ПАЙКІЛАТЭ́РМНЫЯ ЖЫВЁЛЫ (ад грэч. poikilos пераменлівы, разнастайны + тэрма),

халаднакроўныя жывёлы, жывёлы з непастаяннай унутр. т-рай цела, аднолькавай з т-рай навакольнага асяроддзя або вышэйшай на 1—2 °C.

Да П.ж. належаць усе беспазваночныя, з пазваночных — кругларотыя, рыбы, земнаводныя, паўзуны. Некат. П.ж. гінуць ці часова страчваюць рухомасць, калі т-ра асяроддзя павышаецца або паніжаецца за межы аптымальнай. Т-ра іх цела можа значна перавышаць т-ру асяроддзя пры павелічэнні рухальнай актыўнасці (напр., у насякомых у час палету, хутка плаваючых рыб) або пад уплывам паглынання сонечнага цяпла (паўзуны і інш.). Тэрмарэгуляцыя П.ж. абумоўлена нізкай агульнай арганізацыяй і ўзроўнем абмену рэчываў, які ў 20—30 разоў ніжэйшы, чым у гамаятэрмных жывёл, адсутнасцю замкнутай сістэмы кровазвароту (беспазваночныя) або недасканаласцю яе рэгуляцыі.

А.​М.​Летрыкаў.

т. 11, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭМІНІСЦЭ́НЦЫЯ ў літаратуры,

свядомае ці міжвольнае ўзнаўленне паэтам маст. вобраза або вобразнай канструкцыі з твора інш. аўтара, уключэнне іх як своеасаблівага ідэйна-маст. кампанента ў свой твор. Напр., выразна адчуваецца арыентацыя на вядомы вобраз, упершыню ўжыты Ф.​Скарынай (прадмова да кн. «Юдзіф»), у вершы Р.​Барадуліна «Аплакалі вырай совы»:

Па граю першыя
Тужаць
Праталіны белабрысыя,
Ведаюць гнёзды птушкі.
I рыбы чуюць віры свае

Вядомы таксама выпадкі аўтарэмінісцэнцыі:

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе 1 часам спамяні пра
Яську свайго,
Што загінуў за праўду для дабра твайго.
А калі слова пяройдзе ў дзела,
Тады за праўду станавіся смела,
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Дажджэш, народзе, старасці свабодна.
(К.​Каліноўскі.«Пісьмо з-пад шыбеніцы»).

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пупо́к 1 ’пупок; страўнік у птушкі’ (ЛА, 1), польск. pępek ’страўнік курыцы або гусі, ці наогул птушыны’. Памянш. ад пуп (*pǫpъkъ), параўн. іншыя назвы птушынага страўніка: пуп, пу́пэ́ц, пупо́віна (гл. Жыв. св., 127).

Пупо́к 2 ’маленькі агурок, ад якога адпала кветка’ (Жд. 2). Гл. пупалка.

Пупо́к 3 ’малако ў рыбы’ (Янк. 3.), рус. пск. пупо́к ’ікра, часам рыбныя малокі’. Да пуп (гл.), параўн. пуп ’мяшочак з ікрой у рыбы’ (полац., Нар. словатв.), ’малако ў самцоў рыбы’ (бяроз., Жыв. НС).

Пупо́к 4 ’ручка ў касе’ (мін., чэрв., в.-дзв., Шатал.; круп., Нар. сл.; дзярж., З нар. сл.; Жд. 3; Шат.; Бяльк.; карм., Мат. Гом.; Варл.), укр. пупе́ць ’тс’, рус. бранск., смал. пупо́к ’тс’. Ад пуп ’выступ’ з актуалізацыяй значэння ’дзяржанне, ручка’, гл. пуп 3, параўн. рус. дыял. пуп ’ручка ў дзвярах’ і ’ручка ў касе’; відаць, другасна збліжанае з пуп (на целе), параўн.: pupok u kasie musia być na vyšyni kascovaha pupa (Варл.) і лу́чак мераюць да клуба (Цых.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плаво́к 1 ’плывец’ (докш., Янк. Мат.; добр., Мат. Гом.). Да пла́ваць (гл.); суф. ‑ок, яку хадок, яздок, ядок і інш.

Плаво́к 2 ’паплавок’ (ТСБМ, ТС), рус. плаво́к ’тс’, арханг. ’буй’, ’драўляная рассошка на шыі каня з меткай гаспадара’. Да пла́ваць (гл.). Бел.-рус. ізалекса. Параўн. таксама паплавок (гл.). Сюды ж плавок ’пухір у рыбы’ (кобр., ЛА, 1) — у выніку пераносу значэння паводле падабенства: існуе меркаванне, што рыбы плаваюць (а не тонуць) дзякуючы пухіру.

Плавок 3 ’частка плуга, якою плуг сунецца па зямлі’ (Тарн.). Да пла́ваць (гл.) у пераносным значэнні: пры ворыве плуг то вынырае, то патанае ў зямлі, як лодка (ці карабель).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рагатка 1 ’перашкода ў выглядзе накрыж збітых калоў’, ’драўляная развіліна з гумкай’, ’палка з развілінай для падтрымання якіх-небудзь прадметаў; рагаціна’ (ТСБМ, в.-дзв., Сл. ПЗБ), рога́тка ’прылада для вымярэння даўжыні’, ’рагаціна, з якой хадзілі на мядзведзя’ (ТС). Ад рог 1 (гл.). Перанос назвы адбыўся паводле падабенства прадмета да рагоў жывёлы.

Рага́тка 2 ’прылада для лоўлі рыбы’ (гарад., Сл. ПЗБ). Ад рог 1 (гл.), метафарычны перанос назвы па форме прылады.

Рага́тка 3 ’рыба колюшка, Gasterosteus aculeatus’ (гарад., Сл. ПЗБ), рага́ткі ’дробная рыба’ (Сцяшк. Сл.), рус. рога́тка ’колюшка’. Назва матываваў наяўнасцю вострых і моцных калючак на хрыбце рыбы. Ад рог 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сібе́ль ‘сялява’ (асіп., Сл. ПЗБ), ‘назва рыбы’ (Ян.), сібель ‘верхаводка, Alburnus alburnus L.’ (Жук., Жыв. св.), укр. се́бе́ль, си́би́ль ‘тс’, рус. се́бе́ль, си́би́ль ‘тс’. Выводзіцца з *вьсебѣль, што да весь ‘цалкам’ (гл.) і белы; апошняе пацвярджаецца як навуковай назвай з лац. alburnus < albus ‘белы’, так і шматлікімі народнымі назвамі: укр. біли́ця, рус. бело́вка, польск. biela, чэш. bělice, славац. belička, славен. belíca і інш., а таксама нова-в.-ням. Weißfisch, грэч. όλόλευκοσ τάριχος (літаральна ‘цалкам белая рыба’), гл. Фасмер, 3, 587; Каламіец, Рыбы, 25; ЕСУМ, 5, 201. Выказанае меркаванне пра балтыйскае паходжанне назвы (Лекс. балтызмы, 11, 12) непрымальнае па фармальных прычынах (Анікін, Опыт, 274).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Му́тнік ’пучок саломы, які прывязваецца да ніжняй падборы невада ці брадніка’ (паўн.-усх., КЭС), ’невад для лоўлі рыбы на вялікіх глыбінях’ (Паазер’е, Браім). Да мут (гл.): салома ці анучкі муцілі ваду, і каламута адганяла рыбу на шлях руху невада.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нага́й ’заезд (пры лоўлі рыбы невадам)’: у два нагая ловілі (ТС). Няясна, магчыма, звязана з назвай цюркскага племені поуаі ў Крыме; можна выказаць здагадку, што гэта перанос нейкага вайсковага тэрміна (атака коннікаў асобнымі падраздзяленнямі, эскадронамі?) на спосаб рыбнай лоўлі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЯНДЛЯ́РНЯ,

устаноўка (печ, шафа, апарат, камера) для вэнджання мясных прадуктаў, сала, рыбы, сыру і інш. ўздзеяннем дыму, цяпла, вяндлярных вадкасцей. Прамысл. вяндлярні бываюць перыядычнага (камерныя, пралётныя) і неперарыўнага (тунэльныя, вежавыя, шахтавыя) дзеяння.

Дым атрымліваецца ў топцы печы або ў спец. дымагенератары (часцей размешчаны па-за печчу) пры няпоўным згаранні драўніны ці пілавіння пераважна лісцевых парод. Перад паступленнем у зону вэнджання дым праходзіць праз фільтры для ачысткі ад канцэрагенных рэчываў. Для цеплавой апрацоўкі выкарыстоўваюць дым у сумесі з паветрам або толькі паветра, якія награюцца ў каларыферах і перамяшчаюцца вентылятарамі. Выкарыстоўваюць і інфрачырвоныя прамяні. Вяндлярныя вадкасці (іх наносяць на прадукты, дадаюць у фарш або ў сумесь для салення) атрымліваюць у асн. дыстыляцыяй, перагонкай і адсорбцыяй з воднага канцэнтрату дыму. Эфектыўныя і эканамічныя эл. вяндлярні, напр. вертыкальнага тыпу з сістэмай шахтаў, канвеерам і эл. прыстасаваннямі. У іх падсушка і прапяканне (рыбы) робяцца інфрачырвоным выпрамяненнем, само вэнджанне — дымам ад дымагенератара (часцінкі дыму іанізуюцца ў эл. полі і асаджваюцца на паверхні прадукту).

На Беларусі здаўна былі пашыраны вежавыя пераважна двух’ярусныя вяндлярні. На іх 1-м ярусе распальвалі агонь, на 2-м на жэрдках падвешвалі прадукты. Палілі сырую яблыню, галлё ядлоўцу, граба, дуба, тырсу і інш. У апошні час будуюць цагляныя або каменныя кампактныя вяндлярні, выкарыстоўваюць міні-вяндлярні, заводскія і самаробныя, падручныя прыстасаванні (бочкі, бітоны, каністры, вёдры без дна, трубы, скрыні і г.д., апрача пакрытых лакам, палімернымі смоламі і зробленых з ДСП).

К.​В.​Фамічэнка.

Вяндлярня (прамысловая печ): 1 — рама; 2 — вентылятары; 3 — каларыферы; I — зона падсушкі; II — зона абсмажвання; III — зона варкі.
Вяндлярні для невялікіх прадпрыемстваў: а — універсальная камера на 900 л; б — камера (6) з дымагенератарам (1), якія працуюць у замкнёным цыкле без забруджвання асяроддзя (2, 3 — дросельныя засаўкі, 4 — засаўка для рэгулявання выкіду дыму ў атмасферу, 5 — засаўка падачы свежага паветра).

т. 4, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДЫЯ́К, пояс задыяка (грэч. zodiakos ад zōon жывёла),

сукупнасць сузор’яў, размешчаных уздоўж бачнага гадавога шляху Сонца (экліптыкі). Складаецца з 13 сузор’яў, але старажытныя астраномы падзялілі яго на 12 роўных частак (аб’ядноўвалі сузор’і Скарпіён і Змеяносец у адзінае пад агульнай назвай Скарпіён): Рыбы, Авен, Цялец, Блізняты, Рак, Леў, Дзева, Шалі, Скарпіён, Стралец, Казярог, Вадаліў.

Большасць гэтых сузор’яў мае назву жывёл, таму ў старажытнасці іх называлі «З.» («круг жывёл»), а сузор’і — задыякальнымі. Кожнае з іх абазначаецца адпаведным знакам (гл. Знакі астранамічныя і астралагічныя). У задыякальным сузор’і Сонца знаходзіцца прыблізна адзін месяц. Вясною, напр., яно паслядоўна праходзіць па сузор’ях Рыб, Авена, Цяльца. Гэтыя сузор’і не відаць ноччу, бо знаходзяцца разам з Сонцам пад гарызонтам. Процілеглыя сузор’і Дзевы, Шаляў, Скарпіёна відаць усю ноч. Рух Сонца па З. — з’ява ўяўная, гэта вынік сапраўднага і процілегла накіраванага руху Зямлі вакол Сонца. Існуе адпаведнасць знакаў З. каляндарным датам, у якія Сонца праходзіла межы сузор’яў у старажытнасці (каля 2 тыс. гадоў назад). У выніку прэцэсіі зямной восі гэтыя даты змяніліся (гл. табл.). Рух планет і іх размяшчэнне ў сузор’ях З. выкарыстоўваюць астролагі для складання гараскопаў, пры гэтым яны карыстаюцца стараж. датамі праходжання Сонцам сузор’яў З.

Літ.:

Бялко А.В. Наша планета — Земля. М., 1983.

Н.​А.​Ушакова.

Табліца. Старажытныя і сучасныя даты знаходжання Сонца ў сузор’ях Задыяка
Сузор’е Старажытныя даты Сучасныя даты
Авен 21.3—19.4 22.4—21.5
Цялец 20.4—20.5 22.5—21.6
Блізняты 21.5—21.6 22.6—22.7
Рак 22.6—22.7 23.7—23.8
Леў 23.7—22.8 24.8—23.9
Дзева 23.8—22.9 24.9—24.10
Шалі 23.9—22.10 25.10—23.11
Скарпіён 23.10—21.11 24.11—23.12
Стралец 22.11—21.12 24.12—22.1
Казярог 22.12—19.1 23.1—20.2
Вадаліў 20.1—18.2 21.2—18.3
Рыбы 19.2—20.3 19.3—21.4
Да арт. Задыяк. Бачны гадавы рух Сонца па задыяку і сапраўдны рух Зямлі вакол Сонца.

т. 6, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)