ВАЛАДО́СЬ (Аркадзь Лявонавіч) (н. 1.3.1943, в. Какошчыцы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
французскі спявак (барытон). Вучыўся ў Беларускай кансерваторыі (1965—69), скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1970). З 1969 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. З 1980 у Парыжы. Выступае на вял. оперных сцэнах свету (Масква, Мілан, Парыж, Берлін, Лейпцыг, Дрэздэн, Стакгольм, Вашынгтон, акадэмія «Санта-Чэчылія»). Сярод партый: Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Анегін, Ялецкі і Томскі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Напалеон («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Набука, Рыгалета, Радрыга, Аманасра («Набука», «Рыгалета», «Дон Карлас», «Аіда» Дж.Вердзі). На бел. сцэне выканаў партыі Гразнога і Анегіна (1994) у спектаклях Дзярж.т-ра оперы і балета, выступаў у канцэртах Бел. філармоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЙНЯРО́ВІЧ (Іосіф Навумавіч) (н. 28.11.1909, Мінск),
бел. кінааператар і рэжысёр. Нар.арт. Беларусі (1973). Скончыў Дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1934). З 1926 аператар кінахронікі, у 1946—90 рэжысёр-аператар кінастудыі «Беларусьфільм». У Вял.Айч. вайну здымаў франтавую і партыз. хроніку (Дзярж. прэмія СССР 1943), якая ўвайшла ў фільмы «Наша Масква» (1941), «Дзень вайны» (1942), «Народныя мсціўцы» (1943), «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944), выкарыстана ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). Рэж.-аператар фільмаў: «Балада пра маці» (1965), «Генерал Пушча» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі 1968), «Права на бессмяротнасць» (1976), «На трывожных скрыжаваннях» (1980); рэжысёр фільмаў: «Пра маці можна расказваць бясконца», «Магілёў. Дні і ночы мужнасці» (абодва 1975), «Неўміручы подзвіг Мінска» (1978), «Добрага вам здароўя» (1981) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЛІХАЎ (Яўген Паўлавіч) (н. 2.2.1935, Масква),
расійскі фізік-тэарэтык. Акад.АНСССР (1974, чл.-кар. з 1968). Герой Сац. Працы (1985). Скончыў Маскоўскі ун-т (1958). З 1958 у Ін-це атамнай энергіі імя І.В.Курчатава, з 1988 дырэктар. У 1977—90 віцэ-прэзідэнт АНСССР, з 1991 віцэ-прэзідэнт Рас.АН. Навук. працы па фізіцы плазмы, магн. гідрадынаміцы, праблемах кіраванага тэрмаядз. сінтэзу. Незалежна ад Р.З.Сагдзеева і Д.Пайнса прапанаваў (1962) квазілінейны механізм узаемадзеяння ў плазме. Пад яго кіраўніцтвам створаны магутныя імпульсныя крыніцы энергіі на аснове МГД-генератараў, распрацаваны тэхнал. лазеры для металаапрацоўкі. Ленінская прэмія 1984. Дзярж. прэмія СССР 1977.
Літ.:
Андреев А.Ф. и др. Е.П.Велихов: (К шестидесятилетию со дня рождения) // Успехи физ. наук. 1995. Т. 165, № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬЯМС (Васіль Робертавіч) (9.10.1863, Масква — 11.11.1939),
савецкі глебазнавец. Акад.АНБССР (1929), АНСССР (1931), акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1887). З 1894 у гэтай акадэміі (у 1922—24 рэктар, з 1923 Маскоўская с.-г. акадэмія імя Ціміразева). Развіваў вучэнне В.В.Дакучаева пра глебу. Адзін з заснавальнікаў агранамічнага глебазнаўства (разам з П.А.Костычавым). Абгрунтаваў вядучую ролю біял. фактараў у глебаўтварэнні. Распрацаваў вучэнне пра малы біял. кругаварот рэчываў як аснову развіцця глебы. Распрацаваў агранамічныя мерапрыемствы па захаванні і павышэнні ўрадлівасці глеб, травапольную сістэму земляробства, тэорыю адзінага глебаўтваральнага працэсу. Выказаўся за паўсюднае выкарыстанне травапольнай сістэмы, прапагандаваў узворванне травянога поля незалежна ад кліматычных умоў толькі ўвосень. Аўтар падручнікаў па глебазнаўстве і земляробстве. Прэмія імя Леніна 1931.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУР’Я́Н (Барыс Іванавіч) (н. 7.1.1924, Масква),
бел. тэатральны крытык і празаік. З 1940 акцёр у т-рах Расіі. З 1946 працаваў у БелТА, час. «Неман», газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1946. Аўтар нарысаў пра акцёраў А.Кістава і А.Клімаву, тэатр. калектывы, артыкулаў і эсэ, перакладаў з рус. мовы, п’ес для т-ра, радыё і тэлебачання, сцэнарыяў дакумент. кінанарысаў пра Г.Глебава, П.Малчанава, Р.Янкоўскага, Бел. акадэмічны т-р імя Я.Коласа. Выступае з тэатр. рэцэнзіямі і праблемнымі артыкуламі пра т-р у перыяд. друку.
Тв.:
У синей бухты;
Вальс Грибоедова;
Твоя повесть: [Повести]. Мн., 1966;
На театральных перекрестках. Мн., 1967 (разам з І.Ліснеўскім);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́ЕЎСКІ (Уладзімір Фёдаравіч) (11.8.1803 ці 1804, Масква — 11.3.1869),
рус. пісьменнік, філосаф, муз. і літ. крытык, заснавальнік рус. класічнага музыказнаўства. Старшыня «Таварыства любамудрыя» (1823—25). Аўтар фантаст. апавяданняў «Розныя казкі з трапным слоўцам, сабраныя Ірынеем Мадэставічам Гамазейкам» (1833), «Жывы мярцвяк» (1844), сатыр. свецкіх («Княжна Мімі», 1834; «Княжна Зізі», 1839) і містыка-фантаст. («Сільфіда», 1837; «Космарама», «Саламандра», абедзве 1840; «Шалёныя», 1842) аповесцяў, артыкулаў і эсэістычных нататкаў пра А.Пушкіна і М.Гогаля. Духоўную атмасферу 1830-х г. перадаў у рамане «Рускія ночы» (1844, 2-я рэд. 1862, апубл. 1913), які спалучае філас. дыялогі, апавяданні-прытчы, навелы. Распрацоўваў муз.-тэарэт. і эстэт. праблемы, даследаваў нар. песню, старарус. музыку. Аўтар біягр. апавяданняў і муз.-крытычных эсэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́ЗДЗІН (Сяргей Аляксеевіч) (22.7.1926, Масква — 4.3.1991),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага (1958). У 1966—91 гал. рэдактар час. «Дружба народов». Аўтар раманаў «Паўтарэнне пройдзенага» (1964), «Аповесці пра жанчын» (1967), «Лізавета Паўлаўна» (1979), аповесцяў «Само сабой» (1980), «Час лістападу» (1982; пра партыз. рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну), зб-каў апавяданняў і аповесцяў «Я люблю нашу вуліцу...» (1969), «Тое, што было ўчора» (1975), «Вершы мінулых гадоў» (1983), а таксама кн. «Людзі і кнігі. Літаратурныя нататкі» (1978). Пісаў творы для дзяцей. Выступаў з артыкуламі пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, І.Мележа, М.Танка, А.Адамовіча, В.Быкава, І.Шамякіна, І.Чыгрынава, В.Казько. На бел. мову перакладзены кн. Баруздзіна «Месяц і сонца» (1972; пер. А.Марціновіч), «Краіна, дзе мы жывём» (1977; пер. Е.Лось).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДУНО́Ў (Аляксандр Барысавіч) (28.11.1949, г. Паўднёва-Сахалінск, Расія — 13.5.1995),
рускі артыст балета. Скончыў Рыжскае харэагр. вучылішча (1967). З 1967 саліст харэагр. ансамбля «Маскоўскі класічны балет», з 1971 — Вял.т-ра ў Маскве. Яго танец вылучаўся яркасцю, тонкай пластычнай выразнасцю, адточанасцю тэхнікі ў партыях класічнага і сучаснага рэпертуару: Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Клаўдзіо («Каханнем за каханне» Ц.Хрэннікава), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Іван Грозны («Іван Грозны» С.Пракоф’ева), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына), Вронскі («Ганна Карэніна» Шчадрына). З 1979 у ЗША і Зах. Еўропе: у Амер. т-ры балета, у трупе А.Эйлі, з 1984 у антрэпрызе «Гадуноў і зоркі». Залаты медаль Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Масква, 1973). У 1985 пакінуў сцэну. Здымаўся ў Галівудзе («Моцны арэшак-1», 1988, і інш.).
армянскі і расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1985). Скончыў Ерэванскі маст.-тэатр.ін-т (1958). Ў 1955—66 у Рус.драм. т-ры (Ерэван), у 1969—96 у т-ры імя У.Маякоўскага, з 1996 у «Ленкоме» (Масква). Акцёр моцнага тэмпераменту, майстар пераўвасаблення, стварае тонкі і заўсёды дакладны псіхал. малюнак вобраза. Сярод роляў: Стэнлі Кавальскі («Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса), Сакрат і Нерон («Гутаркі з Сакратам» і «Тэатр часоў Нерона і Сенекі» Э.Радзінскага), Хлудаў («Бег» М.Булгакава), Мэндэль Крык («Захад сонца» І.Бабеля). З 1960 здымаецца ў кіно («Добры дзень, гэта я!», «Калі настае верасень», «Жураўлік», «Тэгеран-43») і тэлефільмах («Аперацыя «Трэст», «Нікало Паганіні», «Добры дзень, я ваша цёця», «Месца сустрэчы змяніць нельга», «Сабака на сене» і інш.). Дзярж. прэміі Арменіі 1975, 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯНІ́САЎ (Эдзісон Васілевіч) (6.4.1929, г. Томск, Расія — 23.11.1996),
расійскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1990). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956, клас кампазіцыі В.Шабаліна), з 1958 выкладаў у ёй (праф. з 1993). У творчасці дамагаўся сінтэзу сучасных сродкаў кампазіцыйнай тэхнікі (свабоднай серыйнасці, алеаторыкі) і муз. стылістыкі мінулага. Сярод твораў: оперы «Пена дзён» (1981, паст. 1986), «Чатыры дзяўчыны» (1986), балет «Споведзь» (паст. 1984); вак.-інстр. творы, у т. л. Рэквіем (1980); сімфоніі (1982, 1987); «Свеце ціхі» для хору а капэла (1988); творы для інструментаў з аркестрам, у т. л. 10 канцэртаў (1972—86); камерна-інстр. і вак. творы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар кн. «Ударныя інструменты ў сучасным аркестры» (1982), «Сучасная музыка і праблемы эвалюцыі кампазітарскай тэхнікі» (1986). Старшыня Асацыяцыі сучаснай музыкі (Масква, з 1990).