ГРАА́ФАЎ ПУЗЫРО́К (ад прозвішча анатама і фізіёлага Р.Граафа),
спелы яйцавы фалікул з поласцю, што развіўся ў коркавым слоі яечніка млекакормячых і чалавека пад уздзеяннем фалікуластымулюючага гармону. Сценка Граафага пузырка складаецца з вонкавай злучальнатканкавай абалонкі, пад якой знаходзіцца шматслойны фалікулярны эпітэлій, што высцілае поласць Граафава пузырка, запоўненую серознай вадкасцю. Эпітэлій утварае выступ у поласць Граафава пузырка (яйцаносны бугарок), у ім змяшчаецца яйцо. Фалікул выпрацоўвае гармон эстраген, які рыхтуе палавыя шляхі да ўспрымання яйца пасля авуляцыі (вызвалення яго з Граафава пузырка і яечніка). Яйцо пасля авуляцыі трапляе ў яйцавод, дзе можа сустрэцца са сперматазоідам і апладніцца. У жывёл, што нараджаюць многа дзіцянят, адначасова растуць і выспяваюць некалькі Граафавых пузыркоў. Частка фалікулаў (да 95%) не дасягае перадавуляцыйнага стану, што садзейнічае ўзнікненню атрэзіі.
рускі фізік і геафізік, адзін з заснавальнікаў сейсмалогіі; князь. Акад. Пецярбургскай АН (1908). Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1886) і Страсбурскі ун-т (1890). Выкладаў у ВНУ Пецярбурга; з 1913 дырэктар Гал. фізічнай абсерваторыі. Навук. працы па тэорыі цеплавога выпрамянення, крытычнага стану рэчыва, сейсмалогіі, оптыцы, спектраскапіі. Увёў паняцце т-ры выпрамянення абсалютна чорнага цела. Знайшоў рашэнне задачы пра вызначэнне ачага землетрасення па звестках адной сейсмічнай станцыі (1902). Стварыў электрадынамічны сейсмограф і інш. сейсмічныя прылады. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1916). Яго імем названа зона ў ніжняй частцы верхняй мантыі Зямлі (пласт Галіцына).
Тв.:
Избр. Труды. Т. 1—2. М., 1960.
Літ.:
Предводителев А.С. О работах Б.Б.Голицына // Исторня и методология естеств. наук. 1966. Вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬВА́Р (франц. boulevard),
паласа дрэвавых або кустовых насаджэнняў уздоўж гар. вуліц, праспектаў і набярэжных. Як форма зялёных насаджэнняў бульвары з’явіліся ў гарадах Зах. Еўропы ў 17—18 ст. Прызначаюцца для дэкар. ўпрыгожвання вуліц і паляпшэння іх сан.-гігіенічнага стану, аховы будынкаў ад пылу, газу і шуму, рэгулявання руху транспарту і пешаходаў. Ствараюцца бульвары пераважна ў буйных гарадах і прамысл. цэнтрах.
Бываюць бульвары закрытыя (для трансп. патокаў) і адкрытыя (для пешаходаў), размяшчаюцца абапал ці на адным (пры недастатковай шырыні) баку вуліцы. Для стварэння бульвараў выкарыстоўваюцца алейныя і групавыя пасадкі дрэў, жывыя агароджы, кусты і кветнікі. Найб. прыдатныя для бульвараў. газаўстойлівыя, са шчыльнай кронай дрэвавыя і кустовыя расліны (каштан, ліпа, бяроза бародаўчатая, вяз шурпаты, акацыя жоўтая і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРЗА́ННЕ РАСЛІ́Н,
гібель раслін або адміранне іх частак у выніку ўтварэння лёду ў тканках пад дзеяннем нізкіх тэмператур. Вада ў раслінных клетках і міжклетніках пачынае замярзаць пры т-ры ніжэй за -1 °C, што паступова прыводзіць да гібелі клеткі. Ступень пашкоджання пасеваў залежыць ад віду, сорту і фізіял.стану раслін. Сярод азімых найб. устойлівае да нізкіх т-р жыта. На Беларусі вымярзанне раслін назіраецца ў маласнежныя зімы пры т-ры паветра ніжэй за -22 °C. У асабліва халодныя зімы вымярзаюць азімыя збожжавыя культуры, пладовыя дрэвы і кусты. Бульба, памідоры, фасоля, агуркі, гарбузы вымярзаюць пры т-ры -2 °C. Лёгка вымярзае большасць інтрадукаваных раслін. Каб папярэдзіць вымярзанне пасеваў, выводзяць марозаўстойлівыя сарты, выкарыстоўваюць правільную агратэхніку, рэгулююць водны і паветраны рэжым глебы на меліяраваных аб’ектах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕЕПРЫМЕ́ТНІК,
неспрагальная дзеяслоўная форма з асаблівасцямі дзеяслова і прыметніка. Абазначае дзеянне як прыкмету або ўласцівасць прадмета, што выяўляюцца ў часе. У сучаснай бел. мове Дз. захоўвае дзеяслоўнае кіраванне, мае формы незакончанага і закончанага трывання («сушаны», «высушаны»), цяперашняга і прошлага часу («утвараючая», «высахлая»), залежнага і незалежнага стану («засеянае», «засеяўшае»), а таксама роду, ліку і склону, якія выражаюцца тымі самымі грамат. сродкамі (канчаткамі), што і ў прыметніках. Дз. цяперашняга часу ўтвараюцца суфіксамі «-уч-(-юч-)», «-ач-(-яч-)» і «-ом-(-ем-)», «-ш-(-ым-)»; прошлага часу — суфіксамі «-ўш-», «-ш-», «-л-», «-н-(-ен-, -ан-, -ян-)» і «-т-». Яны могуць мець поўную і кароткую форму («збудаваны» — «збудован»).
Літ.:
Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968. С. 54—61;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧАЯ СМЯРО́ТНАСЦЬ,
смяротнасць дзяцей да 1 года на 1 тыс. жыванароджаных; адзін з найважнейшых паказчыкаў стану здароўя насельніцтва. Узровень Дз.с. бывае нізкі (да 30%), сярэдні (30—50%) і высокі (больш як 50%). Найб. паказчык Дз.с. — першыя 27 дзён — неанатальная смяротнасць (ранняя — першы тыдзень жыцця і позняя — 8—27 дзён), у наступныя 11 месяцаў — постнеанатальная Дз.с. Перынатальная Дз.с. — мёртванароджаныя, ці Дз.с. у першыя 7 сутак (паказчыкі: да 10—15 % — нізкі, 15—25 — сярэдні, больш як 25% — высокі). Перынатальную Дз.с. падзяляюць на антэнатальную (да родаў), інтранатальную (пры родах) і постнатальную (першы тыдзень). Асн. прычына перынатальнай Дз.с. ў апошнія дзесяцігоддзі — асфіксія, расстройствы дыхання. прыроджаныя анамаліі развіцця. Розніца ўзроўню нараджальнасці і смяротнасці вызначае паказчык натуральнага прыросту насельніцтва. На Беларусі Дз.с. складае 12,5% (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТАВЫЯ НАПРУ́ЖАННІ,
напружанні, якія ўзнікаюць пры мех. узаемадзеянні цвёрдых цел у месцы іх кантакту. Веданне іх неабходна для разліку падшыпнікаў, зубчастых і чарвячных перадач, колаў рухомага саставу і рэек, кулачковых механізмаў і інш.
У цэнтры пляцоўкі дотыку матэрыял цел знаходзіцца ва ўмовах аб’ёмнага напружанага стану. Макс. датычныя напружанні, якія ў асн. вызначаюць трываласць сцісканых цел, размешчаны на некаторай глыбіні ад кантакту. Размеркаванне К.н. вельмі складанае, вызначаецца пругкасці тэорыяй. Для небяспечных пунктаў вызначаюцца разліковыя напружанні, якія параўноўваюцца з дапушчальнымі нармальнымі напружаннямі пры простым расцяжэнні.
І.І.Леановіч.
Размеркаванне кантактных напружанняў пры сцісканні сферычных цел: P — сціскальныя сілы; p0 — максімальнае напружанне ў цэнтры пляцоўкі кантакту S; p — напружанне на адлегласці r ад цэнтра гэтай пляцоўкі; A — пункт, у якім напружанне максімальнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТНАЯ РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ,
рознасць патэнцыялаў паміж праваднікамі з рознай работай выхаду, якія знаходзяцца ў электрычным кантакце, ва ўмовах раўнавагі тэрмадынамічнай.
Пры кантакце двух праваднікоў паміж імі адбываецца абмен электронамі праводнасці. У выніку праваднік з меншай работай выхаду зараджаецца дадатна, з большай — адмоўна. У вобласці кантакту ўзнікае эл. поле, накіраванае так, што патокі электронаў у абодвух напрамках ураўнаважваюцца, і ўстанаўліваецца пастаянная К.р.п. Яна роўная рознасці работ выхаду праваднікоў. аднесенай да зараду электрона. К.р.п. залежыць ад прыроды правадніка, стану яго паверхні і можа дасягаць некалькіх вольт. На існаванні К.р.п. грунтуецца работа важнейшых элементаў паўправадніковай электронікі: p—n пераходаў і кантактаў метал—паўправаднік; яна выкарыстоўваецца для прамога пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную; яе трэба ўлічваць пры канструяванні электравакуумных прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДА́Ш (Іван Браніслававіч) (10.1.1919, в. Захарычы Мінскага р-на — 1.3.1993),
бел. вучоны ў галіне гігіены і санітарыі. Канд.мед.н. (1968), праф. (1976). Засл. ўрач Беларусі (1964). Скончыў Свярдлоўскі мед.ін-т (1942). У 1942—43 нач.сан. службы партыз. брыгады імя М.І.Кутузава, з 1943 старшы дзярж.сан. інспектар Віцебскай вобл. У 1949—74 нам. міністра аховы здароўя Беларусі, у 1970—91 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па барацьбе з поліяміэлітам, распрацоўцы праграмы падтрымання эпідэміял. добрага стану па поліяміэліце на Беларусі, па пытаннях сан.-эпідэміял. службы, гігіены і арганізацыі аховы здароўя.
Тв.:
Санитарно-эпидемиологические аспекты борьбы с туберкулезом в БССР (разам з В.С.Кароўкіным) // Материалы III республ. съезда фтизиатров. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫГРЭ́СІЯ (ад лац. digressio адхіленне) рэкрэацыйная, пагаршэнне стану прыродных комплексаў (пераважна ў лесапарках, зонах адпачынку, прыгарадных лясах) пад уплывам інтэнсіўнага іх выкарыстання. З’явы Д. ўзнікаюць пры перавышэнні гранічна-дапушчальных рэкрэацыйных нагрузак, як вынік вытоптвання расліннага покрыва, ушчыльнення глебы, абломлівання дрэў і кустоў, апёкаў глебы ад вогнішчаў, распуджвання жывёл, неўпарадкаванага збору грыбоў, кветак, ягад, засмечвання асяроддзя арган. і мінер. рэчывамі антрапагеннага паходжання. Мех. ўздзеянні, асабліва вытоптванне, найб. адчувальныя і пастаянныя фактары Д. З мэтай рэгламентацыі рэкрэацыйных нагрузак вылучаюць 5 стадый Д. 1—3-й стадыям уласцівы адмоўныя, але абарачальныя змены, пераважна ў раслінным і жывёльным свеце; на 4-й і 5-й стадыях закранаюцца глебава-грунтавыя і гідралагічныя ўмовы з фарміраваннем і нарастаннем неабарачальных працэсаў разбурэння біягеацэнозаў.