МУНІЦЫПАЛІТЭ́Т (ням. Munizipalität ад лац. municipium самакіравальная абшчына),
1) сукупнасць выбарных органаў мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама ніжэйшая адм.-тэр. адзінка ў некаторых краінах. Тэрмін «М.» вядомы з часоў Стараж. Рыма, дзе так наз. гарады, якія мелі права самакіравання. У сярэднявеччы гэты інстытут атрымаў развіццё ў магдэбургскім праве. Сучасная структура муніцыпальных органаў складаецца з выбарных устаноў (саветаў, сходаў) і выканаўчага апарата, якія ўзначальвае мэр, бургамістр, староста. М. займаецца мясц. пытаннямі, што маюць важнае значэнне для насельніцтва: жыллёвыя і быт. паслугі, мед. абслугоўванне, школьная адукацыя, санітарыя, мясц. служба правааховы грамадскага парадку, пажарная служба, дарогі і г.д. М. правамоцны займацца гасп. дзейнасцю, мець ва ўласнасці жылыя будынкі, кватэры, зямельныя ўчасткі, устанаўліваць мясц. падаткі і зборы за карыстанне рознымі дабротамі і выгодамі, выдаваць ліцэнзіі. М. таксама называецца будынак, дзе размяшчаецца яго выканаўчы апарат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ФТА (ад ням. Muffe),
прыстасаванне для злучэння валоў, цяг, труб, канатаў, кабеляў і інш. цыліндрычных дэталей. Бываюць злучальныя (фітынгі, кабельныя муфты і інш.), якія забяспечваюць трываласць злучэння, герметычнасць, ахову ад карозіі, і М. прыводаў машын і механізмаў, што перадаюць вярчальны рух з аднаго вала на другі (ці на шкіў, зубчастае кола і да т.п.).
М. прыводаў таксама кампенсуюць мантажныя адхіленні, раз’ядноўваюць валы, засцерагаюць машыны ад паломак у аварыйных рэжымах і інш. Перадача моманту ў М ажыццяўляецца з мех. сувяззю паміж дэталямі (глухія, зубчастыя, утулачна-пальцавыя, кулачковыя, шарнірныя М.), за кошт трэння або магн. прыцяжэння (фрыкцыйныя, электраіндукцыйныя М.), сіл інерцыі (гідрамуфты, гл.Гідрадынамічная перадача). М. прыводаў бываюць: пастаянныя злучальныя, кіроўныя, самакіроўныя (аўтаматычныя, якія ўключаюцца і выключаюцца ў залежнасці ад рэжыму работы), М. слізгання.
Муфты для перадачы вярчальнага руху: а — простая муфта; б — адзінарныя шарнірныя, спалучаныя з прамежкавым валам (1 — злучальныя валы, 2 — паўмуфты, 3 — прамежкавы вал).
усходазнавец. Праф. цюркалогіі (1839). Вучыўся ў Віленскім (з 1822) і Пецярбургскім (з 1828) ун-тах. У Пецярбургскім ун-це выкладаў арабскую (1835—39), турэцкую (1853—63) мовы, гісторыю і геаграфію Турцыі (з 1855), у 1859—66 дэкан ф-та ўсх. моў. Аўтар прац «Асманская хрэстаматыя для універсітэцкага выкладання» (1858—59), «Слоўнік выразаў, якія прыйшлі... у нашу мову з усходніх моў...» (1858) і інш. З яго «Даследавання пра паходжанне і стан літоўскіх татар» (1857) пачалося вывучэнне бел. тэкстаў, напісаных арабскім пісьмом, урыўкі з якіх, у т. л.кітабаў, упершыню транслітарыраваў М. У гэтай працы пераклаў з тур. мовы ананімны твор 16 ст. «Рысале...», у якім раілася татарам, якія забылі сваю мову, гаварыць па-беларуску. Адкрыў і выдаў арабскі геагр. рукапіс 9 ст.
Літ.:
Крачковский И.Ю. Очерки по истории русской арабистики. М.; Л., 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮРЫДЫ́ЗМ,
умоўны тэрмін для абазначэння рэліг.-містычнай плыні ў ісламе, пашыранай на Паўд. Каўказе ў 19 ст. У аснове М. прынцыпы, выпрацаваныя ідэолагамі суфізму ў 12—14 ст., якія ўключалі ідэю роўнасці людзей перад богам у замагільным жыцці, культ беднасці, заклікі да самаадрачэння, самаўніжэння. Гал. ў М. была ідэя джыхаду (газавату) — вайны супраць каланіяльнай палітыкі рус. царызму ў 1820—60-я г. і супраць мусульман, якія былі на баку «няверных» або ўхіляліся ад удзелу ў газаваце. Правадыры гэтай барацьбы імамы Газі-Магамед, Гамзатбек і Шаміль ставілі сваёй мэтай стварэнне імамата — ісламскай тэакратычнай дзяржавы, жыццё ў якой строга рэгламентавалася шарыятам, барацьба з «нявернымі» абвяшчалася гал. умовай рэліг. самаўдасканалення. Тым, хто загінуў за справу ісламу, абяцалася выратаванне і вечнае шчасце. Вял. роля ў імамаце належала мюрыдам, найб. адданым паплечнікам імама, выхаваным у нянавісці да «няверных». Ідэі М. нацыяналісты выкарыстоўвалі на Каўказе ў 1918—21 і пазней.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́ЎЖАНЫЯ ЗЫ́ЧНЫЯ, гемінаты,
зычныя, якія вымаўляюцца працяжна ў параўнанні з іх звычайным вымаўленнем у адным і тым жа моўным тэмпе. У бел. мове падаўжэнне ўзнікае ў выніку спалучэння аднолькавых зычных на стыку марфем («з + зываць = ззываць», «ад + даць = аддаць», «камен + ны = каменны», «ран + ні = ранні», падаўжаюцца і цвёрдыя, і мяккія зычныя), а таксама ў выніку асіміляцыі гука «й» папярэднім мяккім зычным «с’», «з’», «ц’», «дз’», «н’», «л’» і цвёрдых «ч», «ж», «ш» (якія раней былі мяккімі) у становішчы паміж галоснымі («кассё», «палоззе», «вецце», «моладдзю», «насенне», «ралля», «сучча», «збожжа», «цішшу»). Артыкуляцыйна і акустычна падаўжэнне выбухных і афрыкат выражаецца ў значным павелічэнні часу змычкі, фрыкатыўных — часу фрыкацыі. П.з. ўвасабляюць 2 фанемы. У адзінкавых словах («ззяць», «сёння») П.з. належаць адной марфеме.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫР (ням. Panzer ад стараж,франц. pancier ад лац. pantex жывот),
засцерагальны даспех стараж. і сярэдневяковага воіна для аховы тулава. Выраблялі пераважна з метал. кольцаў ці пласцін таўшч. 0,5—2 мм разнастайнай формы, якія нашывалі на скураны або тканы кафтан. П. называлі таксама кальчугі, выкананыя кальчужнай пляцёнкай, камбінацыяй кальчужнага палатна са стальнымі пласцінамі. П. вынайдзены ў бронзавым веку асірыйцамі, якія рабілі доўгае да шчыкалатак адзенне з кароткімі рукавамі і нашытымі па ўсёй паверхні бронзавымі лускамі. Такімі -П. карысталіся ў стараж. Егіпце, Грэцыі і сярэдневяковай Еўропе. На Беларусі лускаватыя П. вядомы з часоў Кіеўскай Русі і наз. «бронямі». У 11 ст. паявілася лускаватая «браня». У 14 ст.наз. даспехамі, а з 15 ст. — П. Фрагменты П. знойдзены пры раскопках гарадзішча Хотамель, у Гродзенскім замку, у Мінску, Навагрудку, Гомелі, каля Нясвіжа. З удасканаленнем агнястрэльнай зброі П. паступова страцілі сваё значэнне і ў 18 ст. зніклі зусім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЕРАРО́БНАЯ МАШЫ́НА,
агрэгат для атрымання (адліўкі) паперы і некаторых відаў кардону з папяровай масы. Бываюць плоска- і 2-сетачныя, кругласетачныя, вакуумнага і сухога фармавання, камбінаваныя і інш.
Найб. пашыраныя плоскасетачныя П.м. складаюцца з сетачнай (1 або 2 бясконцыя рухомыя сеткі, на якія паступае папяровая маса), прэсавай (некалькі 2- ці 3-вальных прэсаў, паміж валамі якіх праходзіць папяровае палатно) і сушыльнай частак (з сушыльных вярчальных цыліндраў, якія знутры абаграюцца парай), а таксама каландра (паміж 2—20 валамі яго праходзіць палатно) і накату (змотвае паперу ў рулон). Пры абязводжванні масы на сетках (або паміж імі) адбываецца фармаванне папяровага палатна, якое далей абязводжваецца ў прэсавай і высушваецца ў сушыльнай частках. Рабочая скорасць П.м. да 1500 м/мін, прадукцыйнасць да 8 млн.м²/сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДАГАГІ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
галіна псіхалогіі, якая вывучае заканамернасці развіцця чалавека ў працэсе навучання і выхавання, распрацоўвае псіхал. асновы гэтага працэсу. Як самастойная галіна ведаў пачала складвацца ў сярэдзіне 19 ст., а інтэнсіўна развівацца з 1880-х г. Тэрмін прапанаваў П.Ф.Капцераў у 1874. У структуру П.п. ўваходзяць: псіхалогія выхавання (вывучае змест матывацыйнай сферы асобы дзіцяці, яе накіраванасць, каштоўнасныя арыентацыі, маральныя ўстаноўкі, адрозненні ў самасвядомасці дзяцей, якія выхоўваюцца ў розных умовах і інш.); псіхалогія навучання (даследуе развіццё пазнавальнай дзейнасці асобы ва ўмовах сістэматычнага навучання); псіхалогія настаўніка (вывучае псіхал. аспекты фарміравання прафес.пед. дзейнасці і тыя асаблівасці асобы, якія спрыяюць або перашкаджаюць гэтай дзейнасці). Вынікі псіхолага-пед. даследаванняў выкарыстоўваюцца пры канструяванні зместу і метадаў адукацыі, стварэнні вучэбных дапаможнікаў, распрацоўцы сродкаў дыягностыкі і карэкцыі псіхічнага развіцця асобы. Гл. таксама Псіхалогія.
Літ.:
Стоунс Э. Психопедагогика: Пер. с англ.М., 1984;
Менчинская Н.А. Проблемы учения и умственного развития школьника. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎЗБРАЕ́ННЕ,
аснашчэнне войск новым, больш дасканалым узбраеннем і тэхнікай для падтрымання неабходнага ўзроўню баявой гатоўнасці. П. папярэднічаюць вывучэнне ўласцівасцей і магчымасцей стварэння новых узораў узбраення, ваен. тэхнікі і іх састаўных частак, якія забяспечваюць неабходны ўзровень абарончага патэнцыялу краіны. Плануецца і праводзіцца па праграмах, якія ўключаюць н.-д. і доследна-канструктарскую дзейнасць, вытв-сць і эксплуатацыю ваен. тэхнікі. Пры ажыццяўленні П. ўлічваюцца колькасныя і якасныя ўзроўні забяспечанасці ўзбр. сіл, а таксама тэндэнцыі развіцця сродкаў узбр. барацьбы ў свеце. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь праводзіцца ў рамках дзярж. праграм узбраення на 5 (10) гадоў і на аснове Ваеннай дактрыны, канцэпцый нац. бяспекі, ваен. будаўніцтва (ваен. рэформы), асн. кірункаў развіцця ўзбраення і ваен. тэхнікі, прагнозаў сац.-эканам. развіцця краіны. Пачынаецца з серыйнай вытв-сці ваен. тэхнікі і паступлення яе ў часці і злучэнні. Замена ўстарэлых узораў робіцца без зніжэння баявой гатоўнасці войск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЛАНА́Р»,
дзяржаўны навук.-вытв. канцэрн дакладнага машынабудавання. Засн. ў 1992 на базе КБ дакладнага электроннага машынабудавання (існуе ў Мінску з 1962). Уключае комплекс устаноў і прадпрыемстваў, якія распрацоўваюць і забяспечваюць вытв-сцьспец.тэхнал. абсталявання для мікраэлектронікі і мехатронных сістэм.Асн. прадукцыя (2001): оптыка-мех. абсталяванне для вырабу і кантролю фоташаблонаў, якія выкарыстоўваюцца ў вытв-сці інтэгральных мікрасхем і паўправадніковых прыбораў, шматслойных пячатных плат, а таксама для фарміравання і пераносу відарысаў у фоталітаграфіі, лазернай тэхналогіі раздзялення матэрыялаў; аўтаматы і паўправадніковыя аўтаматы дыскавай рэзкі, зондавага кантролю і мантажу крышталёў; лінейныя шагавыя рухавікі; высокараздзяляльныя аб’ектывы і аптычныя сістэмы; медтэхніка і тавары нар. спажывання. «П.» з’яўляецца лідэрам у распрацоўцы сістэм тэхн. зроку, унікальнай апаратуры для вымярэнняў, даследаванняў і выпрабаванняў з элементамі штучнага інтэлекту. Удзельнічае ў выкананні дзярж. праграм «Лазеры», «Белэлектроніка», «Прылады і сродкі вымярэнняў і тэхнічная дыягностыка», а таксама бел.-рас. праграм.