САНЕ́Т (італьян. sonetto ад правансальскага sonet песенька),

адна з цвёрдых форм верша; верш з 14 радкоў: двух катрэнаў (4-радкоўяў) і двух тэрцэтаў (3-радкоўяў). Памер — 5-стопны, радзей 4- ці 6-стопны ямб. Радкі ў катрэнах рыфмуюцца па схемах: абба абба ці абаб абаб, у залежнасці ад іх рыфмы ў тэрцэтах размяшчаюцца: ввг дгд ці ввг ддг. Першы катрэн — экспазіцыя, у ім намячаецца тэма верша, развіццё якой складае змест другога 4-радкоўя. На першы тэрцэт прыпадае кульмінацыя, на заключны — развязка. Асаблівая роля належыць апошняму радку, т. зв. санетнаму замку — своеасабліваму ідэйнаму ключу ўсяго верша. У класічнай форме С. дапускаецца ўжыванне аднаго і таго ж слова (за выключэннем службовых) толькі адзін раз.

С. узнік у Італіі ў 1-й пал. 13 ст., росквіту дасягнуў у творчасці Дантэ, Ф.​Петраркі, развіўся ў ісп., партуг., франц., англ. і інш. зах,еўрап. л-рах. У рус. паэзію ўведзены В.​К.​Традзьякоўскім. Карысталіся гэтай формай В.​Жукоўскі, А.​Пушкін і інш. Музычнасцю мовы вызначаюцца «Крымскія санеты» А.​Міцкевіча. Напачатку С. належаў да інтымнай лірыкі. У.​Шэкспір напоўніў яго філас. зместам, абнавіў форму.

У бел. паэзію С. увёў Я.​Купала («Жніво», «Па межах родных і разорах», «Запушчаны палац», усе нап. 1910). Пэўны ўклад у развіццё С. зрабіў М.​Багдановіч. У арт. «Санет» ён разглядаў не толькі страфічную структуру гэтага тыпу верша, але і яе сэнсавыяўленчыя магчымасці. Узорам у бел. л-ры лічыцца С. Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі». С. — пашыраная форма верша ў бел. паэзіі. Вядомыя санеты З.​Бядулі («Тут неба — даль бязбрэжная, як мора»), У.​Жылкі («Сёмуха», «Каханне», «Хараство»), П.​Труса («Над кубкам возера»), М.​Танка («Санет», «У век рэвалюцыйны, штармавы», «Трэска з дома Шэкспіра»), У.​Дубоўкі («Ля Мядзела ёсць возера адно»), А.​Звонака («Паэзія», «Вернасць», «Слава», «Жаданне») і інш. С. сустракаецца ў паэзіі Р.​Барадуліна, Э.​Валасевіча, С.​Грахоўскага. Хв.Жычкі, К.​Кірэенкі, Я.​Сіпакова, М.​Федзюковіча і інш.

Літ.:

Барычэўскі А. Тэорыя санету. Мн., 1927.

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЮ́З»,

1) серыя сав. (рас.) касм. караблёў (КК) аднаразовага выкарыстання для арбітальных палётаў вакол Зямлі; праграма іх распрацоўкі (з 1962) і запускаў (з 1966). Прызначаліся для вырашэння тэхн. і навук. задач у каляземнай касм. прасторы, дастаўкі экіпажаў (1—3 чал.) на борт арбітальных станцый і вяртання касманаўтаў на Зямлю; былі і беспілотныя мадыфікацыі. У 1967—81 на арбіты выведзены 40 «С.», у т. л. 2 беспілотныя. Маса запраўленага і ўкамплектаванага «С.» да 6,9 т, даўж. 7,2 м, дыяметр 2,7 м.

Аб’ём жылых адсекаў 10,45 м³. Плошча панэлей сонечных батарэй да 14 м². Працягласць аўтаномнага палёту да 30 сут, у складзе арбітальнага комплексу — да 180 сут. На арбіту выводзіцца аднайм. ракетай-носьбітам з касмадрома Байканур.

Складаецца з 3 адсекаў, якія злучаны паміж сабой і аддзяляюцца пры пасадцы: спускальны апарат, дзе знаходзіцца экіпаж у час старту, стыкоўкі, расстыкоўкі і пасадкі; арбітальны (бытавы) адсек са стыковачным агрэгатам; прыборна-агрэгатны адсек з рухальнай устаноўкай. На базе «С.» распрацаваны КК «С. Т» (запускі ў 1979—86) і «С. ТМ» (з 1986) для дастаўкі экіпажаў адпаведна на арбітальныя станцыі «Салют» і «Мір» і вяртання касманаўтаў на Зямлю. «С. ТМ» выкарыстоўваецца як карабель-выратавальнік для Міжнар. касм. станцыі. Запушчаны 15 «С. Т» і 32 «С. ТМ» (2000). На аснове «С.» створаны таксама грузавы трансп. КК «Прагрэс».

2) Сав. (рас.) 3-ступеньчатыя ракеты-носьбіты (РН) для вывядзення на каляземныя арбіты пілатуемых і аўтам. касм. апаратаў. Стартавая маса (разам з КК) ~310 т, макс маса карыснага грузу ~7 т. Пры дапамозе РН «С.» з 1966 выводзіліся ў космас некаторыя ШСЗ серыі «Космас», цяпер выводзяцца КК «С.» і «Прагрэс». Запускаюцца з касмадромаў Байканур і Плясецк. РН «С.» з дадатковай 4-й ступенню, якая выкарыстоўвалася з 1961 для запуску ў космас некаторых касм. апаратаў серый «Венера», «Зонд», «Космас, «Маланка», «Марс», «Месяц», «Прагноз», называлася РН «Маланка».

У.​С.​Ларыёнаў.

Касмічны карабель «Саюз»: 1 — стыковачны агрэгат; 2 — арбітальны адсек; 3 — прыборна-агрэгатны адсек; 4 — спускальны апарат.

т. 14, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вясна́ ’пара года паміж зімою і летам’; ’светлая, радасная пара жыцця — маладосць’ (БРС, КТС, Бяльк., Касп.), палес. высна́ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), вэсна́ (Бес.), пін. вестна (Шн., 2) з устаўным ‑т‑, вісна́ (Бяльк., Касп.), вісна ў вочы лезя — «гавораць тады, калі пабыць доўга на двары пры снезе і сонцы, а пасля прыйсці ў хату і нічога адразу не бачыць» (КЭС, лаг.), вясна вочы крадзе — пра вясенняе сонца, якое слепіць вочы (віл., Нар. сл.). Укр. весна́, рус. весна́ ’вясна’, арханг., кастр. ’вясенняе разводдзе’, паўн. ’першы вясенні дождж’, с.-урал. ’вяснушкі, рабацінне на твары’, перм. ’ліхаманка, трасца’, свярдл. ’трава, якою лечаць ліхаманку’, польск. wiosna ’вясна’; ’вясеннія палявыя работы’; ’галодная пара перад новым ураджаем’, чэш. усх.-мар. vesno ’вясна’, odvesno ’вясною’, vesna (паэт.) запазычана з рус. мовы, тое ж славац. vesna, Vesna ’багіня вясны ў старажытных славян’, славен. vẹ̑sna ’вясна’; ’міфічная жаночая істота, якая стракоча, бухае, трашчыць’; ’пра чалавека, які моцна кашляе’, серб.-харв. вѐсна ’вясна’, ст.-слав. весна. Прасл. vesna ’пачатак лета’ — старажытная і.-е. рознаскланяльная аснова на ‑r‑//‑n‑: наз. скл. *u̯esr‑, род. скл. u̯es‑n‑es; у слав. мовах за аснову прыняты ўскосны склон. у балт. мовах — прамы: літ. vãsara < veserà (Экерт, LKLR, 143–154), лат. vasara ’лета’; параўн. таксама грэч. ἔαρ, лац. vēr, ст.-ісл. vár, ст.-фрыз. wars, арм. garun, ст.-інд. vasantás ’вясна’, vasar‑ ’рана’, авест. vaηri‑ ’вясною’. Узыходзіць да і.-е. кораня *au̯es ’асвятляць’. Некаторыя этымолагі звязваюць з лексемай вясёлы (гл.). Параўн. таксама Міклашыч, 386; Гараеў, 1896, 75; Праабражэнскі, 1, 79; Педарсан, KZ, 32, 246; Траўтман, 356; Буасак, 209; Майргофер, 20, 172; Мюленбах-Эндзелін, 3, 484; Голуб-Копечны, 413; Махэк₂, 685; Брукнер, 623; Фасмер, 1, 303; Шанскі, 1, В, 73; КЭСРЯ, 77.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мязга́ 1, мязг̌а, мізга́, мізка́, мезка́, мезга́, меска́ ’мяккая частка дрэва паміж карой і драўнінай; камбій’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Грыг., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, КЭС, лаг; бялын., Янк. Мат.; лельч., ЛАПП), ’бульбяныя жамерыны’ (жлоб., Мат. Гом.; ТС), ’мякаць у гарбуза, дзе знаходзіцца насенне’ (ТС, Сцяшк., Мат. Гом.), ’сушаная кара, якую (растоўчанай) падмешвалі да мукі’ (паўн.-зах., КЭС); ’мязга маладых дрэў, якую ўжывалі ў ежу’ (касцюк., паўд.-усх., КЭС); маладз., карэліц. мязг̌ра́ ’насенная частка гарбуза’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), Укр. мезга́, мизка́, моска́, мізька́, ст.-рус. мѣзга, рус. мезга́ ’камбій’, ’мякаць буракоў, бульбы, гарбузоў’, польск. miazga ’адціснутая мякаць, жамерыны’, ’камбій’, miazga/mlazga ’сок дрэў’, н.-луж. кніж. mězga, в.-луж. кніж. měza, чэш. míza ’сок дрэў’, ’лімфа’, ’свежасць, жыццёвая сіла’, славац. miazga ’сок дрэва’, ’лімфа’, славен. mézga, mezgà ’сок дрэў’, ’гразь, лімфа’, ’варэнне, мармелад’, mezgáti ’ціснуць мяккае’, серб.-харв. ме́зга, ме́згра ’сок дрэў’, ’мязга (камбій)’, макед. мазга, мезга ’сок з-пад кары дрэва’, балг. мъзга́, млязга, млезга ’тс’. Прасл. mězga. Роднасныя і.-е. адпаведнікі: с.-в.-ням. meisch, новав.-ням. Maische ’брага’, ст.-англ. meesc‑, máx‑wyrt ’соладавы корань’, англ. mash ’раздаўліваць’, ст.-інд. mēhati ’выпускае мачу’ (параўн. серб.-харв. ми̏жати, славен. mezéti ’мачыцца’), ст.-літ. mžti ’тс’, авест. maēzaiti ’мочыцца, угнойвае’, ст.-грэч. ὀμείχειν ’тс’, лац. mingere ’мачыцца’, арм. mizem ’мачуся’, і.-е. *moig̑h ’мачыцца’ (Бернекер, 2, 54; Траўтман, 185; Фасмер, 2, 593; Скок, 2, 417–418; Бязлай, 2, 182). Аднак Аткупшчыкоў (Из истории, 148) супастаўляе словаўтварэнне лексемы мязга́ з мяздра́ і вылучае корань гэтых слоў *men‑ ’мяць’. Гл. таксама мяздра́.

Мязга́ 2, мезга́ ’снег з дажджом’ (ТС), славен. доленск. mézga ’гразь’. Палеска-славенская ізалекса. Да мязга 1 (аб’ядноўвае значэнне ’нешта мяккае; раздушанае’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Набой 1 ’зарад’ (Касп., Шат., Байк. і Некр., Яруш., Гарэц., БРС, ТС), укр. набі́й ’тс’, рус. набо́й ’тс’, польск. nabój ’тс’, чэш. náboj, славен. naboj ’зарад, патрон’. Ад набі́ць, набіва́ць (стрэльбу) ’заражаць’, што адлюстроўвае старажытны спосаб зарадкі праз ствол. Магчыма, праз польскую з чэшскай, паралельна да славен. nabój, якое, паводле Бязлая (2, 210), запазычана з чэш. náboj (< na‑biti), бо толькі ў чэшскай адначасова значыць ’кулак’, што блізка да ням. Nabe, тады збліжэнне з *biti другаснае. Гл. Махэк₂, 387; Брукнер, 35.

Набой 2 ’мазоль, вітае месца’ (Сцяшк.), ’болька на падэшве нагі, узнікае ад непрывычкі хадзіць босымі нагамі’ (Сцяц.), наб​уой (nabuoj) ’пухір на пяце’ (Арх. Федар.), рус. набой ’набітае месца, жаўлак’; няясна, ці звязана з укр. набій ’вусень насякомага Arctia’ (Грынч.), параўн. шматлікія выпадкі супадзення назваў розных болек і вусеней: вусеніца ’нарыў паміж капыта ў каровы’ і ’вусень’ (ТС), славац. liška ’лішай’ і ’вусень, матылёк’, што, як паказаў Важны (O jménech, 106 і наст.), звязана з уяўленнямі пра насякомых як разношчыкаў хвароб. Ад набіва́ць, параўн.: Набіў ботам мазоль (Сл. ПЗБ). Серб.-харв. набој ’нарыў на ступні, у якой засталася калючка’, балг. на́бой ’балячка, скула, пухліна ад пацёртасці’, магчыма, дае падставы для рэканструкцыі адпаведнай праслав. лексемы.

Набой 3 ’след на дарозе, выезджаны санямі’ (Арх. Федар.), ’высокі пласт снегу на дарозе, які перашкаджае яздзе’ (Кліх), ’тупкая частка зімняй дарогі’ (Сцяц., ТС), ’наезджаная частка зімняй дарогі’ (в.-дзв., Шатал.), ’астаткі саннага шляху’ (столін., Яшк.), укр. набі́й ’утаптаная снежная дарога, сляды саней на ёй’, рус. набо́й ’тс’. Ад набіва́ць, бі́ць, бі́тая (дарога).

Набой 4 ’набойка, прылада набіваць абручы на бочку’ (Бяльк.), набойка ’тс’ (гродз., Нар. сл.; ТС). Ад набіва́ць, біць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плячо, плечо́, плечэ́, плічо́, плычэ́, плечко́, плы́чко, плячу́к, пляча́к, пле́чухна, пле́чы, плэ́чэ, плэ́чы ’частка тулава ад шыі да рукі’, ’частка рукі да локцевага сустава’, лудз. ’частка тулава каня вакол шыі’; плечы ’спіна’, ’лапаткі’, ’верхняя частка спіны’, ’задняя частка вопраткі паміж двума рукавамі’, ’падкладка ў кашулі’, ’ватныя плечыкі ў вопратцы’, ’пройма рукава’ (ТСБМ; Нас.; Бес.; Шат.; Сл. ПЗБ; ашм., Стан., Бяльк., Сцяц.; Сцяшк. Сл.; Сцяшк. МГ; ТС; Клім.; З нар. сл.; Ян.), сюды ж плячкі́ плечы’ (латг., Нар. сл.), навагр. плячу́к ’шво на плячы’; (тамсама); пле́чы ’тарэц, зад’ (ТС), пле́чыкі ’спінка ў ложку’ (бых., ЛА, 4), плэчувы́й стовб ’шула’ (драг., Нар. лекс.), плячны́й ’прызначаны на плечы’ (чэрык., Мат. Гом.), плячы́сты (ашм., Стан.), плячэ́ць ’раздавацца ў плячах’ (Нар. Гом.). Укр. плече́ ’плячо’, ’шула’; рус. плечо, дыял. плеча́ ’плячо’, ’пярэдняя чвэрць тушы барана, цяляці’; пле́чко ’частка рукі ад пляча да локця’, стараж.-рус. плече; польск. plec, plecy ’спіна’, ’спінка ў вопратцы’, plece ’лапатка’; палаб. plicě; н.-луж. placo ’шынка’, ’сцягняк’, в.-луж. pleco ’тс’, чэш. plec, plece, мар. дыял. pľeco, славац. plece ’плячо’, славен. pléče, серб.-харв. пле̏ће, макед. пле́ки, балг. плещи́, пле́щи, ст.-слав. плеште ’плячо’, плешти ’спіна’, перан. ’крылы’. Прасл. *pletʼe (Бязлай, 3, 52; Махэк₂, 457), *pletje (Банькоўскі, 2, 602; БЕР, 5, 351; Борысь, Czak. stud., 64); калі ж улічыць рус. пле́ко ’плячо’, белоплёкий ’белакрылы’, подоплёка ’падкладка’, зыходнай формай можна было б лічыць *plekti̯‑ і параўноўваць з лат. plęcs ’плячо’, літ. plókščias ’плоскі’, ст.-грэч. πλάξ, Р. скл. πλακός ’горная раўніна’, ст.-ісл. flá ’ўступ стромай скалы’, лац. placidus ’роўны’ (Фасмер, 3, 281), а таксама з ірл. leithe ’лапатка’, літ. plė̃sti ’рассцілаць’, platùs ’шырокі’. Гл. таксама Міклашыч (250). Фрэнкель (581 і 606), Траўтман (225), Голуб-Копечны (227).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пругло́ 1 ’дужка паміж ручкамі ў папярочнай піле’, ’прыстасаванне для лоўлі дзікіх качак’ (ТС), рус. пругло́ ’сілок, пятля, пастка для птушак’, ст.-рус. пругло ’цянёты, сетка, пастка’, чэш. pruhlo ’сіло’, в.-луж. prudło, н.-луж. pšudło, славен. prógla, серб.-харв. пру́гло ’тс’, балг. прегло ’пастка для птушак’. Прасл. *prǫglo, паводле Слаўскага (SP, 1, 104), утворана ад дзеяслова *pręgǫ, prękti ’напружваць’ з інструментальным суфіксам ‑lo. Першаснае значэнне, відаць, ’наведзенае, нагнутае дрэўца, да якога прымацавала пятля, сіло’, параўн. Махэк₂, 488 і апісанне пругла ў ТС, 4, 233: “Як толькі качар праплываў праз уваход, ён чапляўся за наведзенае пругло. Яно паднімалася і зацягвала пятлю на шыі ў качара. Качар павісаў”. Гл. яшчэ Варбат, Этимология–1975, 31, якая ў якасці паралеляў прыводзіць нова-в.-ням. Sprigel, sprügel, sprugel, sprogel ’пругкая дужка, сілок’, нова-в.-ням. Sprenkel ’сіло’. Параўн. Фасмер, 3, 388; БЕР, 5, 631; Шустар-Шэўц, 2, 1163; далей гл. пруг, пругкі.

Пругло́ 2 ’калодзежны журавель’ (ТСБМ, Янк. 1, Янк. 2, Бір.), ’вочап’ (слуц., Нар. словатв.), ’бервяно-рычаг калодзежнага жураўля’ (чырв., З нар. сл.), ’палка, якой замыкаюць кубел’ (Варл.). Паводле ДАБМ (к. 243), слова ў значэннях ’вага’ і ’журавель’ распаўсюджана на Случчыне, а на астатняй беларускай тэрыторыі — спарадычна. Польск. prągło і роднасныя ў аналагічных значэннях вядомы ў Вялікапольшчы, Сілезіі і на Веліньску (Ляшчынскі, RS, 31, 1, 30). Асноўнае значэнне разглядаемага слова ’бервяно; палка’ і тэрыторыя яго пашырэння наводзяць на думку аб запазычанні. Параўн. бел. пруглічка, якое Лаўчутэ (Балтизмы, 126) параўноўвае з літ. bruklýs (з менай ‑p‑/‑b‑, тыповай для балтыйскіх моў) ’тоўстая палка, адрэзак дрэва’, лат. sprũngulis ’маленькі круглы адрэзак дрэва; палка, пень’. Не выключаным застаецца і лакальнае семантычнае развіццё слав. *prǫglo ’пастка’, параўн. дэфініцыю рус. пругло́ ў Даля: ’усякая трымалка; падпорка; рычаг’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сі́ні ‘колер, сярэдні паміж блакітным і фіялетавым’, (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС), ‘цёмны’ (Ян.): сіня хмара (ТС), ‘бесталковы’ (шчуч., Сл. ПЗБ), сюды ж сіні камень ‘купарвас’ (Байк. і Некр., Бяльк.), сіні лён ‘нямочаны лён’ (астрав., Сл. ПЗБ). Укр. си́ний, рус. си́ний, ст.-рус. синь, рус.-ц.-слав. синь ‘сіні колер’, польск. siny, чэш., славац. siný, харв. sȋnj, серб. си̑њӣ ‘шэраваты, сіні’, славен. sínji ‘шэры, шэраваты, сіняваты’, балг., макед. син. Махэк₂ (543) прасл. форму ўзнаўляе як *sinь, але заўважае, што заканчэнне n‑jь не мае аналогіі ў назвах колераў. Прасл. *sinь, *sinьjь. Роднаснае сіяць і сівы, гл. (Фасмер, 3, 624; Скок, 3, 239–249; Брукнер, 492; Сной₁, 568); а таксама літ. šývas ‘светлай масці’, šėmas, šė̃mas ‘попельнага колеру, шэраваты’, ст.-інд. śyāmáh ‘чорны, цёмнага колеру’ і інш., гл. Траўтман, 306; Персаў 32; Майргофер, 3, 383; Ерне, Die slav. Farbenbenennungen, Uppsala, 1954, 81 і наст.; БЕР, 6, 655–663. Мяркуецца, што слова роднаснае таксама ст.-іран. axsaena, асец. œxsīn, афг. sīn ‘цёмна-шэры’, што было прадстаўлена ў першай частцы скіф. Axšaina‑ у назве Чорнага мора (раней Сіняе мора, грэч. Πόντος Ἅξεινος), што можа быць і крыніцай для *sinь (гл. Абаеў, 1, 220; Глухак, 548; Мартынаў, Язык, 52; Лома, Пракосово, 40). Да і.-е. кі‑ ‘цёмна-шэры’ з суф. *‑ńь (Борысь, 548). Параўн. сівы. Інакш Сной₁ (568), які звязвае з прасл. *sьjati ‘ззяць’ < і.-е. кораня *skei̯‑ ‘свяціцца, блішчэць’, адкуль першаснае значэнне славянскага слова ‘колер ззяючага неба’. Талстыя (Полес. сб., 9) звярнулі ўвагу на палеска-сербска-харвацкую ізасему си́не редно́ ‘суровае палатно’ — си̑њ ‘жаўтаваты, попельна-шэры’ (акрамя значэнняў ‘сіні’ і ‘чорны’), што дае падставы для рэканструкцыі зыходнага значэння як ‘цёмна-шэры, шэры’ (Іванова, Зб. Бархудараву, 288).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́рыцца (ты́рицьца) ‘церціся, ацірацца дзе-небудзь’, уты́рыцца ‘ўсунуцца, улезці’: утырився сюды (Нас.),ты́рыць ‘біць’: будзем ты́рыць суседняга хлопца (уздз., Жд. 3) Параўн. укр. разм. тиратися ‘гараваць, бедаваць’, ти́рити ‘цягнуць’, ‘піхаць, усучваць’, рус. ты́риться ‘ісці, прабіраючыся крадком’, ты́рить ‘красці’, сты́рить ‘украсці’, мажліва, сюды ж з т. зв. жгонскай мовы ти́рить у́паки ‘валіць валёнкі’. Цвяткоў (Запіскі, 2, 55) параўноўваў зваротны дзеяслоў з польск. terać się бадзяцца, ацірацца’, трактуючы змену першага галоснага пры запазычанні ў якасці працэсу «нахілення або сціскання», як у польск. rozterka ‘ўнутраны непакой, ваганне’; ст.-бел. ростырк, розтырк ‘сварка, разлад’ (1518 г., ГСБМ), аднак няяснымі застаюцца фармальныя і семантычныя адносіны паміж тыраць і тырыць. У рус. тырить, стырить ‘красці, скрасці’ Кіпарскі (Зб. Бернштейну, 418) бачыць «двухбаковае чаргаванне» ў аснове *tur‑ з першасным значэннем ‘схапіць, сцягнуць’, гл. турыць. Узыходзіць да прасл. *tyriti, адносна першаснай семантыкі якога існуюць розныя меркаванні; зыходнае значэнне ‘скрытна знаходзіцца дзе-н.’ (Іваненка, Студіі з ономастики та етимології. 2010, 72), што адпавядае семантыцы зваротнага дзеяслова ў Насовіча, параўн. і стырыць ‘стаяць, прысутнічаць, дзяжурыць’ (гл.), што ўрэшце можа быць звязана з гукапераймальным тыр (гл. тыр-тыр), параўн. рус. тыр да ёр ‘бязладдзе’, ст.-польск. tyr ‘папрок’, серб. тир ‘штуршок’ і інш., гл. тыркаць, тырчаць. Што да паходжання дзеяслова, то, відаць, яно звязана з прасл. *tirati (гл. тыраць), якое выводзіцца з *terti ‘церці’ (Сной₂, 766). Відавочна, на семантыку дзеяслова маглі паўплываць іншамоўныя запазычанні, сярод якіх для ўкр. ти́рити ‘цягнуць, валачы’ прапануецца запазычанне з рум. tîrî ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 572), а для рус. ты́риться ‘лезці, прабірацца’, тырить ‘красці’ — цыг. te terés ‘трымаць, мець, браць’ (Бараннікаў, Язык и литература, Ленинград, 1931, 7, 153; Шапавал, ВЯ, 2007, 5, 113).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зямля́ ​1, ‑і; мн. землі, зямель, Д землям; ж.

1. Трэцяя ад Сонца планета, якая верціцца вакол Сонца і вакол сваёй восі (з вялікай літары). Месяц — спадарожнік Зямлі. // Месца жыцця і дзейнасці чалавека (пры супастаўленні з небам як уяўным светам багоў, ідэй). Летняе неба, здавалася, ніжэй звесілася над зямлёю і ўзіралася ў яе тысячамі бліскучых вачэй. Колас.

2. Суша (у адрозненне ад воднай прасторы). На гарызонце маракі ўбачылі зямлю. □ Песня перамогі На зямлі, на моры — Спадарожнік твой. Колас.

3. Верхні слой кары нашай планеты; глеба, грунт. Зямля пачала прыкметна .. сохнуць. Мележ. // Рыхлае цёмна-бурае рэчыва, якое ўваходзіць у састаў нашай планеты. Перамяшаць торф з зямлёй. □ Твар.. [кабеты] быў запэцканы зямлёй. Кароценькі рваны кажушок на ёй быў таксама ў зямлі. Чорны.

4. Паверхня, плоскасць, на якой мы стаім, па якой рухаемся. [Салдат] ішоў як бы не датыкаючыся зямлі. Самуйлёнак.

5. Тэрыторыя, якая знаходзіцца ў чыім‑н. уладанні, карыстанні; глеба, якая апрацоўваецца і выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых мэтах. Калгасныя землі. Нацыяналізацыя зямлі. Асваенне новых зямель. □ Зямля — талерка: што пакладзеш, тое і возьмеш. Прыказка.

6. Краіна, дзяржава. За мора, за сіні круты небакрай Лятуць мае думкі цяпер: Там дзесьці далёка шчаслівы ёсць край — Святая зямля СССР. Глебка. Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі, Над хвалямі сінеючага Ніла, Ужо колькі тысяч год стаіць магіла: У гаршку насення жменю там знайшлі. Багдановіч.

•••

Інфузорная зямля — горная парода, якая складаецца з рэштак водарасцей.

Культурны слой зямлі гл. слой.

Сіенская зямля — цёмна-жоўтая фарба, якая скарыстоўваецца ў жывапісе; сіена.

Ад зямлі не відаць гл. відаць.

Бачыць (на тры сажні) пад зямлёй гл. бачыць.

Гарыць зямля пад нагамі у каго — пра небяспечнае, пагрозлівае становішча для каго‑н.

Гатоў скрозь зямлю праваліцца гл. гатоў.

Глядзець у зямлю гл. глядзець.

Дастаць (выкапаць) з-пад зямлі гл. дастаць.

Загнаць у зямлю гл. загнаць.

За трыдзевяць зямель гл. трыдзевяць.

З зямлёю (сырою) ажаніцца гл. ажаніцца.

Змяшаць з зямлёй гл. змяшаць.

Зраўняць з зямлёй гл. зраўняць.

Зямлёю пахнуць гл. пахнуць.

Калом яму зямля — ужываецца як праклён подламу, шкоднаму чалавеку.

Легчы ў зямлю гл. легчы.

На край зямлі гл. край.

Не чуць зямлі пад сабой (над нагамі) гл. чуць.

Паміж небам і зямлёй гл. неба.

Парыць зямлю гл. парыць.

Праваліцца мне скрозь зямлю гл. праваліцца.

Пуп зямлі гл. пуп.

Соль зямлі гл. соль.

Сцерці (змесці) з твару зямлі гл. сцерці.

Сядзець на зямлі гл. сядзець.

Траціць зямлю пад нагамі гл. траціць.

Як з (з-пад) зямлі вырасці (з’явіцца) гл. вырасці.

Як (толькі) зямля носіць; каб зямля не насіла каго — пра подлага, шкоднага чалавека.

Як неба ад зямлі гл. неба.

Як неба і зямля гл. неба.

Як скрозь зямлю праваліўся гл. праваліцца.

зямля́ ​2, ‑і, ж.

Даўнейшая назва літары «з».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)