святло́, -а́, н.

1. Прамяністая энергія, якая робіць навакольны свет бачным; электрамагнітныя хвалі ў інтэрвале частот, што ўспрымаюцца зрокам.

Сонечнае с.

Пры святле месяца.

С. свечкі.

2. Тая або іншая крыніца асвятлення.

Запаліць с.

Уключыць электрычнае с.

Стаць бліжэй да святла.

Устаць да святла (да ўсходу сонца, да світання).

3. Светлае месца, блік на карціне, у адрозненне ад ценю.

Кантрасты святла і ценю.

4. перан., чаго. Тое, што робіць зразумелым навакольны свет, што дае пачатак чаму-н. радаснаму, робіць шчаслівым жыццё.

С. яго ідэй відаць ва ўсіх кутках зямлі.

С. дабра.

5. перан. Ззянне, бляск вачэй, радасна-ўзбуджаны выраз твару пад уплывам якога-н. пачуцця.

На твары відаць было с. пяшчоты.

◊

Праліць святло на што (кніжн.) — растлумачыць што-н.

У святле чаго — зыходзячы з пэўнага пункту гледжання на каго-, што-н.

У святле якім (выстаўляць, падаваць і пад.) — у якім-н. выглядзе.

У чорным святле (бачыць, падаваць што-н.) — змрочным, непрыглядным.

|| прым. светлавы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

С. сігнал.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

про́мысел, ‑слу, м.

1. Здабыванне звяроў, птушак і пад. лоўляй, паляваннем. Промысел собаля. □ Мой дзед ездзіў на ловы ўжо з беркутам, а бацька, удасканаліўшы промысел продкаў, акрамя беркута, меў ганчака. Васілёнак.

2. Які‑н. занятак, рамяство як крыніца сродкаў існавання. Ганчарны промысел. Кавальскі промысел. □ Уперад некаторыя з лугінаўцаў займаліся промысламі: рабілі ц[а]бры, падушкі, колы, выраблялі рагожы ды вазілі за дваццаць вёрст у горад на продаж. Каваль. // Разм. Здабыванне чаго‑н. (часцей крадзяжом, ашуканствам і пад.). У Познані, дзе мянялася паравозная брыгада, Станіслаў хадзіў на «промысел», каб дастаць хлеба. Гурскі.

3. Месца, дзе займаюцца здабычай чаго‑н.; прамысловае прадпрыемства. Нафтавыя промыслы. Саляныя промыслы.

•••

Адыходны промысел (гіст.) — часовая, сезонная работа сялян за межамі сваёй вёскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Любі́ж ’месца, дзе знаходзіцца крыніца з пітной вадой’, ’прыгожае з выгодамі месца’ (горац., стол., Яшк.), ст.-польск. lubież ’раскоша, прывабнасць, грацыя’. Суфікс ‑іж з ‑еж, які павінен быў бы быць у прасл. ‑ěžь, аднак у прасл. мове гэты суфікс мае форму ‑ežь. Таму для бел. любіж трэба дапусціць існаванне дзеяслова на ‑ěti, з якога дадзеная лексема ўтварылася (⁺любець). Адпаведнікі да яе: рус. амур. любе́ть ’любіць’, мала- і велікапольск. lubieć ’тс’. Аб суфіксе гл. Слаўскі (SP, 1, 69–70), Сцяцко (Афікс. наз., 85).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кастру́ля ’каструля’ (ТСБМ, БРС, Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. кастрю́ля (дыял. кастру́ля), укр. кастру́ля (у Фасмера, 2, 208: укр. костру́ля). Запазычанне з еўрапейскіх моў. Паводле Фасмера, там жа, відавочна, узята з ням. мовы (Kastrol, Kasserolle). Першакрыніцай з’яўляецца франц. casserolle ’каструля’ (Фасмер сумняваецца, што першакрыніцай можа быць гал. kastrol або н.-ням. kastroll). Шанскі (2, К, 88) усё ж мяркуе, што хутчэй за ўсё крыніцай рус. слова з’яўляецца гал. мова (у Пятроўскую эпоху гэта слова было ў марской лексіцы); ням. крыніца здаецца менш верагоднай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Анго́рскі ў выразах ангорская кошка, ангорскі трус, ангорская каза; анго́ры ’ангорскія трусы’ (Сцяшк. МГ). Рус. ангорский, укр. ангорський, польск. angora ’парода коз, авечак, трусоў, кошак’ і г. д. Крыніца слав. слоў — старая форма назвы сталіцы Турцыі Анкары і вілаета (вобласці) — Ангора, адкуль прыметнік; назоўнікі тыпу анго́ры трэба лічыць другаснымі, вытворнымі ад прыметнікаў. Непасрэднай крыніцай для бел. прыметніка з’яўляюцца, пэўна, руская і польская мовы; назоўнік ангоры мог быць утвораны на бел. глебе ад прыметніка ці запазычаны з польск. Гл. Супрун, Зб. Крымскаму, 123.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кало́дзеж

1. Студня з калаўротам або асверам для чэрпання пітной вады (БРС). Тое ж калодзезь (БРС), калодзец (Лаг., Тур.), кало́дзёдзь (Жытк.).

2. Вузкая і глыбокая, капаная яма без вады (Слаўг.).

3. Бут (БРС).

4. Крыніца на ўзвышшы ў выглядзе азярыны з мноствам пульсуючых струменяў, паверхня вады ў якой мае блакітны колер (Слаўг.).

5. Вельмі глыбокае прыроднае возера з цёмнай паверхняй вады (Слаўг.).

6. Невялікая мінеральная крыніца на высокім месцы (Жытк.).

□ Калодзеж або Сіні Калодзеж, Крыніца каля в. Кліны Слаўг., в. Сіні Калодзеж Рэч., воз. Калодзезь (XIX ст.) каля в. Віравая Слаўг., Калодзежкі (ручай) каля в. Дабранка Слаўг., в. Калодзежская Чэр. пав. (Вол. и важн. сел. Евр. России, вып. V, 1886, 172).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Клёпка 1 ’дошчачкі, з якіх складаецца бочка, дзежка, кадушка і пад.’ (ТСБМ, Нас., Касп., Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ’дранка’ (Мат. Гом.). Укр. клепка, рус. клёпка, польск. klepka ’тс’. Няма падстаў разглядаць гэта слова як праславянскае. У такіх значэннях выступаюць толькі польскія і ўсходнеславянскія словы. Калі ўлічыць існаванне ст.-рус. клепка ў тым жа значэнні, польская крыніца становіцца неверагоднай і больш надзейнай здаецца старажытнаруская крыніца. Тэрмін мог узнікнуць на старажытнарускай глебе на аснове дзеяслова klepati, адтуль пранікнуць у польскую мову, а далей у чэшскую. Ням. Klappholz можа быць калькай з польскай мовы. Слаўскі (2, 209–210), Трубачоў (Эт. сл., 10, 11), ЕСУМ (2, 459) лічаць гэта слова праславянскім, хаця тэрміналагічнае значэнне яго абмежавана ў прасторы і часе.

Клёпка 2 ’розум’ (ТСБМ, Нас., Шат., Юрч. Фраз. 2). Гэта значэнне ў тых жа дыялектах, дзе адзначана клёпка 1 (гл.), што сведчыць аб метафарычным пераносе. Параўн. бел. клёпкі ў галаве не хапае, укр. не хватае клепок у голові, рус. не хватает клёпки в голове, польск. brak mu piątej klepki. У той жа час на беларускай моўнай глебе мы адзначаем клёпка ў значэнні ’розум’ і не ў складзе адпаведнага фразеалагізма. Гэта тлумачыцца тым, што тут атрымалася кантамінацыя з бел. клёк ’розум’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕ́РГМАН ((Bergman) Інгмар) (н. 14.7.1918, г. Упсала, Швецыя),

шведскі рэжысёр тэатра і кіно, сцэнарыст. З 1942 працаваў у тэатры, ставіў п’есы У.​Шэкспіра, Г.​Ібсена, А.​Стрындберга, А.​Чэхава, сучасных драматургаў. Сусв. вядомасць набыў у кіно. У фільмах 1940-х г. («Крызіс», «Дождж над нашым каханнем», «Карабель ідзе ў Індыю», «Партовы горад», «Турма») стварыў вобразы людзей са зламанымі лёсамі, якія дарэмна шукаюць шчасця і цяпла ў абыякавым да іх грамадстве. У творчасці 1950-х г. маральныя і філас. праблемы сэнсу жыцця, сутыкнення паміж верай і нявер’ем («Усмешкі летняй ночы», «Сёмая пячатка», «Сунічная паляна», «Ля вытокаў жыцця», «Твар»). У фільмах 1960-х г. тэма пакутаў і зла, якое пануе ў свеце, паўстае асабліва рэзка, з мноствам жорсткіх падрабязнасцяў («Крыніца», «Як у люстэрку», «Прычасць», «Маўчанне»), Сярод найб. вядомых фільмаў 1970—80-х г. «Дотык», «Восеньская саната», «Фанні і Аляксандр». Многія фільмы Бергмана адзначаны на міжнар. кінафестывалях (у т. л. 3 прэміямі «Оскар»). Здымаў таксама дакумент. і тэлефільмы. Аўтар сцэнарыяў большасці сваіх стужак.

Літ.:

Бергман о Бергмане: Ингмар Бергман в театре и кино: Пер. с англ. и швед. М., 1985;

Bergom-Larsson M. Ingmar Bergman och den borgerliga ideologin. Stockholm, 1977.

Л.​А.​Сівалобчык.

І.Бергман.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІННЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання агародніны (сакаўных пладоў, лісця, цыбулін, караняплодаў). У сусв. асартыменце агароднінных культур каля 160 відаў, сярод якіх коранеклубняплодныя расліны, шырока вядомыя ў краінах трапічнага і субтрапічнага клімату, — касава (маніёк ядомы), тара, ямс і інш. На Беларусі вырошчваюць больш за 40 відаў асн. агароднінных культур амаль з 13 сямействаў.

Паводле прадукцыйных органаў адрозніваюць агароднінныя культуры пладовыя (памідоры, агурок, кабачок, патысон, гарбуз, баклажан, кавун, дыня, кукуруза), ліставыя (капуста, салата, шпінат, шчаўе, рэвень), цыбулевыя (цыбуля, часнок), бабовыя (гарох, фасоля, боб), караняплоды (морква, бурак, сельдэрэй, пятрушка, радыска, рэдзька, бручка, рэпа). У асобныя групы вылучаюць бульбу і вострапрыпраўныя расліны (аніс, каляндра, крэс-салата, кмен, мята, маяран, агурочнік, эстрагон, хрэн і інш.; пра кожную агароднінную культуру гл. асобны арт.). Асн. крыніца вітамінаў, вугляводаў, мінер. соляў, арган. к-т, мікраэлементаў, гліказідаў, фітанцыдаў, эфірнага алею, а таксама клятчаткі і пекцінавых рэчываў. Вырошчваюцца ў адкрытым (на працягу вегетац. перыяду з вясны да восені) і ахаваным (увесь год) грунце.

Літ.:

Гусев А.М. Целебные овощные растения. М., 1991;

Матвеев В.П., Рубцов М.И. Овощеводство. 3 изд. М., 1985;

Шуин К.А. 70 видов овощей на огороде. Мн., 1978.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ВЕЛ ((Havel) Вацлаў) (н. 5.10.1936, Прага),

чэшскі дзярж. і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Скончыў Пражскую акадэмію муз. і тэатр. мастацтва (1967). Адзін з заснавальнікаў і вядучых дзеячаў праваабарончага руху Хартыя-77, апазіцыйнага паліт. руху Грамадзянскі форум. Праследаваўся ўладамі, у 1970—89 тройчы быў зняволены ў турму. У 1989—92 прэзідэнт Чэхаславакіі, з 1993 — Чэхіі. Аўтар п’ес «Свята ў садзе» (паст. 1963; бел. пер. Л.​Баршчэўскага), «Паведамленне» (паст. 1965), «Цяжка засяродзіцца» (паст. 1968), «Аўдыенцыя» (паст. 1975), «Largo desolato» (паст. 1985), «Спакуса» (паст. 1986), «Рэканструкцыя» (1987). Паэтыка яго драматургіі адпавядае тэатру абсурду, пры гэтым яна зыходзіць з канкрэтных умоў развіцця Чэхаславакіі. Гал. тэма яго філас. разважанняў — маральныя асновы палітыкі, механізацыя чалавека ва ўмовах несвабоды. Аналіз дысідэнцтва дадзены ў кн. эсэ «Дужасць нядужых» (1978) і «Лістах да Вольгі» (1980).

Тв.:

Бел. пер. — Свята ў садзе // Пры зачыненых дзвярах: Драм. тв. Мн., 1995;

Аўдыенцыя: П’еса ў адной дзеі // Крыніца. 1997. № 1 (27);

Рус. пер. — Трудно сосредоточиться. М., 1990;

Сила бессильных. Мн., 1991;

Заочный допрос. М., 1991.

Літ.:

Шабловская И.В. Чешский театр абсурда и европейский опыт // Славянские литературы в контексте мировой: Материалы и тез. докл. междунар. науч. конф. Мн., 1994.

І.​В.​Шаблоўская.

В.Гавел.

т. 4, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)