ПЛА́ЗМЕННЫЯ ПАСКАРА́ЛЬНІКІ,

устаноўкі для атрымання патокаў плазмы са скарасцямі руху ад 10 да 1000 км/с. У адрозненне ад паскаральнікаў зараджаных часціц у канале П.п. адначасова знаходзяцца часціцы розных знакаў і адсутнічаюць абмежаванні інтэнсіўнасці патокаў, абумоўленыя прасторавым зарадам. Паскарэнне іонаў адбываецца за кошт падведзенай энергіі і самаўзгодненага эл. поля, якое існуе ў аб’ёме плазмы.

П.п. падзяляюцца на імпульсныя (адначасова паскараецца фіксаваная маса рабочага рэчыва) і квазістацыянарныя (працэс паскарэння ажыццяўляецца неперарыўна); паводле механізмаў паскарэння адрозніваюць цеплавыя (плазма паскараецца за кошт цеплавой энергіі — за кошт перападу поўнага газакінетычнага ціску) і эл.-магн. (найб. пашыраныя; плазма паскараецца за кошт сілы Ампера). Паводле спосабу падвядзення энергіі бываюць радыяцыйныя, індукцыйныя і электродныя. П.п. з’явіліся ў сярэдзіне 1950-х г. як электрарэактыўныя плазменныя рухавікі і як інструмент для зандзіравання атмасферы. У 1980-я г. атрымалі развіццё двухступеньчатыя квазістацыянарныя П.п. з магн. экраніроўкай электродаў паскаральнага канала, якія працуюць у рэжыме іоннага токапераносу. П.п. выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі (гл. Плазменная тэхналогія).

На Беларусі П.п. даследуюцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це.інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Плазменные ускорители и ионные инжекторы. М., 1984.

В.​М.​Асташынскі, Л.​Я.​Мінько.

т. 12, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

язы́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

1. Рухомы мышачны орган у ротавай поласці, які з’яўляецца органам смаку, а ў чалавека ўдзельнічае таксама ва ўтварэнні гукаў мовы.

Паказаць я.

Малако ў каровы на языку (прыказка). Заліўны я. (страва).

2. перан. Палонны, ад якога можна атрымаць патрэбныя звесткі (разм.).

3. У звоне: металічны стрыжань, які ўтварае гук ударамі аб сценкі.

4. перан. Пра што-н. выцягнутае, па форме падобнае на язык.

Языкі полымя.

Языкі сумётаў.

◊

Востры на язык — пра чалавека, які ўмее гаварыць трапна, з’едліва.

Доўгі язык у каго-н. (разм., неадабр.) — пра балбатлівага чалавека.

Злы язык у каго-н. (разм.) — хто-н. злосна, з насмешкай гаворыць пра каго-, што-н.

Злыя языкі — пра ахвотнікаў да плётак, нагавораў.

Мянціць (малоць) языком (разм.) — займацца пустой балбатнёй.

Прыкусіць язык (разм.) — спахапіўшыся, раптоўна замаўчаць, устрымацца ад выказвання.

Прытрымаць язык (разм.) — памаўчаць.

Пытанне было на языку у каго-н. — хто-н. гатовы быў задаць пытанне.

Развязаць язык (разм.) — загаварыць, разгаварыцца пасля маўчання.

Распусціць язык (разм., неадабр.) — пачаць гаварыць лішняе.

Сарвацца з языка (разм.) — сказаць міжвольна, не падумаўшы.

Трымаць язык за зубамі — маўчаць, калі гэта патрэбна.

Цягнуць за язык каго-н. (разм.) — прымушаць гаварыць, выказвацца.

Язык без касцей у каго-н. (разм.) — пра каго-н., хто любіць многа гаварыць, гаворыць лішняе, пустое.

Язык добра падвешаны у каго-н. — мастак добра гаварыць.

Язык не паварочваецца сказаць (разм.) — не хапае рашучасці сказаць.

Язык праглынеш (разм.) — пра што-н. надта смачнае.

Язык свярбіць у каго-н. (разм.) — цяжка прамаўчаць, хочацца сказаць.

|| памянш. язычо́к, -чка́, мн. -чкі́, -чко́ў, м.

|| прым. языко́вы, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.) і язы́чны, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.).

Языковая мышца.

Язычныя нервы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

АРЫ́Н-БЕРД,

узгорак на ўскраіне горада Ерэван, дзе захаваліся рэшткі старажытнага горада Эрэбуні, пабудаванага каля 782 да нашай эры царом дзяржавы Урарту Аргішці I. Лічыцца пачаткам горада Ерэван. Эрэбуні быў апорным пунктам прасоўвання урартаў да возера Севан. Раскопкамі выяўлены крэпасць (захаваліся сцены з сырцовай цэглы вышынёй да 5 м), палацы і храмы з насценнымі размалёўкамі, гаспадарчыя пабудовы, шмат вырабаў з бронзы, больш за 20 клінападобных надпісаў і інш.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЕФІ́С (ад франц. bènèfice прыбытак, карысць),

спектакль, увесь збор ад якога (поўны бенефіс) ці частка яго (паўбенефіс) ідзе на карысць аднаго ці некалькіх акцёраў-бенефіцыянтаў (за вылікам расходаў на спектакль). Узніклі ў Францыі ў 1735. У Расіі ўвайшлі ў практыку з 1783 (да 1809 дазваляліся таксама драматургам і кампазітарам). У СССР у 1925 бенефіс скасаваны. На Беларусі вядомыя з сярэдзіны 19 ст. З 2-й пал. 1980-х г. пачалі аднаўляцца.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НТСАН ((Bentzon) Нільс Віга) (н. 24.8.1919, Капенгаген),

дацкі кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Капенгагенскай кансерваторыі (1938—41). Канцэртаваў з 1943. З 1945 выкладаў у Ютландскай муз. акадэміі (г. Орхус), з 1949 у Капенгагенскай кансерваторыі. Сярод твораў (больш за 500) оперы «Фауст 3» і «Уліс», балет «Жэні фон Вестфален», 13 сімфоній; найб. значныя творы Бентсана — сімфонія «Хроніка пра Рэне Дэкарта» (1975) і сімф. варыяцыі (1953). Аўтар першага падручніка дадэкафоніі «Дванаццацітонавая музыка» (1953).

т. 3, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАКАНІ́ДЫ (Braconidae),

сямейства паразітычных насякомых атр. перапончатакрылых з групы наезнікаў. Больш за 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, пераважна ў цёплых і сухіх месцах. На Беларусі каля 20 відаў.

Даўж. 1—25 мм, цела жоўтае або карычнявата-жоўтае, з сцябліністым брушкам, у самкі з яйцакладам. Дарослыя кормяцца пераважна паддзю і нектарам раслін, самкі некаторых відаў — гемалімфай насякомых-гаспадароў. Большасць каштоўныя, некаторыя выкарыстоўваюць у біял. барацьбе са шкоднымі насякомымі.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НТЫНГ ((Branting) Карл Яльмар) (23.11.1860, Стакгольм — 24.2.1925),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Швецыі. Адзін з заснавальнікаў (1889) і лідэраў с.-д. партыі Швецыі (СДПШ), 2-га Інтэрнацыянала, Бернскага інтэрнацыянала. Дэпутат рыксдага (1896—1902). Старшыня выканкома СДПШ (з 1907). Прэм’ер-міністр Швецыі ў 1920, 1921 — 23 і 1924—25. Узначаліў у Швецыі рух за далучэнне да Лігі Нацый. Вядомы вырашэннем міжнар. спрэчак па правах малых нацыянальнасцей. Нобелеўская прэмія міру 1921 (разам з К.Ланге).

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛІ ІБН АБІ́ ТА́ЛІБ (604 ?, Мекка — 24.1.661),

чацвёрты праведны халіф [656—661], стрыечны брат і зяць прарока Мухамеда, адзін з першых паслядоўнікаў і сакратар прарока; духоўны галава шыітаў. Абвешчаны халіфам у Медыне пасля забойства яго папярэдніка Асмана. У «вярблюджай бітве» пад Басрай (снеж. 656) разбіў асн. сілы праціўніка. У 657 з-за нерашучасці ў барацьбе з сірыйскім намеснікам Муавіяй 12 тыс. воінаў, якія сталі звацца харыджытамі, пакінулі, а пазней забілі Алі.

т. 1, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІ́ЎСКІ МІР 1660,

мірны дагавор паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай з яе саюзнікамі Аўстрыяй і Брандэнбургам. Падпісаны 3.5.1660 у Аліўскім манастыры паблізу Гданьска пры пасрэдніцтве Францыі. Завяршыў (разам з Капенгагенскім мірам 1660) Паўночную вайну 1655—60. Паводле Аліўскага міру кароль Рэчы Паспалітай Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на швед. карону. Швецыя замацавала за сабой Эстляндыю з в-вам Эзель і амаль усю Ліфляндыю, захопленыя ёй у 16 — пач. 17 ст.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДО́НА (Ганна; 1309 ці 1310 — 26.5.1339),

дачка вял. князя ВКЛ Гедзіміна. У 1325 (паводле інш. звестак 1323) аддадзена замуж за сына польск. караля Уладзіслава I Лакеткі Казіміра (з 1333 польскі кароль Казімір III). Гэты дынастычны шлюб быў заключаны дзеля ўмацавання саюзу паміж ВКЛ Польшчай з мэтаю сумеснай барацьбы супраць Тэўтонскага ордэна. Вынікам збліжэння дзяржаў стаў сумесны паспяховы паход на Брандэнбург 1326 на чале з кн. Давыдам Гарадзенскім.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)