«ГО́РНУНГ»
(«Hornung»),
«Люты», кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. акупантаў супраць партызан Слуцкага і Пінскага партыз. злучэнняў і цывільнага насельніцтва ў Ганцавіцкім, Жыткавіцкім, Ленінскім, Лунінецкім, Ляхавіцкім, Слуцкім, Старобінскім, Чырвонаслабодскім р-нах у Вял. Айч. вайну ў лютым 1943. Праводзілася сіламі 3 паліцэйскіх палкоў, 5 батальёнаў, у т. л. асобым батальёнам СС А.Дзірлевангера. Мэта аперацыі — знішчыць «усё, што можа служыць абаронай і жыллём» у раёне «сапраўднай сав. рэспублікі» (там былі адноўлены мясц. сав. органы ўлады), ператварыць яго «ў нікім не занятую прастору, насельніцтва расстраляць, жывёлу, збожжа і прадукты забраць». Партызаны дзвюх брыгад і некалькіх асобных атрадаў у час барацьбы з карнікамі стварылі штаб партыз. злучэння (камандзір В.З.Корж), пад кіраўніцтвам якога некалькі дзён стрымлівалі націск гітлераўцаў, потым асн. сілы партызан выйшлі з-пад удараў фашыстаў. Карнікі спалілі некалькі вёсак і г.п. Ленін, загубілі больш за 10 тыс. грамадзян, захапілі шмат жывёлы і збожжа. У час аперацыі здзейснілі подзвіг браты І.С. і М.С.Цубы. Працягам «Горнунга» была аперацыя «Русалка».
т. 5, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ ПАРА́Д 1944.
Адбыўся 16 ліп. ў Мінску ў гонар вызвалення сталіцы ад ням.-фаш. захопнікаў і баявых заслуг партызан, якія прымалі актыўны ўдзел у правядзенні Беларускай аперацыі 1944, у т. л. ліквідацыі акружанай групоўкі ням. войск (гл. Мінскі кацёл»), Адбыўся на тэр. іпадрома (цяпер раён вул. Першамайскай і Чырвонаармейскай). Ва ўрачыстым мітынгу жыхароў горада (каля 50 тыс. чал.) і партызан (каля 30 тыс. чал.) прымалі ўдзел дэлегацыі воінаў Чырв. Арміі на чале з камандуючым 3-м Бел. фронтам ген. арміі І.Д.Чарняхоўскім і працоўных г. Горкі (цяпер Ніжні Ноўгарад у Расіі), якая перадала Мінску эшалон падарункаў. Парад прымаў нач. ЦШПР і старшыня СНК БССР П.К.Панамарэнка, камандаваў парадам нач. БШПР П.З.Калінін. Партызаны Мінскай і некат. суседніх абласцей Беларусі ішлі са сваімі сцягамі і зброяй, везлі артылерыю, ехалі на кулямётных тачанках, аўтамабілях, у т. л. трафейных, самаходных гарматах. Асобнай калонай прайшла зводная група кавалерыі. Пасля парада ўдзельнікі строем прайшлі па вуліцах горада. М.Г.Нікіцін.
т. 12, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРЫ́ПЯЦКІЯ БАЛО́ТЫ»
(«Pripiatsee»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.фаш. захопнікаў супраць часцей Чырв. Арміі, якія трапілі ў акружэнне, партызан і мясц. насельніцтва на тэр. Брэсцкай, Пінскай і Мінскай абл. 19.7—31.8.1941 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 162-й і 252-й пях. дывізій, 1-й кав. брыгады СС на чале з нач. СС і паліцыі тылу групы арміі «Цэнтр» Бах-Зелеўскім паводле загаду рэйхсфюрэра СС Гімлера. Мэта: расстраляць западозраных у падтрымцы партызан, вывезці жанчын і дзяцей у балота, канфіскаваць жывёлу і прадукты, знішчыць у раёне Прыпяцкіх балот вёскі, дзе будзе аказана супраціўленне. Паводле звестак ням. камандавання, на 13 жн. было загублена 13 788 чал., спалена шмат нас. пунктаў, у т. л. вёскі Вял. Гаць (загублена 123 чал.), Святая Воля (436 чал.) Косаўскага р-на Брэсцкай, Запясочча (300 чал.), Пагост (69 чал.), Чэрнічы (40 чал.) Жыткавіцкага, Асташкавічы (120 чал.), Славань (72 чал.) Парыцкага р-наў Палескай, Хатынічы (73 чал.) Ганцавіцкага р-на Пінскай абл. Гітлер палічыў «надта нязначнай» колькасць загубленых жыхароў.
т. 13, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ДЗЕЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў вер. 1941—ліп. 1944 у г. Скідзель і раёне Беластоцкай (цяпер у Гродзенскай) вобл. пад кіраўніцтвам скідзельскіх раённых антыфаш. к-та (з ліст. 1942), падп. райкомаў ЛКСМБ (з вер. 1943) і КП(б)Б (з ліст. 1943), у цесным кантакце са Скідзельскай раённай антыфашысцкай арганізацыяй. Складалася з падп. арг-цый і груп у г. Скідзель, вёсках Бандары, Кашублінцы, Княжаводцы, Крушнікі, Лаўна, Хвайняны, Чарлёны (кіраўнікі М.С.Дзелянкоўскі, А.І.Зелянкоўскі, У.С.Кізевіч, Ф.І.Макарчук, А.К.Ролік, І.А.Сеўрук, І.М.Сініца, І.А.Шчасны і інш.). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі для партызан зброю, боепрыпасы, харч. прадукты, адзенне, медыкаменты, разведданыя пра фаш. гарнізоны і апорныя пункты, рух варожых падраздзяленняў па чыг. і шашэйных дарогах, удзельнічалі ў дыверсійных аперацыях партызан. У барацьбе з акупантамі загінула 13 падпольшчыкаў. У г. Скідзель ў гонар падПОЛЛЯ ПОМНІК.
Л.В.Аржаева.
т. 14, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКАЯ ПРА́ВДА»,
газета Палітаддзела РВС Зах. фронту. Выдавалася з 17.5 да 17.6.1920 у Смаленску на рус. мове як орган партызан-камуністаў. Выданне газеты было абумоўлена падрыхтоўкай летняга контрнаступлення Чырв. Арміі. Распаўсюджвалася сярод мясц. насельніцтва на тэрыторыі, акупіраванай польск. войскамі. Друкавала матэрыялы інфармацыйна-інструкцыйнага характару, нататкі пра ход партыз. барацьбы, вершы і сатыр. куплеты пра польск. захопнікаў і інш.
т. 3, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з вер. 1942 да ліп. 1944 у Браславе; налічвала 13 чал. Арганізатары і кіраўнікі А.А.Васілеўскі і Э.А.Ціранаў. Падпольшчыкі вялі антыфаш. прапаганду, здабывалі для партызан дакументы, разведданыя пра варожыя гарнізоны, зброю, боепрыпасы, медыкаменты, выратавалі 150 сав. і парт. работнікаў і ваеннапалонных; трымалі сувязь з Азяраўскім камсамольска-маладзёжным падполлем.
т. 3, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМГО́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Слуцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 23 км на ПнУ ад Слуцка, 125 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Слуцк. 520 ж., 202 двары (1995). Сярэдняя школа, клуб, бальніца, аддз. сувязі. За 0,3 км на ПдЗ ад Амговіч гарадзішча жал. веку. Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан.
т. 1, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫНЁЎ,
вёска ў Беларусі, у Ляскавіцкім с/с Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 35 км ад Петрыкава, 214 км ад Гомеля, 19 ад чыг. ст. Капцэвічы. 646 ж., 281 двор (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк 19—20 ст. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
т. 3, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАМЕ́ЙКІ,
вёска ў Беларусі, у Чэрыкаўскім р-не Магілёўскай вобл., чыг. ст. на лініі Крычаў—Магілёў. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 26 км на Пн ад г. Чэрыкаў, 69 км ад Магілёва. 1645 ж., 633 двары (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан і сав. актывістаў.
т. 4, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЗЛЯ́НЫ,
вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 46 км на ПнЗ ад г. Мар’іна Горка, 50 км ад Мінска, 6 км ад чыг. ст. Седча. 447 ж., 166 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік сав. воінам-артылерыстам.
т. 4, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)