ГАЎРЫЛЕ́НКА (Павел Нічыпаравіч) (28.2.1902, в. Касцюкоўка Гомельскага р-на — 4.2.1961),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Адзін з арганізатараў Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску (1928—30). Яго творчай манеры ўласцівы рэаліст. яснасць, якая арганічна спалучалася з лірычным аўтарскім пачуццём, абвостраным адчуваннем праяў жыцця, гісторыі і сучаснасці, жаданнем раскрыць хараство роднай зямлі. Аўтар твораў пра гісторыка-рэв. падзеі, подзвігі бел. партызан, прац. будні горада і вёскі, партрэтаў, пейзажаў: «Будоўля» (1932), «Прарыў нямецкай абароны» (1942), «Партызаны на Палессі» (1947), «Ліпавая алея» (1948), «На партызанскім аэрадроме» (1950), «Ідзе эшалон» (1957), «Вясна» (1958), «На рыштаваннях» (1960) і інш. У 1956—61 старшыня Саюза мастакоў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЫ́ШЧА,
1) на Беларусі ў 14—16 ст. (пераважна на Піншчыне) гаспадарчая адзінка і аб’ект абкладання сялян феад. павіннасцямі. Першапачатковыя Д. мелі прыблізна аднолькавую колькасць зямлі, на якой размяшчалася адна сял. гаспадарка — дым. З павелічэннем колькасці насельніцтва і зямлі да 16 ст. яны ўжо не былі аднолькавыя (у сярэднім уключалі 2—4 дымы). Гаспадары асобных Д. часта былі родзічамі, трапляліся і чужыя людзі. Тэр. Д. звычайна мела сваю назву, была акрэслена пэўнымі межамі. Распаду Д. і ўзнікненню сял. гаспадарак у складзе адной сям’і садзейнічала «Устава на валокі» 1557.
2) У Стараж. Русі двор землеўладальніка — дом з гасп. пабудовамі. Д. называлі таксама сельскае паселішча, сяло, вёску. На Беларусі ёсць вёскі з назвамі Дворышча, Дварышча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДКЕ́ВІЧ (Уладзімір Васілевіч) (н. 15.11.1954, г. Жодзіна Мінскай вобл.),
бел. графік і жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1975), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1986). З 1987 выкладчык Бел.АМ (з 1997 дацэнт). Аўтар станковых графічных твораў: серыі «Хворыя воблакі» (1989), «Вяртанне Францыска Скарыны» (1990), «Стварэнне свету» (1992), «Вузлы і дрэвы» (1995) і інш. Аформіў і праілюстраваў паэму «Тарас на Парнасе» (1992), зб. «Легенды і казкі польскіх і беларускіх паэтаў» (1992), кн. «Зіма з летам сустракаецца» (1995). Сярод жывапісных твораў: «Затопленыя вёскі» і «Малітва» (усе 1994—95), трыпціх «Метамарфозы» (1996) і інш. Валодае разнастайнай сімволіка-алегарычнай выяўл. мовай, у творах — імкненне да апалітычнасці і маст. абагульнення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЁЗДАВА,
комплекс археал. помнікаў канца 9—10 ст. каля аднайменнай вёскі, за 13—15 км ад Смаленска, на беразе Дняпра; гандлёва-рамесніцкі цэнтр на шляху з «варагаў у грэкі». Складаецца з 8 курганных могільнікаў і вял. паселішча з гарадзішчам у цэнтры. У могільніках каля 2000 курганоў. Даследавана больш за 1100 пахаванняў і каля 6000 м² паселішча. Пахавальны абрад да сярэдзіны 10 ст. трупаспаленне, пазней трупапалажэнне. Найб. росквіту дасягнула ў сярэдзіне 10 ст. Насельніцтва рознаэтнічнае: скандынавы, славяне, балты, асн. яго масу складалі рамеснікі і члены іх сем’яў, дружыннікі, гандляры. Раскопкамі выяўлена шмат рэчаў са Скандынавіі, Візантыі, краін Усходу, знойдзены 4 грашова-рэчавыя скарбы сярэдзіны 10 ст. З канца 10 ст. пачаўся заняпад паселішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗІМО́ВАЕ ЧАРАЎНІ́ЦТВА»
(«Winterzauber»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан Расонска-Асвейскай партыз. зоны ў трохвугольніку Себеж—Асвея—Полацк Віцебскай вобл. 14.2—20.3.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася карнай групоўкай «Берта» (10 паліцэйскіх батальёнаў, падраздзяленні 3-й танк. арміі, 201, 281-й ахоўных і 391-й вучэбна-палявой дывізій). Знішчыць партызан і ліквідаваць партыз. зону гітлераўцам не ўдалося. У ходзе аперацыі яны загубілі 3,5 тыс.мясц. жыхароў, 2 тыс. вывезлі ў Германію, больш за 1 тыс. дзяцей — у Сапаспілскі лагер смерці (Латвія), разрабавалі і спалілі 158 нас. пунктаў, у т. л. ў Верхнядзвінскім р-не спалілі разам з жыхарамі вёскі Абразеева, Аніськава, Жарнасекі, Калюты, Канстанцінава, Папартнае, Сокалава (пасля вайны не аднавіліся) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗІМО́ВЫ ЛЕС»
(«Waldwinter»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгад 3-й і 4-й Беларускіх, «За Савецкую Беларусь», Сіроцінскай, «Няўлоўныя», атрадаў Бел. дыверсійнай брыгады імя Леніна, некалькіх спецгруп у трохвугольніку чыгунак Віцебск—Невель—Полацк 27.12.1942—25.1.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 286-й ахоўнай і падраздзяленнямі 391-й вучэбна-палявой дывізій, зондэркаманд з гасп. камендатуры Віцебска. Была працягам карнай аперацыі «Клетка малпы». Пасля жорсткіх баёў уздоўж р. Обаль большасці партыз. фарміраванняў удалося прарвацца цераз чыг. Полацк—Невель і вывесці з сабой тысячы мясц. жыхароў.
У ходзе аперацыі гітлераўцы загубілі 1627 чал., 2041 чал. вывезлі ў Германію, поўнасцю спалілі вёскі Аржавухава, Белае, Чарбамыслы з большасцю жыхароў, захапілі 7468 галоў жывёлы, 446,8 т збожжа і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НАКРЫ (Conakry),
горад, сталіца Гвінеі. Размешчаны на в-ве Тамбо (злучаны з мацерыком дамбай) і п-ве Калум. Адм. ц. вобласці Конакры. 1558 тыс.ж. (1997, з прыгарадамі). Порт на Атлантычным ак.Чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. цэнтр краіны, дзе засяроджана большасць прадпрыемстваў апрацоўчай прам-сці (харч., тэкст., хім., металаапр., дрэваапр.). Праз порт ідзе б.ч. знешняга гандлю Гвінеі (вываз гліназёму, бананаў, кавы, ананасаў і інш.). Політэхн.ін-т. Нац. музей. У прыгарадзе — Бат. сад.
Засн. французамі ў 1884 на месцы вёскі, якая належала народу сусу. З 1891 сталіца пратэктарата, з 1893 — калоніі франц. Гвінея. Пасля 2-й сусв. вайны цэнтр нац.-вызв. руху. У 1950-я г. пачала развівацца прам-сць. З 1958 сталіца Гвінейскай Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ДЫ,
вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Чэрвень—в. Якшыцы. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдУ ад г. Чэрвень, 86 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Градзянка. 444 ж., 166 двароў (1999).
З канца 18 ст. ў Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1897 было 377 ж., 65 гаспадарак, царква, крама, кузня. У 1917 існавалі Старыя і Новыя Л. З 1924 Старыя Л. — цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну ў студз. 1943 партызаны разграмілі фаш. гарнізон у Старых Л., за што гітлераўцы расстралялі 45 жыхароў вёскі. У 1966 Старыя і Новыя Л. аб’ядналіся ў адну вёску Л.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання. Магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІР ДЖАЛА́Л (сапр.Пашаеў Мір Джалал Алі аглы; 26.4.1908, г. Ардэбіль, Іран — 28.9.1978),
азербайджанскі пісьменнік, літ.-знавец. Засл. дз. нав. Азербайджана (1947). Д-рфілал.н. (1947). Скончыў пед.ін-т у Баку (1935). Друкаваўся з 1928. Аўтар гіст. і сац. раманаў пра падзеі грамадз., Вял.Айч. войнаў, пасляваен. адраджэнне азерб.вёскі: «Уваскрэслы чалавек» (1935), «Маніфест маладога чалавека» (1937—39); «Адкрытая кніга» (1944), «Новы горад» (1951) і інш. Майстар навелы (зб-кі «Рост», 1935; «Раны Радзімы», 1943; «Слова пра чалавечнасць», 1961, і інш.). Працы па гісторыі развіцця азерб. л-ры, майстэрства пісьменнікаў Фізулі, Мамедкулізадэ, С.Вургуна і інш. На бел. мову асобныя творы М.Дж. пераклаў В.Рабкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎРО́ЦКІ (Алесь) (Аляксандр Піліпавіч; н. 12.2.1937, в. Давыдаўка Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі мед.ін-т (1962). Працаваў фельчарам у Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., урачом у Хойніцкім р-не Гомельскай вобл., з 1965 у Мінску на станцыі хуткай мед. дапамогі. Друкуецца з 1954. Яго вершы (зб-кі «Неба ўсміхаецца маланкаю», 1962; «Гарачы снег», 1968) вылучаюцца асацыятыўнасцю і метафарычнасцю, іроніяй і гратэскам, глыбінёй роздуму і свежасцю вобразнага ўспрыняцця свету. Аўтар рамана «Валун» (1994) пра жыццё пасляваен. вёскі, апавяданняў (зб. «Валун», 1976).
Тв.:
Пакаленні і папялішчы: Кн. вершаў. Мн., 1990.
Літ.:
Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968;
Шпакоўскі І. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;
Ярош М., Бечык В. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979.