АБАРО́Т КАПІТА́ЛУ,

працэс узнаўлення руху ўсяго авансаванага капіталу, які бясконца паўтараецца. Не супадае з кругаабаротам капіталу. Поўны абарот капіталу адбываецца толькі тады, калі ў грашовай форме вяртаецца авансаваная вартасць асноўнага капіталу і ён аднаўляе сваю матэрыяльную форму. Таму абарот капіталу ахоплівае некалькі кругаабаротаў капіталу. Час, на працягу якога авансаваны ў грашовай форме капітал вяртаецца ў той жа форме да прадпрымальніка, наз. часам абаротам капіталу. Адзінкай вымярэння абароту капіталу служыць год. Хуткасць абароту капіталу вызначаецца па формуле: n = A a , дзе n — колькасць абаротаў, A — адзінка вымярэння, a — час абароту індывід. капіталу. Хуткасць абароту капіталу — паказчык жыццяздольнасці капіталу. На яе ўплываюць час вытв-сці і час абарачэння, а таксама суадносіны асн. і абаротнага капіталу ў авансаваным капітале.

т. 1, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕ́РА ЗАКО́Н,

закон механічнага (пандэраматорнага) узаемадзеяння двух токаў, якія цякуць у элементарных адрэзках праваднікоў, што знаходзяцца на некаторай адлегласці адзін ад аднаго. Адкрыты А.М.Амперам (1820). Сіла dF→12, якая дзейнічае на элемент аб’ёму dV2 правадніка з токам I2 з боку элемента аб’ёму dV1 правадніка з токам I1, вызначаецца формулай: dF→12 = μ0 4π ( j→2 × ( j→1 × r→12 ) ) dv1 dv2 r312 , дзе μ0 — магн. пастаянная, j→1 і j→2 — шчыльнасць эл. токаў I1 і I2, r→12 — радыус-вектар, што вызначае становішча dv2 адносна dv1, j→2 × ( j→1 × r→12 ) — падвойны вектарны здабытак вектараў j→1, j→2, r→12.

т. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫКЛІНА́ЛЬ (ад анты... + грэч. klinō нахіляю),

антыклінальная складка, складка пластоў горных парод, павернутая пукатасцю ўгару, з больш стараж. пародамі ў ядры. Найб. уласцівыя складкавым горным сістэмам Зямлі. Бывае прамая, нахіленая, ляжачая, перакуленая. Месца перагіну пластоў наз. замком антыкліналі (скляпеннем), бакі — крыламі. Антыкліналі, у якіх адносіны шырыні да даўжыні складаюць ​1/3, наз. брахіантыкліналямі, круглаватыя ў плане антыкліналі — купаламі. На Беларусі пашыраны ў пародах крышт. фундамента (Ваўкавыская, Івацэвіцка-Вілейская, Пружана-Ашмянская) і платформавага чахла, пераважна ў дэвонскіх саляносных, подсцільных і перакрываючых іх адкладах Прыпяцкага прагіну (Васілевіцкая, Мышанская, Старобінская і інш.), дзе ўзніклі ў выніку разломных і галакінетычных рухаў у познім палеазоі і мезазоі.

М.​А.​Нагорны.

Антыкліналь (а) і сінкліналь (б); 1 — крыло складкі; 2 — ядро складкі.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЎКО́ВІЧ (Фадзей Аляксеевіч) (1894, в. Слабодка Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — ?),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Аршанскае гар. вучылішча. З 1915 у арміі, з 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік Кастр. Рэвалюцыі 1917, 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У 1918—27 на ваен., парт. і сав. рабоце ў Рагачоўскім пав., нарком фінансаў БССР, старшыня Полацкага акр. к-та КП(б)Б. З 1927 пастаянны прадстаўнік урада БССР пры СНК СССР у Маскве, з 1928 саветнік паўпрэдства СССР у Варшаве. З 1933 дырэктар Белдзяржвыдавецтва ў Мінску, потым на гасп. рабоце. Чл. ЦК КП(б)Б і ЦВК БССР у 1924—35. У 1936 рэпрэсіраваны, засуджаны на 10 гадоў зняволення ў папраўча-працоўны лагер, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1956.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДАЛ ((Budal) Андрэй) (31.10.1889, в. Штандраж, каля г. Гарыцыя, Італія — 7.6.1972),

славенскі пісьменнік, публіцыст, крытык, перакладчык. Д-р філал. н. (1913). Пісаў на славенскай і італьян. мовах. Аўтар зб-каў апавяд. «Жупан Жагар» (1927), «Бедны Уштын» (1928), «Чыя ты?» (1930), «Між сэрцам і зямлёю» (1932), «З таго боку магілы» (1934), «На кані» (1938), гіст. аповесці «Хрэсны ход Пятра Купленіка» (1924). Перакладаў з раманскіх і славянскіх моў. Адзін з першых у Славеніі перакладчыкаў і даследчыкаў бел. л-ры. У зб. «Прамень» (1933) апублікаваў грунтоўны артыкул «Пра беларусаў і беларускую літаратуру», дзе змясціў і пераклад верша Я.​Купалы «А хто там ідзе?». Пераклаў і выдаў асобнай кнігай творы Я.​Коласа («Малады дубок і іншыя апавяданні», 1933).

І.​А.​Чарота.

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРДЭ́ЛЬ ((Bourdelle) Эміль Антуан) (30.10.1861, г. Мантабан, Францыя — 1.10.1929),

французскі скульптар. Вучыўся ў школах прыгожых мастацтваў у Тулузе (1876—84) і Парыжы (1884—86). Працаваў у майстэрнях Ж.Далу і А.​Радэна (1893—1908). Выкладаў у студыі Гранд-Шам’ер (1909—29). Ад прасякнутых бурнай экспрэсіяй ранніх твораў («Помнік тым, хто загінуў», 1893—1902) перайшоў да больш ураўнаважаных кампазіцый, дзе творча пераасэнсаваў традыцыі стараж.-грэч. архаікі і ранняй класікі, імкнуўся да гераізацыі і манументалізацыі вобразаў («Геракл, які страляе з лука», 1909; «Пенелопа», 1909—12; «Сафо», 1924—25). Аўтар помнікаў А.​Міцкевічу ў Парыжы (1909—29), К.​Альвеару ў Буэнас-Айрэсе (1914—17), партрэтаў А.​Радэна (1909), А.​Франса (1919) і інш.

Літ.:

Бурдель: Альбом. М., 1979.

Э.А.Бурдэль. Геракл, які страляе з лука. 1909.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЛЮ́К (Давід Давідавіч) (21.7.1882, хутар Семіратоўшчына Лебядзінскага пав. Харкаўскай губ. — 15.1.1967),

рускі паэт і мастак. Адзін з першых рус. футурыстаў (гл. Футурызм), арганізатар групы кубафутурыстаў. У 1902—03 вучыўся ў Мюнхенскай каралеўскай акадэміі (мастацтваў), у 1910—14 — у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1913—14 разам з У.​У.​Маякоўскім і В.​В.​Каменскім удзельнічаў у турнэ футурыстаў па Расіі. З 1920 жыў у Японіі, з 1922 — у ЗША, дзе займаўся пераважна мастацтвам. Пачаў друкавацца ў 1899. Аўтар зб-каў вершаў «Хвост, які лысее» (1919), «Вершы і біяграфія. Да 25-годдзя маст.-літ. дзейнасці (1898—1923)» (1924), «1/2 стагоддзя» (1932), «Талстой. Горкі. Паэмы» (1929) і інш., кн. прозы «Па Ціхім акіяне» (1927) і ўспамінаў «Маякоўскі і яго сучаснікі» (1932).

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЧМА (Амвросій Максімілянавіч) (14.3.1891, г. Львоў — 6.1.1957),

украінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1944). Вучыўся ў Кіеўскім муз.-драм. ін-це (1918). На сцэне з 1905. Працаваў у т-ры «Беразіль» (1930—36). Адзін са стваральнікаў Кіеўскага ўкр. драм. т-ра імя І.​Франко (1920), дзе працаваў у 1936—56. Праф. Кіеўскага ін-та тэатр. мастацтва (1940—57). Выдатны майстар пераўвасаблення, ствараў вострахарактарныя, камедыйныя і драм. вобразы: Мікола Задарожны («Украдзенае шчасце» Франко), Цярэнцій Пузыр («Гаспадар» І.​Карпенкі-Карага), Гайдай, Платон Крэчат, Макар Дубрава («Гібель эскадры», «Платон Крэчат», «Макар Дубрава» А.​Карнейчука), Іван Каламійцаў («Апошнія» М.​Горкага) і інш. З 1924 здымаўся ў кіно: «Арсенал», «Тарас Шаўчэнка», «Начны рамізнік», «Іван Грозны», «Подзвіг разведчыка» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1949 (за тэатр. работы).

А.М.Бучма.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗЛЮ́ДАЎ (Артур Іосіфавіч) (28.4.1934, г. Барань Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 16.1.1996),

дзярж. дзеяч Беларусі, вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1985), праф. (1988). Скончыў ВПШ пры ЦК КПСС (1963). З 1955 на з-дзе «Чырвоны барацьбіт» у Оршы. У 1957—70 на парт. і камсамольскай рабоце. У 1973—86 міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР. З 1994 рэктар Бел. недзярж. ін-та кіравання, фінансаў і эканомікі і недзярж. ін-та дзелавога адміністравання. Даследаваў праблемы аптымізацыі сістэм кіравання капітальнага буд-ва і гар. гаспадаркі. Дэп. Вярх. Савета Беларусі ў 1975—85.

Тв.:

Стимулирование эффективности и качества труда в ремонтно-строительном производстве. Мн., 1976;

Слагаемые эффективности: Соц.-экон. очерк. Мн., 1982;

Жилищно-коммунальное хозяйство: Проблемы управления. М., 1990.

В.​І.​Пепяляеў.

т. 3, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГРА́НКА,

шахтавая печ для плаўлення чыгуну ў ліцейнай вытв-сці. Сучасная вагранка — стальны цыліндр з таўшч. сценак да 10 мм, абліцаваны ўнутры вогнетрывалай цэглай; забяспечваецца рэкуператарамі, пылаўлоўнікамі, газаачышчальнымі прыстасаваннямі, сістэмай аўтам. прылад і рэгулятараў. Метал. шыхту (ліцейны чыгун, чыгунны лом і інш.) і паліва (кокс, ліцейны антрацыт і інш.) загружаюць у вагранкі слаямі (калошамі). Паветра падаецца пад лішкавым ціскам да 17 кПа у зону гарэння паліва. Для інтэнсіфікацыі працэсу выдзіманне падаграюць, узбагачаюць яго кіслародам, кокс часткова або поўнасцю замяняюць гаручым (у т. л. прыродным) газам. Прататып вагранкі — невял. доменная печ, дзе пераплаўлялі ліцейны чыгун і лом.

Вагранка: 1 — кальцавы паветраправод; 2 — зона плаўлення; 3 — адвод газаў у трубу; 4 — загрузачная частка; 5 — кажух; 6 — футэроўка; 7 — паветрадуўка; 8 — накапляльнік; 9 — чыгун.

т. 3, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)