караванны шлях з Кітая ў краіны Сярэдняй і Пярэдняй Азіі ў 2 ст. да н.э. — 15 ст.н.э. Адкрыты ў час падарожжа Чжан Цяня. Ішоў з Сіяня праз Ланьчжоў у Дуньхуан, дзе раздвойваўся: паўн. дарога ішла ў Ферганскую даліну, паўд. перасякала горныя хрыбты Паміра, вяла ў Індыю і на Б. Усход. Гал. таварам быў кіт. шоўк, асн. гандлярамі — сярэднеазіяцкія купцы-пасрэднікі. Актыўна выкарыстоўваўся для дыпламат. сувязей, асабліва на мяжы 1—2 ст., калі ў Кітай і з Кітая штогод адпраўляліся пасольствы, якія суправаджаліся гандл. караванамі. У 3—6 ст. выкарыстоўваўся як «дарога пілігрымаў», па якой будыйскія манахі ішлі з Кітая ў Індыю і назад. У 10 ст. па шляху ўстанавіліся сувязі Кітая з Візантыяй, арабамі. У 13—14 ст. злучыў аддаленыя раёны Манг. імперыі. Заняпаў з развіццём марскіх зносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНІБА́Л (Hannibal; 247 ці 246 да н.э., Карфаген — пач. 183 да н.э.),
карфагенскі палкаводзец і дзярж. дзеяч. Сын Гамількара Баркі. Удзельнічаў у ваен. кампаніях бацькі, у заваяванні карфагенянамі іберыйскіх плямён. З 225 камандаваў карфагенскай конніцай у Іспаніі, у 221 галоўнакаманд. карфагенскай арміяй. У 219 Ганібал напаў на саюзны рымлянам г. Сагунт, чым справакаваў 2-ю Пунічную вайну (218—201). У 218 перайшоў Альпы, атрымаў шэраг перамог у бітвах пры рэках Тыцына, Трэбія (218), каля Тразіменскага возера (217), пры Канах (216). У 202 у бітве пры г. Зама (Паўн. Афрыка) войска Ганібала разгромлена рымлянамі. У 201—195 правіў Карфагенам. Вымушаны пакінуць радзіму (западозраны рымлянамі ў падрыхтоўцы новай вайны), з 195 быў ваен. саветнікам асірыйскага цара Антыёха III. Каб не трапіць у рукі да рымлян, прыняў яд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́ЧНЫ О́РДЭР,
адзін з трох асноўных грэч.арх.ордэраў. Нясучыя часткі — ствол калоны (аздоблены канелюрамі) з капітэллю. У ніжняй частцы (1/3 агульнай вышыні) ствол мае невял. выпукласць — энтазіс. Капітэль складаецца з шыйкі, што злучае капітэль са ствалом калоны, эхіна (паўвала) і верхняй квадратнай у плане пліты — абака. Над абакам — бэлька (архітраў), завершаная палічкай, над архітравам — фрыз, расчлянёны трыгліфамі на роўныя часткі (метопы), упрыгожаныя размалёўкай або скульптурай. Верхняя частка складалася з прамавугольных пліт — мутул («сухарыкі», дэнтыкулы), высунутай пліты слязніцы і ўвянчальнай часткі — сімы.
Як мастацка выразная форма Д.о. склаўся ў Стараж. Грэцыі і дарыйскіх абласцях пры буд-ве храмаў і інш. грамадскіх збудаванняў з каменю (600—590 да н.э.). Класічныя ўзоры Д.о. захаваліся ў Парфеноне, на Прапілеях, на Акропалі ў Афінах.
Да арт.Дарычны ордэр. Храм Парфенон у Афінах. 447—438 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА,
усходняя галіна ранняй грэч. філасофіі. Сфарміравалася ў 6—4 ст. да н.э. ў іанійскіх калоніях Грэцыі. Гал. прадстаўнікі Фалес, Анаксімандр, Анаксімен (Мілецкая школа), Дыяген Апаланійскі, Геракліт. Для І.ш. характэрны эмпірызм, сенсуалізм, стыхійная дыялектыка. Прадстаўнікі школы імкнуліся знайсці першапачатак усяго існага, вытлумачыць аб’ектыўна-лагічную заканамернасць усякага працэсу. Лічылі, што ўсе рэчы паходзяць з нейкага адзінага матэрыяльнага першапачатку (вады, паветра, агню). Філас. даследаванні яны цесна звязвалі з патрабаваннямі практычнай дзейнасці, з’яўляліся стваральнікамі першых простых навук. прыбораў. І.ш. звычайна супрацьпастаўляюць італійскай школе — зах. галіне стараж.-грэч. філасофіі, якая сфарміравалася ў 2-й пал. 6—5 ст. да н.э. ў грэч. калоніях Паўд. Італіі, Сіцыліі і прадстаўлена піфагарэізмам і элейскай школай.
Літ.:
Богомолов А.С. Античная философия. М., 1985;
Фрагменты ранних греческих философов. Ч. 1. М., 1989;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1954 у г. Лепель Віцебскай вобл.Пл. экспазіцыі 237 м², больш за 14,2 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). У 6 залах экспазіцыі адлюстравана гісторыя Лепельшчыны. Сярод экспанатаў прылады працы, упрыгожанні 8 ст. да н.э. — 12 ст.н.э. з раскопак стараж. паселішчаў на тэр. раёна; дакументы і матэрыялы пра рэв. рух 19 — пач. 20 ст., грамадз. вайну, індустрыялізацыю і калектывізацыю, рэпрэсіі сав. часу і інш. Значнае месца займае экспазіцыя, прысвечаная Вял.Айч. вайне (абарончыя баі, Лепельскі контрудар 1941, дзейнасць падполля і партыз. руху, вызваленчыя баі, у т. л. асабістыя рэчы і баявая зброя Герояў Сав. Саюза Ф.Ф.Дуброўскага, У.Е.Лабанка). Дэманструюцца прылады працы і рэчы побыту 19—20 ст., ганчарныя вырабы, нац. адзенне лепельскага строю, нар.муз. інструменты. У раздзеле прыроды — чучалы жывёл і птушак Бярэзінскага запаведніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНА́НДР (Menandros; каля 342 да н.э., Афіны — каля 291 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт. Прадстаўнік т.зв. новай атычнай, ці сямейна-быт., камедыі. Напісаў больш за 100 твораў. Некаторыя з іх былі вядомы праз рымскіх пераймальнікаў Плаўта і Тэрэнцыя. Арыгіналы выяўлены і апублікаваны ў 20 ст.: поўны тэкст камедыі «Сугней», амаль цалкам «Саміянка», 1-я пал. камедыі «Шчыт», вял. эпізоды з камедый «Трацейскі суд», «Адрэзаная каса», фрагменты з «Сікіёнца» і «Ненавіснага». Узбагаціў традыц. камедыйныя тыпы новымі, індывід. рысамі. З гуманіст. пазіцый у духу этыкі філосафа Эпікура разглядаў маральныя праблемы, пытанні быту, сям’і, чалавечых адносін. Адметныя дасціпным сюжэтам, тонкім гумарам, вытанчаным стылем, яго камедыі паўплывалі на творчасць П.Кальдэрона дэ ла Баркі, Лопэ дэ Вэгі, У.Шэкспіра, Мальера, К.Гальдоні, А.Астроўскага.
Тв.:
Рус.пер. — Комедии. Фрагменты. М., 1982.
Літ.:
Ярхо В.Н. У истоков европейской комедии. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НДАР (Pindaros; каля 518 да н.э., Кінаскефалы, каля г. Фівы, Грэцыя — каля 442 ці 438 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт; буйнейшы прадстаўнік харавой мелікі (лірыкі). Праславіўся эпінікіямі — гімнамі (па памерах — лірычныя паэмы) у гонар пераможцаў агульнаэлінскіх спарт. гульняў. З 17 кніг яго твораў захаваліся 4, якія ўключаюць 45 эпінікіяў. У іх роздум пра магутнасць багоў, міфічных герояў, продкаў пераможцаў, заклік да ўсебаковага развіцця закладзеных у чалавеку магчымасцей. Эпінікіі П. адметныя надзвычай складанымі сінтаксісам, метафорыкай, непрадказальнай асацыятыўнасцю. Яго стыль паўплываў на фарміраванне т.зв. піндарычнай оды ў еўрап. л-ры, а таксама філас. і духоўнага гімна ў вольных рытмах.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Античная лирика. М., 1968;
У кн.: Пиндар. Вакхилид: Оды. Фрагменты. М., 1980.
Літ.:
Гринбаум Н.С. Язык древнегреческой хоровой лирики: (Пиндар). Кишинев, 1973;
Синило Г.В. Гёльдерлин и Пиндар // Весн. БДУ. Сер. 4. 1990. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́СА (Panicum),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 500 відаў. Пашыраны ў тропіках, субтропіках, некат. — ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. Вырошчваюць пераважна П. звычайнае, або пасяўное, сапраўднае, мяцёлчатае (P. miliaceum). У Еўразіі і Паўн. Афрыцы вядома ў культуры за 3 тыс. гадоў да н.э. На Беларусі рэшткі насення знойдзены пры раскопках гарадзішчаў 5 ст. да н.э.
П. звычайнае — аднагадовая травяністая расліна з валасніковістымі каранямі выш. 70—100 см. Лісце лінейна-ланцэтнае, апушанае. Суквецце — раскідзістая, радзей сціснутая мяцёлка. Плод — зярняўка. Зерне выкарыстоўваецца як крупы (проса), разам з адходамі яго перапрацоўкі ідзе на корм жывёле і птушкам. Прасяная салома па якасці блізкая да сена. Пад назвай «П.» культывуюць расліны інш. родаў сям. метлюжковых, напр., магар, чуміза, брыца звычайная (курынае П., японскае П.), мяшэй італьянскі (італьянскае П.). Харч., кармавая расліна.
Проса звычайнае: 1 — агульны выгляд; 2 — мяцёлкі падвідаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА, Рэ,
у старажытнаегіпецкай міфалогіі і рэлігіі бог сонца. Яго ўяўлялі сокалам, на галаве якога сімвал бажаства — сонечны дыск. Паводле пашыранага міфа Р. ўдзень плыве па нябесным Ніле на барцы Манджэт і асвятляе зямлю, увечары перасаджваецца ў барку Месектэт і сплывае ўніз, у царства нябожчыкаў, дзе плыве па падземным Ніле, а раніцай зноў з’яўляецца на гарызонце. Культ Р. ўзнік, верагодна, ў пач. 3-га тыс. да н.э., у сярэдзіне 3-га тыс. яго пачалі шанаваць як цара і бацьку багоў, творцу сусвету і людзей. Егіп. фараоны прымалі тытул «сын Ра». Пазней Р. атаясамлівалі з Амонам (Амон-Ра), Горам (Ра-Гарахуці) і інш. багамі, над выявамі якіх пачалі змяшчаць сонечны дыск.
Цэнтрам культу Р. быў г. Он (грэч. Геліопаль).
Ра ў вобразе сокала, які нясе сонечны дыск. Малюнак з «Кнігі мёртвых» Анхаі. Каля 1100 да н.э.