пры́цемкі, ‑аў і ‑мак; адз. няма.

1. Тое, што і прыцемак. За акном, у лёгкіх прыцемках, ляжала заснежаная зямля. Ракітны. Свякруха.. доўга ў прыцемках каля ложка шукае чаравікі, запальвае лямпу і, нарэшце, тупае ў сенцы. Мележ.

2. Пара сутак, калі стаіць паўзмрок, паўцемра. Злучэнне пратрымалася да прыцемак... М. Ткачоў. Яшчэ былі прыцемкі — дзень толькі-толькі пачынаўся. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тапо́р, ‑пара, м.

Прылада для сячэння і склюдавання ў выглядзе насаджанай па драўляную ручку металічнай лопасці з вострым лязом з аднаго боку і з абухом з другога. Не чуваць стуку тапароў, людскога гоману на сядзібе. Пальчэўскі. Грымеў тапаром ён [цясляр], звінеў ён пілой Ды гэблікам шоргаў па дошках. Бялевіч. // Старадаўняя баявая зброя.

•••

Хоць тапор вешай гл. вешаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цветабо́й, ‑ю, м.

Разм. Час дружнага цвіцення раслін. Друг мой, павер, — хоць нас і дзеляць мілі, Душой і думкамі заўсёды я з табой, Жыву ўспамінамі, як некалі любілі Мы раннюю вясну і майскі цветабой. Васілёк. Вакол на лугавіне пад спакойным і добрым небам буйна цвілі травы: снежна-белыя, блакітныя, чырвоныя, пяшчотна-сінія... Была самая пара летняга цветабою. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зігаспо́ра

(ад гр. zygon = пара, двое + спора)

спора, якая ўтвараецца ў выніку зліцця дзвюх аднолькавых па знешняму выгляду палавых клетак у некаторых водарасцяў і грыбоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

парага́нгліі

(ад пара- + ганглій)

залозы ўнутранай сакрэцыі пазваночных жывёл і чалавека ў наднырачніках, у вобласці сэрца і аорты, якія выпрацоўваюць і выдзяляюць у кроў адрэналін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВО́СЕНЬ,

пара года і пераходны кліматычны сезон паміж летам і зімой. Астранамічная восень у Паўн. паўшар’і — прамежак часу ад 23 вер. (асенняе раўнадзенства) да 22 снеж. (зімовае сонцастаянне), у Паўд. паўшар’і — ад 21 сак. да 22 чэрвеня. Асеннія месяцы ў Паўн. паўшар’і верасень, кастрычнік, лістапад, у Паўд. — сак., крас., май (гл. Каляндар). Паводле феналагічных з’яў восень падзяляецца на залатую (пажаўценне лісця), глыбокую і перадзім’е. Ва ўмераных шыротах восень характарызуецца паступовым зніжэннем т-ры паветра да адмоўнай сярэднямесячнай, працяглымі дажджамі, адлётам птушак у вырай, лістападам, замярзаннем глебы, з’яўленнем снегавога покрыва, ледаставам на рэках і азёрах.

На Беларусі пачаткам восені лічыцца дата ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C, а канцом — праз 0 °C у бок паніжэння. Пачынаецца восень у канцы 2-й — пач. 3-й дэкады вер. на Пн і У, у канцы 3-й дэкады вер. — 1-й дэкадзе кастр. на Пд і ПдЗ. Часам бывае вяртанне цёплага надвор’я — «бабіна лета». Канец восені супадае з паяўленнем снегавога покрыва ў пач. 2-й дэкады ліст. на ПнУ, у канцы ліст. на ПдЗ. Восень — час уборкі ўраджаю, сяўбы азімага жыта, канец вегетацыі раслін, падрыхтоўкі жывёл да зімы.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАТА́КСІС (ад пара... + грэч. taxis размяшчэнне), злучэнне, каардынацыя,

від сінтагматычнай сувязі дзвюх моўных адзінак (частак складанага сказа, рэплік дыялогу і інш.), пры якой іх значэнні застаюцца ў адносінах лагічнай і грамат. раўнапраўнасці, а форма кожнай з іх не залежыць адна ад адной («блакітна-зялёны», «ціха-ціха», «дзед і ўнукі», «перашэптваліся і сарамліва паглядалі»), «То дождж ідзе, то сонца свеціць»), Процілеглае паняцце — гіпатаксіс. Процілегласць фармальна выяўляецца ў абарачальнасці сінтагматычнай канструкцыі пры П. (магчымасць перастаноўкі тыпу «зялёна-блакітны», «унукі і дзед», «сарамліва паглядалі і перашэптваліся», «То сонца свеціць, то дождж ідзе») і неабарачальнасці пры гіпатаксісе. У жывым маўленні строгай апазіцыі П. і гіпатаксісу няма з-за існавання вял. колькасці пераходных сінтагматычных пабудоў. П. і гіпатаксіс — з’явы рознафункцыянальныя: П. адлюстроўвае паслядоўнасць адзінак з пункту гледжання каардынацыі і сэнсу, гіпатаксіс выяўляе сэнсавую і фармальную залежнасць частак сінтагматычнай канструкцыі. У больш вузкім сэнсе П. і гіпатаксіс звязваюць з характарам узаемаадносін толькі паміж членамі простага сказа і часткамі складанага сказа (гл. Злучэнне ў граматыцы, Падпарадкаванне ў граматыцы).

Літ.:

Кручинина И.Н. Структура и функции сочинительной связи в русском языке. М., 1988;

Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Мн., 1966.

Л.​А.​Зінкевіч.

т. 12, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ВАННЕ ЦЕЛ,

стан раўнавагі цвёрдага цела, апушчанага часткова ці поўнасцю ў вадкасць (газ), а таксама рух гэтага цела па паверхні або ўнутры вадкасці (газу).

На апушчанае ў вадкасць цела дзейнічае сіла цяжару, прыкладзеная да цэнтра цяжару цела, і выштурхная (пад’ёмная) сіла (гл. Архімеда закон), прыкладзеная да цэнтра цяжару выштурхнутага аб’ёму вадкасці — цэнтра ціску. Для раўнавагі плаваючага цела (судна) неабходна, каб сіла цяжару і выштурхная сіла былі роўныя па модулі і каб цэнтр цяжару цела і цэнтр ціску знаходзіліся на адной вертыкалі (вось плавання). Крытэрыем устойлівай раўнавагі судна з’яўляецца становішча метацэнтра — пункта перасячэння лініі дзеяння выштурхной сілы з плоскасцю сіметрыі цела. Становішча метацэнтра мяняецца пры змене вугла нахілу плаваючага цела. Раўнавага судна будзе ўстойлівая, калі яго цэнтр цяжару ляжыць ніжэй за метацэнтр, таму што пара сіл, утвораная сілай цяжару і выштурхной сілай, будзе паварочваць нахіленае судна ў адваротным напрамку. Калі метацэнтр размешчаны ніжэй за цэнтр цяжару, то раўнавага будзе няўстойлівая і судна можа перакуліцца. Тэарэт. пытанні раўнавагі плаваючых цел вывучаюцца ў караблебудаўніцтве.

Л.​І.​Болсун.

Да арт. Плаванне цел: а — устойлівая раўнавага; б — няўстойлівая раўнавага; Ц1 — цэнтр цяжару; Ц2 — цэнтр ціску; М — метацэнтр; F→ц — сіла цяжару; F→A — выштурхная сіла.

т. 12, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́РНЕР, Цёрнер (Turner) Джозеф Мэлард Уільям (23.4.1775, Лондан — 19.12.1851), англійскі жывапісец, акварэліст, рысавальшчык і гравёр; найбуйнейшы майстар англ. рамантызму. Вучыўся ў АМ у Лондане (1789—93), з 1808 выкладаў у ёй. Працаваў пераважна ў Лондане, шмат падарожнічаў па Англіі і краінах Еўропы. Да 1800 пісаў пераважна акварэльныя пейзажы, у пач. 19 ст. — жывапісныя пейзажы ў традыцыях галандскіх майстроў 17 ст. («Мол у Кале», 1802—03), пазней часта звяртаўся да матываў К.Ларэна, трактуючы іх у фантастыка-рамантычным духу. Для работ сталага перыяду характэрны віртуознае ўвасабленне дынамікі і проціборства прыродных сіл, рэдкіх атмасферных эфектаў. Асаблівай свабодай і дынамічнасцю вылучаюцца яго марскія пейзажы, карціны на гіст. і міфалагічныя тэмы 1820—40-х г., выкананыя чыстымі, светлымі фарбамі, пабудаваныя на кантрастах паветраных мігатлівых тонаў, якія нібыта раствараюць абрысы прадметаў: «Уліс і Паліфем» (1828—29), «Апошні рэйс карабля «Адважны» (1838), «Пахаванне на моры» (1842), «Дождж, пара і хуткасць» (1844). Каларыстычныя пошукі Т. часткова вызначылі жывапіс франц. імпрэсіянізму, а містычныя тэндэнцыі і алегарычна-маляўнічыя фантасмагорыі, што найбольш праявіліся ў позні перыяд, паўплывалі на фарміраванне сімвалізму ў еўрап. мастацтве 2-й пал. 19 ст.

Літ.:

Некрасова Е.А. Тернер. М., 1976.

Т.​В.​Пешына.

У.Тэрнер. Пахаванне на моры. 1842.

т. 16, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРАДЭ́Й (Faraday) Майкл (22.9.1791, Лондан — 25.8.1867),

англійскі фізік і хімік, заснавальнік вучэння аб эл.-магн. полі, адзін з заснавальнікаў электрахіміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1824) Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1830). Адукацыю атрымаў самастойна. З 1813 асістэнт, з 1825 дырэктар лабараторыі і з 1827 праф. кафедры хіміі Каралеўскага ін-та. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме, магнітаоптыцы і хіміі. Атрымаў бензол (1825), звадкаваны хлор (1826) і інш. газы. Выявіў хім. дзеянне эл. току, узаемасувязь паміж электрычнасцю і магнетызмам. Адкрыў электрамагнітную індукцыю (1831), пара- і дыямагнетызм, вярчэнне плоскасці палярызацыі святла ў магн. полі (гл. Фарадэя эфект). Устанавіў законы электролізу (гл. Фарадэя законы, Фарадэя пастаянная). Даказаў тоеснасць розных відаў электрычнасці, увёў паняцці эл. і магн. палёў, выказаў ідэю існавання эл.-магн. поля. Эксперыментальна даказаў закон захавання эл. зараду (1843), выказаў ідэю аб адзінстве ўсіх сіл прыроды (розных відаў энергіі) і іх узаемных пераўтварэннях. Яго імем названа адзінка эл. ёмістасці — фарад.

Тв.:

Рус. пер. — Силы материи и их взаимоотношения. М., 1940;

Экспериментальные исследования по электричеству. Т. 1—3. М.; Л., 1947—59;

История свечи. М., 1980.

Літ.:

Кудрявцев П.С. Фарадей. М., 1969;

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М. 1970. С. 265—283.

А.​І.​Болсун.

М.Фарадэй.

т. 16, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)