магазі́н, ‑а, м.
1. Прадпрыемства рознічнага гандлю; крама. Прадуктовы магазін. Прамтаварны магазін. □ — А гэта вось дом стаіць, — кажа.. [Люся]. — Вялікі-вялікі! І магазін, дзе прадаецца хлеб. Брыль.
2. Спец. Прыстасаванне ў апараце або прыборы ў выглядзе каробкі або трубкі, куды закладваецца некалькі аднародных прадметаў (напрыклад, патронаў у аўтамат). Як толькі пачало цямнець, я засунуў пісталеты ў кішэню, паклаў туды ж запасныя магазіны з патронамі і пайшоў на ўмоўленыя кватэры. Карпюк. // Запасное месца ў вуллі для мёду на выпадак багатага медазбору. // Дапаможная прылада для электратэхнічных вымярэнняў.
3. Рэзервуар у лямпе, куды наліваюць газу. Моўчкі наліла [Галіна] ў магазін газы, падраўняла нажнічкамі кнот, запаліла яго і павесіла лямпу ў куце над сталом. Галавач.
4. Уст. Будынак, у якім захоўвалася грамадскае збожжа. Праходзячы міма вёсачкі, сябры ціхенька падкраліся да магазіна, дзе хавалася збожжа, і прыбілі на сценах некалькі лістовак і брашур. Колас.
[Фр. magazin, іт. magazzino ад араб. mahāzin — склады.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
малаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; незак.
1. што і без дап. Выкалочваць, выбіваць зерне з каласоў, стручкоў і інш. цапамі, пры дапамозе малатарні ці камбайна. Малаціць ячмень у гумне. Малаціць гарох. □ Тут [на полі] камбайны і жнуць, І малоцяць услед... Журба.
2. перан.; чым, па чым, у што. Разм. Удараць, стукаць. Нехта адчайна малаціў жалезным крукам па буферы. Лынькоў. [Барташэвіч] раз’юшыўся і стаў малаціць нагамі і рукамі куды папала. Карпюк. // каго і без дап. Біць, збіваць, наносячы частыя ўдары. «Біць [маці] будзе, — падумаў Лёня Сокал.. — Як пачне малаціць, дык уцячы не паспееш». Нядзведскі.
3. перан.; што. Разм. Разбіваць, ламаць. Юзік ухапіў дзеравяны малаток і пачаў малаціць вокны. Мурашка. // каго. Забіваць, знішчаць. І пайшлі воіны ў атаку, рынуліся калоць, малаціць цемрашалаў. Бялевіч.
4. перан. Разм. Хутка гаварыць, лапатаць. Пачаў [старшыня гаварыць] ціха, спакойна, а потым як пайшоў, як пайшоў малаціць! Здатны на гаворку! Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
капа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., у чым.
1. Капаючы, разграбаючы, рыцца ў чым‑н. рыхлым, сыпкім. На дарозе ў пяску капаліся нейчыя куры. Рылько. За плотам пад сцяной капаўся ў снезе стары. Карпюк. // Разм. Перакладваючы, перабіраючы, шукаць што‑н. Капацца ў паперах. Капацца ў кішэні. □ Дзяўчаты тэрмінова шылі сабе нейкія старамодныя сукенкі, хлопцы капаліся ў старых бацькоўскіх скрынях у пошуках доўгіх да пят паляшуцкіх дзедаўскіх світак і кажухоў. Краўчанка. // перан. Дэталёва, па дробязях аналізаваць, абдумваць што‑н., унікаць у што‑н. Капацца ў душы. □ Сяльчонку не захацелася далей капацца ў гэтай старой гісторыі. Асіпенка.
2. Разм. Займацца якой‑н. карпатлівай справай, рабіць што‑н. марудна, няўмела; важдацца. [Туляга:] Ваша праца пасоўваецца. Аляксандр Пятровіч. [Гарлахвацкі:] А іменна? [Туляга:] Матэрыялы падбіраю. [Гарлахвацкі:] Доўга капаецеся. Крапіва. [Жонка] капалася каля прыпечку. Бядуля.
3. Паддавацца капанню. Пад пластом шчэбню была мяккая зямля і капалася лёгка, хутка. Краўчанка.
4. Зал. да капа́ць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
му́ляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прычыняць боль, ціснуць, націраць. Лямкі рэчавых мяшкоў паўпіваліся ў размоклыя кажухі і мулялі плечы. Карпюк. Цэмент, калючыя каменьчыкі набіваліся ў чаравікі і мулялі ступню. Вышынскі. / у безас. ужыв. [Селянін] за плячыма нёс нешта важкае, яму, відаць, муляла, ён часта спыняўся і папраўляў мяшок. Гурскі.
2. перан.; каму-чаму і без дап. Турбаваць, непакоіць, трывожыць каго‑, што‑н.; дакучаць каму‑н. Убачыўшы трох мужчын разам ды шчэ плуг каля іх, рэдка хто мог уцярпець, каб не падысці і не пацікавіцца. А падышоўшы, уцягваўся неўзаметку ў гутарку і садзіўся, невыразна адчуваючы, што яму яшчэ муляе нейкая невялікая работа, якую трэба зрабіць да вечара. Крапіва. [Зарэцкі:] — У мяне часта бывае так, што якая-небудзь ідэя.. муляе ўвесь час, пакуль ад яе не адчэпішся. Скрыган.
•••
Муляць вочы каму — назаляць каму‑н. чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.
1. Абменьваць адну рэч на другую. На другі дзень пад вечар дзяўчаты пайшлі ў бліжэйшую вёску мяняць на прадукты сякія-такія салдацкія рэчы. Кулакоўскі.
2. Замяняць адно чым‑н. другім аднародным; зменьваць, падменьваць. Мяняць кватэру. Мяняць работу. □ Сапёры рамантавалі мост, мянялі насціл. Ставер. Лена стаяла каля стала, мяняла пласцінкі. Ваданосаў. Я расхінуў сваю плашч-палатку, пакрыў сябе і Віну. Глянуў на гадзіннік — пара мяняць Несцера. Не падымаючыся з зямлі, разбудзіў партызана і паслаў на змену. Карпюк.
3. Рабіць іншым; зменьваць. Чорны пярсцёнак мігцеў перад вачыма і мяняў свой колер, рабіўся шэрым. Лынькоў. // Пераўтвараць. Заўтра цікава будзе расказаць сваім таварышам-рабочым, як іх праца ўжо цяпер пачынае мяняць звыклы воблік наваколля. Няхай. // Адмовіўшыся ад чаго‑н., заменьваць яго чым‑н. іншым. Мяняць погляды. Мяняць рашэнні.
4. Разменьваць грашовыя купюры на больш дробныя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паро́цца, паруся, порашся, порацца; незак.
1. Калоць, пароць адзін аднаго чым‑н. вострым.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Бадацца. Каровы поруцца.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разрывацца, разыходзіцца ў шве. Сукенка порацца.
4. Капацца ў чым‑н., шукаючы чаго‑н. [Макрына] даўно выпаліла ў печы і паролася, перабірала ў плеценым з лучыны кашэліку. Баранавых. [Шандыбовіч] схапіў стаячую лямпу і пабег у сенцы. Там ён доўга недзе пароўся, нешта пераварочваў. Кулакоўскі. // Марудна рабіць што‑н., корпацца. Маці гэтак сама рыхтуе нам у Штутгоф пасылкі, бацька нібы порацца на гаспадарцы, а на самай справе цікуе, што творыцца навокал. Карпюк. // Капацца ў чым‑н., шукаючы якую‑н. няспраўнасць, пашкоджанне. Сам .. [Якаў] там мала што мог разабраць, хоць апошнія месяцы многа займаўся тэхнікай: і чытаў, і ў маторах штодня пароўся. Кулакоўскі.
5. Зал. да пароць (у 1, 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
про́пуск, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. прапускаць — прапусціць (у 1 знач.).
2. ‑у. Адсутнасць, выключэнне чаго‑н. Чытаць з пропускамі. □ Собіч, не адрываючыся, сачыў, каб не асталося дзе прапускаў, бо часамі подпіс павінен быць толькі на версе, а часамі і на адвароце, часамі на адным экземпляры, а часамі і на двух. Скрыган. // Незапоўненае месца сярод тэксту. Пропуск паміж радкамі.
3. ‑а. Дакумент на права ўваходу, уезду куды‑н., праходу або праезду праз што‑н. Паказаць пропуск. Праверыць пропуск. □ — Я ж усё-такі актрыса, маю сякое-такое дачыненне да тэатра, ды ў мяне і пропуск на дваіх у ложу дырэкцыі. Рамановіч. — У мяне сумленне чыстае, і я спакойны. Толькі б дастаць ёй у Гродне пропуск за граніцу. Карпюк. // Уст. Пароль. Ведаць пропуск.
4. ‑у. Няяўка на заняткі, сходы і пад. Наведваць лекцыі без пропускаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сапсава́цца, ‑псуюся, ‑псуешся, ‑псуецца; ‑псуёмся, ‑псуяцеся; зак.
1. Зрабіцца няспраўным, непрыгодным для карыстання, ужывання. Не даязджаючы кіламетраў пяць да Мохаўкі, машына сапсавалася. Шахавец. Сэрца балела, калі ў якой кватэры кавалак тынку адваліцца або дзверы сапсуюцца. Бядуля.
2. Стаць хваравітым ад чаго‑н. [Міхалючок:] Ад смятаны і сала разам дык жывот сапсуецца. Чорны.
3. Змяніцца на горшае, пагоршаць, зрабіцца дрэнным. Надвор’е сапсавалася: сыпаў мокры снег, дзьмуў халодны паўночны вецер. Бяганская. За апошні час адносіны Пісанца з рэдактарам сапсаваліся. Грамовіч. [Барташэвіч] нічога не адказаў: мой настрой цалкам сапсаваўся. Карпюк. // Зрабіцца менш прыгожым, непрывабным. Твар дзяўчыны нешта сапсаваўся.
4. Набыць дрэнныя звычкі, схільнасці; распусціцца. І мне здаецца, Ніколі добры чалавек Не сапсуецца, А дрэнь Заўсёды дрэнню застаецца. Корбан. [Іван Мацвеевіч:] Дай дзецям волю, пусці іх без догляду — сапсуюцца. Бядуля.
5. Стаць нясвежым (аб прадуктах). [Віктар:] — Калі будзеш доўга чакаць, то мяса і сапсавацца можа. Маўр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаўчы́, стаўку, стаўчэш, стаўчэ; стаўчом, стаўчаце, стаўкуць; пр. стоўк, стаўкла, ‑ло; зак., каго-што.
1. Раздрабняючы, ператварыць у парашок, зрабіць мяккім. Стаўчы соль. □ [Ульяна] выцягнула з печы чыгун з бульбай, абхапіла яго анучай і вынесла ў сенцы. Потым вярнулася, узяла качаргу, пайшла таўчы тую бульбу. — Давай я — узяўся [Кастусь] за качаргу .. [Ульяна:] — Як стаўчэш, дык накрый карыта анучай. Гаўрылкін.
2. Ачысціўшы зерне ад шалупіння, перапрацаваць яго на крупы. Стаўчы ячмень.
3. Вытаптаць, здратаваць, змясіць нагамі. Каровы стаўклі авёс. // Разм. Давесці да беспарадку (пра пасцель). Дзеці стаўклі ложак.
4. Разм. Збіць, пабіць каго‑н. [Рыжы:] — Я цябе стаўку на горкі яблык, можаш быць пэўны! Карпюк.
5. Таўкучы, змяшаць што‑н. з чым‑н. Стаўчы каляндру з перцам для прыправы. □ Распаранае зерне жыта, аўса, пшаніцы, гароху, рысу стаўчыце ў драўлянай ступе і, прыправіўшы адной-дзвюма лыжкамі алею, перамяшайце з мукой або вотруб’ем. Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
траця́к, ‑а, м.
1. Цяля, жарабя ва ўзросце трох год. Бык-трацяк.
2. Разм. Траціна (у 1 знач.). Едучы зараз побач з дзедам, я папрасіў, каб ён ясней расказаў, якое права мы маем на Абадок і адкуль у пана Ясінскага такія абшары поля і лесу, а ў нас — чацвертакі і трацякі? Якімовіч. [Сям’я Качаргі] жыл[а] на трацяку ў вёсцы, сям я вялікая, свайго хлеба не хапала да каляд. Гурскі. [Раманюк] быў, можа, у сарака дзевак: там давалі воз, там каня, воз і карову, там чацвяртак, найбольш — трацяк зямлі. Карпюк.
3. Разм. Трэцяя частка чаго‑н. (ураджаю, сенакосу і пад.). Вылі там [у Ліпаве] пасекі. Штогоду Тут сотні блізшага народу Дзялянкі лесу карчавалі І на трацяк іх засявалі — Капу да скарбу, дзве дадому... Колас. Антось даведаўся, што матку падзялілі панскай зямлёй, а абрабіць яе яна не можа. Засяваюць вяскоўцы на трацяк. Дзве часткі сабе, адна ёй. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)