акно́, ‑а; мн. вокны, акон, вокнам; н.

1. Праём у сцяне будыніны для святла і паветра. Дом на пяць акон. // Зашклёная рама. Уставіць акно. Разбіць акно. // Падаконнік. Палажыць на акно. Сядзець на акне. // Растуліна ў якім‑н. апараце, машыне. Скідальнае акно ў жняярцы. // перан. Выхад, доступ да чаго‑н. Рэвалюцыя адкрыла нашым людзям акно ў шырокі свет. «Полымя».

2. Рэшткі вадаёма ў балоце, дрыгве; апарына. Дзе-нідзе свінцовымі вокнамі зманліва блішчалі праёмы вады. Ракітны.

3. Разм. Вольны прамежак часу ў раскладзе заняткаў педагога.

•••

Венецыянскае акно — вялікае акно, якое складаецца з трох частак (звычайнага акна і двух паўакон па баках).

Глухое акно — акно, зробленае для формы, а не для карыстання.

Італьянскае акно — акно з трох ці чатырох створак.

Чортава акно — глыбокая ўпадзіна з вадою сярод балота.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аве́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Свойская жвачная жывёліна, якая дае воўну, мяса, малако; самка барана. Па вуліцы каровы затухкалі, забляялі авечкі, ляснуў пугаю пастух. Колас. // перан. Лаянк. Пра някемлівага дурнаватага чалавека. — А як у нас слаўна было. Добра жылі. Мірна, па-людску... Дык прывалаклася ж сюды гэтая... паршывая авечка!.. Ракітны.

•••

Каракулевая авечка — каштоўная парода авечак, шкуркі ягнят якой ідуць на выраб каракулю і каракульчы.

Блудная (аблудная) авечка — пра чалавека, які адарваўся, адбіўся ад свайго асяроддзя, грамадства, сям’і і інш., які збіўся з правільная жыццёвага шляху. [Раіса:] — Ну што я магу зрабіць, калі я такая блудная авечка? Лобан.

Божая авечка — пра набожнага, богабаязнага чалавека. [Сіман:] Значыць, латынянка? адступніца?.. Хаця ў чым ты, божая авечка, тут павінна. Клімковіч.

Прыкідвацца авечкай гл. прыкідвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. мок, мокла; незак.

1. Станавіцца мокрым, вільготным; намакаць. Каля панурага старажытнага будынка караля мок пад дажджом маршчыністы стары.., зазываючы паесці гарачых сасісак. Мележ. З бярозы цурком палілася вада, мокла вопратка. Пташнікаў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Псавацца ад празмернай вільгаці. Дошкі Грачоў прывёз для новых сенцаў, і частку іх склаў у двары, пад сцяной хлеўчука. Частку, каб не моклі, перацягаў на гарышча. Ракітны.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ляжаць у вадзе або іншай вадкасці для набыцця новых якасцей. У цэбры ля студні мокла лаза. Пестрак. Ну, што, здаецца, кусок дрэва, Той чорны дуб, што ў рэчцы мок, А вось жа выйшаў кад[а]ўбок, Майстэрства дзіва. Колас.

•••

Мокнуць у гарэлцы — многа і часта піць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́дры, ‑ая, ‑ае.

1. Надзелены вялікім розумам; вельмі разумны, празорлівы, з добрым веданнем жыцця. Мудры правадыр. □ І школе роднай пакланюся я За ўсё, чым для мяне яна была, За ўсё, што на жыццё з сабой дала, За ўсё, што, праслаўляючы свой век, Мне даў настаўнік — мудры чалавек. Кірэенка. // У якім выражаецца мудрасць; разумны. Мудрыя запавет. Мудрае правіла. Мудрая парада. □ Бясконцыя балоты вучылі .. [палешукоў-сялян] мудраму разважанню, мора лясоў выхоўвала ў іх засцярогу. Колас.

2. Заснаваны на глыбокім разуменні, вопыце, веданні чаго‑н. Спрактыкаваны слых гаспадыні, яе нейкае мудрае старэчае чуццё ўжо штосьці ўлавілі. Ракітны.

3. Разм. Складаны; мудрагелісты (у 1 знач.). Гарасім зноў расказвае пра тое, як цяжка зразумець жыццё. Мудрае яно стала. Скрыган. [Хведар] вучыў студэнтаў нейкай мудрай навуцы, назву якой бацьку ніяк не ўдавалася запомніць. Палтаран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ні́зка 1, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

1. Нанізаныя на нітку, дрот і пад. якія‑н. аднародныя прадметы (грыбы, пацеркі і пад.). Нізка жэмчугу. □ Падымаецца ў паветра з раённага аэрадрома вясковы народ. Жанчыны вязуць звязаных курэй, кошыкі яек, нізкі грыбоў. Ракітны.

2. Цыкл мастацкіх твораў аднаго жанра. Нізка вершаў. □ Нізка Ул. Дубоўкі «Крыху восені і жменька кляновых лістоў» друкавалася ва «Узвышшы». Лойка.

ні́зка 2,

1. Прысл. да нізкі (у 1, 2, 4 і 7 знач.). // Блізка да каранёў чаго‑н. (стрыгчы, жаць, зразаць). Гэта быў ужо чалавек з сівымі, нізка, пад машынку стрыжанымі валасамі. Чорны.

2. у знач. вык. На невялікай адлегласці ўверх ад зямлі, якога‑н. узроўню. Дупло зусім нізка і ў ім поўна мёду. Якімовіч.

3. у знач. вык. Подла, ганебна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пад’е́зд, ‑у і ‑а, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пад’язджаць — пад’ехаць.

2. ‑а. Месца, шлях, па якім пад’язджаюць куды‑н. Гарышны паклаў свой багаж на лавачку, паглядзеў на пад’езд да ракі, на гадзіннік і апусціўся на лавачку і сам. Ракітны. Ціток абышоў усю.., круговіну лесу, агледзеў, як дбалы гаспадар, усе пад’езды і выезды. Лобан.

3. ‑а. Уваход (звычайна крыты) у будынак. Каля цэнтральнага пад’езда Дома ўрада стаялі грузавыя машыны. Якімовіч. Людзі кідаліся ў двары, у парадныя пад’езды. Лынькоў. Герояў Сацыялістычнай Працы яшчэ не так многа, і калі ўжо ў вашым доме жыве герой, дык яго, як і чэмпіёна свету, ведаюць усе: і ў якім пад’ездзе ён жыве, і па якім паверсе, і якая нават кватэра... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мясі́ць, мяшу, месіш, месіць; незак., каго-што.

1. Мяць, размінаць якую‑н. густую масу, перамешваючы яе з вадою, вадкасцю. Мясіць цеста. □ Ахметка з Гошкам цэлымі днямі прападалі на будоўлі: дапамагалі рабочым мясіць гліну, надавалі печнікам цэглу. Даніленка.

2. перан. Разм. Хадзіць, ездзіць па чым‑н. гразкім, топкім, сыпкім і пад. Сыпаў дробны дождж, ногі мясілі калатушу з снегу і гразі. Арабей. Дождж ніяк не можа суняцца. Месім і месім мокрую зямлю. С. Александровіч. Старэнькі параходзік з зухаватай назвай «Чаркес» мясіў ваду пліцамі на самай сярэдзіне ракі. Ракітны.

3. перан. Разм. Біць, дубасіць. Тахкае сэрца, і ад гэтага як хто чым тупым месіць па галаве, — аж іскры ўваччу. Пташнікаў. Нядужы, перапалоханы, Лёнік, зачапіўшыся за купіну, упаў, і яго, дабегшы, без жалю мясіў нагамі камендантаў сын. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прайсці́ся, прайдуся, пройдзешся, пройдзецца; пр. прайшоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. прайдзіся; зак.

1. Зрабіць некалькі крокаў; прагуляцца. [Рэдактар] устаў з-за стала, прайшоўся па кабінеце, потым сеў на крэсла насупроць Зараніка. Хадкевіч. // Пратанцаваць. Надышла чарга і да Ганкі: яе прымусілі танцаваць «Лявоніху», і, саромеючыся, яна прайшлася ў танцы па хаце. М. Стральцоў. / у вобразным ужыв. Вецер прайшоўся па соснах — Па клавішах залатых. Іверс.

2. Падвергнуць якой‑н. апрацоўцы, якому‑н. уздзеянню паверхню чаго‑н. Учора зранку нават так было: задумаўся [Антон] і не заўважыў, як фуганкам залішне прайшоўся. Пальчэўскі.

3. Разм. Хутка правесці рукой па чым‑н. Каля клуба, відаць, на ганку, нехта прайшоўся па нізкіх ладах баяна. Ракітны. Падаючы .. [паштальёну] хлеб, яна адарыла яго такой усмешкай, што ён палічыў патрэбным яшчэ раз прайсціся па сваіх вусах. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыці́шыць, ‑цішу, ‑цішыш, ‑цішыць; зак.

1. што. Зрабіць менш чутным; паслабіць, прыглушыць (гукі, гучанне і пад.). Прыцішыць радыёпрыёмнік. □ — Толькі, хлопцы, маўчок! — прыцішыў .. [Тарас Іванавіч] голас. — На вас данёс наш гад, валасны старшыня Язэп Брыль! Колас. // Прыпыніць работу (матора); прыглушыць. Машыніст прыцішыў матор, нахіліўся і спытаў: — Што? Ага.. — А ці можна там, — Варанецкі паказаў назад, — кусты зразаць? Дуброўскі.

2. што. Зменшыць хуткасць чаго‑н.; запаволіць (рух, хаду і пад.). Каля валаснога праўлення аўтамабіль прыцішыў ход і завярнуў у двор. Лобан. [Ваўчок] прыцішыў хаду, услухоўваючыся ў словы спадарожніка, якія краналі за жывое. Хадкевіч.

3. перан.; што. Разм. Паслабіць, суцішыць (якое‑н. пачуццё, адчуванне). Прыцішыць гнеў. Прыцішыць боль лякарствамі.

4. каго-што. Разм. Заспакоіць, суняць. [Авяр’ян] не раз задумваўся, што б такое зрабіць, каб .. [Грышуноў] суняць, прыцішыць. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. развярнуць (у 4 знач.) і развярнуцца (у 2 знач.).

2. Паварот з мэтай змяніць напрамак руху. Падляцеўшы да рачулкі, .. [самалёт] крыху знізіўся і зрабіў разварот. Даніленка. Нечакана перад самым ровам танк зрабіў разварот на дзевяноста градусаў. М. Ткачоў. // Выгіб, паварот, які ўтвараецца чым‑н. (дарогай, вуліцай і пад.). Трамвайныя лініі рабілі разварот і перасякалі асфальт вуліцы ў двух месцах. Пташнікаў.

3. Дзве сумежныя старонкі разгорнутай кнігі, часопіса, сшытка і пад. Разварот газеты. □ Гэта была карта — карта на ўвесь разварот часопіса. Ракітны.

4. Разм. Шырыня, размах у развіцці, у праяўленні чаго‑н. Разварот падзей. // Магчымасць разгарнуцца, праявіць сябе, паказаць сябе. [Баравы:] — Вось і мая такая думка: трэба не даваць .. [варажбітцы] тут ніякага развароту. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)