і інш.Асн. дасягненні І. 19 ст. выкладзены ў «Энцыклапедыі індаарыйскіх даследаванняў», (1896—1915, Страсбур). Прыкладны кірунак І. развіваўся пераважна ў самой Індыі — ствараліся параўнальныя і гіст. граматыкі новых індаарыйскіх і дравідыйскіх моў, збіраліся і вывучаліся гіст. хронікі, эпіграфічныя, нумізматычныя, этнагр., фалькл. і інш. матэрыялы. У 19 ст. індолаг І.П.Мінаеў і кітаіст В.П.Васільеў стварылі рас. будалагічную школу, якая набыла сусв. прызнанне. Намаганнямі С.Ф.Альдэнбурга і Ф.І.Шчарбацкага арганізавана серыя публікацый «Bibliotheca Buddhica» (з 1897). У 20 ст. цэнтр даследаванняў па І. перамясціўся ў саму Індыю, дзе ўсё большала цікавасць да ўласнай гісторыі, асабліва пасля дасягнення незалежнасці (1947). Услед за «Кембрыджскай гісторыяй Індыі» (т. 1—6, 1922—37), напісанай англ. індолагамі Дж.Аланам, У.Хейгам і інш., вучоныя Індыі пад рэдакцыяй Р.Ч.Маджумдара ў 1950—60-я г. стварылі шматтомную працу «Гісторыя і культура індыйскага народа». У 2-й пал. 20 ст. пытанні І. распрацоўваюць Калькуцкі, Дэлійскі, Бенарэскі, Бамбейскі, Мадраскі і інш. ун-ты Індыі; ун-ты і ін-ты буйнейшых гарадоў Еўропы, у т. л.Ін-т усходазнаўства АН Расіі, Маскоўскі ін-тміжнар. адносін і інш.; у ЗША кафедры І. ёсць у 16 ун-тах, у Японіі глыбока даследуецца будалогія.
Літ.:
Библиография Индии. М., 1965;
Избр. труды русских индологов-филологов. М., 1962;
Этносоциальная ситуация в Индии и СССР: Сб. статей. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНЫ РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,
філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога даюць рацыянальнае тлумачэнне ведаў, навук. тэорый, сац. ідэй і ін-таў на аснове іх крытыкі і ўдасканалення. Узнік у 1920—30-я г. ў Зах. Еўропе і ЗША. Асн. яго прынцыпы сфармуляваў К.Р.Попер; гал. прадстаўнікі Г.Альберт (ФРГ), Т.Кун, І.Лакатас, Дж.Уоткінс (Вялікабрытанія), П.Феерабенд. У філасофіі і метадалогіі навук. пазнання К.р. адмаўляе такія яе кірункі і вучэнні, як неапазітывісцкі эмпірызм, фенаменалізм, інструменталізм, і выступае як адна з форм постпазітывізму. Непасрэднымі папярэднікамі і апанентамі К.р. былі лагічныя эмпірысты, з якімі ён разыходзіцца толькі ў пытанні аб крытэрыях дэмаркацыі, г.зн. адмежавання ад псеўданавукі, метафізікі і ідэалогіі, якія не валодаюць прыроджаным імунітэтам супраць уплыву ірацыяналізму. Паводле К.Р.Попера, метадам такой дэмаркацыі і вызначэння навук. крытэрыя ведаў з’яўляецца не верыфікацыя (супастаўленне з пачуццёвымі данымі), а фальсіфікацыя, г.зн. устанаўленне памылковасці тэорыі ў выніку эксперым. або тэарэт. праверкі; любыя навук. веды, тэорыі носяць толькі гіпатэтычны, умоўны характар і не пазбаўлены памылак (прынцып фалібалізму). Кун зыходзіць з уяўлення аб навуцы як супольнасці вучоных-прафесіяналаў, якія ствараюць канкрэтныя тэорыі, канцэптуальныя мадэлі і каштоўнасці на аснове адзінага стылю мыслення, прызнання пэўных фундаментальных тэорый і метадаў даследавання, якія ён назваў парадыгмамі, для пераходу ад старой да новай парадыгмы патрэбны не чыста рацыянальныя доказы, а перакананне і вера. Лакатос лічыць асновай рацыянальнага пазнання н.-д. праграмы, кожная з іх мае некалькі тэорый і дапаможных гіпотэз і ставіць за мэту вырашэнне канкрэтных пазнавальных праблем. Феерабенд абгрунтаваў метадалагічны прынцып праліферацыі (размнажэння) тэорый, паводле якога кожны вучоны можа вынаходзіць і распрацоўваць свае ўласныя тэорыі, і яго дзейнасць не падпарадкавана ніякім рацыянальным нормам. У рамках К.р. Альберт, У.Бартлі і інш. лічылі неабходным замяніць класічны крытэрый фальсіфікацыі Попера крытэрыем універсальнай крытыкі і адмаўлення абс. ісціны (панкрытычны рацыяналізм). У процівагу індуктывізму К.р. прапанаваў гіпатэтыка-дэдуктыўны метаднавук. даследавання, у якім пераважнае значэнне маюць рацыянальна канструяваныя схемы тлумачэння эмпірычных даных. У сац. сферы прыхільнікі К.р. лічылі ўзорам дэмакр. ўладкавання грамадства ідэальную мадэль навукі — «адкрытую супольнасць» непрадузятых вучоных-даследчыкаў, а сродкамі вырашэння канкрэтных праблем — ажыццяўленне рацыянальных праектаў вытв., культ., паліт. развіцця, выпраўленне сац. дэфектаў, далейшую гуманізацыю ўсіх сфер грамадскага жыцця.
Літ.:
Кун Т. Структура научных революций: Пер. с англ. 2 изд. М., 1977;
«Критический рационализм»: Философия и политика. М., 1981;
Поппер К. Логика и рост научного знания: Избр. работы: Пер. с англ.М., 1983;
Современная западная философия: Словарь. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 — сярэдзіны 19 ст. Створаны ў цэнтры Гомеля, на высокім правым беразе р. Сож. Уключае палац, парк, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і Гомельскую капліцу (размешчаны ў парку). Палац (Гомельскі палац, Палац Румянцавых-Паскевічаў), пабудаваны ў стылі класіцызму, з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам ансамбля. Закладзены ў 1777 ген.-фельдмаршалам П.А.Румянцавым на месцы земляных умацаванняў і драўлянага замка кн. М.Чартарыйскага. Да 1834 належаў Румянцавым, у 1835—1917 — Паскевічам. Буд-ва вялося ў некалькі этапаў. Гал. корпус пабудаваны ў 1777—96 (арх. Я.М.Аляксееў з удзелам К.І.Бланка). У 1800—05 пабудаваны 2 службовыя флігелі, якія фланкіруюць гал. корпус, праведзены рамонт (арх. Дж.Кларк). Пасля набыцця палаца І.Ф.Паскевічам у 1837—51 адбылася рэканструкцыя і дабудова (арх. А.Ідзкоўскі). Палац рэканструяваны ў 1856 і 1919—20, спалены ў Вял.Айч. вайну, адноўлены і рэканструяваны ў 1969. Гал. корпус — адзін з першых у Беларусі ўзораў класічнай «паладыянскай» пабудовы з кампактнай, блізкай да квадрата формай плана і купальным завяршэннем. Мураваны 2-павярховы будынак з бельведэрам мае цокальны паверх, уязны пандус і прасторную паўкруглую тэрасу. Гал. Фасад 3-часткавай сім. кампазіцыі, аформлены магутным 4-калонным порцікам карынфскага ордэра. Інтэр’еры былі аздоблены ляпным арнаментам і жывапісам (майстар Вінцэнта Вінцэнці). У палацы захоўваліся унікальныя калекцыі дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтва (шкло, зброя, дываны і габелены, жывапіс, скульптура, мэбля, маст. ліццё). Парк закладзены ў канцы 18 ст. З’яўляецца найб. захаваным у краіне пейзажным паркам з элементамі рамантызму. Цягнецца на 800 м уздоўж правага берага Сажа (пл. 25 га). За ярам Гамяюк знаходзіўся пладовы сад з багатай аранжарэяй («зімовы сад»). З 1834 у паркавых кампазіцыях значна ўзмацніўся рамантычны кірунак. На тэрасе каля вежы была ўстаноўлена конная статуя кн. І.Панятоўскага (скульпт. Б.Торвальдсен), па баках ад яе — 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29) на каменных пастаментах, на пляцоўцы курданёра — манумент кн. Паскевіча ў адзенні рым. палкаводца (скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскі); дэкар. мармуровыя скульптуры аздаблялі парк перад фасадам палаца і на гал. алеях. Элементамі рамантызму з’яўляюцца ставок «Лебядзінае возера» ў яры Гамяюк, вял. і малы гроты, Верхні і Ніжні масты, альтанка са скіфскай каменнай бабай, памятныя камяні і інш. У парку больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод (кедр сібірскі, лістоўніца японская, хвоя чорная і інш.).
В.Ф.Марозаў, В.Р.Анціпаў.
Галоўны корпус Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.Да арт.Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Інтэр’ер палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРАЗБУРА́ЛЬНЫ КАНТРО́ЛЬ,
кантроль якасці матэрыялаў, паўфабрыкатаў, вырабаў без іх разбурэння. Засн. на залежнасці паміж уласцівасцямі прадукцыі. што кантралююцца, і якімі-небудзь фіз. параметрамі, якія можна вымераць без пашкоджання вырабу. Адрозніваюць метады Н.к.: акустычныя, магн., аптычныя, радыяцыйныя, радыёхвалевыя, цеплавыя, эл., віхратокавыя і пранікальных рэчываў.
Сродкі Н.к. выконваюцца ў выглядзе аўтаномных прылад, апаратаў, аўтам. ліній, сістэм кіравання тэхнал. працэсамі па адзнаках якасці. Метадамі Н.к. знаходзяць адкрытыя і скрытыя дэфекты тыпу парушэння суцэльнасці (дэфектаскапія), кантралююць геам. характарыстыкі (таўшчыню вырабу, пакрыцця і г.д.), вымяраюць мех. характарыстыкі (цвёрдасць, трываласць, якасць умацавальных слаёў), вызначаюць структуру рэчываў (зярністасць, наяўнасць ферытнай фазы ў сплавах) і інш. Развіццё Н.к. пачалося пасля адкрыцця рэнтгенаўскага выпрамянення (1895). У СССР метады Н.к. пачалі інтэнсіўна развівацца з 1920-х г. Ультрагукавы метад Н.к. дэфектаў (ультрагукавая дэфектаскапія) упершыню прапанавана ў 1928 (С.Я.Сакалоў). Значны ўклад у распрацоўку метадаў Н.к. зрабілі рас. вучоныя У.У.Клюеў. Р.І.Янус, М.М.Міхееў. І.М.Ярмолаў, В.Я.Шчарбінін. В.Г.Герасімаў, У.Ф.Мужыцкі, В.В.Сухарукаў і інш.
На Беларусі развіццё Н.к. звязана з працамі М.С.Акулава, які ў 1963 заснаваў Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю (з 1980 Ін-т прыкладной фізікі). Далейшае развіццё Н.к. атрымаў у працах М.М.Зацэпіна. які сфарміраваў навук.кірунак ін-та і распрацаваў тэарэт. асновы эл.-магн. кантролю. Закладзены тэарэт. асновы Н.к. пранікальнымі вадкасцямі (П.П.Прахарэнка, М.П.Мігун). Распрацаваны ці атрымалі далейшае развіццё: магн. таўшчыняметрыя, метад тэрма-эрс (А.А.Лухвіч), кантактна-дынамічны метад кантролю цвёрдасці і інш.мех. уласцівасцей (В.А.Рудніцкі), радыёхвалевыя метады (І.С.Кавалёў), імпульсны метад магн. кантролю мех. уласцівасцей сталей (М.А.Мяльгуй), магн. кантроль ліставога пракату, што рухаецца ў вытв. патоку (У.Ф.Мацюк), выкарыстанне магн. вадкасцей (А.Р.Баеў), кантроль магн. страт і індукцыі ў электратэхн. сталі і вырабах з яе (І.І.Бранавіцкі), ультрагукавы кантроль (Г.Я.Канавалаў), магніташумавая структураскапія (В.Л.Венгрыновіч), магн. кантроль малагабарытных вырабаў у вытв. патоку (С.Р.Сандамірскі), тэорыя дынамічных сістэм з выпадковымі зменамі структуры, кантроль узроўню вадкіх і сыпкіх прадуктаў у рэзервуарах (В.М.Арцём’еў) і інш. Метады і сродкі Н.к. распрацоўваюцца таксама ў БДУ, БПА, Мінскім навукова-прамысл. ін-це «Падшыпнік», Магілёўскім машынабуд. ін-це і інш.
Літ.:
Зацепин Н.Н. Неразрушающий контроль: (Избр. вопр. теории поля). Мн., 1979;
Мельгуй М.А. Магнитный контроль механических свойств сталей. Мн., 1980;
Prokhorenko P., Migoun N., Stadthaus M. Theoretical principies of liquid penetrant testing. Berlin, 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІГІЛІ́ЗМ,
сацыяльна-філасофская канцэпцыя абсалютнага адмаўлення духоўных асноў быцця і агульнапрынятых каштоўнасцей (ідэалаў, рэліг. і маральных норм, культуры, грамадскіх ін-таў, гіст. мінулага). Асн. ідэі Н. прысутнічалі ў рэліг.-філас. вучэннях сярэднявечча. У 11 ст. ератыкоў называлі «нігіліяністамі» (па назве вучэння, якое адмаўляла існаванне Хрыста); у 18—19 ст. у Еўропе тэрмін «Н.» ужываўся для абазначэння крайнасцей ідэалізму і скептыцызму. Пачынаючы з Ф.Ніцшэ, зах.філас. і этычны Н. набыў змест вучэння «пачатку эпохі заняпаду». Ніцшэ надаў Н. кірунак «пераацэнкі ўсіх каштоўнасцей», разглядаў яго як этап вызвалення ад ілюзій гуманізму ў працэсе руху да «звышчалавека», які стаіць «па той бок дабрыні і зла». Непасрэдная прычына Н., на думку Ніцшэ, — разлажэнне хрысціянскай маралі і рэліг. свядомасці, страта веры ў Бога. Новая інтэрпрэтацыя Н. ўзнікла ў 20 ст. ў філасофска-гіст. канцэпцыі «культурных цыклаў» О.Шпенглера, які лічыў еўрап. грамадства і культуру нігілістычнымі (гл.Культурных цыклаў тэорыя). «Эпоха заняпаду», якую перажывае кожны культурны арганізм, характарызуецца спецыфічнымі рысамі: разважнасцю, цвярозым практыцызмам, сенсуалістычна-матэрыялістычным падыходам да чалавека і свету. Гэтыя моманты, паводле Шпенглера, і складаюць аснову нігілістычнага светаадчування. У зах. філасофіі 2-й пал. 20 ст. праблемы Н. распрацоўваліся найперш экзістэнцыялістамі (М.Хайдэгер, К.Ясперс, А.Камю). Узнікненне Н. яны звязваюць з тым, што грамадства страціла веру ў тыя ідэалы, якія складаюць сэнс чалавечай дзейнасці. На іх думку, чалавечае жыццё ў сучасных умовах становіцца бессэнсоўным. Таму Камю заклікаў людзей усведамляць абсурднасць сваіх дзеянняў. У Расіі і на Беларусі гал. носьбітам ідэалогіі і псіхалогіі Н. былі прадстаўнікі разначыннай дэмакр. інтэлігенцыі канца 1850—60-х г. Спецыфічнай рысай гэтага Н. быў рацыяналізм, заснаваны на кульце «ведаў», пакланенні прыродазнаўчым навукам, перанясенні іх метадаў на сац. і духоўную сферы. Разбурэнне мінулага, ператварэнне яго ў «нішто» было найважнейшай прыкметай Н. Канкрэтныя справы прыхільнікі Н. разумелі як разрыў з традыц. сістэмай каштоўнасцей у адукацыі і выхаванні, барацьбу за індывідуальнасць, бунт, рэвалюцыю, разбурэнне ўсіх рэліг., дзярж. і культ. дасягненняў, як пратэст супраць усяго існуючага. Тэарэтыкі рас. Н. адхілялі кансерватыўную ідэалогію і рэліг. забабоны, ідэаліст. філасофію, дэспатызм у грамадстве і сям’і, «мастацтва дзеля мастацтва», «навуку дзеля навукі», патрабавалі свабоды асобы, раўнапраўя жанчын, абгрунтоўвалі выключную ролю інтэлігенцыі ў пераўтварэнні краіны. Н. стаў асновай светапогляду рэв.-дэмакр. кірункаў сац.-філас. і грамадска-паліт. думкі таго часу. Маючы форму актыўнага пратэсту ён падштурхоўваў да змянення навакольнай рэчаіснасці. У 1860-я г. Н. паступова страціў свой уплыў у рас. грамадстве, яго прадстаўнікі падзяліліся на рэвалюцыянераў-дэмакратаў, прапаведнікаў культурніцтва, блізкіх да лібералаў, і радыкалаў-анархістаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МНАЯ МУ́ЗЫКА,
род інструментальнай музыкі, якая ўвасабляе пэўную, абвешчаную кампазітарам тэму (сюжэт). Праграма выкладаецца ў выглядзе загалоўка твора ці яго частак, эпіграфа або ў разгорнутай літ. форме. Асн. віды праграмнасці: карцінная (развіццё аднаго ці некалькіх муз. вобразаў без істотных змен на працягу ўсяго ўспрыняцця) і сюжэтная, якая ўключае абагульнена-сюжэтную (у музыцы адлюстраваны асноўныя сюжэтныя вузлы літ. першакрыніцы) і паслядоўна-сюжэтную (музыка ідзе за ўсімі перыпетыямі сюжэта). Сродкамі вобразнай канкрэтызацыі музыкі выступаюць прыёмы гукапісу, муз. жанр, стыль, тып муз. драматургіі, характэрныя нац. рысы муз. мовы. Будову твораў вызначаюць агульныя прынцыпы муз. формаўтварэння (монатэматызм, варыяцыйнасць, свабодна трактаваная санатная форма).
Вядома са старажытнасці. Сярод твораў эпохі барока канцэрты «Поры года» А.Вівальдзі, «Капрычыо на ад’езд любага брата» І.С.Баха, у творчасці венскіх класікаў «Развітальная сімфонія» І.Гайдна, «Пастаральная», уверцюры «Эгмант» і «Карыялан» Л.Бетховена. Росквіту дасягнула ў эпоху рамантызму, калі склаліся многія яе жанры, якія атрымалі развіццё ў 20 ст. Сярод твораў: «Фантастычная сімфонія» Г.Берліёза, сімфоніі «Манфрэд» П.Чайкоўскага, «1905 год» Дз.Шастаковіча, сімф. паэмы «Прэлюды» Ф.Ліста, «Тыль Уленшпігель» Р.Штрауса, «Паэма экстазу» А.Скрабіна, «Пасіфік-231» А.Анегера, сімф. карціны «Ноч на Лысай гары» М.Мусаргскага і «Кікімара» А.Лядава, фп. «Эцюды-карціны» С.Рахманінава, сімф. сюіты «Шахеразада» М.Рымскага-Корсакава і «Скіфская сюіта» С.Пракоф’ева, сімф. цыклы «Накцюрны» і «Мора» К.Дэбюсі, цыклы фп. мініяцюр «Карнавал» Р.Шумана і «Каталог птушак» А.Месіяна.
У бел. музыцы ўвасоблены ўсе жанры і тыпы П.м. Трывалы кірунак яе развіцця — фальклорная лінія, дзе муз. праграма канкрэтызуецца праз змест тэкстаў бел.нар. песень, на напевах якіх грунтуецца інстр. тэматызм твору («Беларускае вяселле» А.Абрамовіча, «Родныя напевы» П.Падкавырава, «Забавы» В.Войціка, «Батлейка» В.Помазава). Поруч з карцінамі прыроды і нар. побыту асновай праграмы выступаюць рэальныя падзеі гісторыі і сучаснасці («У суровыя дні» М.Аладава, «Вечна жывыя» Г.Вагнера, «Фрэскі» Л.Абеліёвіча, «Мемарыял» У.Дарохіна, дзе ў розных жанрава-стылявых ракурсах адлюстравана тэма Вял.Айч. вайны). Невычарпальная крыніца П.м. — тэмы, сюжэты і вобразы літаратуры і выяўл. мастацтва («Альпійская сімфонія-балада» Я.Глебава паводле В.Быкава, 8-я сімфонія Дз.Смольскага з вершамі І.Бродскага, «Капрычас» С.Картэса, «Снетагорскія фрэскі» Г.Гарэлавай). У паэтыцы бел. П.м. канца 20 ст. ўзмацнілася роля сімвала, метафары, асацыятыўнага мыслення («Цэзій-137» В.Кузняцова, «Вір» А.Літвіноўскага, «Святло на шляху» Я.Паплаўскага).
Літ.:
Хохлов Ю.Н. О музыкальной программности. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
зо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Рмн. ‑рак; ж.
1. Нябеснае цела, якое па сваёй прыродзе падобна на Сонца і ўяўляецца чалавеку на начным небе ззяючай кропкай. Палярная зорка. Вячэрняя зорка. □ Неба было ўсыпана зоркамі, нібы зернямі залатой пшаніцы.Шамякін.//перан. Шчасце, удача, лёс. Аднак цяпер, пасля таго, што адбылося тут ля рэчкі, я ўжо смела ўспомніў той выпадак і паверыў у сваю зорку.Карпюк.
2. Геаметрычная фігура з востраканцовымі выступамі, раўнамерна размешчанымі па акружнасці; прадмет у форме падобнай фігуры. Пяціканцовая зорка. Намаляваць зорку. □ Калі самалёты заходзілі на трэці круг, Мікодым выразна бачыў чырвоныя зоркі на крылах.Сабаленка.// Воінскі значок у выглядзе пяціканцовай зоркі, які носяць на фуражцы, шапцы і пад. На галаве ў .. [Сяргейкі] быў чырвонаармейскі шлем з вялікай чырвонай зоркай.Хомчанка.// Знак узнагароды, ордэн ці медаль у форме зоркі. У Базыля цэлая торба кніжак і газет розных, на грудзях зорка чырванее...Нікановіч.// Светлая пляма на ілбе ў жывёл. Цяля з зоркай.
3.перан. Пра чалавека вялікага таленту, які праславіўся сваёй дзейнасцю. Янка Купала — зорка першай велічыні не толькі Ў беларускай паэзіі, але і ва ўсім літаратурным свеце.Юрэвіч.
•••
Блукаючыя зоркі — зоркі, якія не маюць пастаяннай арбіты.
Марская зорка — марская беспазваночная жывёліна тыпу ігласкурых.
Зоркі з неба хапацьгл. хапаць.
Нарадзіцца пад шчаслівай зоркайгл. нарадзіцца.
Пуцяводная зорка — пра тое, што вызначае кірунак, развіццё чаго‑н.
Узыходзячая зорка — чалавек, які пачынае набываць вядомасць, славу ў якой‑н. галіне дзейнасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напра́мак, ‑мку, м.
1. Лінія руху; бок, у які накіраваны рух, дзеянне; кірунак. Напрамак ветру. Напрамак току. □ Калі прайсці ад рэчкі, ад хмызняку нельга, то даводзіцца вышукваць іншы напрамак.М. Ткачоў.Убачыўшы лодку, бабраня змяніла напрамак і паплыло побач з чаўном, з цікавасцю паглядаючы на Цераха сваімі чорнымі вочкамі.В. Вольскі.// Бок, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Ісці ў напрамку рэчкі. □ [Вораг] прарваўся ў напрамку Турца, аднак пакінуў на снезе .. паўсотні трупаў.Брыль.
2.перан. Шлях развіцця чаго‑н. Напрамкі стварэння матэрыяльна-тэхнічнай базы. Напрамак палітыкі. Напрамак вучонай дзейнасці.// Накіраванасць. Крытычны напрамак розуму. □ Паступова ў Арцыховіча паплылі думкі ў другім напрамку. Ён пачаў ужо чытаць кніжку, што дала надоечы Ліпа.Алешка.
3. Грамадская, навуковая і інш. плынь, групоўка. Рэалістычны напрамак у літаратуры. □ З веданнем справы Танк паставіў пытанне аб сутнасці рэвалюцыйнага напрамку заходнебеларускай літаратуры.Калеснік.У рамках I Інтэрнацыянала Маркс і Энгельс вялі рашучую барацьбу з рознага роду напрамкамі непралетарскага сацыялізма, рэфармізмам і «левым» сектанцтвам.«Звязда».
4. Участак фронту, на якім развіваюцца ваенныя дзеянні, накіраваныя ў які‑н. бок. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў на гэтым напрамку.«Звязда».
5.узнач.прысл.напра́мкам. У кірунку да чаго‑н. [Рыгор] выйшаў на вуліцу і паскораным крокам пайшоў напрамкам да клінікі Вілле.Гартны.
•••
Браць (узяць) напрамакгл. браць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1.што. Вызначыць, выявіць што‑н. па якіх‑н. нязначных прыкметах; здагадацца аб чым‑н. Тым часам падышоў і брыгадзір. Міхась нясмела зірнуў на яго, стараючыся ўгадаць яго настрой.Якімовіч.Свідраль непрыкметна сачыў за выразам твару Пазняка, жадаючы ўгадаць, з добрым ці благім намерам завітаў ён у позні час пры такім няважным надвор’і.Дуброўскі.Па пытаннях, якія гадаваў Кавалеўскі, па тым, чым цікавіўся, неўзабаве можна было ўгадаць і кірунак, у якім ішлі яго думкі.Карпаў.// Прадугледзець, прадбачыць што‑н. — Трэба дбаць не пра аднаго, а пра сотні чалавек, ды ўсё абдумаць, угадаць.Мележ.
2.каго-што. Раскрыць, распазнаць сэнс, сутнасць каго‑, чаго‑н. Вядомы акцёр і рэжысёр, Галубок прафесійным чуццём угадаў у Міхасю драматурга.Рамановіч.
3.каго-што. Разм. Пазнаць у чым‑н. знаёмы прадмет, у кім‑н. знаёмага чалавека. — Памыйся, — прапанавала .. [Паўлу] Маша, — а то і не ўгадаць цябе.Гроднеў.Павел Іванавіч зноў паказвае рукою, але адчувае, што здалёк Надзя можа і не ўгадаць гэтага дома.Кулакоўскі.
4. Выпадкова даць правільны адказ, мець рацыю, падставы; адгадаць. — Ты на яго ані не падобна, — сказаў Федзя. — Угадаў! — скупа ўсміхнулася Галя. — Гэты — айчым. Мой тата памёр у сорак сёмым, калі мне было паўгода.Ваданосаў.— Ты не з горада, часамі? — запытаў Анікей. [Рыгор:] — Угадаў, браце...Гартны.
5.Разм. Патрапіць добра зрабіць што‑н. [Дзед Рыгор:] — А ямку мы з табой выкапаць якраз угадалі. Бачыш, як прасторна ў ёй карэнням.Бяганская.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)