блокі, зоны, саюзы краін, валюты якіх залежаць ад валюты дзяржаў, што стаяць на чале гэтых аб’яднанняў. Валютныя блокі пачалі ўзнікаць у час сусв.эканам. крызісу 1929—33. Асн. з іх: стэрлінгавы (створаны ў 1931 пасля адмены залатога стандарту ў Вялікабрытаніі, уключаў большасць краін Брытанскай імперыі і інш.), доларавы (узнік у 1933 пасля адмены залатога стандарту ў ЗША, уключаў Канаду і краіны Лац. Амерыкі), «залаты блок» (узнік у 1933, уключаў краіны, якія прытрымліваліся залатога стандарту: Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Швейцарыя, Італія і Партугалія). Напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны Германія і Японія стварылі свае валютныя блокі, у якія былі ўключаны акупіраваныя імі краіны. Валютныя блокі былі важным сродкам выкарыстання замежных краін у якасці рынкаў збыту, крыніц сыравіны і сферы прыкладання капіталу. На месцы гэтых блокаў у 2-ю сусв. вайну і пасля яе ўзніклі валютныя зоны, сярод іх найб. буйныя стэрлінгавая, доларавая, зона франка. Створаны таксама валютныя саюзы: Заходне-Афрыканскі валютны саюз, валютны саюз Экватарыяльнай Афрыкі і Камеруна, Еўрапейскі валютны саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАПНЯ́К,
асадкавая горная парода, складзеная з карбанатаў кальцыю (кальцыт, радзей араганіт). Мае прымесі даламіту, гліністых і пясчаных часцінак і інш. Нярэдка ўключае рэшткі вапняковых шкілетаў выкапнёвых арганізмаў. Колер белы, шэры з рознымі адценнямі. Шчыльн. 2700—2900 кг/м³.
Паводле паходжання вапнякі бываюць: арганагенныя — з ракавін (ракушачнікі) або з калоній каралаў, імшанак, водарасцяў; арганагенна-абломкавыя (дэтрытусавыя) — з абломкаў арган. рэшткаў; абломкавыя — з абкатаных карбанатных абломкаў; хемагенныя; перакрышталізаваныя. Вапняк звязаны паступовымі пераходамі з даламітамі, глінамі, пясчанікамі і інш.; пры метамарфізме пераходзіць у мармур. Большасць вапнякоў марскога паходжання, аднак ёсць і вапнякі прэснаводных азёраў, засоленых поймаў, мінер. крыніц (вапнавыя туфы і інш.). Пласты дасягаюць магутнасці ў сотні і тысячы метраў. Здольныя да ўзнікнення з’яў карсту.
На Беларусі вапняк найб. пашыраны ў адкладах дэвону, ардовіку, сілуру, верхняга мелу, трапляецца таксама ў кам.-вуг., пермскай і юрскай сістэмах. Выкарыстоўваецца ў прам-сці (флюсы, выраб фарбаў, шкла, гумы, пластмасаў, лекаў, мыла і інш.), сельскай гаспадарцы (вапнаванне глебы), буд-ве (вапна, цэмент) і архітэктуры, харч. прам-сці (вытв-сць цукру) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІХ ТАТА́РАЎ МО́ВА,
першасная цюркская мова татараў, што пасяліліся на тэр.ВКЛ у 14—16 ст. Зыходзячы з таго, што большасцьбел. татараў мела крымскае паходжанне і толькі нязначная частка — залатаардынскае (волжскае) ці турэцкае, можна лічыць іх мовай кыпчацкія і агузскія дыялекты крымска-татарскай мовы (на той час яшчэ не уніфікаваныя і не зафіксаваныя ў пісьменстве). Гетэрагеннасць (неаднароднасць па складзе) беларускіх татараў мовы, рассяленне татараў па ўсім ВКЛ, няцюркскае сямейнае асяроддзе (шлюбы татараў-мужчын з беларускамі) абумовілі выцясненне з канца 16 ст. беларускіх татараў мовы бел. і польск. мовамі.
Беларускіх татараў мова мела 8 галосных (а, ы, о, у, и, ё, ю; знакі падаюцца паводле дзеючай крымска-татарскай графікі). У сістэме зычных: глыбоказаднеязычны «гъ», «къ» побач з больш пярэднімі «г», «к»; звонкая афрыката «дж», заднеязычнае «нъ». Сінгарманізм складу і слова. Назоўнікі мелі катэгорыі ліку, склону, прыналежнасці і прэдыкатыўнасці. Прыметнікі паказвалі на ступень інтэнсіўнасці. Дзеяслоў меў катэгорыі часу і асобы, ладу, стану; аддзеяслоўны назоўнік на «-макъ» выступаў у функцыі інфінітыва. У лексіцы шмат араб. і іранскіх запазычанняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСКАНЕ́ЧНАЕ І КАНЕ́ЧНАЕ,
філасофскія катэгорыі, якія выражаюць непарыўна звязаныя паміж сабой процілеглыя бакі аб’ектыўнага свету. Бесканечнае характарызуе неабмежаваную разнастайнасць прасторавых структур матэрыі, яе ўласцівасцяў і ўзаемасувязяў, колькасную невычарпальнасць у глыбіню, існаванне бясконцага мноства якасна адрозных узроўняў яе структурнай арганізацыі. У гісторыі навукі напачатку ўвага канцэнтравалася на колькасных аспектах бесканечнага, якія вывучаліся матэматыкай (гл.Бесканечна вялікая, Бесканечна малая, Бесканечнасць у матэматыцы). Ідэі бесканечнасці сустракаліся ўжо ў выказваннях стараж. індыйцаў. Большасцьстараж.-грэч. філосафаў лічыла, што свет канечны і абмежаваны цвёрдым нябесным купалам. Такога ж пункту погляду прытрымліваецца хрысціянства. Толькі Нікалай Кузанскі і Дж.Бруна ў 15—16 ст. зноў загаварылі пра бесканечнасць свету. Канечнае з’яўляецца адмаўленнем бесканечнага і ўяўляе сабой усякі абмежаваны ў прасторы і часе аб’ект. Усякая канкрэтная якасць у свеце канечная, існуе ў пэўных межах меры. Канечнае азначае таксама абмежаванасць і часовасць зямнога быцця наогул, у гэтым значэнні яно дапускае прынцыповую магчымасць далейшага, незямнога быцця.
Літ.:
Кармин А.С. Познание бесконечного. М., 1981;
Бурова И.Н. Развитие проблемы бесконечности в истории науки. М., 1987;
Жуков Н.И. Философские основания математики 2 изд. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліп. 1944 у Гродне. Складалася з 6 груп (60 чал.): б. ваеннаслужачых і сав. работнікаў (кіраўнік М.А.Волкаў), рабочых мясакамбіната (В.Д.Разанаў), рабочых з-да па рамонце аўтамаб. тэхнікі (С.П.Лямаў), 3 групы чыгуначнікаў лакаматыўнага дэпо (Н.Н.Багатыроў, С.П.Панасюк, Г.І.Святлічны). Падполле працавала ў цесным кантакце з партызанамі брыгад імя Ленінскага камсамола Баранавіцкай, імя К.Каліноўскага Беластоцкай абл., са спецгрупамі Чырв. Арміі. Падпольшчыкі здабывалі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, перавязачныя сродкі, адзенне, разведданыя аб праціўніку і варожай агентуры, распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі і газеты. Падпольшчыкі групы Лямава вывелі са строю каля 150 машын, шмат абсталявання аўтарамонтных майстэрняў, групы Панасюка знішчылі воданапорную калонку на ст. Гродна; большасць «адрамантаваных» групай чыгуначнікаў паравозаў хутка выходзіла са строю, закладзеныя імі ў тэндэры толавыя шашкі, замаскіраваныя пад вугаль, вывелі са строю каля 20 паравозаў, падарваны таксама 2 эшалоны, учынена крушэнне 2 сустрэчных цягнікоў на ст. Гродна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́БКІ (Porifera, або Spongia),
тып прасцейшых шматклетачных беспазваночных жывёл. 3 класы: губкі вапнавыя (Calcispongiae, або Spongia); губкі шкляныя, або шасціпрамянёвыя (Hyalospongiae, або Hexactinellida); губкі звычайныя (Demospongiae). Каля 5 тыс. відаў. Жывуць пераважна ў акіянах і морах ад прыбярэжнай зоны да глыб. 8500 м, найб. разнастайныя і шматлікія на шэльфе, каля 20 відаў — у прэсных вадаёмах. Каланіяльныя, радзей адзіночныя жывёлы, вядуць нерухомы спосаб жыцця. Узніклі ў дакембрыі, найб. размножыліся ў мезазоі. На Беларусі з губак водзяцца бадзягі. Выкапнёвыя выяўлены ў адкладах дэвону, карбону, юры і мелу.
Выш. 2—150 см, цела бакала- або мяшэчкападобнае, адным канцом прымацоўваюцца да субстрату, на другім адтуліна — вусце. Сценкі цела з порамі, праз якія праходзіць вада з прадуктамі жыўлення. Шкілет з вапністых і крэменязёмных іголак (спікул) або з валокнаў арган. рэчыва (спангіну). Большасць губак — гермафрадыты. Кормяцца дэтрытам, прасцейшымі, дыятомавымі водарасцямі, бактэрыямі і інш. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне і тэхніцы, як туалетныя (напр., грэчаская губка), шкляныя губкі ідуць на ўпрыгажэнні і сувеніры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШЫЯ ЖАНО́ЧЫЯ КУ́РСЫ,
прыватныя вышэйшыя жаночыя навуч. ўстановы універсітэцкага тыпу ў Расіі ў 1860-я г. — 1917. Узніклі пад уплывам грамадскага руху 1860-х г. за жаночую адукацыю (паводле універсітэцкага статута 1863 жанчын ва ун-ты не прымалі).
Першыя вышэйшыя жаночыя курсы адкрыты ў 1869 (Аларчынскія ў Пецярбургу, Лубянскія ў Маскве). У 1872 засн. Вышэйшыя жаночыя мед. курсы пры Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу і вышэйшыя жаночыя курсы праф. Маскоўскага ун-та У.І.Гер’е (у Маскве), у 1876 — у Казані, у 1878 — у Пецярбургу (Бястужаўскія курсы), у 1879 — у Кіеве. Паводле ўказа ад 12.5.1886 большасць вышэйшых жаночых курсаў забаронена. Пад уплывам рэв. руху канца 19 — пач. 20 ст. сталі аднаўляцца. У 1904 у Пецярбургу адкрыты Сцебутаўскія вышэйшыя жаночыя с.-г. курсы (засн.рус. вучоным І.А.Сцебутам). Існавалі на дабрачынныя сродкі. Выпускніцы мелі права выкладаць у жаночых сярэдніх навуч. установах і малодшых класах мужчынскіх сярэдніх школ. Найб. значэнне ў развіцці жаночай адукацыі ў Расіі мелі вышэйшыя жаночыя курсы Гер’е і Бястужаўскія курсы. Пасля 1917 вышэйшыя жаночыя курсы часткова зачынены, некаторыя рэарганізаваны і ўвайшлі ў склад адзінай вышэйшай школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗЕМСКІЯ,
княжацкі род у Стараж. Русі, ВКЛ, Маскоўскім вял. княстве, Рас. імперыі. Родапачынальнік Андрэй Уладзіміравіч Доўгая Рука (каля 1190—1224), вёў радавод ад Рурыка, ад удзельнага горада Вязьма стаў звацца князем Вяземскім. Вяземскае княства існавала ў Смаленскай зямлі, верагодна, з сярэдзіны 13 ст., у 1403 занята войскам ВКЛ. Князі Вяземскія Іван Святаславіч і Аляксандр Міхайлавіч трапілі ў палон, а Сямён і Уладзімір Мсціславічы разам са смаленскім кн. Юрыем Святаславічам з’ехалі ў Ноўгарад, потым у Маскву. У далейшым Вяземскія валодалі Вяземскім княствам як васалы вял. князёў ВКЛ. Род Вяземскіх моцна разгалінаваўся. У 1487—94 большасць Вяземскіх вымушаны прызнаць сваю васальную залежнасць ад вял.кн. маскоўскага Івана III, але некаторыя захавалі вернасць ВКЛ. У 1-й пал. 16 ст. ў ВКЛ застаўся адзін Вяземскі — кн. Іван Львовіч, уладальнік с. Пірошыцы і часткі Лукомскага замка. У далейшым прадстаўнікі роду Вяземскіх адыгрывалі значную ролю ў паліт. і культ. жыцці Маск. дзяржавы і Рас. імперыі. З іх найб. вядомы: Аляксандр Аляксеевіч Вяземскі (1727—93), давераная асоба Кацярыны II, з 1764 ген.пракурор Сената, кіраваў фінансамі, юстыцыяй, унутр. справамі; паэт Пётр Андрэевіч Вяземскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНАЦЫФІКА́ЦЫЯ,
комплекс мерапрыемстваў дзяржаў-пераможцаў (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі) па ліквідацыі наступстваў нацыянал-сацыялісцкага рэжыму ў Германіі і Аўстрыі пасля 2-й сусв. вайны. Паводле рашэнняў Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945 прадугледжвалася знішчыць фаш. нацыянал-сацыялісцкую рабочую партыю Германіі, яе філіялы і падкантрольныя арг-цыі; распусціць усе нацысцкія ўстановы і не дапусціць іх адраджэння ў любой форме; прыцягнуць да адказнасці злачынцаў супраць міру і чалавечнасці і інш. На Нюрнбергскім працэсе асуджаны гал.ням.ваен. злачынцы, абвешчаны злачыннымі кіраўніцтва нацыянал-сацыялісцкай партыі, гестапа, СД і СС. Найб. актыўна і паслядоўна Д. праводзілася ў сав.акупац. зоне (Усх. Германія), дзе яна завяршылася ў сак. 1948 (напр., да жн. 1947 з розных органаў кіравання звольнена каля 500 тыс. актыўных нацыстаў). На З Германіі ва ўмовах «халоднай вайны» Д. з 1949 па даручэнні амер., брыт. і франц.акупац. адміністрацый працягвалі ўлады навастворанай ФРГ (да сярэдзіны 1950-х г. да адказнасці прыцягваліся 6,08 млн.чал., з іх большасць апраўдана). У Аўстрыі Д. завершана паміж 1948 (частковая амністыя) і 1957 (агульная амністыя б. нацыстаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАНА́ЦЦАТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ (надзвычайны). Адбыўся ў Мінску 20—23.11.1936 і 15—19.2.1937. Прысутнічалі 843 дэлегаты, пераважную большасць якіх складалі камуністы і камсамольцы. Парадак дня: аб праекце Канстытуцыі СССР (А.Р.Чарвякоў); выбары дэлегатаў на VIII Усесаюзны Надзвычайны з’езд Саветаў; праект Канстытуцыі БССР (М.М.Галадзед). На пасяджэннях у ліст. 1936 з’езд абмеркаваў і аднагалосна адобрыў праект Канстытуцыі СССР, абраў на VIII Усесаюзны з’езд Саветаў 63 дэлегаты і ў сувязі з пачаткам яго работы (25 ліст.) спыніў сваю працу. У лют. 1937 з’езд разгледзеў і прыняў за аснову праект Канстытуцыі БССР, утварыў рэдакцыйную камісію для разгляду паправак і дадаткаў. У апошні дзень працы зацвердзіў Канстытуцыю Беларускай ССР 1937. ЦВК рэспублікі было даручана распрацаваць і зацвердзіць палажэнне аб выбарах і прызначыць дату выбараў у Вярх. СаветБССР. Работу з’езда характарызавалі здравіцы І.В.Сталіну і інш. кіраўнікам саюзнага і рэсп. маштабу. У абставінах культу асобы работа з’езда праходзіла па строгім рэгламенце, пад кантролем парт. і адм. структур.
Літ.:
Бюлетэнь Надзвычайнага XII з’езда Саветаў БССР. [Мн., 1936], № 1—6.