ГРУ́БЫЯ КАРМЫ́,

сухія раслінныя кармы (сена, салома, мякіна, сянаж, травяная мука, галінкавы корм) з адносна малой колькасцю пажыўных рэчываў. Маюць вады менш за 40%, сырой клятчаткі больш за 19%. Пажыўнасць 1 кг грубых кармоў — 0,1—0,65 карм. адзінкі. Скормліваюць жвачнай с.-г. жывёле, часам трусам. Грубыя кармы — неабходны кампанент зімовых рацыёнаў траваедных жывёл, спрыяюць нармальнаму страваванню і засваенню пажыўных рэчываў, адрозніваюцца хім. саставам і пажыўнасцю. Найб. значэнне мае сена, у якім ёсць амаль усе неабходныя для жывёлы пажыўныя рэчывы.

т. 5, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕ́ГА,

назва апошняй літары грэч. алфавіта ω, што ўзнікла ў выніку графічнага відазмянення Ο («амікрон»). У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала доўгі гук «о», мела лічбавае значэнне 800. З’явілася крыніцай для кірыліцкай ω («амега»). У старабел. пісьменстве ўжывалася для перадачы гука «о» пераважна ў пач. слоў («ωлво», «ωрати») і як лічба 800. У бел. мове, многіх еўрап. мовах слова «амега», азначае канец чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).

А.​М.​Булыка.

т. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЭРАБІЁЗ (ад ан... + аэра... + ...біёз), анаксібіёз,

жыццё пры адсутнасці свабоднага малекулярнага кіслароду. Звычайная ўмова існавання анаэробных арганізмаў. Тэрмін анаэрабіёз увёў франц. вучоны Л.​Пастэр (1861); ён паказаў, што мікраарганізмы, якія выклікаюць маслянакіслае браджэнне, гінуць у прысутнасці кіслароду. У шматклетачных жывёл анаэрабіёз — часцей часовы стан, які забяспечвае выжыванне ў перыяды недахопу кіслароду і суправаджаецца рэзкім падзеннем абмену рэчываў і пераходам у неактыўнае становішча (гл. Анабіёз). Працэсы анаэробнага ператварэння (браджэнне, гніенне) маюць вял. значэнне ў кругавароце рэчываў у прыродзе.

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́ДКАВЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

паклады карысных выкапняў, якія сфарміраваліся ў працэсе асадканамнажэння. Паводле месца ўтварэння падзяляюцца на рачныя, балотныя, азёрныя, марскія і акіянскія (адрозніваюць платформавыя і геасінклінальныя), па характары намнажэння — мех. (гравій, пяскі, гліны, россыпы мінералаў), хім. (солі, руды жалеза, марганцу і інш.), біяхім. (гаручыя газы, нафта, вугаль, фасфарыты, карбанатныя і крамяністыя пароды), вулканагенныя (калчаданавыя радовішчы рудаў каляровых металаў, аксідныя радовішчы рудаў жалеза, марганцу і інш.). Маюць важнае прамысл. значэнне. У асадкавых радовішчах сканцэнтравана асн. частка мінеральна-сыравінных рэсурсаў Беларусі.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́КАЗЫ СУДО́ВЫЯ,

фактычныя звесткі пра акалічнасці, якія маюць значэнне для правільнага вырашэння крымінальнай або цывільнай справы. Такія звесткі ёсць у паказаннях сведак, пацярпелага, падазронага, абвінавачанага, у рэчавых доказах, заключэннях экспертаў, пратаколах следчых і суд. дзеянняў. Адрозніваюць Д.с.: асабістыя (зыходзяць ад людзей) і рэчавыя; прамыя (устанаўліваюць якую-н. акалічнасць) і ўскосныя (устанаўліваюць толькі прамежкавы факт); тыя, што сцвярджаюць факт або абвяргаюць яго; непасрэдныя і вытворныя. Парадак атрымання Д.с., іх замацавання і прадастаўленне суду вызначаецца працэсуальным заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 6, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́КАЎ Прохар Іванавіч (н. 17.1 1915, в. Альшоў Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне іхтыялогіі і аховы прыроды. Д-р біял. н. (1968), праф. (1969). Скончыў Усесаюзны зоатэхн. ін-т пушнасыравіннай гаспадаркі (1937). У 1967—77 дырэктар Бел. НДІ рыбнай гаспадаркі. Навук. працы па іхтыялогіі, рыбнай гаспадарцы, ахове прыроды.

Тв.:

Рыбы Белоруссии. Мн., 1965;

Рыбные ресурсы Белоруссии. Мн., 1983;

Справочник по экологии пресноводных рыб. Мн., 1988;

Карп: Экалогія і гасп. значэнне. Мн., 1994.

т. 6, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́ННАЯ ПРАВО́ДНАСЦЬ у біялагічных сістэмах,

працэс абумоўлены ў асн. дыфузіяй іонаў; мае важнае значэнне ў транспарце рэчываў паміж асобнымі клетачнымі структурамі, у генерыраванні і правядзенні біял. імпульсаў і стварэнні рознасці патэнцыялаў паміж асобнымі арганеламі клеткі, яе знешнім і ўнутр. асяроддзем. Сумарную І.п. (у асн. для калію K​+, натрыю Na​+, хлору Cl​−) ацэньваюць па формуле, што ўлічвае іонныя градыенты, каэфіцыенты пранікальнасці іонаў і мембранную рознасць патэнцыялаў. У тэорыі генерыравання біяэлектрычных патэнцыялаў для патокаў асобных іонаў карыстаюцца паняццем парцыяльнай І.п.

т. 7, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКО́ШНІК у архітэктуры,

паўкруглая ці кілепадобная несапраўдная закамара, якая мае толькі дэкар. значэнне. Найб. характэрны для рус. культавага дойлідства 16—17 ст. Іх размяшчалі ярусамі каля асновы шатроў і барабанаў купалоў культавых будынкаў. На Беларусі ўпершыню выкарыстаны ў 12 ст. ў Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царкве. Быў пашыраны ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры псеўдарускага стылю. Імітацыі К. выкарыстоўвалі таксама ў грамадз. архітэктуры для аздаблення фасадаў, завяршэння аконных праёмаў і інш.

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЭБАЛЕ́Т (франц. corps de ballet),

ансамбль танцоўшчыц і танцоўшчыкаў, якія выконваюць групавыя і масавыя танцы ў балеце, оперы, аперэце. Можа выкарыстоўвацца самастойна, у масавых танцах, у спалучэнні з ансамблем і салістамі. Служыць эмацыянальным «акампанементам» танцу саліста. Часта танец саліста і К. звязвае ансамбль карыфеяў, які перадае рухі ад саліста да К. і наадварот. У балетах 19 ст. асн. ролю адыгрываў жаночы К. У 20 ст. з развіццём мужчынскага танца павялічылася вобразнае значэнне мужчынскага К. Шырока выкарыстоўваецца на эстрадзе.

т. 8, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЭРЦЫТЫ́ЎНАЯ СІ́ЛА,

напружанасць магн. поля, неабходная для таго, каб звесці да нуля астаткавую намагнічанасць ферамагнетыка (гл. Гістэрэзіс); адна з асн. характарыстык ферамагн. матэрыялаў. Вымяраецца з дапамогай каэрцытыметраў.

Значэнне К.с. вызначаецца фактарамі, якія перашкаджаюць перамагнічванню ўзору; для дадзенага ўзору ў значнай ступені залежыць ад спосабу яго падрыхтоўкі і апрацоўкі, а таксама ад знешніх умоў, напр., т-ры. Па велічыні К.с. адрозніваюць магнітна-мяккія (малая К.с.) і магнітна-цвёрдыя (вялікая К.с.) магнітныя матэрыялы. Найб. велічыню К.с. маюць аднадаменныя ферамагнітныя ўзоры.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)