літарнае пісьмо, якім карысталіся стараж. рымляне і якое пакладзена ў аснову пісьма большасці народаў Еўропы, Афрыкі, Амерыкі і Азіі (карыстаецца каля 35% насельніцтва свету). Назва паходзіць ад племені лацінаў. Узнікненне лац. алфавіта, які ўзыходзіць да грэч. (гл.Грэчаскае пісьмо), адносяць да 4—3 ст. да н.э. Напрамак пісьма напачатку бустрафедон (1-ы радок — справа налева, 2-і — злева направа і г.д.), з 4 ст. да н.э. — злева направа. У ант. Л.п. знакаў прыпынку не было, падзел на вял. і малыя літары адсутнічаў. Словы аддзяляліся адно ад аднаго пераважна словараздзяляльнымі знакамі, якія стаялі на ўзроўні сярэдзіны літар. Каля 234 да н.э. ўведзена літара G, амаль адначасова ўпарадкавана ўжыванне C, K, Q: C — найб. агульнае абазначэнне для k; Q — перад u; K — захоўваецца толькі ў некалькіх словах. З увядзеннем у 1 ст. да н.э. літар Y і Z для слоў грэч. паходжання скончылася фарміраванне лац. алфавіта (23 знакі). Найстараж. помнік лац. пісьма — надпіс на сярэбранай пасудзіне (7 ст. да н.э.) з г. Прэнеста (Італія). У сярэднія вякі, калі лац. мова з’яўлялася міжнар. мовай еўрап.культ. свету, лац. алфавіт папоўніўся літарамі J і W, а літары U і V сталі адрознівацца гукавым значэннем (у і в). У пасляант. час узнік падзел літар на вял. і малыя, з’явіліся знакі прыпынку і дыякрытычныя знакі. У нац. сістэмах пісьма, якія маюць у аснове Л. п., яго прыстасаванне да адпаведных фанет. сістэм адбывалася пераважна за кошт увядзення дыякрытычных знакаў (у франц., польскай, літ. і інш. мовах). Сучасны лац. алфавіт мае 2 друкарскія віды: гатычны шрыфт (фактура) і лацініца (антыква) — блізкі да стараж., з’яўляецца пануючым.
На Беларусі Л.п. вядома са старажытнасці ў пашыраных на яе тэрыторыі пісьмовых помніках на польскай і лац. мовах. У 18 ст. паралельна з кірыліцай Л.п. выкарыстоўвалася ў некат. (напр., драматычных) творах на бел. мове. У 19 ст. Л.п. (пры існаванні кірыліцы) бел. пісьменнікі (Я.Чачот, П.Багрым, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч і інш.) прыстасавалі для перадачы роднай мовы. Лацінкай друкавалася нелегальная, першая на бел. мове газ. «Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага (1862—63), кірыліцай і лацінкай — газеты «Наша доля» (1906) і «Наша ніва» (1906—12), кнігі Цёткі «Хрэст на свабоду» (1905), «Скрыпка беларуская», «Першае чытанне для дзетак беларусаў» (абедзве 1906), зб. Я.Купалы «Гусляр» (1910). У аснове сучаснай бел. графікі рус.грамадзянскі шрыфт. У Зах. Беларусі побач з ім лац. алфавіт ужываўся да 1939. Цяпер выкарыстоўваецца пры друкаванні асобных бел. выданняў за мяжой.
Літ.:
Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ.М., 1963;
Люблинская АД. Латинская палеография. М., 1969;
Федорова Е.В. Введение в латинскую эпиграфику. М., 1982;
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДу садова-паркавым мастацтве,
зямельны ўчастак, засаджаны дрэвамі, кустамі, кветкамі. Як і парк, з’яўляецца ч.азелянення і фарміруецца паводле асн. прынцыпаў садова-паркавага мастацтва. Ствараюцца для адпачынку, прагулак, гульняў. З калекцыйна-экспазіцыйнымі і навук. мэтамі ствараюцца С. спец. прызначэння (напр., батанічны сад). Гар. С. для кароткачасовага адпачынку наз.скверам. Ад парку культуры і адпачынку адрозніваецца меншымі памерамі, нязначнай колькасцю спарт. збудаванняў, атракцыёнаў і інш. У кампазіцыі С. важную ролю адыгрываюць алеі, дарожкі, пляцоўкі, газоны, кветнікі, фантаны, каскады, каналы, малыя формы архітэктуры, часта ў С. ўключаюць альпінарыі і ружоўнікі. Для фарміравання прадметна-прасторавага асяроддзя і яго ўзбагачэння С. гарманічна спалучаюць рэльеф, вадаёмы і інш. сродкі ландшафтнай архітэктуры.
Вядомы з даўніх часоў: у Стараж. Егіпце, Вавілоне (т. зв. вісячыя сады Семіраміды), Рыме (багатыя С. ў загарадных вілах) і інш. Высокія дэкар. якасці ўласцівы С. сярэдневякоўя (Японія, Кітай, Індыя, Персія і інш.), эпохі Адраджэння (С. вілаў Баболі, д’Эстэ ў Італіі). З 12 ст. вядомы С. ў княжацкіх сядзібах Кіева, Уладзіміра (Расія). Сярод узораў С. — Летні сад у Пецярбургу, Аляксандраўскі ў Маскве.
На Беларусі С. вядомы з 15 ст. Іх стваралі ў манастырах, каля замкаў, у магнацкіх сядзібах і маёнтках; часам яны мелі утылітарнае прызначэнне, напр., аптэчныя С. (аптэчныя агароды) — папярэднікі бат. С. З 17 ст. стваралі т.зв. зімовыя С. (аранжарэі), якія часам уваходзілі ў арх. кампазіцыю палацаў, сядзібных дамоў (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль, Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс, Ружанскі палацавы комплекс і інш.). У 17 ст. вядомы т.зв. італьянскія С., дзе спалучаліся утылітарныя і дэкар. функцыі. З 2-й пал. 18 ст. пашыраны бат. С. з калекцыямі мясц. і іншаземнай флоры (Гродзенскі батанічны сад, С. у г. Горкі Магілёўскай вобл). У канцы 18 — пач. 19 ст.гар. С. створаны ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Магілёве, Рагачове, Чэрыкаве, яны спалучалі планіроўку пейзажнага тыпу з элементамі рэгулярнага. У 19 ст. з развіццём прамысл. садоўніцтва на ўчастках паркаў эканам. тыпу (в. Бабоўня Капыльскага, г.п. Казлоўшчына Дзятлаўскага, в. Псуя Глыбоцкага р-наў) узніклі пладовыя С. З канца 1950-х г. адным з асн. элементаў сістэмы азелянення і ўзбагачэння эстэтыкі тэр. жылой забудовы стаў мікрараённы С. Інтэр’еры грамадскіх будынкаў часам афармляюць т.зв. зімовымі С. Для ўзбагачэння арх.-ландшафтнага вырашэння аб’ектаў робяць С. на дахах і тэрасах жылых дамоў. Навукова-доследная база для азелянення нас. месцаў — бат. С., адзін з кірункаў даследаванняў якіх — зялёнае буд-ва і ландшафтная архітэктура (Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай АН Беларусі, Батанічны сад БДУ, Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта і інш.).
Літ.:
Горбачев В.Н. Архитектурно-художественные компоненты озеленения городов. М., 1983;
Хромов Ю.Б. Планировка и оборудование садов и парков. Л., 1974;
Сычева А.В., Сосков И.Н. Актуальность организации садов на искусственных основаниях // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1981. № 1.
В.Р.Анціпаў, А.В.Сычова.
Бутхардскі батанічны сад каля г. Вікторыя (Канада).Былы Аляксандраўскі сад (цяпер Цэнтральны сквер) у Мінску.Сад Баболі ў г. Фларэнцыя (Італія).Сад камянёў манастыра Роандзі ў Токіо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТ,
збудаванне, якое пракладвае шлях над перашкодай. Узводзяць цераз рэкі і інш. вадацёкі (уласна М.), цераз дарогі (пуцеправоды), яры і цясніны (віядукі), а таксама замест насыпаў і плацін (эстакады). Паводле прызначэння адрозніваюць пешаходныя, аўтадарожныя, чыгуначныя масты, сумешчаныя, для водазабеспячэння (акведукі), пропуску водных шляхоў (М.-каналы), газа- і нафтаправодаў; паводле працягласці бываюць малыя (да 25 м), сярэднія (25—100 м), вялікія (больш за 100 м), пазакласныя (больш за 500 м, у якіх ёсць пралёты болей за 100 м); паводле канструкцыі — арачныя, бэлечныя масты, вантавыя масты, вісячыя масты, рамныя масты, камбінаваныя. Асобную групу ўтвараюць наплаўныя масты, развадныя масты, зборна-разборныя, а таксама масты ваенныя.
М. падзяляюць таксама на: адно-, двух- і шматпралётныя; з яздой па версе, па нізе, па сярэдзіне; нізка- і высакаводныя; жалезабетонныя, стальныя, сталежалезабетонныя, бетонныя, драўляныя (пераважна часовыя). М. звычайна складаецца з пралётных канструкцый і апор (прамежкавых быкоў і канцавых устояў). Апоры М. бываюць масіўныя, ражавыя, па́левыя, на па́левых абалонках, апускных калодзежах і кесонах; устоі спалучаюць М. з земляным палатном дарогі. На пралётнай канструкцыі размяшчаюць праезную ч., пешаходныя праходы, трубаправоды. Асн. параметры М.: агульная даўжыня, даўжыня пралётных канструкцый, шырыня праезнай ч. і тратуараў, падмаставы габарыт. Будуюць па тыпавых або індывід. праектах, выпрабоўваюць на статычныя і дынамічныя нагрузкі. Будаваць М. (драўляныя і каменныя) пачалі са стараж. часоў, на Русі — з 10 ст. драўляныя (пераважна наплаўныя), з пач. 16 ст. — каменныя. Першы метал. (чыгунны) М. пабудаваны ў Англіі ў 1779, у Расіі — у 1784 у Пецярбургу; вял. ланцуговы М. — у 1847—53 у Кіеве. З пач. 20 ст. значнае пашырэнне набылі жалезабетонныя М. З пач. 19 ст. пачалі будаваць вісячыя масты, пралёты іх хутка павялічваліся. У 1937 цераз праліў у Сан-Францыска (ЗША) пабудаваны унікальны вісячы М. з пралётам 1281 м. У тэорыю і практыку мостабудавання значны ўклад зрабілі працы рас. і сав. вучоных М.А.Белялюбскага, Дз.І.Жураўскага, С.В.Кербедза, Л.Ф.Нікалаі, Я.А.Патона, Р.П.Перадзерыя, Л.Дз.Праскуракова, Ф.С.Ясінскага; Э.Фрэйсінэ (Францыя), Р.Маяра (Швейцарыя) і інш.
Многія М. з’яўляюцца помнікамі дойлідства і інж. мастацтва. М. стараж.-рым. дасягнулі адзінства архітэктуры і інжынерыі: выразная архітэктоніка масіўнай шматарачнай канструкцыі, амаль пазбаўленай дэкору, надавала ім выгляд суровай магутнасці (М. Алькантара цераз цясніну р. Таха ў Іспаніі, 98—106 н.э., будаўнік Гай Юлій Лацэр). Найб. пашыраныя да сярэдзіны 19 ст. каменныя М. мелі масіўныя ўстоі і пралёты, што стварала ўражанне ўстойлівасці і надзейнасці. Метал. М. сталі менш грувасткімі і набылі ажурнасць сілуэта (М. цераз р. Дору ў г. Порту ў Партугаліі, 1881—85, інж. А.Г.Эйфель). Яны паўплывалі на стылістыку М. 20 ст.Вял. пластычнай выразнасцю адметныя жалезабетонныя М. Іх дынамічнасць і зрокавая лёгкасць форм надаюць буйным збудаванням своеасаблівую элегантнасць (М. цераз р. Арв у Швейцарыі, 1936, інж. Р.Маяр). Арыгінальныя сілуэты М. істотна ўплываюць на арх. аблічча горада (напр., М. ў Празе, Будапешце, Пецярбургу, Кіеве і інш.).
Сярод найб. значных і прыгожых М.: цераз р. Дзебед каля манастыра Санаін у Арменіі (1192), цераз р. Эльба ў г. Дрэздэн (Германія; 1260), Карлаў М. у Празе (1357), Санта-Трыніты ў Фларэнцыі (Італія; 1567), вісячы Бруклінскі М. у Нью-Йорку (1869—83), Таўэрскі ў Лондане (1886—94), чыг. арачны Мюнгстэнскі цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген (Германія; 1897, выш. каля 107 м), цераз р. Св Лаўрэнція ў г. Квебек (Канада; 1899—1917, пралёт 549 м), Вял. Маскварэцкі ў Маскве (1938), Патона ў Кіеве (1951), цераз праліў Басфор (Турцыя; 1973), цераз эстуарый Хамбер на У Вялікабрытаніі (даўж, 1410 м, 1981). Шэдэўрам цяслярнага мастацтва з’яўляюцца драўляныя рыштаванні і кружала Чортавага М. на аўтамагістралі Гера—Іена ў Германіі (1937). Самыя высокія М.: у свеце — на выш. 321 м перасякае Каралеўскі каньён у штаце Каларада, ЗША (пралёт 218 м, 1929), у Еўропе — М. «Еўропа» (выш. 190 м, даўж. 820 м) цераз р. Зіль у г. Інсбрук, Аўстрыя (1959—63). Найб. колькасць М. у г. Гамбург (Германія) — 2,5 тыс., у С.-Пецярбургу — каля 800, у т. л. М. Анічкаў, Банкаўскі, Ільвіны мосцік і інш. У Еўропе захавалася некалькі забудаваных М.: Лонданскі цераз р. Тэмза (1209; да 14 ст. ўяўляў сабой своеасаблівы гар. квартал з 5-павярховымі дамамі), у Парыжы на М. Мянялаў асталяваліся банкіры; М. Понтэ-Векіо ў Фларэнцыі (Італія) з ювелірнымі крамамі; М. крамнікаў у г. Эрфурт (Германія) пабудаваны ў 1325 цераз р. Гера, дзе абапал яго стаяць 34 адрэстаўрыраваныя 2- і 3-павярховыя фахверкавыя дамы. Сярод вядомых стваральнікаў М.: у Англіі Т.Тэлфард, А.Дэрбі, Дж.Уілкінсан, Р.Стэфенсан, у Францыі Эйфель, у Італіі Л.Б.Альберці, Б.Аманаці, у Швейцарыі І.У.Грубенман, у ЗША В.Роблінг і яго сын Дж.А.Роблінг, Дж.Фінлей, на Украіне Я.А.Патон.
На Беларусі драўляныя М. вядомы з 10—11 ст. Іх будавалі цераз рэкі, каналы, балоты, замкавыя равы і інш. Яны мелі 2 асн. апорныя канструкцыі — на палях і ізбіцах. Замкавыя М. падымаліся на спец. ланцугах (узводах). У 1567 у Гродне цераз Нёман пабудаваны драўляны М. з каменнымі падпорамі. У 18—19 ст. узведзены каменныя арачныя М. ў Брэсце, Віцебску і інш. Шэраг чыг. М. пабудаваны з пракладкай Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі (участак Парэчча—Гродна ўведзены ў эксплуатацыю ў 1862) і ўчастка Смаленск—Брэст (у 1871). У 1950—80-я г. пабудаваны: М. цераз р.Зах. Дзвіна ў Віцебску, цераз р. Дняпро ў Магілёве і Рэчыцы (усе арх. В.Ладыгіна), цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны і вул. М.Багдановіча ў Мінску, пуцеправоды цераз яр Дзебра ў Магілёве і чыгунку станцыі Мінск-Пасажырскі ў Мінску і інш. На Беларусі больш за 4600 аўтадарожных і каля 2000 чыг. М. (1999). Найб. М. цераз р. Прыпяць каля г. Мазыр Гомельскай вобл.даўж. 947 м пабудаваны ў 1995.
Літ.:
Кётэ Р. Мосты: Пер. с нем. [М., 1991].
І.І.Леановіч, Т.Р.Мартыненка (архітэктура).
Карлаў мост у Празе. 1357.Таўэрскі мост у Лондане. 1886—94.Мюнгстэнскі чыгуначны арачны мост цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген. Германія. 1897.Драўляныя рыштаванні і кружала «чортавага» моста на аўтамагістралі Гера—Іена. Германія. 1937.Мост цераз р. Заходняя Дзвіна ў Віцебску. 1953—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́КАНАПІС, пісанне абразоў (ікон),
від жывапісу (пераважна сярэдневяковага), рэліг. па тэматыцы і сюжэтах, культавага па прызначэнні. Найб. характэрны для ўсх. хрысціянства. Узнік і развіваўся як важны элемент візант. культуры і рэгіёнаў, мастацтва якіх зведала яе ўплыў. Тэхніка І. блізкая да станковага жывапісу, аднак яго творы — абразы, што звычайна ўваходзяць у адзіны ідэйна-маст. комплекс з архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам і ў ансамбль іканастаса, не разглядаюцца як цалкам станковыя творы.
Найбольш стараж. творы І. (6 ст.) паходзяць з Пярэдняй Азіі і захаваліся ў сінайскіх манастырах. Узнік на аснове познаэліністычнай традыцыі пахавальных партрэтаў (гл.Фаюмскі партрэт). Паводле царк. паданняў, сімвалічнае аблічча Хрыста цудоўным чынам захавалася на ўбрусе (хусце), а прататыпы абразоў Маці Божай намаляваны евангелістам Лукой. Іканаграфія святых і евангельскіх падзей склалася пераважна ў Візантыі і пазней паўтаралася праз іканапісныя дапаможнікі У маст. практыцы выпрацавалася сістэма ўмоўных прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці: адсутнасць перадачы аб’ёмаў і трохвымернай прасторы, адасоблены, часта «залаты» фон, падпарадкаванне адлюстравання мэтам сімвалічнага ці апавядальнага сэнсу кампазіцыі. Гал. ролю ў фарміраванні вобразнага ладу твораў І. меў кампазіцыйна-рытмічны пачатак, выразнасць лініі і колеру, часцей лакальнага. Ідэйнага і маст. росквіту І. Візантыі дасягнуў у 11—12 ст., творы таго часу сталі кананічнымі. У 14—15 ст. склаўся рус. І. (Феафан Грэк, А.Рублёў, Дыянісій), які ў 17 ст. перажыў карэнныя змены пад уплывам еўрап. мастацтва праз пасрэдніцтва бел., укр., польскіх мастакоў (майстры Аружэйнай палаты). Самабытныя школы І. існавалі ў копцкім Егіпце, Эфіопіі, Грузіі, у балканскім і карпацкім рэгіёнах. Цэласнасць эстэт. прынцыпаў І. была падарвана крызісам сярэдневяковага светаўяўлення і развіццём культуры Адраджэння. Напачатку І. перайшоў да кампрамісных форм, што было выклікана рэаліст. пошукамі ў асобных краінах, пазней заняпаў і наблізіўся да рамяства.
На Беларусі І. узнік з прыняццем хрысціянства. Да 16 ст. развіваўся на аснове візант. традыцый, паступова засвойваў рэаліст. рысы зах.-еўрап. сакральнага мастацтва. У 16—1-й пал. 17 ст. склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой характэрна візант. духоўная і іканаграфічная аснова ў спалучэнні з рэальнасцю вобразаў, уключэннем ў біблейскія сюжэты этнагр. элементаў, простанароднасць тыпажу, пэўная маст. свабода выканаўцаў. Праіснавала яна да сярэдзіны 19 ст., калі страціла сваю самабытнасць і прыйшла ў заняпад. Іл.гл. таксама да арт.Абраз, Беларуская іканапісная школа.
Літ.:
Жывапіс Беларусі XII—XVIII ст.: [Альбом]. Мн., 1980;
Алпатов М.В. Древнерусская иконопись. М., 1984;
Іканапіс Беларусі XV—XVIII стст. 3 выд.Мн., 1995.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Іканапіс. Спас Нерукатворны. З Успенскага сабора ў Маскве. 12 ст.Да арт.Іканапіс. Багародзіца Адзігітрыя. Абраз іканастаса Ражэнскага манастыра. 17 ст. Балгарыя.Да арт.Іканапіс. Святая Агнеса з Марыяй і маленькім Ісусам. Апошняя чвэрць 15 ст. Кёльнскі жывапісец (Германія).Да арт.Іканапіс. Параскева. Сярэдзіна — 2-я пал. 16 ст. беларуская іканапісная школа.Да арт.Іканапіс. Выбраныя святыя: Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Іаан Златавуст. 2-я пал. 18 ст. Беларуская іканапісная школа. Шарашоўскі майстар.Да арт.Іканапіс. Мадонна з маленькім Ісусам. Канстанцінопаль. 1200.Да арт.Іканапіс. Тадэа ды Бартала. Мадонна з дзіцем. 15 ст.Італія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГРАФІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці, якая спецыялізуецца на выпуску друкарскай прадукцыі: кніг, часопісаў, газет, тапаграфічных карт, каштоўных папер, бланкаў дакументаў, календароў, плакатаў, сшыткаў, альбомаў, білетаў і інш. У залежнасці ад асн. відаў прадукцыі, якія выпускаюцца паліграф. прадпрыемствам, адрозніваюць спецыялізаваныя кніжныя, газетныя, часопісныя, а таксама кніжна-часопісныя, газетна-часопісныя і этыкетка-ўпаковачныя прадпрыемствы, картаграфічныя ф-кі, прадпрыемствы спец. прызначэння, прадпрыемствы малой (аператыўнай) паліграфіі, а таксама тыя, што выпускаюць друкарскую прадукцыю культ.-быт. прызначэння. У залежнасці ад перавагі на паліграф. прадпрыемстве аднаго з асн. відаў прадукцыі адрозніваюць друкарні — прадпрыемствы, якія ў асноўным выкарыстоўваюць спосаб высокага друку, прадпрыемствы плоскага афсетнага, глыбокага, трафарэтнага і інш. відаў друку; паліграф. камбінаты выпускаюць друкарскую прадукцыю некалькімі спосабамі друку.
П.п. прайшла доўгі і складаны шлях развіцця. Тэхн. асновай паліграфіі з’яўляецца вынайдзенае каля 1440 І.Гутэнбергам кнігадрукаванне. У 16 ст. паліграфія набыла характар развітой мануфактуры. Вынаходніцтва ў 19 ст. друкарскай машыны азначала прамысл. рэвалюцыю ў паліграфіі, стварэнне паліграф. машынабудавання. 3 сярэдзіны 20 ст. ў ходзе навук.-тэхн. рэвалюцыі паліграфія развіваецца па наступных кірунках: пераход да электронных спосабаў вырабу друкарскіх форм для ўсіх спосабаў друку (выкарыстанне ЭВМ для фотанабору і электроннага колерадзялення для каляровага друку), выкарыстанне ролевага афсетнага друку на высокахуткасных машынах, стварэнне аўтам. паточных ліній у апрацоўчых цэхах, комплексная механізацыя і аўтаматызацыя вытв-сці, выкарыстанне фотатэлеграфнай тэхнікі для перадачы газетных палос.
На Беларусі развіццё П.п. пачалося з дзейнасці Ф.Скарыны, які ў 1522 заснаваў друкарню ў Вільні, выкарыстаўшы выразаныя ўручную шрыфты і застаўкі. Друкарскае майстэрства ўдасканальвалі С.Будны, В.Цяпінскі, П.Мсціславец і інш. Першая друкарня на тэр. сучаснай Беларусі — Брэсцкая (1550—70-я г.). Пазней друкарні працавалі ў Нясвіжы, Заблудаве, Слуцку, Любчы, Магілёве, Куцейне (гл. адпаведныя артыкулы). Кнігі выдаваліся на старабел., польскай, стараслав. мовах. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі адкрыты друкарні ва ўсіх губ. гарадах. У 1913 выдадзена 232 назвы кніг тыражом 212 тыс.экз. У 1920 у БССР было 76 паліграф. прадпрыемстваў; пабудаваны Дом друку (з 1960 друкарня выдавецтва «Звязда», з 1969 друкарня Выдавецтва ЦККПБ, з 1992 у сістэме Дзяржкамдруку, потым Савета Міністраў, з 1994 — Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; гл.Беларускі дом друку). У 1940 па Беларусі надрукавана 76 млн. аркушаў-адбіткаў. Пасля Вял.Айч. вайны адноўлены разбураныя паліграф. прадпрыемствы, пабудаваны Мінскі паліграфічны камбінат. З сучасных паліграф. прадпрыемстваў найб. буйныя Мінскі паліграфічны камбінат, Мінская фабрыка каляровага друку, Беларускі дом друку, Мінская шпалерная фабрыка, Гомельская фабрыка«Палесдрук», друкарня «Перамога» ў Маладзечне.
Сярод краін свету найб. развітую П.п. маюць Германія, ЗША, Італія, Канада, Францыя, Швецыя, Швейцарыя, Японія і інш.Гл. таксама Друк, Выдавецкая справа, Нотадрукаванне, Картадрукаванне.
Выпуск прадукцыі паліграфічнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСІ́СТЫКА,
навука пра рускую мову. Ахоплівае комплекс праблем, звязаных з вывучэннем вытокаў рус. мовы, яе стараж. і новай гісторыі, мовы гіст. помнікаў і фальклору, літ. мовы і яе функцыянальных разнавіднасцей, нар. гаворак, ладу літ. мовы (гукавога, грамат., лексічнага, фразеалагічнага) і сумежных з’яў (прастамоўя і сац. дыялектаў), тэрміналагічных падсістэм, мовы маст. л-ры, сувязей рус. мовы з інш. мовамі і іх узаемадзеяннем і ўзаемаўплывам, гісторыі вывучэння рус. мовы. Як састаўная частка ўваходзіць у славістыку (гл.Славяназнаўства) і параўнальна-гістарычнае мовазнаўства. Цесна звязана з гісторыяй рус. народа, этнаграфіяй, літ.-знаўствам, агульным мовазнаўствам, логікай, псіхалогіяй і інш. Р. сфарміравалася і найб. рознабакова развіваецца ў Расіі. Асновы сучасных ведаў пра рус. мову закладзены ў працах М.Ламаносава («Кароткі дапаможнік красамоўства», 1748; «Расійская граматыка», 1757), а таксама ў «Слоўніку Акадэміі Расійскай» (ч. 1—6, 1789—94). На працягу 19—20 ст. у рамках Р. сфарміраваліся самаст.навук. лінгвістычныя школы і кірункі, якія ў сукупнасці вызначылі развіццё розных навук. поглядаў на рус. мову і яе гісторыю, стварэнне важных тэарэт.прац. Праблемы Р. распрацоўвалі А.Х.Вастокаў, І.І.Сразнеўскі, Ф.І.Буслаеў, А.А.Патабня. У.І.Даль, П.Ф.Фартунатаў, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, А.А.Шахматаў, А.І.Сабалеўскі, В.У.Вінаградаў, Л.У.Шчэрба, С.І.Ожагаў, Р.І.Аванесаў, Б.М.Ляпуноў, Ц.П.Ломцеў і інш.Рус. навука пра рус. мову ўплывала і ўплывае на развіццё Р. ў інш. краінах, а таксама на развіццё славістыкі і агульнага мовазнаўства. Вытокі замежнай Р. ў 17 ст., калі паявіліся першыя граматыкі і слоўнікі, якія забяспечвалі практычныя патрэбы вывучэння рус. мовы, звязаныя з гандл. і дыпламат. сувязямі Расіі з інш.еўрап. краінамі. З 2-й пал. 19 ст. замежная Р. — важная састаўная частка славістыкі. Як навук. дысцыпліна сфарміравалася пераважна ў слав. краінах: А.Беліч, В.Вондрак, Р.Нахцігал, В.Ягіч і інш. Праблемы Р. распрацоўвалі таксама Л.Лежэ, П.Буае (Францыя), Э.Ло Гата (Італія), О.Ашбат (Аўстра-Венгрыя) і інш. Асабліва актыўна развіваецца замежная Р. ў 2-й пал. 20 ст., калі рус. мова стала адной з «сусв.» моў і афіц. і рабочай мовай ААН. Вядучы цэнтр сучаснай Р. — Ін-трус. мовы імя В.У.Вінаградава Рас.АН. Вял. ролю ў развіцці замежнай Р. адыгрывае створаная ў 1967 Міжнар. асацыяцыя выкладчыкаў рус. мовы і л-ры, а таксама Ін-трус. мовы імя А.С.Пушкіна.
Значнае развіццё атрымала Р. на Беларусі, што абумоўлена гіст. традыцыяй, месцам і роляй рус. мовы ў грамадстве. Прыярытэтныя кірункі бел. Р. — праблемы функцыянавання і выкладання рус. мовы ва ўмовах двухмоўя, узаемадзеяння моў, міжмоўнай інтэрферэнцыі і культуры рус. мовы. Асн. цэнтры Р. на Беларусі — аддзел бел.-рус. моўных сувязей Ін-та мовазнаўства імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі, кафедры рус. мовы ВНУ. Даследаваннем рус. мовы займаліся і займаюцца бел. лінгвісты М.Г.Булахаў, М.І.Гурскі, І.А.Кісялёў, В.М.Нікіцевіч, П.П.Шуба, А.І.Яновіч і інш. Р. істотна ўплывае на сучаснае беларусазнаўства.
Літ.:
Иванов В.В. Историческая грамматика русского языка. М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1914—18,
вайна паміж дзвюма кааліцыямі дзяржаў: Цэнтральнымі дзяржавамі (Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя, Балгарыя) і Антантай (Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Сербія, пазней Японія, Італія, Румынія, ЗША і інш.). Усяго ўдзельнічала 38 дзяржаў (разам з дамініёнамі і калоніямі) з насельніцтвам больш за 1,5 млрд.чал. Выклікана абвастрэннем супярэчнасцей сярод гал.капіталіст. краін за ўмацаванне свайго панавання ў свеце, за перадзел ужо падзеленага свету і падпарадкаванне інш. народаў. Тая акалічнасць, што некат. краіны (напр., Сербія, Чарнагорыя) вялі нац.-вызв. барацьбу, не мяняе агульнага імперыял. характару вайны.
Германія імкнулася дамагчыся панавання ў Еўропе, разграміць свайго гал.эканам. канкурэнта — Англію, пазбавіць яе калоній і ваенна-марскога флоту; разбіць Францыю, Бельгію, Галандыю і захапіць іх калоніі; аслабіць Расію, забраць у яе Польшчу, Беларусь, Украіну, Прыбалтыку, замацавацца на Балканах і Б. Усходзе. Аўстра-Венгрыя хацела захапіць Сербію і Чарнагорыю, Турцыя — рас. Закаўказзе, Балгарыя — усх.ч. Сербіі. Англія імкнулася захаваць сваё калан. панаванне, для чаго намервалася разграміць Германію, захапіць яе калоніі і адваяваць арабскія тэрыторыі ў Турцыі. Францыя разлічвала вярнуць сабе захопленыя Германіяй у 1871 правінцыі Эльзас і Латарынгію і завалодаць сумежным Саарскім вугальным басейнам, абараніць свае калоніі (найперш Марока) ад дамаганняў Германіі. Расія імкнулася адлучыць ад Аўстра-Венгрыі Галіцыю, завалодаць Канстанцінопалем (Стамбулам) і Чарнаморскімі пралівамі. Свае агрэсіўныя мэты мелі Японія, Італія і інш.Гал.імперыял. дзяржавы спадзяваліся таксама, што вайна дапаможа адцягнуць прац. масы метраполій ад рэв. руху, а калан. народы — ад нац.-вызв. барацьбы. Рыхтуючыся да перадзелу свету, Германія (гал. ініцыятар вайны) заключыла ў 1879 ваен. саюз з Аўстра-Венгрыяй, да якога ў 1882 далучылася Італія, і т.ч. быў створаны Траісты саюз. Гэтаму блоку супрацьстаяла Антанта, сфарміраваная ў 1907. Кіраўніцтва 2-га Інтэрнацыянала падтрымала свае ўрады і т.ч. адмовілася ад сваіх ранейшых антываен. рэзалюцый Штутгарцкага (1907) і Базельскага (1912) кангрэсаў аб інтэрнац. салідарнасці працоўных. Супраць імперыяліст. вайны выступілі рас. бальшавікі і шэраг левых груповак у інш.с.-д. партыях.
Зачэпкай для вайны паслужыла забойства членамі сербскай падп. арг-цыі 28.6.1914 у Сараеве (тады ў Аўстра-Венгрыі) наследніка аўстр. трона эрцгерцага Франца Фердынанда (гл.Сараеўскае забойства). 28.7.1914 Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. Расія заявіла пра падтрымку Сербіі і пачала частковую, а 30 ліп. агульную мабілізацыю. 1.8.1914 Германія аб’явіла вайну Расіі, а 3 жн. — Францыі. Англія 4 жн. заявіла аб стане вайны з Германіяй. Вайну Германіі аб’явілі таксама англ. дамініёны (Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і Паўд.-Афрыканскі Саюз). 23 жн. супраць Германіі выступіла Японія. 29 кастр. на баку аўстра-герм. блока ў вайну ўступіла Турцыя. Напярэдадні вайны аўстра-герм. блок разгарнуў 193 дывізіі (3,5 млн.чал.), дзяржавы Антанты — 287 дывізій (6 млн.чал.). Германія сканцэнтравала на Зах. фронце 7 армій у складзе 96 дывізій. Ва Усх. Прусіі знаходзілася 8-я армія (14 дывізій), 2 дывізіі былі на Брэслаўскім (Вроцлаўскім) напрамку. Аўстра-Венгрыя разгарнула ў Галіцыі 4 арміі (45,5 дывізіі), супраць Сербіі — 2 арміі (14 дывізій). Турэцкія ўзбр. сілы (0,5 млн. чал) у складзе 14 карпусоў разгарнуліся ў 6 арміях: каля Стамбула, у Тур. Арменіі, Месапатаміі, Сірыі і Палесціне. Францыя сканцэнтравала на фронце 85 дывізій. Экспедыцыйная армія Англіі налічвала 5,5 дывізіі (87 тыс.чал.) і разгарнулася ў раёне Брусель—Льеж—Намюр. Узбр. сілы Расіі стварылі 2 фронты — Паўночна-Заходні фронт 1914—15 (у пач. вайны 2 арміі, 381 тыс.чал.) на мяжы з Усх. Прусіяй і Паўд.-Зах. фронт (4 арміі, 697 тыс.чал.) на подступах да Галіцыі. Сербія выставіла 13 дывізій (247 тыс.чал.), Чарнагорыя — 6 дывізій (60 тыс.чал.).
Герм. войскі пачалі наступленне на Зах.-еўрап. фронце 2.8.1914. Хутка яны прайшлі Бельгію і Люксембург, захапілі паўн. дэпартаменты Францыі і прасунуліся да Парыжа. 5—12 вер. паміж Вердэнам і Парыжам разгарнулася вял. бітва на р. Марна з удзелам 6 англа-франц. і 5 герм. армій (гл.Марнскія бітвы). У выніку ўпартага супраціўлення саюзнікаў немцы страцілі ініцыятыву, і ў ліст. знясіленыя бакі перайшлі да абароны, якая паклала пачатак пазіцыйнай вайне. Поспеху англа-французаў у значнай меры паспрыяла наступленне рас. войск на Усх.-герм. фронце, што вымусіла немцаў ужо 26 жн. пачаць перавод ч. войск на У.
Першы перыяд кампаніі 1914 на ўсх.-еўрап. тэатры ваен. дзеянняў адзначаны 2 буйнымі наступленнямі: Усходне-Прускай аперацыяй 1914 і Галіцыйскай бітвай 1914. У ходзе наступлення на Усх. Прусію 2 рас. арміі пасля першых поспехаў пацярпелі цяжкае паражэнне і адступілі. Важнае месца займалі баі на Паўд.-Зах. фронце. 18 жн. ў ходзе Галіцыйскай бітвы пачалося наступленне 8-й арміі ген. А.А.Брусілава. На працягу месяца рас. войскі разбілі аўстра-венграў, занялі Львоў, адкінуўшы праціўніка да Карпат, і блакіравалі крэпасць Перамышль (здалася 22.3.1915). Аднак саюзнікі прапанавалі Расіі наступаць супраць Германіі. Рас. камандаванне перагрупавала гал. сілы з р. Сан на сярэднюю Віслу да Варшавы. У ходзе Варшаўска-Івангародскай аперацыі 1914рас. войскі атрымалі перамогу. У Закаўказзі рас. армія адбіла наступленне туркаў на Ардахан і Сарыкамыш (гл.Сарыкамышская аперацыя 1914—15) і перанесла ваен. дзеянні на тэр. праціўніка. На аўстра-сербскім фронце ў жн.—вер. 1914 сербы адкінулі ворага за межы краіны. Гал. вынікам барацьбы на моры было ўсталяванне Англіяй блакады герм. ўзбярэжжа, што адрэзала Германію ад яе калоній і паўплывала на ўвесь ход вайны. У цэлым кампанія 1914 завяршылася перамогай Антанты, планы герм.Ген. штаба на «маланкавую вайну» праваліліся. У кампанію 1915, не маючы сіл для наступальных аперацый на абодвух тэатрах ваен. дзеянняў, герм. камандаванне вырашыла засяродзіць гал. ўвагу на ўсх.-еўрап. тэатры, каб вывесці Расію з вайны. На зах.-еўрап. тэатры планавалася заняць абарону. У выніку масіраванага наступлення герм. і аўстра-венгерскія войскі у чэрв. 1915 захапілі б.ч. Польшчы, у т. л. 4 жн. — Варшаву; фронт наблізіўся да Беларусі.
У жн. 1915 пачалося герм. наступленне ў напрамку Коўна—Вільня—Мінск. 9.9.1925 у стыку Паўночнага фронту 1915—18 і Заходняга фронту 1915—18 немцы здзейснілі Свянцянскі прарыў 1915, захапілі г. Вілейку. У вер.рас. войскі пакінулі Вільню, Гродна, Ліду, Брэст, Пінск і інш. гарады зах. Беларусі. Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання была пераведзена з г. Баранавічы ў Магілёў. 19 вер. перадавыя ням. раз’езды перарэзалі чыгунку Мінск—Масква ў раёне Смалявіч. Вял. намаганнямі рас. войскам удалося ліквідаваць прарыў і адкінуць праціўніка ў раён азёр Свір і Нарач. У кастр. 1915 фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск. Каля палавіны тэр. Беларусі апынулася пад ням. акупацыяй.
На зах.-еўрап. тэатры англа-франц. войскі правялі шэраг абмежаваных аперацый на вузкіх участках фронту. 22.4.1915 у ходзе баёў каля г. Іпр (Бельгія) немцы ўпершыню ўжылі зброю масавага паражэння — газ хлор. У канцы вер. 1915 франц.-англ. войскі правялі наступальную аперацыю ў Шампані. Аднак прарваць фронт ім не ўдалося. 23.5.1915 Італія выйшла з Траістага саюза і аб’явіла вайну Аўстра-Венгрыі (узнік новы італьян. фронт). У лют. 1915 англа-франц. войскі высадзілі дэсант на беразе праліва Дарданелы з мэтаю захопу Стамбула, але іх штурмы былі адбіты туркамі (у студз. 1916 дэсант эвакуіраваны). Паражэнне гэтага дэсанта і адыход рас. войск з Галіцыі паўплывалі на рашэнне Балгарыі ўступіць 14.10.1915 у вайну на баку аўстра-герм.-тур. блоку. Гэта пагоршыла становішча сербскай арміі, якая пад ударамі Аўстра-Венгрыі і Балгарыі адступала да Адрыятыкі; яе рэшткі эвакуіраваны саюзнікамі на востраў Корфу. У выніку паражэння Сербіі ўсталяваліся бесперашкодныя зносіны паміж Германіяй і Турцыяй.
На азіяцка-каўказскім тэатры ваен. дзеянняў рас. войскі паспяхова прасоўваліся ў напрамку воз. Ван і Алашкерт, баі вяліся на тэр. Ірана. Аднак туркі разграмілі англічан у Месапатаміі і акружылі іх корпус у Кут-эль-Амары, у Егіпце — падышлі да Суэцкага канала. На моры герм. падводны флот разгарнуў «бязлітасную вайну» супраць усіх караблёў, у т. л. і нейтральных краін (гл.Падводная вайна). За 1915 Германія і яе саюзнікі дасягнулі значных поспехаў на ўсх.-еўрап., балканскім і азіяцкім тэатрах, захапілі вял. тэрыторыі. Аднак на зах.-еўрап. тэатры Англія і Францыя паспяхова трымалі фронт. На 1916 краіны Антанты запланавалі правесці 2 скаардынаваныя аперацыі: 15 чэрв. на ўсх.-еўрап. і 2 ліп. на зах.-еўрап. тэатрах. У кампаніі 1916 на зах.-еўрап. тэатры вылучыліся 2 аперацыі — каля крэпасці Вердэн (гл.Вердэнская аперацыя 1916) і на р. Сома. 1 ліп. англа-франц. войскі пачалі наступленне на Соме, найб. моцныя баі адбыліся восенню 1916. Тут англічане ўпершыню выкарысталі новую ваен. тэхніку — танкі. Немцы аслабілі, а потым і спынілі націск на Вердэн; у кастр.—снеж. французы выбілі іх з найб. важных пазіцый у раёне крэпасці. Бакі страцілі сотні тыс.чал., але лінія фронту на ўчастку 35 км прасунулася ўглыбіню толькі на 10 км. Каб аслабіць герм. атакі на Вердэн, рас. армія датэрмінова правяла у сак.Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова. Больш значны поспех мела Паўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916 (пачалося 4.6.1916) пад камандаваннем ген. Брусілава. 8-я армія ўзяла Луцк, 9-я армія выйшла на лінію р. Стаход, а потым заняла Букавіну і ч.Усх. Галіцыі. 29.7.1916 войскі Зах. фронту правялі Баранавіцкую аперацыю 1916, але прарваць фронт не змаглі. У выніку «Брусілаўскага прарыву» праціўнік панёс страты да 1,5 млн.чал. і быў вымушаны спыніць сваё наступленне ў Італіі, Аўстра-Венгрыі быў нанесены такі ўдар, пасля якога яна да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні.
Англа-франц. наступленне на Соме і рас. наступленне ў Галіцыі прадвырашылі пералом у 1-й сусв. вайне на карысць Антанты. Пад уражаннем гэтых перамог 27.8.1916 у вайну ўступіла Румынія, спадзеючыся адваяваць ў Аўстра-Венгрыі Трансільванію. Аднак рум. армія была хутка разбіта перакінутымі на дапамогу аўстрыйцам герм. войскамі; немцы занялі Бухарэст. Рас. войскі ўступілі ў Румынію. У канцы снеж. 1916 Рум. фронт стабілізаваўся. У 1916 у абмен на зброю для Расіі ў Францыю і на Балканы перакінуты Рус. экспедыцыйныя корпусы. На азіяцка-каўказскім тэатры ў 1916 рас. войскі ўзялі Эрзурум, Трапезунд, Эрзінджан; англічане ж тут дзейнічалі няўдала: акружаны ў 1915 корпус у Кут-эль-Амары 28.4.1916 капітуляваў. Восенню 1916 туркі трымалі супраць рускіх 27, а супраць англічан 18 дывізій.
Летам 1916 адбылася Ютландская бітва 1916 — адзіная буйная бітва на моры, у якой ням. караблі не здолелі перамагчы англ. флот і ліквідаваць марскую блакаду. У канцы 1916 — пач. 1917 стратэг. ініцыятыва ў цэлым перайшла да Антанты, аднак Расія была настолькі стомлена, што пэўныя прыдворныя колы пачалі шукаць сепаратнага міру з Германіяй. 6.4.1917 у вайну на баку Антанты ўступілі ЗША. Няўдалае крас. наступленне англа-франц. войск у раёне Араса, Сен-Кантэна і Рэймса (загінула больш за 200 тыс.чал.) выклікала хваляванні ў франц. арміі, у Рус. экспедыцыйным корпусе пачаўся рух за вяртанне на радзіму. На італьян. і азіяцка-тур. тэатрах саюзнікі пераламілі ход вайны на сваю карысць. У Расіі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 самадзяржаўе было скінута і да ўлады прыйшоў Часовы ўрад, які ў пытаннях працягу вайны быў яшчэ ў большай залежнасці ад зах. саюзнікаў, чым царызм. Аднак шматлікія ахвяры і эканам. цяжкасці, выкліканыя вайной, рабілі яе ўсё больш непапулярнай у салдацкіх масах; на фронце адбывалася братаннерус. і герм. салдат; з’явіўся лозунг рас. бальшавікоў аб пераўтварэнні вайны імперыял. у грамадзянскую. 1.7.1917 пачалося няўдалае наступленне рас. войск Зах. фронту. У канцы жн. (пач.вер.) 1917 герм. войскі авалодалі Рыгай. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 савецкі ўрад Расіі прыняў Дэкрэт аб міры, у якім прапанаваў усім ваюючым бакам пачаць перагаворы з мэтай заключэння справядлівага міру без анексій і кантрыбуцый. У сувязі з адмовай англа-франц. блоку ад гэтых прапаноў сав. ўрад пачаў сепаратныя перагаворы з аўстра-герм. кааліцыяй і 4.12.1917 падпісаў з ёю Дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце 1917. У лют. 1918 іх саюзнікі парушылі перамір’е, пачалі буйнамаштабнае наступленне на ўсіх франтах. Паколькі старая армія развальвалася, а часці Чырв. Арміі толькі ствараліся, праціўніку ўдалося захапіць вял. тэрыторыю па лініі Нарва—Растоў-на-Доне, у т. л. ў Беларусі па лініі Расоны—Полацк—Сянно—Орша—Магілёў—Жлобін—Навазыбкаў. Туркі ўварваліся ў Закаўказзе.
3.3.1918 быў падпісаны Брэсцкі мір 1918. З сак. па ліп. 1918 герм. камандаванне правяло 4 наступальныя аперацыі на зах.-еўрап. тэатры, выкарыстаўшы апошні шанц завяршыць вайну на сваю карысць, але беспаспяхова. 8—13 жн. саюзнікі правялі Ам’енскую аперацыю 1918 і нанеслі буйное паражэнне немцам. 26.9.1918 англа-франц. і амер. войскі перайшлі ў агульнае наступленне, прарвалі герм. абарону і вымусілі праціўніка пакінуць тэр. Францыі. У 1918 вырашальныя перамогі былі атрыманы саюзнікамі і на інш. тэатрах. 29 вер. капітулявала Балгарыя, 30 кастр. — Турцыя, 3 ліст. — Аўстра-Венгрыя, 11 ліст. — Германія.
1-я сусв. вайна цягнулася больш за 4 гады (51 месяц і 2 тыдні) і мела надзвычай разбуральны характар. З 74 млн.чал., мабілізаваных з 33 дзяржаў і 5 калоній, загінула і памерла ад ран каля 10 млн.чал., паранена больш за 20 млн.чал., каля 10 млн.чал. памерла ад эпідэмій і голаду. Вайна забрала вял. ахвяры і сярод мірнага насельніцтва: у выніку артабстрэлаў і паветраных бамбардзіровак гінулі жыхары гарадоў; тур. ўлады ўчынілі генацыд армян; падводныя лодкі тапілі пасажырскія судны. Вельмі цяжкім было становішча ў Беларусі. Зах. губерні, у т. л.бел., былі аб’яўлены на ваен. становішчы, уводзіўся жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым. У бел. губернях у дзеючую армію было мабілізавана 50% мужчын. Астатняе працаздольнае насельніцтва прыцягвалася на абарончыя работы. У час баявых дзеянняў на Беларусі гінула мірнае насельніцтва, разбураліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Адступленне рас. войск суправаджалася масамі бежанцаў. Колькасць прадпрыемстваў скарацілася на 65%, колькасць рабочых — больш, чым на 1/3. Пасяўныя плошчы ў неакупіраваных паветах скараціліся ў 1914—17 на 15,6%, пагалоўе жывёлы — на 11,4 (кароў на 33,9%). Пагоршылася матэрыяльнае становішча сял. мас. Адбываліся забастоўкі, салдацкія выступленні, найб. буйное — Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. На акупіраванай тэр.зах. Беларусі герм. ўлады стварылі «Нямецкае ваеннае ўпраўленне Беласток—Гродна»; 1.2.1918 яно як састаўная ч. пад назвай «Літва—Поўдзень» уключана ў «Нямецкае ваен. ўпраўленне Літва». Акупанты праводзілі масавыя рэквізіцыі с.-г. прадукцыі, вывозілі сыравіну (асабліваму рабаванню падвергліся лясы Белавежскай пушчы) і прамысл. абсталяванне ў Германію. Такая палітыка выклікала супраціўленне насельніцтва, аж да нападаў сялян на рэквізіцыйныя атрады. Пасля акупацыі ў 1918 усх. Беларусі ўзбр. барацьба набыла арганізаваныя формы партызанскай вайны.
28.6.1919 краіны Антанты (без Расіі) падпісалі Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй, паводле якога Францыя вяртала Эльзас і Латарынгію, часова акупіравала Саарскую вобл., усе герм. калоніі (у Афрыцы, Кітаі, а-вах Ціхага акіяна) пераходзілі да Англіі, Францыі, Японіі; абмяжоўваліся ўзбр. сілы і ўзбраенні Германіі, на яе ўскладвалася кантрыбуцыя. У вер. 1919 — жн. 1920 былі падпісаны выпрацаваныя на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 аналагічныя мірныя дагаворы паміж краінамі Антанты і інш. дзяржавамі герм. блоку. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі на яе тэр. ўзніклі Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія. Сербія аб’ядналася з Чарнагорыяй і паўд.-слав. правінцыямі Аўстра-Венгрыі (Харватыя, Славенія, Далмацыя, Боснія і Герцагавіна) у Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Адрадзіла незалежнасць Польшча. За кошт б. Аўстра-Венгрыі павялічылі свае тэрыторыі Румынія і Італія. Арабскія ўладанні Турцыі ў асн. перайшлі да Англіі і Францыі, Ірак атрымаў фармальную незалежнасць. Т.ч. шэраг народаў Усх. Еўропы сталі незалежнымі ці ўз’ядналі свае тэрыторыі, але іншаземнае панаванне на пазаеўрап. абшарах у асн. захавалася. ЗША за ваен. пастаўкі атрымалі вял. прыбыткі, павысілі свой міжнар. статус і ўзмацнілі прэтэнзіі на сусв. панаванне. Версальскі дагавор не ліквідаваў, а ўзмацніў супярэчнасці паміж краінамі, не задаволенымі новым перадзелам свету і паслужыў падставай падрыхтоўкі да Другой сусветнай вайны 1939—45.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
Зайончковский А.М. Мировая война 1914—1918 гг.Т. 1—3. 3 изд. М., 1938—39;
Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг.М., 1964;
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Португальский Р.М., Алексеев П.Д., Рунов В.А. Первая мировая в жизнеописаниях русских военачальников. М., 1994;
Такман Б. Первый блицкриг. Август 1914: Пер. с англ. М.; СПб., 1999;
Мессенджер Ч. Энциклопедия войн XX в.: Мировые конфликты с 1900 г. до наших дней: Пер. с англ.М., 2000;
Больных А. Морские битвы Первой мировой войны: Схватка гигантов. М., 2000.
П.А.Селіванаў.
Да арт.Першая сусветная вайна. Бой вядуць амерыканскія салдаты.Да арт.Першая сусветная вайна. Англійскі танк накіроўваецца да германскіх пазіцый. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Спаленая беларуская вёска. Заходні фронт. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Перавязачны пункт у Мінску.Да арт.Першая сусветная вайна. Газавая атака на Заходнім фронце. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійская кулямётная ўстаноўка, прыстасаваная для стральбы па паветраных цэлях.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійскія крэйсер і падводная лодка на Балтыйскім моры. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Братанне на руска-германскім фронце. 1917.Да арт.Першая сусветная вайна. Паветраны бой паміж германскімі і англійскімі самалётамі. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНАГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі, развядзенне свіней на мяса, сала і інш. прадукты. Свініна — каштоўны харч. прадукт, са скуры свіней робяць абутак і інш. рэчы, з крыві — каўбасы, альбуміны, крывяную муку, са шчаціння — шчоткі і пэндзлі, з касцей — касцявую муку, кішкі ідуць у каўбасную вытв-сць і на выраб струн. Свінні рана дасягаюць палавой спеласці, ужо ў гадавым узросце могуць мець прыплод. Высокая пладавітасць (10—12 парасят за апарос) разам з кароткім эмбрыянальным перыядам даюць магчымасць атрымліваць ад кожнай свінаматкі да 2,5 т свініны ў жывой масе за год. Рэалізацыйнай жывой масы 100—120 кг свінні дасягаюць за 5—7 месяцаў пры сярэднясутачнай прывазе 600—300 г (а пры збалансаваных рацыёнах кармлення да 1000—1200 г) пры спажыванні на 1 кг прыбаўлення ў масе 3,5—4,5 кг у кармавых адзінках. Свінні маюць высокую забойную масу (да 75—85% ад жывой масы), у ёй да 52% мяса і да 32% падскурнага тлушчу. З мяса свіней гатуюць разнастайныя харч. прадукты, многія з якіх вытрымліваюць працяглае захоўванне. У мясным балансе Беларусі свініна складае 47,7% (2000).
Гадоўляй свіней людзі пачалі займацца ў неаліце (5—3-е тыс. да н.э.). У развітых антычных краінах (Егіпет, Грэцыя, Рым) ужо існавалі іх пароды. У краінах феад.Зах. Еўропы С. была прымітыўная. Яе развіццё звязана з ростам гарадоў і попыту на мяса. У 19 ст. пачалася інтэнсіўная праца па паляпшэнні мясц. і фарміраванні новых парод, у выніку з’явіліся высокапрадукцыйныя, многія з якіх (асабліва буйная белая, выведзеная ў Англіі) не страцілі значэння да нашага часу. Найб. развіццё С. атрымала ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы. Амаль палова сусв. пагалоўя ў краінах Азіі (найб. Кітай, Японія, Індыя, В’етнам), каля 25% у Еўропе (Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, Расія, Украіна, Польшча) і каля 10% у ЗША. Па рэліг. матывах С. не атрымала развіцця ў мусульманскіх краінах. У сусв. гандлі свінінай гал. месца займаюць Нідэрланды, Бельгія, Данія, Кітай і Канада.
На Беларусі да пач. 20 ст. С. была адной з развітых галін жывёлагадоўлі. Гадаваліся пераважна мясц. пароды, у памешчыцкіх гаспадарках — палепшаныя пароды. У 1916 было 2,4 млн. свіней. Племянная і таварная С. пачала развівацца ў 1920-я г. У час калектывізацыі ўзніклі таварныя свінагадоўчыя фермы (больш за 4 тыс. ў 1934). На пач. 1941 мелася 2,5 млн. свіней. З 1970-х г. С. пераводзілася на прамысл. аснову. Пабудаваны буйныя высокамеханізаваныя комплексы і ўкаранёна паточна-цэхавая сістэма вытв-сці на фермах калгасаў і саўгасаў. На Беларусі (2000) 100 свінагадоўчых комплексаў і больш за 1 тыс. ферм трох тыпаў: з закончаным абаротам статка, рэпрадукцыйных і адкормачных. Буйныя комплексы на 108 тыс. галоў гадавога адкорму свіней і сярэднія на 54 тыс. галоў — у дзярж. уласнасці. Асн. пароды: буйная белая, чорна-белая, беларуская мясная, эстонская беконная, ландрас і інш. Племянную работу праводзяць спецыялізаваныя заводы, саўгасы, раённыя племянныя станцыі; навук. даследаванні — Бел.НДІ жывёлагадоўлі, лабараторыі пры ВНУ. Колькасць свіней 3,6 млн. галоў, у т. л. 1,3 млн. ў насельніцтва (2000). Эфектыўнасць С. апошнія гады паніжана ў сувязі з высокімі выдаткамі корму (каля 6,6 кг у кармавых адзінках на 1 кг прывагі, у т. л. каля 6 кг у кармавых адзінках канцэнтратаў).
Г.С.Смалякоў.
Да арт.Свінагадоўля. Свінагадоўчы комплекс у саўгасе-камбінаце «Сож» Гомельскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМН (грэч. hymnos),
урачыстая песня. У сучасным разуменні разам з дзярж. гербам і дзярж. сцягам з’яўляецца афіц. сімвалам дзяржавы (гімн дзяржаўны). Існуюць таксама гімны рэв., парт., вайск., рэліг., спарт., прысвечаныя пэўным гіст. падзеям, святам, героям і інш. Іх выконваюць у час афіц.дзярж. мерапрыемстваў, масавых маніфестацый, святкаванняў, мітынгаў, сходаў, спарт. спаборніцтваў і інш. Прызначэннем гімна абумоўлены іх муз.-паэт. асаблівасці: заклікальнасць, узнёсласць, рытарычнасць муз. лексікі, велічнасць, шырыня, рытмічная размеранасць (часта маршавасць) музыкі. У розныя часы ствараліся і сатырычна-парадыйныя гімны. Змест паняцця гімна змяняўся ў працэсе гіст. развіцця. Найстаражытнейшыя гімны — малітоўныя песнапенні лірычнага характару (Егіпет, Месапатамія). У Стараж. Грэцыі гімнамі называлі харавыя песні ў гонар багоў і герояў, разнастайныя культавыя песнапенні (дыфірамб, праомія, прасодыя, пеон і інш.). У перыяд ранняга хрысціянства гімнамі лічыліся страфічныя духоўныя песні. У богаслужэнне хрысц. Рымскай царквы гімн ўведзены ў 4 ст.н. э., у інш. краінах Зах. Еўропы — у 5—6 ст. З 14 ст. вядомы ўзоры гімнічнага шматгалосся (творы Г.Дзюфаі). Сац.-рэліг. рух 15—16 ст. спарадзіў новыя, аддаленыя ад царк. абраду формы гімна, разнастайныя пратэстанцкія гімны, у якіх адчувальны ўплыў нац. фальклору. На Беларусі пашырэнне рэфармацыйных ідэй суправаджалася пранікненнем пратэстанцкіх песнапенняў. Своеасаблівай разнавіднасцю гімна сталі распаўсюджаныя на Беларусі з 2-й пал. 16 ст.канты і псальмы (свецкія харавыя песні) — носьбіты сутнасных рыс беларусаў, адлюстраваных у муз.-паэт. вобразнасці гэтых твораў (напр., героіка-патрыят. кант «Даруй спакой» А.Філіповіча, 1646). Канты-гімны друкаваліся ў канцыяналах, багагласніках, у т. л. ў адных з першых ва Усх. Еўропе друкаваных зб-ках «Брэсцкі канцыянал» (1558), «Нясвіжскі песеннік» (1563). Да 19 ст. гімн сфарміраваўся як урачыстая песня свецкага характару. У працэсе рэв. і нац.-вызв. барацьбы з’явілася шмат песень-гімнаў, у т. л. «Марсельеза» К.Ж.Ружэ дэ Ліля, «Гімн свабодзе» Ф.Гасека, «Гімн розуму» Э.Мегюля (Францыя), «Гімн Гарыбальдзі» А.Аліўеры (Італія), «Гімн Рыега» Ф.Уэрты (Іспанія), «Ракацы-марш» (Венгрыя), «Мазурка Дамброўскага» (Польшча). «Інтэрнацыянал» П.Дэгейтэра стаў гімнам салідарнасці працоўных. На Беларусі ў час паўстання 1863—64 пашырыліся баявыя (ваяцкія) песні-гімны (таксама польскія і бел. паўстанцкія гімнічныя песні на вершы Ф.Ражанскага). Шмат бел. песень-гімнаў напісана ў час рэв. руху пач. 20 ст.: «А хто там ідзе?» Л.Рагоўскага, «Не пагаснуць зоркі ў небе» М.Янчука, «Гэй, наперад, покі сэрца б’ецца» (усе на вершы Я.Купалы), «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» М.Тэраўскага на вершы М.Краўцова, «Пагоня» М.Куліковіча-Шчаглова на словы М.Багдановіча і інш.
У 1955 Дзярж. гімнам Рэспублікі Беларусь зацверджана песня «Мы беларусы», напісаная кампазітарам Н.Сакалоўскім на словы М.Клімковіча. У характары і стылістыцы гімна шмат песень створана бел. кампазітарамі: «Радзіма мая дарагая» У.Алоўнікава на словы А.Бачылы, «Беларусь — мая песня» Ю.Семянякі на словы М.Браўна, «Песня пра Нёман» Сакалоўскага на словы А.Астрэйкі, а таксама «Жыві, Беларусь» А.Багатырова, «На родных прасторах» Р.Пукста, «Красуй, Беларусь» Я.Цікоцкага, «Беларусь — наша родная маці» Сакалоўскага. У пач. 1990-х г. песні-гімны створаны У.Мулявіным («Пагоня» на словы М.Багдановіча), В.Раінчыкам («Жыве Беларусь» на словы Л.Пранчака), В.Войцікам («Патрыятычны кант» на словы аўтара) і інш. Жанравыя рысы гімна маюць асобныя часткі, фрагменты, тэмы ў буйных муз. творах розных жанраў (фінал 9-й сімфоніі Л.Бетховена, 8-я сімфонія Г.Малера, хор «Слаўся» з оперы «Іван Сусанін» М.Глінкі, «Гімн вялікаму гораду» з балета «Медны коннік» Р.Гліэра, «Гімн жыццю» — фінал 10-й сімфоніі М.Аладава, «Жыццесцвярджэнне» — фінал 5-й сімфоніі Цікоцкага і інш.).
Літ.:
Бернштейн Н.Д. История национальных гимнов. Пг., 1914;
Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;
Gerber R. Zur Geschichte des mehrstimmigen Humnus. Musikwissenschaftliche Arbeiten. B. 21. Kassel, 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАДРАМАТУРГІ́Я,
галіна літаратурна-кінематаграфічнай творчасці; твор К. — сцэнарый — літ. і ідэйна-маст. аснова фільма.
Узнікла і фарміравалася ў працэсе развіцця кінематаграфіі ў выніку творчага засваення вобразных сродкаў літ. прозы і драматургіі ў непасрэднай сувязі з развіццём спецыфічных сродкаў выразнасці кінамастацтва. Па паходжанні і прызначэнні мае дваістую прыроду: сцэнарый з’яўляецца адначасова літ. (публікуецца самастойна) і кінематаграфічным творам, прызначаным для ўзнаўлення на экране. К. вызначае своеасаблівасць увасаблення канфлікту ў сцэнарыі, у будове сюжэта, спецыфіцы кампазіцыі, спосабах характарыстыкі персанажаў. Кінадраматургі звяртаюцца да непасрэднага адлюстравання рэчаіснасці або адаптуюць для экрана літ. творы (гл.Экранізацыя). На розных этапах развіцця кіно ў розных кінематаграфіях свету існавалі розныя погляды на сутнасць і функцыю К. У сучаснай К. існуе імкненне да спалучэння вобразных сродкаў, яна стала больш свабоднай, разнастайнай па драматургічных канструкцыях, валодае багатай жанравай і стылявой палітрай. У развіццё К. зрабілі ўклад кінадраматургі, кінарэжысёры, літаратары розных краін: Д.Грыфіт, Ч.Чаплін, Д.Нікалс, Б.Хект, О.Уэлс (ЗША), Ж.Прэвер, Ф.Труфо, А.Рэнэ (Францыя), Ч.Дзаваціні, Ф.Феліні, Т.Гуэра (Італія), І.Бергман (Швецыя), А.Курасава (Японія) і інш. На фарміраванне сав. К. паўплывалі Я.Габрыловіч, С.Герасімаў, А.Даўжэнка, Н.Зархі, В.Туркін, Ю.Тынянаў, В.Шклоўскі, С.Эйзенштэйн і інш. Сярод найб. вядомых сцэнарыстаў апошніх дзесяцігоддзяў А.Агішаў, А.Адабаш’ян, Э.Брагінскі, А.Грэбнеў, Ю.Дунскі, Р.Ібрагімбекаў, А.Міндадзе, В.Мярэжка, П.Фін, В.Фрыд і інш.
У станаўленні бел. К. ў 1920—30-я г. ўдзельнічалі бел. пісьменнікі М.Чарот («Лясная быль», 1926, паводле яго аповесці «Свінапас»), П.Броўка («Хто твой сябар?», 1934, паводле яго аповесці «Каландры»), Я.Маўр («Палескія рабінзоны», 1935), З.Бядуля («Салавей», 1937, з М.Таўбе) і інш.; прафес. сцэнарысты А.Вольны («Хвоі гамоняць», 1929; «У агні народжаная» і «Атэль «Савой», 1930), Р.Кобец («Ураган», 1931, з Б.Брадзянскім; «Двойчы народжаны», 1934; «Шукальнікі шчасця», 1936, з І.Зэльцэрам) і інш. З канца 1940-х г. сцэнарыі стваралі бел. пісьменнікі А.Маўзон («Канстанцін Заслонаў», 1949), К.Крапіва («Пяюць жаваранкі», 1950; «Хто смяецца апошнім», 1954), М.Лынькоў («Міколка-паравоз», 1957, з М.Садковічам), А.Куляшоў («Чырвонае лісце», 1958, з А.Кучарам), Кучар («Гадзіннік спыніўся апоўначы», 1958, з М.Фігуроўскім), К.Губарэвіч («Дзяўчынка шукае бацьку», 1959, з Я.Рысам; «Паланэз Агінскага», 1971), В.Быкаў («Трэцяя ракета», 1963; «Альпійская балада», 1966; «Доўгія вёрсты вайны», «Дажыць да світання», абодва 1975; «Воўчая зграя», 1976; «Абеліск», 1977; «Яго батальён», 1989), А.Адамовіч («Вайна пад стрэхамі», 1970; «Сыны ідуць у бой», 1971; «Ідзі і глядзі», 1985, з Э.Клімавым), І.Шамякін («Хлеб пахне порахам», 1974; «Вазьму твой боль», 1981; «Эпілог», 1994, з І.Дабралюбавым), А.Петрашкевіч («Нядзельная ноч», 1977), М.Матукоўскі («Сын старшыні», 1976; «Мудрамер», 1988), У.Караткевіч («Дзікае паляванне караля Стаха», 1980, з В.Рубінчыкам; «Чорны замак Альшанскі», 1984), А.Дудараў («Белыя росы», 1984; «Восеньскія сны», 1987) і інш. Часам сцэнарыі ствараліся калектывамі аўтараў, у якія ўваходзілі кінадраматургі, кінарэжысёры, пісьменнікі («Час яе сыноў», 1976, А.Каштанаў, В.Тулушаў, В.Тураў; «Трэцяга не дадзена», 1981, А.Асіпенка, М.Балгарын, М.Пяцігорская). У 1980—90-я г. працуюць кінадраматургі Ф.Конеў («Асабістая зацікаўленасць», 1986; «Усе кагосьці кахаюць», 1988; «Белае возера», 1992, з І.Белавусам; «Ятрынская ведзьма», 1991, паводле В.Адамчыка; «Чорны бусел, 1993), А.Зайцаў («На чыгунцы», 1988; «Франка», «Мёд асы», абодва 1991) і інш. Здымаліся таксама фільмы па сцэнарыях пісьменнікаў Л.Касіля, А.Ліханава, Ю.Нагібіна, П.Ніліна, І.Стаднюка, В.Токаравай, Ю.Эдліса, Ю.Якаўлева і інш., кінадраматургаў Балгарына, Я.Грыгор’ева, А.Ініна, В.Мярэжкі, У.Трыфанава, П.Фіна, В.Чарных і інш.
Літ.:
Вайсфельд И.В. Новая область литературы. М., 1970;