усё ​1,

гл. увесь.

усё ​2, прысл.

1. Увесь час, заўсёды, пастаянна. Ён усё ў раз’ездах. Ён усё заняты. Ява ўсё злуецца. □ Іду, іду Па маёвым лесе, І ўсё мне здаецца: Вось-вось распукнецца Сэрца Мільёнамі ландышаў. Кірэенка.

2. Да гэтага часу, яшчэ і цяпер. Ён усё яшчэ вучыцца. □ Андрэя ўсё не было, і маці яшчэ больш занепакоілася аб сыне. Дуброўскі.

3. Толькі, выключна. Усё ты вінаваты. Справа расстроілася, і ўсё з-за вас.

4. У спалучэнні са словамі, якія абазначаюць змену прыметы або нарастанне прыметы. Вецер усё мацнее. Тэмпература паветра, усё павялічваецца. Усё больш і больш змяркалася. □ Сурова слухала бажніца модлы, А шум банкету ліўся ўсё гучней. З. Астапенка.

5. У спалучэнні з вышэйшай ступенню і злучнікам «чым» служыць для ўзмацнення проціпастаўлення. Занятак не вельмі што, але ўсё лепш, чым сядзець склаўшы рукі.

6. Аднак, тым не менш. Як ён ні стараецца, а ўсё не атрымліваецца добра.

•••

Усё ж; і ўсё ж — усё-такі, тым не менш. [Маці:] — Прырасла ты, Наташа, да свайго гэтага агароду моцна, а парваць з ім усё ж давядзецца. Асіпенка. І ўсё ж цуда адбылося. Капсуль разарваўся тады, калі дасталі яго з міны. Гроднеў.

Усё ж такі — тое, што і усё ж. І ўсё ж такі па нечым другім, невядомым і не распазнаным, было відаць, што.. [К. Чорны] слухае. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усплы́сці і усплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. усплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.

1. Узняцца з глыбіні вады на паверхню. Бервяно з разгону ўдарылася ў човен і перакуліла яго. Захарка і Уладзік апынуліся ў бурлівай рацэ. Першым усплыў на паверхню Уладзік. Сіняўскі. Вось звер усплыў, але тут жа прагучаў стрэл, і морж знік з вачэй разам з паплаўком. Бяганская. // Паказацца, з’явіцца. Над морам, над цёплым узбярэжжам, над садам усплыў месяц — вялікі, белы, ясны. Лось. З-за лесу ўсё вышэй уставала сонца. Калючы, яшчэ халодны шар яго ўсплыў над вершалінамі і, нібы здзіўлены, на імгненне застыў на месцы. Хадановіч. / у перан. ужыв. З лагчыны ў туманным хмызе Усплыў нейкі дзіўны гук — Быццам там З-пад лядка прабіўся І забулькаў у лозах Раўчук... Арочка. Скора, скора з выраю, З цёплага паўдня, З песняй жураўлінаю Ўсплыве вясна. Кляшторны. // перан. Паўстаць, з’явіцца ў памяці, думках і пад. Нешта далёкае, даўно забытае ўсплыло і трывожна затрымцела ў маёй душы. Палтаран. Па дарозе зноў у думках усплыло мінулае. Дуброўскі.

2. перан. Стаць вядомым, выкрыцца, выявіцца. Зноў усплыло гэта пытанне. □ Нарэшце й Жору, акрамя Дачкі, Фаміч меў на прыкмеце. Вось так Супонькава імя Усплыло, вядомым стала ў свеце. Бачыла.

•••

Усплысці (усплыць) наверх (на паверхню) — тое, што і выйсці наверх (на паверхню) (гл. выйсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвет ​1, ‑у, М цвеце, м.

1. зб. Кветкі на раслінах і дрэвах у перыяд цвіцення. Зноў наш двор пацярушаны пялёсткамі белага цвету, што асыпаецца з вішань. Брыль. Прыемна пахне агурочным цветам. Мыслівец. / у перан. ужыв. Так, будзе дождж, і снег, і іней — Ніколі ж цвет жыцця не згіне. Чарнушэвіч.

2. Цвіценне; час цвіцення. Верас у самым цвеце. Заліты бледна-ліловым полымем дол, і як залатыя ўспышкі па ім — бярозкі. Навуменка. Пакідай хлеб на бабовы цвет. Прыказка.

3. перан.; чаго. Лепшая частка якога‑н. грамадства, асяроддзя. Цвет навукі. □ Ідзе эпохі новай цвет — То піянеры, акцябраты. Хведаровіч. Мы — цвет чалавецтва, мы — сілы ўздым. Дудар.

4. перан. Гады маладосці, росквіт сіл. Пытаю: хто тут пачывае? Дзяўчына можа маладая У поўным цвеце красы-сілы Сыйшла без часу да магілы? Колас. От і жыццё праходзіць, і ў самым, можна сказаць, цвеце яго .. [Агата] асталася адна. Сабаленка.

5. Абл. Кветка. Малы махаў ручкамі, цягнуўся, каб сарваць цвет, але бацька яго стрымліваў. Гурскі.

•••

Ліпавы цвет — высушаныя кветкі ліпы, якія ўжываюцца ў якасці патагоннага лякарства.

цвет ​2, ‑у, М цвеце, м.

Разм. Колер. Мы прасілі саломы — у ёй цвет сонца і раздолле неабсяжных палёў, якім родны былі нашы сэрцы і думкі, нашы казачныя пераходы. Лынькоў. Зімой і летам адным цветам. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; незак.

1. кім-чым, з каго-чаго. Пацяшацца, забаўляцца. Доўга людзі цешыліся з цудаў, Што зрабіў быў Люцыян Таполя, Доўга з той батлейкі рагаталі. Танк. Чым бы дзіця ні цешылася, толькі б не плакала. Прымаўка.

2. кім-чым, з каго-чаго, без дап. і з дадан. сказам. Мець асалоду, задавальненне ад чаго‑н.; радавацца чаму‑н. Любіла Аксіння горача. Але нядоўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. Асіпенка. [Андрэй] цешыўся з Івана. Гэта быў не хлопец, а золата. Чарнышэвіч. Паміж альтанкай і сабачай будкай, пад разлапістым вязам, цешыўся ў лазовым крэсле-качалцы Радж, мой стрыечны брат. М. Ткачоў. [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня. Чорны.

3. Мілавацца, радавацца. — Цалуюцца галубкі, цешацца, — усміхнулася Волька. Васілевіч. І цешыцца сэрца і цешацца вочы, Калі мы пабачым гурток дзе дзявочы. Броўка.

4. чым. Суцяшаць, абнадзейваць сябе. Праз некаторы час страляніна ад нас аддалілася, і мы пачалі цешыцца думкай, што цяпер выйдзем, напэўна выйдзем на свой маршрут. Няхай.

5. Злараднічаць. — Добрая лазня нашаму старшыньку! — ці то спачуваў, ці то цешыўся Карпечак. Аношкін. Я і не заўважыў, як тыя самыя хлопцы, якія некалі так цешыліся, калі Рыжы біў мяне на рынгу, цяпер на трэніроўках глядзелі на мяне з надзеяй, нават з нейкім страхам. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ві́цязь (БРС). Рус. ви́тязь, укр. ви́тязь, ст.-рус. витязь, в.-луж. wićaz ’герой; селянін, арандатар’, чэш. vítěz, славац. víťaz, славен. vȋtez, серб.-ц.-слав. витѧѕь, серб.-харв. ви̏те̑з, балг. ви́тез, макед. витез. Ст.-прус. witing (з 1299 г.) ’служылае дваранства’ запазычана з польск. (Брукнер, AfslPh, 20, 485; ZfslPh, 2, 296). Большасць даследчыкаў лічаць славянскае слова запазычаным з герм., але канкрэтны шлях запазычання няясны. Фасмер (1, 322 і наст.) і інш. (Уленбек, AfslPh, 15, 492; Стэндэр–Петарсан, ZfslPh, 4, 44 і наст.; Шварц, ZfslPh, 2, 105; Янка, WuS, 1, 108 і наст.) узводзяць vitędzь да герм. *vikíng‑, ст.-ісл. víkíngr, якія звязаны са ст.-саксон. wîk ’жыллё’, ст.-в.-ням. wîch ’тс’; славянская форма ўзнікла ў выніку другой палаталізацыі і дысіміляцыі. Тлумачэнне слова як запазычання са ст.-ісл. hvítingr ’светлавалосы, знатны’ (Янка, там жа; Экблом, ZfslPh, 16, 272 і наст.) не пераконвае, таму што яно не ўлічвае распаўсюджання слова ў в.-луж. і серб.-харв. мовах. Маркварт (Festschrift. V. Thomsen, 104) атаясамлівае англа-сакс. Wicingas з эруламі, якія рабілі набегі з III ст. н. э. і былі адціснуты датчанамі толькі ў VI ст., і тым самым тлумачыць наяўнасць слова ў серб.-харв. Шварц (там жа) указвае на магчымасць распаўсюджання слова лангабардамі або варнамі. Мартынаў (Лекс. взаим., 105) выводзіць слав. vitędzь з прагерм. wīkinga (з *wīginga), якое ў сваю чаргу было ўтворана ад wīgan ’змагацца, забіваць’ пры дапамозе суф. Nomina agentis ‑inga, г. зн. wīginga ’пабеданосны воін’. Версіі славянскага паходжання ад *vit ’дабыча, трафеі’ з суф. ędzь (Брукнер, 658; AfslPh, 42, 139 і ZfslPh, 6, 64) і ад вітаць ’абітаць’ (Янка, Slavia, 9, 343; Младэнаў, 68) малаверагодныя. Падрабязна літаратуру гл. Фасмер, 1, 322 і наст. і Шанскі, 1, В, 111.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарбы́ль ’узгорак, бугор’ (Касп.), ’маленькае ўзвышша на роўным месцы’ (Яшкін), ’горб’, ’нарост на дрэве або целе’ (Нас.), ’аполак, сегментальная ў папярочным сячэнні дошка’ (Сцяшк. МГ, Шатал.). Бясспрэчна, гэта лексема звязана з іншымі словамі, утворанымі таксама ад асновы горб‑ і якія маюць падобную суфіксацыю. Параўн. гарбе́ль ’гарбаты’ (БРС), далей гарбу́ль ’нарост на дрэве або целе’ (Нас.), ’гарбаты чалавек’ (Шатал.). Як бачым, каранёвая частка гэтых слоў тая ж самая, а суфікс мае адзін і той жа кансанантны элемент (‑l). Такім чынам, мы маем зыходнае *gъrb‑ylь, *gъrb‑ulь і *gъrb‑elь (*gъrb‑ělь?). Першыя дзве лексемы маюць суфіксацыю, якая звязана апафанічнымі адносінамі (‑y‑lь: ‑u‑lь ← *‑ū‑lь: *ou̯‑lь). Адносна ‑elь сказаць штосьці пэўнае аб яго непасрэднай сувязі з названымі суфіксамі цяжка (маем на ўвазе яго вакалічны элемент). Але ўсе тры базіруюцца на кансанантным ‑l‑ (агляд гэтай суфіксацыі гл. у Слаўскага, SP). Роднаснасць суфіксацыі, яе аднатыпнасць у функцыянальным плане дазваляюць меркаваць, што ўсе тры лексемы — гэта паралельныя ўтварэнні, аднолькавыя па словаўтваральнай структуры і па семантыцы. Іх паралелізм існавання можна высветліць тым, што яны ўзніклі ў розных дыялектах (у якіх выступала адна з форм названай суфіксацыі). Сама аснова *gъrb‑ мае шмат значэнняў (так было і ў прасл. дыялектах; агляд семантыкі прасл. *gъrbъ гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 199–201), якія добра высвятляюць дыяпазон ’горб’ — ’гара, узвышша’ і г. д. Параўн. аналагічныя ўтварэнні і ў рус. гаворках: горбу́ль ’маленькае ўзвышша; намёт снегу; дошкі-аполкі; агароджа з такіх дошак; пірог з бульбяной начынкай’ (СРНГ, 7, 23), горбы́ль ’горб; гарбаты чалавек; патыліца ў чалавека; нос чалавека; невялікае ўзвышша; пень; агароджа з дошак-аполкаў; рыба сазан’ (СРНГ, 7, 25).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калаты́рыць, колоіырыць ’валтузіцца, церціся, дурэць’ (Нас.), калатырыць ’забаўна, але неабгрунтавана гава-рыць’ (Касп.), кълатырыцца ’бескарысна важдацца з чым-небудзь’ (уіпац., Нар. лекс.), сюды ж і калатыры. калатырыць (Нік. Напаў.). Дакладныя адпаведнікі ў рус. мове: валаг., чэрап., варонеж. колагырнть ’займацца пустой, дробнай справай’, арханг. ’таптацца без справы’, смал. ’круціцца, церціся каля каго-, чаго-небудзь, гарэзуючы, і да т. п.’, валаг., пск. ’балбатаць, балакаць’, алан. ’гаварыць глупства і да т. и.’ Відавочная бел.-рус. інавацыя. Бел. лексема адзначана ў паўн. і ўсх. гаворках, што можа указваць на генетычна тоесную з рус. колотить, колотиться ’бадзяцца без справы, мэты’, колотить ’пляткарыць’, ’гаварыць дробязі, пустасловіць’, валаг. ’пытаць’, бел. колотаты ’пытаць’ (нараўл., Мат. Гом.). Некаторыя семемы маглі развівацца незалежна ад утваральнага слова, у дэрыватаў, аднак, наяўнай інфармацыі недастаткова, каб зразумець цалкам іх іерархію. У бел. мове ў адрозненне ад рус. шэраг дэрыватаў атрымаў экспрэсіўны інфікс (гл. калантырыць). Гэта больш верагодная версія параўнальна з тлумачэннем Нікіфароўскага, Напаў., 16, што бел. слова суадносіцца са ст.-рус. калантарь. колонтарь, калантырь ’кальчуга’, прыткім калантыр разумеецца як панцыр з нашытых на скуру драўляных планак, вырабляць такія планкі — ’займацца лёгкай, пустой справай, калантырыць’, адкуль і калатыры калатырыць. Такое тлумачэнне вельмі штучнае і не ўлічвае шэрагу значэйняў слова калатырыць у бел. і колотырить у рус. гаворках, а таксама лексемы колотить. з якой яны, відавочна, суадносяцца. Па утварэнню паўн.-слав. лексемы нагадваюць серб.-харв. клатарити се ’бадзяцца, вандраваць’ клитити се ’бадзяцца’. Фасмер (2, 296) зыходным для дзеяслова колотырить лічыў колотыра — дэрыват ад колотить. Гэта, аднак, хутчэй за ўсё дзеяслоўнае ўтварэнне: колотить > колотырить; генетычна мадэль магла быць і трохстуменчатай. з паступовай стратай сярэдняга звяна ў выніку рэгулярнасці такога тыпу дэрывацыі. Аб далейшай этымалогіі гл. калаціць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асла́ асялок (БРС, Сцяшк.), асёлак (Сцяшк., Бір. дыс., Выг. дыс., Смул.), усёлак ’мянташка’ (Выг. дыс.). Рус. осла, осёлок, укр. осла, оселок, польск. osła, osełka, палаб. våslă, н.-луж. woslica, славац. osla, славен. ósla, ст.-слав., ст.-рус. осла ’тс’, в.-луж. wósła ’граўвакка (мінерал тыпу пясчаніку)’. У рускай, славацкай яшчэ ’закаліна ў хлебе’, у славенкай ’зацвярдзенне залоз’, у польскай дыял. ’брусок рознага рэчыва’, напр. масла. Параўн. чэш. дыял. мянушка Osla. Паводле Фасмера, 3, 157, сюды ж балг. осил ’восць’, што наўрад ці правамерна без прамежкавых фактаў; Трубачоў (Зб. Курыловічу, 332) лічыць літ. aslà ’земл. падлога, мянташка’ запазычаным з польскай ці іншых славянскіх моў. Не выклікае сумненняў, што прасл. *osla ўтворана ад і.-е. кораня *ăkʼ‑; звычайна пры гэтым звяртаюць увагу на яго значэнне востры’ і супастаўляюць з арм. asełn ’ігла’, грэч. ἀκόνη ’асялок’ (Мейе, Études, 419) ці англ. ail ’асялок’. Аднак наяўнасць верхнялужыцкага значэння дае магчымасць лічыць, што першаснае значэнне тут не ’вастрэнне’, а ’камень’, што звязвае слова з ст.-інд. ásman камень, неба’ і пад. Нельга выключыць, што ў словах асёлак, аселіца ’лугавіна на прысядзібным участку’, аселіна ’неаранае поле, пакінутае для пашы’ адлюстраваліся нейкія старыя сувязі з *os(ь)la ’камень > глеба’ (Міклашыч, — па Безлаю, Vodna im., 2, 65). Зыходнае значэнне ’камень’ дае больш магчымасцей для тлумачэння значэнняў ’закаліна ў хлебе’, ’зацвярдзенне’ і іншых значэнняў слова асла і вытворных побач з ’мянташка’. Нельга быць пэўным у правамернасці сувязі значэнняў ’востры’ і ’камень’ у індаеўрапейскіх мовах, магчыма, тут аманімія кораняў; у карысць адзінства кораня сведчыць хец. aku ’востры камень’ (Іванаў, Общеинд., 45), але санскрыцкае значэнне ’камень’ і неба’ сведчыць хутчэй пра іншыя семантычныя адносіны. Параўн. асялок, асёлка, асілак, востры.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Агу́раць ’надаесці’ (Бір. дыс.), агурэць ’разленавацца, стаць непаваротлівым’ (КЭС, лаг.), агурыцца ’абвыкнуцца, апусціцца’ (Бір. дыс., Нас.), агура ’неслух, непаслухмяны’ (Бяльк.), агурань ’грубіян, неслух’, агурства (Нас.), ст.-бел. огурный ’непаслухмяны, бестурботны’ (Гарб.), огуритися ’не слухацца, упірацца’ (1557), огурство ’ўпартасць’ (1554) (Нас. гіст.), рус. огурь ’упартасць, ленасць’, огурный ’упарты, гультай’ і інш. (гл. Львоў, Зб. Вінаградаву, 172), укр. огурний, угурний ’упарты, непаслухмяны’ (гл. Патабня, Из записок, 3, 51). Булахаў (Бел. мова, 46–47) параўноўвае беларускія словы з велягурісты (гл.). Супрун, Веснік БДУ, 1, 2, 69 — з славац. ohurny ’магутны, бялізны, грубы’, ohurit ’аглушыць, заблытаць’, але дапускае і прэфіксальны характар a‑. Тады супастаўляюцца таксама рус. гуряться ’паводзіць сябе нахабна’, палаб. *gorniti ’гаварыць’, славац. hurny ’магутны, бялізны, грубы’, серб.-харв. гу́рати ’штурхаць, пхаць’ (гэта супастаўленне зроблена ўпершыню Патабнёй), балг. гурам ’хадзіць’. Пералічэння словы, вельмі далёкія семантычна, трэба размежаваць. Паўднёваславянскія формы звязваюцца з літ. gū́ra ’сутулы чалавек, чалавек, які ходзіць сагнуўшыся’, gū̃rinti ’хадзіць сагнуўшыся’ (Буга, RR, 1, 441), лат. gūrât ’марудна рухацца, ляніцца’ (Эндзелін, KZ, 44, 68), лат. guôrît ’марудзіць, вагацца’, guoris ’гультай, лодар’. Апошнія балтыйскія паралелі непасрэдна звязаны з беларускімі і рускімі словамі. Эндзелін таксама супастаўляе латышскія формы, серб.-харв. гӳритисе ’згібацца’ з ст.-грэч. γυρός ’сагнуты, гарбаты’, нарв. kūra ’згібацца’ і г. д. (Параўн. яшчэ Фрэнкель, 177; Ілліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 96). Што датычыць семантычнага пераходу ад серб.-харв. гӳрити се ’згібацца’, балг. погурен ’сутулы’ да серб.-харв. гу́рати ’штурхаць, пхаць, туліць’, балг. гурам ’хадзіць’, параўн. сутулы, туліць і туляцца. Польск. ohurstwo, відавочна, з беларускага (г — фрыкатыўнае), а палаб. *gorniti да гэтай лексічнай групы не адносіцца. Такім чынам, формы яшчэ індаеўрапейскія (*gau̯/gu‑r). Рэканструкцыя Львова (*agh‑) неверагодная. Супраць апошняй таксама Трубачоў, Дополн., 3, 121.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́ржа 1 ’дзіцячая цацка: косць з парасячай ці авечай нагі, у якой пракручваецца дзірка, у дзірку зацягваецца нітка. Нітку накручваюць і расцягваюць; расцягваючыся, нітка раскручваецца і прыводзіць у рух костачку. Костачка круціцца і вурчыць, «журжыць»’ (Бяльк.). Параўн. рус. раст. журже́лка ’дзіцячая цацка з косці’, ’бабка для гульні’. Параўн. жужу́лачкі ’цацкі з касцей’, жураўка ’калодка з дзіркай у прыладах’. Тлумачэнне рэаліі вядзе да сувязі з дзеясловам *журжаць (параўн. рус. варонеж., кур. журжать ’гусці’), але ці не народная гэта этымалогія, асабліва калі ўлічыць словы жураўка, жужулачкі? Ці няма тут адлюстравання і.-е. *geu‑ ’згінаць, скручваць’ з пашырэннем ‑r‑ (Покарны, 1, 393–397)? Параўн. літ. gauras, лат. gauri ’валасы на целе’, літ. ’ільняное валакно’, с.-іран. gūaire ’кучары’, нарв. kaure ’тс’. Няясна. Гл. яшчэ жу́ржа 2.

Жу́ржа 2 ’распусніца’ (Бяльк.), ’непаседлівая жанчына’ (Юрч., Нар. вытв. сл.). Рус. валаг., перм., сарат. журжа ’распусніца, каханка’, без месца ’буркун’, калуж. журжавый ’бурклівы’. Значэнне ’непаседлівасці’, а таксама пашыранасць там жа, дзе журжа 1 ’цацка, што круціцца’, вядзе да сцвярджэння аб сувязі гэтых амонімаў паводле «паводзін». Аднак рус. значэнне ’бурклівы’ вядзе да магчымай сувязі з «гукавым» бокам цацкі, а пашырэнне на далёкіх рус. арэалах, дзе не зафіксавана адпаведная цацка, дазваляе нават меркаваць аб самастойным развіцці там слова журжа на базе дзеяслова тыпу журить з экспрэсіўным падваеннем зычнай: *журжить ’бурчаць’, а магчыма, і ’многа гаварыць’. Параўн. кубан. журба ’журлівы чалавек’. Калі ж журжа 2 — агульнае ўсх.-слав. слова, сувязь з журжа 1, відаць, другасная, а першаснае значэнне журжа 2, магчыма, ’каханка’ (’тая, пра якую журбота, клопат, туга’), адкуль ’распусніца’. Фіналь ‑жа можна разглядаць і як суфікс (параўн. любжа ’зёлкі для любві’, Гарэц.; Сцяцко, Афікс. наз., 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)