БЕ́СКІН (Ізраіль Саламонавіч) (25.11.1895, Віцебск — 19.1.1964),

савецкі военачальнік, ген.-лейт. артылерыі (1944). Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Маскоўскія курсы цяжкай артылерыі РСЧА (1920), Вышэйшую артыл. школу (1925), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У арміі з 1915. У грамадз. вайну ўдзельнік ліквідацыі мяцяжоў у Віцебскай і Смаленскай губ., вызвалення ад яп. акупантаў рас. гарадоў на Д. Усходзе, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік баёў пад Сталінградам, вызвалення Гомеля, Рэчыцы, Калінкавіч, Бабруйска; вызначыўся ў час прарыву абароны ворага каля г. Шчэцін (Польшча). Да 1953 у Сав. Арміі.

І.С.Бескін.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЕ́ЦКІ Мікалай Станіслававіч [сапр. Язерскі Павел Сямёнавіч; 29.12.1896, С.-Пецярбург — 29.3.1919], бел. журналіст. Вучыўся ў Петраградскім ун-це (1913—16). Пасля заканчэння ваен.-інж. вучылішча (1916) у званні прапаршчыка накіраваны на Паўн.-Зах. фронт. Чл. РСДРП(б). У 1917 чл. палкавога к-та. У 1918 супрацоўнік Наркамата юстыцыі РСФСР, потым на Усх. фронце. З 1919 у Гомелі, арганізатар і рэдактар газ. «Известия революционного комитета г. Гомеля и уезда», чл. Гомельскага Савета і гар. к-та РКП(б), узначальваў саюз сав. журналістаў Гомеля. Закатаваны ў час стракапытаўскага мяцяжу 1919 у Гомелі.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІН ((Bean) Алан) (н. 15.3.1932, Уілер, штат Тэхас, ЗША),

касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМС. Скончыў Тэхаскі ун-т (1955). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. З Ч.​Конрадам і Р.​Горданам здзейсніў 14—24.11.1969 палёт на Месяц, у час якога двойчы выходзіў (разам з Конрадам) на яго паверхню. 28.7—25.9.1973 разам з О.​Гэрыётам і Дж.​Лусмам ажыццявіў палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (з выхадам у адкрыты космас). Агульная працягласць палёту 69,7 сут. Уладальнік 11 сусв. рэкордаў у галіне касм. палётаў. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІФУРКА́ЦЫЯ РЭК (ад лац. bifurcus раздвоены),

раздзяленне рэчышча і даліны на 2 самастойныя ракі, якія ўпадаюць у розныя басейны. Найчасцей узнікае ад размыву паверхневымі водамі плоскіх водападзелаў. Найб. вядома ў сістэме р. Арынока (Паўд. Амерыка). На Беларусі існуе біфуркацыя рэк бас. Нёмана — праз р. Выня сцёк ажыццяўляецца ў р. Цапра бас. Прыпяці, а таксама з Пцічы па пратоках вада паступае ў рэкі Цітаўка і Талька бас. Свіслачы. Назіраецца сезонная біфуркацыя рэк, калі пераліў вады з аднаго басейна ў другі адбываецца ў час паводкі або разводдзя.

т. 3, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕС-І-БА́ЭС ((Gómez y Báez) Максіма) (18.11.1836, г. Бані, Дамініканская Рэспубліка — 17.6.1905),

адзін з кіраўнікоў нац.-вызв. руху кубінскага народа. У 1861—65 удзельнічаў у вайне за незалежнасць Дамініканскай Рэспублікі ад Іспаніі. У час нац.-вызв. вайны 1868—78 на Кубе стаў генералам арміі паўстанцаў, на чале якіх разбіў ісп. войскі каля Пала-Сека (1873), Наранха (1874), Гуасімаса (1874) і інш. Пазней у эміграцыі. З крас. 1895 зноў на Кубе, галоўнакаманд. арміяй паўстанцаў. Пасля ісп.-амер. вайны 1898 і акупацыі Кубы войскамі ЗША (студз. 1899) быў вымушаны распусціць сваю армію.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБНІ́ЦКІ (Отан Мікалаевіч) (12.3.1829, маёнтак Арэхаўна Лепельскага пав., зараз Ушацкі р-н — 19.1.1865),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Пасля вучобы ў прыватным пансіёне ў Вільні на вайск. службе ў Крыме, юнкер уланскага палка. У 1854 за сувязь з татарскім антыцарскім рухам на 2 гады зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, потым адпраўлены радавым у Сібірскі асобны корпус. У 1859 вярнуўся на радзіму. У час паўстання 1863—64 камандаваў атрадам паўстанцаў у Віцебскай губ. Засуджаны на 6 гадоў катаргі. Памёр па дарозе ў Сібір.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 5, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ПЕДАГАГІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.

Існавала ў 1907—14 у Гродне. Сярод арганізатараў выкладчыкі гімназіі і школ горада Я.​Ф.​Арлоўскі, К.​У.​Кемарскі, Д.​Н.​Кропатаў. Складалася з секцый: гісторыка-філал., прыродазнаўча-матэм., псіхал., выяўл. мастацтваў і музыкі; мела камісію па арганізацыі агульнадаступных чытанняў. Распрацоўвала навук. і пед. пытанні, праблемы эстэт. развіцця, папулярызавала дасягненні ў розных галінах навукі. Т-ва садзейнічала адкрыццю музея і кансерваторыі ў Гродне, правядзенню археал. раскопак у наваколлі горада, удзельнічала ў культ.-асв. мерапрыемствах. Выдавала час. «Педагогическое дело» (з 1911).

В.​А.​Цыбуля.

т. 5, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНЕ́ВІЧ (Тамаш Міхайлавіч) (1815 — 28.7.1863),

кіраўнік атрада ў час паўстання 1863—64. Уладальнік маёнтка Верхняя Тошчыца ў Рагачоўскім пав. У 1834—44 на ваен. службе. Выйшаў у адстаўку ў чыне штабс-ротмістра і пасяліўся на радзіме. У крас. 1863 арганізаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад у Рагачоўскім пав. Атрад не паспеў разгарнуць актыўных дзеянняў, быў рассеяны паблізу в. Верхняя Тошчыца войскамі, якім дапамагалі сяляне. Паводле прыгавору суда, зацверджанага М.​М.​Мураўёвым, публічна расстраляны ў Рагачове. Прататып Усяслава Грынкевіча ў рамане У.​Караткевіча «Нельга забыць».

Г.​В.​Кісялёў.

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ БАР’Е́РНЫ РЫФ (Great Barrier Reef),

града каралавых рыфаў і астравоў уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі, у Каралавым м. Даўж. каля 2300 км; шыр. ў паўн. ч. каля 2 км, у паўднёвай — да 150 км. Большая частка рыфаў знаходзіцца пад вадою і агаляецца ў час адліваў. Ад мацерыка Вялікі Бар’ерны рыф аддзелены суднаходнай натуральнай лагунай глыб. да 50 м. Даследавана каля 20 суднаходных праходаў (Вялікі Паўн.-Усходні, Рэйн-Айленд, Кука і інш.). Марскі нац. парк (засн. ў 1979); ахова флоры і фауны ўзбярэжжаў і мелкаводдзяў; уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 4, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАЗЕ́ТА ГРОДЗЕ́НЬСКА»

(«Gazeta Grodzieńska»),

першае перыядычнае выданне на тэр. сучаснай Беларусі. Выдавалася з мая 1776 да 1783 (?) у Гродне на польск. мове раз на тыдзень на 2 старонках фарматам 15 × 20 см. Друкавалася ў Гродзенскай друкарні. У перадавых артыкулах абмяркоўваліся надзённыя грамадска-паліт. праблемы (на той час унікальная з’ява). Па патрабаванні караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Гродне была ўведзена пасада цэнзара, па загадзе якога рэдакцыйныя артыкулы часам замяняліся паведамленнямі з інш. выданняў. Змяшчала інфармацыю пра падзеі ў горадзе, аб’явы. Апошні выяўлены нумар газеты датаваны 28.12.1780.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)