спра́ва 1, ‑ы, ж.

1. Работа, занятак; тое, чым хто‑н. заняты. Даніла справаю заняты — на сані чэша капылы. Колас. Настойлівая па характару, Ганка ў тэхнікуме, як і ў калгасе, уся аддавалася справе. Краўчанка. Заўсёды да канца даводзіць трэба, Якую справу б не пачаў, Каб потым сам сябе не дакараў. Валасевіч. [Кранаўшчык:] — Цэгла ёсць!.. І справы, значыць, хопіць да світання кельням і рукам. А. Вольскі. / якая; часта ў знач. вык. Гаспадарчыя справы. Сямейныя справы. □ Хіба жаночая справа дровы вазіць? Мележ. // звычайна мн. (спра́вы, спраў). Работа, заняткі, звязаныя са службай, вытворчасцю, грамадскімі абавязкамі і пад. Прымаць справы. Бягучыя справы. □ Па справах сваёй службы мне часта даводзілася бываць на будаўніцтве, сустракацца з Якавам і яго сябрамі. Кулакоўскі. [Вера:] У нас адна партыйная арганізацыя, а ён сакратар, вось і ходзіць па партыйных справах. Крапіва. / У складзе назваў устаноў, ведамстваў. Міністэрства замежных спраў. У праўленне па справах архітэктуры. // Ідэі, вучэнне; галіна, кірунак дзейнасці каго‑н. Справа партызан была справай народа. Брыль. На змену арыштаванымі, загінуўшым станавіліся новыя таварышы і настойліва працягвалі справу сваіх папярэднікаў. Анісаў.

2. Дзейнасць у процілегласць думкам, словам; учынак. Што лішняе гаварыць! Ён, Федзя, усё дакажа справай. Гамолка. [Леў Раманавіч:] — Чалавек не словам моцны, а справай. Асіпенка. І не загінула добрая справа Сэрца людскога і ў змроку глухім. Глебка. // Вынік якой‑н. дзейнасці. За доўгі век свой перажыў Начальства ён нямала, Хто гнеў, хто славу заслужыў... Яго ж усё мінала. Затое спраў яго нідзе Ні ў чым вам не прыкмеціць. Блішчыць, як месяц у вадзе, Не грэе і не свеціць. Бачыла.

3. Тое, што вельмі важна, істотна. [Катэр:] — Я справу гавару, хлопцы, а вы блазнуеце. Машара. // Карысны занятак. Ён заняты справай.

4. Пытанні, якія патрабуюць вырашэння; патрэба. — Не гневайся, па важнай справе зайшоў. Чуў, напэўна — выбары ў Вярхоўны Савет пачаліся. Дуброўскі. Было тут і яшчэ некалькі наведвальнікаў, якія прыйшлі па сваіх справах. Якімовіч. // каму да каго-чаго. Зацікаўлены адносіны да каго‑, чаго‑н. Яму да ўсяго ёсць справа. □ Нікому да Жоры справы не было. Гаўрусёў.

5. Абавязак, доўг; кола чыіх‑н. паўнамоцтваў. Гэта справа міліцыі. □ Веданне з’яў і фактаў — надзвычай важная і неабходная справа для пісьменніка. Кудраўцаў. // чаго; у знач. вык. Тое, што залежыць ад чаго‑н., мае адносіны да чаго‑н. Справа сумлення. Праца ў нашай краіне стала справай гонару. □ Іх клопаты аб суседзях, што засталіся без даху пад галавой, былі справай добрай волі. Самуйлёнак.

6. Спецыяльнасць, прафесія, кола заняткаў, галіна ведаў ці навыкаў. Такарная справа. Снайперская справа. □ Рыбацкай справай Ясюня займаецца чацвёрты год. В. Вольскі. [Вера:] А наша справа — мел, гліна, вапна, фасфарыты. Крапіва. Вам даводзілася калі-небудзь бачыць спінінг у руках вопытнага рыбалова, майстра сваёй справы? Матрунёнак. // чаго. Усё, што ўваходзіць у якую‑н. задачу, мае адносіны да якой‑н. з’явы. Справа сацыялістычнага будаўніцтва. □ Нават маленькія дзяўчынкі, Аніта і Лючыя, не заставаліся ў баку ад барацьбы за вялікую справу міру. Маўр.

7. Адміністрацыйны або судовы разбор якога‑н. здарэння, факта; судовы працэс. Грамадзянская справа. Крымінальная справа. □ Дваццатага снежня справу перагледзеў апеляцыйны суд. У. Калеснік.

8. Збор дакументаў, якія маюць адносіны да пэўнага факта, здарэння, асобы. Папка для спраў. □ Прыйшоўшы да сябе, .. [Шэмет] дастаў з сейфа справу Жыбуртовіча, перачытаў аўтабіяграфію. Лобан.

9. Здарэнне, падзея, факт. Стаяць [дубы], як вежы, над вадою Даўнейшых спраў вартаўнікамі. Колас. Гэтая справа ў раёне граніцы была. Куляшоў. Справа была вясной, перад вялікаднем. Чарнышэвіч. // Разм. Пра абставіны, якія характарызуюць дзеянне, надзею. Справа ідзе да лета. Васілевіч.

10. Разм. Становішча дзе‑н., стан каго‑, чаго‑н.; абставіны. — Значыць, справы не дрэнныя, калі есці захацеў, — пажартаваў .. [Туравец] з сябе. Мележ. Наогул справы ў калгасе наладзіліся, пайшлі ўгору. Даніленка. // У спалучэнні з прыметнікам, які характарызуе становішча, стан, абставіны. Булай развёў рукі, падміргнуў, маўляў, сам разумееш, тут справа тонкая. Шыцік.

11. (у спалучэнні з прыметнікам) у знач. вык. Рэч, з’ява. Загінуць у баі — справа не мудроная. Гурскі. Абудзіць схаваныя сілы ў слове — справа не з лёгкіх. Янкоўскі.

12. У спалучэнні з прыметнікам выступае як выказнік або пабочнае слова са значэннем, адпаведным значэнню гэтага прыметніка. Абед згатаваць? Невялікая справа. Агняцвет. Не простая, вядома, справа Музычны калектыў скамплектаваць, Музыкаў добрых падабраць. Корбан. Глядзець на яго [Цімоха], як на блазна, Вядомая справа, не можна. Колас.

•••

Асабовая справа — папка з дакументамі якой‑н. асобы, што працуе ў дадзенай установе.

Павераны ў справах гл. павераны.

Ваша справа — вам вырашаць, гэта асабіста да вас адносіцца, вас датычыцца.

Вядомая справа — зразумела, бясспрэчна.

Гіблая справа — нічога добрага не будзе.

Ёсць такая справа! — добра, згодзен, няхай будзе так.

Іншая (другая) справа — нешта іншае; іншае становішча.

(І) справа з канцом (справе канец) — пра канчатковую развязку чаго‑н. — Ты — нічога не ведаеш, і справа з канцом. Чарнышэвіч.

Кепскія справы — пра цяжкае, складанае становішча.

Мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа маленькая — мяне (цябе і пад.) менш за ўсё датычыцца.

Мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа старана — гэта мяне (цябе і пад.) не датычыцца.

Мець справу з кім-чым гл. мець.

Мокрая справа — забойства (на жаргоне зладзеяў).

На самай справе — у сапраўднасці, фактычна. Сулькоўскі больш прытвараўся п’яным, чым быў на самай справе. Чарнышэвіч.

На справе — па сутнасці; на практыцы. Быццам я дзяўчыне нейкай Абяцаў багацця рэкі, А на справе — ручаіны Я не вырыў для дзяўчыны. Панчанка.

Не майго (твайго, яго, яе, нашага, вашага, іх) розуму справа — мяне (цябе і пад.) не датычыцца; я (ты і пад.) нічога не разумею ў чым‑н.

Не мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа — мяне (цябе і пад.) не датычыцца.

Пакуль суд ды справа гл. суд.

Справа ідзе пра што (аб чым) — размова ідзе пра што‑н. (аб чым‑н.). [Караневіч:] Справа ідзе пра чэсць палка. Крапіва.

Справа ў тым, што... — галоўнае (сутнасць) у тым, што... Справа ў тым, што ў Свярдлоўску жыве мой друг. Васілёнак.

Такая справа — вось у чым справа.

У чым справа? — што здарылася? — У чым справа? — недаўменна запытаў Рыгор. Гартны.

Ясная справа — вядома, безумоўна.

спра́ва 2, прысл.

З правага боку; проціл. злева. Міхась нарэшце прабіўся на базар і спыніўся справа ад брамы. Корбан. Роднае сэрцу раздолле Кліча, ну хоць уставай: Злева — шырокае поле, Справа — рачулка і гай. Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даць, дам, дасі́, дасць; дадзі́м, дасце́, даду́ць; пр. даў, ‑ла́, ‑ло́; заг. дай; зак., каго-што, чаго і з інф.

1. Уручыць, перадаць з рук у рукі. Даць кнігу. □ Далі [братавыя] .. [дурню] бохан хлеба, гаршчок капусты і гаршчок кашы ды выправілі ў поле. Якімовіч. // Паднесці, падаць, прапанаваць. Даць есці. Даць закурыць. // Заплаціць якую‑н. суму за што‑н. За каня далі добрыя грошы.

2. Аддаць у карыстанне; забяспечыць чым‑н. Даць кватэру. Даць прытулак. // Паведаміць, перадаць. Даць адрас. // Уступіць, прапусціць уперад. Даць месца. Даць праход. Даць дарогу.

3. Надзяліць чым‑н. Даць права. Даць шчасце. Даць тэрмін. □ — Дам табе, галубок ты мой, работу, — сказаў дзед. Якімовіч. // Разм. Узнагародзіць чым‑н.; прысвоіць. Даць ордэн. Даць званне. // Разм. Вызначыць узрост. Андрэй даў .. [маладзіцы] год дваццаць пяць, але мела яна, напэўна, больш. Адамчык. // Разм. Надаць якую‑н. форму, выраз; паказаць, увасобіць. Часамі Самабыля нават займаюць думкі: у якой паступовасці трэба размяркоўваць самы матэрыял сваркі? Што трэба сказаць наўперад, а што потым? .. Які выраз трэба даць твару? Колас. // Разм. Нанесці ўдар; набіць, адлупцаваць. Даць у зубы. □ — Дзе ж авечкі... Ой, блазнота.. Ну й дадуць табе, браток! Колас. // Разм. Асудзіць, прыгаварыць да зняволення. Праз некалькі дзён Ляксея судзілі. Яму далі год і адправілі некуды ў лагер. Ермаловіч.

4. Арганізаваць, наладзіць (баль, абед і г. д.). А ёсць у нас аматары банкетаў. Прычыну ім падай — банкет яны дадуць. Корбан. // Выступіць перад публікай (са спектаклем, пастаноўкай і пад.). Даць канцэрт. Даць спектакль.

5. Прынесці як рэзультат чаго‑н. Даць добры ўраджай. Даць прыбытак. □ Старыя яблыні і грушы не маюць догляду і даюць мала пладоў. Бядуля. // Выпрацаваць што‑н. Палілося святло з усіх вулічных лямп — электрастанцыя дала ток. Чорны.

6. Выявіцца як вынік дзеяння, стану і пад. (пра з’яўленне чаго‑н. у чым‑н.). Даць перакос. Сцены далі асадку. Стрэльба дала асечку.

7. Стварыць умовы для чаго‑н.; дазволіць зрабіць што‑н., адбыцца чаму‑н. Даць паслухаць радыё. Даць зайсці ў хату. Не даць спаць. □ Пасля работы .. [Пніцкі] даў крыху адпачыць каню. Чорны. Юркевіч не даў .. [Юзіку] дадумаць да канца сваіх думак. Мурашка.

8. З многімі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем таго ці іншага дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Даць абяцанне (паабяцаць). Даць згоду (згадзіцца). Даць параду (параіць). Даць указанне (указаць). Даць штраф (аштрафаваць). // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: зрабіць, здзейсніць. Даць залп. □ З папярэдняга танка далі яшчэ адзін гарматы стрэл. Чорны.

9. заг. дай. Разм. Абазначае прапанову зрабіць, выканаць што‑н. Дай я першы пайду. Дай я напішу.

10. заг. дай, у знач. пабудж. часціны. Разм. Выражае ўласную рашучасць што‑н. зрабіць. Дай, думаю, зайду да суседа.

•••

Без дай прычыны — беспадстаўна.

Бог дасць; як бог дасць гл. бог.

Бог розуму не даў гл. бог.

Бог шчасця не даў гл. бог.

Дай (не дай) бог (божа) — пры пажаданні (непажаданні) чаго‑н.

Дай бог (божа) ногі — пра жаданне хутчэй уцячы адкуль‑н.

Дай бог чутае бачыць — пры пажаданні здзяйснення таго, што паабяцана.

Дай божа кожнаму — пра што‑н. добрае, ад чаго ніхто не адмовіцца.

Даць аб сабе знаць — прыслаць вестку; абазвацца.

Даць бой — рашуча выступіць у абарону сваіх правоў, прынцыпаў, поглядаў і пад.

Даць бярозавай кашы каму — пакараць, набіць розгамі.

Даць вестку — тое, што і падаць вестку (гл. падаць).

Даць волю каму-чаму — перастаць стрымліваць чые‑н. дзеянні, пачуцці. Даць волю пачуццям. Даць волю фантазіі. Даць волю языку.

Даць волю рукам — біць каго‑н., біцца.

Даць выхад чаму — даць магчымасць праявіцца.

Даць газ(у) — паскорыць рух, павялічыць наступленне гаручага.

Даць галаву на адрэз (на адсячэнне) — паручыцца сваім жыццём.

Даць (уступіць) дарогу каму — забяспечыць свабоду дзеяння.

Даць (задаць) дзёру (драла, драпака, лататы) — пусціцца наўцёкі; уцячы.

Даць дразда — а) разысціся, разбушавацца, даць жару (у працы, танцы, гульні і пад.). «Чакайце! Я пачаў не з той нагі! Вось зараз разыдуся і дам дразда!» — упіраецца Фама. Корбан; б) тое, што і даць дзёру.

Даць дуба — памерці.

Даць (падвесці, паказаць) дулю — нічога не даць.

Даць (задаць) дыхту каму — насварыцца, расправіцца.

Даць (задаць) жару — а) моцна насварыцца, прабраць, расправіцца з кім‑н. — Ну, што ж? Натрапіў на такога; А каб наскочыў на другога, Сказаць, хоць бы і на Пшавару: Задаў бы ён там пану жару! — Гавака важна адазваўся. Колас; б) хутка выканаць, зрабіць што‑н. Пачалі працаваць і далі жару.

Даць жаху каму — моцна напалохаць каго‑н.

Даць жыццё каму — нарадзіць, пусціць на свет.

Даць задні ход — адмовіцца ад сваіх думак, намераў, імкненняў.

Даць зевака — упусціць спрыяльны выпадак, момант; празяваць.

Даць знаць — паведаміць.

Даць зразумець — намякнуўшы на што‑н., даць магчымасць здагадацца аб чым‑н.

Даць круг — прайсці ці праехаць лішнюю адлегласць абходнай дарогай.

Даць лад — прывесці ў парадак, наладзіць што‑н.

Даць (задаць) лазню каму — даць наганяй, строгую вымову.

Даць лазы каму — пакараць, набіць лазовым дубцом.

Даць лупцоўку (бубна) каму — адлупцаваць.

Даць маху — дапусціць памылку.

Даць пачатак чаму — з’явіцца крыніцай, адпраўным пунктам чаго‑н.

Даць па шапцы (шыі, карку, загрыўку) — выгнаць, зняць з работы.

Даць (задаць) перцу каму — насварыцца, даць наганяй.

Даць (задаць) пытлю каму — усыпаць, адлупцаваць; даць наганяй.

Даць раду(ы) каму-чаму — а) парадзіць, параіць. [Вясна:] Табе раду я дам, Як бяду ашукаць. Купала; б) адолець, управіцца з кім‑, чым‑н. Кабанам цяжка было даць рады, яны раўлі, як звяры, і не хацелі ці не маглі падняцца. Чорны.

Даць слова — а) дазволіць каму‑н. выступіць на сходзе. — Дай мне слова! — скубе за рукаў старшыню Гарбач. Мурашка; б) цвёрда паабяцаць каму‑н. што‑н. [Валодзя] кажа: — Я даў чэснае слова і... стрымаю. Рунец.

Даць сябе адчуць — выявіцца на кім‑, чым‑н., падзейнічаць на каго‑, што‑н.

Даць у косці — насварыцца, пабіць, пакараць каго‑н.

Даць (сунуць) у руку (лапу) — даць хабар, падкупіць каго‑н.

Даць фору — пераўзысці, апярэдзіць каго‑н. у чым‑н.

Даць ход — пусціць у дзела.

Даць (задаць) храпака — моцна заснуўшы, пачаць храпець.

Даць цягу — уцячы.

Даць (задаць) чосу каму — прабраць каго‑н. за што‑н.

Дорага б даў (заплаціў) — пра моцнае жаданне дамагчыся чаго‑н.

Не дай гасподзь — няхай не будзе гэтага.

(Не) даць дыхнуць каму — прымусіць працаваць бесперапынна.

Не даць спуску каму — не зрабіць уступак, строга запатрабаваць.

Не даць у крыўду каго — заступіцца, абараніць.

Не даць ходу каму — перашкодзіць каму‑н. выявіць свае здольнасці.

Як піць даць — а) напэўна, абавязкова; б) неўзабаве, вельмі хутка. Да прыцемку.. [Галя] праедзе Сялібу, а там, як піць даць, і Закуцце. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пусці́ць, пушчу, пусціш, пусціць; зак.

1. каго-што. Перастаць трымаць, утрымліваць рукамі каго‑, што‑н.; выпусціць. Стася ціха, але рашуча папрасіла: — Зелянюк, пусці маю руку. Я пайду. Зарэцкі. [Дзед] пусціў вёслы і выхапіў з-пад сябе дошчачку дарожкі. Брыль. // Перастаць трымаць дзе‑н., даць волю. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. Ды лепш бы ўсё яны забралі, Пусцілі б толькі іх [палонных] жывых. Колас. // Дазволіць або даць магчымасць пайсці, паехаць і г. д. куды‑н. Пусціць у адпачынак. □ [Сястра] хацела пайсці разам з .. [Міколкам] у лес, але маці не пусціла: трохі прыхворвае малая. Лынькоў. // Даць магчымасць пасвіцца, выпусціць на пашу (пра жывёлу). І куды толькі не забярэцца.. [Цімох] са сваім статкам! І на ягаднік пагоніць, і па бары на верасы пусціць, і ўсе лужкі перабярэ. Колас. Гадзін праз дзве работы [Міхал] выпраг каня і пусціў на паплавец. Чорны.

2. каго-што. Дазволіць каму‑н. прайсці, увайсці куды‑н.; упусціць. Гэта я! Пусці! Яшчэ не верыш? Дык на ганак выбежы хутчэй. Танк. Мне ўдаецца ўгаварыць пляменніка спачатку падстрыгчыся — непадстрыжанага, маўляў, у магазін не пусцяць... Каршукоў. // Памясціць, пасяліць, здаючы ў найм памяшканне. Але браты нечага не падзялілі, і малодшы Шнур падаўся цераз раку. Цяпер ён шукаў хаты. І Харытоня пусціў яго ў сваю. Чыгрынаў. — Ці не пусцілі б вы ў .. [другую палавіну хаты] хлопца аднаго на які месяц ці два. Дроў мы неяк прыдбаем. Зарэцкі.

3. каго-што. Паслаць, накіраваць куды‑н. з якой‑н. мэтай. Трымаліся два дні, але раніцай трэцяга немцы пусцілі танкі. Навуменка. [Васіль:] — Трэба было абавязкова ўвосень выкарчаваць пні... Цяпер пусцілі б камбайн, жняяркі... Шамякін. // Даць магчымасць або прымусіць рухацца, перамяшчацца якім‑н. чынам. Гаспадар выцягнуў плуг з зямлі і пусціў плытчэй. Чорны. Наганяць шкадаваў, а пусціў паволі — і так утаміўся конь. Гартны. // Надаць пэўны ход, кірунак (размове, справе і пад.). Пусціць справу на самацёк. □ Маладая.. не раз пачынала гаворку, старалася аднавіць і пусціць яе ў ранейшае бесклапотнае рэчышча, але муж непадкупна маўчаў. Ракітны.

4. што. Кінуць, прымусіць рухацца ў якім‑н. напрамку. Схапіў Янка лук і пусціў стралу ў шуляка. Якімовіч. З воданапорнай вежы заўважылі крыкуна, пусцілі па ім некалькі куль. Хомчанка. // Выпусціць, даўшы магчымасць цячы, распаўсюджвацца. Пусціць газ. □ Праўда, .. [састаў] быў невялікі, з пяці вагонаў і платформы, але калі Лёдзя захацела была абысці яго, машыніст пусціў пару і даў кароткі свісток. Карпаў. Архіп сеў, пусціў дым у столь і загаварыў. Пестрак. // Быць прычынай чаго‑н., выклікаць што‑н. Падзьмуў ветрык, пусціў па вадзяным люстэрку рабацінне. Шыцік. Выплыў месяц з-за небасхілу і пусціў доўгі пералі[віс]ты бляск цераз усё мора. Кулакоўскі.

5. што. Прывесці што‑н. у дзеянне, у рух; прымусіць дзейнічаць. Пусціць аўтаматычную лінію. Пусціць пласцінку. □ Ахопленая трывогай, .. [Арына] таропка падсунула табурэтку, залезла на яе, завяла гадзіннік, пусціла маятнік. Карпаў. // у спалучэнні са словамі «аўтобус», «цягнік», «трамвай» і пад. Устанавіць пэўныя шляхі зносін. Пусціць тралейбус у мікрараён.

6. каго-што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае; зрабіць што‑н. з чым‑н.; выкарыстаць з якімі‑н. мэтамі, якім‑н. чынам. Пусціць на продаж. Пусціць на племя. □ — Ну, а з пусткаю што будзе? Сеяць ярыною? Ці ў папар на лета пусціш? — Грышкаў брат пытае. Колас. Пільню Бама пусцілі даўно ўжо на злом. Зарыцкі. — Прадаць тое-сёе, канешне, не шкодзіць. Скаціну якую пусціць на кірмаш, малатарню можа збыць на ўсякі выпадак, да пары да часу. Мележ. // Разм. Выдаткаваць на што‑н. Праз паўгода цягне [Міхась] у хату музыку. Што зарабіў на рамонце аўтамашыны тое і пусціў на радыёлу. Б. Стральцоў.

7. што. Разм. Разнесці (чутку, пагалоску), зрабіць вядомым што‑н. Парашыў .. [пан] прадаць лес. Пусціў пагалоску, і пачалі прыязджаць купцы аглядаць лес. Якімовіч. Нехта пусціў сярод дзетдомаўцаў чутку, быццам у дупле дуба жывуць змеі. Пальчэўскі. // Сказаць (звычайна што‑н. вострае). Пусціць жарт. □ Вострачы мянташкай касу, Ганнін Васіль пусціў услед грабельнікам: — Сюды, бабкі, падналяжам разам. Васілевіч.

8. што. Даць парасткі, карані (пра расліны). Над страхою звісаў сук-рагач ад вярбы. Другі, адломаны, валяўся ў гародчыку. Даўно, бо пусціў атожылле, прырос. Пташнікаў.

9. Разм. Не вытрымаўшы напружання, цяжару, перастаць утрымліваць што‑н. — А ў мяшку ці шво пусціла, ці дзірка ў пару не агледжана. Прыехаў, а тут і малоць няма чаго. Арочка.

10. Разм. Адтаяць. Немцы загналі.. [Зіну] ў балота, якое месцамі пусціла ўжо, і чалавек правальваўся аж з галавой. Карпюк. // безас. Пра адлігу. Снегам было пацеру[шы]ла трохі зверху. А гэта зноў пусціла, зноў цёпла стала і мокра. Чорны.

•••

Не пусціць на парог (на вочы) — не прыняць у сябе дома, не дазволіць прыйсці ў свой дом.

Пусціць (з) агнём (дымам) — спаліць.

Пусціць з торбаю (па свеце) — давесці да жабрацтва.

Пусціць казла ў агарод — дапусціць каго‑н. туды, дзе ён можа нашкодзіць; дапусціць каго‑н. да таго, з чаго ён хоча мець выгаду.

Пусціць карэнне (карані) — а) трывала, надоўга абаснавацца дзе‑н., абзавесціся гаспадаркай. Разросся грынюкоўскі род, нібы тыя сосны ў барку над ракой, глыбока пусціў карэнне ў зямлю дзядоў і прадзедаў. «Работніца і сялянка»; б) набыць сілу, стаць пастаянным; укараніцца. Партызанскі рух пусціў глыбокія кар[ан]і ў народзе акупіраваных зямель. Колас.

Пусціць (паслаць) кулю ў малако — не папасці ў цэль пры стральбе.

Пусціць на вецер — растраціць дарэмна.

Пусціць на свет — нарадзіць, даць жыццё.

Пусціць па белым свеце — нарадзіць і, не давёўшы да самастойнасць выправіць у людзі.

Пусціць пад адхон — выклікаць крушэнне (цягніка).

Пусціць пыл (дым, туман) у вочы — стварыць ілжывае ўражанне, выстаўляючы сябе, сваё становішча ў лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.

Пусціць (сабе) кулю ў лоб — застрэліцца.

Пусціць слязу — заплакаць.

Пусціць у дзела — прымяніць, выкарыстаць.

Пусціць у зіму (на зіму) каго — пакінуць на племя (пра свойскую жывёлу).

Пусціць у паветра — узарваць.

Пусціць у работу — даць прымяненне чаму‑н.

Пусціць у расход каго — расстраляць, знішчыць.

Пусціць у ход — а) прымяніць што‑н. (пра інструмент, зброю і пад.). Хлопцы ішлі і насцярожана азіраліся, гатовыя ў любы момант пусціць у ход зброю. Новікаў; б) выкарыстаць які‑н. сродак, прыём і г. д. Я слухаю дзядзьку: «Глядзі, якім стаў ён! Яго пачынае падтрымліваць сход. Хварэе, бач, ён за грамадскія справы І нават пусціў самакрытыку ў ход». Прыходзька.

Пусціць (чырвонага) пеўня — зламысна падпаліць (чыю‑н. хату, маёмасць і пад.).

Пусціць юшку — ударыць, збіць да крыві.

Хоць з ветрам пусці — такі лёгкі, што можа паляцець з ветрам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на 1, прыназ. з В і М.

Спалучэнне з прыназоўнікам «на» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з В. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, на паверхню якога накіраваны рух або дзеянне. Выйсці на вуліцу. Пакласці на стол. □ Я выходзіў з лесу на палянку, каб дабрацца да абгарэлага дуба. Скрыган. Скора вузкая вясковая дарога выйшла на шлях. Галавач. На журавіну на залатую Скаціўся буйнай слязы крышталь. Хадыка. І хіліць так утульны беражок, Так добра там, прылёгшы на пясок, Папесціцца ружовым летнім ранкам! Колас. // Ужываецца пры ўказанні на прадметы ці жывыя істоты, якія служаць сродкам перамяшчэння (з дзеясловамі «сесці», «пасадзіць» і пад.). Сесці на поезд. □ Пасаджу свайго сына я На жывога, На баявога Каня. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на жывую істоту, асобу або на частку цела як на прадмет, на які накіравана дзеянне. Начапіць ашыйнік на сабаку. Валасы выбіваюцца на лоб. □ З драцяных галін роўна абстрыжаных прысад падаюць уніз — на коней і людзей — лёгкія, кволыя сняжынкі. Бядуля. Кабета ражком хусткі выцірае слязінкі, што набеглі на вочы. Грахоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні прадмета, паверхня якога служыць месцам выяўлення чаго‑н., выканання чаго‑н. Перанесці абрысы на паперу. Пакласці апошнія штрыхі на малюнак. Няхай бы кожны ведаў, як цяжка трапіць на Дошку гонару, на газетную старонку, як нялёгка заслужыць працоўную славу. Грахоўскі. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет, на якім замацоўваецца або на які надзяваецца іншы прадмет. Усцягнуць боты на ногі. Тут .. [Стафанковіч] устаў вельмі раптоўна, удала надзеў на галаву шапку, развітаўся і шпаркім крокам рушыў да дзвярэй. Чорны. // перан. Ужываецца пры абазначэнні прадмета ці паняцця, якія ўсведамляюцца месцам, дзе засяроджваюцца якія‑н. пачуцці, уласцівасці, стан і пад. Не ідзе на думку. Прыйшло на памяць. Прыкідваць на вока. □ Вярнулася стома на вочы, мякка, уладна асела на душу... Брыль. [Стафанковіч] не браў на ўвагу нікога і нічога. Чорны. [Дзед:] — І прыкінь на розум, хлопча, Што парубак там няма. Колас.

2. з В. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета або асобы, у бок якіх накіравана дзеянне ці якія з’яўляюцца канцавым пунктам руху. Ехаць на Палессе. Падняць руку на ўзровень вачэй. Падняцца на пяты паверх. □ Болей дзесятка дывізій сабралі [белапалякі] правей Палесся і рушылі іх на Кіеў. Колас. Едзе хлопец на граніцу. Броўка. Адну за другой запальвае [Лаўрэн] семафорныя лямпы і ўсцягвае іх на самы верх мачтаў. Лынькоў. // Ужываецца пры абазначэнні пачатковага і канцавога пунктаў дзеяння, руху. З галінкі на галінку. З месца на месца. □ Праз непраходнае балота Уладзік спрытна ступае з купінкі на купінку. Бядуля. // Ужываецца пры абазначэнні кірунку. Дарога на Маскву. Сонца хілілася на захад. Дом вокнамі на поўдзень. □ Дзень добры, Масква! Як жа ясна ты свеціш На ўсе чыста свету староны. Купала. // Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, у межы якіх накіраваны рух, дзеянне (з назвамі ўстаноў, прадпрыемстваў і пад.). Несці на пошту. Накіраваць на фабрыку. Ісці на кухню. □ [Полька:] — І так мне ўсё агоркла, так абрыдла, што пасля дзевятага класа кінуў усё і пайшоў на льнозавод сушыльшчыкам. Грахоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні сферы дзейнасці як месца, куды накіравана якое‑н. дзеянне, рух. Адправіцца на канцэрт. Сабрацца на з’езд. Паступіць на курсы. Ехаць на начлег. Выйсці на дэманстрацыю. □ Сыноў бацька сваіх кліча На нараду ў хату. Купала. Раніцаю я ішоў на дзяжурства. Шынклер. На фронт адсюль накіроўваліся салдаты пеша. Чорны. // Ужываецца пры абазначэнні прадмета як прылады ці сродку дзеяння. Сесці на вёслы. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет або з’яву, якія служаць арыенцірам руху. Ісці на агеньчык. Бегчы на крык.

3. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, на якім (на паверхні якога) знаходзіцца хто- або што‑н., адбываецца якое‑н. дзеянне. Яснела неба, віднела на зямлі. Чорны. На скрыжаванні палявых дарог Здаўна стаіць сяло Чырвоны Лог. Танк. Ліпень выткаў слуцкі ўзор На палях пшанічных. А. Александровіч. Блізка на выпасе фыркалі коні... Броўка. Цені ўсюды: на пнях, на вадзе і на дыме. Куляшоў. На падлозе ў цэбрыку рос лапушысты фікус. Грахоўскі. На стале дымяцца стравы. Звонак. // Ужываецца пры ўказанні на жывую істоту, асобу ці на частку цела як на прадмет, на якім (на паверхні якога) знаходзіцца хто- або што‑н., адбываецца якое‑н. дзеянне. Сядзець вярхом на кані. □ Несціхана шумяць на дзяўчатах шаўкі. Броўка. На вусатым хутаранцы даўнейшы пыльнік пацёрся, змяўся, пазелянеў. Чорны. Ты не цураешся ні поту, Ні на далоні мазаля... А. Александровіч. Пыліць пад армейскімі ботамі шлях, Медалі звіняць на грудзях. Зарыцкі. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет, паверхня якога з’яўляецца месцам выканання, выяўлення, знаходжання чаго‑н. Эскіз на чарцёжнай кальцы. Нарысы на старонках газет і часопісаў. □ Маці золатам ніткуе Каласы на палатне. А. Александровіч. На карце вялікіх жывых пяцігодак Мы творчыя справы акрэслім мяжой. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет, на якім замацаваны або на які надзеты іншы прадмет. На цвічках віселі авоські з полуднем. Грахоўскі. Хлявух з аполкаў і пунька са скрыўленымі сценамі яшчэ трымалася на старым шуллі. Чорны. // перан. Ужываецца пры ўказанні на прадмет ці паняцце, якія ўсведамляюцца месцам, дзе засяроджваюцца якія‑н. пачуцці, уласцівасці, стан і пад. Уся.. бяда [Пракопа] была ў тым, што ён меркаваў замацавацца ў жыцці на сваіх старых поглядах і на старым грунце. Колас. Што ж, жывым на ўме жывое — Тут няма чаму дзівіцца. Крапіва.

4. з М. Ужываецца пры абазначэнні прасторы або прадмета, у межах якіх адбываецца якое‑н. дзеянне. На беларускім Палессі цякуць поўныя рэкі і густа стаяць лясы. Чорны. Праз некалькі дзён ледзь не палавіна атрада Сакольнага была на аэрадроме. Кулакоўскі. На бліжэйшай ад гарадка станцыі размясціўся і штаб экспедыцыі. Лынькоў. Ганарліва адбываем вахту На вялікім Нашым караблі. Лявонны. // Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, унутры якіх адбываецца якое‑н. дзеянне (з назвамі ўстаноў, прадпрыемстваў і пад.). Ён [волат] молатам біў на заводзе, з сярпом завіхаўся ў полі, Каб вораг у новым паходзе не здужаў яго ніколі. Куляшоў. Сціхнуў шум на калідоры, Не чутно гаворкі. Колас. // Ужываецца пры адначасовыя абазначэнні і сферы месца дзеяння, і непасрэднага дачынення да гэтага дзеяння, удзелу ў якой‑н. дзейнасці. Абмяркоўваць праграму на з’ездзе. Вучыцца на курсах. Быць на канцэрце. Прысутнічаць на прыёмах. □ Хоць пасівеў стары зашмат, Але на працы, як салдат. Броўка. Лес гамоніць, Як на сходзе дзе народ. Колас. Задымелі агні на начлезе, Зашумеў кучаравы бярэзнік. Купала.

Часавыя адносіны

5. з В. Ужываецца пры абазначэнні часу, да якога накіравана што‑н. Пасяджэнне пераносіцца на вечар. Збіраліся прыехаць на свята. Не адкладвай работы на потым. □ [Красікаў] запісваў у свой распухлы блакнот заданне на другую палову дня. Грахоўскі. // Ужываецца для ўказання на тэрмін, які непасрэдна ідзе за чым‑н. (пры словах, якія абазначаюць час, у спалучэнні з прыметнікамі «наступны», «другі», парадкавым лічэбнікам ці займеннікам «той»). На другі дзень, папаўдні, выязджаў Максімка з горада. Чорны. Сяляне вельмі сардэчна праводзілі .. [Сцёпку] і прасілі прыехаць да іх на другое лета. Колас. Нарада старшынь калгаса перанесена на наступны тыдзень. Пянкрат. // Ужываецца ў выразах «з дня на дзень», «з мінуты на мінуту» і пад. са значэннем «вельмі хутка», «у бліжэйшы з названых прамежкаў часу». // У спалучэнні з прыназоўнікам «з» (з — на) ужываецца для абазначэння часу, які непасрэдна папярэднічае якому‑н. дню, даце. У ноч з 19 на 20 красавіка мы непрыкметна паглыбіліся далёка ў тыл немцаў. Кірэенка.

6. з В. Ужываецца для абазначэння часу, калі адбываецца дзеянне. На дзесятыя ўгодкі Варма вараць мёд салодкі. Купала. На гэты дзень і сама хата Была прыбрана зухавата. Колас.

7. з В. Ужываецца пры абазначэнні тэрміну, да наступлення якога адбываецца, выяўляецца што‑н. Запасацца на зіму. Стан даходаў і расходаў на першае студзеня. □ У галавах, як горы, высіліся ёмкія падушкі, зложаныя на дзень суконныя коўдры ў клетку, посцілкі і прасцірадлы хатняга вырабу. Колас.

8. з В. Ужываецца пры абазначэнні тэрміну, на які распаўсюджваецца пэўны стан або вынікі дзеяння. На нейкую гадзіну дождж быў перастаў, а потым зноў пачало ліць. Мележ. — Мы з твайго пакалення, З кагорты байцоў, Ні на хвілю не можам Мы вешаць галоў. Куляшоў. [Надзя:] — Падарыць трэба такое, каб на ўсё жыццё памяць была. Грахоўскі.

9. з М. Ужываецца пры абазначэнні часу, у межах якога што‑н. адбываецца. Дождж і дождж. І гэта на пачатку верасня. Караткевіч. Шмат чаго бачылі на сваім вяку старыя бярэзіны. Галавач. Многа ўсякіх падзей, змен адбылося на .. [дзедавай] памяці. Колас.

10. з М. Ужываецца пры адначасовым абазначэнні і часу, і сферы якога‑н. дзеяння або выяўлення якой‑н. уласцівасці. Аднойчы на змене, Прайшоўшы забой, Шахцёры спачыць там Прыселі на камень. Броўка. Боты ўсюды спатрэбяцца мне — І ў баях, і на маршы. Куляшоў.

Аб’ектныя адносіны

11. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або яго часткі, а таксама часткі цела, якія з’яўляюцца апорай чаго‑н. Паставіць на падпоркі. Падняць на рукі. □ Цётка паставіла Юрку на калені. Колас. Найгорш дакучаюць ногі. На разбітыя пяты [Дарма] адразу не мог нават босы ступіць, а яму загадалі абуцца. Брыль.

12. з В. Ужываецца для абазначэння прадмета, які з’яўляецца прыладай, інструментам, сродкам для якога‑н. дзеяння. Узяць на буксір. Падзяліць на агульны множнік. □ Белым пылам даль закрыта, Ходзяць віхры вірам, Прасяваюць снег на сіта У бясконцай шыры. Колас. За разбітай шыбай плача вецер суха, Рвуцца пражы ніткі, ўюцца на калкі... Танк. Лаўрэн пацягвае пляч[а]мі ад вячэрняга холаду, заплікае на ўсе гузікі ватоўку і, дастаўшы з-пад куста вясло і ліхтар, спускаецца да самай вады. Лынькоў. // Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з’яўляецца мерай падзелу, адзінкай вымярэння. Мераць жыта на асьміны. □ На шклянкі вада вымяраецца, Яна даражэй за віно. Астрэйка.

13. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы або калектыву, на якія што‑н. залічваецца, якім што‑н. прыпісваецца, даручаецца. У складаць віну на чалавека. Даць даверанасць на таварыша. Застаецца ўсё на мае рукі. □ [Аржанец:] — Ты, Клімёнак, і на сябе вазьмі з гэтай ношкі хоць трошкі. Брыль.

14. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета або з’явы, у бок якіх накіравана дзеянне. Паўстаць на ворагаў. Адгукнуцца на заклік. Падпісацца на газеты і часопісы. Паказаць на малюнак. Раўняцца на перадавых. □ Кіну яшчэ разок вокам На лясочак, на палетак. Цётка. На нас паглядала Радзіма, Як маці на верных сыноў. Хведаровіч. Таму і сумна мне часамі, Што з дому звестак не чуваць, Што на лісты мае лістамі Не хочаце вы адказаць. Танк. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет або асобу, да якіх набліжаюцца, з якімі сутыкаюцца. Разведка трапіла на засаду. □ І дзе .. [Паўлюк] ні павернецца, то ўсюды так ці іначай натыкаецца на праклятае палена. Колас. Хтосьці ў цёмным кутку наляцеў на мяне нечакана, Ледзь не збіў мяне з ног. Куляшоў.

15. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета або з’явы, у адносінах да якіх выяўляецца пэўнае пачуццё, стан, на якія разлічваюць, спадзяюцца. Спадзявацца на ўдачу. Надзея на выратаванне. Разлічваць на сябра. □ І толькі на сына надзея адна... Глебка. Заварожым мы на росы І на шолах ціхіх траў, Ці сапраўды мой прыгожы, Ці надоўга пакахаў? Машара. // Ужываецца пры ўказанні на тое, што выбіраюць, да чаго прыходзяць у сваіх дзеяннях (звычайна з дзеясловамі «згадзіцца», «адважыцца», «асмеліцца» і пад.). Згадзіцца на перасяленне. Адважыцца на рызыкоўны палёт. □ Каб хто прыйшоў і сказаў, што трэба рабіць, дык на ўсё пайшлі б гэтыя людзі. Чорны. У юнацтве я сніў мора. Як мне хацелася на яго хвалях Паказаць, што на ўсё я, на ўсё здатны! Кірэенка. // Абл. Ужываецца пры абазначэнні аб’екта, пра які забыліся ці якога чакаюць. Дзе вы, брацці-ўдальцы, дзе вы, хлопцы-касцы? Гэй, дакуль на вас трэба чакаць? Купала. Забыўся, здаецца, Андрэй на ўсё, стоячы пад паважным, раўнамерным шумам сосен. Пестрак.

16. з В. Ужываецца пры ўказанні на аб’ект увагі, тэму размовы і пад. Мне здавалася, што ўся ўвага застыўшых ваколіц звернута на мяне. Бядуля. І толькі адзін дзяцел рытмічна і заўзята тукаў па галіне звонкага дрэва, не зважаючы ні на якія дзедавы трывогі. Колас. Падводчыкі ішлі па двое, па трое і .. вялі гутаркі на звычайныя .. тэмы. Гартны.

17. з В. Ужываецца пры абазначэнні аб’екта, які хочуць захапіць, падпарадкаваць сабе. Пайсці на ваўкоў. Кінуцца на канвой. □ Калі нарадзіўся волат, не знаў ён ні хвілі спакою: Варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною. Куляшоў. Адзін раз уночы бандыты напалі на горад. Чорны.

18. з В. Ужываецца для ўказання на аб’ект, які з’яўляецца характарыстычным прызнакам асобы ці прадмета. Майстар на ўсе рукі. Мастак на выдумкі. □ А за сталом на верашчаку Падгатаўлялі ўжо атаку, — На гэта хлопцы былі хваты. Колас. // Ужываецца пры ўказанні на вобласць ці сферу, у якіх праяўляецца які‑н. прызнак. Востры на язык. Рака, багатая на рыбу. Урадлівы на жыта. Прыемны на смак. □ Вялікі паход скупы на адпачынак. Чорны. Сухое узбекскае неба, Скупое на дождж і на гром. Колас. У той час нават у багатым на сады Прыдняпроўі пры кожнай сялянскай хаце было не больш як тры-чатыры дрэвы. Караткевіч. // (са словамі «хворы», «хварэць», «захварэць» і пад.). Ужываецца для ўказання на назву хваробы. Хворы на сухоты. Хварэць на тыф.

19. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, прыгнечанага для абмену на што‑н., для замяшчэння чаго‑н. Выменьваць жыта на пшаніцу. □ «Мая зямля», «мой поплаў», «паша», «Мой луг», «мой конь», «мае каровы» — Злінялыя, старыя словы! Пара, пара даць сэнс ім новы: Змяніць іх час на «наш» і «наша»! Колас.

20. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета або з’явы, з якімі адзначаецца падабенства, з якімі хто- ці што‑н. параўноўваецца. Майстэрня падобна на цэх завода. Птушка, падобная на вераб’я. □ [Надзя] бачыла твары, падобныя на тыя, што былі на газетных здымках, але хлопцы тут, на рабоце, выглядалі прасцей. Грахоўскі.

21. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет або на яго частку, а таксама на частку цела, якія з’яўляюцца апорай чаго‑н. Столь трымалася на падпорках. Трымаць на руках. □ Недалёка ад печы стаяла чорная дошка на трох нагах. Колас. Лаўрэн ляжыць на спіне, узіраецца ў нябесныя глыбіні, прыслухоўваецца да начных гукаў. Лынькоў. Калі, ачнуўшыся, .. [Ніна] паднялася на руках і села, падлога перад вачыма хісталася, хілілася набок, станавілася потырч, як сцяна. Мележ.

22. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу або калектыў, на якіх што‑н. лічыцца, якія валодаюць чым‑н., якія з’яўляюцца аб’ектам выяўлення пэўнага дзеяння, стану. На ім трымаецца гаспадарка. Засяродзіць клопаты на дзецях. □ Дзіця пабегла мацней, адчуваючы на сабе позірк незвычайнага чалавека. Чорны. Але памятайце — на вашым сумленні Не сплачаны доўг векавы. Колас. // (са словамі «жаніцца», «жанаты» і пад.). Ужываецца для ўказання на асобу жаночага полу, якая ўступае ў шлюб. Жаніцца на дачцы інжынера. Жанаты на настаўніцы.

23. з М. Ужываецца для абазначэння прадмета, пры дапамозе якога ўтвараецца дзеянне. Шыць на машыне. Весці на повадзе. Лічыць на пальцах. Паліць на агні. Пячы сала на ражончыках. □ За адзін пастаў на варштаце выраблялася звыш сарака сурвэт. Чорны. Дзень іграе на жалейцы, На трубе ды на ражку, На зялёным лазняку. Танк. // Ужываецца для абазначэння сродку перамяшчэння, а таксама прадмета або часткі цела, на якіх ці з дапамогай якіх адбываецца перамяшчэнне. Ехаць на машыне. Ляцець на самалёце. Імчацца на лыжах. □ Едзе восень на рабым кані, Тут дажджы ліюць, а тут ясна. Астрэйка. — На чужым добры доўга не паездзіш. Чорны. На палоззях ліповых І зіма прыляцела. Броўка. І на хвалях вады ружаватай Човен твой пераплыў ужо мель. Чарот.

24. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, з дапамогай якога вырабляецца ці гатуецца што‑н., на прадмет, паняцце, якія з’яўляюцца сродкам, матэрыялам ці асновай для чаго‑н. Гатаваць на масле. Засноўвацца на вопыце. Рухавік працуе на бензіне. □ Вежа тая ўвачавідкі Так расце, як на дражджах. Крапіва. На тарфяным апале, на штучных рачных вадаспадах і на нафтавых рухавіках пускаюцца электрастанцыі. Чорны. // Ужываецца пры абазначэнні мовы як сродку зносін. Гаварыць на англійскай мове. Размаўляць на эсперанта. □ А там дыпламаты гамоняць тактычна На мове выключна дыпламатычнай. Панчанка.

25. з М. Ужываецца пры ўказанні на што‑н. як на мяжу якога‑н. дзеяння, стану, уласцівасці. Твор свой, напісаны вершам, На гэтым канчаю. Куляшоў. І вось на словах «Хлопцы, настаў наш час...» маўклівы, ужо даволі немалады рэзервіст, які чамусьці не спяваў, зусім нечакана апаў грудзьмі ў нацельнай кашулі на замазучаную сталь «максіма». Брыль.

26. з М. Ужываецца для ўказання на сферу ці вобласць выяўлення прызнака. Горад расце на вачах. Уважлівы на занятках.

27. з М. Ужываецца пры ўказанні на аб’ект, на якім канцэнтруецца ўвага, гутарка і пад. Уся .. ўвага [хлапца] была засяроджана на возе. Лынькоў. У заключэнне мы хочам спыніцца на правапісе. Крапіва.

Адносіны пераўтварэння

28. з В. Ужываецца для ўказання на прадмет, у які пераходзіць або ператвараецца ранейшы прадмет. Разбіць луг на агароды. Пілаваць бервяно на дошкі. Спаліць на попел. □ «Каб свет не захлынуўся больш у крыві, Увесь расшматаны на рызманы, Давайце раззброімся: я і вы, — Начыстую і без маны». Крапіва. Ужо ў пачатку лістапада станавіўся сухі холад, а пад сярэдзіну таго ж месяца нападаў змёрзлы і сцёрты ветрам на муку снег. Чорны. // Ужываецца пры ўказанні на пераход з аднаго стану ў другі. Займацца на дзень. Ісці на папраўку. □ Узняўся вецер. Збіралася к н[о]чы на дождж. Чорны.

Адносіны меры і ступені

29. з В. Ужываецца для абазначэння паўнаты выяўлення якога‑н. дзеяння або прызнака. Праславіцца на ўсю рэспубліку. Пець на ўвесь голас. Закрычаць на ўсю хату. □ Мала каму верылася, што толькі год таму, як.. [Піліпчык] яшчэ на поўную сваю сілу цяслярыў. Чорны. Мы з вольнае краіны, Адной на цэлы свет. Глебка. // Ужываецца ў прыслоўных выразах: «на здзіўленне», «на дзіва», «на рэдкасць» і пад. Жыта там родзіцца на дзіва. Колас. Такароўцы спахмурнелі не на жарт. Бядуля.

Колькасныя адносіны

30. з В. Ужываецца пры абазначэнні колькасці, меры, якія вызначаюць межы чаго‑н. Работы на адну гадзіну. Наваколле відаць на пяць кіламетраў. Купіць на два рублі. □ Абоз расцягнуўся больш як на вярсту. Колас. На сажань у глыб заплялося карэнне. Панчанка. // Ужываецца пры абазначэнні становішча ці месца прадмета або з’явы ў радзе да іх падобных. На першы раз дарую. На гэты раз нашы лыжнікі прыйшлі першымі.

31. з В. Ужываецца пры абазначэнні колькаснай прыметы, якой вызначаецца ўнутраны змест ці прызначэнне чаго‑н. Купэ на чатырох пасажыраў. Абед на шэсць чалавек. □ Калгаснік, які будуецца цяпер, мала каторы ставіць хату менш як на тры, а то і чатыры чыстыя пакоі. Чорны.

32. з В. Ужываецца пры ўказанні на колькасную розніцу. Брат на шэсць гадоў маладзей за сястру. З’явіцца на тыдзень пазней. Пастарэць на дзесяць гадоў. Цяжэйшы на тры кілаграмы. □ Назаўтра ў саўгасе выехалі араць на гадзіну раней. Чорны. [Гудовіч:] Сапраўды — ізноў пахарашэла. [Броня:] Сур’ёзна? [Гудовіч:] Досыць сур’ёзна. Працэнтаў на пяцьдзесят. Крапіва.

Размеркавальныя адносіны

33. з В. Ужываецца пры ўказанні на колькасны паказчык раздрабнення, падзелу. Разламаць бульбіну на дзве часткі. Класавае грамадства падзелена на эксплуататараў і эксплуатуемых. □ [Дэсані] рэзка дзяліліся на два самастойныя гатункі — «просты» і «павучковы». Чорны. Я сам быў адзін — як лісток скамечаны, Я сам гарэў і разрываўся на часткі. Кірэенка.

Азначальныя адносіны

34. з В. Ужываецца пры ўказанні на прызнак прадмета. Казка на стары лад. □ Калыхнуў паўднёвы вецер настыўшыя галіны, атрос засеўшыя на іх белыя снежныя покрывы, з песняю на веснавы лад прайшоўся над акачанелымі хмызнякамі і весцю аб вясне шаргануўся па саламяных стрэхах сялянскіх хат. Колас.

35. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, наяўнасць якога характарызуе, вызначае іншы прадмет або асобу. Ганак на слупах. Туфлі на высокіх абцасах. Пірог на мёдзе. □ Вазкі на рысорах Ныраюць за ўзгоркі. Куляшоў. Гэтак адзяецца Анэта. Падрапаная за доўгі час скураная жакетка на футры, чорны шаль. Чорны.

Адносіны характару і спосабу дзеяння

36. з В. Ужываецца пры абазначэнні характару ці спосабу дзеяння, асаблівасцей выяўлення працэсу. Загаманіць на ўсе лады. Зрабіць на свой густ. Дыхаць на поўныя грудзі. □ Нам варта толькі з хаты выйсці — І ўсё на лад свой перайначым. Хадыка. І цягам доўгія часіны, Дзявочыя забыўшы сны, Свае шырокія тканіны На лад персідскі ткуць яны. Багдановіч. Нават не спяваў, а проста... выгаворваў [бацька] гэтую песню, ціха, невыразна, на нескладаны матыў. Чорны. // Ужываецца пры ўказанні на спосаб звароту да субяседніка. [Кадравік] ужо да.. [дзяўчыны] звяртаўся на «ты». Грахоўскі. / Ва ўстойлівых зваротах; «на выгляд», «на погляд» («на першы погляд»), «на смак», «на слых» і пад. Алесю нецікавымі здаваліся французы: неспадзявана вялыя і вельмі ж многа іх, на першы погляд .. аднолькавых. Брыль. Сёння паспрабаваў прымаць [тэлеграфную перадачу] на слых. Шынклер.

37. з В. Ужываецца пры ўказанні на ўмовы, абставіны, пры якіх адбываецца якое‑н. дзеянне. Працаваць на свежую галаву. Класціся спаць на галодны жывот. □ Неўзабаве, каля той усё школы, пачынаюць збірацца [сяляне]. Хто ў лапцях, хто ў ботах, хто ў кажушыне. Хто на скорую руку, а хто як мае быць — нават папругай падпёразаўшыся. Скрыган. Мікола наклаў воз на борздую руку. Колас. // Ужываецца пры ўказанні на ўмовы, абставіны ці акалічнасці, куды (у якія) накіравана што‑н. Вынесці на мароз. Клікаць на волю. □ [Якуб Якубоўскі:] Дзе ты быў? І што ты бачыў?! Прасядзеў увесь век свой у запечку, баючыся носа на людзі выткнуць. Чорны.

38. з В. Ужываецца пры ўказанні на пераход да іншага спосабу ці характару дзеяння. Мы едзем, гаворыш; Шум ветру ў вушах. Дзе-недзе прышпорым Ды зноўку на шаг. Крапіва. Коні, узмакрэлыя ад далёкай дарогі і хуткай язды, як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць, рупліва тупаючы па глыбокім, пяску. Брыль. / Пры абазначэнні мовы як сродку зносін. Перакласці на англійскую мову.

39. з В. Ужываецца пры абазначэнні ацэнкі якога‑н. дзеяння, стану, якасці прадмета. Вучыцца на пяць. □ — І ты, Юрка, гэты экзамен вытрымаў на выдатна. Пестрак. — Давайце, давайце, я згодзен. Вучыце. На чацвёрку выцягну, а пяцёрак не абяцаю. Грахоўскі.

40. з М. Ужываецца пры абазначэнні спосабу ўтварэння дзеяння або характару выяўлення працэсу. Малатарня працавала на халастым хаду. Поўзаць на карачках. □ Як толькі падымалася сонца, .. [Наташа] зноў была на нагах. Шамякін. / У прыслоўных выразах (з адценнем часавага значэння): «на хаду», «на ляту», «на скаку», «на бягу». Стары с[ч]эпшчык, ён прывык усё рабіць на хаду: на хаду прычапляць, на хаду выскакваць з-пад вагонаў, на хаду хапацца за вагонныя ці паравозныя прыступкі, на хаду скакаць каля стрэлак. Усё на хаду. Але не ўвесь жа дзень на хаду. Лынькоў.

41. з М. Ужываецца пры абазначэнні ўмоў, абставін, пры якіх адбываецца дзеянне ці выяўляецца які‑н. прызнак. Жыць на адзіноце. Сарамлівы на людзях. Не спыняцца на дасягнутым. □ Дзе-нідзе ў полі на межах стаялі адзінокія ігрушы і сіратліва махалі сваімі голымі галінамі.. на холадзе. Колас. Дарога ў лесе была дзе-нідзе завалена галлём, а дзе і ляжала ўпоперак верхавіна сасны або елкі з неабсечанымі галінамі, якія растапырана тырчалі на фоне дарогі. Пестрак. Безупынна шуміць калаўротак, і на шуме яго кладзецца старэчы голас бабулі. Брыль.

42. з М. Ужываецца пры ўказанні на становішча або стан, у якім хто- ці што‑н. знаходзіцца, а таксама на дзейнасць, якой хто‑н. займаецца. Стаяць на вахце. Знаходзіцца на службе. Быць на ўтрыманні. □ Мы мужна стаялі на варце Вялікіх і цяжкіх спраў. Хведаровіч.

Прычынныя адносіны

43. з В. Ужываецца для ўказання на падставу, абгрунтаванне якога‑н. дзеяння. Падзякаваць у адказ на віншаванне. Зрабіць скідку на маладосць.

44. з М. Ужываецца пры ўказанні на тое, што з’яўляецца асновай, прычынай ці крыніцай якога‑н. дзеяння, стану. Дзякую вам на добрым слове. □ Гарачун не супроць быў часам, каб зарабіць на чым-небудзь. Шахавец.

Мэтавыя адносіны

45. з В. Ужываецца пры ўказанні на мэту, прызначэнне якога‑н. дзеяння. Паставіць на абмеркаванне. Падаць руку на развітанне. Спяшацца на дапамогу. Выклікаць на спаборніцтва. Пайсці на спачын. □ На спатканне песням волі Дух мой рвецца і ляціць. Колас. Прамчаць над борам самалёты, На бойку рушацца палкі. Броўка. Сюды збіраецца на абед уся іх брыгада. Грахоўскі. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет ці стан як мэту, на дасягненне якой накіравана дзеянне. Патраціць грошы на дарогу. Ірваць кветкі на вянкі. □ Тарас купіў на дарогу пачак папярос за тры капейкі. Колас. Цемнавата здалося з двара і дыхнула водарам сушаных траў, што тырчалі пучкамі з-пад бэлькі, сабраныя на чай і лекі. Брыль. // Ужываецца пры ўказанні на мэту (з адценнем акалічнасных адносін) у выразах, блізкіх да прыслоўяў. Даць на памяць. □ Куторга, як і трэба было чакаць, быў выстаўлены на пасмешышча. Майхровіч. // Ужываецца пры ўказанні на прызначэнне прадмета. Сродкі на ўтрыманне дзіцячых садоў. Шоўк на сукенку. // Ужываецца пры ўказанні на занятак, дзеля якога прызначаецца які‑н. адрэзак часу. — Найшлі час на размовы. Лынькоў. [Адам:] — Раскажацца ўсё. Будзе на гэта час. Чорны. // Ужываецца пры ўказанні на выпадак, нагоду. Верш Янкі Купалы «На смерць Сцяпана Булата». // Ужываецца пры ўказанні на эмацыянальную ацэнку якога‑н. дзеяння, падзеі. Жыві нам на радасць. Ешце на здароўе. Зрабіць на зло ворагу. // Ужываецца пры абазначэнні матыву, падставы якога‑н. дзеяння. Падараваць на беднасць. Берагчы на ўсякі выпадак.

46. з В. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу, калектыў, для якога ці ў інтарэсах якога што‑н. адбываецца. На ўсіх не дагодзіш. □ Сцёпка некалі на пана Працаваў, як чорны вол. Крапіва. Відаць, спецыяльна на .. [жанчыну] пашыты кажушок. Колас. Стары Наздрэйка захацеў каня падкарміць, каб лепш плуг цягнуў, як паедзе на жыта араць. Крапіва.

47. з В. Ужываецца пры ўказанні на званне, спецыяльнасць, прафесію, з мэтай дасягнення ці авалодання якімі адбываецца дзеянне. Вучыцца на ўрача. □ Лепшай, чым Шаройка, кандыдатуры на старшыню калгаса знайсці было нельга. Шамякін.

на 2, часціца.

1. Вазьмі, бяры; атрымліваў. Марыля адышла, пакорпалася ў скрыні. — На табе нагавіцы чыстыя, надзень. — Хацела кінуць ношаную пару палатнянай бялізны на лаву, ды назад палажыла: — Дам я табе ўжо новыя.. Насі здароў. Лобан. На табе, божа, што мне нягожа. Прыказка.

2. Ужываецца для падзывання сабакі. — Галаска, цюцік! На, цю, на! На, цю, на! — пазваў я.. [сабаку]. Колас.

•••

Вось табе і на! гл. вось.

На табе — вокліч здзіўлення, расчаравання, выкліканага нечаканасцю, неспадзяванасцю чаго‑н. [Марыля:] Жалоба па бацьку яшчэ не адышла, .. а ён — на табе! На скрыпцы выігрывае. Купала. [Аканом:] — Ты павінен падганяць лайдакоў, а ён — на табе — у іх дудку іграе. С. Александровіч.

на 3, прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў з наступнымі значэннямі: 1) накіраванасць дзеяння на паверхню прадмета, сутыкненне з прадметам, напрыклад: наехаць, набегчы, наляцець, наскочыць, наплыць; 2) накладванне, змяшчэнне на прадмет, напрыклад: насадзіць (вілкі на ражон), нака́паць, наклеіць, наляціць, пакінуць (паліто на плечы); 3) ажыццяўленне дзеяння на паверхні прадмета (утварэнне на паверхні прадмета налёту, наросту, накіпу і г. д.), напрыклад: нагарэць, накіпець, намерзнуць, насохнуць; 4) паўната, дастатковасць дзеяння — а) пашырэнне дзеяння на вялікую колькасць прадметаў, напрыклад: набудаваць, накапа́ць, насеяць, наскубці; б) напаўненне чаго‑н. чым‑н., напрыклад: напхаць (сяннік), наліць (шклянку чаю); в) вычарпальнасць дзеяння, напрыклад: начысціць (гузікі да бляску), нашараваць (падлогу); 5) задаволенасць дзеяннем самога суб’екта (са зваротнымі дзеясловамі), напрыклад: наесціся, наляжацца, нагаварыцца, насмяяцца, нагуляцца, нагушкацца.

II. Утварае дзеясловы закончанага трывання, не ўносячы якіх‑н. іншых істотных значэнняў, напрыклад: напісаць, нагадзіць. // Утварае дзеясловы закончанага трывання ад дзеясловаў незакончанага трывання, якія маюць прыстаўку [а, аб, ад, вы, з (с), пад, пра, пры, раз (рас), уз, у], са значэннем вялікай колькасці, празмернасці дзеяння, напрыклад: наабіраць, наабломваць, наадбіраць, навыдумляць, наздзіраць, нападвязваць, напракопваць, напрыклейваць, наразбіваць, наўкопваць.

III. Ужываецца пры ўтварэнні прыметнікаў і назоўнікаў са значэннем «знаходзіцца на паверхні чаго‑н., на чым‑н.», напрыклад: наземны, нацельны, накаленны, накаленнікі, нарукаўны, нарукаўнікі, наручны, наручнікі.

IV. Ужываецца для ўтварэння прыслоўяў са значэннем «на які‑н. тэрмін, у якім‑н. напрамку, у якой‑н. меры, ступені», напрыклад: назаўсёды, напроці, напоперак, настолькі, наколькі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ІРЛА́НДЫЯ (ірл. Éire, англ. Ireland),

Ірландская Рэспубліка (ірл. Saorstát Éireann, англ. Irish Republic), дзяржава ў Зах. Еўропе, на в-ве Ірландыя. Мяжуе на Пн з Паўн. Ірландыяй, якая ўваходзіць у склад Вялікабрытаніі. Пл. 70,3 тыс. км². Нас. 3555,5 тыс. чал. (1997). Дзярж. мовы — ірландская і англійская. Сталіца — г. Дублін. Падзяляецца на 4 правінцыі, якія ўключаюць 26 графстваў і 5 буйных гарадоў-графстваў. Нац. свята — Дзень св. Патрыка (17 сак.). Характарыстыку прыроды гл. ў арт. в-аў Ірландыя.

Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1937 (з пазнейшымі змяненнямі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт з шырокімі паўнамоцтвамі, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны парламент у складзе палаты прадстаўнікоў (166 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам не больш як на 5 гадоў) і сената (6Ō членаў, частка іх назначаецца прэзідэнтам, астатнія выбіраюцца насельніцтвам). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.

Насельніцтва. Каля 99% насельніцтва — ірландцы. Да нац. меншасцей адносяцца англічане і шатландцы. Большасць вернікаў католікі (93%), ёсць пратэстанты (англікане, 3%). Сярэдняя шчыльн. 50,6 чал. на 1 км. Найб. густа населена ўсх.ч. краіны. Гар. насельніцтва 58%. Найб. гарады (тыс. ж., 1991): Дублін (з прыгарадамі) — 915,5, Корк — 174,4, Лімерык — 75,4, Дан-Лэры — 55,5, Голуэй — 50,9, Уотэрфард — 41,9. Працаздольнае насельніцтва занята ў прам-сці (29,5%), сельскай гаспадарцы (13,5%), сферы паслуг (57%). Эміграцыя 30—40 тыс. чал. за год.

Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек на тэр І. з’явіўся прыкладна за 6 тыс. гадоў да н.э. У 4 ст. да н.э. І. пачалі засяляць кельты, што асімілявалі мясц. насельніцтва. Яны падзяляліся на роды (кланы) і плямёны, якія ўтварылі 5 плем. федэрацый, аб’яднаных у 3—4 ст. пад уладай ард-рыяга (вярх. караля). Развівалася кельцкая культура (вераванні, л-ра, заканадаўства). У 5 ст. прынята хрысціянства. Шматлікія кляштары сталі асяродкамі мастацтва, л-ры (на стараж.-ірл. і лац. мовах) і навукі. У 6—9 ст. ірл. вучоныя і місіянеры аказвалі ўплыў на краіны Зах. Еўропы, у т. л. на хрысціянізацыю Шатландыі, культ. развіццё дзяржавы Каралінгаў. У 795 пачаліся набегі на І. нарманаў, якія да 10 ст. заснавалі гарады Дублін, Уотэрфард, Лімерык. Працяглая барацьба з нарманамі скончылася перамогай ірл. дружын у бітве пры Клонтарфе (1014). У 1169 пачалося заваяванне І. англа-нармандскімі рыцарамі, якія стварылі на паўд.-ўсх. яе ўзбярэжжы англ. калонію. Тут былі ўведзены манарыяльная сістэма (гл. Манар), англ. законы, падзел на графствы, парламент (з 1297), які ў 1495 падпарадкаваны англ. парламенту і каралю. У канцы 15 ст. пры Цюдарах пачалася сістэматычная каланізацыя англічанамі ўсёй тэр. І. У 1536—37 англ. кароль Генрых VIII прымусіў ірл. парламент прызнаць яго кіраўніком царквы ў І., а ў 1541 прыняў тытул караля І. З гэтага часу нац,вызв. барацьба ірландцаў набыла і рэліг. характар. Англ. прыгнёт стаў прычынай шэрагу паўстанняў ірландцаў (1559—67, 1569—83, 1594—1603, Ірландскае паўстанне 1641—52, 1688—91), пасля задушэння якіх англ. ўлады праводзілі масавыя канфіскацыі зямлі (да канца 17 ст. іх канфіскавана амаль ​6/7). Карэннае насельніцтва І. зганялася з зямлі, на якой сяліліся шатл. і англ. пратэстанты. Каталіцкае насельніцтва І. было пазбаўлена паліт. і грамадз. правоў, што вяло да дэмаграфічнага і эканам. заняпаду краіны. Паліт. і эканам. ўмовы сталі прычынай шырокай эміграцыі, якая пачалася ў 17 ст. і набыла масавы характар у выніку т. зв. вял. голаду 1845—49. Смерць ад голаду і эміграцыя (пераважна ў ЗША і Вялікабрытанію) прывялі да значнага зніжэння колькасці насельніцтва (у 1841—8,2 млн., у 1851—6,5, у 1911—4;4 млн. чал.).

Нац.-вызв. рух, які ўзмацніўся пад уплывам вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 і франц. рэвалюцыі канца 18 ст., прымусіў брыт. ўрад паслабіць калан. рэжым, увесці ў 1782—83 парламенцкую аўтаномію. Арг-цыя «Аб’яднаныя ірландцы» выпрацавала праграму барацьбы за незалежную рэспубліку, аднак нац.-вызв. паўстанне 1798 было задушана. У 1801 парламенцкая аўтаномія І. ліквідавана, парламент скасаваны, ірл. прадстаўнікі атрымалі некалькі месцаў у брыт. парламенце (гл. Англа-ірландская унія 1801). У 19 ст. І. цалкам ператворана ў агр. прыдатак метраполіі. У 1840-я г. пачаўся агр. пераварот, дробная сял. рэнта замянялася арэндай буйных зямельных участкаў пашы. Шырыўся рух за разрыў уніі 1801. У 1842 створана група «Маладая Ірландыя», асн. патрабаваннем якой стала незалежнасць І. Радыкальныя ўдзельнікі нац.-вызв руху заснавалі ў 1847 Ірландскую канфедэрацыю, яе лідэры заклікалі да ўзбр. паўстання супраць англ. панавання; Ірл. паўстанне 1848 задушана. Пасля паражэння паўстання 1867 супраць згону сялян з зямлі цэнтр. месца ў паліт. жыцці краіны заняла барацьба за гомруль (самакіраванне ў межах Брыт. імперыі). У 1879 створана Зямельная ліга. Прадстаўнікі ірл. нац. інтэлігенцыі пачалі барацьбу за адраджэнне ірл. (гэльскай) мовы (да 19 ст. амаль цалкам выцесненай англ.) і нац. культуры (гл. Гэльская ліга).

У 1914 брыт. парламент ухваліў закон аб аўтаноміі І., аднак адтэрмінаваў яго ажыццяўленне да заканчэння 1-й сусв. вайны. Гэта палітыка брыт. улад стала прычынай Ірландскага паўстання 1916, якое было жорстка задушана. У хуткім часе незалежніцкі рух узначаліла партыя Шын фейн, у канцы 1918 яе прадстаўнікі атрымалі на выбарах у брыт. парламент 73 месцы. Дэпутаты-шынфейнеры абвясцілі сябе першым ірл. урадам, а ў студз. 1919 — незалежнасць І. (прэзідэнт І.Дэ Валера). Явачна ствараліся нац. органы ўлады, узбр. сілы. Сфарміраваная Ірландская рэспубліканская армія вяла ваен. дзеянні супраць англ. войск і паліцыі, якія скончыліся падпісаннем мірнага англа-ірландскага дагавора 1921. Паводле яго краіна была падзелена на 2 часткі. Паўн. І. (Ольстэр) засталася пад.уладай Вялікабрытаніі, Паўд. І. атрымала правы дамініёна (Ірл. свабодная дзяржава); на яе тэр. захаваліся англ. ваен. базы. Спрэчкі паміж ірл. патрыётамі па адносінах да дагавора 1921 выклікалі грамадз. вайну 1922—23, што скончылася паражэннем прыхільнікаў барацьбы за поўную суверэннасць і адзінства І. У 1932 яны атрымалі перамогу на парламенцкіх выбарах (партыя Фіяна файл) і сфарміравалі ўрад на чале з Дэ Валера (да 1948). У 1937 прынята новая канстытуцыя. Яна адмяніла статус дамініёна, абвясціла суверэнную дзяржаву Эйрэ (ірл. назва 1.), якая захоўвала толькі фармальныя сувязі з Вялікабрытаніяй. У 1949 І. абвешчана рэспублікай і фармальна выйшла з брыт. Садружнасці. Адносіны да Паўн. І., якую І. лічыць сваёй гіст. часткай, з 1922 З’яўляюцца адной з гал. паліт. праблем, асабліва пасля абвастрэння ў 1968—69 паўн.-ірл. канфлікту. Ірл. ўрад лічыць таксама, што змена статусу Паўн. І. можа адбыцца толькі са згоды большасці яе жыхароў. І. імкнецца аказваць уплыў на брыт. кіраванне ў Паўн. І. і разам з памяркоўнымі паўн.-ірл. групоўкамі распрацоўвае мадэль уз’яднання, прымальную для Вялікабрытаніі і паўн.-ірл. пратэстантаў. У 1985 падпісана англа-ірл. пагадненне аб стварэнні міжурадавага кансультатыўнага органа па ўнутр. праблемах Паўн. І. Урад І. ўдзельнічаў у перагаворах, у выніку якіх у 1994 спынена ўзбр. барацьба ў Паўн. І. На міжнар. арэне І. падтрымлівае цесныя паліт. кантакты з краінамі Зах. Еўропы і Паўн. Амерыкі, захоўвае ваен. нейтралітэт (абвешчаны ў час 2-й сусв. вайны). З 1997 прэзідэнт краіны — М.Макаліз, прэм’ер-міністр — Б.Ахерн. І. — чл. ААН (з 1955), Еўрап. саюза (з 1973). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Лейбарысцкая партыя, Фіяна файл, Фіне гал, Партыя прагрэс. дэмакратаў, Дэмакр. левая партыя. Прафс. аб’яднанне — Ірл. кангрэс трэд-юніёнаў.

Гаспадарка І. — індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на аднаго жыхара 15,4 тыс. дол. ЗША (1995). Доля ў ВУП (у %): прам-сці — 36, сельскай гаспадаркі — 8, сферы паслуг — 56. Вядзецца здабыча торфу — каля 8 млн. т за год (адно з першых месцаў у свеце). У І. буйнейшае ў Зах. Еўропе радовішча поліметал. руд Тынаг у цэнтр. ч. краіны. Здабываюць цынк (193,7 тыс. т, 8-е месца ў свеце, 1993), свінец, медзь, серабро, ртуць, жал. руду, каменны вугаль, прыродны газ, пірыты. Аснову энергабалансу складаюць торф, імпартная нафта, каменны вугаль, гідраэлектраэнергія. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 16,6 млрд. кВт гадз, пераважна на ЦЭС. ГЭС на р. Шанан. Важнае месца ў прам-сці займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка: зборка аўтамабіляў (з-д «Форд» у Корку) і трактароў (Дублін), суднабуд. і суднарамонт (Дублін, Корк, Лімерык, Дан-Лэры), электроніка і радыёэлектроніка (Дублін, Корк, Лімерык, Уотэрфард). Чорная металургія прадстаўлена з-дам у Корку. Хім. і нафтахім. (мінер. ўгнаенні, пластмасы, гумавыя вырабы), фармацэўтычная прам-сць у Корку, Дан-Лэры. На мясц. сыравіне развіта харч. (мясная, малочная, мясакансервавая, піваварная, спірта-гарэлачная) прам-сць. Ёсць прадпрыемствы папяровай і шкляной прам-сці ў Уотэрфардзе. У сельскай гаспадарцы пераважаюць дробныя і сярэднія фермерскія гаспадаркі памерам да 25 га. Пад ворывам 14% тэр. краіны, пад пашай і сенажацямі каля 70%. Гал. галіна — жывёлагадоўля, якая дае 90% валавой с.-г. вытв-сці (70% ідзе на экспарт). Па колькасці буйн. раг. жывёлы на душу насельніцтва і па яе вывазе ў жывым выглядзе І. займае 1-е месца ў Еўропе. Асн. раёны — Пд, ПдЗ і 3 краіны. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 6,4, авечак — 5,8, свіней — 1,5. Птушкагадоўля. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, сеяныя травы, бульбу, турнэпс, цукр. буракі, лён. Агародніцтва і садоўніцтва. Марское рыбалоўства. Улоў рыбы — 412,7 тыс. т (1995). Штогод краіну наведвае каля 3—3,5 млн. турыстаў. Замежны турызм дае каля 2 млрд. дол. ЗША прыбытку. Даўж. аўтадарог 86,8 тыс. км, чыгунак 1,9 тыс. км. Аўтапарк каля 990 тыс. машын. Унутр. суднаходныя шляхі: р. Шанан, Гранд-канал, Роял-канал. Танаж марскога флоту каля 129 тыс. брута рэг. т. Гал. парты Дублін, Корк. У краіне 225 км газаправодаў. 9 аэрапортаў, у т. л. 3 міжнародныя (Дублін, Корк, Шанан). Экспарт (1994, 29,9 млрд. дол. ЗША): машыны і абсталяванне, жывая жывёла, прадукты жывёлагадоўлі, піва, хім. прадукты, тэкстыль, канцэнтраты каляровых металаў. Імпарт (1994, 25,3 млрд. дол. ЗША): машыны і абсталяванне, нафта, хім. прадукты, кармы. Вял. значэнне маюць грашовыя пераводы эмігрантаў. Асн. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Францыя, Нідэрланды. Гандл. абарот Рэспублікі Беларусь з І. у 1996 склаў 26,9 млн. дол. ЗША. Грашовая адзінка — ірл. фунт.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць каля 13 тыс. чал. (1996). Ёсць рэзервы. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (11 тыс. чал.) маюць на ўзбраенні больш за 100 танкаў і бронеаўтамабіляў, больш за 700 артыл. сродкаў і інш. У ВПС больш за 900 чал. асабовага складу, каля 30 самалётаў. У ВМС каля 1 тыс. чал., 7 караблёў.

Ахова здароўя. Сістэма мед. абслугоўвання знаходзіцца ў падпарадкаванні дэпартамента аховы здароўя. Насельніцтва, што карыстаецца мед. паслугамі, падзяляецца на 3 катэгорыі: людзі, якія атрымліваюць усе віды мед. дапамогі бясплатна (з нізкімі даходамі), 2 група (з больш высокімі даходамі) карыстаюцца мед. паслугамі за зніжаную, дыферэнцыраваную аплату. Для дзяцей да 16 гадоў і хранічна хворых — стацыянарнае і амбулаторнае лячэнне, прышчэпкі супраць заразных хвароб, іх дыягностыка бясплатныя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 73,1, жанчын 78,6 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 255 чал., урачамі — 1 на 588 чал. Узровень нараджальнасці 13 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,4%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае пач. і сярэднія школы, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Самаст. дашкольных устаноў няма (існуюць дашкольныя аддзяленні пры пач. школах). Большасць агульнаадук. навуч. устаноў прыватныя або канфесіянальныя. Пач. школа з 6-гадовага ўзросту, 6 гадоў навучання; ёсць 1- і 2-камплектныя школы. Існуюць 3 тыпы сярэдніх школ: традыц., аб’яднаныя і абшчынныя. Усе яны маюць 2 ступені: асн. абавязковая (3—4 гады навучання) дае няпоўную сярэднюю адукацыю, яе выпускнікі пасля здачы экзаменаў атрымліваюць прамежкавы атэстат, старэйшая (3-гадовая) — поўную сярэднюю адукацыю з правам паступлення ў ВНУ. На базе асн. школы прафес.-тэхн. адукацыю даюць прафес.-тэхн. школы (3—5 гадоў навучання), сярэднюю спец.тэхн., маст. і інш. спец. каледжы (3—4 гады навучання). У 1996/97 навуч. г. ў І. 8 ун-таў (каля 60 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: Нац. ун-т І. ў Дубліне (з 1909, больш за 20 тыс. студэнтаў, уяўляе сабой федэрацыю універсітэцкіх каледжаў у Дубліне, Корку, Голуэі і яшчэ 6 каледжаў, у т. л. Каледж св. Патрыка ў Мейнуце), Дублінскі ун-т (засн. ў 1591 як Трыніты-каледж), Дублінскі гар. ун-т (з 1975), ун-т у Лімерыку (з 1989). Навук. ўстановы: Каралеўскае дублінскае т-ва, Каралеўская ірл. акадэмія, галіновыя акадэміі — мед., славеснасці (засн. Б.Шоу), жывапісу, скульптуры і архітэктуры. Буйнейшыя б-кі: універсітэцкія, Нац. (з 1877) і Публічная — у Дубліне і інш. Буйнейшыя музеі: Нац. музей (з 1731), Нац. галерэя, Галерэя сучаснага мастацтва, Грамадз. музей (з 1953) — усе ў Дубліне.

Друк, радыё, тэлебачанне. У І. выходзіць 8 штодзённых газет: 6 — у Дубліне, 2 — у Корку, у т. л. 4 ранішнія, якія распаўсюджваюцца па ўсёй краіне. Самы высокі тыраж маюць незалежныя газеты — ранішняя «Irish Independent» («Ірландская незалежная», з 1891, сучасная назва з 1905) і штодзённая вячэрняя «Evening Herald» («Вячэрні веснік», з 1891). Інфарм. агенцтваў у І. няма. Радыё і тэлебачанне кантралююцца аўтаномнай карпарацыяй «Радыё Тэлефіс Эйрэан» (PTE; засн. ў 1960, фінансуецца дзяржавай), якая трансліруе праграмы Радыё-1 і Радыё-2. Дзейнічаюць таксама рэгіянальнае радыё Корк, нац. незалежнае радыё Сэнчуры. Дзярж. тэлебачанне трансліруе праграмы PTE-1 і PTE-2; з 1989 дзейнічае і незалежны канал ТВ-3.

Літаратура. Развіваецца на ірландскай мове і англійскай мове. Гераічны эпас (сагі) узнік у першыя стагоддзі н.э. (першыя запісы 8 ст., захаваліся запісы 12 ст.). Найб. вядомая — гал. сага гераічнага цыкла «Выкраданне быка з Куальнге» з цэнтр. вобразам Кухуліна — нац. героя І. У сярэднія вякі высокага ўзроўню дасягнула паэзія бардаў (Донах Мор, Мюрэдах Албанах, Гофрэй Фіён). Карэнныя змены ў л-ры звязаны з англ. каланізацыяй у 12 ст. Аднак забарона ірл. мовы, знішчэнне рукапісаў не спынілі развіццё нац. л-ры. У 16—18 ст. адбывалася ломка арыстакратычнай традыцыі бардаў, асаблівае значэнне набыла балада. Літ. мовай стала нар. ірл. гаворка. У л-ры пераважалі тэмы развітання з радзімай, адчування крызісу звыклага ўкладу жыцця (песня «Бывай, Ірландыя» Дж.Наджэнта, «Ода Мэгуайру» Э.О’Хасі). У 17 ст. сабраны і перапісаны шматлікія рукапісы, якім пагражала знішчэнне (склалі шматтомныя «Аналы чатырох магістраў»; 1632—36). З канца 18 ст. пачынае складвацца традыцыя празаічных твораў на англ. мове: гіст. (Дж.Бейнім) і сац.-быт. (М.Эджуарт, У.Карлтан) раманы. Ірл. л-ра развівалася ў рэчышчы нац. паэт. традыцый і захоўвала сваю самабытнасць. Перавага фантаст. матываў, пачуццё камічнага і вострая іранічнасць — яе адметныя асаблівасці. Выразны ўзор асваення вобразнасці на англ. мове — «Ірландскія мелодыі» (1808—34) Т.Мура. Канец 19 ст. пазначаны т. зв. «Ірландскім адраджэннем», яго пачынальнік у л-ры У.Б.Йітс. Нац. мастацтва, міфалогія і гісторыя паўплывалі на творчасць дзеячаў «Ірландскага адраджэння» Дж.Расела, І.А.Грэгары, П.Колума, Дж.Стывенса, Дж.Кэмпбела. Развіццю рэалізму ў нац. драме папярэднічала творчасць Дж.Сінга. Раман Дж.Джойса «Уліс» (1922) паклаў пачатак л-ры «плыні свядомасці». Ірл. паўстанне 1916 прадвызначыла далейшы шлях развіцця ірл. л-ры. Асн. тэма творчасці пісьменнікаў 1920—30-х г.нац.-вызв. рух (Ш.О’Кейсі, П.О’Донел, Б.Біэн). Адраджаюцца мастацтва апавядальнікаў і жанр «апавядання ля каміна» (Ф.О’Конар, М.Лэвін, Ш.О’Фаалейн, Б.Кілі). Для л-ры 1960—80-х г. характэрны адмаўленне ад нацыяналіст. ідэй, увага да сац. праблем. Новае развіццё набывае гіст. раман. Э.Дзілан, Т.Флэнаган, Дж.Планкет звяргаюцца да нядаўняга мінулага, імкнучыся выявіць сац. аснову катаклізмаў у сучаснай І. Сітуацыі пачатку 20 ст. прысвечаны лепшыя раманы Дж.Джонстан «Ці далёка да Вавілона?» і «Стары жарт». Гіст. алюзіі ў раманах Д.Марц ш «Цырымонія ініцыяцыі» і «Шлях у Балішанон», К.Кейсі «Мары аб помсце». Англа-ірл. праблематыка ў цэнтры ўвагі і буйней шага сучаснага ірл. раманіста У.Трэвэра. Да эксперым. прозы звяртаюцца пісьменнікі Дж.Бэнвіл і Д.Хоган. Ірл паэзія 1940—70-х г. прадстаўлена творамі О.Кларка, П.Кэванаха, Дж.Монтэгю, Т.Кінсела, Л.Мак-Ніс, Р.Мэрфі. Яна сучасная паводле светаўспрымання і выразных сродкаў і адначасова неадрыўная ад традыцый паэзіі Ш.Хіні.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. раннія помнікі на тэр. І. захаваліся ад бронз. веку: мегалітычныя пабудовы (дальмены, кромлехі), курганы з пахавальнымі камерамі з несапраўднымі скляпеннямі (Нью-Грэйндж), залатыя і бронз. ўпрыгожанні з геам. арнаментам. Метал. вырабы 5—4 ст. да н.э. аздоблены складаным лінейным кельцкім арнаментам. Пасля хрысціянізацыі І. ў 5—12 ст. будавалі круглыя ў плане крэпасці (Эйлек), высокія вартавыя вежы-званіцы, кляштарныя комплексы з круглымі вежамі, капліцамі і келлямі (у Глендалоху, Дэвенішы, Келсе, а таксама за межамі І., на тэр. сучасных Францыі і Італіі). Дэкар. багацце характэрна для манум. каменных крыжоў (у Карндоне, 6 ст.; Манастэрбойсе, 9—10 ст.), дзе стылізаваныя фігуратыўныя выявы на біблейскія сюжэты арганічна ўключаны ў фармальную сістэму, у якой дамінуе арнамент з плеценых ліній, кругоў, спіралей. Багата арнаментаваліся бронз. брошы брошкі, рэлікварыі, паціры, посахі, пласціны (з эмаллю, філігранню ўзорнымі выявамі ў звярыным стылі) Характэрная рыса ірл. мініяцюр з рука пісаў 7—12 ст. — абстрактная трактоўка элементаў і фігур («Псалтыр св. Калумбана», канец 6 — пач. 7 ст.; «Ліндысфарнскае евангелле», канец 7 пач. 8 ст.; «Жыціе св. Калумбана», канец 7 ст.). Зааморфныя элементы, адзначаныя саксонскім і міжземнаморскім уплывамі, з’яўляюцца ў «Евангеллі з Дараў», «Лігфілдскім евангеллі», «Эхтэрнахскім евангеллі» (канец 7 — пач. 8 ст.). «Евангелле з Келса» і «Санктгаленскае евангелле» (канец 8 — пач. 9 ст.) змяшчаюць ілюстрацыі на цэлую старонку. У 11 ст. з’яўляецца запазычаны са Скандынавіі «звярыны» арнамент («Евангелле Бангора»). У 11—12 ст. будавалі раманскія капліцы (у Кашэлі), кляштарныя цэрквы (у Бойлі, Джэрпойнце), саборы (у Кланмакнойсе, Кланферце). простыя па кампазіцыі з выразным скульпт. афармленнем і вытанчанай разьбой на парталах. У канцы 12—14 ст. будавалі гатычныя храмы, найчасцей аднанефавыя з вежай над сяродкрыжжам (Крайс-чэрч у Дубліне), замкі (у Дубліне, Лімерыку, Трыме, графстве Клэр). Англ. каланізацыя запаволіла развіццё ірл. культуры, у 15—17 ст. архітэктура і мастацтва ў заняпадзе. У 17 — пач. 19 ст. ў Дубліне ўзводзілі парадныя адм. будынкі, палацы ў стылі англ. класіцызму (арх. У.Робінсан, У.Чэймберс, Т.Кулі, Дж.Гэндан і інш.), з 1829 — цэрквы ў стылі неаготыкі. У 19 — пач. 20 ст. ў партовых гарадах ствараліся раёны з рэгулярнай забудовай у духу эклектызму. У 20 ст. ў І. пабудаваны шэраг арх. комплексаў у сучасным стылі (работы арх. М.Скота і Т.Кенэдзі ў гарадах Дублін і Голуэй). У выяўленчым мастацтве з канца 17 ст. пашырыўся партрэтны жывапіс (Г.Морфі, Т.Бэт), развіццё якога працягвалася ў 18 ст. (Дж.Лэтам, Ф.Хасі, Э.Лі, Т.Фрай, Р.Хантэр, Ч.Джэрвас, С.Слоўтэр, Н.Хоўн Старэйшы). Пейзажны жанр прыўнёс у ірл. жывапіс І. ван дэр Хаген, найб. развіўся ў творчасці Дж.Барэта, братоў Робертс, У.Эшфарда, У.Содлера. У канцы 18 ст. Дж.Бары, Х.Д.Гамільтая стваралі карціны на міфалагічныя і біблейскія тэмы ў акад. стылі. У 18 ст. працавалі скульптары Дж. ван Ност, П.Канінгем, Э.Сміт, у 19 ст. — Дж.Г.Фолі. У жывапісе 1-й пал. 19 ст. развіваўся лірычны пейзаж (Дж.Фішэр, Дж.А.О’Конар, Ф.Дэнбі), рамант. партрэт (Т.Хікі, Р.Фэгэн), у 2-й пал. 19 ст. — жанравы жывапіс (У.Осбарн, У.Малрэдзі, Д.Мэклайс), пейзаж (Н.Хоўн Малодшы, Дж.Фолкнер). У мастацтве пач. 20 ст. дамінавалі экспрэсіяніст Дж.Б.Йітс і рэаліст Ч.Лэмб, С.Кітынг. Кубізм і фавізм прыўнеслі М.Джэлет, І.Хоўн, К.Мідлтан і Д.О’Нейя; у інш. кірунках працавалі К.Сутэр, В.Браўн, Б.Кінг. Мастакі наступнага пакалення (Р.Балаф, Дж.Дэўлін і інш.) удзельнічалі ў руху «новай фігурацыі». У 2-й пал. 20 ст. актыўна развіваюцца плыні авангарднага мастацтва: абстракцыянізм (У.Скот, М.Фэрэл, Х.Хіран), сюррэалізм (П.Генесі, М.Гейл, Л.Ле Брокі).

Музыка. Узоры нар. ірл. песень, якія захаваліся, аднагалосыя, хоць у стараж. сагах упамінаецца пра хар. і шматгалосыя спевы. Лады песень 7-ступенныя дыятанічныя; выразныя элементы пентатонікі, што звязана з гукарадамі асн. нац. муз. інструментаў арфы і валынкі. Носьбіты нар. муз. культуры — барды. Ёсць гіст. сведчанні пра ранняе развіццё ў кельтаў поліфаніі і развітую прафес. муз. культуру ў раннім сярэдневякоўі. З 12 ст. рост прафес. муз. культуры запаволены англ. заваёўнікамі. З канца 16 ст. пранікае шматгалосая музыка англіканскай царквы, фарміравалася свецкае муз. мастацтва прыдворных бардаў, вылучыліся першыя прафес. кампазітары, у т. л. Р.Д.О’Катайн (16—17 ст.), бард Т.О’Кэрален (17—18 ст.). У 2-й пал. 17 ст. была пашырана англ. і шатл. музыка. З канца 18 ст. вядомы кампазітары Д.Мэрфі, М.Келі, Дж.Філд (стваральнік жанру накцюрна ў фп. музыцы), М.Балф. Зарадзілася муз. фалькларыстыка (Э.Бантынг і інш.). Сярод кампазітараў 20 ст. В.Бекет, А.Дуф, Ф.Ней. Нац. кампазітарская школа ў працэсе фарміравання. Адзін з асн. муз. цэнтраў І. — г. Дублін, дзе працуюць Ірл. нац. оперная трупа (з 1963), Ірл. акадэмія музыкі (б. Каралеўская ірл. акадэмія музыкі, засн. ў 1856) і інш.

Тэатр. Эстэтычныя прынцыпы ірл. нац. т-ра вызначыла мастацтва вуснай паэзіі, дэкламацыйнае майстэрства паэтаў-сказіцеляў з часоў язычніцтва. У 16 ст. ў Дубліне англ. цэхавымі гільдыямі ладзіліся паказы містэрый, з 17 ст. ствараліся т-ры для англ. знаці. Развіццё нац. мастацтва тармазілі англ. ўлады. У канцы 19 ст. ў сувязі з рухам за развіццё нац. культуры («Ірландскае адраджэнне») У.Б.Йітс і А.Грэгары стварылі ў Дубліне Ірландскі літ. т-р (1899). У 1901 ён аб’яднаны з суполкай аматараў і названы Ірл. нац. драм. т-вам, у якім ставіліся п’есы Дж.Сінга, Ш.О’Кейсі, Л.Робінсана. У 1904 т-ва ператворана ў пастаянны т-р у Дубліне — Тэатр Абацтва. У 1920-я г. пачаўся новы ўздым нац. тэатр. мастацтва, ставіліся п’есы ірл. і перакладной драматургіі. У 1922 створаны Драм. саюз. У 1929 Э.Хілтан і М.Мак-Ліямаір арганізавалі ў Дубліне т-р, дзе сцвярджаліся наватарскія прыёмы сучаснага тэатр. мастацтва. У 1928—31 існаваў Гэльскі т-р у Голуэі. З 1939 спектаклі на гэльскай мове пачаў ставіць і Тэатр Абацтва. Асн. тэатр. цэнтр — г. Дублін.

Кіно. У 1936 засн. кінематаграфічнае т-ва (з 1978 Саюз ірл. кінатаварыстваў). На мяжы 1930—40-х г. створаны Ірл. кінаінстытут. У 1958 засн. буйнейшая ў І. кінастудыя «Армдар», на якой фільмы здымаюць пераважна замежныя кінематаграфісты. Існуюць і інш. кінастудыі («Знер Кем’юнікейшэн», «Саліван Блют Ст’юдыяз, «Эбі Філмс»), дзе здымаюцца пераважна кароткаметражныя ігравыя, дакумент., рэкламныя фільмы. Поўнаметражныя фільмы ў асн. камерцыйныя. Сярод ігравых фільмаў 1970—80-х г.: «Ірландскі самагон» (рэж. Б.Куін), «Раніца на Раство» (рэж. Т.Мак-Брайд), «Выгнаннікі» (рэж. Р.Він-і-Сімандс) і інш. Маст. фільмы 1990-х г.: «Усе гэтыя яркія і прыгожыя рэчы» (рэж. Б.Дзёблін), «У імя бацькі» (рэж. Дж.Шэрыдан), «Кола сяброў» (рэж. П.О’Конар), «Крымінальная гульня» (рэж. Н.Джордан), «Доўгі шлях да дому» (рэж. П.Брытнах) і інш. Сярод дзеячаў кіно: рэжысёры Джордан, О’Конар, Дж.Камерфард, Л.Малкус; акцёры Г.Бірн, Л.Нісан, Э.Дудзі, М.О’Шы, Ф.Тамэлці. Ірл. кінапракат з’яўляецца часткай брытанскага. У І. існуюць асацыяцыі: кінапрадзюсераў; ірл. кіно; т-ра і кіно; кінаакцёраў І.; Гільдыя ірл. кіно і тэлебачання і інш. Дзейнічаюць Школа камунікацый пры Дублінскім ун-це, школа кіно, тэлебачання і анімацыі (Каледж Дун Лаахаэра), Ірл. ін-т кіно. Міжнар. кінафестывалі ў Дубліне, Корку, Белфасце.

Літ.:

История Ирландии. М., 1980;

Осипова Т.С. Ирландский город и экспансия Англии XII—XV вв. М., 1973;

Сапрыкин Ю.М. Английское завоевание Ирландии (XII—XVII вв.). М., 1982;

Саруханян А.П. Современная ирландская литература. М., 1973;

Яго ж. «Объятия судьбы»;

прошлое и настоящее ирланд. лит. М., 1994;

Иванова Е.К. Современная архитектура Ирландии. М., 1982;

Буйвал В. Зямля Святога Патрыка // Мастацтва. 1996. № 4;

Arnold B. Irish Art. London, 1991;

Acton Ch. Irish music and musicians. Dublin, 1978.

Л.В.Лоўчая (насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), М.Ю.Шода (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва), Г.У.Шур (кіно).

Герб і сцяг Ірландыі.
Да арт. Ірландыя Горад Кланакілці на поўдні краіны.
Да арт. Ірландыя. Рэгулярныя ірландскія войскі страляюць па паўстанцах у час грамадзянскай вайны 1921—22.
Да арт. Ірландыя. Краявід на поўначы краіны.
Да арт Ірландыя. Тыповы сялянскі двор.
Да арт. Ірландыя. «Дыван-старонка» з мініяцюры «Ліндысфарнскага евангелля». Канец 7 — пач. 8 ст.
Да арт. Ірландыя. Заходні крыж у Манастэрбойсе. 9—10 ст.
Да арт. Ірландыя. Пацір з Арда. 8—9 ст.
Да арт. Ірландыя. Мініяцюра з «Евангелля з Келса». Каля 800.
Да арт. Ірландыя. Замак Банраці, графства Клэр. 1450.
Да арт. Ірландыя. Э.Сміт. Элемент скульптурнага аздаблення будынка Ірландскага банка 1785—90.
Да арт. Ірландыя. Архітэктурны ансамбль у Кашэлі. 11—14 ст.
Да арт. Ірландыя. Будынак мытні ў Дубліне. Арх. Дж.Гэндан. 1781—91.
Да арт. Ірландыя. Будынак чатырох Судоў у Дубліне. Арх. Т.Кулі і Дж.Гэндап. 1786—1800.
Да арт. Ірландыя. П.Канінгем. Уільям Мейпл.
Да арт. Ірландыя. Ч.Лэмб. Дзіўная пара.
Да арт. Ірландыя. Дж.Б.Йітс. Чаканне.
Да арт. Ірландыя. Х.Хіран. Звар’яцелая Джэйн. Пач. 20 ст.

т. 7, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «ад» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета, ад якіх пачынаецца рух, перамяшчэнне каго‑, чаго‑н.; прыназоўнік «ад» у такім знач. процілеглы прыназоўнікам «да» і «к». Зірнуў.. спадылба Міколка, моўчкі адышоў ад бацькі. Лынькоў. Калі гаварыць праўду, то хлопцам не вельмі хацелася адыходзіць ад агню. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні месца, пункта, ад якога ў пэўным напрамку пашыраецца, разыходзіцца, пачынаецца што‑н. Мястэчка малое: ад незабрукаванай плошчы разыходзіцца шэсць вуліц. Брыль. // У злучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да і да — ад) і другім назоўнікам акрэслівае прастору, у межах якой адбываецца дзеянне, перамяшчэнне і г. д. [Сенька:] — Пад самым Барысавам знялі з экспрэса маю Фаню — ездзілі мы тады ад Мінска да Уладзівастока. Лынькоў. // У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні чарговасці, паслядоўнасці дзеяння. Па гэтых сцежках можна было ісці па адным чалавеку ад купіны да купіны, месцамі прабіраючыся па бярвенцах-кладках. Колас.

2. Ужываецца пры абазначэнні месца, якое з’яўляецца зыходным пунктам пры вызначэнні месцазнаходжання чаго‑н. Скіп’ёўскае Нераброддзе стаіць за сем кіламетраў ад вялікага мястэчка Якубавічы. Чорны. // У злучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да і да — ад) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні адлегласці паміж чым‑н., працягласці граніц чаго‑н. Да Ганусаў ад Глухога вострава было кіламетраў пяць на ўсход — у бок пазіцыі Чырвонай Арміі. Колас.

3. Ужываецца ў значэнні прыназоўнікаў «каля», «збоку», «непадалёку», пры абазначэнні прадмета, на мяжы з якім адбываецца дзеянне. Касіў ад ракі. Легчы ад сцяны.

Часавыя адносіны

4. У спалучэнні з назоўнікам, які мае часавае значэнне, паказвае на момант, з якога пачынаецца якое‑н. дзеянне, стан і пад. Ад калыскі ў нас Пра Радзіму — найлепшыя думы. Панчанка. Вісарыён Коркія жыў у Тбілісі ад самай вясны. Самуйлёнак. // У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да і да — ад) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога адбываецца дзеянне, захоўваецца стан і пад. Ад вясны вясёлай, ранняй Да восені позняй Пяе поле трактарамі Весела, пагрозы. Купала. — Будзь здарова! — кажу школе, Сам — на луг, у лес, у поле. Там я з пугай-дратаванкай Аж да вечара ад ранку, Покуль мой атрад рагаты Не захоча зноў дахаты. Крапіва.

5. Пры паўтарэнні назоўніка з часавым значэннем утварае прыслоўныя спалучэнні, якія ўказваюць на характар працякання дзеяння — перыядычнасць, паслядоўнасць, нарастанне інтэнсіўнасці яго і пад. Год ад году. □ Пад самым вільчыкам час ад часу пераклікаюцца сонныя ластаўкі. Навуменка.

6. Ужываецца пры абазначэнні прыкметы прадмета паводле часу яго ўзнікнення. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 чэрвеня 1977 года.

Аб’ектныя адносіны

7. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы, ад якіх выходзіць што‑н. Ад мазаля тая радасць ідзе, ад работы. Лынькоў. Ад сонца Даніку не цёпла — цёпла ад бацькавага салдацкага башлыка, ад вялікага, з чужых плячэй, паўкажушка, ад хады па глыбокай сцежцы. Брыль. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, пад уздзеянне якой падпадае другая асоба ці прадмет. Мне часта панавала ад сястры, але, улучыўшы хвілінку, я забываўся пра кару і зноў уцякаў. Скрыган.

8. Ужываецца пры назве прадмета, ад якога аддзяляецца што‑н. Ад сасны адламалася вялікая галіна і павісла над галовамі. Шамякін. Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты Ткаць залатыя паясы. Багдановіч. / у перан. ужыв. Ад неба адарваўся і зямлі не дастаў. Прыказка. / у безас. ужыв. У Міці адлягло ад сэрца. Навуменка. // Ужываецца пры ўказанні на цэлае, ад якога засталася толькі частка. Ад залатой рукі першай у вёсцы жняі і праллі засталася толькі кукса. Брыль.

9. Ужываецца пры назвах прадметаў, з’яў і пад., ад якіх пазбаўляюцца, якія ліквідуюцца дзеяннем, выражаным кіруючым словам. Ачысціцца ад пылу. □ Навокал было пуста і ціха. Нават птушкі і тыя некуды пахаваліся ад спякоты. Шамякін.

10. Ужываецца пры абазначэнні з’явы, стану, супраць і для папярэджання якіх выкарыстоўваецца што‑н. [Міхась:] — Мама шмат якія расліны ведае. Яна нават збірае іх. Тая, кажа, ад горла, а тая ад жывата. Чарнышэвіч. Ад старасці ды ад смерці няма лекаў на Свеце. Прыказка.

11. Ужываецца пры абазначэнні грамадскага асяроддзя, арганізацыі, ад імя якіх дзейнічае, выступае хто‑н. Гаварылі выбарныя ад сялян. Вынесці падзяку ад усяго калектыву.

12. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы, з якімі супастаўляюцца другія, падобныя да іх. Аповесць адрозніваецца ад апавядання больш шырокім ахопам жыццёвых з’яў.

Адносіны параўнання

13. Абл. Ужываецца ў значэнні прыназоўніка «за» (звычайна пры вышэйшай і найвышэйшай ступені) пры ўказанні на прадмет, з якім у нейкіх адносінах параўноўваецца другі прадмет. Пакінем спадчыну мы для патомкаў Інакшую ад той, Што ўзялі мы ад продкаў на абломках Гісторыі сваёй. Купала.

Азначальныя адносіны

14. Ужываецца пры вызначэнні цэлага, асобнай часткай якога з’яўляецца прадмет, названы кіруючым назоўнікам. Ключы ад кватэры. Струны ад гітары. □ Матка ўставала, ставіла самавар, раздзьмухваючы яго старой халяўкай ад ботаў. Лынькоў. // Ужываецца пры абазначэнні прычыннай залежнасці чаго‑н. Цень ад бярозы. След ад калёс.

15. У спалучэнні з лічэбнікам і прыназоўнікам «да» і другім лічэбнікам ужываецца пры вызначэнні велічыні, узросту, вагі, якія абмяжоўваюць што‑н. У сад прымаюцца дзеці ад трох да сямі год. // У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да) і другім назоўнікам або прыметнікам ужываецца пры абазначэнні поўнага ахопу ўсіх прадметаў, уласцівасцей і пад., пачынаючы ад дадзенага і канчаючы яшчэ якім‑н. На полі былі ўсе — ад старога да малога.

Адносіны прыналежнасці

16. Ужываецца пры вызначэнні сферы дзейнасці асобы, названай кіруючым назоўнікам. [Пан Мацкевіч-Цат:] Цясней нам сысціся даўно пара: Вы [кат] — ад пятлі, а я — ад пяра, А працуем над супольнай справай, Карыстаемся роўнаю славай. Крапіва. // Пры вызначэнні грамадскага асяроддзя, арганізацыі, установы, прадстаўніком якіх з’яўляецца названая асоба. Прадстаўнік ад райкома партыі.

Прычынныя адносіны

17. У спалучэнні з назоўнікамі, якія вырашаюць пачуцці, перажыванні, фізічныя адчуванні, ужываецца пры абазначэнні прычыны якога‑н. дзеяння або стану. Чырванець ад сораму. □ У Лёні аж голас задрыжаў ад хвалявання. Кулакоўскі.

18. Ужываецца пры выражэнні падставы, матывіроўкі дзеяння або стану, названага кіруючым словам. У Хомчыка ад усмешкі прыгнуўся яго крыху дзюбаты нос. Пестрак. Радзіўся новы рупны дзень Ад рос, ад сонца яркі. Панчанка.

Адносіны спосабу дзеяння

19. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні спосабу працякання дзеяння. Пісаць ад рукі. Плаціць ад соткі. □ Міхаіл Андронавіч раззлаваўся. — Ведаю, ведаю... Ведаеш, дык дай параду, пагавары ад душы. Шамякін.

20. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні ўзаемадзеяння асоб або прадметаў. Хаваліся адзін ад аднаго. □ [Пятрусь і Рыгор] зрабілі па некалькі крокаў адзін ад другога. Гартны.

21. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні прадмета, з якім проціпастаўляецца другі прадмет. Адрозніваецца, як неба ад зямлі.

•••

Ад сілы гл. сіла.

Ад цёмнага да цёмнага гл. цёмны.

Ад (чыстага, шчырага, усяго) сэрца гл. сэрца.

Ад душы гл. душа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каза́к1 ’На Русі ў XV–XVII стст. — вольны чалавек, з прыгонных сялян, халопаў, гарадской беднаты, якія ўцякалі на ўскраіны дзяржавы — Дон, Запарожжа, Яік; у дарэвалюцыйнай Русі: з XVIII ст. — прадстаўнік ваеннага саслоўя — ураджэнец вайсковых абласцей (Кубанкай, Арэнбургскай, войска Данскога і інш.), які быў абавязаны несці службу ў асобых вайсковых часцях за льготнае карыстанне зямлёй; радавы асобых (звычайна кавалерыйскіх) вайсковых часцей; ураджэнец некаторых (былых вайсковых) абласцей СССР’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.), ’пра спрытнага маладога мужчыну’ (ТСБМ); сустракаецца і ў народных песнях (Радч. і інш.). Што датычыць слова казак у асноўных значэннях, то гэта ва ўсх.-слав. мовах запазычанне з Усходу: у тур., крым.-тат., казах., кірг., тат., чагай, мовах казак ’вольны, незалежны чалавек; шукальнік прыгод, бадзяга’, кумык. казак ’аружаносец пры феадале, ваенны слуга, дружыннік’. Шлях распаўсюджання слова ва ўсх.-слав. мовах няясны, у ст.-рус. адзначаецца ў грамаце 1395 г., аднак са значэннем ’парабак, батрак’ і ў форме з ‑о‑. Слаўскі (3, 26) мяркуе (пералічыўшы вядомыя ў большасці славянскіх моў формы), што слова трапіла ў гэтыя мовы з укр. Аднак звяртае на сябе ўвагу, што ў балг. казак‑а‑), відавочна, з рус. мовы, а Ліндэ для польск. прыводзіў як неўжывальную форму kazak (таксама, як бачым, з ‑a‑). Аднак у большасці слав. і зах.-еўрап. мовах прадстаўлена менавіта ўкр. форма гэтага слова. Што датычыць бел., яго статус няясны: хоць у ст.-бел. мове і адзначана форма з ‑о, форма козакъ (і вытворныя), відавочна, з’яўляецца асноўнай. Значэнне ’спрытны, малады мужчына’ вядомае ўкр. мове. Так, Грынчэнка адзначае, што слова казак у народнай паэзіі дапасоўваецца да кожнага маладога чалавека, аднак не выключана, што такое значэнне магло быць не толькі вынікам экспансіі слова рознымі шляхамі, у тым ліку і пры пасрэдніцтве фальклору, але і магло ўзнікнуць самастойна на базе як новых значэнняў (’кавалерыст’ і інш.), так і магчымых старых ’бадзяга’. Параўн. у ст.-польск. kozak ’юнак, зух’, дыял. ’смяльчак, завадатар, хлопец’, рус. дыял. казак ’пра смелага, удалага чалавека’.

Каза́к2 ’народны танец з паступова нарастаючым тэмпам, а таксама музыка да гэтага танца’ (БРС, ТСБМ). Статус слова няясны, магчыма, другаснае ўтварэнне ад казачок, а магчыма, тое ж, што і ўкр. казак ’танец. Што датычыць этымалогіі, то нельга сцвярджаць упэўнена: паходзіць гэта слова ад казак1, ці мае нейкія адносіны да каза ’танец’ (рускія гаворкі, напрыклад, ведаюць слова казак у значэнні ’самец розных жывёл і птушак’, параўн. таксама рус. арханг. казак с казачихой). Паводле лінгвагеаграфіі і экстралінгвістычнай інфармацый, другая версія пакудь што менш надзейная.

Каза́к3 ’лён-даўгунец’ (БРС, Уладз.), ’сорт высокаўраджайнага аўса’ (Сцяц.). Як можна меркаваць па прыкладах, гэта параўнальна новае слова. Сінонім — вельколён: «Простый лʼон пэршы був, а вэлʼколʼун у воjну мыколаjивсʼку поjавывся» (Уладз., 198). Другое значэнне ’авёс’, магчыма, другаснае, перанос назвы паводле прыкметы ’вялікі, ураджайны’. Гаворкі рус. мовы ведаюць слова казак у дачыненні да розных раслін. Улічваючы, што размова ідзе пра яўна культурны тэрмін, ёсць вялікая верагоднасць таго, што ён запазычаны разам з рэаліяй. Тэарэтычна магчымы і іншы варыянт: самастойнае ўтварэнне ад казак ’малады, спрытны мужчына’ (параўн. характэрныя дыял. назвы лёну, аўса: скакун, скочень, ростун) або моўная трансфармацыя (муж. род) каза ’лісце, каліва цыбулі і інш.’ Структура такога тыпу (з суф. ‑ак) вядома як у бел., так і ў іншых слав. мовах, параўн. балг. козак ’расліна Tragopogon majus’, чэш. kozak ’назва грыба’ і інш.

Казаќ4 ’казакін’ (Мат. Гом.), ’жаночае верхняе адзенне, нажытае ў зборкі’ (рас., Сл. паўн.-зах.). Рус. валаг., наўг., казан. казак ’разнавіднасць паддзёўкі са зборкамі, накрытай сукном’ і вядомае на розн. тэрыторыі ’жаночая кофта ў талію, сукенка ў талію і інш.’, асташ., цвяр., ленінгр. і інш. ’верхняе жаночае адзенне’, польск. уст. казак ’кароткі плашч, куртка’, больш новае ’доўгая блузка, якая носіцца паверх спадніцы’, чэш. kazak, славац. kazak ’кафтан’. Бел. слова, зафіксаванае ў розных моўных арэалах, або сведчыць пра інфільтрацыі ў перыферыйныя зоны з гаворак суседніх моў, або ўказвае на запазычанне, якое станавілася архаізмам і, трапляючы ў пасіўны запас, гублялася ці магло выцясняцца іншым словам (казаціна і да т. п.). Не выключана магчымасць і адваротнай дэрывацыі (казак < казакін і пад.). Як культурны тэрмін, казак вядомы на шырокай тэрыторыі; слова лічыцца запазычаннем, аднак крыніца і шляхі распаўсюджання слова няясныя. Слаўскі (3, 27) прыводзіць папулярную версію аб тым, што гэта запазычанне з захаду: франц. casaque ’кафтан, апанча, плашч; упрыгожаная доўгая блузка’, слова вядома з 1413 г., у польск. мове форма kazak адзначаецца пазней. Іншыя аўтары (Гараеў, Дзмітрыеў) мяркуюць аб запазычанні з усходу; Дзмітрыеў (Тюрк. эл., 25) прыводзіць татар., бат. кэзэки ’нацыянальнае верхняе адзенне мужчын Татарыі і Башкірыі’. Супраць такой этымалогіі рэзка, аднак без аргументацыі выступіў Фасмер (2, 158). Можна звярнуць увагу на тое, што ў рус., бел., укр. гаворках сустракаюцца значэнні ’мужчынскае і жаночае адзенне, блузка’, што больш адпавядае версіі аб заходнім запазычанні. Арыстава (Контакты, 59–60) прапанавала ў якасці крыніцы англ. cassock ’туніка ў англійскіх свяшчэннікаў’, аднак па семантычных і інш. прычынах гэта версія не выглядае надзейнай. На жаль, лінгвагеаграфічны крытэрый адзначыць тут вельмі цяжка, паколькі матэрыял не дазваляе меркаваць, што бел. мова была пасрэднікам распаўсюджання слова. Семантыка прыведзеных слоў паказвае, што разглядаць польск. даныя асобна ад рус. (тут бел. факты былі б інфільтрацыямі з суседніх польск. і адпаведна рус. гаворак) нельга. Што ж датычыць уласна этымалагічнага боку, то думка аб зах.-еўрап. паходжанні слова найбольш абгрунтавана. Крыніцай франц. casaque лічаць звычайна італ. casacca ’кафтан, апанча’, аднак Слаўскі (3, 27–28) прыводзіць вядомыя с.-лац. casaca ’разнавіднасць убрання’, італ. casaca ’куртка’ і інш.

Каза́к5 ’калаўрот або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Борт.). Да каза1, перанос паводле зааморфных атрыбутаў рэаліі — наяўнасці ручак (рагоў), параўн. рус. пск. баран ’вертыкальны калаўрот’, таксама адзначанае Далем спец. (у мяснікоў) ’калаўрот паміж двух слупоў’; ніжагар. ’разнавіднасць санак з ручным калаўротам’.

Каза́к6 ’грыб масляк’ (Бяльк., Сцяшк.), козяк ’абабак, падбярозавік’ (кам., Жыв. сл.), ’грыб любы, ядомы, апрача баравіка’ (маст., Жыв. сл.; слон., Нар. лекс.), козяк ’тс’ (кобр., Жыв. сл.). Сцяцко (Дыял. сл.) дае дэфініцыю казякі ’грыбы (агульная назва)’. Паводле ўласных запісаў Сцяцко (Нар. лекс., 49) слова казякі ведаюць у Маст., Слон., Ваўк. раёнах. Аўтар лічыць, што паходзіць слова ад назвы казлякі (казля́к ’масляк’). Тут можна бачыць суфіксальнае ўтварэнне ад каза1, як аб гэтым думае Сцяцко, Афікс. наз., 146, а магчыма, перанос назвы ад казак ’казляня’, параўн. каза, казёл, казялок ’грыб масляк і інш.’. Што датычыцца значэння ’любы грыб (апрача баравіка)’, то тут праблема не вельмі ясная, ці гэта абагульненне назваў канкрэтных «чорных» грыбоў (маслякі, абабкі), ці незалежнае ўтварэнне, якое дэманструе ўжыванне заоніма для характарыстыкі зніжанасці, абазначэння другароднасці такіх грыбоў.

*Каза́к7, коза́к ’рухавы смелы чалавек’ (ТС). Дакладных адпаведнікаў няма, аднак з іншым значэннем аналагічныя структуры ёсць у некаторых мовах: рус. пячор., арханг. казак ’смелы ўдалы чалавек (пра жанчыну)’, анеж. казак ’пра жанчыну’, магчыма, сюды ж асташ., цвяр., пск., арл. казаки ’гульня ў гарэлкі’. Як паказваюць структурна адэкватныя лексемы (рус. казак ’грыб падбярозавік, Boletus scaber’, ’лекавая расліна’, казаки ’расліна Plantago’, польск., чэш., славац. kozak ’грыб Boletus scaber’, славен. kozák ’разнавіднасць грыба, жука’, польск. kozak ’пастух коз’, славін. kozak ’недарэка і інш.’, чэш. kozak ’пастух коз’). Параўн. таксама іншыя ўтварэнні ў бел. мове (гл. казак), тут дэрыват ад каза1, аб тыпе словаўтварэння гл. Сцяцко, Словаўтв., 146. Да семантыкі можна прывесці рус. мяшч., калуж. козёл ’пра жывога, рухавага чалавека’ і рус. казакаться ’важнічаць, наравіцца’, якое па семантыцы быццам бы не супадае, аднак параўн. рус. козокаться ’наравіцца, важнічаць, сварыцца, круціцца, не стаяць на адным месцы і інш.’, козохаться ’тс’, арханг. козой (з іншым суфіксам) ’упарты, лодыр’, козон ’пра жвавую, вяртлявую жанчыну’, козанок ’пра малое дзіця, якое дрэнна расце’, ’пра жвавага чалавека’, ’пра жвавую дзяўчынку’, ’пра жвавае, смелае дзіця’, козыкаться ’ўпарціцца’ і ’важнічаць’ (пск. і інш.); параўн. яшчэ рус. дыял. козлиться ’гарэзіць, скакаць’, ’упарціцца’, ’сердаваць, злавацца’, козлокать ’скакаць, гарэзіць’. Пры аналізе першай групы рус. прыкладаў неабходна мець на ўвазе магчымыя ўзаемаўплывы дэрыватаў ад коза і козырь, козыриться, а таксама і інш. слоў. Што датычыць бел. слова, уплыў лексемы казак ’вольны чалавек’ і інш. не выключаны, ім можна тлумачыць спарадычнасць утварэнняў з ‑ак‑ суфіксацыяй ва ўсх.-слав. мовах і паслядоўныя запісы рус. адпаведнікаў (казак) з ‑а‑.

*Каза́к8, коза́к ’укладка нарыхтаваных дроў у лесе’ (ТС). Магчыма (гл. казачок ’мера дроў’), суадносіцца з рус. арл., болхаўск. казак ’мера дроў, 1/16 кубічнага сажня’. Як і іншыя ўтварэнні (параўн. казак), мы лічым гэта слова вытворным ад каза1. Што датычыць семантыкі, параўн. рус. малаарханг., арл. складывать в козлы ’складваць адзін кусок торфу на другі, сценкай’, ’складваць цагліны: адны плазам, іншыя стаўма, каб паміж імі засталіся адтуліны для паветра’, укр. усх.-палес. козлік ’укладка торфу’, магчыма, сюды ж шматлікія дэрываты ад каза, казёл — найменні ўкладкі снапоў, як спецыяльных, ад дажджу, так і традыцыйных. Сувязь з назвай жывёлы становіцца яснай, калі параўнаць з утварэннямі, якія называюць Т‑падобныя прыстасаванні, дэталі (што разумеецца або як зааморфная адзнака непасрэдна або ўскосна), або з рознымі ўкладкамі (снапоў і інш.), як устойлівымі канструкцыямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рай1 ’месца, куды накіроўваюцца і дзе знаходзяць шчаслівае існаванне душы праведнікаў пасля смерці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бел. міф.), ра́йства ’тс’ (Сл. ПЗБ), ра́йство ’збавенне, райскае жыццё’ (ТС), параўн. укр., рус. рай, польск., в.-луж., н.-луж. raj, чэш. ráj, славац. raj, славен. ràj, серб.-харв. pȃj, балг. рай, макед. paj, ст.-слав. рай. Слова выключна славянскага моўнага арэалу, не мае іншамоўных адпаведнікаў з такім самым значэннем; літ. rõjus ’тс’, хутчэй за ўсё, запазычанне са славянскіх моў. Перадусім азначаецца як ’месца, дзе жылі Адам і Ева’, ’прыгожая краіна’, у тым ліку ’сад, кветнік, жытло, прытулак прабацькоў’, ’чароўны край, дзе не бывае зімы’. Этымалогіі прасл. *rajь пераважна абапіраюцца на асноўныя хрысціянскія ўяўленні пра рай як пра сад, параўн.: кругом сад, бацца у раю (Сержп.). Прынята, што ў бел. міфалогіі захавалася “класічная, найстаражытная” канцэпцыя рай — ’сад, у якім заўжды шмат усяго, што душа прымае, і заўсёды цёпла, бо стаіць вечнае лета’ (Бел. міф., 421), тое ж адносіць Брукнер (452) да першаснага значэння рай, што не зусім правільна. Славянскія ўяўленні пра рай не абмяжоўваюцца значэннем ’сад’, і рай, відавочна, з’яўляюцца агульнаславянскім рэлігійным паняццем, якое перш за ўсё мела семантычную сувязь з дахрысціянскім светам памерлых, насуперак меркаванню Борыся (509), што сувязь рая з душамі памерлых усталёўваецца з прыняццем хрысціянства. Рай як агульнаславянскі хрысціянскі тэрмін мог замацавацца пазней. Пошукі роднасці слав. *rajь з ’сад’, відавочна, падмацоўваюць распаўсюджаныя ў іншых мовах утварэнні з грэч. παράδεισος, што звязана з паняццем ’сад, парк, агароджанае месца’ ці ’прыемнае прыгожае месца’. Фармаванне рэлігійнай семантыкі формы рай не мае адназначнага тлумачэння. Прызнаецца роднасць слав. *rajь з авест. rāy ’багацце, шчасце’, ст.-інд. rā‑, rās ’маёнтак, скарб, багацце’, rayís ’падарунак, уласнасць’ (Младэнаў, 556; Мацэнаўэр, Cizí sl., 16, 163; Фасмер, 3, 435; Глухак, 516; БЕР, 6, 163; ESJSt, 12, 746; Борысь, 509 і інш.). Адсюль выводзіцца першасная семантыка рай ’край багацця’ (Сной, 521), ’край, дзе пануе багацце і шчасце’ (Борысь, 509). Трубачоў (Этногенез₂, 189–190, 417, 421, 424) выказвае сумненні адносна сувязі слав. *rajь з інд.-іран. rāy‑ ’багацце’ паколькі названыя формы не з’яўляюцца сакральнымі. Менавіта вывядзенне рай з апафанічнага шэрагу *rei‑/*roi‑ з шырокай семантыкай дае новы накірунак этымалагічным даследаванням. Найбольш імавернае вывядзенне рай з дахрысціянскіх уяўленняў пра свет памерлых праз паняцці воднай прасторы, параўн. *raj < *roj, як свет памерлых, што знаходзіўся пад вадой, плынню (Голуб-Копечны, 309) *rajь < і.-е. roi̯‑ з першапачатковым значэннем ’зарэчны’ ў сувязі з *rěka (дыскусію гл. Этимология–1994–1996, 13–14; 23–24; Этногенез, 173–175; Этногенез₂, 190), гл. рака. Аднак у дахрысціянскіх славянскіх вераваннях не існуе адназначнай сувязі паміж раем і менавіта ракой, параўн. сведчанні даследчыка славенскай міфалогіі З. Шмітака, што ў славенскай абраднасці вандроўны на той свет павінен перайсці шмат водаў, паколькі воды аддзяляюць гэты свет ад таго, а ў старажытнай карынційскай малітве памерламу жадаюць, каб на моры яму дзьмуў добры вецер (Шмітак, Mit., 42). Бязлай (Onomastica Jugoslavica, 6, 57–70) лічыць, што слав. рай суадносіцца з паняццем не толькі воднай прасторы, але і паветранай, можа азначаць ’мора’ і ’неба’, ’край мора’ і ’край гарызонтаў што пацвярджаюць і іншыя вераванні (скандынаўскія, сірыйскія — Бязлай, там жа), параўн. таксама авест. źrayas‑ ’мора, сусветны акіян’, ст.-інд. jrayas ’мора, прастора’. Паводле Трубачова (Этногенез₂, 417, 421), рай у славян не з’яўляўся супрацьлеглым паняццем да пекла (гл.), як гэта прадстаўлена ў хрысціянскіх уяўленнях, а мог азначаць “потусторонний мир вообще”, куды “переселяются все умершие”, гэта проста “тот свет”, месца, “связанное c/или находящееся за водой”. Сной (521), як варыянтнае, разглядае першаснае значэнне рай як ’тое, што звязана з патокам, цячэннем, адносіцца да воднай ці падводнай сферы’. Вывядзенне рай з прасл. *iroi‑ (параўн. і.-е. *erei‑ ’цячы, рухацца’) дазваляе параўноўваць рай з вір (гл.; пра гатую сувязь згадвалася ў літ-ры, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920) і вырай (гл.), а таксама з іх славянскімі варыянтамі: вырай ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’ і ’старажытная назва раю’, укр. вир, вірій, ірій ’край, куды адлятаюць увосень птушкі і дзе жывуць памерлыя’, укр. обрій ’гарызонт’, рус. дыял. ирей, вырей, ирий ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’, ст.-рус. ірій ’далёкі казачны край, магчыма, рай’, польск. wyraj ’тс’, польск. iść na wyraj ’пачаць лепей жыць, адысці на пакой’. Істотна для параўнання рай, вырай з вір. Параўн. бел. вір ’вір, вадаварот’, рус. вир, выр ’тс’, славен. ir, virij, izvir ’вір’. Параўн. да гэтага славен. rajanje ’завіванне і адвіванне ўдзельнікаў абраднага танца на могілках’ (Шмітак, Mit., 45–46). Rajanje сімвалічна павязвала жыццё і смерць, як бы заключаючы ў лабірынт нячыстую сілу, у тым ліку душа памерлага праходзіла праз вадаварот, кола, лабірынт забыцця ў краіну мёртвых (там жа). Параўн. рус. дыял. вырей ’рачны вядзьмак, вадзянік’ і славенскую міфалагічную постаць вадзяніка, што праз вір уцягвае ахвяры ў свет памерлых. Роднасць рай, рус. дыял. райдуга ’вясёлка’, вір і вырай можа пацвярджаць імавернасць міфалагічнага ўяўлення, што райдуга ўцягвае ў сябе дождж, ваду, з’яўляецца нябесным вірам (Даль, 3; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 22–76), насуперак меркаванню Талстога, што райдуга (падае Даль, 4, 56) мае народна-этымалагічнае паходжанне (Талстой, тамжа, 29). Адсюль рай‑дуга можа азначаць ’мяжу свету памерлых’, ’акрай, браму рая’, ’нябеснае акно’ (Талстой, там жа, 56), а сам рай, роднасны да вір і вырай, магчыма, даўней азначаў не столькі ’свет памерлых’, сколькі ’праход у свет памерлых’, так званы “апошні шлях”, вадзяны ці паветраны вір, праз які душы трапляюць на той свет, параўн. да гэтага ўстойлівае рус. проводить в последний путь, рус. дыял. птичья дорога ’назва Млечнага шляху’, славен. večna pot, bogova cesta ’назва Млечнага шляху’, што звязвала душы з богам (Шмітак, Mit., 38), славенскае міфалагічнае ўяўленне пра тое, што па mavrici ’вясёлцы’ нябожчыкі, як па нябесным мосце, пераходзілі ў рай. Адносна сувязі рай і рака, адпаведна вырай і райдуга, параўн. с.-ірл. rīan ’рака, дарога’, ням. Rain ’мяжа’, швед. ren‑ ’мяжа’ і ’край канавы’. Да таго ж у беларусаў — змеі ідуць у вырай у норы (Чарвонцава, Куфэрак Віленшчыны, 3, 142), што адначасова пераносіць (вы)рай не толькі да нябеснай, але і да падземнай прасторы і можа азначаць, што (вы)рай мог звязваць неба і падземны свет як сферы незямныя. Сумніўна параўнанне рай з рад‑ і прасл. *radъ як ’край радасці’ (Бязлай, 3, 145; Сной, 521), а таксама з рости/расти (Страхаў, Palaeoslavica, 11, 2, 115). Агляд праблематыкі і літ-ры гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920–921.

Рай2 ’дажыначная песня’, ’пучок нязжатага жыта, прыбраны кветкамі’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ): нада рая́ убраць (ЛА, 3), ’міфічная істота, што дапамагае жнейкам жаць жыта, клапоціцца пра зжатае збожжа’, адсюль заклік Рай, Рай, хадзі да нас! (Пятк., 2), гл. раёк. Як назва абраду лексема вядомая на ўсходзе Украіны, параўн. харк. ходи́ти в рай ’звычай абмывання рук парадзіхі і інш. на другі дзень хрэсбінаў, пасля чаго ўдзельнікі (апрача парадзіхі) ідуць у шынок частавацца за кошт бабкі’, а таксама ў рэдукаваным выглядзе на паўднёва-рускай тэрыторыі, параўн. тыпалагічна блізкае стаўрап. рай ’абрад, які здзяйсняецца на другі дзень пасля хрэсбінаў, калі гасцей абвязваюць стужкай’. Не зусім ясна. Магчыма незалежнае развіццё ад формы і семантыкі рай1 (гл.). Відавочна, вынікае з язычніцкай абраднасці славян і ад міфалагічнай істоты ці назвы міфалагічнай прасторы, напрыклад, вялікага лесу, ад чаго пазней, магчыма, адбыўся перанос на песню, на сноп жыта ці каравай. Параўн. таксама рус. паўдн. раи́на ’пірамідальная таполя’, рай‑дерево ’бэз’, райник ’вялікі лес’, што звязанае з уяўленнямі пра рай як пра міфалагічнае рытуальнае дрэва ў славян (Іванаў-Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 247; Іванаў–Тапароў, Зб. Крапіве, 163–175). Таксама Глухак (Глухак, 516) апісвае святое дрэва *rajь як паганскі пантэон. Праз семантычную сувязь з багаццем, дастаткам, урадлівасцю не выключана блізкасць да інд.-іран. rāy‑ ’багацце, шчасце (гл. рай1). Меней верагодна сувязь з рад‑, што да ра́дасць (гл.), аднак параўн. пачатак дажыначнай песні: “Рада, рада баба, што лета даждала, што жыта пажала” (Сл. ПЗБ).

Рай3 у фразеалагізме з добрага раю ’дабравольна, з хацення’; ’нізавошта, без прычыны’ (Янк. БФ, Сержп. Прык.). У пэўнай ступені супрацьлеглыя ў адносінах адно да аднаго значэнні ўстойлівага выразу сведчаць на карысць існавання незафіксаванага *рай ’парада’ < ра́іць (гл.). Але ў адносінах семантыкі параўн. яшчэ рус. уладз., раз. рай у значэнні выказніка ’удача, шчасце’, ’аб чым-небудзь прыемным, лёгкім’, што, безумоўна, звязана са стрыжнёвай семантыкай рай1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЗЕРБАЙДЖА́Н, Азербайджанская Рэспубліка. Размешчана ў паўд.-ўсх. ч. Закаўказзя, мяжуе на Пн з Расіяй, на ПнЗ з Грузіяй, на ПдЗ з Арменіяй і Турцыяй, на Пд з Іранам. Пл. 86,6 тыс. км² (разам з а-вамі Каспійскага м.). Нас. 7,3 млн. Чал. (1992). Дзярж. мова азербайджанская. Пануючая рэлігія — іслам. Сталіца — г. Баку. У склад Азербайджана па канстытуцыі ўваходзяць Нахічэванская аўт. рэспубліка і тэр. Нагорнага Карабаха. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (28 мая).

Дзяржаўны лад. Азербайджан — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1978 з больш познімі дадаткамі і папраўкамі. Канстытуцыйным актам 18.10.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць краіны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Дзейнасць Вярх. Савета часова прыпынена, дэпутацкія паўнамоцтвы і статус усіх парламентарыяў захаваны на тэрмін іх выбрання. Вышэйшы орган заканад. улады з 18.5.1992 — Мілі меджліс — пастаяннадзеючы парламент з 50 дэпутатаў на чале са Старшынёй. Вышэйшы орган выканаўчай улады — Кабінет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Амаль палова тэр. Азербайджана — горы: Вялікі Каўказ — хрыбты Галоўны (г. Базардзюзю, 4466 м — найвышэйшы пункт Азербайджана) і Бакавы (г. Шахдаг, 4243 м); Курынская ўпадзіна — вял. міжгорны прагін, які займае Кура-Араксінская нізіна (28 м ніжэй за ўзр. м.); Малы Каўказ — сістэма складкавых хрыбтоў паміж рэкамі Кура і Аракс (г. Гямыш, 3724 м); Талышскія горы — займаюць паўд.-ўсх. ч. рэспублікі (г. Кюмюркёй, 2477 м). Уздоўж Каспійскага м. цягнецца вузкая паласа Ленкаранскай, на Пн — Самур-Дывічынскай нізін. Узбярэжжа (працягласць 800 км) парэзана слаба. Найб. паўастравы — Апшэронскі, Курынская каса, Сара. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Апшэронскі п-аў, Кура-Араксінская нізіна, акваторыя Каспійскага м. каля в-ва Арцёма, Нафтавыя Камяні і інш.), алуніты (Заглік), жал. руда (Дашкесан), серны калчадан (Чырагідзорскае і Таганалінскае радовішчы), барыт (Чаўдарскае радовішча), поліметалічныя, хромавыя і кобальтавыя руды (М.Каўказ), руды мыш’яку, свінцова-цынкавыя і малібдэнавыя (Нахічэвань) і інш. Шмат мінер. і тэрмальных крыніц, ёсць радовішчы лекавай нафты (Нафталан), буд. і абліцовачнага каменю, мармуру, гіпсу, мелу, сыравіна для вытв-сці шкла і цэменту. Клімат Азербайджана сухі субтрапічны на Кура-Араксінскай і Самур-Дывічынскай нізінах (сярэдняя т-ра студз. 1—3 °C, ліп. 26—27 °C, гадавая колькасць ападкаў 200—300 мм); вільготны субтрапічны на Ленкаранскай нізіне (сярэдняя т-ра студз. 3—4 °C, ліп. 26—28 °C, ападкаў за год 1900 ммнайб. колькасць у Азербайджане). У гарах высакагорны клімат падпарадкаваны вышыннай занальнасці (сярэдняя т-ра студз. на выш. больш за 2000 м -10 °C, ліп. да 5 °C, 600—800 мм ападкаў за год, 1400 мм на паўд. схілах В.Каўказа). Каля 1250 рэк, з іх 24 даўж. больш за 100 км. Гал. рэкі Кура і Аракс (крыніцы арашэння), значныя — Самур, Тэртэр, Арпа. Больш за 250 азёраў, найб. Гаджыкабул і Беюкшор; высакагорнае воз. Гёйгёль. На р. Кура створана Мінгечаурскае вадасх. (525 км²), ад яго пачынаюцца Верхнекарабахскі і Верхнешырванскі арашальныя каналы. Глебы на нізінах (да выш. 200 м) шэразёмныя і бурыя паўпустынныя з саланцаватымі і саланчаковымі ўчасткамі, паўпустыннай расліннасцю (палын, салянкі, эфемеры), у перадгор’ях (300—500 м) — каштанавыя і карычневыя, на схілах гор — карычневыя і бурыя горна-лясныя глебы, на якіх растуць шыракалістыя лясы (бук, граб, дуб, каштан). Вышэй за 2000 м пояс горна-лугавых і дзярновых глебаў; разнатраўныя субальпійскія і альпійскія лугі — летнія пашы. У Талышскіх гарах захаваліся рэлікты трапічнай флоры: дэмірагач (жалезнае дрэва), самшыт, дзельква, гледычыя і інш. Жывёльны свет налічвае больш за 12 тыс. відаў: джэйран, дзік, дагестанскі тур, марал, дзікабраз, барсук, чаротавы кот; з птушак — турач, кеклік, фазан і інш. Каспій і Кура багатыя каштоўнай рыбай (ласось, асетр, сяўруга і інш.). Буйнейшыя запаведнікі: Закатальскі, Кызылагаджскі, Турыянчайскі, Шырванскі, Эльдарскі.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — азербайджанцы (больш за 82%); жывуць таксама рускія, армяне, лезгіны, аварцы, татары, цахуры, туркі, курды і інш. Сярэдняя шчыльнасць 85,8 чал. на 1 км² (1992), найб. шчыльна заселены Апшэронскі п-аў і прыгарадная зона Баку (150—300 чал. на 1 км²), некаторыя раўнінныя і перадгорныя часткі. Гар. насельніцтва складае 54%. Буйн. гарады (1990): Баку (1149 тыс. ж.), Гянджа (281 тыс. ж.), Сумгаіт (235 тыс. ж.), Мінгечаур, Шэкі.

Гісторыя. Першыя пасяленні чалавека на тэр. Азербайджана адносяцца да эпохі палеаліту. З часоў неаліту тут вядома земляробства і жывёлагадоўля. Паселішчы таго часу знойдзены ў Кюльтэпэ, Ханлары, Мінгечауры. З 2-га тыс. да н. э. на тэр. Азербайджана вядома металургія бронзы, з пач. 1-га тыс. да н. э. — жалеза. Паселішчы бронзавага веку выяўлены ў раёнах Хаджалы, Кедабека, Дашкесана, Гянджы і інш. У 9 ст. да н. э. Пд Азербайджана ўваходзіў у рабаўладальніцкую дзяржаву Мана, у 7 ст. да н. э. — Мідыю, якая да сярэдзіны 6 ст. да н. э. захоплена персідскай дзяржавай Ахеменідаў. У 4 ст. да н. э. на Пд Азербайджана ўзнікла дзяржава Атрапатэна, якая пазней атрымала назву Азербайджан («Краіна хавальніка агню»); на Пд Азербайджана ўтварылася Албанія Каўказская. Феад. адносіны ў Азербайджане склаліся ў 3—5 ст. н. э. Сяляне за карыстанне зямлёй плацілі феадалам рэнту і неслі павіннасці, аднак фармальна не лічыліся прыгоннымі. Гандлёва-рамесніцкімі цэнтрамі сталі Барда, Кабала, Нахічэвань, Байлакан і інш. Сярэдневяковы Азербайджан неаднойчы заваёўвалі іншаземцы. У пач. 3 — сярэдзіне 7 ст. тут царавала дынастыя Сасанідаў, у 7 — сярэдзіне 9 ст. ўладарылі арабы. У канцы 5 — пач. 6 ст. ў Азербайджане і Іране разгарнуўся маздакіцкі рух; у 1-й пал. 9 ст. адбылося вял. сялянскае паўстанне (гл. Бабека паўстанне 816—37) супраць араб. і мясц. феадалаў, якое падарвала ўладу Арабскага халіфата. У 2-й пал. 9 ст. на тэр. Азербайджана ўтварыўся шэраг дзяржаў. Цэнтрамі эканомікі і культуры сталі гарады Тэбрыз, Нахічэвань, Баку, Шэмаха, Барда, Кабала, Гянджа і інш., якія вялі гандаль, у т. л. і з Кіеўскай Руссю. У сярэдзіне 11 ст. Азербайджан захапілі сельджукі, якія прычынілі значныя страты гаспадарцы і культуры краіны. У 13 ст. ў выніку манг. нашэсця Азербайджан увайшоў у Хулагуідаў дзяржаву. Вял. наплыў цюркскіх плямёнаў у Азербайджане ў 11—13 ст. прывёў да выцяснення стараж. мясц. моў і ўсталявання новай — азербайджанскай мовы. З гэтага часу фарміруецца і азерб. народнасць. Да сярэдзіны 14 ст. манг. панаванне ў Азербайджане падарвана супраціўленнем нар. мас, што выкарысталі мясц. феад. дынастыі. У канцы 14 — пач. 15 ст. На тэр. Азербайджана вылучылася самастойная дзяржава Шырван. Станоўчую ролю ў гісторыі Азербайджана адыграла Сефевідаў дзяржава, заснаваная ў пач. 16 ст. шахам Ісмаілам I. З канца 16 ст. ў ёй узмацніўся іранскі ўплыў; Азербайджан ператварыўся ў адну з ускраін Іранскай дзяржавы. У 16—18 ст. Азербайджан — арэна разбуральных войнаў паміж Іранам і Турцыяй. Азерб. народ вёў гераічную барацьбу супраць іншаземных і мясц. прыгнятальнікаў, што знайшло адлюстраванне ў эпасе пра нар. героя Кёр-аглы. У 1723—35 прыкаспійскія вобласці Азербайджана трапілі пад уладу Расіі, пазней зноў захоплены Іранам. У 2-й пал. 18 ст. ў Азербайджане ўзнікла каля 15 невял. ханстваў. Паводле руска-іранскіх пагадненняў (Гюлістанскі мірны дагавор 1813, Туркманчайскі дагавор 1828) Паўн. Азербайджан далучаны да Рас. імперыі, Паўд. Азербайджан застаўся пад уладай Ірана. На пач. 19 ст. буйным цэнтрам прам-сці стаў Баку, які ў 1901 даваў каля паловы сусв. здабычы нафты. У 1903 бакінскія рабочыя выступілі ініцыятарамі стачак на Пд Расіі, у 1904 дамагліся заключэння першага ў Расіі калектыўнага дагавору. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 утварылася двоеўладдзе: у Баку існавалі Выканаўчы к-т грамадскіх арг-цый (мясц. орган Часовага ўрада) і Савет рабочых дэпутатаў, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных партый і паліт. груповак: мусаватысты (гл. «Мусават»), дашнакі, эсэры, бальшавікі, меншавікі і інш. 9.11.1917 на пашыраным пасяджэнні Савета бальшавіцкая рэзалюцыя аб узяцці ўлады ў свае рукі адхілена. Аднак 13 ліст. пад націскам рабочых і салдат абвешчана сав. ўлада, выбраны новы выканком Савета. Барацьба за ўладу набыла ўзбр. характар. У сак. 1918 у Баку і інш. месцах адбылося паўстанне мусаватыстаў, якое было задушана. 25.4.1918 утвораны Бакінскі СНК на чале з С.Г.Шаумянам (гл. Бакінская камуна). У маі ў Тыфлісе мусаватысты стварылі свой урад, які пазней пераехаў у Гянджу. 28.5.1918 абвешчана Азерб. дэмакр. рэспубліка. Ва ўмовах актывізацыі ваен. дзеянняў у Закаўказзі з боку Турцыі і няўдач Чырв. Арміі Бакінскі Савет 25 ліп. запрасіў у Баку англ. атрад. 31 ліп. Бакінскі СНК склаў свае паўнамоцтвы. 1 жн. з апазіцыйных Бакінскай камуне прадстаўнікоў Цэнтракаспія і выканкома Бакінскага Савета створаны новы ўрад — Дыктатура Цэнтракаспія і Прэзідыума выканкома Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Бакінскі Савет быў распушчаны, бакінскія камісары арыштаваны і 20 вер. расстраляны. 4 жн. Баку акупіравалі англ. войскі, якія праз 10 дзён былі выцеснены тур. часцямі. Разам з англічанамі Баку пакінулі прадстаўнікі толькі што створанага ўрада. У вер. 1918 да ўлады прыйшлі мусаватысты. Паводле ўмоў Мудраскага перамір’я паміж Антантай і Турцыяй апошняя вывела восенню 1918 свае войскі з Баку. На змену ім зноў прыбылі англ. войскі (выведзены восенню 1919). У выніку паўстання ў Баку 28.4.1920 адноўлена сав. ўлада, створаны СНК на чале з Н.Нарыманавым, Азербайджан абвешчаны сав. сацыяліст. рэспублікай. 30 крас. ў Баку прыбылі перадавыя атрады Чырв. Арміі. Сав. ўлада была ўстаноўлена і на астатняй тэр. Азербайджана. Потым Азербайджан быў выкарыстаны як плацдарм для дзеянняў Чырв. Арміі супраць урадаў, што існавалі на той час у Арменіі і Грузіі. 19.5.1921 прынята 1-я Канстытуцыя Азерб. ССР. З 12.3.1922 да 5.12.1936 Азербайджан уваходзіў у Закаўказскую федэрацыю (ЗСФСР) і ў складзе яе з 30.12.1922 — у СССР. У складзе Азербайджана былі ўтвораны Нагорна-Карабахская аўт. вобл. (1923, гл. Нагорны Карабах) і Нахічэванская АССР (1924, гл. Нахічэванская рэспубліка). Пасля скасавання ў 1936 ЗСФСР Азербайджан — саюзная рэспубліка ў складзе СССР. У 1988 з-за прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Азербайджанам і Арменіяй узнік канфлікт, які пазней прыняў узбр. характар. Ускладнілася і ўнутрыпаліт. сітуацыя. Крывавыя падзеі на нац. глебе ў Сумгаіце ў 1989, сутыкненні насельніцтва з войскамі ў Баку на пач. 1990 разам з нагорна-карабахскім крызісам вымусілі ўвесці ў Азербайджан ў студз. 1990 надзвычайнае становішча. Пасля змен у канстытуцыі ў маі 1990 прэзідэнтам Азербайджана стаў камуністычны лідэр А.Муталібаў. У ліп. 1990 з апазіцыйных уладам грамадска-паліт. груп і аб’яднанняў створаны Дэмакр. форум Азербайджана. 30.8.1991 Вярх. Савет Азербайджана прыняў дэкларацыю пра аднаўленне дзярж. незалежнасці на аснове Акта ад 1918. 18.10.1991 прыняты Канстытуцыйны акт «Аб дзяржаўнай незалежнасці Азербайджанскай рэспублікі». У канцы 1991 Азербайджан увайшоў у СНД. Рашэнне Вярх. Савета Азербайджана ад 26.11.1991 пра скасаванне статуса Нагорна-Карабахскай аўт. вобл., а з другога боку абвяшчэнне Нагорным Карабахам незалежнасці і прызнанне гэтага акта Арменіяй прывялі да эскалацыі азерб.-арм. канфлікту, фактычна пачалася неаб’яўленая вайна. Сац.-эканам. і паліт. крызіс у Азербайджане, ускладненне карабахскай праблемы вымусілі прэзідэнта Муталібава да адстаўкі. На прэзідэнцкіх выбарах 7.6.1992 перамог А.Эльчыбей — лідэр Нар. фронту Азербайджана. Краіна прыпыніла членства ў СНД. 24.6.1993 Нац. меджліс перадаў паўнамоцтвы прэзідэнта Азербайджана старшыні Вярх. Савета Г.Аліеву, які 3.10.1993 абраны прэзідэнтам краіны. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, АБСЕ, дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.

З 1992 Азербайджан, — член ААН, АБСЕ, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 11.6.1993.

Палітычныя партыі. Нар. фронт Азербайджана, Партыя нац. незалежнасці, «Мусават», Азерб. нар. партыя, Азерб. сял. партыя, «Новы Азербайджан», Азерб. сац.-дэмакр. партыя і інш.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці нафтаздабыўная (11,7 млн. т; 1991), газаздабыўная (8,3 млрд. м³; 1991), нафтаперапр. (вытв-сць шматлікіх відаў паліва, тэхн. маслаў і інш.). Электраэнергетыка, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім. прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 23,5 млрд. кВт·гадз (1991); выпрацоўваюць ЦЭС (91%), каскад ГЭС на Куры (у т. л. самая буйная Мінгечаурская), Араксінская, Шамхорская і інш. Гарнарудная прам-сць: здабыча жал. руды (1,6 млн. т), алунітаў у раёне Дашкесана. Металургічная прам-сць (вытв-сць сталі, стальных трубаў, алюмінію, пракат каляровых металаў) у Сумгаіце, Гянджы. У машынабудаванні вылучаецца вытв-сць абсталявання для нафтавай прам-сці (Баку). Развіты электратэхн., радыёэлектронная прам-сць, прыладабудаванне (асн. цэнтр Баку). Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці выпускаюць мінер. ўгнаенні, серную кіслату, сінтэтычны каўчук, аўтапакрышкі, шкловалакно, мыйныя сродкі, лакі, фарбы і інш. (Сумгаіт, Мінгечаур, Гянджа, Нефтэчала, Сальяны). Галіны лёгкай прам-сці: баваўняная (Баку, Гянджа), шаўковая (Шэкі), шарсцяная, трыкатажная, вытв-сці дываноў (Баку, Гянджа, Мінгечаур, Шэкі), гарбарна-абутковая (Баку, Гянджа). Развіты харч. (кансервавая, тытунёвая, чайная, рыбная, вінаробная, масласыраробная, мукамольна-крупяная і інш.) прам-сць і вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, азбестацэментавыя вырабы, буд. фаянс, камень, зборныя жалезабетонныя канструкцыі і інш.). С.-г. ўгоддзі займаюць каля 4 млн. га, з іх больш за 1,6 млн. пад ворнымі землямі, 2,1 млн. га пад летняй і зімовай пашай. Пл. зямель, якія арашаюцца, — 1,3 млн. га (1986). Найб. пасяўныя плошчы пад збожжавымі культурамі (пшаніца, рыс, азімы ячмень). Гал. тэхн. культуры — бавоўна і тытунь. Развіты пладаводства, вінаградарства. Азербайджан — база ранняга агародніцтва, буйны раён вырошчвання субтрапічных культур (гранат, інжыр, міндаль, масліны, шафран, цытрусавыя і інш.) і чаяводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (буйн. раг. жывёла) і мяса-воўнавага (авечкагадоўля) кірунку. Вытв-сць мяса — 8,1 тыс. т, малака — 84,8 тыс. т (1991). Птушкагадоўля, шаўкаводства.

Транспарт. Асн. від — чыгуначны. Праз Азербайджан праходзіць чыг. магістраль у Іран (на Тэбрыз). Паводле аб’ёму перавозак на 2-м месцы марскі транспарт; гал. порт Баку, звязаны чыг. паромам з Краснаводскам. Па Куры — суднаходства. Нафтаправод Баку—Тбілісі—Батумі, газаправоды Карадаг—Гянджа—Акстафа з адгалінаваннем на Ерэван і Тбілісі, Карадаг—Баку і інш. Ажыццяўляюцца грузапасаж. авіярэйсы Мінск—Баку—Мінск. Экспарт Азербайджана складае 1,46 млрд. інвалютных руб. (1992). У знешнім гандлі Азербайджана вядучае месца належыць Расіі (60% тавараабароту). Экспартуе энерганосьбіты і энергаматэрыялы, імпартуе прадукты харчавання. Грашовая адзінка — манат.

Узброеныя сілы Азербайджана складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У 1993 налічвалі 41,6 тыс. чал. (560 тыс. рэзервістаў). Сухапутныя войскі (38,9 тыс. чал.) маюць 2 карпусныя групы, 1 танк. брыгаду, 9 механізаваных брыгад, 1 механізаваны полк, 2 артыл. брыгады, 2 артыл. палкі; на ўзбраенні 286 танкаў, 362 баявыя машыны пяхоты, 480 бронетранспарцёраў, ракеты класа «зямля—паветра», артылерыя, ракетныя пускавыя ўстаноўкі, 130 мінамётаў. У ВПС (1,6 тыс. чал.) на ўзбраенні 47 баявых самалётаў, 52 вучэбна-трэніровачныя самалёты. ВМС (2,1 тыс. чал.) атрымалі ч. Каспійскай ваен. флатыліі б. СССР, у т. л. 1 фрэгат, 6 вартавых караблёў. Ваенна-марская база ў Баку.

Ахова здароўя. На пач. 1992 было 749 бальнічных устаноў на 71,9 тыс. ложкаў (99,4 ложка на 10 тыс. ж.), 1726 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 28,1 тыс. урачоў (38,9 урача на 10 тыс. ж.). Сярэдняя працягласць жыцця 69 гадоў. Дзіцячая смяротнасць склала 45 дзяцей на 1 тыс. народжаных.

Асвета, навуковыя ўстановы. У Азербайджане ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Азербайджане было 2168 дашкольных дзіцячых устаноў (173 тыс. дзяцей), 4332 агульнаадук. школы (1375 тыс. вучняў, 139 тыс. настаўнікаў), 77 сярэдніх спец. навуч. устаноў (60,1 тыс. навучэнцаў), 18 ВНУ (108 тыс. студэнтаў). Найбольшыя ВНУ: Азербайджанскі ун-т, ін-ты с.-г., політэхн., мед., пед., пед. замежных моў, мастацтваў, нафты і хіміі, буд. інжынераў, кансерваторыя і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў 131 навук. установе (разам з ВНУ) і ў н.-д. ін-тах АН Азербайджана (у яе складзе 61 акадэмік, 74 чл.-карэспандэнты, 364 д-ры навук і 2441 канд. навук; 1990). На 1.1.1991 у Азербайджане было 4,8 тыс. масавых б-к з фондам 45,9 млн. адзінак захавання, самыя вялікія: Рэсп. б-ка імя Ахундава, Фундаментальная б-ка АН. У Азербайджане 122 музеі (разам з філіяламі), буйнейшыя з іх: Музей мастацтваў імя Мустафаева, Музей азерб. л-ры імя Нізамі, Музей гісторыі Азербайджана; 38 тыс. клубных устаноў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1992 у Азербайджане 575 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Азербайджан», «Азадлыг» («Свабода»), «Бакинский рабочий», «Вышка», «Мухаліфат» («Апазіцыя»). Працуюць дзярж. (Азерінфарм) і прыватныя (Аса-Ірада, Туран і Хабар-сервіс) тэлегр. агенцтвы. Тэлецэнтры Бакінскі і Нахічэванскі. Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на азерб., арм. і рус. мовах. У Баку рэтрансліруецца праграма тур. тэлебачання.

Літаратура. Азерб. л-ра бярэ пачатак у фальклоры. Самыя стараж. помнікі нар.-паэт. творчасці — т.зв. мідыйскія легенды, нар. паданні (7—6 ст. да н. э.). Рэліг.-філас. погляды стараж. азербайджанцаў адлюстраваны ў помніку «Авеста». Гераічны эпас прадстаўлены паэмамі-дастанамі, сярод якіх самы значны «Кёр-аглы». Рамантычныя сюжэты складаюць аснову дастанаў «Аслі і Керэм», «Ашуг-Гарыб» і інш. Стваральнікамі, выканаўцамі і зберагальнікамі нар. творчасці былі спевакі-ашугі. Стараж. пісьмовыя помнікі не захаваліся, але ёсць звесткі, што яшчэ ў 5 ст. ў Албаніі Каўказскай існаваў алфавіт, былі напісаны арыгінальныя і перакладныя кнігі. У 7—9 ст. узмацніўся араба-ісламскі, у 11 ст. — іранскі ўплыў на азерб. культуру. Арабская і персідская мовы сталі афіцыйнымі, на іх стваралі свае творы паэты і вучоныя Хатыб Тэбрызі, Гатран Тэбрызі. Адначасова развівалася і азерб. мова. У 10—11 ст. фарміраваўся эпас «Кітабі Дэдэ Коркуд». У 11—12 ст. побач з творамі прыдворных паэтаў з’яўляліся творы пра жыццё народа. Узоры лірыкі стваралі Хагані Шырвані, Абу-ль-Ала Ганджэві, Фелекі Шырвані, паэтэса Мехсеты Ганджэві і інш. Вяршыня азерб. паэзіі 12 ст. — творчасць Нізамі Ганджэві, які зрабіў вял. ўплыў і на азерб. л-ру, і на л-ры іншых народаў Усходу. У 13—14 ст. тварылі паэты Ізедын Гасанаглы, Зульфігар Шырвані, Аўхеды Марагаі, Махмуд Шабустары. Значны след у паэзіі пакінулі Насімі, Хабібі, Кішверы і інш. Пад псеўданімам Хатаі пісаў вершы заснавальнік дынастыі Сефевідаў шах Ісмаіл I. Газелі Мухамеда Фізулі — узор высокай лірыкі на ўсім Б. і Сярэднім Усходзе. З яго імем звязана канчатковае фарміраванне літ. азерб. мовы. У творах прадаўжальнікаў традыцый Фізулі (Саіба Тэбрызі, Каўсі Тэбрызі, Месіхі) паэзія набывала больш простую і арганічную форму. Гэта заўважна і ў творах лепшых паэтаў 18 ст. Мала Велі Відадзі і Мала Панах Вагіфа. Валодаючы ўсімі формамі класічнай паэзіі, яны сцвердзілі ў л-ры ашугскую форму гошма, найб. блізкую да нар. творчасці. Л-ра 19—пач. 20 ст., прадаўжаючы класічныя традыцыі, зазнала новыя павевы, ішла ад асветніцкага рэалізму А.-К.Бакіханава і Вазеха да рэалізму крытычнага. Важнае значэнне для развіцця рэаліст. л-ры мела творчасць М.Ф.Ахундава, талент якога найб. поўна раскрыўся ў драматургіі. У 2-й пал. 19 ст. тварылі паэт-асветнік Сеід Азім Шырвані, паэты-лірыкі Сеід Набаты, Бахар Шырвані, паэтэса Хуршудбану Натаван. У 1875 засн. першая газета на азерб. мове «Экінчы» («Араты»), На пач. 20 ст. з’явіліся раманы С.М.Ганізадэ, М.С.Ардубады, Н.Нарыманава, рамант. лінію ў паэзіі развівалі Абас Сіхат, Хады Мухамед і інш. У 1932 створаны Саюз пісьменнікаў Азербайджна. Значны ўклад у азерб. паэзію С.Вургуна, С.Рустама, Р.Рзы, М.Рагіма, Мюшфіка і інш. Выдадзены раманы, аповесці і апавяданні Сеіда Гусейна, С.Рагімава, Абульгасана, Гусейна Мехты, М.Ібрагімава, А.Веліева, Мір Джалала, Г.Мусаева і інш. У пасляваен. гады плённа працавалі празаікі І.Гусейнаў, Б.Байрамаў, Г.Сеідбейлі, І.Шыхлы, Г.Абасзадэ, С.Веліеў, С.Даглы, Анар, А.Айліслі, паэты Б.Азераглу, Б.Вагабзадэ, Н.Хазры, З.Джабарзадэ, І.Сафарлі, Г.Гусейнзадэ, А.Керым і інш. У 1960-я г. з’явіліся псіхал. апавяданні і лірыка-псіхал. аповесці Айліслі, І.Гусейнава, М.Ібрагімбекава, Анара і інш. Раман 1960—70-х г. у асноўным арыентаваўся на паказ жыцця вяскоўцаў ці рабочых («Вузлы» С.Веліева, «Магамед, Мамед, Маміш...» Ч.Гусейнава). У 1980-я г. выдадзены раманы «Меч і пяро» Ардубады, «Калыска на жалезным дрэве» Ф.Керымзадэ, «Камяністы ключ» С.Веліева, кн. аповесцяў і апавяданняў «Залаты конь і зямля» Дж.Алібекава, «Птушынае гняздо» Дж.Рафіева, «Маніфест маладога чалавека» Мір Джалала, «Кліч» А.Мамедава, «Людзі і хвалі» Г.Гусейнаглы, зб. паэзіі «Будзь сведкам, сонца» Н.Гасанзадэ, «Снежныя кветкі» М.Дыльбазі, «Памяць крыві» Сабіра, «Размова з самім сабой» Вагабзадэ і інш. Развіваецца дзіцячая л-ра (М.Сеідзадэ, М.Рзакулізадэ, Мусаеў, Х.Алібейлі і інш.), крытыка і літаратуразнаўства (Г.Араслі, Арыф, Ф.Касімзадэ, М.Рафілі, А.Султанлі і інш.).

На бел. мову перакладзены раман Ібрагімава «Настане дзень» (1953), аповесць Абульгасана «Унукі старой Тамашы» (1962), кн. аповесцяў С.Веліева «Вусаты Ага. Кулік» (1985), кн. апавяданняў «Ключ жыцця» (1978), зб. твораў дзіцячых пісьменнікаў і фальклору «Вышкі над морам» (1989), зб. вершаў і паэм М.Тофіка «Сонечны цягнік» (1986) і інш. На азерб. мову перакладзены творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, П.Броўкі, А.Куляшова і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі энеаліту і ранняй бронзы на тэр. Азербайджана захаваліся дальмены, менгіры, кромлехі, з 1-га тыс. да н.э. — цыклапічныя збудаванні (Кедабекскі р-н, перадгор’і М.Каўказа, Нахічэвань). Найб. стараж. помнікі выяўл. мастацтва (2—1-е тыс. да н.э.) — наскальныя гравіраваныя малюнкі ў Кабустане, кераміка Мінгечаура, упрыгожанні з бронзы, дробная пластыка. У 9—6 ст. да н. э. будаваліся гарады, абарончыя збудаванні, жыллё т.зв. антавага тыпу, алтары агню (Мана, Мідыя). Помнікі раннесярэдневяковага дойлідства — храм у Лекіце, базіліка ў с. Кум (5—6 ст.), мячэці ў Бардзе, Гянджы, Шэмасе (7—9 ст.). З 10 ст. ствараюцца арх. школы: нахічэванская (пабудовы 12 ст. архітэктара Аджэмі), шырвана-апшэронская (Шырваншахаў палац у Баку), тэбрызская (Блакітная мячэць, 15 ст.). Найб. вядомыя помнікі 12—13 ст. — маўзалеі ў Нахічэвані і Джузе, Дзявочая вежа ў Баку. У 16—17 ст. пабудаваны культавыя комплексы шэйха Сефі (Ардэбіль), Гёй-Імам, цэнтр. плошча з мячэццю Джума (Гянджа) і інш. У сярэднявеччы развівалася скульптура (бронзавыя грыфоны, каменныя фігуркі), высокага ўзроўню дасягнулі вытв-сць глазураванай керамікі, разьба па камені, каліграфія. На 16 ст. прыпадае росквіт тэбрызскай школы мініяцюры (мастакі Султан Мухамед, Мір Сеід Алі, Бехзад і інш.). У час феад. раздробленасці (18 ст.) манум. будаўніцтва занепадае; арх.-буд. традыцыі захаваліся ў нар. дойлідстве (жылыя дамы, невял. мячэці). У 18 ст. актуалізаваўся насценны жывапіс (палац ханаў у Шэкі, жылыя дамы ў Ардубадзе, Шушы). У 19 ст. традыцыі мініяцюрнага жывапісу прадаўжаліся ў насценных размалёўках і партрэце (майстры У.Г.Карабагі, М.К.Эрывані, М.М.Наваб). Прыёмы планіроўкі і кампазіцыі, нац. арх. формы і матывы дэкору нярэдка спалучаліся з элементамі рас. і зах.-еўрап. класіцызму (Шэмаха, Баку). Заснавальнікамі рэаліст. жывапісу ў пач. 20 ст. былі А.Азімзадэ і Б.Кенгерлі. У 1920 у Баку адкрыта маст. школа. У 1920 — пач. 30-х г. працавалі жывапісцы А.Рзакуліеў, С.Саламзадэ, Ш.Мангасараў, графікі Э.Гаджыеў, Г.Халыкаў, І.Ахундаў, скульптары П.Сабсай, І.Гуліеў, Ф.Абдурахманаў, Дж.Карагды, тэатр. мастакі Р.Мустафаеў, Н.Фатулаеў. З канца 1920-х г. будуюцца першыя рабочыя пасёлкі (пас. Мамедзьярава — адзін з першых прыкладаў комплекснай забудовы жылога раёна). У выхаванні нац. кадраў у Азербайджана прымалі ўдзел рус. архітэктары (браты Весніны, А.Шчусеў і інш.). З 1930-х г. працуюць выпускнікі арх.-буд. ф-та (засн. ў 1920) Азербайджанскага політэхн. ін-та (С.Дадашаў, Э.Касімзадэ, М.Усейнаў і інш.). Для 1920-х г. характэрна стылізатарства пад феад. дойлідства мусульм. Усходу. У пач. 1930-х г. з’явіліся канструктывісцкія будынкі (гасцініца «Інтурыст» у Баку), у 2-й пал. 1930—50-х г. асвойвалася класічная, у т. л. нац. арх. спадчына (Музей азерб. л-ры імя Нізамі ў Баку). З канца 1950 праектуюцца і забудоўваюцца новыя гарады — Сумгаіт, Дашкесан, Мінгечаур, вядзецца рэканструкцыя Баку. Эстэтыка сучаснага этапу дойлідства Азербайджана выявілася ў архітэктуры Баку (комплекс будынкаў АН, гасцініц «Азербайджан» і «Масква», усе арх. Усейнаў; станцыі метрапалітэна, арх. Усейнаў, К.Сянчыхін, Т.Ханлараў, Ш.Зейналава, Касімзадэ і інш.; палац «Гюлістан», арх. А.Амірханаў, Н.Гаджыбекаў) і інш. гарадоў. У выяўл. мастацтве з канца 1950-х г. паглыбляецца працэс асэнсавання нац. маст. традыцый, развіваецца самабытная школа жывапісу. У 1960—80-я г. мастакі Н.Абдурахманаў, М.Абдулаеў, Саламзадэ, Э.Рзакуліеў, Т.Салахаў, Б.Мірзазадэ і інш. працуюць у гіст. і быт. жанрах, пішуць партрэты, пейзажы. Сярод сучасных мастакоў — жывапісцы Т.Нарыманбекаў, А.Джафараў, Н.Касумаў; графікі Р.Бабаеў, Ю.Гусейнаў, Э.Шамілаў, К.Алекпераў. У 1936 засн. Саюз архітэктараў, у 1940 — Саюз мастакоў Азербайджана.

Музыка. На працягу многіх стагоддзяў на тэр. Азербайджана існавалі фалькл. музыка (сялянская і гарадская) і творчасць нар.-прафес. музыкантаў вуснай традыцыі, у т. л. ашугаў. Вак.-інстр. фальклор мае элементы шматгалосся. Самабытнасць гукавога строю азерб. музыкі вызначаюць 7 асн. ладоў-мугамаў (найб. пашыраны раст, шур, сегях). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковы кеманча, струнна-шчыпковыя тар, саз, уд; духавыя тугак, балабан, зурна; ударныя дэф (бубен), нагара, гоша-нагара. Нар. песенная творчасць разнастайная ў жанравых адносінах, з багатай метрарытмікай. Пераважае сольнае, радзей хар. (унісоннае) выканальніцтва. Мастацтва паэтаў-спевакоў ашугаў засн. на класічных мелодыях (больш за 80), кожная з якіх мае шмат імправізацыйных варыянтаў. У 11—16 ст. найб. пашырана было гар. мастацтва мугамаў — вял. цыклічных вак.-інстр. п’ес, пабудаваных у розных ладах. З канца 19 ст. ў Азербайджан пранікае еўрап. муз. культура. Асновы сучаснай азерб. прафес. муз. культуры заклаў У.Гаджыбекаў, які распрацаваў тэорыю азерб. ладоў, стварыў першую мугамную оперу «Лейлі і Меджнун» (1908) і муз. камедыю «Аршын мал алан» (1913). Новы стыль азерб. музыкі фарміруецца ў 1920—30-я г. найперш у оперным жанры. Пастаноўка оперы Р.Гліэра «Шахсенем» (1927) выявіла імкненне да сінтэзу еўрап. і нац. формаў, «Нэргіз» (1938) А.М.Магамаева — першы азерб. твор, засн. на класічных формах, опера «Кёр-аглы» (1937) У.Гаджыбекава стала нац. класікай. У 1940 паст. першы нац. балет «Дзявочая вежа» А.Бадалбейлі. Этапнымі былі балеты «Сем прыгажунь» (1952) і «Сцежкаю грому» (1958) К.Караева, «Легенда аб каханні» (1961) А.Мелікава. Муз. камедыі і аперэты стваралі С.Рустамаў, Ф.Аміраў, С.Алескераў, Караеў, Р.Гаджыеў. Сімф. жанр у Азербайджане ўзнік у 1920—30-я г. У ім працавалі Караеў, у творчасці якога аб’яднаны рысы нац. і сучаснай музыкі, Ніязі, працуюць Аміраў, С.Гаджыбекаў, Дж.Гаджыеў, Мелікаў, М.Мірзоеў, А.Рзаеў, А.Алізадэ, М.Куліеў, І.Гаджыбекаў, А.Дадашаў і інш.; у вак.-сімф. жанры — Рустамаў, Р.Мустафаеў, Р.Гаджыеў, Алізадэ, Н.Мамедаў, Мірзоеў і інш. Першыя ўзоры нац. раманса належаць А.Зейналы (1920-я г.). У камерна-інстр. жанрах працаваў Караеў, працуюць Аміраў, Дж.Гаджыеў, Т.Бакіханаў, С.Гаджыбекаў, Куліеў, Х.Мірзазадэ, А.Азізаў і інш. Развіваецца дзіцячая музыка, музыка для т-ра і кіно. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Ніязі, Р.Абдулаеў; спевакі Р.Бейбутаў, Бюль-Бюль, М.Магамаеў, Ш.Мамедава, Ф.Ахмедава, Л.Іманаў, З.Ханларава, Р.Атакішыеў; піяністы Ф.Бадалбейлі, Т.Махмудава. У Азербайджане працуюць (1994): у Баку — Азерб. т-р оперы і балета (з 1920), Т-р музкамедыі (1938); філармонія (1936), у складзе якой Сімф. аркестр імя У.Гаджыбекава, Ансамбль песні і танца Азербайджана, камерны аркестр, хар. капэла, ансамбль танца, Дзярж. эстрадны аркестр; Сімф. аркестр імя Ніязі, эстрадна-сімф. аркестр, аркестр нар. інструментаў, хор пры Азерб. радыё і тэлебачанні; «Тэатр песні»; у Гянджы — філармонія. Працуюць таксама кансерваторыя (з 1921), муз. вучылішчы, муз. школы. У 1934 засн. Саюз кампазітараў Азербайджана.

Тэатр. Вытокі азерб. тэатр. мастацтва — у нар. творчасці. У стараж. Азербайджане існаваў лялечны т-р «Кілімарасы», у сярэднявеччы — рэліг.-містэрыяльны тэатр. У 1873 у Баку ўпершыню на азерб. мове паказаны камедыі М.Ахундава «Везір Ленкаранскага ханства» і «Гаджы-Кара». У 1897 арганізаваны першы прафесійны калектыў «Мусульманская драм. трупа», у пач. 20 ст. створаны тэатр. трупы пры асв. т-вах «Ніджат» і «Сафа». Значны ўклад у развіццё нац. драм. мастацтва зрабілі Дж.Зейналаў, Г.Араблінскі, У.Гаджыбекаў, Дж.Джабарлы, А.Шарыфзадэ, У.Раджаб і інш. У 1920 у Баку створаны аб’яднаны дзярж. т-р (азерб., рус., арм. драм. і оперныя трупы). У 1922 азерб. драм. трупа пераўтворана ў Азерб. дзярж. т-р (Азерб. акад. т-р імя Азізбекава). У рэпертуары т-ра, які прадаўжае лепшыя нац. традыцыі, п’есы нац. драматургаў, класічныя і сучасныя творы. У 1944 засн. Азерб. тэатр. т-ва. У 1994 у Азербайджане 10 драм. т-раў.

Кіно. Кінавытворчасць у Азербайджане пачалася з 1916, калі акц. т-ва «Фільма» выпусціла карціны «У царстве нафты і мільёнаў» і «Аршын мал алан» (1917). У 1923 у Баку створана Азерб. фотакінаўпраўленне (з 1960 кінастудыя «Азербайджанфільм» імя Дж.Джабарлы); першы маст. фільм «Легенда пра Дзявочую вежу» (1924). У 1929 арганізавана студыя для падрыхтоўкі нац. творчых кадраў. У фільмах 1920-х г. пераважалі тэмы рэвалюцыі і грамадз. вайны («Гаджы Кара», «26 камісараў»). З 1936 здымаюцца гукавыя фільмы: «Алмас», «Бакінцы», «Сын Радзімы», «Бахтыяр», «Адна сям’я». У 1960—80-я г. пашырылася тэматыка, абнавілася паэтыка фільмаў, зняты маст. фільмы: «Не тая, дык гэтая», «Чаму ты маўчыш?», «Святло згаслых вогнішчаў», «Перад зачыненымі дзвярыма»; дакумент.-хранік.: «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» (Ленінская прэмія 1960), «Пакарыцелі мора» (сярэбраны медаль Маскоўскага міжнар. кінафестывалю 1959). У 1969 пачата вытворчасць мультыплікацыйных фільмаў. У 1965 створаны Саюз кінематаграфістаў Азербайджана. Сярод дзеячаў кіно: І.Касумаў, Т.Тагізадэ, Т.Ахундаў, М. і Р.Ібрагімбекавы, Анара (А.Рзаева), А.Бабаеў, Г.Мамедаў, Г.Турабаў, Ш.Мамедава.

Літ.:

Гаджи-заде А.М. Азербайджанский промышленный комплекс. Баку, 1975;

Географический справочник: Новые цифры, факты, названия. М., 1993;

Кавказ. М., 1966;

История Азербайджана. Т. 1—3. Баку, 1958—63;

История Азербайджана по документам и публикациям: Сб. Баку, 1990;

Рахман-заде Ф. Дар судьбы. Баку, 1990;

Касим-заде Ф. Очерки по истории азербайджанской литературы XIX в. Баку, 1962;

Бретаницкий Л.С., Веймарн Б.В. Искусство Азербайджана IV—XVIII веков. М., 1976;

Эфандиев Р. Декоративно-прикладное искусство Азербайджана. Баку, 1976;

Гаджибеков У. Основы азербайджанской народной музыки. 3 изд. Баку, 1985;

История музыки народов СССР. Т. 1. М., 1966;

История советского драматического театра. Т. 1—4. М., 1966—68;

Information please: Almanac, 1995. Boston;

New York, 1995.

В.К.Міхеева (прырода, гаспадарка), А.Н.Гуліеў, Г.К.Кісялёў, І.Ф.Раманоўскі (гістарычны нарыс), Г.В.Ратнікаў (кіно).

Герб і сцяг Азербайджана.
Азербайджан. Горад Баку.
Да арт. Азербайджан. Здабыча нафты на Каспійскім моры.
Да арт. Азербайджан. Аджэмі ібн Абу Бекр. Маўзалей Мамінэ-хатун у Нахічэвані. 1186.
Да арт. Азербайджан. Дэталь партала палаца Шырваншахаў у Баку. Канец 15 ст.
Да арт. Азербайджан. Маўзалей шэйха Сефі ў Ардэбілі. 16 ст.
Да арт. Азербайджан. Мір Сеід Алі. Мініяцюра з рукапісу «Хамсе» Нізамі. 1539—43.
Да арт. Азербайджан. Помнік Нізамі ў Баку. Скульпт. Ф.Абдурахманаў, арх. С.Дадашаў, М.Усейнаў. 1949.
Да арт. Азербайджан. Помнік паэту Фізулі ў Баку. Скульпт. Т.Мамедаў, О.Эльцараў, арх. Г.Мухтараў. 1962.
Да арт. Азербайджан. Т.Салахаў. Жанчыны Апшэрона. 1967.

т. 1, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́НІЯ (Danmark),

Каралеўства Данія (Kongeriget Danmark), дзяржава ў Зах. Еўропе. Размешчана на п-ве Ютландыя, а-вах Зеландыя, Фюн, Лолан, Фальстэр, Мён, Борнхальм і інш. На Пд мяжуе з Германіяй (даўж. сухапутнай граніцы 68 км). На З абмываецца Паўночным м., на Пн — прал. Скагерак, на У — прал. Катэгат, Эрэсун, Балтыйскім м. Пл. 43,1 тыс. км², у т. л. 19,3 тыс. км² пл. астравоў. Нас. 5165 тыс. чал. (1993). Дзярж. мова — дацкая. Сталіца — г. Капенгаген. Падзяляецца на 14 амтаў (раёнаў). У склад Д. ўваходзяць Грэнландыя і Фарэрскія астравы, якія маюць унутр. аўтаномію. Нац. святы — Дзень нараджэння каралевы Маргрэтэ II (16 крас.) і Дзень Канстытуцыі (5 чэрв.).

Дзяржаўны лад. Д. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1953. Кіраўнік дзяржавы — манарх. Заканад. ўлада належыць манарху і аднапалатнаму парламенту — фолькетынгу (179 дэпутатаў), што выбіраецца на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які назначае манарх і ўзначальвае прэм’ер-міністр. Урад адказны перад фолькетынгам.

Прырода. Рэльеф пераважна раўнінны са шматлікімі марэннымі ўзгоркамі. Найвыш. пункт г. Аер-Баўнехёй (173 м). Зах. і паўн.-зах. ўзбярэжжа — нізіна з паласой дзюн, якія аддзяляюць шматлікія лагуны ад мора. Усходнія берагі п-ва Ютландыя і в-ва Зеландыя моцна расчлянёныя, месцамі абрывістыя, ёсць шмат бухтаў. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (у Паўночным м.), торф, буд. матэрыялы і інш. Клімат умераны, марскі, з мяккай няўстойлівай зімой, халаднаватым летам. Сярэдняя т-ра студз. каля 0 °C, ліп. 16 °C. Ападкаў ад 600 мм на У да 800 мм на 3. Рэкі невялікія, найб. Гудэна (158 км). Шмат невял. азёр. Пад лесам 10% тэр., пераважаюць бук і дуб. Ёсць саджаныя лясы з елкі, хвоі, піхты і лістоўніцы. На З верасовыя пусткі. Запаведнікі Хеселё, Ворсё і інш.

Насельніцтва. Датчане складаюць каля 98% насельніцтва. На Пд Ютландыі жыве 40 тыс. немцаў. Ёсць невял. групы выхадцаў з Турцыі, б. Югаславіі, Швецыі, Вялікабрытаніі. Сярод вернікаў пераважаюць лютэране (91%), ёсць прыхільнікі інш. галін пратэстанцтва, католікі. Сярэдняя шчыльн. 120 чал. на 1 км², больш шчыльна заселены У краіны, асабліва в-аў Зеландыя. У гарадах 85% насельніцтва (1993). Больш за 25% насельніцтва краіны жыве ў Капенгагене з прыгарадамі (1,35 млн. ж., 1994). Значныя гарады (тыс. ж., 1993): Орхус — 274,5, Одэнсе — 181,8, Ольбарг — 158,1.

Гісторыя. Засяленне тэр. Д. чалавекам пачалося ў эпоху позняга палеаліту. У мезаліце тут існавала археал. культура маглемазэ. З апошніх стагоддзяў да н.э. на землях сучаснай Д. жылі стараж. германцы. Пасля перасялення большасці англаў, саксаў, ютаў на Брыт. а-вы (гл. Англасаксонскае заваяванне) на тэр. Д. ў 5—6 ст. н.э. з Пд Скандынаўскага п-ва прыбылі германамоўныя даны, вядомыя паводле пісьмовых крыніц прыблізна з 550 (адсюль назва Данія), якія сталі тут пануючым племем. У эпоху вікінгаў (канец 8 — сярэдзіна 11 ст.) продкі датчан каланізавалі б.ч. Брытаніі, абклаўшы яе насельніцтва данінай (т.зв. «дацкімі грашыма»), потым стварылі ў вусці Сены герцагства Нармандыя (911). Гэта садзейнічала іх паліт. кансалідацыі і ўтварэнню раннедацкага каралеўства (першым каралём быў Годфрэд, памёр у 810), што ўмацавалася пры Горме Старым (памёр каля 950) і яго сыне Харальдзе Сінязубым (памёр каля 985, пры ім у Д. каля 960 прынята хрысціянства). У эпоху вікінгаў узніклі першыя дацкія гарады, значную ролю ў грамадстве пачалі адыгрываць бонды, якія складалі аснову ваенна-марскога апалчэння (ледунга). Пры Кнудзе I Вялікім [1018—35] кароткі час існавала англа-дацка-нарв. дзяржава. Пазней пад уладу Д. трапіла герцагства Шлезвіг (гл. Шлезвіг-Гольштэйн; з 1460 у асабістай уніі). У 2-й пал. 12 — пач. 13 ст. Д. заваявала паўд. і частку ўсх. ўзбярэжжа Балтыйскага м. (пасля бітвы 1227 з немцамі пры Борнхёведзе б.ч. гэтых тэр. страчана). Вайна 1367—70 з Ганзай за панаванне на Балтыцы скончылася паражэннем Д. У 1397—1523 пад уладай дацкіх каралёў (Кальмарская унія) аб’яднаны Нарвегія і Швецыя (у 1523 вызваліліся з-пад дацкага панавання). У 2-й пал. 16 ст. Д. дамаглася перавагі на Балтыйскім м. Яна ўдзельнічала ў Трыццацігадовай вайне 1618—48. У 17 ст. ў краіне ўстаноўлена абсалютная манархія (1660), з’явіліся першыя мануфактуры. Працяглыя сял. выступленні прывялі да скасавання прыгону (1788—1800). Д. ўдзельнічала (фактычна безвынікова) разам з Расіяй і Саксоніяй у Паўночнай вайне 1700—21 супраць Швецыі, была адной з дзяржаў-ініцыятараў першага ўзбр. нейтралітэту (1780) у Вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. У выніку нападу англічан на Капенгаген і захопу імі дацкага ВМФ (1807) Д. ўцягнулася ў напалеонаўскія войны на баку Францыі. Паводле Кільскіх мірных дагавораў 1814 яна страціла Нарвегію, в-аў Гельгаланд і інш., аднак захавала пад сваёй уладай нарв. заморскія тэр. — Ісландыю, Грэнландыю, Фарэрскія а-вы. Пасля часовага эканам. застою ў Д. ў 1830—40-я г. пачалася прамысл. рэвалюцыя (у т. л. ў 1847 пабудавана першая чыгунка). Адначасова пад націскам апазіц. ліберальнага руху прынята канстытуцыя 1849, паводле якой устаноўлены рэжым абмежаванай манархіі з 2-палатным парламентам (рыксдагам) і ўрадам, адказным перад каралём. У гэты ж час абвастрылася шлезвіг-гольштэйнская праблема, што выклікала дацка-прускую вайну 1848—50. Наступны крызіс узнік у 1863 у сувязі з прыняццем новай дацкай канстытуцыі, прывёў да дацкай вайны 1864 і адмовы Д. ад прэтэнзій на тэр. герцагстваў. Да ўлады ў краіне прыйшлі кансерватыўныя сілы, якія ў 1866 дамагліся перагляду канстытуцыі 1849: за каралём прызнана права абсалютнага вета і выдання законаў паміж сесіямі парламента, дэпутаты верхняй палаты парламента (ландстынга) сталі выбірацца буйнымі землеўладальнікамі або прызначацца каралём. У 1870 кансерватары ўтварылі кабінет з удзелам правых лібералаў, а іх праціўнікі (левыя лібералы) стварылі аб’яднаную левую партыю (Венстрэ) і разгарнулі паліт. барацьбу за дэмакр. рэформы. У 1901 з дапамогай Сацыял-дэмакратычнай партыі Даніі (СДПД, засн. ў 1876) Венстрэ атрымала большасць у ніжняй палаце парламента (фолькетынгу) і з санкцыі караля Крысціяна IX [1863—1906] сфарміравала першы адказны перад парламентам урад (у 1905—08 яго ўзначальваў Е.К.Крыстэнсен). Рэфарматары палепшылі становішча батракоў і беззямельных сялян, пашырылі аўтаномію Ісландыі (дадзена ў 1874). У 1905 з-за рознагалоссяў вакол ваен. бюджэту і буд-ва ўзбр. сіл з Венстрэ выйшлі пацыфісцкія колы, якія ўтварылі партыю Радыкальная Венстрэ. Нейтральная знешняя палітыка Д. пасля 1864 (у т. л. ў 1-ю сусв. вайну) садзейнічала яе эканам. росту (асабліва ў с.-г. вытв-сці) у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. У 1915 прынята папраўка да канстытуцыі краіны (набыла сілу пасля 1-й сусв. вайны), паводле якой выбарчае права дадзена датчанам абодвух полаў з 25-гадовага ўзросту. У 1917 Д. прадала падуладную ёй частку Віргінскіх а-воў ЗША. У 1918 дацкія ўлады далі яшчэ большую самастойнасць Ісландыі ў межах міждзярж. уніі (скасавана Ісландыяй у 1944). У 1920 краіна прынята ў Лігу нацый, па выніках плебісцыту, праведзенага згодна з умовамі Версальскага мірнага дагавора 1919, да Д. далучаны Паўн. Шлезвіг. З 1924 найб. ўплыў у парламенце працяглы час мелі сацыял-дэмакраты, дзейнічаў кааліцыйны ўрад на чале з У.Стаўнінгам (прэм’ер-міністр у 1924—26 і 1929—42), які рабіў захады па змяншэнні сац. напружанасці і аслабленні знешняй пагрозы (пакт аб ненападзе з нацысцкай Германіяй 1939). У 1933 Міжнар. суд у Гаазе вырашыў на карысць Д. яе спрэчку з Нарвегіяй з-за Грэнландыі. У 2-ю сусв. вайну краіна ў парушэнне дагавора 1939 акупіравана ням.-фаш. войскамі (9.4.1940). Акупац. ўлады захавалі ўрад Стаўнінга і дацкі парламент. У 1941 Д. вымушана стала чл. «Антыкамінтэрнаўскага пакта»; адначасова ў эміграцыі (Лондан) узнік Дацкі савет, які садзейнічаў актывізацыі Руху Супраціўлення ў краіне (з 1942). Пасля серыі антыфаш. забастовак і акцый сабатажу дацкіх працоўных акупац. ўлады 29.8.1943 ліквідавалі ўрад Э.Скавеніуса (прэм’ер-міністр з 1942), раззброілі дацкую армію. Дацкі ВМФ часткова самазатапіўся. 5.5.1945 акупац. войскі ў Д. капітулявалі перад брыт. ўзбр. сіламі і падпольнай дацкай арміяй, 9.5.1945 сав. марскія пехацінцы вызвалілі в-аў Борнхальм. Першы пасляваенны ўрад на чале з В.Булем (1945) ануляваў усе заканад. акты, навязаныя краіне ў перыяд акупацыі, выключыў з дзярж. апарату былых калабарацыяністаў. Знешняя палітыка пасляваен. урадаў, якія ўзначальваліся пераважна прадстаўнікамі СДПД (у 1947—50, 1953—68, 1971—73, 1975—82 і П.Н.Расмусенам з 1993), была накіравана на інтэграцыю краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі (НАТО, Савет Еўропы, Еўрап. эканам. супольніцтва і інш.). Дацкія ўлады далі самакіраванне Фарэрскім а-вам (1948) і Грэнландыі (1979, з 1953 састаўная ч. Дацкага каралеўства). Стабілізацыі эканомікі краіны пасля 2-й сусв. вайны садзейнічала эканам. дапамога паводле Маршала плана. Пры каралю Фрэдэрыку IX прынята сучасная канстытуцыя, паводле якой уведзены аднапалатны парламент (фолькетынг) і пераемнасць манархіі па жаночай лініі. З 1972 каралевай Д. з’яўляецца Маргрэтэ Л. У 1992 і 1993 праведзены рэферэндумы па пытанні ўступлення краіны ў Еўрап. саюз (на апошнім большасць выбаршчыкаў дала станоўчы адказ). Д. — чл. ААН (з 1945), НАТО (пры ўмове неразмяшчэння на яе тэр. ў мірны час замежных войск, ваен. баз і ядз. зброі), Савета Еўропы (у абодвух арг-цыях з 1949), Еўрап. саюза. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. СДПД (найбуйнейшая), Сацыяліст. нар. партыя, Радыкальная Венстрэ, Венстрэ, Дэмакраты цэнтра, Хрысц. нар. партыя, Кансерватыўная нар. партыя, Партыя прагрэсу, Шлезвігская партыя, Цэнтр. аб’яднанне прафсаюзаў і інш.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных сухап. войск, ВПС, ВМС (на пач. 1995 агульная колькасць 27 тыс. чал.), і рэгулярных ваенізаваных фарміраванняў войск абароны (хемверн). Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектуюцца паводле змешанага прынцыпу (да прызыву або найму не прыцягваюцца карэнныя жыхары Грэнландыі і Фарэрскіх а-воў). Сухап. войскі (16,3 тыс. чал.) уключаюць Ютландскую мотапяхотную дывізію, 2 мотапяхотныя брыгады на Зеландскіх а-вах, Борнхальмскую пяхотную брыгаду і інш. У складзе ВПС (6,1 тыс. чал.) 72 баявыя самалёты і часці ППА. ВМС (каля 4,5 тыс. чал. у пач. 1996) маюць 35 баявых караблёў (у т. л. 5 падводных лодак) і 30 баявых катэраў. Хемверн фарміруецца паводле тэр.-вытв. прынцыпу для дапамогі ўзбр. сілам. Каля 2 тыс. дацкіх вайскоўцаў — у войсках ААН (пераважна ў Босніі і Герцагавіне і на Кіпры).

Гаспадарка. Д. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Па вытв-сці валавога нац. прадукту на душу насельніцтва (26 730 дол., 1993) займае адно з вядучых месцаў у свеце. Доля прам-сці каля 18% (у т. л. апрацоўчай 17%), сельскай гаспадаркі (разам з лясной гаспадаркай і рыбалоўствам) каля 5, буд-ва 5,5, транспарту і сувязі 7, гандлю 12, інш. абслуговых галін каля 50%. У структуры прамысловасці пераважаюць галіны, цесна звязаныя са знешнім рынкам — з увозам сыравіны і паўфабрыкатаў і вывазам гатовых вырабаў. На знешнім рынку рэалізуецца больш як ​1/3 прамысл. і больш за ​1/2 с.-г. таварнай прадукцыі. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне, харч., хім. і тэкстыльная. У здабыўной прам-сці асн. значэнне маюць здабыча нафты (8,3 млн. т) і прыроднага газу (1,5 млрд. т, 1993). Здабываюць таксама буд. матэрыялы, каалін, дыятаміт, кухонную соль, торф і інш. Вытв-сць электраэнергіі 32,7 млрд. кВтгадз (1993), пераважна на ЦЭС. У машынабудаванні вылучаецца суднабудаванне (прыкладна 3% штогадовага сусв. танажу; у Одэнсе, Хельсінгёры, Накскаве, Капенгагене, Ольбаргу), вытв-сць суднавых дызеляў (Капенгаген). Развіта вытв-сць абсталявання (пад’ёмна-трансп., для цэм., харч., суднабуд., цэлюлозна-папяровай прам-сці), мед. і быт. электратэхнікі. Гал. цэнтры: Капенгаген, Орхус, Одэнсе, Ольбарг (асабліва абсталяванне для цэм. прам-сці), Ранерс (лакаматыва- і вагонабудаванне), Хорсенс. Харч. прам-сць вылучаецца высокім узроўнем механізацыі. Акрамя малочных з-даў і бойняў у краіне шмат мукамольных, хлебапякарных, піваварных, кансервавых, спіртагарэлачных, цукровых, кандытарскіх, тытунёвых і інш. прадпрыемстваў. Асн. цэнтры: Капенгаген, Орхус, Одэнсе, Эсб’ерг (рыба- і мясакансервавыя прадпрыемствы), Ольбарг (рыбаперапрацоўка), Хорсенс (перапрацоўка тытуню, мяса, малака). Хім. прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў, сінт. смол, фарбаў, кіслот. Цэнтры нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі — Калунбарг і Фрэдэрысія. Развіта фармацэўтычная прам-сць. З галін лёгкай прам-сці найб. развіта тэкстыльная (Капенгаген, Орхус, Одэнсе, Ольбарг, Ранерс, Колінг і інш.). Прадпрыемствы швейнай, абутковай, цэм. (штогод выпускаюць каля 2,5 млн. т цэменту), шкляной, фарфоравай, мэблевай прам-сці і інш. Каля палавіны прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Капенгагене і яго прыгарадах. Д. — адна з вядучых у свеце краін па эфектыўнасці сельскай гаспадаркі. Характэрна высокая ступень выкарыстання машын. Каля 200 тыс. чал., занятых у с.-г. вытв-сці (78,8 тыс. фермаў, сярэдні памер 35 га), выпускаюць прадукцыю, якой можна пракарміць 15 млн. чал. Сярэдні надой малака каля 7 тыс. кг (тлустасць больш за 4%), сярэдняя ўраджайнасць збожжавых 50,5 ц/га. Доля с.-г. угоддзяў складае 64% тэрыторыі. Вядучая галіна — жывёлагадоўля, якая дае каля 90% таварнай с.-г. прадукцыі. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 2,2, свіней 11,1, птушкі 18,9. Штогадовая вытв-сць мяса дасягае 2 млн. т, малака — 5 млн. т, масла — 0,1 млн. т, сыру — 0,3 млн. т, яец — каля 90 млрд. штук. Земляробства абслугоўвае патрэбы жывёлагадоўлі. Каля палавіны с.-г. зямель пад кармавымі культурамі. Вырошчваюць (млн. т, 1993): пшаніцу — 4,3, ячмень — 3,3, жыта — 0,4, бульбу — 1,7, цукр. буракі — 3,6, авёс, бабовыя, рапс. Развіта агародніцтва, садоўніцтва. Штогадовы ўлоў рыбы каля 2 млн. т. Асн. рыбалавецкі порт Эсб’ерг. На адходах рыбалоўства развіта футравая зверагадоўля — вырошчванне норкі. Д. —- краіна развітога міжнар. турызму. Штогод краіну наведвае больш за 10 млн. чал., гал. чынам з суседніх краін. Унутр. транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 71,1 тыс. км (1993), чыгунак 2,5 тыс. км, больш за 2 тыс. км электрыфікавана. Асноўныя астравы звязаны паміж сабой і з мацерыковай ч. краіны аўтамаб. і чыг. мастамі. Паромныя сувязі з Германіяй, Швецыяй, Нарвегіяй. Праз тэр. Д. праходзяць міжнар. аўтадарогі і чыгункі з Цэнтр. Еўропы ў Скандынавію. Грузападымальнасць марскога флоту 5 млн. т. На яго долю прыпадае каля ​1/3 унутр. і 80% знешніх перавозак. У перавозках дацкіх суднаў да 80% складаюць грузы замежных краін. Гал. порт Капенгаген. Развіты авіятранспарт заняты пераважна знешнімі перавозкамі пасажыраў. Д. мае дадатны штогадовы гандл. баланс. У агульным кошце экспарту (35,9 млн. дол., 1993) 69% прыпадае на прадукцыю прам-сці і 16% — на с.-г. прадукцыю, у імпарце 56% — на сыравіну і паўфабрыкаты і 18,5% — на машыны, абсталяванне і трансп. сродкі. Замежны гандаль вядзецца пераважна з Германіяй (​1/4 экспарту і імпарту), Швецыяй (10% экспарту і 11% імпарту), Вялікабрытаніяй (9% экспарту і 8% імпарту), Нідэрландамі, Нарвегіяй, Францыяй, ЗША і інш. Д. ў асобныя гады экспартуе ў Беларусь лекі, пшаніцу, цукар, імпартуе трактары, прадукты дрэваапрацоўкі, ільняныя тканіны. Грашовая адзінка — дацкая крона.

Ахова здароўя. Сістэмай мед. абслугоўвання ахоплена ўсё насельніцтва Д. Лячэнне ў шпіталі і хатні мед. догляд за хворым бясплатныя. Дзеці і моладзь перыядычна праходзяць абавязковае бясплатнае мед. абследаванне. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 73, у жанчын 79 гадоў. Смяротнасць 11 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 184 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 360 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць — 7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Д. заснавана на законе 1974, паводле якога ўведзена адзіная абавязковая 9-гадовая школа (з 6 гадоў). Дашкольнае выхаванне ў Д. праводзіцца ў дзіцячых яслях і садах (да 6 гадоў). З 1976 уведзена перадшкольнае навучанне для дзяцей 5—6 гадоў (праводзіцца ў спец. класах пры школах і садах). Агульную адукацыю дае адзіная абавязковая нар. школа, якая складаецца з падрыхтоўчага класа, 9-гадовай асн. школы і 10-га (дадатковага) класа для тых, хто хоча працягваць навучанне ў сярэдніх навуч. ўстановах (гімназіі і сярэднія тэхн. ўстановы). Права паступлення ў ВНУ даюць гімназіі; з 1968 такое права маюць і асобы, якія не закончылі гімназію, але здалі вышэйшы падрыхтоўчы экзамен. Прафес. падрыхтоўку даюць прафес.-тэхн. навуч. ўстановы і спец. цэнтры ў выглядзе вучнёўства. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты ў Капенгагене (з 1479), Орхусе (з 1928), Одэнсе (з 1964), Дацкая вышэйшая тэхн. школа (з 1829), Каралеўская вышэйшая вет. і с.-г. школа (з 1856), Вышэйшая камерцыйная школа (з 1917), Дацкая вышэйшая пед. школа (з 1856), Дацкая інж. акадэмія (з 1957). Найб. бібліятэкі: Нац. (Каралеўская, засн. паміж 1657 і 1664), б-ка ун-та (з 1482) і Муніцыпальная (з 1885) у Капенгагене, Дзярж. і б-ка ун-та ў Орхусе і інш. Найб. музеі: Нац. (з 1807), Дзярж. маст. музей, Каралеўскі музей прыгожых мастацтваў, Музей Торвальдсена — усе ў Капенгагене, Дом-музей Х.К.Андэрсена, Музей пад адкрытым небам даўніх вясковых забудоў у Одэнсе, Музей нац. гісторыі ў замку Фрэдэрыксбарг, Музей караблёў вікінгаў у Роскіле і інш. Навук. даследаванні праводзяцца ва ун-тах, галіновых ін-тах і акадэміях, цэнтрах і інш. н.-д. установах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Першая рэгулярная газета выйшла ў 1666. Буйнейшыя сучасныя выданні: «Berlingske Tidende» («Ведамасці Берлінга», з 1749), «Aktuelt» («Акгуальна», з 1872), «Fyns Tidende» («Фюнскія ведамасці», з 1872), «Politiken» («Палітыка», з 1884), «Ekstrabladet» («Экстранная газета», з 1904), «Land og Folk» («Краіна і народ», з 1941) і інш. Нац. інфарм. агенцтва Рытсаўс-бюро (РБ; з 1866; акц. т-ва). Радыёвяшчанне з 1925, тэлебачанне з 1951. Радыё- і тэлеперадачы кантралюе дзярж. служба Дацкага радыё.

Літаратура. Самыя стараж. помнікі дацкага пісьменства — рунічныя надпісы 9—12 ст. Першыя літ. помнікі — зборнікі законаў і хронік на лац. мове («Учынкі данаў» Саксона Граматыка, нап. ў 1208). У сярэдневякоўі апрача лац. хронік ствараліся нар. балады і песні (фольквізер). Першая друкаваная кніга на дацкай мовегіст. праца «Рыфмаваная хроніка» (1495). У 16 ст. развіццю л-ры садзейнічалі Рэфармацыя і кнігадрукаванне. Пераклад Бібліі К.Педэрсена (1550) стаў асновай для фарміравання дацкай літ. мовы. У гэты час у Д. пранікае л-ра італьян. і галандскага Адраджэння, франц. класіцызму. Найб. значныя творы — «Візітная кніга» П.Паладыуса і «Хроніка дацкага каралеўства» А.Гуітфельда. У 17 ст. ў дацкай л-ры адзначаецца заняпад. У творчасці А.К.Арэба знайшла адбітак паэзія барока, якая дасягае завершанасці ў царк. песнях Т.Кінга. Пачынае выходзіць першы часопіс «Дацкі Меркурый». У 18 ст. ў Д. набываюць папулярнасць ідэі Асветніцтва, выдатным прадстаўніком якога быў Л.Хольберг — пісьменнік, філосаф, гісторык, заснавальнік сучаснай дацкай л-ры, стваральнік нац. тэатра (1722), рэфарматар мовы. У сярэдзіне 18 ст. пашыраецца сентыменталізм (І.Эвальд, А.А.К.Стуб). У 19 ст. ў дацкай л-ры пануе рамантызм, найб. значны прадстаўнік якога паэт і драматург А.Г.Эленшлегер. Да рамант. кірунку адносіцца творчасць Н.Ф.Грунтвіга — філосафа, мараліста, «дацкага Лютэра». У 1830-я г. ў дацкую л-ру ўваходзіць Х.К.Андэрсен, казкі і гісторыі якога ўзнялі дацкую л-ру на сусв. ўзровень. У сярэдзіне 19 ст. развіваюцца паліт. лірыка і сатыра, асабліва ў творчасці Ф.Палудан-Мюлера (вершаваны раман «Adam Homo»). Пісьменнік і філосаф С.К’еркегор заснавальнік сучаснай л-ры экзістэнцыялізму, зрабіў значны ўплыў на скандынаўскую і еўрап. л-ры. Важная роля ў развіцці рэалізму ў дацкай л-ры належала крытыку і гісторыку Г.Брандэсу. Выдатны пісьменнік-рэаліст Е.П.Якабсен у рамане «Нільс Люне» паказаў трагічны лёс інтэлігента, які апынуўся адзінокім ва ўмовах тагачаснага жыцця. У 1880-я г. ў л-ры Д. пераважае сімвалізм: Г.Банг, І.Ёргенсен, нават у пісьменнікаў рэаліст. кірунку Х.Драхмана, Х.Гёлерупа. У 1890-я г. адбываецца паварот да рэалізму: Г.Пантопідан («Шчасліўчык Пер»), І.В.Енсен («Хімерландскія гісторыі»); сатыр. драмы пісаў Г.І.Від, псіхал. раманы і навелы — К.Мікаэліс. На пач. 20 ст. развіццё крытычнага рэалізму звязана з творчасцю М.Андэрсена-Нексё. У канцы 1920-х г. адзначаецца паварот да рэаліст. прозы (Андэрсен-Нексё, Х.Р.Кірк, Х.Шэрфіг, Э.Крыстэнсен, К.Бекер), гуманістычнай паэзіі (О.Гельстэд); у творчасці К.Мунка развіваецца філасофска-рэаліст. кірунак. У пасляваен. час у л-ры працуюць маладыя літаратары, аб’яднаныя вакол час. «Heretica» («Ерась», 1948—53), творчасць якіх характарызавалася ўцёкамі ад рэчаіснасці ў філас.-эстэт. разважанні (О.Сарвіг, О.Вівель, Т.Б’ёрнвіг, Ф.Егер). У 1950-я г. ў л-ру прыйшлі т.зв. новыя мадэрністы, якія абвясцілі абнаўленне ў галіне формы і грамадскі радыкалізм (В.Сёрэнсен, К.Рыфб’ерг, П.Себерг, Л.Пандура). Маст. і філас. пошукі гэтых розных па сваёй індывідуальнасці пісьменнікаў не супадалі з агульнымі працэсамі ў грамадстве і прывялі большасць з іх да чарговай эстэт. пераацэнкі, у рэчышча «новага» рэалізму (К.Кампман, Х.Стангеруп, Х.Ё.Нільсен, Е.Х.Сёрэнсен, У.Далеруп, С.О.Мадсен).

Архітэктура. Ад «эпохі вікінгаў» (канец 8 — сярэдзіна 11 ст.) захаваліся рэшткі крэпасцей Трэлебарг на в-ве Зеландыя, Агерсбарг каля Лім-фіёрда. З часу стварэння дацкага каралеўства (10 ст.) і прыняцця хрысціянства (каля 960) пачалося буд-ва драўляных, а з сярэдзіны 11 ст. — каменных (царква Божай Маці ў Роскіле) базілікальных цэркваў. У раманскі перыяд (12 — пач. 13 ст.) будавалі крыжова-купальныя саборы ў Рыбе і Вібаргу. Помнікі готыкі (13 — пач. 16 ст.): саборы ў Роскіле і Одэнсе. У 16 — 1-й пал. 17 ст. будавалі палацы, грамадскія і жылыя будынкі (біржа і палац Росенбарг у Капенгагене), у дэкоры якіх выявіўся ўплыў Адраджэння. Выдатны помнік архітэктуры 18 ст. — ансамбль Амаліенбарг (арх. Н.Эйтвед, Н.Жардэн). Перайманне стыляў інш. эпох і эклектызм характэрны для 2-й пал. 19 ст. У канцы 19 ст. ўзнік нац. рамантызм (арх. М.Нюрап, П.В.Енсен-Клінт і К.Клінт). Шляхі развіцця сучаснай архітэктуры Д. супадаюць са шляхамі яе развіцця ў Швецыі. Разам з тым захаваліся традыцыі дацкай цаглянай архітэктуры. З 1930-х г. пашыраны функцыяналізм (ун-т у Орхусе, 1932—46, арх. К.О.Фіскер і інш.; Дзярж. радыёцэнтр у Капенгагене, 1938—45, арх. В.Т.Лаўрытсен). Сярод найб. вядомых архітэктараў Д. — А.Якабсен (ратуша ў Рэдаўрэ, 1954—56, будынак авіякампаніі «САС» у Капенгагене, 1959—61, і інш.), аўтар праекта сусв. вядомага опернага т-ра ў Сіднеі (Аўстралія, 1966) Ё.Утсан.

Выяўленчае мастацтва. Помнікі маст. культуры вядомы з 8-га тыс. да н.э.: кромлехі і дальмены эпохі неаліту і бронзы; наскальныя выявы сцэн войнаў і палявання на в-ве Борнхальм эпохі бронзы; сярэбраны посуд і залатыя манеты жал. веку. У размалёўках раманскіх цэркваў («Хрыстос у славе», царква Себю на в-ве Зеландыя) — выявы ў візант. традыцыях у спалучэнні з мясц. арнаментам, які дамінуе і ў скульптуры (алтар з царквы ў Лісб’ергу). З 2-й пал. 15 ст. ў Д. імпартавалася шмат маст. твораў з Германіі, Нідэрландаў, Францыі, прыязджалі майстры, што працавалі тут да сярэдзіны 18 ст. Заснаванне ў Капенгагене АМ (1754) спрыяла развіццю класіцызму, які панаваў у Д. ў 2-й пал. 18 ст. — 1-й пал. 19 ст. У гэты час складваецца нац. маст. школа (скульпт. І.Відэвельт, Б.Торвальдсен, жывапісец Н.Абільгар). У партрэтным і пейзажным жывапісе (В.Эрыксен, Е.Юль) спалучаюцца рысы стыляў барока, ракако і класіцызму. Вызначальнае месца ў жывапісе 1-й пал. 19 ст. належала К.В.Экерсбергу і яго паслядоўнікам К.Кёбке, В.Бендсу, І.Т.Лунбю і інш., творы якіх блізкія да бідэрмееру. Жывапіс мастакоў наступнага пакалення (К.Хансен, В.Марстран) набыў рысы акадэмізму. З 1880-х г. пачаўся росквіт маст. фарфору (сервізы і статуэткі з падглазурнай размалёўкай мяккіх тонаў). Новаму ўздыму жывапісу садзейнічала творчасць мастакоў аб’яднання «Вольная выстаўка» (засн. ў 1891), якія пасяліліся ў в. Скаген (Паўн. Ютландыя) і займаліся вырашэннем праблемы пленэру (рэалісты П.С.Кроер, В.Іохансен, А.Ерндарф, пачынальнік дацкага імпрэсіянізму Т.Філіпсен). Творчасць Філіпсена істотна паўплывала на групу пейзажыстаў і анімалістаў, што паявіліся на в-ве Фюн, — П.Хансена, Ф.Сюберга, І.Ларсена, П.Крысціянсена. Тэму гісторыі Д. ўвасабляў К.Сартман. Мастакі Е.Ф.Вілумсен, В.Хамерсхёй, Э.А.Нільсен імкнуліся да сімвалізму і т.зв. нардычнага экспрэсіянізму. У 1910-я г. ў мастацтве заўважны ўплыў фавізму, кубізму і інш. новых плыней (Х.Гірсінг, Э.Вее). З 1930-х г. у мастацтве панаваў эклектызм (Э.Альфельт, Э.Біле, Э.Якабсен), якому процістаялі рэаліст. жывапіс О.Рудэ, Х.Енсена, графіка І.Крыстэнсена, паліт. і быт. карыкатуры Х.Бідструпа. У скульптуры 1-й пал. 20 ст. працавалі К.Нільсен, Ж.Гоген, І.К.Б’ерг і інш.

Музыка Д. была адносна развітой ужо ў першыя стагоддзі да н.э. Сярод стараж. муз. інструментаў духавыя рог і лур (4 ст. да н.э.). У сярэдневякоўі былі пашыраны героіка-эпічныя песні — драпы, сагі, якія выконвалі скальды. З 12 ст. развіваецца прафес. культавая, у 15—16 ст. і свецкая музыка (прыдворныя капэлы). У 16 ст. на музыку Д. значна паўплывала нідэрландская школа. Найб. значны кампазітар 17 — пач. 18 ст. Дз.Букстэхудэ. Узнікненне дацкай нац. оперы падрыхтавалі зінгшпілі і музыка да драм. спектакляў Ф.Кулаў, а таксама Ф.Кунцэна, І.А.П.Шульца, К.Э.Ф.Вайсе і інш. З 19 ст. вывучаецца нац. фальклор. Лепшыя прадстаўнікі дацкага муз. рамантызму Н.Гадэ, стваральнік першай нац. оперы І.П.Э.Хартман («Маленькая Кірстэн» паводле Х.К.Андэрсена, 1846), К.Хорнеман, П.А.Хейсе. Вял. ролю ў станаўленні нац. балета адыграла дзейнасць А.Бурнанвіля. Заснавальнік сучаснай кампазітарскай школы К.Нільсен. У розных муз. жанрах вылучыліся кампазітары П.Э.Ланге-Мюлер, К.Рысагер, Ф.Хёфдынг, С.Э.Тарп, А.Хамерык, Э.Хамерык, Ё.Ерсіль, В.Хольмбу, Н.В.Бентсан, П.Нёргар, П.Р.Ольсен і інш. Сярод выканаўцаў дырыжор Э.Туксен, спявак Л.Мельхіяр і інш. У Д. працуюць (1988): 5 кансерваторый, 5 хар. саюзаў, 2 саюзы кампазітараў і інш. Выдаюцца 15 муз. часопісаў.

Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва былі ў творчасці стараж. скандынаўскіх спевакоў — скальдаў. У сярэднія вякі пашыраны паказы «нараў», містэрый, літургічных драм, маралітэ. У 1722 у Капенгагене адкрыты т-р «Дацкая сцэна» (з 1770 наз. Каралеўскі т-р). Драматургія 18 ст. (асабліва Л.Хольберга) і творчасць выдатных акцёраў (К.А.Г’ельструп і інш.) залажылі асновы нац. камед. акцёрскай школы. У 1-й пал. 19 ст. творы А.Эленшлегера вызначылі развіццё школы акцёраў-рамантыкаў (І.К.Руге, Н.П.Нільсен і інш.). П’есы І.Л.Хейберга, Е.К.Хострупа, Г.Херца спрыялі росквіту сцэн. рэалізму. У канцы 19 ст. ставіліся востракрытычныя, гуманіст. драмы Г.Ібсена. У пач. 20 ст. т-р перажываў крызіс, у 1930-я г. — уздым, які прывёў да росквіту тэатр. мастацтва і драматургіі. Ставіліся антыфаш. спектаклі па п’есах К.Абеля, К.Э.Соі, К.Мунка. У час ням.-фаш. акупацыі ставіліся гіст. п’есы, дацкая класіка, пасля вызвалення — п’есы пра ваенныя гады, гераізм удзельнікаў Руху Супраціўлення. У 1950—70-я г. ставіліся пераважна п’есы сучасных зах.-еўрап. і амер. драматургаў. Да твораў нац. і сусв. класікі звяртаўся найчасцей Каралеўскі т-р, які і цяпер прадаўжае рэаліст. традыцыі. Працуюць Нар. т-р (засн. ў 1857), «Новы тэатр» (1908), «Гладсакс-тэатр» (1964), «Ню Скала» (1912) — усе ў Капенгагене, т-ры ў Ольбаргу, Одэнсе, Орхусе і інш. Дзейнічае Дзярж. драм. школа ў Капенгагене. З 1979 праходзяць міжнар. «Фестывалі блазнаў», дзе прадстаўлены тэатр. калектывы ўсіх жанраў.

Кіно. Пачынальнік дацкага кінематографа — фатограф Л.П.Эльфельт, які ў 1896—97 зняў першы дакумент., а ў 1903 — маст. фільмы. З 1906 дзейнічала кінастудыя «Нордыск фільмс компані» (засн. О.Ольсен), што набыла міжнар. вядомасць дзякуючы фільмам В.Ларсена, П.У.Гада, А.Блома, АВ.Сандберга з удзелам вядомай актрысы нямога кіно А.Нільсен. У пач. 20 ст. кіно Д. займала вядучае месца ў Еўропе (штогод стваралася каля 150 фільмаў). Далейшае яго развіццё прыпыніла эміграцыя вядучых кінарэжысёраў. У 1920-я г. здымаліся камедыі Л.Лаўрытсена з удзелам комікаў Х.Мадсена і К.Шэнстрэма (вядомыя як Пат і Паташон). У канцы 1920-х—30-я г. вытворчасць фільмаў рэзка знізілася. У гады ням.-фаш. акупацыі развівалася дакумент. кіно (К. і Ё.Рос, Т.Крыстэнсен, A. і Б.Хенінг-Енсен, О.Пальсба). У 1950-я г. кіно Д. аддавала ўвагу сац. праблемам. Але яго развіццё стрымлівала ўзнікненне тэлебачання. У 1972 у Д. створаны Дзярж. ін-т кіно. У 1960-я г. маніфестам кіно Д. стала творчасць П.К’ерульфа-Шміта. У 1970—80-я г. вылучыліся карціны, прысвечаныя моладзі (рэж. Н.Мальмрас, М.Арнфрэд, Б.Аўгуст). Папулярнасцю карыстаецца серыя камедый Э.Балінга пра шайку Ольсена (з удзелам коміка О.Спрогё), а таксама фільмы Х.Карлсена і Е.Б.Карлсена, Э.Клаўсена, А.Хенінг-Енсен, Г.Акселя, К.Рострупа з удзелам акцёраў Г.Бюрне, Х.Мірэн, К.Бале.

Літ.:

Лебедев Г.С. Эпоха викингов в Северной Европе: Ист.-археол. очерки. Л., 1985;

Славяне и скандинавы: Пер. с нем. М., 1986;

Коган М.А. Просвещенный абсолютизм в Дании. Реформы Струензе. Лекция. М., 1972;

Кудрина Ю.В. Дания в годы второй мировой войны. М., 1975;

Карлсен А.-В. Современная Дания. М., 1981;

Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980;

Искусство стран и народов мира. Т. 1. М., 1962;

Danmarks arkitektur. Bd 1—5. Lund;

København, 1979—80;

Мохов Н. Некоторые страницы истории датской музыки // Исследования исторического процесса классической и современной зарубежной музыки. М., 1980;

Schirring N. Musikkens historie i Danmark. Bd 1—3. København, 1977—78.

П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя), У.Л.Сакалоўскі (літаратура), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае мастацтва).

Герб і сцяг Даніі.
Да арт. Данія. Будынкі фахверкавай канструкцыі ў г. Орхус.
Да арт. Данія. Узбярэжжа зал. Орхус-Бугт на паўвостраве Ютландыя.
Да арт. Данія. Краявід паблізу г. Капенгаген.
Да арт. Данія. Карона караля Крысціяна IV.
Да арт. Данія. Б.Торвальдсен. Ганімед. 1804.
Да арт. Данія. Вадзяны млын на востраве Фюн. 1700—1800.
Да арт. Данія. І.Т.Лунбю. Царква ў Калунбаргу. 1837.
Да арт. Данія. Ратуша ў Орхусе. Арх. А.Якабсен і інш. 1938—42.
Да арт. Данія. Адна з залаў Музея Торвальдсена ў Капенгагене.
Да арт. Данія. К.Кёбке. Сястра мастака. 1831.
Да арт. Данія. Царква Грунтвіга ў Капенгагене. Арх. П.В.Енсен-Клінт, К. Клінт 1921—40.
Да арт. Данія. Інтэр’ер жылога пакоя сялянскага дома з вострава Зеландыя. 1800.

т. 6, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)