КАТЛАВЕ́Ц (Міхаіл Паўлавіч) (25.10.1914, в. Скрыгалаў Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 6.10.1944),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў БДУ (1937), курсы мал. лейтэнантаў пры Харкаўскім танк. вучылішчы (1941). У Вял.Айч. вайну зчэрв. 1941 на Зах., Сталінградскім, 2-м Укр. франтах. Камандзір танк. батальёна капітан К. вызначыўся ў студз. 1944 у баі за ст. Лялекаўка каля Кіраваграда, калі батальён пад яго камандаваннем за дзень адбіў 6 контратак, і ў час прарыву абароны праціўніка на румына-венг. граніцы 5.10.1944, калі батальён знішчыў 5 гармат, больш за 100 павозак з боепрыпасамі, узяў у палон 130 гітлераўцаў. Загінуў у баі. Яго імем названы вуліцы ў Мазыры, Ціраспалі, в. Лешня, 8-гадовая школа ў в. Лешня, дзе ён вучыўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́РСКІ ((Kowarski) Феліцыян Шчэнсны) (8.9.1890, г. Старасельцы, цяпер у межах Беластока, Польшча — 22.9.194 8),
польскі мастак. Заснавальнік польскай школы манум. жывапісу. Вучыўся ў Адэсе (1908—10) і Пецярбургскай АМ (1910—18). Праф.АМ у Кракаве (1923—29), Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве (з 1930). Аўтар вял. шматфігурных кампазіцый, партрэтаў, пейзажаў, нацюрмортаў, якія вызначаюцца багатай фактурай. Займаўся насценным жывапісам, скульптурай, літаграфіяй. У творчасці яднаў прынцыпы класічнай формы зрамант. адчуваннем прыроды, імкнуўся да манум. і сінт. трактовак, прастаты і сілы выяўлення. Асн. творы: плафон залы «Пад птушкамі» ў Вавелі (1929), «Вандроўнікі» (1930), «Нацыянальны ўрад 1863» (1937), праект скульпт.-керамічнага афармлення Гал. вакзала ў Варшаве (1938), «Бежанцы» (1942), «Галава яўрэйкі» (1946), «Электра» (1947), скульптуры «Марат» (1944), «Сірыйская мадонна» (1948).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКАЯ ВАЙНА́,
баявыя дзеянні паміж кааліцыяй стараж.-грэч. гарадоў-дзяржаў (Фівы, Аргас, Карынф, Эліда, Акарнанія і інш.) на чале з Афінамі супраць Пелапанескага саюза на чале са Спартаю ў 395—387 да н.э. Выклікана імкненнем грэч. дзяржаў вызваліцца ад гегемоніі Спарты. Антыспартанскую кааліцыю падтрымала Персія, якая з 399 вяла вайну супраць Спарты. Пабудаваны за грошы Персіі ваен. флот пад камандаваннем афіняніна Конана нанёс у 395 каля в-ва Кнід паражэнне спартанцам. Баючыся ўзмацнення Афін ва ўмовах перамог антыспартанскай кааліцыі, Персія перайшла на бок Спарты. Эканамічна спустошаныя Афіны вымушаны былі прыняць прадыктаваны Персіяй Анталкідаў мір (387 ці 386), паводле якога Персія стала гал. арбітрам грэч. спраў, большасць грэч. дзяржаў атрымала аўтаномію, абмяжоўваліся дзеянні Афін, забараняліся ўсялякія саюзы (акрамя Пелапанескага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦА,
сканцэнтраваны прыродны выхад падземных вод на зямную паверхню на сушы або пад вадой. Утварэнне К. звязана з перасячэннем ваданосных гарызонтаў адмоўнымі формамі рэльефу (рачнымі далінамі, лагчынамі, ярамі і інш.), геолага-структурнымі асаблівасцямі мясцовасці (трэшчыны, тэктанічныя парушэнні і інш.), фільтрацыйнай неаднароднасцю водазмяшчальных парод. Падзяляюцца: па напрамку руху падземных вод да іх выхаду на паверхню і гідрадынамічных асаблівасцях на сыходныя (жыўленне грунтавымі безнапорнымі водамі) і ўзыходныя (жыўленне артэзіянскімі напорнымі водамі); паводле характару рэжыму — на пастаянна, сезонна і рытмічна дзеючыя; залежна ад саставу — на прэсныя і мінеральныя; па т-ры — на кіпячыя, гарачыя, цёплыя і халодныя. Штучныя К. ўтвараюцца ў выніку інжынерна-гасп. дзейнасці (К. ніжніх б’ефаў плацін, зваротныя К. на масівах арашэння, К., звязаныя з узвядзеннем фундаментаў будынкаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСЦІ́НСКІ (Міхаіл Францавіч) (28.9.1829, в. Завідзічы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 1905),
бел. археолаг. Скончыў Віленскі дваранскі ін-т, Пецярбургскі ун-т. Чл. Маск. археал.т-ва (з 1874, чл.-кар.з 1867). У 1850—90 вывучаў археал. помнікі Віцебшчыны, склаў яе археал. карту, для Пецярбургскай акадэміі мастацтваў зрабіў табліцу курганоў і гарадзішчаў кожнага павета Віцебскай губ. Упершыню на Беларусі пачаў фатаграфаваць працэс раскопак, складаць фотатэку помнікаў старажытнасцей Віцебскай і суседніх губерняў. Даследаваў Гнёздаўскі курганны могільнік пад Смаленскам (гл.Гнёздава), тэр. ў вярхоўях Зах. Дзвіны, Дняпра, Волгі. Вывучаў Барысавы камяні. Аўтар «Успамінаў» (захоўваюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы).
Літ.:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е годы XX в. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫГРЭ́СІЯ (ад лац. digressio адхіленне) рэкрэацыйная, пагаршэнне стану прыродных комплексаў (пераважна ў лесапарках, зонах адпачынку, прыгарадных лясах) пад уплывам інтэнсіўнага іх выкарыстання. З’явы Д. ўзнікаюць пры перавышэнні гранічна-дапушчальных рэкрэацыйных нагрузак, як вынік вытоптвання расліннага покрыва, ушчыльнення глебы, абломлівання дрэў і кустоў, апёкаў глебы ад вогнішчаў, распуджвання жывёл, неўпарадкаванага збору грыбоў, кветак, ягад, засмечвання асяроддзя арган. і мінер. рэчывамі антрапагеннага паходжання. Мех. ўздзеянні, асабліва вытоптванне, найб. адчувальныя і пастаянныя фактары Д. З мэтай рэгламентацыі рэкрэацыйных нагрузак вылучаюць 5 стадый Д. 1—3-й стадыям уласцівы адмоўныя, але абарачальныя змены, пераважна ў раслінным і жывёльным свеце; на 4-й і 5-й стадыях закранаюцца глебава-грунтавыя і гідралагічныя ўмовы з фарміраваннем і нарастаннем неабарачальных працэсаў разбурэння біягеацэнозаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЎКТРЫ (Leuktra),
старажытнагрэчаскі горад у Беотыі, за 11 км ад Фіваў, каля якіх 5.8.371 да н.э. адбылася бітва паміж спартанцамі на чале з царом Клеамбротам (10 тыс. гаплітаў і 1 тыс. коннікаў) і фіванцамі пад камандаваннем Эпамінонда (каля 6 тыс. гаплітаў і 1,5 тыс. коннікаў). Фіванцы ўпершыню выкарысталі новы тактычны прыём: размясцілі войскі нераўнамерна па фронце (т. зв. косым баявым парадкам), сканцэнтраваўшы на левым флангу ўдарную групоўку і рэзерв з лепшых воінаў, а ў цэнтры і на процілеглым флангу паставілі меншыя па колькасці сілы. Зыход бітвы вырашыў удар намнога большымі сіламі па адборнай частцы войска спартанцаў. Непераможныя да гэтага часу на сушы спартанцы былі разбіты, загінуў іх цар Клеамброт. У выніку Спарта страціла гегемонію ў Грэцыі. Пелапанескі саюз распаўся. Пачалося кароткатэрміновае панаванне Фіваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРПРАПАГА́НДА (ад контр... + прапаганда),
пашырэнне поглядаў, ідэй, процілеглых тым, якія распаўсюджвае ідэалагічны праціўнік. Гал. мэта К., побач са сцвярджэннем уласных ідэй, — нейтралізацыя магчымага ўплыву на грамадскую свядомасць варожай прапаганды. Аб’ектамі К. могуць выступаць як людзі, так і непрымальныя, некарысныя для пэўнай палітыкі падзеі і факты аб’ектыўнай рэчаіснасці. Напр., у другую сусв. вайну дзярж. кіраўніцтва гітлераўскай Германіі імкнулася з дапамогай контрпрапагандысцкіх захадаў пераадолець глыбокі негатыўны ўплыў на свядомасць насельніцтва паражэння германскіх войск у бітвах пад Масквой, Сталінградам і інш. Суб’ектамі К. могуць быць спецорганы і ін-ты дзяржавы (армія, паліт. партыі і інш.). Ва ўмовах бурнага развіцця сродкаў масавай камунікацыі і іх манапалізацыі дзяржавай або прыватнымі карпарацыямі К. разам з прапагандай можа быць эфектыўным сродкам маніпуліравання свядомасцю людзей у паліт. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЙ (ад агульнаслав. краяци — рэзаць),
1) першапачаткова мясцовасць на ўскраіне дзяржавы (адсюль назва), пазней — краіна, вобласць, мясцовасць, вял.геагр. вобласць. Тэрмін ужываецца таксама ў сэнсе радзіма, родны кут (вывучае краязнаўства); як сінонім назвы ўсёй тэр. (Беларусь — Беларускі К.) або асобных яе частак (Палескі К., азёрны К., партызанскі К.).
2) У Расіі 18 — пач. 20 ст. назва ўскраінных тэр. імперыі, якія складаліся з некалькіх губерняў або абласцей пад агульным кіраўніцтвам. Афіцыйна адносілася да Каўказа (Каўказскі К. у 1882—1905) і Туркестана (Туркестанскі К. у 1886—1917). У 19 — пач. 20 ст. тэрыторыя, куды ўваходзілі бел. і літ. губерні, называлася Паўн.-Зах. К.
3) У Расіі з 1924 буйная адм.-тэр. адзінка (Алтайскі, Краснадарскі, Краснаярскі, Прыморскі, Стаўрапольскі, Хабараўскі краі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАК (Ісідар Аркадзевіч) (н. 14.2.1909, г. Адэса, Украіна),
расійскі дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1976). Вучыўся ў Адэскай (1922—25, клас В.Залатарова), скончыў Ленінградскую (1928, клас М.Малько) кансерваторыю. У 1928—37 дырыжор у оперных т-рах Расіі, Казахстана, Украіны. Адзін з арганізатараў і дырыжор Чэлябінскага (1955—68) і Новасібірскага (1944—49 і з 1968 — галоўны) т-раў оперы і балета. Сярод спектакляў, пастаўленых пад яго кіраўніцтвам: оперы «Скупы рыцар» С.Рахманінава (1943), «Руслан і Людміла» (1944) і «Іван Сусанін» (1945) М.Глінкі, «Дударай» Я.Брусілоўскага (1956), «Далібор» (1950) і «Брандэнбуржцы ў Чэхіі» (1963) Б.Сметаны, «Мадам Бавары» Э.Бандэвіля (1982, упершыню), балет «Доктар Айбаліт» І.Марозава (1948). Выкладаў у Алма-ацінскай кансерваторыі (1952—55). Сярод вучняў Ф.Мансураў. Дзярж. прэмія СССР 1948.