ачышчаны шарсцяны воск; жывёльны воск (гл. ў арт.Воскі). Вязкая белая ці светла-жоўтая мазепадобная маса, tпл 35—37 °C, шчыльн. 940—970 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе і этаноле; раствараецца ў бензоле, хлараформе, дыэтылавым эфіры. Мае значную колькасць (каля 10%) стэрынаў, у т. л. халестэрыну. Атрымліваюць ачысткай шарсцянога воску, які экстрагуюць арган. растваральнікамі з воўны. Выкарыстоўваюць як аснову мазей і касметычных крэмаў (добра ўсмоктваецца і змякчае скуру).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВО́, Ле Во (Leveau, Le Vau) Луі (каля 1612, Парыж — 11.10.1670), французскі архітэктар, адзін з вядучых майстроў франц. класіцызму. З 1654 «першы архітэктар караля». Пабудовам Л. ўласцівы строгая элегантнасць, складанасць планіроўкі, дэкар. багацце ўнутр. аддзелкі: атэль Ламбер (з 1640), Калеж чатырох нацый (з 1661) — абодва ў Парыжы. У супрацоўніцтве з Ш.Лебрэнам і А.Ленотрам садзейнічаў стварэнню новага тыпу палацава-паркавага ансамбля (палац у Версалі, 1661—68; замак-палац Во-ле-Віконт у Іль-дэ-Франс, 1656—61).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЛЬ (Lille),
горад на Пн Францыі. Адм. ц. дэпартамента Нор. Вядомы з 11 ст. 178 тыс.ж., з прыгарадамі каля 1 млн.ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Дзёль (бас. Шэльды). Міжнар. аэрапорт. Цэнтр Паўн.індустр. раёна Францыі. Прам-сць: тэкст., цяжкае машынабудаванне, хім., харчовая. Метрапалітэн. 3 ун-ты. Музеі: выяўл. мастацтваў, рэліг. мастацтва, фальклору і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Арх. помнікі 13—18 ст.: гатычныя капэлы і капліцы, цэрквы, ваенны шпіталь, жылыя дамы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМО́ННІК (Schizandra),
род кветкавых раслін сям. лімоннікавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. і Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны Л. кітайскі (S. chinensis).
Лістападныя ліяны даўж. да 15 м. Лісце простае, эліпсоіднае, пры расціранні мае пах лімона (адсюль назва). Кветкі звычайна аднаполыя, духмяныя. Плод — сакаўная шматлістоўка ў выглядзе гронкі з ягадападобных 1—2-насенных плодзікаў, ядомы. Мае ў сабе арган. к-ты, вітаміны, цукар, эфірны алей. Дэкар., лек. і пладовыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСАХВО́СТ, батлачык (Alopecurus),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах і ў гарах тропікаў. На Беларусі 5 відаў Л.: лугавы (A. pratensis), каленчаты (A. geniculatus), роўны (A. aequalis), мышахвоснікападобны (A. myosuroides), трысняговы (A. arundinaceus). Трапляюцца пераважна на лугах.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя травы выш. 20—120 см з прамастойнымі ці каленчата-прыўзнятымі сцёбламі. Лісце плоскае, вузкае, шурпатае. Суквецце — мяцёлка. Каласкі сціснутыя з бакоў, аднакветныя. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІ́СКІ»,
бел.нар. гульня. Ад 6 да 20 чал. выбіраюць вядучага «ліса», строяцца ў круг і кладуць каля сябе Л. (невял. прадмет, які павінен быць у кожнага гульца). «Ліс» падыходзіць да аднаго з гульцоў і просіць «ліску», а той адказвае, што аддасць, калі «ліс» абгоніць яго. Пасля гэтага «ліс» бяжыць у адзін, а гаспадар «ліскі» ў процілеглы бок круга. Хто раней зойме свабоднае месца, той гаспадар Л., а «лісам» становіцца той, хто адстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. на правым беразе Дняпра. Пабудаваны на месцы стараж. паселішча Лоева Гара мілаградскай культуры і гарадзішча 11—13 ст. Меў форму паўкруга дыяметрам каля 125 м, абведзенага земляным валам і ровам.
Замак неаднаразова разбуралі крымскія татары. Апісанне ўмацаванняў Л.з. не захавалася. На карце М.Струбіча за 1578 пазначана высокая абарончая вежа. Верагодна, тут былі традыцыйныя драўляныя вежы і сцены-гародні. Умацаванні Л.з. існавалі да далучэння Усх. Беларусі да Рас. імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКА́-УРУБЛЯВЕ́ЦКАЯ,
рэшткі паселішча 4-га тыс. да н.э.каля аднайменнай вёскі ў Камянец-Падольскім р-не Хмяльніцкай вобл. Украіны, на беразе р. Днестр. Адносіцца да ранняга этапу трыпольскай культуры. Складалася з 7 паўзямлянкавых жытлаў, большасць з якіх мела авальную форму дыям. 3—6 м. Адно жытло, памерам 2—3 × 43 м, належала, верагодна, вял. патрыярхальнай сям’і. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. Знойдзены каменныя і касцяныя прылады працы, керамічны посуд, упрыгожанні, тэракотавыя статуэткі жанчын і жывёлін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́КАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Лукава. У Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., каляв. Лукава. Створана на месцы б. Лукаўскага воз. ў 1980. Пл. 5,4 км², даўж. 3,15 км, найб.шыр. 2,7 км, найб.глыб. 11,5 м, аб’ём вады 23,2 млн.м³. Абгароджана дамбай (даўж. 9,5 км). Дно вадасховішча выслана сапрапелем.
Упадае некалькі меліярац. каналаў, выцякаюць р. Асіпоўка і канал Гусацкі. Ваганні ўзроўню на працягу года 3,1 м. Выкарыстоўваецца для ўвільгатнення с.-г. угоддзяў і рыбагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ПАЛАЎСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ, шталаг № 813. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў 1941 у Вял.Айч. вайну ў прыгарадзе г. Магілёва Лупалаве для масавай загубы сав. ваеннапалонных. Абгароджаны некалькімі радамі калючага дроту, па якім пускалі электрычны ток. Вязняў марылі голадам, катавалі, расстрэльвалі, з-за антысанітарных умоў панаваў тыф: за суткі гінула да 250 чал., памерлых закопвалі каля баракаў. Да 1943 тут загублена больш за 40 тыс.чал. На месцы лагера мемар. комплекс, запалены Вечны агонь.