памяшканне, абсталяванае для мыцця цела, а таксама паляпшэння функцыянальнага стану арганізма пры некат. захворваннях (рэўматызм, падагра, хваробы нырак, неўрозы і інш.). Аздараўленчае ўздзеянне Л. шырока выкарыстоўвалася многімі народамі са старажытнасці. Першыя звесткі пра Л. ў Стараж. Русі адносяцца да 10 ст. (Кіеў). На Беларусі з ранняга сярэдневякоўя Л. былі пашыраны ў гарадах, мястэчках і вёсках (часцей у заможных сялян). Да пач. 20 ст. на вёсцы пераважалі курныя Л. з печкай-каменкай без дымаходу, з маленькім аконцам. Трапляліся і Л. паўзямлянкі. Да Л. звычайна прыбудоўвалі прылазнік (прымыльнік). Уздоўж сцяны рабілі палок, на якім парыліся з венікам. Падлогу масцілі плашкамі, радзей дошкамі. Часам будавалі Л. з дымаходамі, з умураванымі ў печ катламі.
У наш час найчасцей карыстаюцца Л. з парыльняй: рускага тыпу (з вільготным паветрам) ці фінскага — сауны (з сухім, гарачым паветрам), у некат. Л. ёсць плавальныя басейны, памяшканні для фізіятэрапеўтычных працэдур, дэзінфекцыйныя камеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯТА́ЛЬНЫ АПАРА́Т,
агульная назва машын, тэхнічных канструкцый, прылад для палёту ў атмасферы або ў касм. прасторы.
Адрозніваюць 2 асн. групы Л.а.: лягчэйшыя за паветра і цяжэйшыя за яго. Дзеянне Л.а. 1-й групы (аэрастаты) заснавана на выкарыстанні аэрастатычнай падымальнай сілы, што ствараецца ў выніку напаўнення спец. абалонкі газам, што лягчэйшы за паветра. Л.а. 2-й групы падзяляюцца на аэрадынамічныя (верталёты, вінтакрылы, дэльтапланы, планёры, самалёты, экранапланы), балістычныя (ракеты-носьбіты, касмічныя апараты). Аэрадынамічныя трымаюцца ў паветры ад дзеяння падымальнай аэрадынамічнай сілы, што ўзнікае на крылах або вінтах Л.а. Балістычныя Л.а. рухаюцца па балістычных траекторыях ад дзеяння рэакцыі масы газу, што выходзіць з сапла рэактыўнага рухавіка. Касм. апараты, прызначаныя для пасадкі на паверхню планеты, могуць рухацца ад дзеяння аэрадынамічнай сілы або рэактыўнага рухавіка. Л.а. 2-й групы шырока выкарыстоўваюцца ў многіх галінах нар. гаспадаркі, у навуцы, вайск. справе, спорце. Гл. таксама Авіяцыя, Касманаўтыка, Паветраплаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РГАНЦУ АКСІ́ДЫ,
аксіды, якія ўтварае марганец. Вядомыя: монааксід MnO, сесквіаксід Mn2O3, аксід Mn(II, III) Mn3O4, дыаксід MnO2, аксід Mn (VII) ці марганцавы ангідрыд Mn2O7. Дыаксід — самае пашыранае ў прыродзе злучэнне марганцу. Для MnO2 вядомыя 5 крышт. медыфікацый; найб. устойлівая β-MnO2 — мінерал піралюзіт. Іншыя М.а. таксама трапляюцца ў выглядзе мінералаў: MnO — манганазіт, α-Mn2O3 — курнаіт, β-Mn2O3 — біксбііт, Mn3O4 — гаўсманіт.
М.а. — крышт. рэчывы (акрамя Mn2O7 — масляная зялёная вадкасць, tпл 5,9 °C, шчыльн. 2400 кг/м³), не раствараюцца ў вадзе. Пры награванні вышэйшых М.а. вылучаецца кісларод і ўтвараюцца ніжэйшыя (меншай валентнасці) М.а. (напр., аксід Mn(IV) MnO2 раскладаецца пры т-ры каля 600 °C з утварэннем аксіду Mn(III) Mn2O3). Найб.шырока выкарыстоўваюць MnO2: для атрымання марганцу і яго злучэнняў, сікатываў, як дэпалярызатар у сухіх элементах, кампанент рудога пігменту (умбры) для фарбаў, акісляльнік у гідраметалургіі цынку, медзі, урану, для асвятлення шкла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМАРФІ́ЗМ (ад грэч. metamorphoomai ператвараюся),
працэс змены структуры, мінер. і часткова хім. саставу асадкавых і магматычных горных парод пад уздзеяннем т-ры, ціску, хімічна актыўных флюідаў. Цесна звязаны з метасаматызмам. У выніку М. ўзнікаюць метамарфічныя горныя пароды і метамарфагенныя радовішчы. Пры М. адбываецца перакрышталізацыя зыходных мінералаў і ўтварэнне новых, больш устойлівых мінер. асацыяцый. Працэсы М. працякаюць з нязначнымі зменамі хім. саставу зыходных парод (ізахімічны М.) і з істотнымі (алахімічны М.). Падзяляецца на эндагенны (з удзелам унутрызямных т-р, ціску, флюідаў) і касмагенны (узнікае ў астраблемах пад уздзеяннем на пароды ўдарных хваль пры падзенні буйных метэарытаў). Адрозніваюць М.: рэгіянальны, кантактавы, дынаматэрмальны, гідратэрмальны, прагрэсіўны, рэгрэсіўны, дыслакацыйны і інш. Паводле складу мінер. асацыяцый, якія ўтвараліся ў залежнасці ад велічыні т-р і ціску, вылучаюць фацыі М.: зялёнасланцавая, амфібалітавая, гранулітавая і інш. На тэр. Беларусі працэсы М. шырока праяўлены ў дакембрыйскім крышт. фундаменце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВА́Я ПО́ШТА,
1) спецыяльная служба фельд’егерска-паштовай сувязі паміж вайск. часцямі, ваен.-навуч. і інш. ўстановамі, а таксама ваеннаслужачымі і насельніцтвам краіны. Абмен інфармацыяй паміж войскам, яго часткамі і тэр. краіны існаваў з часоў узнікнення дзяржаў і армій (гл., напр., Марафонскі бег), у т. л.шырока практыкаваўся паміж княствамі і іх дружынамі ў Полацкай зямлі і інш. Як асобная служба пачала складвацца ў 2-й пал. 18 ст., у т. л. ў Рэчы Паспалітай; рас. ўладамі на тэр. Беларусі створана ў пач. 19 ст. Некат. элементы П.п. ў СССР створаны ў 1920-я г.; у час Вял.Айч. вайны называлася (з 8.7.1941) ваенна-палявой поштай.
2) У 1945—91 у Сав. Арміі і ВМФ (пасля 1991 у шэрагу краін СНД) умоўнае лічбавае найменне часцей і ўстаноў, якія дыслацыраваліся па-за межамі краіны.
3) У ваенны час найменне ўсіх вайск. часцей у шэрагу дзяржаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПАРАЦЬ-КВЕ́ТКА,
міфалагічны вобраз народнага падання. Вядомы ўсх. славянам і інш. народам. Паводле падання, апоўначы на Купалле ў лясным гушчары раз на год зацвітае папараць. Высачыць і сарваць гэтую кветку, якую ахоўваюць розныя пачвары і страшыдлы, можа толькі адважны і сумленны чалавек. Сарваўшы кветку, ён стане празорлівым і зразумее гаворку дрэў і траў, звяроў і птушак, яму адкрыюцца заклятыя ў зямлі скарбы. У гэтым паданні пра цудадзейную П.-к. ўвасоблена мара чалавека аб шчасці, імкненне да пазнання таямніц свету. У бел. фальклоры паданне мела шмат варыянтаў, у т.-л. і сац. пераасэнсаванне. Міфалагічны матыў П.-к. шырока выкарыстаны ў л-ры і мастацтве. Да яго звярталіся М.Гогаль, Ю.Крашэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч, Я.Купала, У.Караткевіч (п’еса «Калыска чатырох чараўніц»), І.Козел (п’еса «Папараць-кветка»), А.Туранкоў (опера «Кветка шчасця» паводле муз. драмы М.Чарота «На Купалле»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСТАЛЕ́Т-КУЛЯМЁТ,
індывідуальная аўтаматычная зброя высокай скарастрэльнасці, прызначаная для паражэння жывой сілы ў блізкім баі. Спалучае партатыўнасць пісталета і бесперапыннасць кулямётнага агню. Калібр 7,62—11,43 мм. Сілкаванне ад магазінаў скрыначнага (25—35 патронаў) або барабаннага (71 патрон) тыпу; тэмп стральбы 450—1000 стрэлаў/мін.
Створаны італьянцам А.Рэвелі (1915), у Расіі — У.Р.Фёдаравым (1916), у СССР — Ф.В.Токаравым (1927). На ўзбраенні Чырв. Арміі П.-к. канструктараў В.А.Дзегцярова (ПКД-40), Г.С.Шпагіна (ПКШ-41), А.І.Судаева (ПКС-43) і інш.; у герм. арміі — МР-38-40, амер. — МЗ, брыт. «Стэн», фінл. «Суомі». Шырока выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну; звычайна наз.аўтаматамі.
На ўзбраенні сучасных армій шэрагу краін амер. «Інгрэм», італьян. «Берэта», аўстр. «Штэер», ізраільскі «Узі» і інш. У арміях краін СНД больш пашыраны аўтаматы сістэмы М.Ц.Калашнікава і інш., якія выкарыстоўваюцца замест П.-к.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАДНІКІ́электрычныя,
рэчывы (целы, матэрыялы) з высокай электраправоднасцю. У адрозненне ад паўправаднікоў і дыэлектрыкаў маюць значную колькасць свабодных зараджаных часціц (носьбітаў зарадаў), якія ў эл. полі набываюць упарадкаваны рух. Асн. П. — металы і іх сплавы, электраліты, плазма.
У металах носьбітамі эл. току з’яўляюцца электроны, у электралітах — іоны, у плазме — электроны і іоны. Пры нізкіх т-рах многія металы і некаторыя паўправаднікі набываюць звышправоднасць і становяцца звышправаднікамі. Метал. П. выкарыстоўваюцца ў эл.кабелях і правадах электрычных, абмотках эл. машын, трансфарматараў, прылад і апаратаў; электраліты — пераважна ў эл. акумулятарах. Адзін з найлепшых П. — серабро, выкарыстоўваецца для тонкіх правадоў вымяральных прылад, для электродаў, якія уплаўляюць у кераміку, шкло і інш.Найб. пашыраны П. — медзь, спалучае электраправоднасць з трываласцю, гнуткасцю, каразійнай устойлівасцю. Больш лёгкі і танны П. — алюміній, аднак з меншай электраправоднасцю і трываласцю. Медныя, алюмініевыя і сталеалюмініевыя правады шырока выкарыстоўваюцца ў лініях электраперадачы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФРА́КТАР (ад лац. refractus пераломлены),
тэлескоп з лінзавым аб’ектывам. Упершыню выкарыстаны Г.Галілеем для астр. назіранняў (1609). Бывае візуальны (складаецца з аб’ектыва і акуляра) і фатаграфічны (мае аб’ектыў і касету з фотапласцінкай). Спалучэнне ў аб’ектыве 2 і болей лінзаў са шкла з рознай аптычнай шчыльнасцю дае магчымасць выправіць сферычную і храматычную аберацыі аб’ектыва. Адносная адтуліна Р. звычайна 1:15 (гл.Святласіла). Раздзяляльная здольнасць Р. тым большая, чым большы дыяметр аб’ектыва, што дае магчымасць вывучаць менш яркія нябесныя целы. Самы вялікі ў свеце Р. (ЗША) мае дыяметр аб’ектыва 1,02 м, Р. Пулкаўскай абсерваторыі — 0,65 м. Невялікія Р. устанаўліваюцца на азімутальнай ці экватарыяльнай манціроўках, буйныя — толькі на экватарыяльнай. Р. шырока выкарыстоўваюцца ў невялікіх візуальных (напр., астраметрычных) інструментах.